• Полный экран
  • В избранное
  • Скачать
  • Комментировать
  • Настройка чтения
Жанр: Философия
Форма: Сборник
Кніга філасофіі, якая выяўляе светапогляд аўтара на пачатку трэцяга тысячагоддзя.

Човен на Млечным Шляху

  • Размер шрифта
  • Отступ между абзацем
  • Межстрочный отступ
  • Межбуквенный отступ
  • Отступы по бокам
  • Выбор шрифта:










  • Цвет фона
  • Цвет текста

Міхась Южык
Човен на Млечным Шляху
(кніга філасофіі)

Змест:

1. Адплыццё
2. Як рыба на беразе
3. Ад амёбы да Сакрата
4. Лінія на далоні
5. Розныя душы, адзіная плоць
6. Праз церні да пустаты
7. Кропка рашэнняў поля душы
8. Калыска дыктатуры, арэлі анархіі
9. Тапелец у моры афектаў
10. На хвалях Свабоды ў імклівую Лету
11. Псіхалогія эгаізму
12. Тэхналогія кровапускання
13. Структура эмацыйных патокаў
14. Хімеры, важнейшыя за жыццё
15. Мастацтва ў псіханеўрозах
16. У гавань


1. Адплыццё

Распачынаючы гэтую кнігу, перабываю ў одуме і сумненнях. Філасофстваваць у наш імклівы век вельмі цяжка. Тут толькі паспявай хапаць інфармацыю, якую належным чынам перапрацаваць рэдка калі ўдаецца. Акунуты ў віры жыцця, робішся звычайным вінцікам, часцінкай магутнага механізма. Няма калі азірацца, няма калі задумвацца пра сэнс і ўладкаванне гэтага “агрэгата”. Бо жыццё цябе нясе і нясе, не пытаючыся, уласна, тваіх жаданняў, не зважаючы нават на тое, хочаш ты жыць ці не. Нясе, круціць людзей механізм.
Не мною заўважана, што каб хоць трохі ўразумець сэнс усяго навакольнага, трэба на даволі працяглы час выйсці з кола, адасобіцца, як бы перастаць жыць. Маецца на ўвазе - перастаць жыць звычайным чалавечым жыццём, якое пры пільным разглядзе - адсоткаў на дзевяноста барацьба за існаванне і віраванне страсцей. Нарадзіцца і пражыць гадоў да дваццаці пяці - трыццаці, безумоўна, трэба так бы мовіць, бяздумна: змагаючыся за хлеб, за каханне, за шчасце, пакутуючы ад шматлікіх жарсцяў і імі ж цешачыся. А потым раптам сысці, або адысціся на нейкую адлегласць, каб назіраць здаля гэты дзівосны механізм - жыццё. Толькі назіраючы здалёк, амаль не ўдзельнічаючы ў барацьбе зямных іпастасяў, можна прыдбаць нейкі каштоўны досвед. Пры ўмове, паўтаруся, што ты сам колісь быў вінцікам таго механізма. Зразумела, што такая мадэль ідэальная. Найчасцей здараецца, што разважае пра жыццё той, хто сам так ці інакш удзельнічае ў стасунках чалавечай супольнасці. Або бывае такое, што чалавек па сваёй прыродзе настолькі чысты і не падвержаны страсцям, што і мог бы стварыць філасофскую сістэму, ды нічога пра гэтае свецкае жыццё не ведае, паколькі не меў вопыту жыцця па жорсткіх правілах людской грамады. Нездарма вялікія святыя, што аддалі свету неацэнную мудрасць, доўгі час ачышчаліся ад уласных страсцей. Разам з тым некаторыя філосафы, ад прыроды вельмі здольныя да мыслярства, тварылі, не зжыўшы свае жарсці хаця б часткова; таму філасофія іх найчасцей скажаецца славалюбствам, зайздрасцю, творчай рэўнасцю і г.д.
Такім чынам, я бяруся за заведама няўдзячны і збольшага бясплённы занятак - патлумачыць жыццё (найперш для сябе), ведаючы што гэта ў поўнай меры нельга ажыццявіць. І тым не менш асмельваюся гэта рабіць пераважна таму, што маю прынамсі два важных зыходных фактара: актыўнае жыццё ў свеце да сваіх 27 гадоў і трынаццаць гадоў жыцця, так бы мовіць, па-за жыццём - у самоце і адзіноцтве, вядома, адносных па ўзгаданых вышэй прычынах. Акрамя таго, маючы дваццацігадовы паэтычны і трынаццацігадовы празаічны літаратурны вопыт, заўважыў, што хілюся да філасофствавання, рэфлексавання. За доўгія гады як бы старонняга назірання за жыццём, міжволі склалася ўласнае, як здаецца, разуменне гэтага найскладанейшага механізму. Наспела патрэба дзяліцца сваім досведам з гіпатэтычнымі чытачамі.
Пускаючыся ў такую рызыкоўную справу - тлумачыць жыццё, - я выдатна ўсведамляю, што ўсё ўжо даўным-даўно патлумачана, што нават класічную нямецкую філасофію некаторыя ўважаюць за кампіляцыю і перапевы думак антычных філосафаў, то бок на гэтай ніве ўсё даўно ўзарана і пераарана. Аднак... Сучаснасць заўсёды ўносіць ва ўстоі жыцця свае карэктывы. Тое, што ў антычнасці здавалася відавочным, падвяргаюць сумненню цяпер, калі чалавецтва ўступіла ў тэхнакратычную стадыю развіцця, калі навука дасягнула неймаверных вышынь, а чалавек перастае быць марыянеткай у руках сілаў прыроды. Сучасны цывілізаваны чалавек ужо не толькі не здавальняецца сваім, напрыклад, кепскім здароўем і з дапамогай навукі яго выпраўляе, - ён усё больш актыўна ўмешваецца ў лабараторыю Госпада Бога, мяняе сваю знешнасць, замахваецца змяніць свой генетычны код. Ён хоча стаць паўнапраўным гаспадаром прыроды. Вось у гэтым святле і хочацца перагледзець і выпрабаваць тясячагадовыя набыткі філасофскай думкі. Упэўнены, прызнаюся, што гэтыя набыткі вытрымаюць такое выпрабаванне, бо філасофія, у адрозненне ад любой іншай навукі, заўсёды глядзіць у корань праблемы, у сутнасць рэчаў. Прынамсі тая філасофія, што пераадолела тоўшчу стагоддзяў.
Акрамя таго, як бы ні супрацьстаяў чалавек прыродзе і як бы ні перамагаў яе, ён не здатны пераадолець старасць і матэрыяльную смерць, а толькі ў стане іх аддаліць і аблегчыць. Паколькі ж смерць кожнага індывідуума непазбежная, то любыя дасягненні навукі і медыцыны, па вялікім рахунку, не мяняюць нічога. Праклятае пытанне - што ж стане са мною, такі харошым, за рысай жыцця? - паўстае нязменна востра на любой стадыі развіцця чалавецтва, ад самай прымітыўнай да самай развітой.
Гэтае краевугольнае пытанне непазбежна высоўвае шэраг падпытанняў кшталту “калі я памру, то які ж сэнс у маім жыцці”, “калі ўсё чалавецтва ў рэшце рэшт сыдзе з касмічнай арэны, то навошта нам старацца тут і цяпер быць добрымі і харошымі?..” Словам, ці не перастаць мне ўдасканальвацца, ці не лепш пусціцца ва ўсе цяжкія, пакуль жыву - законна можа спытаць чалавек. Паўстае амаль бясконцая чарада падпытанняў, якія выстаўляе чалавек і чалавецтва жыццю. Урэшце галоўны складнік любой рэлігіі і філасофіі - гэта пытанне “за што я пакутую?”. А ўжо шырокае паняцце пакуты ўключае ў сябе ўсё астатняе: верад хвароб, страху смерці, непадзеленага кахання, здрадаў, нерэалізаваных амбіцый, голаду, неразумення цябе акаляючымі і г.д. Чалавек, карацей кажучы, пакутаваць дужа не любіць. У гэтым яго бяда. Але, па вялікім рахунку, пакутаваць не жадае любая зямная істота, не толькі ён. Другая бяда чалавека ў тым, што пры ўсёй сваёй падвержанасці пакутам як матэрыяльнага арганізма, ён яшчэ пакутуе як душэўны і духоўны суб'ект. Аднак пакута - паняцце нейкае экстрэмальнае. У большасці выпадкаў псіхалагічнага аналізу яго лепш змякчаць, называючы дыскамфортам. А вось дыскамфорт, адчуванне лёгкай ці моцнай незадаволенасці сітуацыяй, чалавек адчувае практычна заўсёды.
Наш арганізм і псіхіка ўладкаваны такім хітрым чынам, што ўсе нашы рухі і думкі, а таксама вегетатыўная дзейнасць выкліканы і стымулююцца дыскамфортам. Калі паглыбіцца ў сутнасць праблемы, то ядзім мы не таму, што ежа такая смачная, а таму, што адчуваем дыскамфорт голаду. Кахаем не таму, што партнёр такі цудоўны, а выбіраем яго як сродак заглушыць дыскамфорт сексуальнай незадаволенасці. Не было б рэальных патрэбаў арганізма ліквідаваць дыскамфорт - не існавала б ніякіх яго нервовых, вегетатыўных, псіхасаматычных адпраўленняў. Дыскамфорт, які мы не шануем і стараемся пазбягаць - адваротны бок нашага арганізма, раўнапраўная з камфортам умова жыцця.
Жывём мы не таму, што так любім жыць, а проста, нарадзіўшыся, мімаволі пастаўлены перад задачай праіснаваць максімальна магчымы тэрмін з максімальным камфортам. Найчасцей мы жывём не з любові да жыцця, а са страху смерці, як бы пераадольваем жыццём дыскамфорт гэтага ўсюдыіснага страху.
Як ні пазбягае філасофія містыкі і невытлумачальнага, яна пастаянна з імі мяжуе і ў іх упіраецца, нібы спыняючыся перад імі з разведзенымі ў недаўменні рукамі. З іншага боку, упіраючыся ў містычнае, філасофія часта адштурхоўваецца ад яго дзеля сваіх шматлікіх высноў. Для чыстай філасофіі Бог - гэта тое, што знаходзіцца па-за навечна зачыненымі дзвярыма. За тыя “дзверы” філасофія пранікаць права не мае - гэта прэрагатыва рэлігіі, але ж даказваць ці ўказваць на наяўнасць ці адсутнасць Бога як філасофскай катэгорыя яна можа.
Калі глядзім на найскладанейшы сучасны аўтамабіль, мы, разважыўшы, разумеем, што яго стварыў не адзін чалавек, не завод, а, па вялікім рахунку, усё чалавецтва тысячагадовымі намаганнямі. Ясна, што ўся гэтая аграмадзіна - Чалавецтва, паколькі стварыла такую вялікую рэч (аўтамабіль), мусіць быць само ну як мінімум складанейшым за яе. У склад аўтамабіля, як частка, чалавецтва не ўваходзіць, і ён, аўтамабіль, як бы нічога канкрэтнага сваім аўтамабільным розумам пра чалавецтва не ведае. І тым не менш яно існуе, яно гэты аўтамабіль стварыла, фігуральна кажучы, з гліны. Па аналогіі: космас - гэта аўтамабіль, Бог - чалавецтва. Бога ў космасе няма, але ён ім створаны і ён, космас, яму, Богу, служыць для нейкіх мэтаў. Як аўтамабіль - чалавецтву.
У дадзеным прыкладзе перасекліся відавочнае і ўяўнае, выведзенае праз логіку. Тут наш розум, угрунтаваны ў зямныя, матэрыяльныя законы, пратэстуе супраць таго, што космас, на наша зямное разуменне, не мог тварыць самога сябе. Яго зладжваў творца, Тварэц, Бог. Адсюль вынікае, што прырода і Бог ні ў якім разе не тоесныя. Бога ў прыродзе няма, як няма чалавека ў якасці дэталі машыны.
Вядомы такі факт: Месяц абарачаецца вакол сваёй восі так, што, абарачаючыся вакол Зямлі, ён заўсёды паказвае адзін свой бок. Акрамя таго, ён мае такі дыяметр і такую адлегласць да Зямлі і да Сонца, што ў час поўнага сонечнага зацьмення роўна перакрывае сваім дыскам за сонечны, не больш і не менш, цюцелька ў цюцельку. Занадта неверагодныя па тэорыі верагоднасці супадзенні, каб разумны чалавек, разважыўшы, здолеў паверыць у выпадковасць. Таму многія схільныя ўгледжваць у гэтым падказку пра існаванне Вышэйшай Сілы.
Пра такія дзівосныя факты навука назапасіла вялізны досвед. І чым далей яна развіваецца, тым бліжэй падыходзіць да існавання Тварца, што кіруе космасам звонку ці, прынамсі, з'яўляецца разумным яго стваральнікам.
Аднак большасць навукоўцаў і філосафаў наяўнасць Вышэйшай вонкавай сілы, асабліва пад імем “Бог” прызнаць не гатовыя. Не дазваляе антаганізм навуковага і містычнага падыходаў, тады як насамрэч яны з'яўляюцца дапаўняльнікамі адно аднаго, раўнапраўнымі складнікамі агульнай мадэлі космасу. Навука заўсёды ўпіраецца ў містыку і заўсёды стараецца як бы абагнуць яе разнастайнымі казуістычнымі прыёмамі. Яна можа бясконца расшчапляць атам і электрон, але ні слова не скажа пра галоўнае - хто такі чалавек, што за сіла выштурхнула яго з мёртвай матэрыі насуперак усім навуковым законам, насуперак тэорыі верагоднасці. Тым больш па-за навукай ляжыць пытанне “навошта мы ёсць і ці знікаем мы як духоўны суб'ект без следу пасля смерці цела?” Зрэшты, на апошняе пытанне некаторыя псеўданавукоўцы даюць безапеляцыйны адказ: ад нас застанецца дзірка ад абаранка. То бок сягаюць за межы бачнага, адчувальнага, парушаючы сам прынцып навукі.
Усе свае канструкцыі філосафы мусяць выводзіць з зямнога і відавочнага, не пасягаючы як на сферу рэлігіі, так і на сферу навукі (корпанне ў атаме). Яна можа выказваць толькі свае адносіны з рэлігійным і навуковым, адносіны назіральнасці і здаровага сэнсу са спецыфічнымі (прыдбанымі іншымі сродкамі) фактамі і катэгорыямі.


2. Як рыба на беразе
 
Соцыум прымае і паглынае нованароджаную чалавечую істоту з першага ўздыху, практычна не адпускае ўсё жыццё, як правіла выпраўляе ў апошні шлях і захоўвае некаторы час пра яго памяць. Мудрагелістая сістэма нашага соцыуму прадугледжвае літаральна ўсё, інакш бы чалавек не быў чалавекам, а чалавецтва - самім сабой. Мы не існуём незалежна ад соцыуму, спробы наладзіць “рай у будане” ніколі нікому не ўдаваліся (успомнім Ганну Карэніну), і нават Рабінзон Круза, каб выжыць як чалавечая адзінка, карыстаўся не толькі рэчамі з патанулага карабля, а і ўсім вопытам цывілізацыі, якая развівалася немаведама колькі доўга.
 Соцыум для нас, адным словам, - асяроддзе, у якім мы не толькі мусім пастаянна круціцца, а і без якога не можам сябе ўявіць. Як не можам уявіць сваю асобу без фізічнага цела, дзень без ночы, зямную цвердзь без неба і сонца. Чалавечая супольнасць нас поіць, корміць, выхоўвае, абараняе, лечыць, стварае душэўнае і духоўнае асяроддзе, з якіх мы чэрпаем эмоцыі, дзе мы жывём як псіхічная іпастась. Пра сваю бяздарнасць, таленавітасць і геніяльнасць, пра сваю дабрадушнасць і бязлітаснасць, пра сваю прыстойнасць і амаральнасць мы даведваемся праз ацэнку нас соцыумам. Ніякае чалавечае дасягненне і ўчынак не маюць цаны самі па сабе, а толькі - як праяўленыя, адлюстраваныя ў няпростых законах, па якіх жыве грамада. Мы мераемся яе меркамі.
 Соцыум дастаўляе чалавеку фізічны і духоўны пажытак, з'яўляецца яго абаронцам ад наступаў дзікай прыроды, без яго чалавек нівеліруецца да жывёльнага асяроддзя - і тым не менш менавіта з ім, соцыумам, адбываюцца ў нас пастаянныя канфлікты і непаразуменні. А пры пільным разглядзе праблемы ён - наш самы суровы тыран.
 Сапраўды, калі адкінуць шчасце жыць і быць чалавекам, якое дае нам пражыванне ў цывілізаванай чалавечай супольнасці, калі ўспомніць, што мы не толькі самі не прасіліся на белы свет і тым больш не выяўлялі жадання нарадзіцца і быць чалавекам, - то стане відавочным наступнае. З самага дзяцінства нас, вобразна кажучы, запрагаюць па поўнай праграме ўсе акаляючыя. Нас тыраняць самыя блізкія людзі - бацькі - з першых імгненняў. Немаўля трапляе ў поўную ўладу дарослых, якія, карыстаючыся ягонай бездапаможнасцю, наладжваюць з яго цельцам усялякія маніпуляцыі. Спавіваюць, мыюць, варочаюць, гушкаюць, кормяць і пояць. Усё гэта, канешне, выдатна. Аднак хто пытаўся ў немаўляці - ці хацеў ён быць зачатым і нарадзіцца на свет, ці хацеў трываць непазбежныя пакуты людскія, імя якім легіён? Ён просіць есці і піць? Патрабуе ўвагі? Так. Але ж ён у гэтым не вінаваты нітрохі. Роўна як і ў тым, што па першым часе, гадуючыся (найчасцей гэта аж да 21 года), не можа сам сябе пракарміць... А да гадоў сямі - не здатны сябе абслужыць, нават жывучы на ўсім гатовым. Ён не можа сам сябе абучыць навукам, рамёствам, разнастайным правілам чалавечай супольнасці, якія несумненна аблегчаць яго знаходжанне на белым свеце ад пачатку да самай смерці.
 І вось, карыстаючыся тым, што маленькі чалавечак нічога не можа, ён безапеляцыйна трапляе пад уладу старэйшых, разумнейшых, дужэйшых. Яго валакуць на гаршчок, тады як яму зручней апраўляцца непасрэдна ў штаны. Яго кормяць не тым і не тады, як ён хоча. Загадваюць класціся спаць, калі яму хочацца бегаць, вязуць і нясуць на двор міма яго жаданняў. Сарамацяць, караюць (во дзе найперш выяўлены першародны грэх!). А таксама не заўсёды ўгадваюць элементарныя патрэбы яго арганізма. І малыш мусіць усё гэта цярпець. Ён крычыць, крычыць патрабавальна, часта і голасна. Гэта першы сігнал, што чалавеку зусім не так шчасліва жывецца на грэшнай зямлі, што зусім не для шчасця ён нараджаецца. Заспакойваецца малое толькі на кароткі час, калі накормлена, правільна ўкладзена, апранута, задаволена цацкамі, а найлепей - калі засне. Але абуджэнне непазбежнае, роўна як і ўвесь шэраг праблем, што з ім узнікаюць: голад, холад, няёмкасць позы, раздражняльны ўплыў святла, няўмелыя рукі даглядчыкаў, што прычыняюць яму дыскамфорт.
 У кантэксце законаў быцця нічога кепскага не здараецца: пастаяннае адчуванне дыскамфорту - яго ўласцівасць. Жыццё наўмысна стварае ўсякія “бякі”, каб чалавек стараўся іх пераадольваць, а значыць, жыць. Але чалавеку ад таго не лягчэй. І далёка не заўсёды пакутлівы голад апраўдваецца сытным абедам, а пакуты непадзеленага кахання - кароткім задавальненнем той жарсці. Сытны абед можа выклікаць боль у жываце, алергічны сып, а авалоданне палавым партнёрам - шэраг праблем, галоўная з якіх - псіхалагічная і фізічная залежнасць ад каханка, як ад наркотыка. Пазбаўленне ж наркотыка, якое ў каханні - рэч амаль немінучая, вядзе да непрадказальных наступстваў.
Але ж вернемся да малышоў, якім пакуль што не да кахання. Сваім целам і сваёй воляй яны, небаракі, практычна не распараджаюцца. Калі, як і колькі - усё вырашаюць бацькі, бабулі-дзядулі, выхавацелькі ў яслях. Тут мы назіраем пастаянны канфлікт чалавека з вонкавым асяроддзем. А ён яшчэ целам сваім як след валодаць не навучыўся, для яго само цела пакуль што хадзячы стрэс!
У страшэнным - яўным ці скрытым - канфлікце са сваім неразвітым целам, з поўнай хваробатворных мікробаў прыродай, з бацькамі і ўсялякімі выхавацелямі, а таксама з калектывам дзетак, куды малое непазбежна ўступае, - праходзіць яго дзяцінства. І самае дзіўнае, што да пэўнага часу чалавек не адчувае трагізму свайго становішча. Забягаючы наперад, скажам, што ёсць адзінкі шчасліўцаў (далёка не ідыётаў), што са светлай душой дажываюць да старасці і шчыра дзякуюць жыццю за ўсё, што з імі надарылася на доўгім шляху. Такім у жыцці было хораша. Яны не ўведалі яго вузлавога канфлікту. Гэтыя адзінкі насамрэч папросту не ўсвядомілі сябе як асобу, а значыць, прыжылі доўгі век упустую. Яны памерлі з душой немаўляці.
 Бацькі клапоцяцца і любяць свайго нашчадка. Аднак нярэдка іхняя любоў - тыранства і эгаізм, кампенсацыя псіхалагічных комплексаў праз малыша. А клопат можа быць настолькі дакучлівым, што, цвяроза азірнуўшыся на сваё дзяцінства, шмат хто наўрад ці захоча яго зноў перажыць.
 Самае бязлітаснае сцеражэ дзіцятка ў школе, у параўнанні з якой хатняя муштра і грубасць дзетсадаўскіх выхавацелек - кветачкі. Добра, калі дзіця ад прыроды дужае, кемлівае, у меру прыгожае і, галоўнае, камунікабельнае, то бок здольнае ўтвараць кааліцыі і тым самым пазбягаць асноўнай нагрузкі ў калектыве. Праўда, пры пільным разглядзе - гэтае пазбяганне ажыццяўляецца роўна ў той меры, у якой адбываецца “набяганне” гэтай нагрузкі на ўсялякіх ізгояў і адшчапенцаў: тупаватых, хілых і хворых, непрыгожых, няхітрых, някемлівых. Тут спрацоўвае асноўны закон прыроды: калі недзе вельмі добра, то побач - пакутліва. Тры хлопчыкі-мажоры класа выдатна сябе пачуваюць. Тры недалугі - у той жа ступені пакутуюць. Сераднякам жа - як пашанцуе, як ляжа карта ў канкрэтныя дзень, месяц і год. Чалавецтва даўно адкрыла, што суровасці жыцця можна пазбягаць не ў абсалюце, а адно за кошт іншых (суседзяў, аднакашнікаў, саслужыўцаў...). Таму, стыхійна згрупаваныя ў супольнасці, чалавечыя адзінкі пачынаюць барацьбу за станоўчыя эмоцыі. У школе гэта выяўляецца найболей яскрава і паказальна. Выдатнікам лепш, чым двоечнікам. Волатам лепей за недалугаў. Прыгажуням ямчэй за нягегліц. Аднак у выдатнікаў прысутнічае дакучлівая боязь страціць пазіцыі. Тое самае - у хлопчыкаў-важакоў. У прыгожых жа дзяўчатак, як правіла, шмат варожых “прыяцелек”.
Школа абучае нас не столькі навукам, колькі навыкам суіснавання ў чалавечай супольнасці. І навыкі гэтыя такія хітрамудрыя, што не кожнаму па плячы. Тут патрэбны адмысловы талент камунікабельнасці. Той, хто валодае гэтым талентам, нават не маючы адметных здольнасцяў ні да чаго астатняга, найчасцей будзе мець поспех у дарослым жыцці.
 Дарослае жыццё пачынаецца ў чалавека, зрэшты, яшчэ ў школе, у апошніх яе класах, калі завяршаецца перыяд палавога выспявання і асоба напоўніцу ўсведамляе - з усім трапятаннем і вастрынёй - тое, што чалавецтва выразна падзелена на дзве палавіны. Палавіны гэтыя рэзка не падобныя адна на адну, настолькі, што паміж імі існуе магутны “электрычны” патэнцыял. Каб запусціць палавы ток, дастаткова адной іскрынкі. Падлетак зведвае усе невыгоды і ўсе выгоды гэтага патэнцыялу паміж супрацьлеглымі “полюсамі” чалавецтва. З гэтага моманту ён мусіць будаваць свае дачыненні з акаляючымі з улікам магутнай сілы прыцягнення да процілеглага полу і пэўнага адштурхоўвання між аднаполымі. А таксама з улікам таго, якія вартасці і здольнасці ён мае як мужчына-самец ці жанчына-самка. Тэма палавой любові, кахання настолькі важная і складаная, што далей мы аддадзім ёй асобны раздзел. У астатніх жа раздзелах будзем кранацца яе па магчымасці сцісла.
 Такім чынам, чалавек уступае ў дарослае жыццё, дзе ўжо жартаў не будзе, дзе цана адзнакам, што выставіць яму соцыум, нашмат значнейшая, чым адзнакі ў яго школьным дзённіку. За “нездавальняюча” максімум, што можна займець, - гэта пакаштаваць бацькоўскай папругі. Цана ж памылак дарослых, бывае, - само жыццё.
 Вопыт паказвае, што лідэры, праяўленыя ў школьных класах, збольшага такімі застаюцца ў дарослай супольнасці. І тут без розніцы, у чым канкрэтна яны будуць сябе праяўляць - галоўнае, што ўсюды яны стануць імкнуцца да лідэрства, кіравання і валадарства. Зразумела, асноўнай іх мэтай будуць грошы, валоданне якімі забяспечвае валоданне многім. Грошы ёсць скрытай уладай. А лідэрам, па вялікім рахунку, патрэбная толькі яна. Улада - гэта магчымасць стаяць на іерархічнай лесвіцы вышэй за акаляючых, мінімальна падпарадкоўвацца і максімальна падпарадкоўваць. (Хоць насамрэч максімальная ўлада - гэта максімальная ж несвабода. Пра гэта таксама будзе асобны раздзел.)
 Нягеглыя і хілыя, безыніцыятыўныя школьнікі, як правіла, не дабіваюцца поспеху ў дарослым жыцці. Пасталеўшы, яны зазвычай захоўваюць сваю неактыўнасць і млявасць, якія з'яўляюцца прыроджанымі якасцямі і пазбыцца якіх амаль немагчыма. Агаворымся, што выключэнні з агульнага правіла, што рэальна здараюцца, найчасцей датычаць людзей, заточаных прыродай пад мастацкую творчасць. Сусветная гісторыя ведае колькі заўгодна выпадкаў, калі нягеглы, нібы мяшком удараны юнак вырастаў у выбітнага творцу. Але такое выключэнне усё ж такі не супярэчыць тэорыі нязменнасці чалавечага псіхатыпу, бо мастацтва, калі і мае на мэце атрыманне ўлады, то гэтая ўлада носіць духоўны характар. Калі ж яна супадае з матэрыяльнай (грашыма), то тут, як правіла, прысутнічае элемент шанцу: усё залежыць ад таго, ці злавіў творца свой фарт.
 Адначасова варта прызнаць, што далёка не ўсе школьныя лідэры дасягаюць высокіх пазіцый у сталым жыцці. Гэта адбываецца ад таго, што часта школьнае лідэрства замешана выключна на фізічнай перавазе над аднакласнікамі, на агрэсіўнасці, дужасці, скараспелай сексуальнасці. Дарослае жыццё, хоць і дастаткова цэніць пералічаныя якасці, але ж патрабуе яшчэ якой-кольвек адоранасці, таленавітасці хоць у чым-небудзь стваральным. А школьны лідэр нярэдка аказваецца бяздарным ва ўсім, акрамя прагі кіраваць і вяршэнстваваць. Гэтага, бывае, для поспеху аказваецца замала, і чалавек, заўважны, яскравы сярод аднакласнікаў, становіцца нулём у цывілізаваным дарослым свеце. Перажыць такое падобным суб'ектам няпроста. Таму яны, здараецца, слізгаюць на нахіленай плоскасці: у крымінальны свет, у алкагалізм, наркаманію, валацужніцтва і жабрацтва.
Паднімацца па сацыяльнай лесвіцы выдатна дапамагае хлусня. Ёй літаральна прасякнуты стасункі паміж людзьмі. Хлусіць мы абучаемся ледзьве не з узросту немаўляці і праносім гэтае умельства, удасканальваючы, да самай труны. Нам куды важней тое, што думаюць пра нас людзі, чым тое, кім мы ёсць насамрэч. За праўду, як правіла, б'юць, і вельмі балюча. Просталінейныя асобы не здатныя не толькі дамагчыся вышэйшых прыступак грамадства, а нярэдка і элементарна выжыць не могуць.
  Паспяховасць - вось дэвіз цывілізаванага чалавецтва, бо паспяховыя будуць карыстацца ўсімі выгодамі цывілізацыі. Непаспяховыя - рыцца ў памыйніцы. Таму імкнуцца да поспеху азначае - змагацца за лепшую долю, за месца пад сонцам, за кошт долі сабратаў - гэта як лёду. Ідзе жорсткая канкурэнцыя, пачынаючы з дзіцячага садка, калі дужы нахабны хлапчук адбірае ў цябе цацку, а ты толькі румзаеш і ўціраешся смаркачамі. Злоўлены выхавацелькай, твой крыўдзіцель са шчырымі вачыма будзе клясціся, што ты сам яму даў тую цацку. Ён здольны да выжывання ў соцыуме. Ты - не. Некаторым давядзецца дзесяткі разоў плакаць ад крыўды цягам жыцця, дзівячыся, што лепшы сябар цябе падмануў, перш чым уразумець прапісную ісціну: у варунках соцыуму хлусня - вельмі важная, карысная і зусім не заганная рэч.
Поспеху ў дарослым жыцці дасягаюць, як правіла, тыя, хто ўсмактаў з малаком маці: усе сферы чалавечай дзейнасці - адно формы барацьбы за існаванне, а ў гэтай барацьбе ўсе сродкі прыдатныя; не трэба прыкіпаць душой ні да адной справы, а толькі рабіць выгляд, што працуеш самааддана. Высокі кіраўнік, начальнік найчасцей - дрэнны спецыяліст у сваёй галіне, затое - выдатны арганізатар “разумных галоў”, якія шэрымі конікамі цягнуць вытворчую лямку. Яны вераць у сваю справу і любяць яе. Ён - любіць уладу і грошы, а таксама ўсе выгоды, якія яны прыносяць. І не думайце, што кіраваць вельмі лёгка. На кіраўніцкія пасады прабіваюцца самыя спрытныя. Адсюль - чыноўніцкі клас. Ну і ўсялякія злодзеі ў законе і турэмныя паханы. Бо любая чалавечая суполка, будзь яна нават у турме, вымагае жорсткага кіраўніцтва. І паспяховы кіраўнік - не той, хто дбае за справу, а той, хто разглядае справу (вытворчую сферу) як спосаб утрымання свайго асабістага крэсла, сваёй пазіцыі.
 Для кіраўніка, палітыка, чыноўніка - для ўсіх гэтых высокапастаўленых “разводзячых” хлусня з'яўляецца самым дарагім сябрам. Бо без яе не паразумееш паміж сабой гэтыя патрабавальныя дзесяткі, сотні, тысячы ці мільёны, што пад тваім кіраўніцтвам.
 Для тых жа, хто не абучыўся навуцы хлусіць, ліслівіць, крывадушнічаць, ісці на кампрамісы, проста хітраваць - у грамадстве будзе кепска зусім. Яны ніколі не стануць загадчыкамі кафедраў, трэнерамі зборных, кіраўнікамі канцэрнаў, нават дробнымі бізнесменамі; яны не атрымаюць дзяржаўных прэмій... Ды што там! Іх будзе падманваць любімая жанчына з найбліжэйшым сябрам, а ўласныя дзеці - не паважаць, не любіць. Бо ўсялякіх раганосцаў, недарэкаў і, асабліва, беднякоў - не любяць, не паважаюць. Грамадская думка заўсёды аддасць таемную (сапраўдную, а не фасадную) перавагу палюбоўніку перад падманутым мужам, куртызанцы перад шматдзетнай маці.
 Хлусня цесна супрацоўнічае ў грамадстве з магутнай рухальнай сілаю - сексуальнасцю. У тандэме гэта непераможныя рэчы. Вядучыя актрысы - усе спрэс або палюбоўніцы галоўных рэжысёраў, або ў маладосці прабіваліся да галоўных роляў пасцельным спосабам. Такі спосаб даўно ўспрымаецца грамадскай думкаю як належнае, актрыс і рэжысёраў не асуджаюць. Грамадства надзвычай цярпімае да слабасцяў чалавечых. Інакш заўтра камень паляціць у самога асуджальніка...
 Ну і як адваротны бок медаля: людзі, што ўпарта не падпарадкоўваюцца навуцы грамадскага выжывання, непазбежна апынаюцца на ягоных узбочынах. Беднасць, адсутнасць сяброў, хваробы, адзінокая старасць, смерць без памінак - іхняя доля. У “ідэале”, як самы экстрэмальны выпадак, іх жыццё абрываецца трагічна: самагубства, ранняя смерць, пабіванне камянямі, раскрыжаванне суайчыннікамі. Сімвалічна, што іудзеі памілавалі разбойніка Вараву, а не Хрыста. Бо Праўда для людзей страшнейшая за разбой.
Наш цывілізаваны свет настолькі набрынялы тэрмінамі “канкурэнцыя” і “паспяховасць”, што мімаволі яны становяцца як бы адарванымі ад сутнасці рэчаў. Часта, аддыхваючыся ад пагоні за разнастайнымі дабротамі, няшкодна задаць пытанне, а ў чым, уласна кажучы, палягае сэнс гэтай усеахопнай канкурэнтнай барацьбы? Пры ўважлівым разглядзе сэнс яе сягае ў далёкую першабытнасць, там яе карані. Папросту кажучы: канкурэнцыя і паспяховасць унутры разнастайных суполак патрэбныя чалавецтву, з аднаго боку, як рухальная сіла, як ідэалагічны цывілізатар, а з другога, асобнаму індывідууму - як пастаянны, нязбыўны напамін і страх галодных пакутаў, то бок сублімацыя інстынкту самазахавання. Гэта цяпер, пры ўсялякіх інстытутах сацыяльнай абароны, тэарэтычна нікому не даюць памерці ад голаду. Інвалідам, старым, псіхічна хворым - пенсіі. Беспрацоўным - грашовая дапамога і стварэнне нейкай перспектывы адшукаць працу.
 Аднак яшчэ зусім нядаўна гэтага не было нават у цывілізаванай Еўропе. Старыя, хворыя апекаваліся сынамі і ўнукамі, і іхні лёс дзяржаву, па вялікім рахунку, не хваляваў. Зразумела, што быў прамы сэнс нараджаць шмат дзяцей, адпаведна іх выхоўваць, каб не пайсці з торбай пад старасць. Словам, канкурэнцыя і паспяховасць за ўсю гісторыю чалавецтва не былі папросту гульнёй і задавальненнем славалюбных амбіцый, як мае месца цяпер, а рэальнымі абаронцамі, ці прынамсі засцерагальнікамі, ад паганай галоднай смерці. Цывілізаваная сучаснасць перавяла канкурэнтную барацьбу ў разрад змагання за якасць жыцця. Багатыя лепш ядуць (хаця ў тры глоткі есці - задушышся), багатыя могуць лёгка перасоўвацца па планеце (павышаная ступень свабоды), багатых паважаюць акаляючыя і кахаюць маладыя, прыгожыя, нагастыя і грудастыя жанчыны...
 Чым па сутнасці з'яўляецца імкненне разбагацець? Гэта, трацячы прыкладна столькі ж калорый на працу як і пры беднасці, атрымаць на парадак, на некалькі парадкаў больш грошай, а значыць, папросту - падмануць сабратаў, суайчыннікаў, сужыхароў планеты Зямля. Ці, калі хочаце, уступіць у сістэму размеркавання сукупнага прадукту са сваім чарпаком і загрэбці больш і гусцей. Сукупнага прадукту на планеце болей не стала (вобразна: вырасла прыкладна столькі ж жыта, як і раней), проста ты схітрыўся адкусіць саладзейшы за сабрата кусок. І таму сабрат працягвае есці кіслую капусту з салам і чорным хлебам, кахаць састарэлую жонку і ваяваць з бэйбусамі-нашчадкамі, а ты адпраўляешся на экзатычны курорт з новай белацелаю жонкай, папярэдне кінуўшы старую счаўрэлую і забяспечыўшы грашова яе і дзяцей. Вось сутнасць і стымул абагачэння.
 Яшчэ раз адзначым, што з пункту гледжання матэрыяльнага развіцця чалавецтва мараль ніякім бокам не сцелецца, таму мы не ўпаўнаважаны даваць маральных ацэнак ніякім сацыяльным варункам. А проста абагульняем, вылучаючы асноўныя законы матэрыяльна-псіхалагічнага суіснавання ў супольнасцях.
 Сучасны еўрапейскі і паўночнаамерыканскі чалавек настолькі павязаны, спутаны па руках і нагах сістэмай сацыяльных адносінаў, разнастайных абавязкаў і псіхалагічных залежнасцяў, што практычна губляе сваю асобу, становіцца аўтаматам. Прасачыце звычайны дзень трыццацігадовага сямейнага чалавека, што робіць кар'еру. Дзень загружае яго з пад'ёму і да адбою: паспешлівы сняданак, адводка-адвозка дзяцей у школу ці сад, прабіванне скрозь аўтамабільныя патокі да працы, трыванне самадурства начальніка, нервовыя званкі пасля абеду дамоў (як там дзеці?), імклівыя язваўтваральныя перакусы, імчанне на аўто дадому, каб забраць дзяцей і везці ў шматстайныя секцыі; познім вечарам праверка ўрокаў, апошняя цыгарэта... нават у ложку чалавек не бывае адзін, а абавязаны перад сном жонцы ці мужу адпраўленнем інтымнай патрэбы. Дый сам сон часта - кашмарны. Абуджэнне гарантуе новае раскручванне ў шалёным коле жыцця.
 Такога стрэсу многія не вытрымліваюць. І ніхто не дзівіцца цяпер, што бацька, які страціў прэстыжную працу, кідаецца з балкона долу - бо ведае, цяперашнім жонкам не патрэбныя няўдачнікі, а дзецям - такія бацькі. І не здзіўляешся, калі нібыта паспяховы кіраўнік драмтэатра ці выдавецкага канцэрна аказваецца на паверку запойным п'яніцам - бо толькі так, беспрабудна запіўшы на тыдзень, ён можа расслабіцца і пабыць самім сабой, стаць адносна вольным ад цянётаў грамадска-сямейных варункаў, паразважаць над жыццём-быццём.
 Ох, нездарма чалавецтва прыдумала алкаголь. Жывёлам ён зусім не патрэбны, іхні мозг не перагарае ад стрэсу. І шматлікім змагарам з алкагольнай залежнасцю карысна падумаць, што б сталася з чалавецтвам, не май магчымасць асобныя “перагарэлыя” індывіды тапіць свае нездавальненні ў віне. Войнаў, злачынстваў і ўсялякіх жудлівасцяў, відаць, не паменшала б.


3. Ад амёбы да Сакрата
 
Чалавек выйшаў з дзікай прыроды і працягвае жыць у ёй, нават захінаючыся выгодамі цывілізацыі. Яго арганізм будуецца з рэчываў планеты, сілкуецца імі, а па смерці распадаецца на хімічныя элементы. Планета як бы выпускае чалавека з сябе, дае пабегаць па сваёй неласкавай паверхні, а пасля непазбежна прымае назад, нягледзячы на яго страх і пратэсты.
Што ж такое жывёльна-раслінны свет? А гэта найперш даволі няўстойлівы стан матэрыі, у якім яна, насуперак законам раўнавагі, чамусьці знаходзіцца, калі верыць вучоным, многія мільёны гадоў. Жывая матэрыя ў космасе - гэта нонсенс, цуд, бо ўзнікненне жыцця на Зямлі не могуць патлумачыць фізіка-матэматычныя мадэлі. Навука навук - матэматыка - ясна даводзіць сваёй тэорыяй верагоднасці, што жыццё выпадкова запачаткавацца ніяк не магло. Узросту планеты, вылічанай вучонымі ж, яўна не хапае не толькі для з'яўлення самога чалавека, а нават для стварэння найпрасцейшых арганічных малекулярных структур.
 Людзі, якія даследуюць малекулы, арганічныя рэчывы і клеткі, пэўна ведаюць, што ўзнікненне жыцця хаатычным тыканнем малекул адна ў адну - казкі для малалетніх. Цяпер даволі падрабязна прасочана развіццё зародкаў, эмбрыёнаў млекакормячых, вывучаны працэс апладнення, з чаго ўстаноўлена, што клеткі рухаюцца і развіваюцца па загадзя закладзенай строгай праграме (кім?). Коратка кажучы, навукоўцы здатныя апісаць гэты рух, але знайсці прычыну яго (самога Тварца, яшчэ б!) не могуць. Прычына ляжыць як бы па-за матэрыяльным быццём. Нават само па сабе адкрыццё генетычнага коду жывых арганізмаў даказвае толькі наяўнасць гэтых правілаў, скрытых прычын, але не тлумачыць нават таго, чаму тая ці іншая клетка развіваецца, рухаецца так ці інакш.
 Нам могуць адно глыбакадумна канстатаваць, што клетка развіваецца менавіта так, таму што ў яе адпаведны генетычны код. Але чаму, адкуль узяўся гэты код, хто яго такім хітрамудрым прыдумаў (не хаатычныя ж сутыкненні  малекул), і чаму па гэтым кодзе клеткі рухаюцца так ці інакш (што за сіла імі кіруе, чаму кіруе?) - пра тое навука або хітра маўчыць, або ладзіць усялякія абходныя мадэлі, у якіх, як вуж на патэльні, спрабуе вывернуцца ад прамых і сумленных адказаў. Звычайнаму чалавеку навуковыя выкладкі падаюцца тарабаршчынай і шаманствам, яны ніколі не пераканаюць здаровы сэнс. Бо калі нешта рухаецца па пэўнай траекторыі, то пажадана бачыць “рэйкі”, што яго накіроўваюць, і ведаць сілу, якая гэтае нешта па рэйках штурхае. У выпадку жывой матэрыі нічога падобнага навукоўцамі не адкрыта.
 Таму прамы і сумленны адказ можа быць адзін - прычына жыцця ляжыць па-за жыццём, за гэтую рысу мы, даследчыкі, пранікнуць у прынцыпе не можам, а можам толькі займацца канстатацыяй таго, што ў гэтай клеткі ёсць пэўны набор храмасом і з такім наборам яна развіваецца толькі так, не іначай. Усё гэта адпаведна таму, як бы мы сказалі, што нейкі Іваноў мае невыносны характар таму, што ад прыроды надзелены (кім?) нездаровай нервовай сістэмай. Глыбей, то бок у сутнасць рэчаў, мы пранікнуць не можам. Бо прырода, як ужо намі адзначалася, творыцца звонку, а не творыць сама сябе, як радыёпрыёмнік не з'яўляецца сам па сабе, а толькі знешнімі намаганнямі вытворчага калектыву, а шырэй - усяго чалавецтва. Тыповая канструкцыя “па законах прыроды” выклікае ўсмешку. Гэта як бы сказаць - па законах мёртвага каменю і вады. То бок цвердзь і вада (малекулярна элементарныя) сабраліся і стварылі найскладанейшага чалавека.
 Вядома, што матэматычныя мадэлі, якія апісваюць развіццё Сусвету пасля гіпатэтычнага Вялікага выбуху, утрымліваюць шэраг канстант, як бы дадзеных адпачатку прыродзе некім знешнім, і што каб хоць адна з канстант не супадала са сваёй велічынёй, то Сусвет бы не існаваў: або ўсе электроны пападалі б на ядры атамаў, або ядры разляцеліся б на шматкі.
 Прырода - гэта частка Космасу, якую мы назіраем і якую аналізуем дадзенымі нам органамі пачуццяў на падставе законаў логікі, якія таксама з'яўляюцца ўласцівасцю нашага мозгу. Пра космас мы робім высновы па аналогіі з зямнымі рэчамі, успрынятымі нашай зямной псіхікай. Але што такое, па вялікім рахунку, бачны нам космас? Гэта сігналы, пераведзеныя ў нейкую карцінку і адлюстраваныя ў нашай свядомасці, плюс міфы, плюс расповеды астраномаў. Што такое свядомасць, мы зрэшты таксама адназначна не ведаем. Таму, справядліва кажучы, можам сцвярджаць адно: назіраная намі карцінка аналізуецца толькі нашым абмежаваным і наўрад ці ідэальным, у плане спасціжэння рэчаў, розумам. Існуюць насамрэч аб'екты далёкага космасу, або гэта толькі сігналы, на якіх будуецца карцінка ў нашай свядомасці, або гэта проста карцінка без усякіх сігналаў, мы строга не можам сцвярджаць. Таму што, па нашых жа тэорыях, дасягнуць аб'ектаў далёкага космасу немагчыма, іх нельга праверыць навобмацак (хоць вобмацкам мы, строга кажучы, таксама не прыдбаем канчатковых доказаў пра наяўнасць аб'екта). Такім чынам, адсутнічаюць аб'екты па-за межамі сонечнай сістэмы або мы ніколі не дакажам іхнюю наяўнасць - так бы мовіць, абое рабое. Для нас гэта найперш малюнак у свядомасці, падфарбаваны “доказамі” спецыялістаў.
 Паколькі ж нельга неаспрэчна даказаць нават наяўнасць нашай галактыкі і Сусвету (ён пакуль што карцінка - не больш), то і пагатоў немагчыма сцвярджаць, што недзе існуе жыццё, апроч планеты Зямля. Паўторымся, навуковыя падлікі гавораць пераканаўча, што іншапланецян мы не пабачым ніколі. А гэта тое самае, што іх папросту не існуе. Таму падаецца справядлівым пастулат некаторых рэлігій, у прыватнасці хрысціянства, пра тое, што Зямля - цэнтр Сусвету. Не фізічны, а рэальны, бо толькі на ёй жыве чалавек і толькі на ёй ажыццяўляецца псіхічная сувязь з Тварцом. Наконт жа фізічнага цэнтру навукоўцы будуць доўга спрачацца, вылічваючы памеры Космасу (што наўрад ці магчыма), аднак філасофію гэта павінна хваляваць толькі ў плане забавак.
Наконт паходжання відаў раслін, жывёл і асабліва чалавека справа вельмі няпэўная і складаная. На добры лад, навука і тут даказаць нічога не ў стане, а толькі можа будаваць тэорыі, якія будуць супярэчыць адна адной і на якіх напішацца не адна дысертацыя і зробіцца процьма асабістых кар'ераў. Колькі б навукоўцы ні пнуліся, іх адказы задаволяць здаровую логіку не больш, чым біблейскі расповед пра стварэнне свету за некалькі дзён.
 Час цячэ інтэгральна, і ў чалавечай свядомасці ёсць толькі бясконца малая велічыня рэчаіснага. Мінулае пакрытае такім жа непранікальным туманам, як і далёкая будучыня. Той, хто хоча ўзнавіць падзеі мінуўшчыны, асуджаны на блуканне ў тумане і, як вынік, на памылкі, зман і неразуменне сучаснікамі. Бо мы толкам не ведаем, што такое прастора і час. Прынамсі ясна пакуль адно: па часе мы можам вандраваць адно з дапамогай свядомасці і фантазіі. А пры наяўнасці фантазіі, вядома, ніякія доказы не прымаюцца.
 Палеанталагічныя даследаванні апошняга часу не ўкладваюцца ў дарвінаўскую тэорыю паходжання відаў. Таму тэорыя гэта зазнала такую хітрую трансфармацыю, што мала нагадвае сябе першапачатковую. Галоўны яе недахоп - нібыта недыскрэтнасць  усяго жывога, нібыта плаўная трансфармацыя віду ў від з мэтаю выжывання. Тады як дагістарычныя знаходкі гэтага ў цэлым не пацвердзілі. Не знойдзены пераходныя віды, якіх павінна быць не менш за ўстойлівыя. З гэтага казусу навукоўцы выкручваюцца наступным чынам. Знойдзеныя у нейкай старажытнай жывёлы фрагменты шкілета, падобныя на фрагменты існых жывёл, яны выкарыстоўваюць як бясспрэчны доказ таго, што паміж абодвума відамі існуе роднасць, мала таго, што цяперашні від адназначна паходзіць ад старажытнага. Часта гэта робіцца на аснове нейкай адной косткі, якая нейкаму аднаму навукоўцу падалася падобнай на нешта. Далей падключаецца неўтаймоўная фантазія - і мы “бачым” увесь ход эвалюцыі. Балазе тэлевізар і кампутарная графіка лёгка пераканаюць абывацеля ў чым заўгодна. Тыя ж, хто здатны мысліць лагічна і, галоўнае, самастойна, не ўбачаць у такіх “доказах” ніякай дастатковай асновы.
 Зусім кепскія справы з навуковым абгрунтаваннем паходжання чалавека. Радыёвугляродны метад аналізу быццам бы адкрыў магчымасць вызначаць узрост шкілетаў дагістарычнага чалавека, якія знаходзяцца па ўсё планеце. І тут навукоўцаў чакалі шматлікія неспадзяванкі. А іменна тое, што шкілеты, узростам у 50.000 гадоў, аказваюцца падобныя на шкілеты сучаснікаў, як дзве кроплі вады. Людзі, якія па ўсіх раскладах павінны быць нецывілізаванымі бяздумнымі дзікунамі, мелі такі ж аб'ём чэрапа, як і мы з вамі. Пытанне: навошта тагачаснаму чалавеку, мала чым адрознаму ў разумовым плане ад малпы, такі залішне вялікі чэрап? У прыродзе ж, паводле Дарвіна, усё мэтазгодна.
 Ды што далёка хадзіць. Негры Афрыкі, выхадцы з самых глухіх джунгляў, якія ніколі не праходзілі ланцуг цывілізацыі, як белыя еўрапейцы, якія толькі і могуць, што кідацца дзідамі і лазіць на дрэвы, - гэтыя дзікуны маюць мозг, які патэнцыйна не саступае мозгу англічаніна і француза. Чалавек дзікага племені, выгадаваны ў цывілізаваным Лондане, можа стаць матэматыкам, фізікам, адвакатам... Звычайная логіка, якая абапіраецца на гэтыя факты, падказвае, што дарвінаўскую тэорыю можна смела адсоўваць на ўзбочыну. Але вучоныя, чыя праца і дабрабыт заснаваны на аксіёме паходжання чалавека ад малпаў, не могуць ёй пагарджаць. Таму развіваюць, удакладняюць, пашыраюць яе, каб заблытаць не столькі нас з вамі, як уласна сябе. Пачынаюць высоўвацца прыдумкі адна недарэчнейшая за другую, як тое, прыкладам, што чалавек “аблысеў” (страціў малпіну поўсць) таму, што некалі даўным-даўно мусіў весці водны лад жыцця, то бок плаваць пад вадой і канкурыраваць за выжыванне з самімі акуламі.
 Асабліва непераканаўчымі падаюцца версіі пра неандэртальцаў і краманьёнцаў. Калі шлях першых працягласцю ў сотні тысячагоддзяў нібыта прасочаны дасканала, то другі від, краманьёнцы, не раўнуючы з неба зваліліся. Проста прыйшлі і спрытна патрушчылі тупіковую галіну чалавецтва - неандэртальцаў, якія доўга-доўга панавалі на мацерыках паўночнага паўшар'я. На пытанне, адкуль узяліся гэтыя краманьёнцы, нашы продкі, навука пэўнага адказу не мае. Зрэшты, указвае на Афрыку як найбольш верагоднае месца.
У Афрыцы знаходзяць ужо шкілеты узростам па два мільёны гадоў, і яны не нашмат адрозніваюцца ад нашых, калі верыць крыніцам такой інфармацыі.
Космас і прыроду як яго частку можна назваць палігонам для абмену энергіямі паміж структурамі рознай ступені складанасці. Найпрасцейшымі структурамі з'яўляюцца газ, вада, цвердзь. Найскладанейшымі - жывёльны свет і, як найвышэйшая прыступка, чалавецтва. Наўмысна называю не чалавека, а чалавецтва, бо толькі ў соцыуме энергетычны абмен дасягае сваёй максімальнай стадыі. Фізічныя працэсы перацякаюць у хімічныя, электрычныя, магнітныя, узаемадзейнічаюць з сацыяльнымі, псіхічнымі і духоўнымі. У гэтым мудрагелістым працэсе перацякання энергіі з формы ў форму і з якасці ў якасць існуе чалавек.
 А існаваць яму цяжка. Бо трансфармацыя энергіі ў жывёльным свеце азначае знішчэнне формаў знешнімі сіламі і пераўтварэнне іх у новыя формы. Прасцей і вузей - паяданне жывымі арганізмамі адно аднаго. Чалавек пастаўлены прыродай на вяршыню харчовай лесвіцы. Ён можа есці ўсё, яго не можа есці ніхто. Гэта ў ідэале. А насамрэч чалавека таксама ядуць. Мы не пра канібалізм, а пра звычайныя інфекцыі, прастуды, дыярэі і больш цяжкія і складаныя захворванні, якія калі не прыводзяць да смерці, то прыносяць процьму пакутаў. Медыцына іх аблягчае. Пасля таго як знешняе асяроддзе такі дагрызе чалавека - а гэта ў рэшце рэшт непазбежна, - то адбываецца ўвішнае паяданне яго трупа жывымі арганізмамі з мэтай трансфармаваць у больш простыя элементы, якія стануць будаўнічым матэрыялам для новых зямных структур.
 Для мёртвай матэрыі трансфармацыя не ёсць ні дабром, ні злом. Каменю ўсё адно, ці ператворыцца ён у пясок. Але чым складанейшы ўзровень арганізацыі энергетычных структур, тым большую каштоўнасць ён мае для космасу. А таму жывым арганізмам дадзена вегетатыўная нервовая сістэма, закліканая максімальна доўга і якасна абараняць тую структуру ад разбурэння. Абарона выклікае боль. Найбольш балюча рэагуе на разбурэнне самая складаная структура - чалавек. Гэта літаральна камок нерваў. І чым больш душэўна і духоўна дасканалы чалавек, тым ён мае больш пільную ахоўную сістэму. Свайго руйнавання найбольш не пераносяць складаныя людзі, у іх найбольш напружаная нервовая сістэма і развіты інстынкт самазахавання. Яны балюча пераносяць не толькі фізічны ціск, а і маральны.
 Тое што для так званага простага чалавека не вартая ўвагі драбяза - для чалавека складанага можа стаць смяротным ударам. Таму так часта духоўна развітыя людзі хіляцца да адзіноты. Для простага ж чалавека, наадварот, нічога няма натуральнейшага за калектыў і нічога страшнейшага за адзіноту. Простыя непазбежна збіваюцца ў групы, бо толькі там яны жывуць паўнацэнным псіхафізічным жыццём. Складаны чалавек, які таксама не можа без калектыву, тым не менш намагаецца ўсяляк абмежаваць уплыў знешніх энергій на свой унутраны свет.
 Тут мы ўшчыльную падыходзім да паняцця здароўя. Яно заклікана забяспечыць нам максімальна працяглае і бязбольнае існаванне ў свеце энергетычнай адзінкі, а калі браць шырэй - забяспечыць найбольш працяглае і беспакутнае існаванне наступнікам, роду. Бо актыўна разбуральныя па сваёй сутнасці энергетычныя структуры, што нас атачаюць, будуць нястомна на нас пасягаць цягам жыцця. І толькі прыроднае здароўе - у спалучэнні, вядома, з правільным ладам жыцця і медыцынай - ставіць найбольш эфектыўную заслону знешнім нападкам.
 Здароўе, у звязку з тым, што чалавек найскладанейшы псіхічны суб'ект, - мае як фізічныя, так і псіхічныя складнікі, якія цесна ўзаемадзейнічаюць, канфліктуюць паміж сабою. Паспрабуем ніжэй як мага падрабязней разабрацца з гэтым краевугольным паняццем.
Уся важнасць здароўя ў тым, што яно дазваляе перабыць адведзены тэрмін жыцця з мінімальнымі стрэсавымі выдаткамі. Кожнаму выпадае ў сярэднім немалая быційная нагрузка, пазбегнуць якой, ухіліцца ад якой у прынцыпе немагчыма. Аднак здароўе грае ролю буфера паміж агрэсіўным асяроддзем і нашым “эга”.
 Здаровы чалавек лягчэй і бадзёрай рухаецца па жыцці. Яму часцей і ў большым аб'ёме даступныя тыя даброты і слодычы, што на гэтым шляху выпадаюць. Як адзінка ў чалавечай супольнасці, здаровы вольна ці міжвольна цясніць ад усялякіх кармушак слабых і хворых.
 Хворы горш прыстасаваны для змагання за эфемернае шчасце. Бо важкая частка яго энергіі ідзе на барацьбу з уласным арганізмам. Арганізм для хворага - сам па сабе стрэс. Тады як для здаровага чалавека цела - добры памочнік і сябар. У стане спакою, калі нішто вонкавае не трывожыць, здароваму добра. Ён можа сесці, легчы і проста наталяцца сузіраннем быцця. Хвораму не ўдаецца расслабіцца. Успомнім дакучлівы зубны боль. Нядаўна здаровы чалавек з-за адной хворай часцінкі цела ператвараецца ў бяссоннага пакутніка. І якое шчасце ён заснае пасля выхаду ад дантыста! Здароўе - гэта рэальнае шчасце. Але ўсвядоміць гэта ўдаецца не ўсім. Для гэтага патрэбны кантраст у выглядзе кароткатэрміновай хваробы.
 Хранічна ж хворы чалавек, чалавек слабага ад прыроды здароўя - гэта ўвасобленае няшчасце. Яму блага нават у стане спакою, калі, так сказаць, на яго не цісне ўсеагульная нагрузка жыцця. Бо мучыць уласнае цела. Боль кшталту зубнога, які напаткоўвае здаровага як эпізод, для хворага - непазбыўны госць, і нават не госць, а заўсёдны страшны сужыцель. Ёсць людзі, якія зазнаюць моцны хранічны боль дзесяцігоддзямі, некаторыя - ад нараджэння да скону. Ёсць тыя, хто не можа нармальна дыхаць, есці, хадзіць, сядзець, бачыць, чуць, мачыцца, не кажучы пра тое, каб бегаць ці лазіць па скалах. Некаторыя жывуць са страхам спынення сэрца, дыхання, эпілептычнага прыпадку гады і дзесяцігоддзі. Кожны лішні рух выклікае галавакружэнне і небяспечнае сэрцабіццё. Кожнае парушэнне дыеты - пакутлівы боль, слабасць. Пропуск прыняцця інсуліну для дыябетыкаў - рэальная рызыка смерці. Пакуты сіямскіх блізнят - за мяжой разумення. Душэўная хвароба - гэта пекла яшчэ пры жыцці.
 Можа падацца, што прырода наўмысна здзекуецца з людзей. Насамрэч яна проста да іх стогнаў глухая. Бо ў прыродзе няма добрага і благога, ёсць мэтазгоднае. Дык якая ж мэтазгоднасць у жахлівых хваробах, выродлівасці - спытае чытач. А тая, што законы, па якіх надараюцца хваробы і адхіленні ад нормы, - тыя самыя фізіка-матэматычныя законы, па якіх Сусвет існуе. Не было б гэтых непарушных законаў - не абарачаліся б планеты, не гарэлі б свяцілы, не дзялілася зямная прастора на цвердзь і ваду, не было б жыватворнага вадароду... Рэч у тым, што касмічныя працэсы строга падпарадкоўваюцца функцыям верагоднасці. Статыстыка любога працэсу выдатна апісваецца парабалай, сыходзячыя канцы якой ідуць памятаеце куды? Правільна, у плюс- і мінус-бясконцасць.
 Пераважная большасць варыянтаў адной з'явы ўкладваецца ў норму, то бок апісваецца цэнтральнай часткай парабалы. А вось тое, што ляжыць пад яе разлапістымі, распасцёртымі ў бясконцасць галінамі, - шматлікія малаверагодныя выпадкі, адхіленні. Зразумела, што нават дзеля здароўя чалавека прырода не можа ўсекчы парабалу верагоднасці. Таму пераважная большасць людзей - адносна здаровая, гэта забяспечвае выжыванне віду. А пераважная меншасць - хворыя. І чым далей адыходзіцца ад цэнтру сіметрыі парабалы кропка, тым больш цяжкі выпадак хваробы ці выродлівасці мы назіраем. Але чым ён больш цяжкі, тым ён больш і рэдкі. Вось мудрасць прыроды. Дарэчы, цуд - гэта не што іншае, як надзвычай далёка аддаленая ад цэнтру парабалы кропка. Цуд таксама апісваецца гэтай універсальнай формулай.
 Забягаючы наперад, скажам два словы пра тое, што не было б жудасных хранічных хвароб, не было б парабалічнай функцыі, не існавала б і геніяльнасці - усіх гэтых Моцартаў, Шэкспіраў, Ван Гогаў. І не таму, што геніяльнасць звязана з хваробаю, а таму, што яна ёсць найрэдкім адхіленнем ад нормы і апісваецца ўсё той жа парабалай. Кропка геніяльнасці, вобразна кажучы, сягае ў плюс-бясконцасць.
Здароўе характарызуецца шэрагам псіхафізічных паказчыкаў. Здаровы чалавек, як правіла, мае глыбокі сон без кашмарных відзежаў. Раніцай ён падымаецца бадзёры і ў стане высокага тонусу нервовай сістэмы можа знаходзіцца да позняга вечара. Есці на працягу дня ён можа многа, але пры гэтым не траціць бадзёрасці, не хіліцца на дрымоту. Пры неабходнасці ён здольны абыходзіцца і малымі порцыямі ежы, пры гэтым захоўваючы працаздольнасць. Нервы здаровага чалавека “эластычныя”, яны лёгка пераносяць раптоўны стрэс і хутка вяртаюцца ў ранейшы працоўны стан. Тады як кволага чалавека любая злыбеда можа выбіць з каляіны на некалькі гадзін, а то і сутак.
  Здаровы пераносіць доўгія псіхічныя нагрузкі негатыўнага плану, не ўпадаючы ў маркоту. Ён захоўвае аптымізм пры любой сітуацыі, падсвядома трымаючы на ўвазе, што ўсякі негатыў мае сваё заканчэнне. Хворы ж чалавек (а гэта найперш чалавек з растузанымі нервамі) любы негатыў успрымае крайне балесна, часта робіць з мухі слана, здольны ўпадаць ад драбязы ў паніку, трапляць у цяжкую і працяглую дэпрэсію. Такі чалавек прачынаецца з ночы разбіты, удзень млявы, сонны, або пераўзбуджаны. Начны сон у яго трывожны, з кашмарамі і не аднаўляе патрачаных за дзень сілаў. Апетыт слабы. Працаздольнасць нізкая. Доўгі перапынак у прыняцці ежы прыводзіць да галадання мозгу і нярэдка - да страты прытомнасці. Здаровы ж можа не есці па некалькі сутак без асаблівай шкоды для арганізма.
 Здаровы чалавек здольны бясшкодна прымаць напіткі, якія ўзбуджаюць ці расслабляюць. Моцны чай, кава аказваюць на яго толькі дабратворны ўплыў. Тады як у хворага яны выклікаюць нездаровае раздражненне, трывогу, страх. Алкаголь для здаровага - прычына павесяліцца. Хворы ж калі і вяселіцца з дапамогаю алкаголю, то потым горка плача з прычыны астаткавых з'яў. Здаровага рэдка цягне апахмяліцца; пасля вечаровай п'янкі, ранкам, ён можа ўстаць бадзёрым і ўвесь дзень працаваць. Хворага ж з перапою б'е калатун, ён страчвае працаздольнасць. Людзі з хваравітай ад прыроды нервовай сістэмай ёсць патэнцыйнымі алкаголікамі.
 Здаровы чалавек, вядома ж, лягчэй пераносіць вірусныя інфекцыі, якія да яго, зрэшты, рэдка чапляюцца. Чалавек хваравіты ловіць любы мікроб, калі на яго раз чхнулі здалёк, а затым доўга не можа паправіцца.
 Здаровы чалавек нажывае на парадак менш псіхалагічных комплексаў, чым хворы. З дзяцінства ён калі не лідэр у калектыве, то выдатна ў ім адаптуецца і не падвяргаецца моцнаму ўціску. Ён, як правіла, смелы і раскуты з процілеглым полам, таму не мае праблем з палавымі партнёрамі цягам жыцця. Тады як хворы часта няўпэўнены ў сваіх сілах. Дый каханне, пра што гаворка пойдзе пазней, само па сабе закліканае праводзіць натуральны адбор. Чалавечаму роду не патрэбныя слабыя нашчадкі, таму малакроўных, хілых, непрыгожых каханне не прымае ў свае шэрагі.
 Разам з тым, у хранічных хваробаў ёсць свае плюсы. Той, хто ўсё жыццё хварэе, можа выпрацаваць моцны характар. А таксама развіць прыродны інстынкт самазахавання, не лезці ў экстрэмальныя сітуацыі, дзе можна не толькі атрымаць па галаве, а і галавы той пазбавіцца. Здароваму ж, які нідзе і ніколі не зазнаваў псіхалагічнага і фізічнага ўціску, часта мора па калена. У яго прытупляецца інстынкт самазахавання, і ён можа загнаць свой арганізм да хранічнай хваробы, да калецтва, да смерці. Аўтагонкі, альпінізм, бойкі, п'янкі, любы экстрым - усё гэта часта заканчваецца трагічна, бо ад абсалютнага здароўя да абсалютнага нездароўя часам - адзін парваны буйны сасуд, адзін перабіты пазванок. Часта ад прыроды здаровыя людзі, захварэўшы на нешта сур'ёзнае, губляюцца і хутка здаюць, а то і канаюць. Бо іх арганізм не прывык змагацца з цяжкімі хваробамі, не звык да такога стрэсу. Бывае, што здаровы як бык мужчына ў гадоў пяцьдзесят памірае ад разрыву сэрца, хоць ніколі на яго не скардзіўся. У такіх людзей паніжаны болевы парог. У той жа час другі з дзяцінства ляжыць па бальніцах з сэрцам, пачкамі глытае таблеткі, кволіцца, задыхаецца, беражэ сябе страшна, а ў выніку праскрыпіць гадоў да дзевяноста.
 Акрамя таго, нездароўе можа сфарміраваць свой унутраны свет, у якім чалавеку бывае даволі ўтульна. Здаровыя ж людзі, як правіла, імкнуцца да знешняй дзейнасці, а шчасце сярод людзей - штука часовая, хісткая і няпэўная. Акаляючыя нас людзі схільныя здраджваць і паміраць. Унутраны ж свет, калі такі ёсць, не настолькі падвержаны знешнім уздзеянням.
 Колькі слоў пра здароўе ў разрэзе сучаснасці. Здаровых людзей у цывілізаваным свеце ўсе меншае, тады як сярэдні тэрмін жыцця павялічваецца. Усё ясна: таблеткі не даюць памерці тым, хто без іх раней паміраў. І таблеткі ж дазваляюць выжыць тым, хто сканаў бы раней яшчэ ва ўзросце немаўляці. У выніку недалугі, якіх прырода заклікала памерці і не псаваць якасць роду, выжываюць, нараджаюць малажыццяздольных дзяцей, якіх таксама толькі медыцына трымае на гэтым свеце. Такім макарам пашкоджваецца генетыка чалавецтва. Развіццё медыцыны, з гэтай прычыны, мае і станоўчы і адмоўны аспекты. Часам яна сапраўды выцягвае з таго свету ці кардынальна аблягчае жыццё. А з другога, рэанімацыя даводзіць да таго, што катастрафічна ўзрастае колькасць людзей, якія жывуць як расліны і адно што могуць - ператраўліваць ежу. Мысленне - асноўная якасць не толькі чалавека, а і жывёлы - у іх цалкам адсутнічае. Ці яшчэ: падлетак цалкам нармальны, акрамя аднаго: не можа самастойна дыхаць. А таму прывязаны на грувасткага апарата на колах, які за ім цягаюць бацькі. Ён можа пражыць яшчэ гадоў семдзесят... Жахліва. І адно спадзяванне - на навуку, якая калісьці зробіць падобны апарат кішэнным. Раней бы такі хворы адносна бязбольна памёр...
 Як ніколі востра паўстае этычная праблема эўтаназіі: ці мае хто права рабіць з чалавека расліну; ці мае хто права перапыняць жыццё чалавека нават у такім нечалавечым стане? Улічваючы, што цывілізаваны свет - гэта свет рацыяналістычны і ў “перспектыве” - без Бога, то, відаць, мала што будзе стрымліваць чалавецтва ва ўзаконенні эўтаназіі. Цяпер у прасунутых амерыканскіх клініках сумленна аб'яўляюць родзічам пра смерць мозгу пацыента і прапануюць падпісаць паперы на тое, каб яны падзяліліся органамі іх каматознага родзіча з жадаючымі.
 Такім чынам, можна падрахаваць: нягледзячы на тое, што здароўе ёсць галоўнай умовай (прычынай, крыніцай) чалавечага шчасця/няшчасця, - само па сабе яно вельмі мала залежыць ад чалавека. Працэнтаў, скажам, на дваццаць. Правільны лад жыцця, абачлівасць, фізкультура, дасведчанасць у медыцыне - вось, бадай, і ўсё, што можа супрацьпаставіць чалавек агрэсіўнай прыродзе, асноўнай і канчатковай мэтай якой ёсць знішчэнне яго арганізма і энергетычная перапрацоўка дзеля новых формаў жыцця.


4. Лінія на далоні
 
Чалавек, які здольны пільна прыглядацца да навакольнага і ўглядацца ў сябе, неадменна заўважае, наколькі мала ён можа нешта змяніць у сваім жыцці, наколькі ўсе людзі рухаюцца быццам па загадзя ім адведзеных каляінах. Адны праходзяць па жыцці роўна, з мінімальнымі стратамі, сустракаюць старасць і смерць у атачэнні ўдзячных нашчадкаў. Другіх жа лёс шкуматае ад самага нараджэння, асуджае на адзінокую смерць. Адзін дабіваецца поспеху быццам без асаблівай напругі. Другі ж кладзе дзеля гэтага ўсе сілы - і не набліжаецца да зададзенай мэты ні на крок. Адзін, у росквіце шчасця і дабрабыту, раптам трагічна гіне. Другі, змучаны жыццём, старасцю, хваробамі, адзінотай смерці просіць, а яна не ідзе. Неадпаведнасць нашых жаданняў нашым набыткам, татальная нераўнамернасць жыцця наводзяць на пытанні прадвызначанасці, кону, Вышэйшай Сілы.
  Нераўнамернасць размеркавання няшчасцяў і дабротаў паміж адзінкамі спакон веку хвалявала людзей. Цяпер, з адкрыццём генома чалавека, нешта праяснілася. Але толькі часткова. Наш генетычны код запісаны ад зачацця. Але казаць, што ён цалкам уплывае на лёс, немагчыма таму, што існаваць мы будзем не ў вакууме, а сярод тысяч людзей, мільёнаў, мільярдаў жывых арганізмаў, у непрадказальным асяроддзі мёртвай прыроды нарэшце. Усе гэтыя знешнія акалічнасці генетычны код не прадугледжвае, а толькі дае зыходныя параметры, на якія яны, акалічнасці, будуць накладвацца. Збег выпадковых фактараў, выходзіць, уплывае на лёс не менш, чым прыроджаныя здольнасці і няздольнасці.
 Аднак, паколькі час зваротнага ходу не мае, то ўсё, што адбываецца з чалавекам, можна разглядаць як непазбежнае. Бо праверыць, ці можна было паступіць інакш, ці можна было пазбегнуць таго ці іншага ўплыву, не выпадае. Гэтыя рытарычныя пытанні павісаюць у паветры таму, паўторым, што час назад не павернеш. Нашы зыходныя дадзеныя і знешнія фактары сышліся ў пэўны адрэзак жыцця такім чынам, што наш лёс павярнуўся ў такім кірунку, а ні ў якім іншым. Можна казаць, што ўсё адбылося выпадкова. Але гэта не мяняе справы, паколькі перайграць той вузлавы момант жыцця немагчыма: праз міг ён ужо трапіў у нябыт, а мы працягваем намотваць секунды жыцця.
 Уявім, што ёсць нейкае Поле Знешніх Прычын, у якім ёсць толькі адна бясконца малая кропка, на якой мы стаім у дадзены бясконца малы адрэзак часу. Стаім са сваім наборам храмасом, са сваім вопытам папярэдняга жыцця, са сваім унікальным розумам. І стаім мы не на дзвюх, не на дзесяці кропках адначасова, а на адной. І калі ёсць Поле Вынікаў, то яно прадугледжвае для нас у нейкі будучы момант толькі адну кропку, вызначаную Полем Прычын. Адначасова два рашэнні прынятымі быць не могуць, і таму ў наступны міг мы апынёмся ў канкрэтнай кропцы Поля Вынікаў. Гэтая строгая кропка адразу ж становіцца кропкай Поля Знешніх Прычын. Так, паслядоўна рухаючыся па лініі прычын-вынікаў, пераступаючы з кропкі на кропку, мы паступова спраўджваем свой лёс. Ці, хутчэй, лёс спраўджвае нас.
 Такі працэс не адмаўляе свабоднай волі чалавека. Роўна як і не адмаўляе прадвызначанасці. Гэта дуалізм існавання. Кропка будучыні вызначаецца узаемадзеяннем нашай свабоднай волі і бясконцасцю знешніх прычын. Ступіўшы на Поле Вынікаў, мы не ў стане вярнуцца назад, а значыць, не можам вызначыць іншую кропку, у якой гіпатэтычна маглі б апынуцца - з прычыны мудрагелістай бясконцасці знешніх прычын. Таму лёс наш - лінія. Лінія лёсу.
 Пытанне свабоднай волі чалавека здаўна мучыць філосафаў. Па вялікім рахунку, даказаць яе наяўнасць магчымым не ўяўляецца. Менавіта з прычыны лінейнасці лёсу і незваротнасці часу. Эмануіл Кант выказваўся толькі ў гіпатэтычным плане: што калі хоць адзін чалавек за ўсю гісторыю чалавецтва хоць адзін раз паступіў па сваёй свабоднай волі, а не быў дэтэрмінаваны знешнімі абставінамі, то Бог
 існуе. То бок наяўнасць свабоднай волі чалавека ёсць для Канта доказам існавання Госпада Бога. З гэтага сцвярджэння філосафа вынікае, што а) Бог стаіць па-за прыродай, не з'яўляецца яе часткай, б) Бог праяўляецца ў прыродзе пераважна праз чалавека.
 Мы з'яўляемся марыянеткай у руках мёртвай прыроды, але не жывога Бога. Усё, праяўленае ў нас як самасвядомасць, як свабодная воля мае свае карані ў Тварцу. У адваротным выпадку чалавек ёсць аўтамат. Людзі - гэта акенцы ў матэрыяльны свет, праз якія як бы глядзіць Тварэц. У гэтым дваістая прырода чалавека, які целам і душою на зямлі, а духам - адначасова - у сферы духоўнай. На гэтым стаіць хрысціянства. На гэтым, у прынцыпе, грунтуюцца ўсе монатэістычныя рэлігіі.
Па ходу жыцця чалавек заўважае наступнае. Людзі, без якіх ён сябе не ўяўляў, паступова аддаляюцца ад яго ці паміраюць. Ідэі, у якія ён верыў і якім пакланяўся, неўпрыкмет страчваюць сваю актуальнасць. Каханыя робяцца або невыноснымі сужыцелямі або пакідаюць цябе. Іх месца займаюць новыя, але і да тых, пачынаеш усведамляць, пачуцці будуць не вечнымі.  Дзеці з некаторага ўзросту становяцца самастойнымі чалавечымі адзінкамі і ўступаюць з табой у канфлікт. У іх сваё жыццё, свае інтарэсы. Адным словам, грунт на якім стаяў чалавек, моцна зыбаецца. Прыходзіць горкае разуменне ненадзейнасці ўсяго навакольнага. І разам з тым, нейкая сіла прымушае людзей жыць, і жыць даволі аптымістычна.
Бадай, кожны мае нутраное чуццё нечага нязменнага, правільнага, сапраўднага - нейкай Ісціны, дзеля якой ён жыве. Толькі дзеля яе, а не для хісткіх чалавечых ідэй, не для людзей, якія зменлівыя і смяротныя, аказваецца, жыве чалавек. Дзеля Тварца, якому ён давярае свае самыя балючыя праблемы, выплаквае свае самыя горкія слёзы. Нават самы злыдзень, бязбожнік, блюзнер у хвіліну роспачы мармыча: “Божа, ратуй!” Бо на ўзроўні падсвядомасці чалавек, якім бы азвярэлым ні быў, трымае досвед таго, што ён выпушчаны на свет не бацькамі, а нейкай абсалютнай у сваё магутнасці сілай. І калі не можа ніхто памагчы, няшчасны апелюе да гэтага Тварца. Тут ужо не да гонару і пыхі, калі на карце жыццё. Забываецца нядаўняе ваяўнічае святатацтва - і з'яўляецца вера. Хай на імгненне, пакуль небяспека міне, але з'яўляецца.
 Такім чынам, да веры ў Тварца прыходзяць як праз жыццёвы досвед, які ўключае пераасэнсаванне сваіх шматлікіх пакутаў, набыткаў і стратаў, так і інстынктыўна - як спадзяванне на апошні ратунак у хвіліну адчаю. Няма ніводнага чалавека зусім без адчування Тварца, ці, скажам па-іншаму, няма зусім не адораных рэлігійна. З гэтага можна заключыць, што рэлігійнасць не тоесная іншым талентам, якія могуць быць, а могуць і цалкам адсутнічаць. Ніводзін чалавек, немузыкальны ад нараджэння, не прыдбаў па жыцці гэты талент. Глухія да паэзіі з дзяцінства застаюцца такімі ўсё жыццё. Той, хто не мае прыроднага пачуцця перспектывы і формы, не стане мастаком. А вось рэлігійным можа зрабіцца не толькі любы чалавек, але і любы ваяўнічы бязбожнік, злачынца, перакананы забойца. Праз пакуты і пакаянне. Такіх фактаў безліч. Бо, яшчэ раз падкрэсліваем, рэлігійнасць - не талент, а ўласцівасць чалавечай прыроды.
 Па ўсім зямным шары ў розныя стагоддзі і тысячагоддзі, на розных стадыях развіцця, чалавечыя супольнасці былі рэлігійнымі. Прыкметы культу знаходзяць у самых старажытных раскопках. Ніхто не ведае, як чалавек авалодаў словам. Але нямых плямёнаў, роўна як і нерэлігійных ніхто не адкрыў. Таму чаму б не ўявіць, што слова, Логас, рэлігійнасць - замешаны з адной “гліны”, ці скажам дакладней, ёсць катэгорыямі адной прыроды.
 Вяртаючыся трохі назад, адзначым як цікавы факт, што ў чалавечых супольнасцях прыродныя таленты да той ці іншай творчасці размеркаваны на даволі ўстойлівай працэнтнай аснове. Пры тым таленавітасць у пэўнай галіне чалавечай дзейнасці можа драмаць і не праяўляцца, калі ў супольнасці для яе няма месца. Напрыклад, жывучы ў дзікім племені, чалавек не ведае, што ён здольны да праграміравання, матэматыкі, фізікі і г.д. І ніколі не праявіцца ў гэтых галінах. Аднак выгадаваны ў цывілізаваным свеце, выхадзец з таго ж племені, цалкам магчыма,  праявіць сваю здольнасць. То бок у чалавечай прыродзе адпачатку закладваецца нейкі патэнцыял, які можа быць незапатрабаваным і нерэалізаваным.
 Верагодна, што і чалавек цывілізаваны (сучасны) надзелены нейкім нерэалізаваным патэнцыялам, які будзе праяўлены толькі ў далёкіх каленах ягоных нашчадкаў. Прынамсі выяўлена, што наш мозг як бы “залішні” і выкарыстоўваецца толькі на працэнтаў пятнаццаць магутнасці. Гэта ўскосна пацвярджаецца тым, што геній і ідыёт маюць прыкладна аднолькавы аб'ём мозгу, толькі ў аднаго ён працуе амаль ухаластую. Вядомыя таксама выпадкі анамальных здольнасцяў, калі чалавек бачыць будучыню, або назірае схаваныя аб'екты, або ведае дзесяткі моў свету, не вывучаўшы іх...
Чалавеку ўвогуле адпачатку дадзена больш, чым патрэбна для матэрыяльнага выжывання як віду. Прынамсі такое складваецца ўражанне - што адпачатку. Найперш гэта лішак псіхічнай энергіі, які застаецца пасля таго, як задаволяцца ўсе фізічныя адпраўленні цела. Чалавека пастаянна цягне тварыць і перайначваць наваколле. Удасканальваць і ўдасканальвацца. Перажываць за нешта абстрактнае. Заваёўваць тэрыторыі і сеяць культуру там, дзе яна неразвітая. Псіхічная дзейнасць накіроўваецца не толькі на паляпшэнне дабрабыту (які можа быць і без таго дастатковым), а на такія зусім, здавалася б, не патрэбныя для выжывання віду рэчы, як культура і рэлігія. Культура збольшага адлюстроўвае душэўнае жыццё чалавека. Рэлігія - духоўнае.
 Наша жыццё, неабходна адзначым, можна падзяліць на тры ўмоўныя сферы, у якіх яно адбываецца паралельна. Гэта цялесная (плоцевае, плацкое), душэўнае і духоўнае. Ва ўсіх індывідуумаў непазбежна прысутнічае плоцевае жыццё (цялесных адпраўленняў). Таксама непазбежна кожны (нават вар'ят) жыве душэўным жыццём. Гэта свет нашых эмоцый (крыўды, няшчасці і радасці, каханне, страхі і г.д. да бясконцасці). Душэўнае жыццё характарызуе другую па вышыні ступень, па якой вызначаецца цана чалавека як аддаленага ад свету жывёл, самакаштоўнасць. У трэцяй сферы, духоўнай, праходзіць жыццё далёка не ўсіх людзей. Няма яго ў дзяцей, у пазбаўленых розуму, у людзей абмежаваных, у тых, у каго цалкам прыглушана рэлігійнае пачуццё. У залежнасці ад таго, які кампанент (сфера) жыцця дамінуе ў канкрэтнай асобы, яе можна называць чалавекам плацкім, душэўным ці духоўным.
 Падкрэслю, што, зусім строга кажучы, хаця б каліва духоўнага жыцця прысутнічае ў кожнага дарослага індывідуума. Гэта так званы страх Божы. Але пра тое пазней. Я толькі хацеў указаць на ўмоўнасць межаў гэтых паняццяў. Душэўныя людзі часта існуюць і ў духоўнай сферы, толькі сфера тая ў іх значна меншая. Нярэдка некаторыя вялікія творцы (Байран, Ясенін, Высоцкі і г.д.), падвержаныя ўсялякім заганам, “паспяхова” існавалі прыкладна пароўну ва ўсіх трох сферах жыцця. І тым не менш, ясна, што чалавека татальна заангажаванага цялеснымі адпраўленнямі (абжорства, п'янства, блуд) і са слаба выяўленымі душэўнымі якасцямі справядліва назваць плацкім. У той час экзальтаваная істэрычная жанчына рамантычнага складу бясспрэчна будзе аднесена да душэўных людзей. І, ужо напэўна, што хрысціянскі пустэльнік ці будысцкі манах - гэта духоўныя людзі. Хаця, паўтаруся, вызначэнне робіцца па прынцыпе яўнага дамінавання адной сферы над астатнімі. Ясна, што і манах і святы самотнік заключаны ў цялесныя абалонкі і таму непазбежна ўцягнуты ў цялесную сферу жыцця; проста яны зводзяць плоцевыя адпраўленні да мінімуму: (пост, адмаўленне ад сексу, часам поўная ліквідацыя эпікурэйскіх жаданняў).
 Разабраўшыся з асноўнымі сферамі праяўлення псіхічнай і вегетатыўнай дзейнасці арганізма, адштурхнёмся ад гэтых паняццяў і пастараемся зразумець наступнае. Міма нашай волі, як непазбежнасць, як прыродная ўласцівасць, свядомы розум ставіць пытанні жыцця і смерці, дабра і зла, справядлівасці і несправядлівасці і, будучы не ўстане іх вырашыць, заганяе ў сферу метафізічнага.
Звычайны ход разваг індывідуума: праўды і справядлівасці я не сустрэў, дабро перакрылася злом, шчасця не прыдбаў, але мне не хапіла на тое часу і ўдачы. У Вечнасці, дзе спробы бясконцыя і час не абмежаваны, я б дасягнуў таго, да чаго імкнуўся цягам свайго жыцця, якое вось-вось закончыцца. Таму ведаю напэўна (верую), што ў Вечнасці, у Бясконцасці і Богу, я нарэшце дасягну сваёй мэты.
 Тут розум сутыкаецца, па-першае, з нявырашанасцю задачы, па-другое, з усведамленнем таго, што бязвыхадных сітуацый не існуе, па-трэцяе, з немагчымасцю прыняць тое, што ён, розум, калі-небудзь знікне. Гэтыя тры пункты непазбежна вядуць розум у трансцэндэнтнасць, дзе, верагодна, не ўсё так трагічна, як пры рэальным жыцці, і будзе бясконцы час прыдбаць усё пажаданае.
 Чалавечы розум зусім не пераконваецца тым фактам, што акаляючыя людзі паміраюць і знікаюць бясследна. І сапраўды, ніхто не можа даказаць, што наша “я” ёсць адназначным спараджэннем арганізма, вегетатыўнай нервовай дзейнасці, а не сама дзейнасць запускаецца з дапамогай гэтага “я”. “Я” можа мець як нематэрыяльную субстанцыю, так і такую матэрыяльную, якая не ловіцца пакуль ніводным зямным прыборам. Пасля смерці арганізма “я” (назавём яго асцярожна душою) проста губляе інструмент праяўлення, як пасланая некаму эсэсмэска проста завісне ў эфіры пры выключаным апараце. Цела, па аналогіі, - “апарат”, а душа - “эсэмэска”, пасланая Тварцом. Толькі пасланне гэтае мусіць быць самасвядомым. Нездарма ў хрысціянскай міфалогіі свет анёлаў - гэта ўсё тое, што і чалавек, толькі без цела. Чалавек мае магчымасць дзейнічаць, анёл пераважна сузірае, бо не мае для дзейнасці належнага апарата. Душа памерлага, згодна зноў жа з хрысціянствам, гэта своеасаблівы вырадак, пазбаўлены важнай сваёй палавіны і будзе знаходзіцца ў бяздзейнасці да часу, пакуль не атрымае пасля Страшнага Суда цела новай, несмяротнай прыроды. Паводле хрысціянства, вечнасць у перспектыве - гэта нейкая стваральная дзейнасць, а не пасіўнае сузіранне. Бо нічога, розум пагодзіцца, няма страшнейшага, як сузіраць і не мець магчымасці дзейнічаць.
 Паспрабуем цяпер зайсці з іншага боку і паразважаць пра душу. Я атаясаміў яе з нейкім “я”, якое выяўляецца з дапамогай інструмента - нашага цела. Гэтае “я” непазбежна пакутуе ад таго, што цела і наваколле не спраўджваюць яго жаданняў ва ўсёй паўнаце. Таму ніяк не магу згадзіцца з некаторымі філосафамі, у прыватнасці з Шапенгаўэрам, які назваў наша цела ўвасобленай сляпой воляй да жыцця, выкінуў з ужывання душу, а замест яе ўвёў інтэлект як голы прадукт мазгавой дзейнасці. І галоўная прэтэнзія будзе ў тым, што кожнаму чалавеку добра вядомы канфлікт яго “я” са сваім целам. Часам цела вытварае такое, што яўна не ўваходзіць у нашы жаданні і планы. Напрыклад, нервовы прыпадак, сутаргі. Чаму гэтая “воля да жыцця” нас нагэтулькі мучыць? Не заўважаць такі краевугольны канфлікт - значыць штучна, нечулліва падладжваць рэчаіснасць пад сваю тэорыю.
 Куды ямчэй уявіць цела і розум, інтэлект зброяй, інструментам для ажыццяўлення волі душы свядомай, чым называць цела ўвасабленнем сляпой волі да жыцця. Бо часта (і вельмі часта) гэтая воля (цялесная) праўдзіцца насуперак нашаму эга. Мы вельмі жадаем жыць - а цела пачынае няўмольна канаць. Або мы жадаем памерці, а цела дзесяцігоддзі жыве. У некаторых цяжкахворых (сіндром Даўна) інтэлект амаль адсутнічае, а страхі прысутнічаюць. Здаецца, тут несумненна адно, што воля - гэта ўласцівасць душы (душа можа расхацець жыць, тады як сляпая шапенгаўэраўская воля мусіць хацець жыць заўсёды). У целе, гэтай “увасобленай волі да жыцця”, адпачатку закладзены механізм смерці, запісаны смяротныя будучыя хваробы і, галоўнае, непазбежнасць старэння. Як зразумець такі казус у кантэксце ўзгаданай філасофіі?
 У той жа час выглядае на тое, што якраз не інтэлект прыносіць нам страхі (а нямецкі філосаф лічыць менавіта так); інтэлект, розум, разважнасць проста папярэджваюць пра небяспеку, прычым холадна папярэджваюць. І ўжо ад душэўнага стану будзе залежаць - панічна бегчы ад смерці ці стойка, а часам з радасцю, яе напаткаць. Гогаль перад сконам амаль адмовіўся ад лячэння і ежы, выбраўшы смерць - тое, чаго прагнула яго існасць, насуперак сябрам, дактарам. Па сляпой волі да жыцця (яго цела магло пражыць яшчэ гадоў сорак) ён мусіў бы хапацца за лячэнне як за ратунак. Чаго не было.
 А цяпер пакінем прыклады, якіх можна прыводзіць безліч - прыклады кардынальнага канфлікту душы і цела. І ўжо канфлікт розуму з целам, думаю, наогул нікому не трэба даказваць. Таму вырысоўваецца наступнае: цела і розум (інтэлект, разважнасць) ёсць інструментамі, даспехамі і зброяй нейкай нематэрыяльнай субстанцыі, увасобленага “я”, душы.
 Дух - паняцце яшчэ больш абстрактнае, і я бачу яго, строга кажучы, адным і тым жа з душою, толькі пра душу актуальна гаварыць у звязку з целам, матэрыяй. Пра дух - не. Дух - гэта разасобленая душа, чыстая душа, тое, што было да і будзе пасля цялеснага жыцця. У той жа час, паколькі дух не звязаны з зямным бегам часу, то працэс ўвасаблення, жыцця і смерці, з пункту гледжання таго месца, дзе ён знаходзіцца, - мізэрна малая велічыня, а дакладней, нішто. Таму, жывучы цялесна, душэўна, мы адначасова знаходзімся ў сферы духоўнай, у той Вечнасці, дзе прасторы і часу (у зямным чатырохмерным вымярэнні) не існуе.
Часта Вечнасць характарызуюць як вобласць, дзе няма прасторы і часу. І сапраўды, прастора і час - уласцівасці зямной рэчаіснасці. Нават калі паспрабаваць аналізаваць сваё “я” ў снах, то відавочна, што падзеі там цякуць далёка не па звыклых законах. У снах няма жорсткай прывязкі да месца і часу. Асобы, з якімі наша існасць вядзе там дыялог, могуць трансфармавацца адна ў адну. Мы нечакана апынаемся то там, то тут. А прачнуўшыся, не ў стане выразна вызначыць, што мы бачылі. Асаблівасць снабачанняў у тым, што ў адрозненне ад рэальных падзей яны хутка сціраюцца з памяці, і калі не знікаюць зусім, то размываюцца да непазнавальнасці. Іх цяжка ўзнавіць менавіта таму, што яны не мелі паслядоўнасці адпачатку. І тым не менш у снах прысутнічае нейкае дзеянне, а значыць, тамашнія прастора і час, хоць і не тоесныя з зямнымі, усё-такі маюць з імі пэўную аналогію.
  У паняцці Вечнасці мы сутыкаемся з тым, што далёка не можам яе ўявіць так строга, як належыць - без прасторы і часу. Непазбежна паўстае пытанне, а ці не тоесная Вечнасць нябыту? Бо і там і там нічога няма і нічога не адбываецца. У той жа час хрысціянская міфалогія, напрыклад, згаджаючыся з тым, што Вечнасць не характарызуецца часавымі і прасторавымі атрыбутамі, падае яе як вобласць, шчыльна заселеную ўсялякімі існасцямі. Але ж трэба прызнаць, што далей хрысціянская міфалогія як бы спыняецца - ні пра якія канкрэтныя дзеянні і перасоўванні ў запамежнасці яна не гаворыць. Ну, хіба апроч таго, што душы чакаюць Страшнага Суда ўвесь час, пакуль на зямлі доўжацца стагоддзі і тысячагоддзі. Затым іх канчатковая доля будзе вырашана і кожны атрымае новае (духоўнае) цела. І ўсё ж розум не можа не зацеміць таго, што гэтую духоўную субстанцыю называюць усё-такі целам. А цела... мае ўласцівасць рухацца і дзейнічаць у нейкай прасторы...
 Адным словам, розум амаль бяссільны перад задачай уявіць Вечнасць, бо здатны аперыраваць толькі звыклымі, заснаванымі на відавочнасці катэгорыямі. І тым не менш многія факты ўказваюць менавіта на тое, што ў Вечнасці калі не цалкам адсутнічае час, то цячэ іншым парадкам. Пра гэта гавораць незлічоныя выпадкі празорстваў, бачанне будучыні некаторымі экстраардынарнымі людзьмі, бачанне аб'ектаў, аддаленых на тысячы кіламетраў ад назіральніка, дакладнае вызначэнне святымі дня сваёй смерці. Узнікае непазбежная думка, што такія людзі нейкім чынам пранікаюць у інфармацыйную сферу, дзе запісаны мінулае, сапраўднае  і будучыня. Ці не ляжыць гэтая інфармацыйная сфера непасрэдна ў Вечнасці, дзе ўсе падзеі ўжо адбыліся, дзе няма падзелу на мінулае, сапраўднае і будучае?
 Чалавек - значна шырэйшая існасць, чым непасрэдна праяўленая ў целе, дзеяннях, гаворках і нават думках. Жыццё ў сферы духоўнай, пра якую мы казалі раней, гэта не што іншае, як пастаяннае знаходжанне нашага духу (неад'емнай часткі чалавека) у Вечнасці. І чым больш напружанае такое жыццё, чым менш чалавека тармозіць душэўнае і цялеснае, тым большымі магчымасцямі празорстваў ён валодае.
Тут варта, аднак, помніць наступнае. Часта экстрасэнсорныя здольнасці могуць з'яўляцца ў людзей як анамалія, хвароба мозгу - пасля, напрыклад, удару маланкі, знаходжання ў коме і г.д. Тут свядомай заслугі чалавека (святасці) не назіраецца, і ён можа працягваць жыць цялесным і душэўным жыццём пераважна, адначасова захоўваючы экстрасэнсорны дар. Такія людзі, як паказвае вопыт, небяспечныя не толькі для акаляючых, на кім праяўляюць свае здольнасці, а і для саміх сябе.
 Вядомая прадказальніца Ванга была ў дзяцінстве падхоплена смерчам, аднесена на вялікую адлегласць і выжыла. Пасля чаго аслепла і атрымала дар празорства. Гэта тыповы прыклад выпадковага дару (хаця любая выпадковасць - спрэчная ў свеце прычын і вынікаў, тут можна казаць толькі пра адсутнасць свабоднай волі ў дасягненні празорства). У супрацьлегласць гэтаму, заслужаны дар адкрываецца некаторым рэлігійным людзям - строгім малітвеннікам, праведнікам, пустэльнікам. Надзвычайныя здольнасці з'яўляюцца пасля свядомага і працяглага, а таксама пакутнага пераводу сябе са сферы целесна-душэўнай у сферу духоўную. Тут экстрасэнсорныя здольнасці спалучаюцца з праведнасцю, а таму служаць пэўнай абаронай як людзям, на кім яны праяўляюцца, так і ўласна іх носьбіту.
 Страшна, калі нехта здольны чытаць думкі людзей. І тым больш страшна бачыць чужыя душы наскрозь. Некаторыя святыя айцы, сустрэўшы на сваім парозе невядомага прасіцеля, ужо бачылі, з чым ён да іх ідзе. Чулі нявымаўленае, бачылі нябачнае. Аналізуючы падобныя выпадкі, мы не намагаемся нічога даказаць, а проста ўказваем, што празорствы, відавочна, могуць рабіцца не метадам гадання, а, найхутчэй, з дапамогай пранікнення ў нейкае інфармацыйнае поле, дзе па меншай меры няма часавага падзелу.
У звязку з праблемай прадвызначанасці ўсяго існага, якую мы разглядалі, паўстае праблема вольнага выбару - ці ёсць ён у чалавека? І праблема гэтая, здаецца, інструментамі філасофіі невырашальная. Бо сама пастаноўка пытання патрабуе вельмі катэгарычнага адказу, тады як у Бозе наўрад ці можна аперыраваць плюсамі і мінусамі. Дый сама так званая бачная прырода пацвярджае ўсю складанасць Светабудовы, у якой не можа быць нічога катэгарычнага, адназначна і назаўжды вырашанага.
 Матэматычныя мадэлі, напрыклад, паказваюць дваістую прыроду святла (хвалевую і матэрыяльную), якое ёсць адначасова і электрамагнітным полем і часцінкамі - фатонамі. Існуюць тэорыі, якія спрабуюць тлумачыць Космас як насамрэч чатырохмерную прастору, а не трохмерную - як гэта ўспрымаецца нашым розумам. Сваёй невырашальнасцю славіцца нават старадаўняе пытанне пра яйка і курыцу - што з іх першапачатковае. Такіх пытанняў, калі прыгледзецца, шмат. І найгалоўнейшае з іх - гэта прыярытэтнасць матэрыі і духу: што чым народжана. З аднаго боку, розум не можа ўявіць існаванне ідэй у адрыве ад матэрыяльнага. З другога, цяжка ўявіць, каб мёртвая матэрыя, малекулы спараджалі ідэі.
 У святле вышэйсказанага можна праясніць і сітуацыю з праблемай чалавечага выбару. З аднаго боку, у нас ёсць ілюзія, што мы дзейнічаем адвольна з папраўкай на знешнія абставіны і перашкоды, што мы прынамсі хоць у нечым гаспадары свайму лёсу. З другога боку, яшчэ Спіноза ў XVII ст. даказваў у сваіх тэарэмах, з геаметрычнай (як яму здавалася) дакладнасцю, што ўсё на свеце жорстка дэтэрмінавана Тварцом і нічога выпадковага не бывае. І сапраўды, мы на гэта ўказвалі вышэй: паколькі час зваротнага напрамку не мае, то перайграць наноў свае жыццёвыя ролі нам не ўдасца ніколі; таму мы рухаемся строга па лініі лёсу і строга наперад, і маглі б мы завярнуць гэтую лінію свабоднай воляй ці не - пра тое застаецца толькі гадаць. Рэальнасць жа паказвае тое, што падзея ўжо адбылася, перайшла ў Поле Вынікаў і імгненна стала прычынай наступных падзей. Цягнік, так бы мовіць, пайшоў.
 І тым не менш у чалавека ўстойліва прысутнічае ілюзія, што ён нешта мог памяняць, што ён некалі памыліўся. Адсюль - так званыя згрызоты сумлення, пачуццё віны. Ужо толькі гэтыя незалежныя ад нас, прыродныя пачуцці ўказваюць, што за імі стаіць нейкая рэальнасць, а іменна магчымасць свабоднага выбару.
 Самі пачуцці, падкрэсліваю, могуць быць ілюзорнымі і нічога не даказваюць карэнным чынам, а толькі ўказваюць, што нехта, як ён мяркуе, валявым намаганнем нешта змяніў у сваім жыцці. Напрыклад, сябравалі два алкаголікі - адзін кінуў піць, завязаў, а ў другога не хапіла на гэта сілы волі. Аднак увага! Знешнія пабуджальныя прычыны і зыходныя ўнутраныя дадзеныя ў двух алкаголікаў не маглі быць зусім аднолькавымі. На аднаго маглі больш націснуць родзічы. У аднаго магла быць горшая схільнасць да гэтай хваробы на генетычным узроўні. У выніку адзін здолеў сябе пераламаць, другі - не. Здавалася б, у працэсе прысутнічае воля кожнага. Але пры пільным разглядзе бачна, што воля гэтая залежыць таксама ад знешніх абставінаў і ад генетычнага коду.
 Атрымоўваецца нейкая частковая, падзеленая, няпоўная воля чалавечай асобы. Дый, па вялікім рахунку, воля зыходзіць аднекуль знутры нас, ніхто не ўкажа на месца, дзе яна знаходзіцца, ці хаця б на яе вобраз у свядомасці. Таму цалкам апраўдана будзе выказаць меркаванне, што наша воля ёсць уласцівасцю Тварца і зыходзіць або не зусім ад нас, або зусім не ад нас. Акрамя таго, як указвалася вышэй, гэтая воля скажаецца знешнімі абставінамі і спадчыннымі схільнасцямі арганізма. І выходзіць, што казаць пра нейкае строга асабіста прынятае рашэнне - не выпадае. І найперш таму, што мы самі па сабе не асабістыя, а створаныя, прадстаўнікі, так сказаць, тварнага свету.
 Такім чынам, дуалізм чалавечай прыроды праяўляецца і ў свабодзе выбару. Палова аргументаў (і галоўнае, унутранае перакананне чалавека), што ён дзейнічае па сваёй волі. І палова аргументаў - за тое, што ўсё на свеце наканавана і дэтэрмінавана Тварцом.
 І нават хрысціянства, у якім індывідуальнасць душы і свабода выбару стаяць на пачэснай покуці, тым не менш прызнае, што будучыня ўсё-ткі вядомая Госпаду Богу і што нават валасок з нашай галавы на ўпадзе без Божага волявыяўлення. Спрабаваць прымірыць гэтыя супрацьлегласці логікай, як мы паказалі, немагчыма. “Рабі як належыць, і хай будзе як будзе” - гэтая мудрая прымаўка вырасла з не на пустым месцы.
Стаўшы на пазіцыю асобнага чалавека, агорнутага ілюзіяй, што ён уладар свайго лёсу, можна паспрабаваць разгледзець праблему ў наступным ракурсе. Жыццёвы досвед, прынамсі мой асабісты, паказвае, што ў залежнасці ад энергетычнай зараджанасці чалавека шчасце і беды або прыцягваюцца да яго, або адштурхоўваюцца. Перманентна замаркочаны чалавек - гэта патэнцыйны цяжка хворы або смяротнік. Заўчасны скон збольшага напаткоўвае людзей, горка расчараваных у жыцці (Лермантаў, Пушкін, Байран, Гогаль, Напалеон і г.д. - бясконца). У той жа час беды, хваробы і ўсялякія злыбеды саступаюць чалавеку, пакуль ён зараджаны нейкай дамінантнай ідэяй (Салжаніцын, Гётэ, Гюго). Таго ж Напалеона смерць не магла ўзяць за дваццаць гадоў несупынных войнаў, калі ён рызыкаваў так, што страціў пад сабой некалькі коней. Адлучаны ж ад дамінантнай ідэі, найвялікшы палкаводзец у выгнанні на востраве св. Елены даволі хутка зачах.
  Фаталіст скажа: Напалеон выканаў сваю місію і мусіў памерці. Антыфаталіст будзе пільнавацца прычыны, указанай абзацам вышэй: Напалеон сышоў на нізкі энергетычны (старэчы) узровень і таму хвароба (рак) забрала яго адносна маладым.
І яшчэ, веруючыя людзі менш падвержаны ліхім неспадзяванкам, чым людзі няверуючыя. Гэта адбываецца таму, што вернікі больш абачлівыя, ім менш замінаюць жарсці, яны больш кіруюцца розумам. Жарсці асляпляюць і могуць падштурхнуць да бяды. А могуць і не падштурхнуць, тут справа шанцу. Тады як вернік апрыёры больш самасвядомы і асцярожны ў выбары сваіх пуцявін.
Нельга не адзначыць у разрэзе тэмы лёсу такі бясспрэчны факт, што некаторыя людзі быццам бы прыходзяць на свет з гатовай душой мудрага старца. Гэта міжволі можа навесці (і наводзіла) на тэорыю рэінкарнацыі. Вершы геніяльнага паэта Лермантава ўражваюць сваім песімізмам пажылога, гадоў пад семдзесят чалавека, у той час як пісаліся некаторыя з іх, калі паэту не было і пятнаццаці. Яго часта называюць касмічным прышэльцам. Адкуль мог прыдбаць падлетак такую мудрасць і такі трагічны жыццёвы досвед - засталося б вечнай загадкай, каб толькі не мець пераканання, што дух наш нязменна знаходзіцца ў Вечнасці, пакуль душа спраўджвае зямны лёс. Душа Лермантава, відаць па ўсім, таму мела такое анамальна паскоранае развіццё, што чэрпала досвед праз сувязь з духам, які знаходзіўся ў Бозе. У звычайных людзей душа старэе згодна жыццёвага вопыту. У некаторых творцаў (дададзім сюды Гогаля, Эдгара По, Байрана, ранняга Дастаеўскага, і не толькі) душа азараецца каласальным вопытам непасрэдна ад духу, з вечных глыбінь. Гэта важны момант, бо падкрэслім, што жыццё згаданых творцаў у целе, нават жыццё душы не было такім трагічным, наколькі трагічна выяўляецца іхняя існасць у творчасці. Іншы чалавек пакутуе ўсё жыццё і застаецца аптымістам з ледзь не дзіцячай душою.
 Цяпер паспрабую наблізіцца да думкі, якая, даўно акрэсленая ў розуме, не магла ці не мела права праявіцца ў гэтым тэксце раней. Яна палягае ў тым, што я бачу любога свядомага чалавека неўміручым. Бо сама свядомасць указвае на прыналежнасць нашай душы да Тварца, у ёй, свядомасці, знаходзіцца цэлы матэрыяльны і духоўны Космас. Уявіць, што гэты Космас калі-небудзь знікне, немагчыма з прычыны таго, што наша жыццё на лінейцы Вечнасці - бясконца малая кропка. Тое, што мы зараз бачым гэтую вечнасць, гаворыць пра жыццё іншае, у якім мы перабываем і з якога глядзім на цяперашняе зямное жыццё, жыццё ў целе. З пункту гледжання Вечнасці мы ўжо памерлі (бо адрэзак жыцця знікаюча малы), або яшчэ не нараджаліся для зямнога жыцця. Бо адрэзкі да і пасля нас - бясконцыя ў параўнанні з мізэрным “тут і цяпер”.
 Гэтую ідэю, прызнаюся, лягчэй усвядоміць, чым выявіць словамі. Але для мяне яна больш відавочная, чым сцвярджэнне, што рука, якая піша гэтыя радкі, - частка майго цела. Калі б душа чалавека была смяротнай - наша жыццё нагадвала б існаванне, напрыклад, сабакі, які ёсць часткай прыроды і пазбаўлены свядомасці, а значыць, строга кажучы - самога жыцця. З вялікімі агаворкамі, жыццё сабакі - гэта наша з вамі жыццё да трохгадовага ўзросту, з якога мы, як правіла, не ў стане нічога згадаць, бо былі амаль што раслінай, нас - не было. Памерці ў немаўлячым узросце азначае не нарадзіцца душой. Але непазбежна заўважу, што ў адрозненне ад жывёл душа чалавечая хоць трохі ды праяўляецца нават у грудным узросце і, вынікае, не можа знікнуць бясследна ў нетрах Вечнага. Нездарма ў народзе казалі пра смерць немаўлятаў: душа ангельская адышла. А хто такі анёл? Гэта душа без цела і, адпаведна, без жыццёвага (зямнога) вопыту, таму анёл у міфалогіі - істота чыстая, беззаганная, як і немаўля. Пра жыццё ж жывёл пасля смерці меркаваць амаль немагчыма, бо яны неадрыўныя ад свайго цела, ад матэрыяльнай прыроды, часткай якой з'яўляюцца. Слова, Логас, Тварэц, самасвядомасць, а значыць, і Вечнасць ім не вядомыя і, здаецца, не даступныя. Хаця існуюць і процілеглыя меркаванні.
 З прыведзеных развагаў ясна, што ямчэй і камфортней у Вечнасці пасля смерці цела можа быць чалавеку духоўнаму, чым чалавеку душэўнаму. І ужо зусім кепска - плацкому, бо што ён там будзе рабіць без апарата, у якім увасоблена ўся яго існасць? Кажуць, што пекла - гэта калі душу чалавека разрываюць звыклыя зямныя жарсці, якія ён цяпер, без цела, не ў стане наталіць. П'яніца не можа напіцца, блуднік параспуснічаць, злодзей украсці, забойца забіць, тыран тыраніць і г.д.


5. Розныя душы, адзіная плоць

Што тычыцца шлюбнай сувязі, то яна, канешне, згодная з розумам, калі імкненне да палавых зносінаў спараджаецца не адным толькі вонкавым выглядам, але таксама і любоўю да нараджэння дзяцей і мудраму выхаванню іх...
                                           Б. Спіноза
 
Па словах апостала Паўла, любоў не шукае свайго, то бок мае поўную бескарыслівасць. Згодна з гэтым каханне, або палавая любоў, любоўю як такой не з'яўляецца. Нездарма ў многіх мовах свету паняцце кахання выдзяляецца асобным словам. Каханне акурат шукае свайго. У адваротным выпадку яно перастае быць каханнем, а становіцца звычкай, шкадаваннем, прыхільнасцю, сяброўствам, любоўю.
З усіх чалавечых інстынктаў каханне саступае па сваёй сіле аднаму толькі голаду. Бо інстынкт голаду ахоўвае ад памірання самае блізкае для чалавека - уласнае эга. Палавы ж інстынкт супрацьстаіць ужо выміранню роду. З аднаго боку, для прыроды род важнейшы за індывідуума. З другога, з індывідуумаў складаецца род. Таму ні пра які род не можа ісці гаворка, калі індывідуумы сканаюць ад голаду. Чаго не адбываецца з прычыны асноўнага інстынкту - патрэбы ў харчаванні.
 Варта зазначыць, аднак, што палавы інстынкт бывае мацнейшы за інстынкт самазахавання: шматлікія Рамэа і Джульеты канчаюць жыццё самагубствам, не ў змозе трываць пакуты неспатоленага палавога інстынкту. Жаданне палавых зносінаў і звязаныя з гэтым пакуты ў чалавека часта дасягаюць невыноснай, крытычнай сілы. Вялізная колькасць злачынстваў здзяйсняецца на гэтай глебе. І толькі апрытомнеўшы ад дэмана жарсці, часта ў турме, чалавек пачынае ўсведамляць усю недарэчнасць свайго ўчынку, у якім ён слугаваў насамрэч не сабе, а ненатольнаму дэману роду.
 Інстынкт роду настолькі неадхільна ачмурае чалавека, што, эгаістычна шукаючы ў каханні сваёй і толькі сваёй асалоды, ён часцяком адно пад старасць, калі суцішыцца палавая фізіялогія, пачытае цяміць, якой марыянеткай ён быў цягам дзесяцігоддзяў у руках той магутнай жарсці, што рэальна жыў не для сябе і нават не для шматлікіх каханых, а для таемнай, неадольнай, метафізічнай патрэбы.
 Каханне ёсць прынадай, на якую чалавека ловіць вопытны і няўмольны вудзільшчык - Жыццё. І калі б прынада не была такая вонкава прывабная і на першы смак салодкая, то ніхто б не згадзіўся дзесяцігоддзямі жыць з чужым целам, спалучаць пэўныя свае органы з яго органамі, атрымоўваць трывалую псіхафізічную залежнасць, несвабоду, тоесную наркаманічнай. (Наркаману таксама хораша са сваім палюбоўнікам - гераінам, а без яго хоць вешайся.)
 Наколькі дзіка і вычварна, для неачмуранага родавым інстынктам погляду, глядзяцца сексуальныя зносіны, можна праверыць на прыкладзе гомасексуалізму. Здаровага чалавека ад яго ванітуе. Тое самае ванітуе гомасексуаліста ад выгляду нармальных, гетэрасексуальных палавых зносінаў. (Гомасексуаліста жаночыя выпукласці не ўзбуджаюць, а падаюцца залішнімі, дысгарманічнымі.) З абодвух пунктаў гледжання - гэта дзікунства, гідота. І адно знаходзячыся ва ўладзе і наркотыку інстынкту роду, чалавек не бачыць у гэтым не толькі нічога заганнага, а наадварот - найвышэйшую асалоду.
 Што каханне - самы каварны зман, правяраецца не толькі згаданымі процілеглымі пунктамі гледжання, а і тым фактам, як найчасцей расстаюцца людзі, што, здаецца, кахалі адно аднаго больш за жыццё, - разыходзяцца з узаемнай агідай, праклёнамі, часта бойкамі і затоенымі, шматгадовымі крыўдамі. А аб'ект кахання, якога мы цяпер ненавідзім, як правіла, анітрохі не памяняўся з часоў, калі мы яго так моцна любілі. Проста тады яго недахопы глушыліся палавым прыцягненнем, нашы ж асабістыя заганы не выяўляліся ў ягоных прэтэнзіях з той жа прычыны. Прыцягненне аслабла - і заганы паперлі на вочы як плесня.
 Яшчэ. Ці стаў бы хто кахаць свой аб'ект, гэты ўвасоблены ідэал прыгажосці, калі ўявіць яго без скуры - гэтай танюткай абалонкі, што ператварае груду сырога мяса ў неверагоднае прыцягальнае хараство? Наўрад... А праўдзівей, каханне зменіцца агідай і жахам. А між тым усе прапорцыі цела захаваюцца і душа, уявім, застанецца той самай. Гэта фантазія, якая тым не менш паказвае ўмоўнасць палавога пачуцця, яго жорсткую інстынктыўнасць. На каханка са злупленай скурай наш арганізм не выдзеліць патрэбных для спаравання гармонаў. Што даказвае: каханне не залежыць ад волі чалавека, у ім няма як ягонай заслугі, так і заслугі партнёра. Яно служыць роду, прадукаванню здаровых нашчадкаў, а не палюбоўнікам, якія знаходзяцца ў змане. Палюбоўнік са злупленай скурай міжволі ўспрымецца нашай прыродай як анамалія, прырода ад яго адвернецца, і ніякім розумам і слушнымі довадамі не пераканаеш яе, што цела засталося нібыта такім жа прапарцыянальным, а душа - прыгожай. Не. Прырода беспамылкова вызначае: з гэтым аб'ектам, які не з'яўляецца жыццяздольным, здаровых нашчадкаў не нарадзіць; і камандуе: адыдзіся! “Клапан” закрываецца, каханне (якое ўяўлялася зліццём душ) рэзка заканчваецца.
 Такі экстрэмальны прыклад мы даём наўмысна, для ўразумення сутнасці рэчаў; у жыцці, зразумела, здараюцца не настолькі рэзкія пераходы, якія, тым не менш, прымушаюць ахаладзець да палюбоўніка з прычыны пагаршэння ягонай знешнасці, атрыбутаў (жонка раз'елася, атлусцела, муж пастарэў, страціў патэнцыю і г.д.). Але ў каханні не меншую ролю адыгрывае сацыяльны аспект, пра які пойдзе далей размова.
Чалавек - істота сацыяльная. Таму родавы інстынкт не можа не разглядацца ў гэтым аспекце, і трэба вельмі пастарацца, каб не прыкмеціць, што пары ў пераважнай большасці ствараюцца па прынцыпе выгады. То бок партнёры прыкідваюць, што можна прыдбаць у палавой лучнасці і ці не з'яўляецца каханак ніжэйшы па сукупнасці фактараў. Як правіла, знешнасць і заможнасць спаборнічаюць паміж сабой, знаходзячы кампрамісы. Часцяком у каханні бедная прыгажосць (маладосць) мяняецца на багацце і старасць. Ніводзін стары грашавіты мяшок яшчэ не ўзяў сваёй палюбоўніцай старую і непрыгожую. Ніводная бедная красуня не аддалася беднаму непрыгожаму дзеду. Трэба выразна ўяўляць, што дэман роду вельмі пераборлівы і ніколі не згодзіцца панізіць свой статус.
  Калі прыгажосць і маладосць прадаецца заможнай старасці, то родавы інстынкт супакоены тым, што будуць забяспечаны максімальна спрыяльныя ўмовы для нараджэння і гадавання нашчадкаў. Хай ад старога багацея маладзіца нараджае не бездакорна здаровых дзяцей - гэта кампенсуецца будучым матэрыяльным спакоем. У ідэале, канешне, бедная прыгажуня будзе імкнуцца сысціся і займець нашчадкаў ад маладога-прыгожага-багатага, але ж багацце і маладосць - рэчы ў сваім спалучэнні даволі рэдкія. Найчасцей на тое, каб прыдбаць статус заможнага чалавека, патрабуюцца гады, калі не дзесяцігоддзі. Таму шчаслівак, якія адхапілі сабе ідэальную палавіну, мізэрна малая колькасць. У то жа час гісторыя чалавецтва выдае цэлую галерэю так званых няроўных саюзаў, калі маладая жанчына спалучае свой лёс з багатым старцам. Гэта сацыяльна апраўдана, калі ўлічыць, што толькі ў апошнія гадоў пяцьдзесят колькасць багатых жанчын адчувальна ўзрасла. Раней жа маладая жанчына магла мець багацце, толькі паходзячы з нешматлікіх арыстакратычных родаў і атрымоўваючы пасаг як дарунак лёсу.
 Неабходна заўважым, аднак, што агульнае правіла - грошы павінны ісці да грошай - захоўвалася заўсёды і існуе па сённяшні дзень. Гэта значыць, што багатыя людзі ў асноўным ствараюць сексуальныя пары ў межах свайго кола зносінаў. Багатыя і па цяпер амаль не перасякаюцца з беднымі, таму нават выпадку пазнаёміцца ў прадстаўнікоў гэтых супрацьлеглых полюсаў не надараецца. А калі ўжо багацце і беднасць лучацца родавай сувяззю, то канструкцыя ў большасці такая: заможны лядачы старац, які па стане здароўя мусіць ужо адпачываць ад любоўных інтрыг, - і маладая прыгажуня з самым нізкім сацыяльным статусам, якая па сваёй бяспраўнасці павінна глядзець старцу ў рот і парушынкі з яго здзімаць (тады ён, магчыма, не абдзеліць яе ў завяшчанні).
 Такім чынам, гандаль дэмана роду палягае ў наступным: кампраміс паміж знешнасцю і сацыяльным статусам. Ясна, што само паняцце знешнасці ўключае ў сябе паняцці маладосці/старасці, прыгажосці/выродлівасці і здароўя/нездароўя. Першы, стыхійны, пасыл ідзе ад яе вялікасці прыроды: ніхто не стане есці гнілы яблык, і таму індывідуум імкнецца выбраць партнёра, ад якога ў будучым народзяцца прыгожыя здаровыя дзеці. Гэта неразумны, інстынктыўны пачатак кахання. Але да яго тут жа далучаецца сацыяльны пачатак (разумны) - індывідуум ацэньвае, ці зможа гэты партнёр забяспечыць годнае жыццё яму і нашчадкам.
 Па справядлівасці трэба ўвесці і трэці складнік кахання, які разам са знешнасцю і сацыяльным статусам рэальна ўплывае на канчатковае рашэнне дэмана роду. Гэта псіхалагічная сумяшчальнасць. Але ж з прычыны тонкасці і няпэўнасці гэтага аспекту большасць пар не ў стане прыняць яго пад увагу. Гэты складнік кахання самы каварны і знаходзіцца ў цяні двух папярэдніх; ён заяўляе пра свае правы найчасцей у самы нязручны момант - калі пачынае суцішвацца зман закаханасці і калі партнёры ўжо аблытаны дзецьмі і родава-сацыяльнымі сувязямі. Увесь драматызм сямейнага жыцця, усё тое, на чым трымаецца сусветная літаратурная драма, вынікае з псіхалагічнай несумяшчальнасці палюбоўнікаў і канфлікце яе з наладжаным побытам ды нязгаснай сексуальнай патрэбай. Душэўная несумяшчальнасць штурхае чалавека з кола сям'і, а шлюбны і бацькоўскі доўг не пускае. Толькі афіцыйная статыстыка разводаў (неафіцыйная куды больш красамоўная) паказвае, што адно невялікі адсотак сем'яў жыве гарманічна - у нармальным спалучэнні трох вышэйназваных складнікаў інстынкту працягу роду.
У сексуальным выбары людзей пануюць тыя ж правілы, што і сярод астатніх млекакормячых. Гэта натуральны адбор. Лепшыя гены (родавыя якасці) мусяць быць перададзены максімальную колькасць разоў, у той час як найгоршыя гены прырода лічыць за лепшае зусім не перадаваць. Таму самы варты ў гэтых адносінах мужчына можа мець за жыццё безліч сексуальных дачыненняў з самымі рознымі жанчынамі, а нягеглы прадстаўнік гэтага полу абмяжуецца мінімумам, а то і зусім пражыве без палавога партнёра. Прыкладна тое ж і адносна жанчын: прыгажосць нязменна падвяргаецца сексуальным атакам вялізнай колькасці мужчын, якія несвядома імкнуцца дзякуючы ёй палепшыць свой род.
 Выключнасць сексуальных дачыненняў людзей сярод астатніх млекакормячых толькі ў шырыні крытэрыяў, па якіх адбываецца выбар партнёра. Пра сацыяльны крытэрый мы казалі вышэй. З сацыяльным жа мяжуе той фактар, што, акрамя цялесных вартасцяў, якія гарантуюць здароўе нашчадкам, выбар ладзіцца яшчэ і па разумовым прынцыпе. То бок індывідуум намагаецца знайсці сабе такую палавіну, якая да ўсяго не абдзелена разумовымі здольнасцямі. Бо яны таксама перадаюцца нашчадкам. Розум у чалавечай супольнасці садзейнічае выжыванню і ўвогуле годнаму побыту. Таму да разумных чалавечыя адзінкі цягнуцца падсвядома, прырода ж тут адстойвае праз індывідуумаў выключна свае прагматычныя інтарэсы.
 Але ёсць адна тонкасць, якае не дазваляе наўпрост казаць, што разумны мае на рынку кахання адназначную перавагу перад тупаватым і недалёкім. Рэч у тым, што каханне любіць уладу, непадзельнае валоданне аб'ектам, партнёрам. Гэтае непадзельнае валоданне патрэбнае прыродзе для стабільнасці сямейных адзінак (рэўнасць мае тую ж прыроду), бо толькі стабільныя сем'і здатныя прадукаваць здаровых і жыццяздольных нашчадкаў. Дык вось, з гэтай прычыны прырода ўступае як бы ў супярэчнасць сама з сабою. З аднаго боку, розум - бясспрэчна вартая якасць меркаванага партнёра. А з другога, розум жа не дазволіць індывідууму быць жорстка падпарадкаваным. Разумныя людзі, як правіла, цэняць сваю самасць і адзіноту, ім недапушчальна цалкам растварыцца ў іншым чалавеку і згубіць свой унутраны свет. Таму разумных падсвядома цураюцца і адначасова да разумных падсвядома імкнуцца, бо розум, як ужо адзначалася, несумненна перадаецца нашчадкам і робіць іх больш жыццяздольнымі ў соцыуме.
 Часта можна назіраць такую карціну. Прыгожая, разумная і ганарлівая жанчына не мае сямейнага шчасця і пакутуе ад празмернай увагі да сябе разнастайных мужчын, якія не могуць з ёю ўжыцца. А непрыгожая дурніца лёгка знаходзіць сабе вартага мужа, раствараецца ў сямейным шчасці і дзецях. Мужчыны, трэба прызнаць, любяць дурніц, на якіх можна рэалізоўваць свае ўладалюбныя амбіцыі. Зразумела, прыгожая дурніца для іх лепшая за непрыгожую, але ж, на благі канец, падыдзе і такая - гэта будзе нашмат лепш, чым ваяваць з прыгожай разумніцай.
 Да таго ж трэба ўлічваць, што ў каханні найважнейшы момант адыгрывае лібіда, якое строга не залежыць ад знешнасці, прыгажосці і розуму. Гэта - прыродная цяга да супрацьлеглага полу. Той, каму ад прыроды найбольш неабходнае спараванне, заўсёды лягчэй і хутчэй знойдзе палавога партнёра. Бо самі пакуты, якія прыносіць сексуальны інстынкт, для яго мацнейшыя. Як галодны шукае магчымасці наесціся больш апантана, чым не галодны, так і чалавек з моцным лібіда, будзь ён і непрыгожы і неразумны, пакладзе ўсе сілы і пойдзе на любыя хітрыкі і ўніжэнні, каб наталіць гэты інстынкт.
Меркаванне некаторых мысляроў наконт таго, што сапраўднае каханне - тое, якое бурыць муры, прымушае ісці за сваім аб'ектам на край свету, а са стратай яго прыводзіць да трагедыі, - абгрунтавана ідэальным спалучэннем генаў закаханых, такім спалучэннем, ад якога народзяцца найбольш жыццяздольныя нашчадкі, - гэтае меркаванне я не магу падзяліць. Нягледзячы на ўсю слушнасць довадаў на карысць гэтай тэорыі, яна не ўлічвае важнага моманту, а менавіта таго, што каханне бывае непадзеленым, аднабаковым і дасягаць пры гэтым не меншай моцы, чым падзеленае. Таму казаць пра адзіную волю сляпой прыроды ў гэтым аспекце няслушна. Бо відавочна наступнае: дэман аднаго роду штурхае свайго прадстаўніка да сексуальнага аб'екта, у той час як дэман роду гэтага аб'екта таму працівіцца. Адзін чалавек бачыць свой ідэал так, што часта далёка не супадае з меркаваннем гэтага ідэала. Прасцей: Саша да шаленства кахае Машу, а Маша да яго абыякавая; і адначасова Маша моцна кахае Васю, які на яе не зважае, бо бачыць свой ідэал зусім у іншым абліччы.
  Цяпер паспрабуем разабрацца з атрыбутамі чалавечай знешнасці, якая з'яўляецца вызначальнай для полаў і выклікае прыцягненне або адпрэчванне.
Можна сцвярджаць аксіёмай, што жанчынападобныя мужчыны не падабаюцца жаночаму полу і, наадварот, мужчынападобныя жанчыны не выклікаюць у мужчын сексуальнага пожаду. Усё, здавалася б, проста ды ясна і не трэба далей тлумачыць. І тым не менш звернем увагу на тое, што ў прыродзе не бывае нічога беспрычыннага і беспадстаўнага, кожная дробязь мае свой сэнс. Так і са знешнасцю. Жаночая фігура прыцягальная для мужчын не таму, што яна такая прыгожая, а таму што мае сваю прыродную мэтазгоднасць. Спакон веку чалавецтва стала дзяліць сацыяльныя функцыі па палавым прынцыпе. Жанчыны выношвалі нашчадкаў, таму не маглі доўгі перыяд займацца паляваннем ды іншай цяжкай фізічнай працаю. Раней кантрацэптываў не было, таму стан цяжарнасці для здаровай жанчыны быў перманентным. Гэта штурхала соцыум да выразнага падзелу абавязкаў сваіх адзінак.
 Жанчыны займаліся гадаваннем нашчадкаў і ўтрыманнем хатняга агменю, унутранай гаспадаркай, тады як мужчыны, вызваленыя прыродай ад абавязкаў цяжарнасці, бралі на сябе іншыя грамадскія функцыі - палявалі, ваявалі, выконвалі тамлівую фізічную працу. З гэтай прычыны знешні выгляд полаў цягам тысячагоддзяў набыў выразна адрозныя рысы. У жанчын звузіліся плечы, пашырыўся таз, з'явіліся выпукласці (грудзі, ягадзіцы, клубы), якія раней заміналі б фізічнай актыўнасці, а цяпер, пры падзеле сацыяльных функцый, стваралі запас тлушчу, неабходны для кармлення нашчадкаў. Вялікія жаночыя выпукласці здавён цаніліся ў сексуальным аспекце - не з-за сваёй прыгажосці як такой, а з прычыны жывучасці роду. Жанчына з шырокім тазам лягчэй і бязбольней трывае роды, вялікія грудзі даюць больш малака, а тлушч на клубах дазваляе паспяхова перанесці перабоі з харчаваннем і не загубіць плод.
 Але варта зважыць на тое, што празмернасць у жаночых формах ніколі не цанілася мужчынскім полам. Прычына ў наступным: залішне развітыя формы, хоць і спрыяюць прадукаванню нашчадкаў, усё ж замінаюць галоўнаму - у барацьбе за выжыванне, бо змяншаюць спрыт і фізічную вынослівасць, а таксама наўпрост пагаршаюць стан здароўя. Да таго ж існуе крытычнае атлусценне, пасля якога жанчына страчвае рэпрадукцыйныя функцыі. Таму рэальны стэрэатып прывабнай жанчыны цягам тысячагоддзяў сфарміраваўся наступны: невысокая, ладна скроеная, з вузкай таліяй і ў меру шырокімі сцёгнамі, у меру вялікімі грудзьмі і ў меру поўнымі клубамі ды ягадзіцамі. Такі целасклад найболей аптымальны ў плане як выжывання роду ў цэлым, так і ў плане выжывання самога індывідуума, які не страчвае цягавітасць і спрыт.
 Аднак за апошнія гадоў пяцьдзесят у цывілізаваным свеце жаночы ідэал рэзка змяніўся. Мэрылін Манро была апошнім увасобленым узорам, што выпрацоўваўся традыцыяй. За ёй і да сённяшняга часу ствараецца дамінавальны вобраз жанчыны, якая не здатная ні выношваць нашчадкаў, ні карміць іх, ні гадаваць іх, прыкладаючы фізічныя намаганні. Сучасны жаночы ідэал белай цывілізацыі - гэта высачэзныя, дыстрафічна худыя, пласкагрудыя, вузкабёдрыя эфемерныя істоты. Гэтакае ўцялесненае антыздароўе і антыпладавітасць. І гэта заканамерна. Сучаснаму цывілізаванаму чалавеку нашчадкі амаль не патрэбныя, яны замінаюць радавацца жыццю і самарэалізоўвацца. Інстытут сацыяльных падтрымак і пенсій дазваляе раскошу не абзаводзіцца дзецьмі, якія будуць у старасці цябе даглядаць і карміць. Чорную ж работу белы чалавек перавальвае на прадстаўнікоў Афрыкі і Азіі. Гэта своеасаблівая падрыхтоўка да сыходу белай расы з гістарычнай арэны. Бо зразумела, што, не нараджаючы дзяцей, яна хуткімі тэмпамі вымра. Адначасова самі па сабе хілыя індывідуумы выжываюць дзякуючы дасягненням навукі і медыцыны, ім не патрэбны моцны целасклад, спрыт і вынослівасць. Функцыі рук і ног выконваюць аўтаматы, аўтамабілі, фізіялогію мацуюць лякарствы. Людзей жа для рабскай працы на белых народзяць чорныя і жоўтыя расы.
 Імкненне да жаночай худзізны набыло апошнім часам характар вар'яцтва і займела свой тэрмін - анарэксія. Гэта псіхічнае захворванне, пры якім жанчына свядома адмаўляецца ад ежы, баючыся папаўнець і страціць сексуальную прывабнасць, ідэал якой навязваецца тэлевізарам і глянцавымі часопісамі. У выніку арганізм пераладжваецца так, што ўжо не прымае ежу, і жанчына без адпаведнага прымусовага лячэння памірае ад дыстрафіі.
Тым не менш, нягледзячы на істотныя змяненні ў стэрэатыпах апошнім часам, галоўны прыярытэт у родавым адборы ідзе па накатанай каляіне вонкавых палавых прыкмет. Жанчын, як і раней, збольшага вабяць мужныя палавая партнёры: фізічна моцныя, у нечым брутальныя, з вялікай мускульнай масай, высокім ростам, з грубаватымі манерамі і грубаватым жа голасам. А мужчыны ўсё яшчэ працягваюць у сваёй большасці імкнуцца да жанчынападобных каханак: з неразвітымі плячыма, з адносна кволай мускульнай масай, з дастаткова вялікімі жаночымі выпукласцямі, маленькімі кісцямі рук і ступнямі, з мілавідным тварам і тонкім пяшчотным голасам; па-ранейшаму аддаецца перавага жанчынам невысокага росту.
 Адзін толькі рост цела вельмі істотна ўплывае на магчымасці сексуальнага выбару. Нізкі мужчына заўсёды мае ў гэтым праблемы. Часцяком вялікія людзі (Напалеон, Байран, Пушкін, Лермантаў, Чэрчыль) былі невысокія і кампенсавалі гэта выбітнымі якасцямі ў іншых сферах жыцця. То бок невысокі мужчына падсвядома імкнецца або накачаць мускулы, або разбагацець, або займець уладу над людзьмі з дапамогай мастацтва ці зброі - усё гэта насамрэч для таго, каб павялічыць свой статус на рынку кахання. Багатага і ўплывовага будуць кахаць, незалежна ад яго росту, прыгажосці і ўзросту. У той жа час адзін толькі высокі рост, пры абсалютнай адсутнасці іншых станоўчых якасцяў, робіць мужчыну прывабным для патэнцыйных партнёрак.
  Што датычыць жанчын, то назіранні паказваюць адваротнае: невысокія мініяцюрныя дзяўчаты маюць большы выбар палавых партнёраў. І сапраўды, іх могуць дамагацца як нізкія, малыя мужчыны, так і высачэзныя, волаты. Бо сацыяльны статус мужчыны не паніжаецца ад нізкай партнёркі, тады як на высокую жанчыну з нізкім палюбоўнікам людзі глядзяць з непавагай, маўляў, магла б адшукаць сабе больш вартага каханка, каб не псаваць род нізкарослым. Сярэдняга росту жанчыны - пры, зразумела, прывабнай знешнасці - таксама не маюць асаблівых праблем з палюбоўнікамі, хоць прыкметна саступаюць мініяцюрным саперніцам, асабліва калі ў тых багатыя формы і харошанькі тварык. А вось высачэзныя жанчыны заўсёды мелі істотныя праблемы з палавым выбарам. Сярэднестатыстычны мужчына камплексуе перад жанчынай, якая вышэйшая за яго ростам. Такім жанчынам трэба шукаць высокіх мужчын. Складанасць гэтага пошуку ў тым, што ўсе высокія мужчыны моцна цэняцца на рынку кахання і разбіраюцца “на ўра” мініяцюрнымі і сярэдняга росту жанчынамі, якія дамінуюць у людской супольнасці.
 У прынцыпе, каб не сацыяльны фактар і выкліканы ім псіхалагічны бар'ер, то высокія жанчыны ў глыбіні душы не супраць сысціся з невысокім мужчынам. Больш за тое, ён насамрэч для іх больш патрэбны, чым мужчына высокі. Бо толькі з нізкім мужчынам высокая партнёрка зможа выправіць родавае адхіленне і нарадзіць нашчадкаў сярэдняга, а значыць, дамінавальнага росту. Але ж большасць жанчын апасаюцца косых позіркаў з боку соцыуму на сябе і свайго нізкарослага партнёра. Тыя ж высокія жанчыны, што адольваюць такі псіхалагічны бар'ер, як правіла шчаслівыя ў асабістым жыцці з невысокім партнёрам, бо ён як бы пасылаецца ёй самой прыродай для паляпшэння дамінанты нашчадкаў. У інтымным жа жыцці рост не мае асаблівага значэння. Вядомыя выпадкі, калі ў нармальнай жанчыны муж карлік.
Гэты прынцып пераносіцца на іншыя якасці партнёраў: кожны шукае ў палюбоўніку выпраўлення сваіх слабых (ці адмоўных), празмерных якасцяў: агрэсіўны імкнецца да спакойнай, худы да поўнай, тупаватая да разумнага, лідэр да аўтсайдэра і г.д. Бо на выхадзе, у нашчадках, худзізна кампенсуецца паўнатой, агрэсія спакоем, тупасць разумнасцю і г.д. Важна: разумны рэдка сыходзіцца з разумным таму, што розум мае на ўвазе дамінаванне, а яго лягчэй дасягнуць, сышоўшыся з партнёрам невялікага розуму.
 Такім чынам, большасць пар трымаецца прыроднага парытэту: мужчынскія індывідуумы і вышэйшыя і цяжэйшыя за сваіх партнёрак у пераважнай большасці выпадкаў; і - разумнейшыя. Таму падрахуем істотнае: найбольш прывабныя на рынку кахання высокія мускулістыя разумныя мужчыны і зграбныя мініяцюрныя жанчыны з багатымі формамі і невялікага розуму. (Што мужчыны любяць харошанькіх дурніц - гэта шматвяковая аксіёма.)
 Цяпер варта зазначыць, што як толькі грамадства губляе свой патэнцыял, як толькі выжыванне родаў перастае вымагаць вялікай фізічнай сілы (як гэта адбываецца з белай цывілізацыяй), то прырода рэагуе не марудзячы. У цывілізаваным свеце, які мала працуе фізічна і не зазнае частых глабальных войнаў, перастаюць прадукавацца мужчыны-воіны і жанчыны, здольныя нараджаць і гадаваць шматлікіх здаровых нашчадкаў. У мужчын зніжаецца мускульная маса, нягледзячы на звышякаснае харчаванне; паніжаецца вынослівасць сардэчна-сасудзістай сістэмы, знікае агрэсія і маральныя прынцыпы мужнасці, так званы мужчынскі характар. Бо насамрэч сапраўдным мужчынам і сапраўднай жанчынай быць вельмі цяжка. Мяркуйце самі: гісторыя чалавецтва - гэта гісторыя войнаў і барацьбы з прыроднымі стыхіямі. Мужчыны спакон веку ваявалі і цяжка змагаліся за кавалак хлеба для роду. Жанчыны ж не ваявалі, але працавалі не менш цяжка, да таго ж насілі, нараджалі, кармілі і выхоўвалі дзяцей.
 Цывілізаваная сучаснасць зняла з абодвух полаў практычна ўсе функцыі: войнаў, цяжкой фізічнай працы і нават выношвання і гадавання нашчадкаў. Ідэал сучаснай пары каханкаў: мець многа грошай, асабліва не ператамляючыся на няпыльнай працы, а грошы гэтыя траціць “на сябе”: якасную ежу і шматлікія забавы. Калі ж здараецца няшчасце зацяжараць, то медыцына заўсёды кваліфікавана і бяспечна вызваліць іх ад гэтай праблемы. У прыродзе ўзнік крытычны парадокс: палавы акт, які самой прыродай накіраваны на адно - працяг роду, выкарыстоўваецца белым чалавекам на 99,9 адсоткаў з дакладнасцю да наадварот: не зацяжараць ні ў якім разе. Адсюль татальны развал інстытута сям'і ў “белым” свеце і захворванні жаночых палавых органаў - гэтым чынам прырода працівіцца і карае.
З маральнага пункту гледжання аборт нічым не адрозніваецца ад забойства неразумнага немаўляці. Але чалавек мае ўласцівасць замяняць прыроднае чуццё віны на грамадскае апраўданне: аборты дазволены, значыць нічога заганнага тут няма. Насамрэч жа кожная другая сям'я цывілізаванага свету - гэта забойцы-змоўшчыкі, групавыя забойцы і месца ім у камеры смяротнікаў. Можна схавацца за грамадскімі законамі, але ад сумлення і Божага суду не схаваешся: яны рэжуць сваіх дзяцей і нават не хаваюць, а выкідаюць трупы на сметніцу. Гэты грэх пануе над людзьмі ўсё жыццё і выліваецца ў шматлікія няшчасці, хваробы, заўчасную смерць; прыродзе не патрэбныя бясплодныя, і яна сцірае іх з твару зямлі.
 Нежаданне людзей белай цывілізацыі дзяліць прыродныя функцыі паміж поламі прыводзіць да таго, што рэзка павялічваецца адсотак гомасексуалістаў, які можа зрабіцца крытычным. Гомасексуалізм - гэта прыхаваная боязь несці крыж свайго полу, таму што, як ужо казалася, быць мужчынам і жанчынам (сапраўднымі) вельмі складана, адказна. Мужчына ў нармальных умовах - гэта прадстаўнік групы рызыкі (войны, стрэсы, жыве менш за жанчын). А нармальная жанчына - гэта пастаянная цяжарніца і парадзіха з усімі звязанымі з гэтым фізічнымі невыгодамі. Жанчыну засмучаюць непаслушэнствам дзеці, ёй памыкае, а часам і б'е, муж. Ад лесбіянкі ж, сваёй партнёркі, не зацяжараеш, і кулак у яе не такі важкі. А спадару гомасексуалісту не трэба ўдзельнічаць у мужчынскіх разборках, ваяваць, біцца, ну і партнёр-гомасексуаліст не прынясе непажаданы прыплод. Адным словам, добра ўсім, акрамя таго, што не нараджаюцца нармальныя дзеці і соцыум хутка перастае існаваць, замяшчаючыся іншым, больш прымітыўным (азіяцкім, афрыканскім) і жыццяздольным соцыумам.
Яшчэ пару слоў пра гомасексуалізм. Назіранні паказваюць, што ніякага апраўдання ў плане генетычнай схільнасці пры такіх перверсіях быць не можа. Гомасексуалізм мае ўсе прыкметы граху, накшталт п'янства, курэння, алкагалізму, наркаманіі, мацюкання і г.д. Сказаць, што нехта прыродай запраграмаваны стаць наркаманам - глупства. Проста ў аднаго такі псіхічны склад, што ён малаверагодна падсядзе на іголку; склад жа псіхікі другога дае большую верагоднасць трапіць у залежнасць. Аднак значна больш, чым генетыка, на разнастайныя заганы ўплывае асяроддзе. Напрыклад, у войску і на турэмнай зоне амаль усе кураць і мацюкаюцца. Ці значыць гэта, што ў войска трапляюць усе са стоадсоткавай схільнасцю да курэння? Абсурд. Тое самае і з гомасексуалізмам - асяроддзе, дзе ён дазволены і нават сацыяльна вітаецца, спараджае новыя і новыя адзінкі гомасексуалістаў, якія б пры іншых умовах не ўпалі ў садомскі грэх.
  Але ж вернемся да кахання ў нармальных яго праявах. Бо нават у гетэрасексуальным плане інстынкт гэты ў сілу сваёй магутнасці ўяўляе сур'ёзную небяспеку для яго носьбітаў - для ўсіх так званых нармальных людзей. Для ўтаймавання гэтага інстынкту і максімальнага яго накіроўвання на карысць як індывідуумаў, так і супольнасцяў, чалавецтва не прыдумала нічога лепшага, як звычайная, спакойная і шматдзетная сям'я. Толькі там звер кахання надзейна закілзаны і пры пэўных спрыяльных умовах не толькі зусім небяспечны, але і ласкавы. Каб усе жанчыны мелі сем'і і перасталі глядзець “налева”, то большасць чалавечых грахоў і злачынстваў зніклі б з твару зямлі. Але гэтага не адбываецца праз розныя прычыны, шматстайнасць якіх у рамках гэтага раздзела я не бяруся разгледзець.
 Назаву толькі асноўную: татальная і перманентная нераўнамернасць усяго існага - у тым плане, што пэўны адсотак мужчын самой прыродай прызначаны для максімальнай перадачы сваіх звышжыццяздольных генаў, тады як яшчэ большы адсотак мужчын - пустацветы, якія калі і перадаюць свае гены нашчадкам, то робяць гэта вяла і не ў стане зрабіць з гэтых нашчадкаў здаровых і сацыяльна актыўных людзей. Адсюль - адзінокія або незадаволеныя жанчыны, якіх мусяць абслугоўваць гіперактыўныя самцы-мужчыны, што называецца - гуляць налева. Такія мужчыны могуць за жыццё стварыць некалькі сем'яў, шчыра кахаць жонак і быць выдатнымі бацькамі да пэўнай мяжы - пакуль не пачуюць уладарны покліч прыроды на стварэнне новага роду. Тады яны, як правіла, рэзка ахалоджваюцца да ранейшай сям'і, цалкам забываюць жонак і нават дзяцей і з не меншым імпэтам будуюць новае гняздо, дзе выводзяць новых нашчадкаў. Усё ў іх як бы шчыра і гарманічна. Яны часта някепскія людзі, проста цалкам кіруюцца прыродным інстынктам, супрацьстаяць якому не ў змозе.
 І ўсё б выдатна, каб пасля такіх актыўных самцоў не заставаліся раскіданыя гнёзды з колішнімі жонкамі і дзецьмі, каб яны, імкнучыся да новай самкі, не бурылі яе існую сям'ю, каб не спараджалі сваімі паводзінамі грэх, што расце нібы снежны ком і налеплівае на сябе новыя і новыя душы. Таму свет “патанае ў граху” і грэх гэты, прынамсі так бачыцца, непазбыўны. Прымусіць замужніх жанчын не паддавацца на спакуслівы покліч гіперсамца - тое самае, што розумам утаймаваць сваё жаданне наталіць голад. Бо гэта голас усеўладарнай прыроды, якая патрабуе дзейнічаць на яе карысць, прадукаваць здаровых, сацыяльна і сексуальна актыўных нашчадкаў. А яны найбольш плённа нараджаюцца ад гіперактыўных мужчын, якія з'яўляюцца разбуральнікамі чужога сямейнага шчасця. Замкнёнае кола. Выйсце з яго, як паказвае гісторыя чалавецтва, толькі ў рэлігіі (прыклад: мусульманскія краіны) і жорсткіх правілах соцыуму (пабіванне няверных жонак каменнем). Словам, дэману роду можа супрацьстаяць толькі страх Божы і страх смерці (як кара за нявернасць). Цывілізаваны ж свет, свет белых людзей, даўно пазбавіў сваіх адзнак ад гэтых двух страхаў. Таму грэх і звязаныя з ім пакуты раскілзаныя.
На тэму кахання можна размаўляць бясконца, але ўсё на свеце мае свае разумныя межы. Таму трэба сяк-так закругляцца. Пазначым толькі асобныя моманты, што былі вышэй упушчаны, а таксама яшчэ раз акцэнтуем увагу на ўжо разгледжаных вузлавых пытаннях гэтай праблемы.
 Інстынкт роду ўсяго жывога настолькі важная рэч, а імкненне працягнуць чалавечы род - рэч важная, так бы мовіць, у квадраце, што прырода парупілася надзяліць чалавека найвышэйшай сексуальнасцю сярод усіх млекакормячых. Чалавек, у адрозненне ад большасці сваіх жывёльных сабратаў, гатовы да спаравання цэлы год і круглыя суткі. Пачынаючы з гадоў дванаццаці і нярэдка да сямідзесяці пяці гадоў нармальны мужчына захоўвае рэпрадукцыйныя функцыі. Гэтым фактам прырода нібы падкрэслівае выключнасць чалавечага племені, важнасць задачы, якую яна на яго ўскладае і сваю турботу за наяўнасць яго на твары зямлі. Прырода прадугледжвае і тое, што чалавеку наканавана мець вельмі мала часу на любоўныя гульні - з прычыны звышзанятасці асноўнай задачай: перайначваць сусвет. Таму чалавек мусіць быць здольны спаравацца пры любой зручнай магчымасці, быць перманентна гатовы да гэтага, як салдат да каманды “ў ружжо”.
 Каханне ў людзей, як ужо адзначалася, моцна абапіраецца на сацыяльны фактар. Яно як бы пастаянна азіраецца на соцыум, а таксама выкарыстоўваецца індывідуумамі для прасоўвання па сацыяльнай лесвіцы. Асноўная схема такога ўзыходзячага руху: маладосць ці прыгажосць мяняюцца на багацце ці ўладу.
 Вакол інстынкту роду, без перабольшвання, круціцца львіная доля чалавечых варункаў, а таксама літаратура, мастацтва, музыка і спадарожныя ім кінематограф, тэатр ды інш. Вузлавы канфлікт і рухальны механізм тут наступны: індывідуум хоча аднаго, а дэман роду жадае іншага. Калі гэтыя жаданні супадаюць - чалавек кароткі тэрмін шчаслівы; калі разыходзяцца (што спрэс і паўсюдна) - чалавек пачынае пакутаваць. Найвялікшыя літаратурныя шэдэўры (“Пакуты маладога Вертэра”, “Анна Карэніна”, “Рамэа і Джульета” і г.д.) - менавіта пра гэты адвечны канфлікт.
 Блуд з'яўляецца безумоўным грахом і, як усякі грэх, спараджае ланцуговую рэакцыю, дзе ў пакуты ўцягваюцца ўсё новыя чалавечыя адзінкі. Дзіцё, выгадаванае ў сям'і, дзе бацькі не любяць і здраджваюць адно аднаму, рэдка здольнае ў будучым стварыць здаровую сям'ю. А толькі ў такой сям'і сярэднестатыстычны чалавек можа мець адноснае шчасце і паўнавартасную самарэалізацую. Таму ўсе рэлігіі свету надаюць такое агромністае значэнне шлюбу, яго непарушнасці, таму разводы, здрады і блуд так асуджаюцца ў грамадстве, а часам і сурова караюцца. Бо для чалавецтва няма нічога асабіста-недакранальнага, нельга ўявіць нікога па-за соцыумам, у якога ёсць на асобнага чалавека ўсе паўнамоцтвы. За парушэнне законаў соцыуму людзі нясуць пакаранне. Размова пра тое, што двое кахаюць адно аднаго, будзь яны “чужыя” жонкі-мужы, гомасексуалісты ды інш., і што нікому да гэтага не павінна быць справы, - размовы на карысць бедных. Грэх мае ўласцівасць распаўзацца як ракавая пухліна, таму традыцыйнае грамадства заўсёды ўмешвалася ў асабістыя заганы людзей, каб не атручваліся гэтым ядам пакуль што здаровыя яго адзінкі.
 Гомасексуалізм, калі яму не выставіць заслону, вядзе да паўнапраўнасці аднаполых шлюбаў, а значыць, да права ўсынаўлення сіротаў такімі сем'ямі, а значыць, да гадавання ўшчэмленых маральна чалавечых адзінак, а ў перспектыве і да сямейнай педафіліі з усімі вынікаючымі наступствамі. Бо хутка ў законе будзе прапісана: калі дзіцё не супраць, то педафілія дапускаецца (па аналогіі: два гомасексуалісты не супраць - і гэта законна). Падобны падыход разложыць грамадства данельга і прывядзе да катастрофы, якой скончылі Антычнасць, Старажытны Рым і яшчэ некаторыя цывілізацыі. На месца высокацывілізаваных маральных вырадкаў зазвычай прыходзяць варвары, якія шануюць паняцце здаровай гетэрасексуальнай сям'і.
 У раздзеле пра інстынкт роду мы паспрабавлі разгледзець праблему, здзёршы з яе ўсе рамантычныя карункі і міфы, якія ўласцівыя чалавечаму ўспрыманню. Людзям уласціва апранаць каханне ў святочна-салодкія строі. Толькі вось скалечаныя ў родавай калатнечы душы, усе гэтыя самагубныя Рамэа і Джульеты не даюць нам адступіцца ад ісціны. Неўтаймаваны інстынкт роду, не закілзаны нармальным шлюбам і адпаведнымі законамі грамадства, нясе ў сабе вялізны адмоўны патэнцыял як для грамадства, так і для асобных людзей. 


6. Праз церні да пустаты

Космас ва ўяўленні людзей розных гістарычных эпох істотна мяняўся. Але гэтае ўяўленне не нашмат змяніла свядомасць самога чалавека. Стварэнне больш-менш аб'ектыўнай і рэчаіснай карціны космасу, здзейсненае сучаснай навукай, не адказала ні на адно з праклятых і вечных пытанняў, якія хвалявалі і працягваюць хваляваць людзей. Бо чалавеку, па вялікім рахунку, усё адно - плоская зямля ці шарападобная, абарачаецца Сонца вакол Зямлі, ці Зямля вакол Сонца. На яго жыццё і на яго шчасце гэта ніяк не ўплывае. Чалавек баіцца болю і страты - а адкрыццё касмічных панарам яго ад іх не ратуе. Чалавек прагне кахання і славы - чым можа касмалогія ў гэтым дапамагчы? Чалавек не хоча старэць і паміраць - у гэтым яму ніяк не паспрыяе досвед пра светабудову. І нарэшце, спадзяванні некаторых атэістаў на тое, што палёты ў космас адаб'юць у чалавека веру ў Бога, не спраўдзіліся. Ну паказалі чалавеку, што і неба няма, а ёсць вакуум, і Бога на небе ніхто не згледзеў. Як быццам яны не разумелі, што неба ў рэлігіях - катэгорыя вобразная (вобласць па-за бачным жыццём), а Бога толькі наіўныя спадзяваліся памацаць рукамі. Прырода рэлігійнага пачуцця застаецца трывалай ва ўсе часы, і яго навукай асабліва не выб'еш. Бо навука і рэлігія дзейнічаюць у розных сферах, не перасякаючыся. Навука мае справу з бачным і доказным, са зменлівым і смяротным. Рэлігія - з нябачным, духоўным, містычным, сутнасным, трансцэндэнтным, са светам першародных ідэй - з тым, што выпадае з жорсткіх законаў рэчаіснасці.
  Здаецца, што навука дасягае адваротнага таму, да чаго імкнецца. Яна адкрывае такія глыбіні і такія найскладанейшыя структуры светабудовы, што сама ніякавее перад імі і мусіць прызнаць неверагодную мудрасць і веліч Тварца. Касмічныя адлегласці і тэмпературы ўражваюць. Матэматычныя мадэлі не могуць пэўна растлумачыць, якім чынам гэта магло быць створана. Тэорыі высоўваюцца адна за адной, разносяцца ўшчэнт, аспрэчваюцца наступнымі версіямі, якія таксама па першым часе лічаць сябе адзіна правільнымі.
 Адметна, што навука не абвергла і, як ужо відаць, наўрад ці калі абвергне біблейскі пастулат аб адзінкавасці жыцця на планеце Зямля, аб тым, што гэта цэнтр Светабудовы. І сапраўды, сутыкнуўшыся з непераадольнасцю хуткасці свету, навука мусіць прызнаць, што не знаходзіць магчымасці зносінаў паміж зоркавымі сістэмамі, што даляцець ад зоркі да зоркі немагчыма. Што гэта азначае, як не тое, што зямляне адлучаны назаўжды ад Сусвету і мусяць жыць сваімі зямнымі праблемамі, а кожны чалавек - яшчэ і сваім унутраным светам? Бар'ер хуткасці свету паказвае нам тое, што ўсе іншапланецяне, якіх нібыта бачылі сведкі, - найхутчэй прадукт нашай свядомасці. Рэальнае адно - зямное жыццё і духоўны свет. Усялякія талеркі, прышэльцы - гэта тыя ж дэманы іншасвету, якія ва ўсе часы прымалі тыя абліччы, якіх чалавек палохаўся і адначасова цікаўна жадаў пабачыць. Раней тое былі чэрці, ваўкалакі, русалкі, лесуны ды іншая нечысць. Мы не абвяргаем, што людзі сапраўды бачаць “талеркі”, а кажам толькі пра іхнюю сапраўдную прыроду. Бо ў сярэднявеччы ніхто талерак не бачыў, а назіраў усялякіх рагатых і хвастатых - тое, чым была заклапочана грамадская свядомасць.
 Навука, ускосна даказаўшы адсутнасць існавання іншых касмічных цывілізацый (бо выразна даказала адсутнасць магчымасці кантактаў, што адно і тое ж па сутнасці), як бы схіляе нас заняцца нарэшце сваім унутраным светам, не спадзявацца, паляцеўшы да іншых дабрадатных зорак, вырашыць свае зямныя і духоўныя праблемы, а адольваць іх звычайнымі, праверанымі, даступнымі сродкамі: грамадскай мараллю, мастацтвам, рэлігіяй. Уразумеўшы, што ад касмічнага неба нічога не дачакаешся, цывілізаваны чалавек павінен засяродзіцца на ўнутраным, містычным небе, небе ў першапачатковым рэлігійным значэнні.
 Шмат гадоў, нават дзесяцігоддзяў даражэзныя радыёабсерваторыі сканіруюць Сусвет, пераключаючыся з зоркі на зорку, з галактыкі на галактыку. Але ж ловяць у эфіры адзін мёртвы шум, тыя фонавыя хвалі, якія засталіся ад, як сцвярджае навука, часоў Вялікага Выбуху, калі ствараўся Сусвет. Вялікаму Выбуху мы яшчэ пачакаем паверыць, а вось таму, што цэлы Сусвет, са сваёй незлічонай колькасцю зорак і планет, не пасылае ў эфір ніводнага разумнага сігналу, наводзіць на пэўныя меркаванні. Бо калі разумнае жыццё - рэч не унікальная, а Зямля не цэнтр Светабудовы, то космас павінен, па тэорыі верагоднасці, літаральна кішэць разумным жыццём, якое будзе спрабаваць звязацца з сабратамі па розуме. Калі ловіцца ў эфіры слабы шум, якому мільярды гадоў, то ўжо звышразвітая цывілізацыя магла б паслаць упарадкаваныя сігналы ў бок нашай галактыкі, нашай групы зорак, нашага Сонца. У адным толькі Млечным Шляху жыццяў на планетах магло б быць неймавернае мноства - менавіта таму, што ў космасе адны і тыя ж матэрыяльныя законы і адны і тыя ж элементы табліцы Мендзелеева, як бачна са спектральнага аналізу. Матэматычныя мадэлі строга паказваюць, што вакол нас павінна быць безліч планет, дзе разумныя жыцці знаходзяцца на такіх жа стадыях. Чаму яны не хочуць з намі звязацца, калі радыёхвалі гэта дазваляюць зрабіць? Ці не таму, што іх проста няма?
 Але мы працягваем сканіраваць нашу галактыку і Сусвет, хоць істотнай карысці гэта не прынясе. Тут хутчэй прыносіць карысць сам працэс дапытлівасці і расчаравання, якое прыйдзе следам як непазбежнасць. Расчараванне ж у тупіковым - гэта заўсёды адпраўная кропка да новай спробы, спробы пошукаў ісціны.
Пануючай тэорыяй узнікнення Сусвету на дадзены момант з'яўляецца тэорыя Вялікага Выбуху. Паспрабуем паглядзець на яе крытычна і патлумачыць, так бы мовіць, на трох пальцах, што ж яна з сябе ўяўляе. Мелася нейкая бясконца малая кропка ў якой чамусьці была засяроджана ўся маса і ўся энергія будучага Сусвету. З зусім незразумелых прычын гэтая кропка выбухнула, і матэрыя ды энергія паляцелі ва ўсе бакі. Гэтак палічылі таму, што вызначылі з дапамогай астранамічнага, фізічнага і матэматычнага апаратаў так званы разлёт галактык. Навукоўцы мяркуюць, што ўсе яны ляцяць ад адной кропкі Сусвету, якая і з'яўляецца кропкай Вялікага Выбуху. Па меры свайго разлёту ад умоўнага цэнтру матэрыя фарміравалася ў групы, з якіх па законах гравітацыі ўтвараліся зорныя сістэмы: зоркі, планеты, спадарожнікі, каметы, астэроіды, метэарыты.
 Паводле тэорыі Вялікага Выбуху, першапачатковая матэрыя мела зусім простую структуру, аднак у гэтай простай структуры ўжо было закладзена ўсё: будучая табліца Мендзялеева, разнастайныя фізічныя, хімічныя, матэматычныя законы, а таксама законы эвалюцыі ад простага да складанага, сам чалавек з яго рэлігійным пачуццём, з цягай да навукі творчасці... Ужо толькі гэты апошні сказ выклікае непарушнае сумненне ў адным: як у патоку мёртвай стыхійнай, выбуховай энергіі магло ўтрымлівацца ўсё пералічанае? І адказ наводзіць на думку, што або ніякага Вялікага Выбуху не было, або, калі ён і адбыўся, то была яшчэ нейкая знешняя сіла, якая дала законы, па якіх фарміраваўся Сусвет. Сумненні справядлівыя, таму што ад прадстаўнікоў розных навуковых галінаў мы толькі і чуем выказванні кшталту: па законе гравітацыі, па законе хіміі, па законе развіцця жывых арганізмаў, па законе фарміравання сацыяльных структур і г.д. І заўсёды мяркуецца, што законы гэтыя - дадзенасць, якую адно адкрываюць вучоныя. Таму відавочна, што тэорыя нейкага неразумнага, сляпога Вялікага Выбуху моцна кульгае, раз у гэтых, умоўна кажучы, мізэрных найпрасцейшых шарыках, што пачалі свой імклівы разлёт ад адзінай кропкі, адпачатку закладзена столькі ўсяго ўсякага.
 Дый з чыста кінетычнага пункту гледжання тэорыя разлёту матэрыі ад адзінай кропкі апошнім часам дала магутную трэшчыну. Навукоўцы нечакана выявілі, што галактыкі, аказваецца, не проста разлятаюцца ад першакропкі, а ажыццяўляюць гэта з пэўным паскарэннем. Карацей, нібы ім у адно месца ўстаўлены рэактыўны рухавік, што і дае гэтае дзівоснае паскарэнне. У нашага Сонца такіх “матораў” прынамсі не выяўлена. І, прызнаемся, гэта неверагодна, як неверагодна і тое, каб нешта ляцела ў вакууме з паскарэннем без рухавіка. Нешта не састыкавалася ў астраномаў і фізікаў. Але гэта такі народ, што ніколі не бядуе і нават мацуецца цяжкасцямі ды перашкодамі. Тут жа як грыбы палезлі новыя гіпотэзы. Адна з якіх мне падаецца цікавай: навукоўцы ўявілі, што Сусвет наш насамрэч мае не трохмерную прастору, а чатырохмерную. Таму мы і бачым нейкае паскарэнне разлёту, якога не можа быць, бо наш мозг, маўляў, успрымае толькі трохмерныя катэгорыя. Каб было ясна, уявім плоскую стужку, перакручаную адзін раз і злучаную канцамі ў кола. Для нейкай двухмернай істоты, якая паўзе па ёй, свет будзе двухмерным увесь час, і яна не заўважыць, што апісвае кругі ў трохмернай прасторы і перыядычна вяртаецца ў тую ж кропку. Для нас жа, што назіраюць з пункту гледжання трохмернага свету, гэта відавочна: істота рухаецца ў трохмерных катэгорыях, хоць справядліва мяркуе, што паўзе ў двухмерным свеце.
 Такім жа чынам нам прапаноўваецца дапусціць (а не ўявіць, бо нашым розумам гэта немагчыма) чатырохмерную галактыку, якую мы бачым толькі ў трохмерных катэгорыях. Прынамсі, матэматычныя мадэлі апісваюць наколькі заўгодна шматмерны свет з такой жа лёгкасцю, як і двухмерны, і трохмерны - крайні, для нашай фантазіі. Падаецца, у такой тэорыі можа быць рацыя. Тым больш што вучоныя выявілі і яшчэ адзін цікавы факт: агульная маса бачнага Сусвету складае толькі невялікі адсотак яго рэальнай масы. Большая частка прыпадае на так званую цёмную матэрыю і цёмную энергію. Гэта выявілася наступным чынам. Уявіце бачную з наймагутнейшага тэлескопа сферу - гэта і ёсць максімальна даступны для назірання Сусвет. Навукоўцы прыкладна падлічылі масу зорных сістэм і нават чорных дзірак. А затым аказалася, што агульная маса Сусвету, тая маса, пры якой матэрыя рухаецца так, а не іначай, павінна быць у шмат разоў большая, інакш зорныя сістэмы не збіраліся б у галактыкі сіламі гравітацыі. То бок неабсяжная міжзоркавая прастора, мяркуюць, запоўненая нябачнай і няўлоўнай матэрыяй, якую назвалі цёмнай матэрыяй і цёмнай энергіяй з антыгравітацыяй - яна, цёмная энергія, і складае асноўную масу Сусвету.
Далей паўстае пытанне рэальнасці нашых уяўленняў пра Космас. Бо паводле Канта і яго шматлікіх паслядоўнікаў, бачны нам Сусвет - найперш карцінка ў нашым мозгу. Усе катэгорыі космасу - адлегласці, час, тэмпература - ёсць прадуктамі нашай свядомасці. І сапраўды, мы кажам: горача ў нетрах Сонца. А вось для атама вадароду гэта цалкам нармальная тэмпература. Мы сцвярджаем, што ляцець да іншых галактык трэба тысячагоддзі нават з хуткасцю святла. А хто спрабаваў ляцець туды з іншымі хуткасцямі, нават з хуткасцю думкі? Думкай мы пераносімся туды практычна імгненна.
 Для ўсіх астатніх зямных істотаў, акрамя чалавека, космас не існуе. Не можам жа мы называць свядомым уяўленнем пра Сусвет погляд на яго сабакі, які вые на месяц. Ясна, што космас існуе толькі ва ўяўленні чалавека і чалавецтва. Сярэдні чалавек скажа пра яго мала. Толькі тое, што нешта перыядычна запальваецца і ззяе на купале нябёсаў, што дзень змяняецца ноччу. А вось чалавецтва скажа канкрэтнаму чалавеку значна больш: космас - гэта сукупнасць светаў, падобных на нашу сонечную сістэму, якія ляцяць у бязмежнай прасторы з вялізнымі хуткасцямі, разбягаючыся адно ад аднаго.
 І ўсё ж сярэднестатыстычнаму чалавеку ад такіх сцвярджэнняў ні холадна, ні горача. Хай сабе там нешта ляціць, але яго хвалюе канкрэтны стан асабістага здароўя, язва страўніка, сардэчная арытмія, галаўны боль; хвалюе лёс ягоных дзяцей, адносіны з жонкай ці палюбоўніцай, прадчуванне блізкай старасці і смерці. І палёты галактык аніякім чынам на гэта не паўплываюць.
 Зусім строгі чытач скажа: а вось выбухне там нейкая звышновая зорка - і прыйдзе гэтаму сярэднестатыстычнаму чалавеку капец. На што сярэднестатыстычны чалавек слушна адкажа: ну дык да капца мяне выдатна давядуць сямейнікі, вось гэтыя родныя і добрыя людзі, з якімі я сутыкаюся штодня і якія пастаянна са мной канфліктуюць. Вялікі інфаркт ці інсульт ніколькі не менш страшны для мяне, любімага, чым падзенне велізарнага метэарыта на маю краіну. Бо ў абодвух выпадках я загіну практычна імгненна, і тое, што будзе адбывацца далей з маім трупам, мяне не дужа хвалюе.
 Філасофская думка апошніх двух стагоддзяў пад уплывам Канта зазнала нязвыклы погляд на космас: як толькі знікне апошні свядомы назіральнік (чалавек), космас перастане быць. З гэтым, цвяроза разважыўшы, цяжка не пагадзіцца, бо і цяпер ні для каго, апроч чалавека, космас не існуе. Дый сярэдні чалавек бярэ свой досвед не толькі з позіркаў на неба, а і з тлумачэння спецыялістаў, з гісторыі навукі, са сваёй неўтаймоўнай фантазіі, з твораў пісьменнікаў. Рэальна ж ён бачыць няшмат: змену дня і ночы ды зіхатлівыя кропкі на нябесным купале. Астатняе ён чэрпае ад навукоўцаў, спосабы пазнання якіх яму настолькі ж даступныя, як і спосаб пазнання шамана, экстрасэнса. І шаман, і экстрасэнс як быццам рэальна бачаць тое, што не даступнае звычайнаму чалавека. Так і астраномы, фізікі, матэматыкі бачаць карцінку, далёкую ад рэальнасці простага чалавека.
 Для чалавека як духоўнай адзінкі Космас мэтазгодней звесці да планеты Зямля і зорнага неба над ёю, пераважна засяродзіўшыся на зямлі, якую топчуць нашы ногі, на яе флоры і фауне, на з'явах надвор'я. Зрэшты, аддалены і недасяжны космас нам неабходны для ацэнкі ўнікальнасці жыцця, для супараўнання нашай жывой планеты з мёртвымі планетамі Сонечнай сістэмы. Каб цаніць жыццё.
 Сапраўды, ёсць усе падставы называць Зямлю не толькі жывой, але і разумнай планетай ці нават арганізмам. Як і любы арганізм, яна складаецца з хімічных элементаў і падвержана законам фізікі. У яе ёсць складаны кінетычны рух, які не аднастайны, а зменлівы. Унутры яе ідуць складаныя цеплавыя і магнітныя працэсы, якія можна параўнаць з дзейнасцю ўнутраных органаў жывых арганізмаў. Механізм магнітнага поля Зямлі не вядомы, але амаль даказана, што без яго жыццё на зямлі немагчымае і што полюсы перыядычна мяняюцца месцамі і гэта прыводзіць да кардынальнай змены клімату, да пераўтварэння ці поўнага знішчэння флоры і фауны. Ледніковыя шапкі мяняюцца ў сваім аб'ёме, то напаўзаючы і накрываючы мацерыкі, то цалкам растаючы. Гэта міжволі нагадвае змену цыклаў чалавечага жыцця, калі ён сталее, развівае бурную дзейнасць, а затым паступова загасае. Ёсць навуковыя гіпотэзы, пацверджаныя некаторымі фактамі, што прыродныя катаклізмы не носяць цалкам спантаннага характару, а маюць разумны пачатак. Не такім ужо фантастычным здаецца меркаванне, што ў нетрах зямлі ёсць механізмы абароны ад раптоўнага падзення камет і вялікіх астэроідаў на паверхню, у прыватнасці, высоўвалася гіпотэза, што Тунгускі метэарыт разарваўся, не дасягнуўшы паверхні зямлі, таму, што з зямлі яму насустрач вымкнуў паток энергіі, каб не дапусціць знішчэння чалавецтва. Людзі старажытнасці цвёрда верылі ў тое, што прыродныя катаклізмы пасылаюцца чалавецтву за грахі Вышэйшай сілаю.
 Вакол нашай планеты існуе рэальнае для многіх людзей інфармацыйнае поле, куды як бы запісваюцца ўсе падзеі, дзеянні і думкі людзей, што калі-небудзь жылі на ёй. Гэтае поле не ловіцца пакуль ніводным прыборам, апроч мозгу людзей з экстрасэнсорнымі здольнасцямі. Яны могуць убачыць, напрыклад, злачынства, што адбылося ў пэўным месцы ва ўсіх падрабязнасцях, не маючы для таго ніякай вербальнай і відэаінфармацыі. Або расказаць па адной фотакартцы лёс невядомага чалавека. Гэта факт, з якім немагчыма не лічыцца атэісту. Аднак пытанне, ці ёсць гэта праявай містыкі, тагасвецця ці проста рэальнымі зямнымі, хоць пакуль і не вывучанымі законамі, застаецца адкрытым. Дый, па вялікім рахунку, межы паміж матэрыялістычным і містычным, паміж бачным і тагасветыным - умоўныя. Усё пытанне толькі ў тым, што называць матэрыяй. Бо Эйнштэйн даказаў, што розніцы паміж матэрыяй і энергіяй не існуе: матэрыя - гэта згустак энергіі. А паколькі некаторыя людзі маюць магчымасць атрымліваць інфармацыю з “тагасвецця”, то ясна, што яна прыходзіць ім як паток энергіі, а значаць, як нешта і матэрыяльнае ў тым ліку.
 Для экстрасэнса тонкі свет нагэтулькі ж рэчаісны, як для простага чалавека батон. Тут напрошваецца яшчэ параўнанне: свет гукаў, з якога вялікія кампазітары чэрпаюць свае мелодыі, для іх рэальны, як свет фізічны для ўсіх астатніх людзей. Чалавеку ж без музычных здольнасцяў уявіць гэты свет мелодый немагчыма і недасяжна. Тое самае можна сказаць пра свет паэзіі - большасці людзей цалкам недаступна не толькі пісаць вершы, але і разумець чужыя. Прачытаны верш геніяльнага паэта не выкліча ў такога чалавека ніводнай эмоцыі, апроч нуды. Гэта значыць, што яго органы ўспрымання не ловяць тонкі свет паэзіі.
 Такім чынам, планета з дзівосна разнастайнай флорай і фаунай, з надзеленым актыўнай свядомасцю і дапытлівымі розумам чалавекам, абкружаная ўмоўным воблакам тонкага свету, дзе не толькі запісаны падзеі, думкі і вобразы жыўшых людзей, але і нешта перманентна адбываецца, - такая планета правамерна можа быць названа жывым арганізмам, што надзелены вялікім універсальным розумам.
Багата навуковых тэорый, адна дзівоснейшая за другую, жывіць сабою космас. Гэта выдатны палігон для практыкаванняў чалавечага розуму. Асаблівасць гіпотэз паходжання і развіцця Сусвету ў тым, што даказаць тут практычна нічога нельга, бо не праверыш, не пражывеш наперад гэтыя мільярды гадоў і тым больш не вернешся да незапомных часоў Тварэння. Можна толькі гадаць, уяўляць, будаваць матэматычныя мадэлі, у якія будзе ўвагнана твая гіпотэза, а потым, праз гады ці месяцы абвергнута другой навуковай камандай. У дадзеным выпадку наўрад ці хто рухаецца да ісціны, найчасцей людзі задавальняюць сваю патрэбу ў разумовым практыкаванні, а таксама цешаць славалюбныя амбіцыі і вырашаюць матэрыяльны бок свайго існавання. Бо космас такая рэч, пад якую высокаразвітыя дзяржавы шчодра адпускаюць вялізныя сродкі. Пры космасе добра карміцца. А разумнічаць - не кайлом махаць, гэта вядома.
 І тым не менш працэс даследавання далёкага космасу (не блытаць з блізкім) пахвальны тым, што на ім правяраецца, па-першае, абмежаванасць чалавечага розуму, па-другое, выяўляецца відавочная бяздоказнасць любых тэорый, сістэм і гіпотэз. Раней лічылася неаспрэчна строгай навукай матэматыка, непахіснасць хаця б яе простых лічбаў і арыфметыкі. Цяпер жа ўсё больш гэта ставіцца пад сумнеў, бо матэматыка заснавана на зямных пастулатах, якія ў іншых часава-каардынатных сістэмах могуць не дзейнічаць. Любая навука бярэ нешта за адпраўную кропку, аксіёму, якая рэальна ўсім відавочная, але якую даказаць немагчыма. Як тое неперасякальнасць дзвюх паралельных прамых. Як тое пастаяннае лінейнае цячэнне часу. Сама ж навука гэта ўсё цяпер абвяргае. У выніку, па вялікім рахунку, у чалавека не застаецца ніводнай абсалютнай велічыні, ад якой можна адштурхнуць любую навуку, любое даследаванне, а затым узгадніць гэтыя даследаванні паміж сабой, звесці канцы з канцамі.
 У даследаваннях далёкага космасу чалавецтва здавён абапіралася на законы зямнога свету. Потым высветлілася, што ў мікрасвеце дзейнічаюць зусім іншыя законы. А ў рамках усяго Сусвету неправамерна прымяняць законы макрасвету, там пачынаюць дзейнічаць іншыя рычагі.
 Тэорыя Вялікага выбуху грунтуецца найперш на пастулаце, што ва ўсяго павінен быць свой пачатак і свой канец. І сапраўды, зямныя нараджэнні і смерці ўсяго існага пра гэта сведчаць. Але ці дапушчальна наўпрост пераносіць зямныя пастулаты на Сусвет? Ці ёсць там пачатак і канец у нашым разуменні? Адказу не будзе. А паколькі так, то і цана любой падобнай тэорыі будзе мець калі не мізэрны, то вельмі адносны характар.
 Часта змешваюцца рэчы, якія змешваць не варта. Напрыклад пастуліруюць пачатак Сусвету, асноўваючыся на зямных паняццях пачатку і канца, і адначасова дапасоўваюць сюды фантастычны факт неверагодна малой і разам з тым неверагодна энергетычнай кропкі, якая выбухнула. Тым самым ускосна прызнаецца стварэнне Сусвету з нічога. Зрэшты, гэта ўявіць значна прасцей, чым тое, што ў Сусвету зусім не было пачатку, што ён існаваў заўсёды. Зрэшты, такая думка мільгацела ў гісторыі чалавецтва таксама, і яна не бачыцца мне больш заганнай, чым любая другая гіпотэза.
 Тэорыя Вялікага выбуху, як ужо зазначалася, штогод сутыкаецца з усё большымі і ўсё больш непераадольнымі праблемамі. Гэта і наяўнасць цёмнай матэрыі, і паскораны разлёт галактык, і тое, ці будуць яны у рэшце рэшт злятацца, то бок зноў збірацца ў адзіную бясконца малую і бясконца энергетычную кропку, што за сілы да гэтага прывядуць. Або праз некаторы час матэрыя рассеецца ў бязмежным вакууме, астыне і будзе ўяўляць сабой касмічныя могілкі? Зноў жа вырабляюцца хітрамудрыя матэматычныя мадэлі. Адны “даказваюць”, што матэрыя пачне збірацца ў кропку, нават канкрэтна называюць калі, другія “даказваюць”, што паскораны разлёт матэрыі будзе доўжыцца да канца.
 Адным словам, большасць навуковых даследаванняў, гіпотэз, як гэта ні скрушна гучыць, пабудавана на спекуляцыях. Часцяком нейкую навуковую тэорыю прызнае толькі адзін інстытут, адзін часопіс, адна групоўка. А паралельна існуе некалькі груповак, якія размахваюць сваімі неабвержнымі ісцінамі. Тут на парадак менш згоды, чым між рэлігійнымі плынямі. Сабраць усё ў адно, выклікаць трэцейскага суддзю немагчыма. Людзям, як і ва ўсе часы, хочацца даказваць сваю выключнасць і геніяльнасць, ім не дае спакою прага грошай і славы. І гэта нармальна. І гэта прынамсі цікава. Але ж тое можа зрабіць шчаслівым толькі самога даследчыка на кароткі тэрмін, але ніяк не ашчаслівіць усё чалавецтва навечна.
Прыхільнікам матэрыялізму няшкодна задаць сабе адно праверачнае пытанне. Усе гэтыя планеты, зоркі, галактыкі, што складаюцца з трывалай матэрыі, агульная маса якой неверагодна вялікая, - якім чынам яны маглі быць створаны з пустаты? Чаму з пустаты? А таму, што паводле нашага жыццёвага досведу, усё некалі нараджаецца і памірае. Значыць, Сусвету калісьці не было і калісьці не будзе. Так нам зручна думаць. Але адкуль узяліся такія агромністыя масы матэрыі, калі ў абсалютнай пустаце не было ніводнай прычыны, а ўсё, кожны вынік, як вядома з нашага досведу, мае сваю прычыну.
 Воляй-няволяй напрошваецца выснова пра тое, што ў абсалютнай пустаце, або па-за ёю, нешта такі існавала. Прычым гэтае нешта валодала такой энергіяй, што спарадзіла неабсяжныя сусветы зорных сістэм і туманнасцяў, рух якіх і працэсы ўнутры якіх структураваны самым складаным чынам. Гэтую першакрыніцу ўсяго монатэістычныя рэлігіі называюць Тварцом, Усявышнім, Богам. Гэта нейкая духоўная энергія, якая пасылала і, магчыма, штосекунду пасылае арганізаваныя патокі энергіі, якія пераўтвараюцца ў матэрыяльны, то бок фіксафаны нашымі органамі пачуццяў ці нашымі прыборамі характар.
 Падаецца, што духоўны свет (ці энергіі духоўнага свету) мае прынцыповую адрознасць ад усіх іншых відаў касмічнай энергіі. Усе сілавыя палі матэрыяльнага свету так ці інакш могуць быць аб'ектыўна ўлоўлены чалавекам. Чалавецтва доўга нічога не ведала пра электрамагнітныя энергіі, пакуль навука не даказала іх аб'ектыўную рэальнасць і трываласць законаў. З духоўнымі энергіямі ўсё прынцыпова не так. Іх могуць успрымаць толькі вельмі нямногія прадстаўнікі чалавецтва, мізэрная колькасць адзінак, улоўліваючы за кошт сваіх унікальных здольнасцяў. Гэта шаманы, чараўнікі, жрацы, святыя, экстрасэнсы, медыумы - тут у пэўным ракурсе разгляду адрознасць тэрміналагічная. Прычым кожны з іх спрабуе перавесці атрыманую з духоўнага свету інфармацыю на зямную мову паняццяў і тэрмінаў. Вобразы і законы духоўнага поля настолькі адрозныя ад матэрыяльных законаў космасу, што гэты пераклад мовы іншасвету на нашу мову паняццяў вельмі абцяжараны і найчасцей - неадназначны. Ён не можа быць прыведзены ў строгую сістэму накшталт навуковай таму, што апараты прыёму - мазгі экстрасэнсаў.
 Гэтыя “апараты” настолькі унікальна адрозніваюцца адно ад аднаго, што часта адна і тая ж інфармацыя з духоўнага свету перакладаецца імі да непазнавальнасці па-рознаму. Скажэнне адбываецца з прычыны выключнага духоўнага вопыту кожнага медыума, на які ўплывае яго выхаванне, рэлігійныя перакананні, спосаб кантактавання, які ён прымяняе, глыбіня пранікнення ў складана структураваны іншасвет, а таксама яго псіхічнае і фізічнае здароўе. Некаторыя часам не вытрымліваюць зносінаў з тагасветам і, папросту кажучы, з'язджаюць з глузду, што, натуральна, уносіць велізарны сумбур у выхадной інфармацыі, што да нас ад іх паступае.
 На экстрасэнсаў часта вешаюць цэтлікі шарлатанаў. І сярод іх яны, безумоўна, ёсць, што кідае цень на ўсіх астатніх. Але хіба кожны, хто мае самавызначэнне “паэт”, нават падмацаванае дакументамі, прэміямі і званнямі, такім з'яўляецца насамрэч? Нават са ста чалавек, што друкуюцца на старонках паважаных тоўстых часопісаў, паэтамі ў поўным сэнсе гэтага слова з'яўляюцца 2-3 чалавекі, астатнія толькі займаюцца імітацыяй паэзіі, рыфмаваннем зусім зямных рэчаў і ніякага дачынення да духоўных паэтычных сфераў не маюць. Прыкладна такі ж працэнт сапраўдных экстрасэнсаў, іх адзінкі. Не стану пералічваць вядомыя з сусветнай гісторыі асобы. Прывяду толькі адзін свежы прыклад. Не так даўно памёр Іаан Крэсцьянкін, якога яшчэ пры жыцці лічылі святым праваслаўным падзвіжнікам. Гісторыя царквы зафіксавала безліч выпадкаў яго экстрасэнсорных здольнасцяў. Свяшчэннік Дзмітрый Смірноў, які таварышаваў з ім, расказваў, што, выношваючы ў галаве пытанні, якія хацеў задаць свайму духоўнаму настаўніку, атрымліваў на іх адказ лістамі, якія той прысылаў у той момант, калі Смірноў толькі збіраўся сам з ім зліставацца. Гэта шырокавядомы прыклад счытвання інфармацыі з духоўнага свету, дзе лунае частка нашай зямной існасці і з якой можна звязацца, знаходзячыся на фізічнай вялікай адлегласці. Так праваслаўныя старцы здавён агарошвалі адказамі чалавека на яго пытанні з парога, калі той яшчэ не адкрыў рот, каб іх задаць.
 Памылкі экстрасэнсаў вынікаюць таксама з наўмыснага скажэння інфармацыі непасрэдна духоўнымі існасцямі (паводле хрысціянства - злымі духамі), якія даюць заведама ілжывую інфармацыю, прымаючы, напрыклад, духоўны вобраз таго, да каго звяртаецца экстрасэнс. Менавіта таму важным аспектам з'яўляецца талент і духоўная чысціня чалавека з экстрасэнсорнымі здольнасцямі, што змяншае працэнт памылак пры перакладзе інфармацыі іншасвету на нашу мову. У адваротным выпадку мы бачым аналогію з графаманам, які спрабуе выдаць сваю пошлую рыфмаванку за паэтычны прадукт. Дарэчы, факталагічная праверка ісціны ў дзеяннях экстрасэнса (бярэцца іх група і звяраюцца вынікі) непараўнальна больш аб'ектыўная, чым праверка на факт паэзіі опусаў шматтысячных рыфмавальнікаў. А апошнім выпадку можна толькі давяраць досведу прызнаных спецыялістаў, на жаль, суб'ектыўнаму.
 Я зрабіў адступленне ў экстрасэнсорыку, разважаючы пра Космас, з прычыны таго, што бачу духоўны свет раўнапраўным, калі не галоўным яго, Космасу, складнікам. Сусвет наш шматузроўневы і ўзаемапранікальны. Як вобразы іншасвету спараджаюцца матэрыяльнымі дзеяннямі, эмоцыямі і душэўнымі афектамі, так і душэўныя рухі зазнаюць ўплыў са сферы духоўнай, не даступнай разуменню чалавека з трывала перакрытым каналам метафізічных зносінаў. Пра амаль лагічна даказальны факт стварэння матэрыяльнай часткі Космасу са свету ідэй, свету духоўных энергій я ўзгадваў на некалькі абзацаў вышэй. У адваротным выпадку трэба прызнаць, што Сусвет не меў свайго пачатку і, адпаведна, не будзе мець канца. Тады для яго зямныя прынцыпы нараджэння і памірання папросту не дзейсныя. Для чалавечага розуму гэта неверагодна. Для розуму абсалютнага, які быў заўсёды, гэта, верагодна, цалкам нармальна.
 Варта ўразумець, што час - катэгорыя вельмі ўмоўная. Што доўга для матылька, які жыве некалькі дзён, для нас - імклівы адрэзак адносна чалавечага веку. Мы бачым фарміраванне Сусвету неймаверна працяглым, мільярды гадоў. Аднак год - гэта абарачэнне мізэрнай планеткі вакол шараговай зорачкі. Для Тварца - гэта прыкладна тое самае, што для нас абарачэнне электрона вакол ядра атама, то бок доля імгнення. Таму Тварцу фарміраванне Сусвету, магчыма, будзе справядліва ўяўляцца імклівым. Гэтакая ўспышка з разлётам пылу і дыму.





7. Кропка рашэнняў поля душы

Якім бокам ні кранай паняцце чалавечага характару, заўсёды ўпрэшся ва ўсё тую ж свабоду выбару, пра якую мы разважалі вышэй і, здаецца, даволі ясна паказалі, што даказаць яе наяўнасць магчымым не ўяўляецца. У той жа час трэба мець на ўвазе, што гэтаксама і даказаць адсутнасць свабоды выбару чалавек, абапіраючыся на зямныя законы і зямны досвед, не можа. Таму заўсёды будзем мець як бы за дужкамі, што пытанне свабоды выбару вісіць у паветры канчаткова і беспаваротна не вырашаным. Нагадаю, што з пункту гледжання лёсу і часу, як катэгорый лінейных і незваротных, у чалавека няма свабоды выбару, бо ён рухаецца па лініі і адбываецца тое, што адбываецца, і перайграць падзеі нельга.
З пункту ж гледжання Вечнасці, Тварца, дзе няма часу і прычынна-выніковых сувязяў у нашым разуменні, можна дапусціць, што чалавечая свабода верагодная. Больш за тое, будзем сцвярджаць, што чалавек надзелены ад прыроды адчуваннем гэтай свабоды. Адсюль ваганні пры кожным жыццёвым выбары, адсюль пачуццё віны перад сабой і бліжнімі, калі зрабіў нешта кепскае. Адсюль жа і інстытут грамадзянскага пакарання, які адвеку існаваў у любой чалавечай супольнасці. Само па сабе пакаранне трымае пад увагай тое, што злачынца вінаваты і меў свабоду не рабіць гэтае злачынства. Сапраўды, не будзь судоў і караў за разнастайныя грамадскія парушэнні, чалавечая супольнасць абрынулася б у хаос. А паколькі гэтага не адбываецца, то мы мусім прызнаць, што злачынца ў вачах грамадства а) вінаваты, б) меў магчымасць не рабіць злачынства, в) злачынца сам гэта прызнае, хаця б апасродкавана.
Але ці так яно на самай справе, ці меў злодзей свабоду не красці, а забойца не забіваць, або генетычныя схільнасці, благі лёс і канкрэтныя бягучыя абставіны іх на злачынства штурхнулі? Пытанне адвечнае і слаба вырашальнае, па вялікім рахунку. Бо існуе іншае небеспадстаўнае меркаванне. А менавіта тое, што чалавецтва спрадвеку карала сваіх злачынцаў не таму, што падазравала ў іх свабодную волю, а проста таму, што глядзела на іх, па-першае, як на вырадкаў, якіх трэба выкараняць са свайго асяроддзя, а па-другое, кіравалася матывамі помсты, адплаты (“вока за вока”). Пагодзімся, што чалавечую супольнасць менш не так хвалюе пытанне, ці пераробіцца пасля пакарання злачынца; галоўнае, каб ён не перашкаджаў ёй, супольнасці, існаваць спакойна і эфектыўна. Нездарма ж у старажытнасці часта асноўнымі пакараннямі, асабліва для простага люду, былі пазбаўленне жыцця, або адсячэнне членаў, або асляпленне. Гэта самае і сведчыць, здаецца, пра тое, што мэтай пакарання было далёка не маральнае выпраўленне злачынцы. Бо злодзею з адсечанай рукой красці нязручна, роўна як і аслепленаму экс-кіраўніку (цару, каралю, князю, правадыру паўстанцаў) нязручна было арганізоўваць людзей, роўна як і кастрыраванаму блудніку немагчыма было працягваць спакушаць чужых жонак, а блудніцам са знявечаным катам тварам - цяжка прывабліваць чужых мужоў.
Адным словам, уся гісторыя чалавецтва сведчыць нам, што людзі не так хацелі выправіць ліхадзеяў, як пазбавіць сябе ад іх, а іх ад сябе. Раздзяліць або смерцю, або турэмнымі мурамі, або вялікімі адлегласцямі, морамі (ссылка). Таму пытанне нязменнасці, так бы мовіць, адпрыроднасці чалавечага характару і, адпаведна, наяўнасці свабоды выбару па-ранейшаму застаецца для нас адкрытым.
Дык што ж такое характар? Ці не ёсць гэта проста фантом нашага матэрыяльнага цела, спароджаны антрапалагічнымі і фізіялагічнымі дадзенымі, то бок нейкі псіхафізічны феномен, кінуты міма яго волі ў варункі жыцця, які рэагуе строга адназначна на кожную жыццёвую сітуацыю? Прынамсі навука далёка прасунулася ў гэтым пытанні і мы не можам абысці некаторыя даследчыцкія факты. Напрыклад, тое, што людзі моцна розняцца па тэмпераменце, цялесных вартасцях, здароўі і ўмовах, у якіх яны гадаваліся. У аднаго цалкам здаровая спадчыннасць: сям'я, дзе бацькі кахаюць адно аднаго, любяць і песцяць дзяцей і ў гэтых правілах любові і самаахвярнасці іх выхоўваюць. Такія дзеці найчасцей вырастаюць без колькі-небудзь значных псіхалагічных комплексаў і фізічна здаровымі. Яны камунікабельныя, сімпатычныя і надзейныя, лёгка знаходзяць сабе здаровага ж палавога партнёра, ствараюць удалую сям'ю і жывуць адносна спакойна. Кажу “адносна”, бо кожны з нас не пазбаўлены паганых неспадзяванак, якія насуперак нашай волі пераварочваюць жыццё з ног на галаву. Але ж названыя псіхафізічна здаровыя людзі лягчэй і выходзяць з цяжкіх калізій, чым нездаровыя, у якіх раны, бывае, не загойваюцца ўсё жыццё.
Многія з нас знаходзяцца ў цянётах ілюзіі, што нібыта могуць змяніць свой характар. Але ўдумаемся... Усе злыбеды, брыдкія неспадзяванкі, расчараванні, памылкі і г.д, якія мы зазнавалі цягам жыцця, адбыліся насуперак нашаму хаценню. Мы іх, можна сказаць, жадалі пазбегнуць усёй душою, а яны тым не менш здарыліся. Дык на якой падставе, спытаем законна, чалавек саманадзейна мяркуе, што можа нешта змяніць у сваім характары, які відавочна фарміраваўся міма яго волі. Фарміраваўся ў сям'і, а бацькоў і братоў мы не выбіраем, а таксама - шэрагам вонкавым фактараў, якія агортвалі чалавека, незалежна ад ягоных жаданняў. На гэта можна запярэчыць тым, што ўсё ж нечага калісьці чалавек сам зажадаў і сваімі валявымі намаганнямі атрымаў. І ўсё ж не будзем спяшацца... Рэч у тым, што нам зусім не вядома, з якіх глыбінь яго існасці ўзнікла тое жаданне, ці не ёсць яно спараджэннем усё тых жа знешніх фактараў і генетычных схільнасцяў - як ахоўная рэакцыя на знешні ціск. Зноў жа пытанне крыніцы жаданняў застаецца не вызначаным і сыходзіць у самога Тварца. Мы як бы падключаны кабелем да Вышэйшай Сілы, якая забяспечвае нам сілкаванне і спараджае, кантралюе жаданні. Нездарма ж хрысціянства для барацьбы з любым грахом (дэманамі) прапаноўвае пакаянне як просьбу ў Тварца вонкавай дапамогі.
Паводле хрысціянства, чалавек сам па сабе, у адзіночку, не можа ўратавацца ад грахоўнай навалы, якая прыносіць пакуты і гібель. Таму, напрыклад, калі хто звернецца да праваслаўнага святара з просьбай дапамагчы пазбавіцца ад алкагалізму, то адказ будзе такі: спачатку кінь прымаць алкаголь, а тады прасі Бога, каб пазбавіў цябе ад самой жарсці. І гэта выглядае справядлівым у ракурсе ўсяго вышэйсказанага: ад волі чалавека мала чаго залежыць, сам ён не можа перастаць быць алкаголікам. Кінуўшы на час піць, ён будзе адчуваць пастаянны дыскамфорт і жаданне заправіцца гэтым “палівам”, каб пазбыцца дыскамфорту. Жарсць у рэшце рэшт яго адужае, і ён зноў пачне піць, калі не займее падмогі, скажам умоўна, вышэйшай вонкавай сілы. А для таго прапаноўваецца здзейсніць пакаянную просьбу. Які мы бачым тут валявы акт з боку пітушчага? Першае, гэта ўнутранае жаданне пазбавіцца ад пакутаў, звязаных з алкагалізмам. Другое, гэта прыход па параду да іншай асобы, у дадзеным выпадку святара. Трэцяе, святар сцвярджае, што ні сам пітушчы, ні ён, святар, не ў сілах дапамагчы чалавеку кінуць піць і гэта мажліва толькі пры ўмове звароту з просьбай да Тварца.
Ускосна прызнаецца, што ў чалавека няма шанцаў адолець жарсць і грэх, калі ён не выправіць той “кабель”, што звязвае яго з Тварцом. Калі ж энергія па выпраўленым кабелі пойдзе нармальна, то ў чалавека з'явіцца моц адужаць грэх. Бо падкрэсліваем, што жаданне напіцца ўзнікае спантанна, паралізуе саму волю чалавека, а менавіта воляй ён меркаваў справіцца з хваробай алкагалізму. Г.зн. сілы, які хіляць яго да жарсці, таксама дзейнічаюць звонку, са сферы метафізічнай, як і добрыя сілы, якія абараняюць ад падзення. Якая з сілаў пераважыць - залежыць, па вялікім рахунку, не ад чалавека, а ад таго, якім будзе расклад сілаў боскіх і пякельных, што ўступаюць у барацьбу за ягоную душу. Пакаянне і цвёрдае жаданне кінуць піць, а таксама аддаванне сябе на волю Ўсёмагутнага - мяркуецца ў хрысціянстве залогам поспеху ў барацьбе з любым грахом, не толькі алкагалізмам. Шматлікія выпадкі беспаспяховасці кідання піць і курыць, тым больш - прымаць наркотыкі, сведчаць на карысць прыведзенага погляду на рэчы.
Прыём алкагольных, наркатычных сродкаў ускладняе барацьбу з імі яшчэ тым, што яны рэальна перайначваюць псіхафізічную прыроду чалавека (дэман селіцца ўнутры): пад кайфам чалавеку адносна камфортна, а без гэтых наркатычных сродкаў - цяжка, часам невыносна. З грэшным зеллем ён губляе сваю першародную прыроду і ад таго пакутуе маральна і сацыяльна, а без яго зазнае фізічныя пакуты, робіцца непрацаздольным, апанаваным страхам, агрэсіўным. Выходзіць, што грэх як бы абкладае чалавека з усіх бакоў, бярэ яго ў сваю сферу, з якой ужо мерыцца не выпусціць аніколі. Неабходны вонкавы ўплыў. Ён, найчасцей, двухбаковы: фізічны і псіхалагічна-духоўны. Фізічны - гэта спецыяльныя хімічныя сродкі, які дазваляюць адносна бязбольна - але часова - выйсці са стану прыёму наркотыкаў і алкаголю. А псіхалагічна-духоўны ўплыў мае на ўвазе пастаянны знешні кантроль за чалавекам (аж да знявольвання) і ўнутраны самакантроль, на выпадак калі з глыбінь існасці не ўзнікне збродлівае жаданне прыняць дозу ў стрэсавых сітуацыях.
Не будзем больш засяроджвацца на дэталях, мы паказалі іх толькі для лепшага разумення сутнасці граху. Усе іншыя грахі: блуд, крадзеж, забойства, махлярства і г.д. - хоць у меншай ступені, але таксама вынікаюць з прыроды і характару чалавека. Блудніка, напрыклад, ломіць як і наркамана, бо калі ён не параспуснічае, то ў крыві не змогуць нейтралізавацца шкодныя элементы, якія будуць яго, у сілу сваёй чужароднасці, мучыць. Таму грэшнік - гэта чалавек з парушанай псіхафізічнай прыродай. Ён адчувае адносны камфорт толькі тады, калі перыядычна грашыць. І тут, акрамя перакананага жадання чалавека перастаць мучыцца сваім грахом (а мучыцца ён, нагадаем, у сілу сваёй духоўнай непазбыўнай прыроды), мы не можам яўна ўбачыць ягонай свабоднай волі. Усё астатняе робіцца звонку: свяшчэннік (урач, псіхолаг) дае парады, лекі, а чалавек іх прымае, спадзеючыся на тое, што знутры яго існасці не будзе непераадольнага, парогавага пасылу зноў награшыць. Калі нават дапусціць, што нейкая свабодная воля чалавека граху працівіцца, то вядома, што любая воля мае сваю мяжу, а таму пасыл на грэх можа яе перасягнуць і адолець. Чалавеку, падкрэсліваю, застаецца толькі спадзявацца на тое, што грахоўны пасыл з глыбінь яго існасці не дасягне той крытычнай мяжы, якая разбурыць плаціну, збудаваную з лекаў, унушэння псіхолагаў і розных дабрадзеяў, са страху перад грахом.
Пра тое, што сярэднестатыстычны чалавек ёсць рабом сваіх жарсцяў і марыянеткай у руках фатуму, выдатна ведалі найвялікшыя мысляры чалавецтва. У мастацкай літаратуры вельмі выразна гэты момант адлюстраваў у сваёй творчасці Дастаеўскі. Яго раман “Падлетак” - проста-такі скарбонка псіхалагічных даследаванняў у разрэзе канструкцыі “чалавек-жарсці”. Гэты твор мала хто па-сапраўднаму разумее, крытыкі яго часта называюць найгоршым з раманаў пісьменніка. Я ж бачу яго не менш вялікім, чым усе астатнія познія раманы Дастаеўскага, - менавіта з прычыны выразнага ўвасаблення арыгінальнай, рэдкай для сусветнай літаратуры ідэі татальнай псіхалагічнай залежнасці чалавека ад знешніх абставінаў.
Падлетак Дастаеўскага, галоўны герой, з самага пачатку рамана ўявіў сябе трымальнікам нейкай высокай ідэі, з якой яму нібыта будзе добра ў самоце. Людзі яму быццам бы не патрэбныя, бо ён самадастатковы ўладальнік “вялікай” ідэі, з якой можа адасобіцца ад грамады і быць цалкам шчаслівым. І як бы ў насмешку з героя жыццё няспынна, увесь раман, тузае яго за ўяўныя вяровачкі, а ён, нібы марыянетка, скача туды, куды загадаюць шматлікія страсці. Пацешна, што герой, чалавек не пусты, гэтага як быццам не заўважае. Ён думае, што проста на міг адрываецца ад сваёй вялікай ідэі, ад філасофскага сузірання жыцця ды па сваім высакародным пасыле ідзе вырашаць справы бліжніх. Але гэты “міг” ператвараецца ў несупынны працэс і забірае героя ў жорсткія цянёты на ўсё жыццё. Сама назва “Падлетак” бачыцца сімвалічнай. Бо падлеткі Дастаеўскага - гэта абсалютная большасць усяго чалавецтва, тыя звычайныя, зямныя і грэшныя людзі, якія ёсць марыянеткамі фатуму.
Раман “Падлетак”, а таксама пазнейшыя па часе “Браты Карамазавы” наводзяць на думку, што насуперак агульнаму правілу асобныя прадстаўнікі чалавецтва (іх, мабыць, менш за адсотак) маюць частковую свабоду выбару і ў значна меншай меры, чым шэрая большасць, падвержаны ўплыву страсцей. Дык хто гэта? Пісьменнік нездарма выводзіць ў абодвух раманах людзей, блізкіх да святасці. Гэта муж маці галоўнага героя, някроўны яго бацька (раман “Падлетак”), і старац Засіма, духоўнік Алёшы Карамазава (“Браты Карамазавы”). Усе героі абодвух раманаў цялёпкаюцца ў віры страсцей чалавечых і захлынаюцца імі. І толькі гэтыя двое стаяць як быццам па-за грамадой і, адпаведна, па-за страсцямі. Гэта дзіўныя людзі, што ўмудраюцца прайсці па зямлі, амаль не запэцкаўшы ног. Вобразы, дарэчы, далёкія ад ідэальных, і тым большы давер выклікаюць яны ў свядомага чытача. Простыя і няхітрыя, яны тым не менш здольныя супрацьстаяць фатуму. Разумнікі ж Вярсільеў і Іван Карамазаў не ў сілах справіцца сваім нешараговым розумам ні з адной жарсцю.
Што гэта нам можа сказаць у святле праблемы, якую намагаемся вырашыць? А менавіта тое, што рэальнай волі ў чалавека няма. І нават у названых набліжаных да святасці герояў Дастаеўскага. Гэтыя двое не падуладныя страсцям толькі па прычыне трывалай сапраўднай веры ў Бога, даверыўшыся якому, яны спадзяюцца, што ён будзе весці іх па жыцці, ахоўваючы да страсцей, памылак і злыбед. У гэтай скрытай, закадравай выснове Дастаеўскага бачыцца зрэбная праўда ўсяго чалавецтва, якое спрадвеку ведала адно: беды і навалы абмінуць чалавека, народ не тады, калі ён будзе розумам ад іх ухіляцца, а толькі тады, калі будзе выконваць устаноўленыя праз прарокаў правілы. Напрыклад, запаведзі, што даў Майсей іудзеям. Гэтыя простыя правілы, і толькі яны, зберагалі народ і адзінку на вятрах гісторыі. Псіхалагічны пасыл тут такі: не намагайся вырашыць глабальныя пытанні светабудовы, калі хочаш быць жывы, шчаслівы і цэлы, гэтым не ўратуешся; для ўратавання ж, або для таго каб пражыць адведзены тэрмін жыцця адносна бязбольна, не разумнічай, не мудруй, даверся Богу і яго прарокам, выконвай элементарныя правілы, што імі ўстаноўлены, і тады няшчасці цябе абмінуць.
І сапраўды, чалавек, выходзячы з дома, не можа абсалютна прадбачыць, як ні асцярожнічай ён, што на яго не наскочыць аўтамабіль з п'яным кіроўцам, не ўпадзе цагліна на галаву або не загарыцца аўтобус, у якім чалавек едзе на працу. Выпадковасці непадуладныя нашай волі. Гэта чалавецтва ведала супольным розумам ва ўсе часы. Большасць малітваў людзей розных веравызнанняў - гэта менавіта пра тое, каб фатальная выпадковасць не ўмяшалася ў лёс. Малітвай, скажам вобразна, чалавек павышае свой энергетычны патэнцыял і на такім узроўні да яго не чапляюцца фатальныя выпадковасці, якія на паверку аказваюцца не такімі ўжо выпадковымі і навальваюцца пераважна на людзей, што знаходзяцца на крайне нізкім энергетычным узроўні (апанаваныя хандрой, меланхоліяй, гневам, помстай, крыўдай і г.д.). Да тых, хто носіць у сабе негатыў, чапляюцца і хваробы. Адсюль і запаведзь Хрыста - дараваць усім за ўсе магчымыя подлыя ўчынкі, дарваць не так дзеля крыўдзіцеля, як дзеля самога сябе: крыўда, злосць разладжваюць найскладанейшую псіхафізічную сістэму - арганізм чалавека і могуць прывесці да страшных наступстваў. Шчаслівыя і здаровыя тыя людзі, пра якіх кажуць: “лёгкі чалавек”, “добрае сэрца”, - нішто негатыўнае ў такіх людзях не затрымліваецца надоўга, не атручвае душу.
Аднак гэтыя простыя, здавалася б, паняцці - “добры чалавек”, “злы чалавек” - насамрэч зноў раскрываюць перад дапытлівым розумам невырашальныя бездані. У народзе, называючы каго-небудзь добрым, відавочна маюць на ўвазе нейкую нязменнасць, амаль абсалютную дадзенасць. То бок добры ніколі не стане злым. А ці так гэта? Жыццё, якое не церпіць нічога трывалага і нязменнага, пастаянна - і даволі часта - абвяргае такія сцвярджэнні. Добры праяўляе сябе ў ліхіх учынках, а злы неспадзявана выказвае ўзор дабрыні. І ўсё ж нутраное чуццё і досвед схіляюць нас да таго, што ў пераважнай большасці нехта выяўляе сябе як добры чалавек, а нехта як злы, прычым гэта праяўляецца з ранняга дзяцінства і захоўваецца да глыбокай старасці. Гэта адбываецца таму, што чалавек атрымоўвае ад прыроды адмысловую нервовую сістэму, якая перажывае перыяд станаўлення ў дашкольным узросце, а затым у аснове сваёй не мяняецца.
Адзін мае па жыцці высокі болевы парог (таўстаскурыя людзі), а другі нізкі болевы парог (рэагуе балюча на ўсялякую драбязу). Аднаго можа смяротна пакрыўдзіць такое, ад чаго другі нават не зварухнецца. Аднаго адмова ў каханні даводзіць да самагубства, а другога такая ж адмова папросту пераключае на новы аб'ект, пра стары ж ён забываецца хутка. Шэраг прыкладаў можна цягнуць бясконца, але ясна адно: жыццёвая паспяховасць і звязаны з гэтым унутраны свет трывала залежаць ад нервовай сістэмы чалавека. Каб ужо зусім было зразумела, успомнім прымаўку “п'янаму мора па калена”. Гэта акурат пра болевы парог. Часта здзейсніць нейкія подзвігі (прыкладам, у каханні) чалавеку замінае страх, нерашучасць - раптам адмовяць, прынізяць, раптам сапернік морду наб'е і г.д. П'яны ж чалавек неяк няўзнак можа апынуцца ў пасцелі з жанчынай, з якой раней баяўся нават загаварыць. П'яны здатны прайсці па такіх змрочных і небяспечных месцах, увязацца ў такія канфліктныя сітуацыі, якія, будучы цвярозым, за кіламетр, абыходзіў.
Гэта азначае роўна тое, што алкаголь, наркотыкі, паніжаючы болевы парог, адначасова павышаюць жыццёвую перспектыву, магчымасці самавыяўлення, якія раней былі недаступныя з прычыны жорсткай мяжы, якую накладае на чалавека страх. І страх гэты не проста страх, а прыхаваны інстынкт самазахавання. Самазахаванне - выдатная і неабходная рэч. Але часам гэты інстынкт настолькі гіпертрафіраваны, што замінае нармальна жыць і атрымліваць задавальненне. Здаровы і цалкам нармальны чалавек мае тэмперамент сангвініка (заўважым каторы раз, мае як дадзенасць). Гэты тэмперамент дазваляе яму міжвольна гарманізаваць прыродны інстынкт самазахавання са смеласцю і адвагай, неабходных для поспехаў у справе жыцця. Такі чалавек не палезе ўжо зусім на ражон, не стане бессэнсоўна рызыкаваць, але не спасуе ў большасці сітуацый. Прытым ён будзе лічыць поспехі сваёю асабістай заслугай. Мы ж скажам - хай дзякуе прыродзе за свой тэмперамент, на якім грунтуецца характар, лёс і ўсё, што да іх прыкладаецца.
Азірнуўшыся ў думках, заўважым, аднак, што такіх моцных і цалкам нармальных людзей, стопрацэнтных сангвінікаў, значна менш за палову ад асноўнай масы насельніцтва. Астатні працэнт прыпадае на куды менш жыццяздольныя катэгорыі: меланхолікаў, флегматыкаў і халерыкаў. Ну, з меланхолікамі ўсё ясна: жыццё для іх суцэльныя слёзы і смаркачы; працаздольнасць маюць нізкую, у сямейным жыцці рэдка шчаслівыя, уласныя дзеці не паважаюць, бо не любяць слабакоў, хлюпікаў і г.д. Меланхолік плача ад такой пусцяковіны і баіцца такой драбязы, што ў напружаным і жорсткім грамадскім жыцці яму бывае не соладка, і гэта мякка сказаць. Паніжаны болевы парог - гэта нябачная, але цалкам рэальная заслона, што адмяжоўвае яго ад жыццёвых радасцяў. У меланхоліках зусім бы не было сэнсу, каб на іх не трымалася такая немалаважная рэч, як высокае мастацтва. Прыродная схільнасць меланхолікаў да адзіноты вядзе да душэўнага разладу, анамальнасці - і, як вынік, адмысловага ўнутранага свету, які пры пэўных здольнасцях выліваецца ў мастацтва. Не сакрэт, што высокае мастацтва трымаецца на псіхалагічных комплексах творцаў. У меланхолікаў такіх комплексаў хоць адымай.
Флегматык - гэта звычайны, зямны, часта малацікавы чалавек. Флегматызм вядзе да звужанасці інтарэсаў, абывацельшчыны, гатоўнасці закручваць усё жыццё аднастайныя гайкі, нічога старонняга, пабочнага да выжывання сябе і роду, блізка да сэрца не браць, пры гэтым мець да ўсяго асцярожнасць, не лезці на ражон, цікавіцца пераважна сабой, сваім здароўем, у другую чаргу - сваёй сям'ёй, здароўем сваіх дзяцей. З флегматыкаў складаецца асноўная маса людзей, якія проста жывуць і ніякім чынам не спрыяюць прагрэсу чалавецтва. Гэта біялагічная маса, патрэбная для функцыянавання чалавецтва. Калі наўкол мір - яны жывуць шчасліва і бесканфліктна. Калі сангвінікі ды халерыкі ўсчынаюць вайну - яны пакорліва ідуць забіваць сваіх бліжніх і гінуць. Флегматыкі - гэта пчолкі чалавецтва.
Халерыкі - самы цікавы і адначасова самы невыносны псіхічны тып чалавека. Яны нешматлікія. Але акурат яны і верхаводзяць грамадой, робяцца разнамаснымі фюрэрамі, гэткай закваскай, на якой бродзіць гісторыя. Халерыкі часта не здольныя да працяглых і вывераных дзеянняў. Але ў сілу сваёй няўрымслівасці яны запальваюць на такую дзейнасць сангвінікаў, якія і давяршаюць справу. Халерыкі падвержаны перападам настрою і, як вынік, маніякальна-дэпрэсіўным псіхозам, алкагалізму, наркаманіі. Нярэдка гэта асацыяльныя элементы, якіх трэба выкараняць. Нярэдка гэта народныя героі, вялікія творцы, прыкметныя і карысныя палітыкі. Усё залежыць ад таго, ці супадзе сітуацыя з настроем і здольнасцямі халерыка. З-за павышанага болевага парогу халерык можа лезці ў смяротна небяспечныя сітуацыі і выходзіць сухім з вады, трыумфальна. А можа і загінуць дарма. Халерыкаў мала. Прырода на іх скупіцца. А ёй іх шмат і не трэба, функцыі закваскі яны выконваюць і малой колькасцю.
З вышэйсказанага вынікае, што кожнаму чалавеку даюцца далёка не аднолькавыя зыходныя параметры, з якімі ён будзе рушыць па свеце. Зразумела, што халерыку цяжка быць добрым і памяркоўным, душэўным, станоўчым чалавекам, а меланхоліку - актыўным, смелым, самаахвярным. Ясна, што сангвінік ад нараджэння мае нашмат больш шанцаў прыдбаць шчасце, чым флегматык ці меланхолік. І гэта толькі адштурхоўваючыся ад уласцівасцяў нервовай сістэмы. Прасочым сувязь яе з іншымі параметрамі.
Целасклад у сангвінікаў таксама, як правіла, моцны, здаровы, яны збольшага знешне прывабныя. У флегматыкаў, халерыкаў і меланхолікаў бывае па-рознаму. Тэмперамент, тое, што ўздзейнічае на людзей, не можа не выяўляцца ў знешнасці. Людзі моцнага і адначасова ўраўнаважанага тэмпераменту (сангвінікі) прывабліваюць да сябе сяброў і сексуальных партнёраў. У той час як меланхолікі сваёй слабай жыццёвай энергіяй іх адштурхоўваюць. Халерыкі моцна запальваюць акаляючых сваёй неўтаймоўнасцю, але і адштурхоўваюць найбольш асцярожных і разважлівых людзей. Флегматычныя людзі найчасцей нікога не запальваюць, а, падпарадкоўваючыся інстынкту статка, ідуць туды, куды ўсе - то бок у кірунку, указаным халерыкам ці сангвінікам.
Бачна, што ўжо два параметры - целасклад (знешнасць) і тэмперамент - жорстка вядуць чалавека па лініі лёсу, пераплятаючыся і ўзаемаўплываючы. Паглядзім, ці звязаны трэці лёсавызначальны параметр - вонкавае атачэнне - з двума папярэднімі. Бо зразумела, што характар чалавека дэтэрмінаваны таксама знешнім асяроддзем, у якім ён гадуецца. Сям'ю мы не выбіраем. А між тым бацькі найчасцей перадаюць свой тэмперамент і рысы свайго характару дзецям. У пары флегматыка і меланхоліка наўрад ці народзяцца жыццяздольныя дзеці. Найлепшы варыянт: абодва бацькі - сангвінікі. Халерык жа можа ўжыцца ў пары хіба што з флегматыкам, і тут зусім не ясна, якога тэмпераменту будуць нашчадкі. Ясна адно: у сям'і, дзе ёсць халерык, спакою не можа быць апрыёры, а таму ўстойлівая нервовая сістэма ў ягоных дзяцей - рэч вельмі праблематычная.
Не станем доўга мудраваць і прыкідваць, якія людзі могуць нарадзіцца з розных грымучых сумесяў. Канстатуем толькі цяпер ужо відавочнае: генатып і характар бацькоў даволі жорстка дэтэрмінуе лёс іх нашчадкаў, і часта воля нашчадкаў для асабістага жыццёвага выбару выглядае мізэрнай. Адхіленні ад правіла могуць з'яўляцца пераважна тады, калі дзіця рана робіцца сіратой - такім чынам яго прыродны генатып трапляе ў ненармальнае, не вызначанае прыродай чалавечае (сямейнае) атачэнне, і зусім невядома, як ён будзе паводзіцца. Прынамсі наўрад ці сірочая доля выглядае камфортнай і аптымальнай, наўрад ці з яе выходзяць шчаслівыя людзі.
Біблейскі грэх, які дзеці нясуць за бацькоў на сваіх плячах, у святле найноўшай навукі і псіхалогіі не страчвае актуальнасці. Гэтаксама і шчаслівая доля бацькоў у пераважнай большасці выпадкаў перацякае ў лёс іхніх дзяцей. Нашчадкі як бы энергетычна абаронены ад навакольных злыбед бацькоўскай любоўю.
У той жа час недарэчным, з пункту гледжання сучаснасці, выглядае запавет шанаваць бацьку і маці сваіх. Рэч у тым, што цяперашнія бацькі самі рэдка калі выконваюць біблейскія запаветы, таму і патрабаваць ад сваіх нашчадкаў да сябе павагі не маюць ніякага права. Каб было ясна: бацькі - цыганы і гандлююць наркотыкамі, гоняць свайго сына зарабляць грошы такім рамяством; яму трэба іх шанаваць як бы там ні было? Або бацькі - алкаголікі, не кормяць дзяцей, утрымліваюць іх у смуродзе і брудзе, б'юць смяротным боем; дзецям трэба іх любіць усім сэрцам? Такіх прыкладаў процьма. А запаветы даваліся тады, калі мелася на ўвазе біблейская чысціня саміх бацькоў.
Яшчэ абурае пастаянны заклік сучаснасці, які ўжо стаўся штампам: каб стаць шчаслівым - будзь самім сабой. Лухта несусветная. Маньяк Чакаціла кіраваўся памкненнем уласнай душы - гвалціў і забіваў жанчын, ён быў самім сабой... Мажліва, быў і шчаслівы. Але да пары да часу. Тое самае можна сказаць, што прырода наша імкнецца да асалоды: да блуду, п'янства, ляноты - у гэтым мы з'яўляемся самімі сабой. І гэтым некаторыя сілкуюцца цягам жыцця. Аднак ці паўнамоцныя мы заклікаць да такога ўсіх людзей? Быць самім сабой - азначае вяртацца ў жывёльнае асяроддзе, у свет дзікай прыроды. А змагацца з самім сабой - значыць станавіцца ўсё больш чалавекам, самаўдасканальвацца.
На заканчэнне тэмы згадаю незабыўнага алкаголіка Мармеладава з рамана “Злачынства і пакаранне” Дастаеўскага, ягоны дыялог з Раскольнікавым у брудным шынку, дзе ён хаваўся ад горача любімай ім жонкі. Мармеладаў усведамляе сваю нізасць, гадасць, ведае, як важна было трымацца за нарэшце знойдзенае чыноўнае месца, ён любіць і шкадуе сваіх дзяцей, радуецца, што яны ўсцешаны тым, што нарэшце дабрабыт сям'і можа наладзіцца. І тым не менш у першую ж ноч пасля палучкі, “як здань уначы” крадком ускрывае сямейны куфар, бярэ ўсе грошы і бяжыць прапіваць. Ён ведае наступствы, баіцца гневу жонкі і пакутаў кроўных дзяцей, ведае, наколькі цяжкі сіндром пахмелля, - і ўсё ж ідзе на повадзе ў сваёй жарсці - алкагалізму, бо не ў змозе змагацца з гэтым дэманам. Розум, трэба прызнаць - нешараговы розум Мармеладава не можа выставіць годную заслону згубе. Прычына, як вынікае з рамана, - адсутнасць веры, схаваная за напышлівай пустапарожняй рыторыкай. Гэтая адсутнасць адкрывае ў запамежжы свядомасці пралаз для адмоўнай сілы, якая і прымае рашэнне за добрага ў душы Мармаледава: ісці ў шынок.


8. Калыска дыктатуры, арэлі анархіі

Чалавек па сваёй прыродзе істота статкавая. Бо ў свеце, запоўненым агрэсіўнымі пачварынамі, наўрад ці магчыма яму выжываць самастойна, тым болей - пры адсутнасці дастатковай фізічнай сілы, спрыту, хуткасці, іклаў і кіпцюроў. Таму зразумела, што гісторыя чалавецтва ад дапатопных часоў спраўджвалася з дапамогай разнастайных супольнасцяў. Іх структура перайначвалася, стыхійна шукаючы такую, якая дазваляла найбольш выгадна і бязбольна існаваць кожнаму сярэднестатыстычнаму індывідууму. Так паступова ствараліся цывілізацыі - найбольш дасканалыя формы чалавечай супольнасці, дзе структура непараўнальна складанейшая за племянную і дзе чалавек найпаўней рэалізуе свой душэўны і духоўны патэнцыял.
Кропкамі, вакол якіх крышталізаваліся гэтыя мудрагелістыя структуры, з'яўляліся гарады. Ці, правільней, гэтыя кропкі пазней станавіліся гарадамі. Нярэдка цывілізацыя мела толькі адзін буйны горад, з якога ажыццяўлялася кіраванне шматлікімі палеткамі, пашамі ды іншымі сродкамі здабывання пажытку. Горад, строга кажучы, ніяк не мог існаваць без падпарадкаваных яму зямельных надзелаў, гаспадары якіх спачатку добраахвотна, а потым і пад прымусам плацілі даніну ў агульны кацёл. За што горад даваў даўнейшаму сялу ажыццяўляць праз свае рынкі абмен таварамі, а значыць, павялічваць якасць свайго жыцця. Акрамя таго, горад дазваляў чалавеку рэалізоўвацца ў сваіх духоўных і культурных патрэбах, бо ў сілу высокай арганізацыі супольнасці ў яе з'явіўся лішак прадукту, што азначала: ужо далёка не кожны член супольнасці павінен займацца фізічнай працаю. Частка архаічнага сяла таксама перацякала ў горад і ўлягала не толькі ў гандаль, але і ў разумовую працу. Дарэчы, разумовая рэдка калі была карысная сама па сабе, а мела на мэце матэрыяльную выгаду.
Для высокаарганізаванай структуры патрэбныя былі высокаарганізаваныя ж галовы, якія прадукавалі новыя ідэі, што мусілі паляпшаць і паляпшаць якасць жыцця. Часцей, праўда, паляпшалася якасць жыцця адной толькі эліты, просты ж люд, здаралася, не мяняў свой побыт стагоддзямі. Дакладней, змены гэтыя былі занадта нязначныя ў параўнанні са зменамі якасці існавання знаці.
Што такое эліта? Гэта вытворная ад першапачатковых правадыроў і іхніх родзічаў, якія на зары цывілізацыі пачалі яе, уласна кажучы, арганізоўваць. Галоўным цывілізатарам, натуральна, выступаў правадыр старажытнага племені. Вакол яго гуртаваліся шматлікія памочнікі і родзічы, перапляталіся і абрасталі сямейнымі сувязямі, туды ўкараняліся і староннія роды (праз жаніцьбу, напрыклад, багатага на беднай прыгажуні). Аднак ясна, што цягам стагоддзяў, пры адсутнасці дасканалых сродкаў вытворчасці, знаці, эліты не магло быць многа, бо большасць людзей мусіла надрыўна гарбаціцца за хлебны кавалак. Таму гэта элітнае кола вешала на свае вароты ўяўны замок, адчыніць які старонняму чалавеку было амаль немагчыма. Якасць існавання здаўна ахоўвалася трывала і пільна. Для гэтай аховы выкарыстоўвалася дружына, якая набіралася з беднаты, але якую добра кармілі, паілі і найчасцей адзіным абавязкам якой было ахоўваць якасць жыцця знаці ад вечна незадаволенага народа. То бок рэальна дружыны ваявалі большасць часу не са знешнімі ворагамі, а душылі і страшылі свой уласны народ, сваіх, папросту кажучы, матак, бацькаў, братоў і сясцёр, з асяроддзя якіх і выходзіў сярэдні дружыннік.
Бясспрэчна, што першапачатковая задача любой дружыны была - ахоўваць дзяржаву ад знешніх нападнікаў ці самой выступаць у якасці нападніка на іншы горад, цывілізацыю, каб павялічваць якасць свайго жыцця. Але ў рэальнасці атрымоўвалася так, што дзевяць дзесятых баявой энергіі дружыны накіроўвалася на тое, каб караць, рабаваць, гвалціць і страшыць свой уласны народ - з аднаго боку ўсё ж такі ў інтарэсах дзяржавы (агульнага катла), а з другога - у шкурных ненасытных інтарэсах эліты, патрэбы ў якасці існавання якой нязменна і ненатольна раслі.
З іншага боку, дружына бараніла ад анархіі і сваёй грознасцю мацавала парадак. Бо ў чалавечай супольнасці заўсёды з'яўляліся хітравывернутыя людзі, якія кемілі, што, чым здабываць сабе хлеб цяжкай працаю, лепей сабрацца ў банду і адбіраць хлеб у сумленных працаўнікоў. Або, хто больш таленавіты, - красці хлеб у сумленных працаўнікоў.
Дужэйшыя і хітрэйшыя працаваць на зямлі не любілі. Таму чалавечая супольнасць адвеку пакутавала і пакутуе ад разнамасных зладзеяў, рабаўнікоў, ашуканцаў. Вось акурат барацьба з анархіяй, вэрхалам ды злачынствамі ўнутры супольнасці і ёсць адна з асноўных задач цывілізаванай дзяржавы. У адваротным выпадку банды расплодзяцца да такой велічыні, што не будзе каму здабываць харч і забяспечваць функцыянаванне цывілізацыі. Сумленныя працаўнікі, каб супрацьстаяць рознай поскудзі, мусяць самі браць у рукі зброю і станавіцца разбойнікамі, забойцамі. У выніку дзяржава распадаецца на асобныя агрэсіўныя групоўкі, якія зацята і несціхана варагуюць паміж сабою. Парушаюцца ўсе дзяржаўныя камунікацыі, дарогі робяцца непраходнымі з прычыны ненасытных разбойных груповак. А гэта паралізуе дзяржаву.
Каб супрацьстаяць вэрхалу, анархіі, гвалту і, як вынік, голаду, смерці, дзяржава мусіць узяць на сябе функцыі цэнтралізаванага і жорсткага кіраўніка. Папросту кажучы, замест шматлікіх незаконных разбойных бандаў, з'яўляецца адна ўзаконеная і звышмоцная банда: магутная дзяржава з дыктатарам, якога называюць па-рознаму - ад фараона да прэзідэнта. Усе дыктатары адрозніваюцца толькі эпохамі і працэнтам рэальнай улады, сканцэнтраванай у іхніх руках. Тут трэба разумець, што ніякая ўлада абсалютнай не бывае, таму што дыктатар залежыць ад свайго атачэння, унутраных і знешнепалітычных абставінаў.
Калі з'яўляецца гэты законны “пахан”, то ўсе астатнія “бандзюкі” прыцішваюцца. Цяпер сумленныя працаўнікі зарываюць зброю і бяруцца за земляробства і жывёлаводства, рыбалоўства і паляванне - улюбёныя свае справы. За магчымасць адносна бязбеднага і бестурботнага жыцця яны сплачваюць у дзяржаўны кацёл рэгулярную даніну. На гэтую даніну зноў жа існуе дзяржаўная эліта, шматлікі чыноўны апарат, войскі, будуюцца сродкі агульных камунікацый: дарогі, флот і г.д, устрымліваюцца разумныя галовы - навукоўцы, мастакі, літаратары і музыкі; адны для рэальнага ўзмацнення дзяржавы (навукоўцы), другія для ўпрыгожвання жыцця дзяржаўнай эліты (мастакі, паэты, музыкі), што таксама немалаважна, бо ад душэўнага стану кіраўнікоў наўпрост залежыць дабрабыт іхніх падданых.
Коратка пра тое, што лічыць дзяржаўнай элітай. На працягу стагоддзяў гэтае паняцце мянялася. Але сутнасць заставалася аднолькавай - гэта людзі, у руках якіх сканцэнтраваны асноўныя рычагі ўлады. На пачатку цывілізацый гэта звычайна правадыр і ягоныя родзічы. Затым кола гэтае пашыраецца да паняцця арыстакратыі - нашчадкаў слаўных і багатых родаў, якія рэальна канцэнтруюць у сябе грашовыя сродкі, кіруюць войскамі і чынна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці дзяржавы. Элітай можа быць і клас дзяржаўных чыноўнікаў, які замяніў, прыкладам, у СССР арыстакратыю з прычыны яе адсутнасці. Пры капіталізме і панаванні шоу-бізнесу ў сродках масавай інфармацыі да эліты адлучаюцца фінансавыя магнаты (а часам яны - асноўная эліта дзяржавы) і нават поп-зоркі, спартсмены, якія зарабляюць нерэальныя грошы праз тэле- і радыёкамунікацыі ды ўплываюць на душэўны стан простага люду. Так што паняцце эліты, нягледзячы на сваю размаітасць, мае падмуркам адно - канцэнтрацыю ўлады ў той ці іншай форме. А грошы - гэта ўвасобленая ў сімвалах улада. Адсюль выснова: імкнуцца да грошай азначае рвацца да ўлады. І наадварот. Што дае чалавеку ўлада, мы разглядалі раней у раздзеле пра соцыум, але будзем нязменна вяртацца да гэтай праблемы з прычыны яе важнасці і ўдакладняць.
Улада - рэч, безумоўна, выдатная. Цывілізацыя без улады ні існаваць, ні развівацца не можа. Але ж прырода ўлады мае сваім падмуркам, як ні круці, насілле. То бок змагаецца з анархіяй і насіллем яна метадам усё той жа фізічнай сілы. За любым законам стаіць грубая сіла. Інакш бы ніводзін закон не выконваўся, быў фікцыяй. Калі нейкі артыкул закона па розных прычынах не прымяняецца (а прымяняць азначае найперш караць фізічна), то ён хутка страчвае сваю актуальнасць, яго беспардонна і рэгулярна парушаюць. Парушальнік закона, калі ён не вар'ят, заўсёды тонка адчувае, што яму пагражае за пэўнае дзеянне, і як бы ўзважвае “за” і “супраць”. Таму высокаразвітая цывілізаваная дзяржава - гэта найперш суровы закон, які дзейнічае няўмольна і беспаваротна, без асаблівых скідак на асобу злачынцы. Пацярпець ад закона тут можа і высокапастаўлены чыноўнік, і сын прэзідэнта, і сам прэзідэнт. У менш развітой цывілізацыі закон падыходзіць дыферэнцыравана да людзей розных саслоўяў і рознай грамадскай вагі.
З прычыны заснавання любой дзяржаўнай улады на сілавым фактары чалавецтва заўсёды балансавала на даволі тонкай мяжы, паабапал якой зеўралі прорвы анархіі і таталітарызму. Зрэшты, у старажытнасці пытанне зазвычай вырашалася ў бок таталітарызму, хаця былі пэўныя прамежкі часу (напрыклад, у Рымскай імперыі), калі ў дзяржавах панаваў дэмакратычны метад кіравання. Але дэмакратыя схільная да страты меры і як вынік - да ўцягвання дзяржавы ў вэрхал, анархію, за якімі непазбежнымі лекамі вяртаецца дыктатура, таталітарызм, як найбольш устойлівая форма функцыянавання супольнасці. Таму гісторыя чалавецтва - гэта пераважна гісторыя таталітарных дзяржаў. На чале імперый стаялі, як правіла, правадыры з моцнай воляй і прагаю славы, нецярпімыя да найменшых праяў дэмакратыі. Толькі так ім удавалася пашыраць межы імперый, тым самым несучы набыткі сваёй цывілізацыі дзікім народам.
Важнай праблемай заўсёды стаяла перадача ўлады. З аднаго боку, эфектыўна кіраваць магутнай дзяржавай мог толькі чалавек, заточаны пад гэта самой прыродай. А з другога, сям'я правадыра ўсяляк чаплялася за тое, каб захаваць пераемнасць пакаленняў, перадаваць уладу ў спадчыну. Зразумела, што была не вялікая верагоднасць таго, каб будучы таленавіты кіраўнік дзяржавы нарадзіўся ў такім вузкім коле людзей. Таму нярэдкія выпадкі, калі дзяржавай мусіў кіраваць бязвольны, фізічна ўбогі чалавек, а то і малалетак, які, вядома ж, не спраўляўся са сваімі функцыямі, і рэальная ўлада трапляла ў рукі прыдворных авантурыстаў. Менавіта немагчымасць законна перадаць уладу ў рукі таго, хто да яе сапраўды здольны, прыводзіла да аслаблення ўлады, непарадкаў як у краіне, так і пры двары, а ў перспектыве - да непазбежных палацавых пераваротаў, гвалтоўных захопаў улады.
У выніку цывілізаванае чалавецтва паступова прыходзіць да складанай сістэмы дэмакратычных выбараў, калі на пасаду правадыра дзяржавы заступае чалавек не па родавых прынцыпах, а па сваіх прафесійных якасцях, кіраўніцкім таленце і г.д. Тут таксама ёсць шмат выдаткаў, напрыклад, тое, што дэмакратычныя выбары дэмакратычнымі з'яўляюцца не па сутнасці, а па форме, бо перадвыбарчую кампанію заўсёды выйграюць грошы, адзінае неаспрэчнае ўвасабленне сілы і ўлады на свеце. Гэта значыць, што да ўлады прыходзіць тая фінансавая групоўка, якая дэ-факта ўжо мела ўладу над выбаршчыкамі. (Выключэнне - часы разрухі і вэрхалу, калі да ўлады прыходзяць палітычныя авантурысты.) Гэта зазвычай група фінансавых карпарацый, якая высоўвае ў якасці правадыра свайго стаўленіка, які сапраўды выбіраецца па сваіх здольнасцях палітыка, кіраўніка. Менавіта тое, што такі правадыр прызначаецца фінансавай суполкай, якая выйграе “дэмакратычныя” выбары, абмяжоўвае ягоную ўладу, не дазваляе ёй стаць абсалютнай. Такія выбары - адзіны на сённяшні дзень рэальны спосаб спалучыць дэмакратычны прынцып з прынцыпам моцнай канцэнтраванай улады. Таму што ўлада па сваёй прыродзе не церпіць ніякага распылення і рассяроджвання, яна апрыёры імкнецца да абсалютнай. Дэмакратычныя механізмы, як расцяжкі, не даюць ёй туды скочвацца.
Пры адсутнасці дэмакратычных механізмаў стрымлівання многае аддаецца на волю выпадку, а менавіта на псіхічныя асаблівасці правадыра, на фактар яго фізічнага здароўя і знешнія фактары, якія ў такім разе цяжка паддаюцца кантролю. Дзяржава тады жыве па двайных стандартах: па канстытуцыі для законапаслухмяных шараговых грамадзян і па неканстытуцыйным, не прапісаным у законе праве сілы, якая зыходзіць ад правадыра і яго атачэння. Гісторыя зазнала нямала выпадкаў, калі ўлада аднаго чалавека над мільёнамі набывала напраўду дэманічныя формы. Любое самадурства, псіхічнае адхіленне і проста вар'яцтва правадыроў адбіваліся літаральна на кожным грамадзяніну таталітарных дзяржаў, якія патаналі ў страху, гвалце і смерці. Закон вертыкальнай улады эфектыўна, як электраэнергія, перадаваўся ад вышэйшых яе ўзроўняў да самых ніжэйшых, то бок да простых працаўнікоў, якіх нязменна - пераважная большасць. Атачэнне правадыра, апанаванае жахам быць пакараным і знішчаным, выслужвалася як магло, ратуючы свае тленныя шкуры. Выслужванне заключалася ў пераносе дэманічнай энергіі гвалту на ніжэйшы ўзровень, кожны дзяржаўны чыноўнік, кіраўнік як бы спяшаўся спіхнуць гэтую энергію з сябе, каб гнеў вышэйстаячых не абрынуўся на яго галаву.
Найбольш таленавітыя дыктатары актыўна і ўмела выкарыстоўвалі прынцып страху сярод найбліжэйшага атачэння (эліты), а таксама прынцып спайвання крывёю, г.зн. незаконнымі забойствамі. Спаяныя крывёю (успомнім “Бесы” Дастаеўскага) вымушаны пакрываць далейшыя злачынствы адно аднаго і жалезна трымацца за свае месцы, бо перад імі стаяць прыклады расправы з няўгоднымі дыктатару дзяржаўнымі дзеячамі. Амаль заўсёды выкарыстоўваецца і прынцып даносаў, сочкі і недаверу, калі, папросту кажучы, дзяржаўныя дзеячы даносяць наверх пра сапраўдныя ці выдуманыя злачынствы сваіх калегаў, цвёрда ведаючы, што ён, калега, можа цябе апярэдзіць сустрэчным даносам, тым самым захаваўшы сваё крэсла, жыццё і загубіўшы тваё. Фіскальства заахвочваецца дыктатарам, у яго атачэнні нязменна пануе атмасфера няпэўнасці, страху і хітрамудрых інтрыг.
Асаблівасць любой дыктатуры палягае ў яе нарастанні з цягам часу, ва ўсё шчыльнейшым закручванні гаек, якое спыняецца або натуральнай смерцю правадыра, або палацавым пераваротам, калі апанаваныя жахам падначаленыя з ліку эліты ідуць на адчайны крок - на звышрызыкоўнае забойства лідэра, не здзейсніўшы якое, яны са стоадсоткавай гарантыяй будуць знішчаны. Дыктатура не можа самаліквідавацца ці хаця б аслабнуць па прычыне таго, што ў дыктатара няма хадоў адступлення. Здзейсненыя злачынствы, пралітая кроў бязвінных ахвяраў патрабуюць расплаты, таму аслабіць уладу, або ад яе адмовіцца - фактычна азначае падвергнуцца бязлітаснай неадхільнай кары. Дыктатара не адпускаюць, такім чынам, здзейсненыя грахі і прыродны інстынкт самазахавання. Грахі вымагаюць адплаты, а інстынкт самазахавання робіць усё магчымае, каб гэтая адплата або не настала ніколі, або максімальна аддалілася па часе. Таму дамовіцца з дыктатарамі, па вялікім рахунку, ніколі не ўдавалася. Крытыка ж дыктатуры мае супрацьлеглы эфект - яе ўзмацненне.
Думаецца, што прырода ў апошнім стагоддзі ўключыла свой ахоўны механізм, каб не аддаваць на волю дыктатараў лёс, ні многа ні мала, цэлай планеты Зямля. На мяжы трэцяга тысячагоддзя магутныя дамінуючыя дзяржавы, схільныя сваім ядзерным патэнцыялам знішчыць планету, пазбавіліся дыктатуры. У адваротным выпадку магло адбыцца непазбежнае па тэорыі верагоднасці, а іменна націсканне ў прыступе душэўнай хваробы дыктатарам (а вар'яцтва ў дыктатара надыходзіць амаль заўсёды, гэта асаблівасць прафесіі) ядзернай кнопкі. Нездарма ж “ядзерная частка” дваццатага стагоддзя характарызавалася тым, што дыктатары захоўваліся (ці з'яўляліся) толькі ў малазначных краінах - тых, што не валодаюць зусім, або не валодаюць крытычнай магутнасцю ядзернага патэнцыялу. Дамінуючыя ж краіны, мяркую - у стыхійным парыве самазахавання, ад дыктатуры адмовіліся. Цяпер яна пераважна ўвасабляецца ў міні-фюрэрах, міні-неронах і міні-сталіных, якія, хоць і не валодаюць рэальнай пагрозай для ўсяго свету, нясуць тым не менш у сабе напамін пра найгоршае, што можа адбыцца з чалавецтвам у будучым, калі яно не зліквідуе дыктатуру як з'яву.
Каб закругліцца з паняццем дыктатара, варта сказаць, што гэта найбольш несвабодны чалавек у дзяржаве. Нітачкі, якімі ён торгае лялек, сваіх падначаленых, дабіраючыся да самага нізу іерархічнай піраміды, маюць з ім зваротную сувязь па непарушных законах Космасу. Уся гэтая піраміда як бы перакульваецца і цісне на свайго валадара ўсім магчымым цяжарам. У дыктатара няма ніводнай спакойнай хвіліны. А асноўны галаўны боль - не зляцець з уладнай верхатуры і не разбіцца - набывае ўсе прыкметы паранаідальнага псіхозу, устойлівай адмоўнай дамінанты.
Складана не ўбачыць таго, што бадзяжны філосаф Дыяген быў непараўнальна свабаднейшы і шчаслівейшы за свайго сучасніка Александра Македонскага. Ён быў настолькі распешчаны сваёй свабодай, што, як гаворыць легенда, выказваў нездавальненне, што славуты палкаводзец Аляксандр, падышоўшы з ім пагутарыць, засланіў сонца. Дыяген грэўся на сонцы, а Македонскі яму перашкодзіў. Адзін з іх бадзяўся і мысліў, другі не меў спакою ўсё жыццё, ваюючы. У выніку адзін пражыў спакойна, шчасліва і плённа да старасці. Другі ж убухаў сваю маладосць на вайсковыя паходы, топячы ў крыві тры кантыненты, а ў выніку недарэчна памёр ад банальнай інфекцыі маладым. Што тычыцца таго, хто з двух пакінуў большы след у гісторыі і прынёс большую карысць - то пытанне спрэчнае і ў прынцыпе не вырашальнае. Прынамсі абодва роўныя ў сваёй славе людской, гэта факт.
Аляксандр Македонскі свята верыў, што нясе святло цывілізацыі іншым народам, насаджваючы цывілізацыйныя дасягненні гвалтам, крывёю. Але падумаем, ці зрабіў ён шчаслівейшым сярэдняга чалавека сваёй імперыі, ці хаця б сябе самога? І ці ёсць цывілізацыя апрыёры дабром для людзей? Тут існуе шмат меркаванняў, асноўныя з якіх, як заўжды, супрацьлеглыя. Хрысціянскі светапогляд, напрыклад, бачыць чалавека нязменным у сваёй грэшнасці, страснасці і, як вынік, шматпакутнасці ва ўсе часы і пры любым грамадскім ладзе. Згодна з гэтым светапоглядам, чалавек не ратуецца сытасцю і выгодамі ад унутраных і знешніх афектаў. І гэта, калі паглядзець строга, сапраўды так. Інакш бы не свяціўся светлай усмешкай якісьці працавіты бядняк, і не канчаў самагубствам які-небудзь сынок мільярдэра з-за таго, што чарговая Месаліна яму адмовіла... Другі погляд на рэчы, які таксама мае пэўную рацыю, заключаецца ў тым, што цывілізацыйныя выгоды паляпшаюць і ўнутраны стан сярэдняга чалавека. Рацыянальнасць і слушнасць абедзвюх супрацьлеглых пазіцый не павінна выклікаць здзіўлення, гэта толькі пацвярджае складанасць і неадназначнасць паняццяў дабра і зла, а таксама тое, што любая праблема разглядаецца ў розных ракурсах. І кожны з гэтых ракурсаў мае сваю праўду.
Хрысціянскі ракурс разглядае духоўны стан чалавека, трагедыю яго смяротнасці і немагчымасць выратавацца нічым у гэтым шалёным свеце, інакш як праз Хрыста, вераю выправіўшы сваю тленную прыроду і стаўшы неўміручым для Вечнасці. І ў рамках такога разгляду мы сапраўды бачым, што ніякае багацце, каханне, слава, шматлікія ўдзячныя нашчадкі не выратуюць чалавека ад смяротнасці сваёй прыроды. Коратка кажучы, паміраць яму ўсё адно прыйдзецца аднаму і ў Вечнасць глядзець - сваімі вачыма. Калі ж ты не бачыў гэтай Вечнасці ў зямным жыцці, то з якім настроем ты можаш сустракаць яе ў момант смерці? З жахам перад невядомасцю - гэта як мінімум. Чым больш ты маеш дабротаў - тым цяжэй табе ўмомант стаць голым. У труны кішэняў няма - справядліва сцвярджае прымаўка. Ясна, што ніякая цывілізацыя гэтую праблему нязгоды чалавечай свядомасці, чалавечай прыроды з фактам непазбежнай смерці вырашыць не можа.
А што можа цывілізацыя ў такім выпадку? Пераважна цывілізацыя прызначана для аднаго - аблягчаць нялёгкае існаванне чалавека на зямлі і, па магчымасці, павышаць тэрмін гэтага існавання. На гэта накіраваны ўсе яе намаганні, на гэта шчыруюць навука, медыцына, юрыспрудэнцыя і палітычныя інстытуты. Толькі на гэта - каб чалавеку было лягчэй у нялёгкай справе жыцця. А што значыць - лягчэй? Гэта каб было больш станоўчых эмоцый, чым адмоўных. Бо ўвесь велізарны свет мы ўспрымаем толькі праз свае пачуцці. Закаханыя мы, сытыя, праслаўленыя - і тыя рэчы, што ў жабрацтве, нелюбові і бясслаўі здаваліся нам апастылымі, цяпер пачынаюць неверагодна радаваць нас. Фізіялагічна ж усё тлумачыцца вельмі банальна - з прычыны станоўчых эмоцый наш арганізм выпрацаваў павышаную дозу натуральных наркотыкаў, і нам рэзка палепшала. Вось на гэта пераважна і накіраваны даброты цывілізацыі: сытасць, вольнае каханне, разнастайныя відовішчы і свабода камунікацый - пастаўляць мозгу шараговага чалавека натуральныя наркотыкі. Але любы наркотык мае сваю небяспечную асаблівасць - праз некаторы час ён перастае дзейнічаць так, як дзейнічаў напачатку.
Таму тыя забавы і далікатэсы, што радавалі нас нядаўна, перастаюць цешыць і патрабуюць замены. І хоць цывілізацыя прапаноўвае вялізны асартымент дабротаў і забавак, у выніку непазбежна настае перанасычанасць імі, калі ўжо нішто, ну нішто не можа пацешыць. І аказваецца, што самым надзейным сродкам жыць радасна аказваецца старазапаветнае - у поце твару здабываць хлеб свой. Бо галодны радуецца і чэрстваму хлебу з вадою. А таго, хто аб'еўся, верне і ад чорнай ікры. Той, хто стаміўся надзённаю працаю, радуецца магчымасці проста прысесці і адпачыць. Не спешчанага жыццём чалавека радуюць такія драбніцы, на якія разбэшчаны багацей зусім не зважае. А жыццё насамрэч складаецца з гэтых драбніц. Можна захапляцца карункамі ад марозу на зімовым акне, першай травінцы, што прабіваецца з пад снегу, сінічцы, што даверліва пырхнула на твой падаконнік. А можна аб'есціся натуральным сексам з эннай партнёркай і дарагімі вінамі, а заўтра, каб не было сумна, перайсці на гомасексуалізм і сесці замест сухога віна на наркотыкі.
Шапенгаўэр напрыклад, пісаў, што не трэба глядзець на багацце і грамадскі статус чалавека, а трэба прыкмячаць, ці часта ён усміхаецца ці смяецца. Бо калі ён часта смяецца - ён адназначна шчаслівы. Можна паспрачацца наконт шчасця ўсмешлівага ідыёта ці хранічнага алкаголіка, але спрэчка гэтая хутка прыме рытарычны кірунак.


9. Тапелец у моры афектаў

Цяпер паглядзім больш дэталёва, што сапраўды станоўчага дае цывілізацыя чалавеку і ці мае яна ў сабе патэнцыял яго ашчаслівіць. Усё ж здаровы сэнс падказвае, што паколькі цывілізацыя аблягчае фізічны і ўзбагачае псіхаэмацыянальны стан чалавека, то яна павінна ўтрымліваць гэты патэнцыял шчасця. Бо што такое было жыццё ў дацывілізацыйную эпоху, гісторыкі добра прааналізавалі, і ў нас няма асаблівых падстаў ім не паверыць. Гэтае жыццё было прынамсі значна цяжэйшым і бязлітаснейшым да сярэдняга чалавека, чым цяпер у краінах, скажам так, паўночна-заходняга свету. Чалавек зацята змагаўся з прыродай, якая штохвіліны намагалася калі не знішчыць яго, то зрабіць само існаванне сапраўдным пеклам. Холад, голад, бяспраўе перад уладамі, непасільная праца, эпідэміі, навалы драпежных ворагаў - нязменныя спадарожнікі сярэдняга чалавека не тое што нецывілізаваных краін, а ўвогуле любых краін ажно да пачатку дваццатага стагоддзя, пакуль не надышоў век электрычнасці і не адбыўся магутны рывок у тэхналогіях. Дрывяная цывілізацыя змянілася вугальнай, а вугальная - нафтавай. Менавіта нафта і электрычнасць - база для таго навуковага прарыву і да сучасных выгодаў, якімі мы карыстаемся.
Не сакрэт, што цяжкая фізічная праца аскаціньвае чалавека. Змаганне за кавалак хлеба дзеля змагання ў пастаянным страху памерці - абясцэньвае чалавечае жыццё. Так існуюць усе жывыя арганізмы, але так справядліва не хацеў жыць чалавек і рабіў для свайго, адрознага ад жывёльнага свету, жыцця ўсё магчымае. Яшчэ ў дзевятнаццатым і пачатку дваццатага стагоддзя цана чалавечага жыцця была не высокай. І не толькі з-за бяспраўнасці нізоў, самадурства цароў, каралёў, імператараў і пастаянных знішчальных войнаў. А найперш - з-за бяссілля чалавечага арганізма і тагачаснай медыцыны перад разнастайнымі хваробамі, якія цяпер, на пачатку трэцяга тысячагоддзя, лечацца без асаблівых праблем ці прынамсі не ўяўляюць пагрозы для жыцця. Тады чалавек, незалежна ад грамадскага статусу, жыў як бы пад дамоклавым мячом маці-прыроды. У кожную хвіліну ён мог захварэць на любую хваробу з шырачэзнага набору смяротных. Або атрымаць траўму, раненне, з якімі тагачасная бездапаможная хірургія не ў сілах была спраўляцца і або трывіяльна пакідала раненага паміраць (як Пушкіна), або пакідала страшным калекам, вырадкам, які мусіў усё жыццё мучыцца. Уявіце сабе маладога чалавека, поўнага таленту, творчых і агульнажыццёвых планаў, які захворвае на хуткацечны туберкулёз (напрыклад, Маскім Багдановіч). Усё ўмомант разбурваецца для яго, тады як цяпер амаль любы туберкулёз пры правільным падыходзе вылечваецца. Вынаходства антыбіётыкаў амаль вырашыла праблему масавых смярцей ад эпідэмій прастуды, ад сепсісу пры адкрытых ранах і хірургічных умяшанняў. Пластычная хірургія дазволіла знявечанаму траўмай, апёкам чалавеку не быць вырадкам і весці нармальнае жыццё, заводзіць сям'ю і г.д.
Дасягненні медыцыны дазваляюць сучаснаму чалавеку не трымцець за сваё існаванне і ведаць, што пры адносна правільным ладзе жыццё ён з вялікай верагоднасцю выканае свае жыццёвыя планы. Жыццё стала, так бы мовіць, нашмат больш перспектыўным, тады як яшчэ сто гадоў таму прырода не давала за яго і шэлега. Цяпер нават наадварот: чалавек, які не хоча жыць, часам не можа дачакацца смерці, бо ні родзічы, ні медыцына гэтага яму не дазволяць. Вядомыя выпадкі, калі схільныя да суіцыду людзі рабілі некалькі беспаспяховых спробаў, толькі калечачы сябе, але не маглі пакінуць гэты свет - медыцына іх ратавала.
Вядома, што і цяпер праблема падвешанасці чалавечага жыцця на тонкім валаску існуе і для некаторых псіхічна неўраўнаважаных людзей яна звышактуальная. Але ж пераважная большасць цывілізаванага чалавецтва, толькі дзякуючы медыцыне і прапагандзе здаровага ладу жыцця, з велізарнай верагоднасцю можа дажыць да глыбокай старасці і памерці натуральнай смерцю. Што і пацвярджае статыстыка сярэдняй працягласці жыцця ў такіх краінах.
Можна законна спытаць, а які сэнс доўга жыць, калі неадменна памрэш? Які сэнс у тым, каб прапусціць праз свой стрававальны тракт лішнія кілаграмы бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, а праз лёгкія - лішнія літры паветра? А справа ў тым, што ў глыбокай старасці смерць, як правіла, не такая балючая. Псіхафізічная ніць, што трымае нас у жыцці, у глыбокай старасці нагэтулькі тонкая, што часта рвецца імгненна і беспакутна. Чалавек папросту сядзіць, ідзе, спіць - і адыходзіць у іншы свет. Тады як у маладосці і сярэднім узросце арганізм і псіхіка пакутліва расстаюцца з зямлёю. Мноства інтарэсаў, процьма планаў, непатухлыя жарсці ўступаюць са смерцю ў жудасную барацьбу. Таму кожны нармальны чалавек свядома ці падсвядома жадае дажыць да старасці ў адносным здароўі і памерці натуральнай, а значыць, адносна бязбольнай смерцю.
Цывілізацыя не вырашае вузлавога пытання смяротнасці чалавечай прыроды, але аблягчае і працягвае зямное жыццё, а таксама аслабляе перадсмяротныя пакуты людзей, калі яны паміраюць не імгненна - з дапамогай той жа медыцыны. Гэта ўяўляецца немалаважным станоўчым фактарам. Трэба. аднак, улічваць, што працягванне жыцця мае, па вялікім рахунку, сэнс не для ўсіх, а толькі для тых, каму само жыццё ўяўляецца цікавым, каштоўным і напоўненым творчымі планамі. Многія ж людзі духоўна і душэўна паміраюць за гады і дзесяцігоддзі да сваёй фізічнай смерці, бродзячы па зямлі жывымі трупамі, ведучы жыццё жывёлы, толькі жуючы, п'ючы і спячы. Дзесяцігоддзі такога жыцця анічога ім не даюць, акрамя - ўсё ж такі - патэнцыйнага шанцу раптам нешта ў сабе змяніць. Шанц застаецца заўсёды, пакуль жывеш. І таму ні для каго лішнія гады, калі глядзець строга, лішнімі не бываюць.
Такім чынам, мы высветлілі, што цывілізацыя палягчае жыццё сярэдняга чалавека і нясе ў сабе своеасаблівы патэнцыял шчасця. І ўжо справай канкрэтнай асобы з'яўляецца, шляхам унутранай працы, зрабіць сябе шчаслівейшым. І было б тут усё проста і ясна, каб не ўласцівасць прыроды расстаўляць для людзей пасткі. Справа ў тым, што цывілізацыя нясе ў сабе адначасова і адмоўны патэнцыял - каб зрабіць таго ж чалавека няшчасным. Дзе ж палягае гэты каварны патэнцыял? Ды ў свабодзе выбару дасягнення эмоцый.
Філасофія і псіхалогія даўно адкрылі той факт, што кардынальнае адрозненне чалавека ад жывёлы ў тым, што ён мае лішак псіхічнай энергіі, які застаецца пасля асноўнай мэты любога арганізму: падтрымання ўласнага існавання і працягу свайго роду. Псіхафізічная энергія любой жывёлы накіравана толькі на гэта. Чалавеку ж самазахавацца і працягнуць свой род будзе мала. Ён запраграмаваны на атрыманне максімальных адчуванняў, пачуццяў, эмоцый, зусім не абавязкова звязаных з выжываннем. Лішак псіхічнай энергіі сыходзіць у рэлігію, стварае культуру, рэалізуецца ў гульнях, спорце, разнастайных відовішчах, неабгрунтаваных злачынствах і псіхічных захворваннях.
Чалавеку заўсёды нечага не хапае. Дай яму сытную ежу, гарэм, не прымушай працаваць - і ён, у адрозненне ад дзікай жывёлы, не стане толькі есці, спаравацца і спаць. Ён хутка занудзіцца і неадменна прыдумае, чым сябе заняць, каб збыць залішнюю энергію на нейкую справу. І справа гэтая будзе не абавязкова карыснай не толькі для грамадства, для акаляючых, але і для самога чалавека. Багатыя героі Шэкспіра пастаянна пакутуюць такімі згрызотамі, якія ў вечна недакормленага працаўніка выклічуць прынамсі недаўменне. Звышэмацыйныя героі Дастаеўскага, гэтыя экзальтаваныя жанчыны і балбатліва-істэрычныя мужыкі - лайдакі ўсе да адзінага. Яны, як правіла, нічым не занятыя, нідзе не працуюць і працаваць не жадаюць. Адсюль іхняя павышаная цяга да эксцэнтрычных і ў рознай меры неадэкватных дзеянняў і гаворак. Яны страшэнна няшчасныя, усе гэтыя адукаваныя, сытыя, адносна здаровыя і бяздзейныя людзі.
Прырода не церпіць гультайства. Чалавек закліканы перайначваць зямны шар, займацца стваральнай дзейнасцю. Тады ён жыве паўнавартасна, адчувае сябе здаровым і шчаслівым. Калі ж ён не займаецца стваральнай дзейнасцю, лішак энергіі ідзе на ўсялякую дрэнь - п'янства, распусту, наркаманію, гомасексуальны блуд, азартныя гульні і разнастайнае катаванне бліжніх. Таму такія заганы здаўна былі распаўсюджаны сярод арыстакратыі, якая занадта каларыйна харчавалася і не мела куды патраціць тыя калорыі, асабліва калі дзяржава не вяла вайсковыя дзеянні. Працаўнік жа, асабліва сельскі жыхар, быў заняты зранку да вечара тамлівай дзейнасцю, і яго энергіі хапала адно на тое, каб пракарміць сябе, зачаць і выгадаваць шматлікіх нашчадкаў. Вясковая п'янства - з'ява, якую, нібы заразу, прынёс на сяло менавіта цывілізаваны горад. А таксама тое, што з развіццём тэхнікі, селянін займеў больш вольнага часу.
Відавочна, што і працаваць ад цямна да цямна не з'яўляецца аптымальным варыянтам для чалавека, і лайдачыць круглыя суткі - таксама. Не выпадкова ж дзяцей адмалку прывучаюць да рэжыму працы і адпачынку, пачынаючы са школы, якая з'яўляецца не столькі сродкам зрабіць кагосьці надта разумным, як прывучыць чалавека жыць па законах соцыуму. Нездарма ў цывілізаваных краінах абучэнне ў школах не вельмі строгае, затое дзяцей і іх бацькоў строга караюць за школьныя прагулы. Цывілізаваным краінам важна выгадаваць сацыяльных адзінак, а не бяздзейных эгаістаў, якія будуць бадзяцца па горадзе пасярод белага дня. Бяздзейны грамадзянін - гэта патэнцыйна галодны чалавек. А галодны чалавек - гэта патэнцыйны злачынца і носьбіт усялякіх заганаў і заразных хваробаў. Таму ў цывілізаваных краінах неверагодна, каб бацькі сваявольна забаранялі свайму дзіцяці наведваць школу: хутка прыедуць адпаведныя службы, надзенуць на дзіцё наручнікі і адправяць у закрытую вучэбную ўстанову, інтэрнат. З бацькамі таксама разбяруцца па ўсёй строгасці. Вось вам і хвалёная свабода цывілізаванага свету, які гатовы даць чалавеку што заўгодна, апроч таго, каб ён маральна дэградаваў і сваім ядам атручваў здаровую грамаду.
Чалавек цывілізацыйнага свету насамрэч не болей свабодны, чым чалавек другога ці трэцяга свету, проста несвабода цывілізаванага чалавека набывае іншыя формы. Яе кантралююць строгія і справядлівыя законы, долар і сацыяльны статус, панізіць які людзі страшэнна баяцца, а падвысіць - страшэнна жадаюць. Бо якасць існавання ў цывілізаваным свеце выразна дыферэнцыравана грамадскім статусам, хоць перад законам усе фармальна роўныя. У ЗША для чалавека галоўнае нават не сям'я, а работа. Чалавек зацыклены на тым, каб рабіць службовую кар'еру. Гэта асаблівасць нацыянальнай псіхалогіі амерыканцаў, здаровай, трэба прызнаць, псіхалогіі. Бо чалавек прызначаны прыродай, па вялікіх рахунку, не для любоўных мілаванняў і сопляў, а для напружанай псіхафізічнай дзейнасці.
Цывілізацыя, у многім аблягчаючы людзям жыццё, разам з тым загружае іх новымі, раней не вядомымі чалавецтву праблемамі. Атрымаўшы магчымасць рэалізоўваць напоўніцу свой псіхаэмацыянальны патэнцыял, чалавек мусіць самастойна уключаць тармазы, каб не перастарацца і не загнаць свой арганізм у небяспечную зону. Бо на працягу ўсёй, скажам так - пастаральнай гісторыі чалавецтва наш арганізм быў прызвычаены да вялікіх фізічных нагрузак і абмежаванага (без пераядання) харчавання. У руху, у фізічным дзеянні стрэс, які быў ва ўсе часы, не нясе вялікай шкоды арганізму. Бо ў стане аптымальнай сваёй работы арганізм наогул не пашкоджваецца стрэсавымі фактарамі, яны для яго - цалкам нармальная з'ява, неабходная частка жыцця. Нервовая і сардэчна-сасудзістая сістэмы не выводзяцца стрэсам на небяспечны для здароўя і жыцця рэжым, калі арганізм чалавека заведзены рухам і ўсе органы працуюць, калі так можна сказаць, з вялікім запасам. Лёгкія добра вентыліруюцца кіслародам, магутнае сэрца выдатна забяспечвае мозг, мускулы і ўсё астатняе здаровай крывёю.
Рух таксама спрыяе вывядзенню з арганізма праз потавыя залозы шкодных рэчываў, прадуктаў распаду. Фізічная праца, небяспека (у час вайсковых дзеянняў, прыкладам) спрыяюць выпрацоўцы спецыяльных гармонаў, якія павышаюць тонус сасудаў, садзейнічаюць правільнай працы сэрца ды іншых унутраных органаў. Пры фізічных нагрузках мозг, у які паступаюць гэтыя гармоны, не рэагуе так балюча на знешнія фактары, як рэагаваў бы ў стане спакою. Таму чалавек рухомы, фізічна загружаны, як правіла, не адчувае недамаганняў, а дакладней, іхніх сімптомаў. Самі ж збоі ў яго арганізме, верагодна, маюць месца быць, але ж ён іх не адчувае з прычыны іхняй нязначнасці, таго, што яны не ўяўляюць непасрэднай небяспекі для жыцця і здароўя. І наадварот, у чалавека нерухомага, не выведзенага на рабочы рэжым арганізма, любы самы нязначны збой у працы ўнутраных органаў выклікае балючыя адчуванні, а часам страх і паніку. Ёсць такія паняцці як неўроз страўніка, сэрца і г.д., калі чалавек адчувае моцную палохаючую боль у гэтых органах, у той час, як абследаванне іх паказала б, што яны не маюць ніякіх адхіленняў ад нормы. Кожнаму знаёмыя галаўныя болі, выкліканыя не аб'ектыўнымі (арганічнымі), а суб'ектыўнымі прычынамі, калі чалавек, напрыклад, перанервуецца. Таму мы інстынктыўна, пасля стрэсу, імкнёмся выйсці на свежае паветра, пашпацыраваць, каб супакоіцца. Бо такім чынам адбываецца вентыляцыя ўсяго арганізму і вывядзенне з яго рэчываў, што выклікалі стрэс.
Мы плаўна падышлі да ключавой (якой адмыкаюцца ўсе астатнія) праблемы сучаснага цывілізаванага чалавека - нерухомасці, гіпадынаміі на фоне павышаных псіхаэмацыянальных нагрузак. Рэжым дня сучаснага службоўца прыкладна такі. Ён неахвотна падымае сваё цела з пасцелі, без апетыту і нахапкам снедае, затым сядае ў аўтамабіль і едзе праз паўгорада на працу. Паездка за рулём аўтамабіля ў мегаполісе, гэта, як вядома, немалы стрэс, прычым на фоне нерухомасці, магчыма, нявыспанасці і дрэўнага стрававання. Карацей, дзень пачынаецца з таго, што мозг, які дрэнна правентыліраваны са сну, зазнае літаральна атаку стрэсавых рэчываў. Сэрца, сасуды і ўсе унутраныя органы пачынаюць працаваць ненармальна, са збоямі.
На рабоце чалавека чакае, як правіла, не што іншае, як шматгадзіннае сядзенне за кампутарам і тое, што шматлікія начальнікі пастаянна яго раздражняюць сваімі загадамі, указаннямі і патрабаваннямі. Вядома, што чалавек - істота жывучая, прыстасаваная да ўсяго, і таму стрэс кожны службовец знаходзіць, як пагасіць. Праўда, не заўсёды паспяхова. І тады ён адыгрываецца ўвечары на дамашніх, на жонцы, бацьках і дзецях. Гашэнне стрэсу зазвычай немудрагелістае. На працоўных месцах - гэта анекдоты, паспешлівы флірт, кампутарныя гульні крадком ад начальніка, а галоўнае, частыя выхады ў курыльню і прагулка ў абедзенны перапынак да сталовай ці па крамах. Той, хто не прывязаны да аўтамабіля ці не баіцца дарожных патрульных службаў, можа ўжыць цягам працоўнага дня невялікую дозу алкаголю, а то і курнуць лёгкага наркотыку, якія ў некаторых цывілізаваных краінах прадаюцца свабодна.
Але ж спосабы зняцця стрэсу шляхам рэчываў, якія тармозяць нервовую сістэму і такім чынам змяншаюць унутраную напругу, не ўяўляюцца эфектыўнымі і тым болей - здаровымі. Нездарма ж сярод тых, хто спалучае сядзячую працу з алкаголем і нікацінам, такі вялікі працэнт ранніх інфарктаў. Бо ўсё штучныя стымулятары, уведзеныя ў арганізм, адвучваюць яго здымаць стрэс уласнымі рэзервамі. Алкаголіка і курыльшчыка значна лягчэй прывесці ў стан афекту, чым звычайнага чалавека. У іх выкліканае стрэсам сэрцабіццё, арытмія, часта набываюць працяглы і небяспечны характар і гасяцца толькі прывычнымі нікацінам і алкаголем - усё большымі іхнімі дозамі. Большыя ж дозы гэтых стымулятараў вядуць да поўнай дэградацыі сістэм натуральнай самарэгуляцыі. Таму курыльшчык ці алкаголік, які не прыме свае “лекі” падчас стрэсу (якіх можа не аказацца пад рукой як на грэх), можа атрымаць апаплексічны ці сардэчны ўдар. Паглядзіце на зацятага курыльшчыка, які паўдня не пакурыць - яму і стрэс не патрэбны, бо ён і так увесь трасецца, пакутуе нервамі, што патрабуюць звыклага нікаціну.
Таму нармальнымі сродкам пагашэння стрэсу з'яўляюцца толькі натуральныя. Найперш - гэта пазбяганне стрэсавых сітуацый і псіхалагічная трэніроўка правільных рэакцый на сітуацыі, якіх немагчыма пазбегнуць. Трэба заўсёды трымаць у галаве, што ў большасці выпадкаў нас дабівае не сама сітуацыя, а наша неадэкватная, хваравітая на яе рэакцыя. Свае нервы трэба берагчы як зрэнка вока, пастаянна надзяваючы на іх “браню” з дапамогай адпаведнага аўтатрэнінгу. Бо амаль любую жыццёвую сітуацыю можна выправіць ці перажыць (будзь сітуацыя на рабоце ці сямейныя злыбеды), а вось уласнае здароўе і жыццё часта вярнуць не ўдаецца. Здароўе даражэй за ўсё астатняе на зямлі. Нездарма ж у народзе, віншуючы чалавека, у першую чаргу зычаць яму здароўя.
Другім натуральным, і самым дзейсным, спосабам пагашэння стрэсу з'яўляецца падтрыманне свайго цела ў аптымальным стане дзякуючы фізічным практыкаванням і ўвогуле правільнаму рэжыму дня. Тут я мушу быць трывіяльным і гаварыць прапісныя ісціны. Той, хто з дзяцінства не палюбіў фізкультуру, амаль асуджае сябе на няшчасце цягам далейшага жыцця. А бацькі, што не займаюцца фізічнай загартоўкай свайго дзіцяці або намагаюцца вызваліць яго ад урокаў фізкультуры, - не інакш, як злачынцы.
Бо амаль няма такіх хваробаў, пры якіх супрацьпаказаны фізічныя нагрузкі. Рух, фізічная актыўнасць - гэта аснова жыцця, або асноўная ўмова, пры якіх жыццё адбываецца. Для чалавека ж, пры яго павышанай эмацыйнасці, пры перагрузках нервовай сістэмы, рух папросту неабходны так, як паветра. Іначай унутранай напруга не будзе ўраўнаважвацца знешняй. Гэта кладзецца непасільным цяжарам не сасуды і ўнутраныя органы. Чалавек як бы перакіпае, ён можа разарвацца знутры. Што і адбываецца часта з людзьмі, асабліва мужчынамі пасля сарака гадоў, калі арганізм запраграміравана здае прыродзе свае пазіцыі. У дзіцячым узросце, як правіла, ніхто ад сасудзістых захворванняў з прычыны стрэсу не памірае, але менавіта ў дзяцінстве можа быць закладзены падмурак будучых хранічных хваробаў. У дзяцей неўраўнаважанасць унутранай напругі і фізічных нагрузак праяўляецца часцей у прыгнечаным псіхаэмацыянальным стане, дэпрэсіі, якая апошнім часам часцей і часцей прыводзіць да самагубства.
Дзіцячыя прастуды, школьныя эпідэміі выкліканы не так скучанасцю ў класе, як стрэсам ад школьных нагрузак і зверстваў настаўнікаў, таму што стрэс уносіць моцныя збоі ў нервовую сістэму маленькіх людзей. Школьнік пастаянна баіцца атрымаць кепскую адзнаку, баіцца, што выкладчык на яго накрычыць, запіша ў дзённік заўвагу, выкліча бацькоў у школу, за што бацькі дадуць яму добрага прачуханца, а то і наўпрост адлупцуюць. Некаторыя дзеці трапляюць у замкнёнае кола хваробаў і стрэсу. А таксама таго, што антыбіётыкі, якія яму шчодра прапісваюць, прыводзяць у дэградацыю імунную сістэму арганізма. Антыбіётыкі - выдатнае вынаходства, што выратавала мільёны жыццяў. Але ж адваротны бок медаля ў тым, што, яны забіваюць не толькі шкодныя мікробы і бактэрыі, але і карысныя мікробы, якія ўдзельнічаюць у жыццёвых функцыях арганізму і якія не дазваляюць актывізавацца вірусам, супраць якіх антыбіётыкі бяссільныя. Мяркуецца, што актывізацыя віруса імунадэфіцыту адбылася з прычыны захаплення чалавецтва антыбіётыкамі. Тое самае - рэзкае ўзрастанне анкалагічных захворванняў, якія, як лічыцца, актывізуюцца спецыяльнымі вірусамі.
Таму, як ні круці, лепей спадзявацца не на лякарствы, а на свае ўнутраныя рэзервы, тым больш што ільвіная доля лекаў дзейнічае так, што менавіта запускае скрытыя сілы нашага арганізму. Таму падтрыманне арганізму ў стане высокага тонусу, у якім з нас адлятаюць, як ад брані, усе стрэсы, хваробы ды іншы негатыў, - святы абавязак кожнага чалавека. Лекі могуць выратаваць ад смерці, але ў большасці выпадкаў не робяць нас бадзёрымі, здаровымі і шчаслівымі ў паўсядзённасці. Бо ніхто за нас не будзе даваць штодня арганізму патрэбную нагрузку, ніхто, як толькі мы самі, не будзе пазбягаць стрэсавых сітуацый.
Важна зазначыць, што ніводнае чалавечае жаданне, уключаючы ўсе цялесныя адпраўленні, не шкоднае само па сабе, а можа быць шкодным толькі таму, што спраўджваецца намі не да месца і не да часу. Ні алкаголь, ні тытунь, ні нават наркотыкі ў выглядзе абязбольваючых таблетак не шкодныя самі па сабе. Ні тым больш - секс ці жаданне аправіцца. Але ўсё гэта трэба рабіць у адведзенай прыродай колькасці, месцы і звяраць са сваім біялагічным гадзіннікам, а таксама ў адпаведнасці з традыцыяй і правіламі соцыуму. Хто будзе спрачацца, што выдатная рэч таблеткі, якія прымаюць ад рэўматычных боляў у суставах? Але выпі ты за раз не адну таблетку, а цэлы іх пачак, і гэта табе не толькі карысці не прынясе, а можа выклікаць незваротныя працэсы ў арганізме, ад якіх будзеш пакутліва паміраць у рэанімацыі сутак трое.
Як і любая з'ява, фізічныя практыкаванні не карысныя самі па сабе, а карысныя толькі ў тых самых рамках разумнага. Калі ўрач нам забараняе пры тэмпературы пад сорак бегаць крос, то, відаць, ён мае ў гэтым неаспрэчную рацыю. Фізічныя нагрузкі ў павышаных дозах нясуць разбуральныя наступствы для арганізму. Спорт высокіх дасягненняў - гэта камбінат па вытворчасці інвалідаў. Спартсмены рана вычэрпваюць свае ўнутраныя рэзервы і ўсё астатняе жыццё зазвычай змагаюцца з хваробамі. Арганізм свой трэба любіць і не здзекавацца з яго. А выступае ў выглядзе гэтага здзеку курэнне па два пачкі ў дзень, выпіванне па бутэльцы гарэлкі за раз ці беганне па сорак кіламетраў штодня - не важна па сутнасці.
Акрамя таго, варта памятаць, што моцныя фізічныя нагрузкі стамляюць мозг. Таму пасля псіхаэмацыянальных перагрузак лепей прайсціся пешкі некалькі кіламетраў, чым валачыся ў трэнажорную залу пад цяжкія штангі. Пры хадзе мозг адпачывае, бо ногі працуюць у такім выпадку, амаль не стамляючы мозг, аўтаматычна. Пасля магутнага стрэсу адназначна лепей выпіць бутэльку піва ці шклянку сухога віна ды ціха пасядзець, чым мучыць сябе фізічнымі перагрузкамі. Бо пры ўмераных дозах алкаголю надыходзіць мяккае расслабленне нерваў і ўнутранай мускулатуры (стрававальны тракт, сценкі сасудаў і пратокаў залоз унутранай сакрэцыі,), які ад стрэсу перанапружыліся. Калі ж павысіць у такім выпадку дозу алкаголю, то ён, разам са станоўчым момантам расслаблення, ляжа непатрэбным цяжарам на арганізм, што не ёсць добра. Таму кожны чалавек павінен вывучаць свой арганізм, дапамагаць яму функцыянаванню, ашчаджаць і любіць - для таго, каб ён, арганізм, дапамагаў нам у нялёгкай справе жыцця.
Чалавек цывілізаванага свету, акрамя таго, занадта каларыйна харчуецца. Ён у сярэднім спажывае куды больш калорый, чым яму патрэбна для падтрымання жыццёва неабходных функцый, цялесных адпраўленняў. Астатнія калорыі кладуцца баластам на арганізм, які, да ўсяго іншага, маларухомы. Ад атлусцення пакутуе велізарны працэнт краін першага свету. Асабліва злаякасная гэтая праблема ў ЗША, так бы мовіць, флагмане чалавецтва. Звязана гэта з асаблівасцямі нацыянальнай кухні, менталітэту. Французы, напрыклад, ядуць зусім не менш за амерыканцаў, але робяць гэта паважна, за сямейным сталом, у рэстаранах, кавярнях, у прыемных кампаніях, няспешна, запіваючы лішнія калорыі даволі вялікай колькасцю якасных вінаў.
Амерыканцы ж ядуць нахапкам, часта ў забягалаўках, якія прапаноўваюць звышкаларыйную ежу ў порцыях, здольных задаволіць тыгра і льва. Амерыканцы ядуць многа мучнога ў спалучэнні з тлустым мясным (гамбургеры). Такая ежа адпавядае нацыянальнаму менталітэту амерыканцаў - не траціць лішні час на харчаванне (бо праца чакае), а насычацца імгненна і эфектыўна. Але эфектыўнасць тут зманлівая, паколькі нездаровая ежа амерыканскіх закусачных, што распаўсюдзіліся па ўсім свеце, наносіць непапраўны ўрон арганізму таго, хто рэгулярна карыстаецца іх паслугамі. Бо спалучэнне тлустага мяса са здобным цестам - міна запаволенага дзеяння для арганізма, які маларухомы.
Гамбургеры - гэта ідэальная ежа для воіна, што паўсутак не злазіць з каня і махае мячом, але не для чалавека, які па дванаццаць гадзі сядзіць за кампутарам. Чалавек за кампутарам, у сілу павышанай нагрузкі на мозг, заядае стрэс вялікай колькасцю калорый. Але гэтыя калорыі не ідуць на карысць целу, адкладаючыся ў сасудах небяспечнымі наростамі, псуючы структуру ўнутраных органаў. Чалавек цывілізаванага свету спажывае лішкі калорый не ад сваёй дурасці, а для таго, каб пагасіць мазгавы стрэс. І сядзіць ён поседам на працоўным месцы і за рулём аўтамабіля не па сваёй віне, а таму, што гэта аб'ектыўная рэчаіснасць.
Французы, італьянцы, немцы і англічане ратуюцца ўстойлівымі традыцыямі нацыянальнай кухні і распарадку дня. Яны, хоць і вядуць падобны амерыканцам ў цэлым маларухомы лад жыцця і спажываюць лішнія калорыі, але ж робяць гэта не спехам, а ў строга адведзеныя гадзіны і ў здаровым спалучэнні кампанентаў страў. Напрыклад, ядуць мяса не такіх тлустых гатункаў і не са здобным цестам, а з вялікай колькасцю гародніны. Гародніна, як вядома, спрыяе страваванню і засваенню мяса арганізмам. Правільнаму страваванню спрыяе і нетаропкі прыём ежы, гутаркі за ядой з прыемнымі людзьмі, якіх рытуальным чынам яднаюць якасныя алкагольныя напіткі (Эмануіл Кант калісьці тэорыю развіў наконт гэтага, сам харчаваўся толькі ў кампаніях і з вінамі). Алкаголь у малых дозах расслабляе за ядой нервовую сістэму, што спрыяе страваванню, а таксама садзейнічае вывядзенню з арганізму шлакаў. Амерыканцы ж не могуць адарвацца ад улюбёнага свайго занятку - работы, а таму ядуць часта не адрываючыся ад кампутараў, ежу ім дастаўляюць у офіс адпаведныя службы. Таму ў карыкатурным плане сярэднестатыстычны службовец цывілізаванага свету - гэта нерухомая туша, прывязаная абавязкамі да крэсла і ўтаропленая ў манітор, якая нават не паварухнецца ўстаць з крэсла, каб прайсціся да рэстарана. І гэта не жарты, а так яно ёсць насамрэч. Такі лад жыцця паступова перавандроўвае ў Еўропу з блаславёнай Амерыкі.
Біч цывілізацыі - атлусценне - ставіць перад чалавецтвам новыя праблемы. (Зрэшты, калі ў чалавецтва праблем не было?) Чалавек з хранічным атлусценнем моцна пакутуе (гіпертанія, сардэчна-лёгачныя прыступы, дэпрэсія, ацёкі ног) і зазвычай не жыве доўга. Ён з нейкага моманту робіцца непрацаздольны і кладзецца цяжарам на грамаду. Асаблівасць цывілізаванага свету ў тым, што там становіцца ўсё менш і менш маладых, здаровых і працаздольных людзей, у той час як павышаецца працэнт пенсіянераў і ўсялякіх па розных прычынах непрацаздольных. Сямейныя пары перастаюць нараджаць дзяцей або абыходзяцца адным дзіцем. У той час як растуць пенсійныя і ўсялякія дабрачынныя фонды, страхоўкі для беспрацоўных і г.д. І хутка можа здарыцца так, што не будзе не толькі каму на гэтыя фонды зарабляць, але і абслугоўваць шматлікіх пенсіянераў (якім медыцына расцягвае жыццё) і разнастайных беспрацоўных, інвалідаў, атлусцелых ды проста лайдакоў па жыцці.
Але гэтая праблема (папаўнення працаздольнага элементу) вырашаецца з дапамогай прыхадняў з трэцяга свету, дзе з чалавечым рэсурсам якраз усё ў норме. Праблема ў адваротным: есці няма чаго гэтым шматлікім ратам. Таму яны праўдамі і няпраўдамі перацякаюць у цывілізаваны свет, каб запоўніць недахоп людскога рэсурсу. Не пастаў тут заслону, ясна, што яны імгненна запалоняць сабой краіны першага свету, і тыя хутка ператворацца ў краіну, падобную на іх дзікунскія тэрыторыі, дзе скончыцца дабрабыт і пачнецца звычайны, зрэшты, прывычны ў гісторыі чалавецтва голад. Таму цывілізаваны свет вельмі строга рэгулюе папаўненне людскога рэсурсу. Бо гэтага рэсурсу яму зашмат і не трэба - індустрыя ўсё болей і болей аўтаматызуецца і патрабуе ўсё меней працоўных рук. Эмігранты, як правіла, занятыя на непрэстыжнай і малааплатнай ручной працы.


10. На хвалях Свабоды ў імклівую Лету

Чалавек цывілізаванага свету мае завялікі запас псіхічнай энергіі, якая, па-першае, сілкуецца ўзмоцненым харчаваннем, па-другое, у цэлым малымі фізічнымі нагрузкамі на арганізм. Па-трэцяе, псіхіка індывідуумаў пераўзбуджана шматлікімі стрэсамі, звязанымі з павышанай псіхічнай напругаю соцыуму.
Гэтыя лішкі псіхічнай энергіі імкнуцца выплюхнуцца з людзей любой цаною ў розных напрамках. І цывілізацыя мусіць гэтыя напрамкі знайсці, каб выкіды энергіі сталі кантраляванымі і бяспечнымі. Прынамсі адносна бяспечнымі для грамадства. У старажытнасці магутныя цывілізацыя амаль пастаянна ваявалі з суседзямі, тым самым здымаючы ўнутраную напругу грамадства. Калі ж усе суседзі былі скораны, то лішкі энергіі накіроўваліся на маштабныя праекты кшталту егіпецкіх пірамід. Пры такіх праектах нацыя або цывілізацыя нітавалася агульнай высакароднай ідэяй, і менавіта ў гэтую ідэю сыходзілі лішнія калорыі, псіхічная і фізічная энергія грамадства. Яно такім чынам папросту ратавалася ад маральнага разлажэння. Тут можна прасачыць паралелі з арміямі ў мірны час, калі асабоваму складу не даюць адпачываць, а загружаюць усялякімі маршыроўкамі, пастраеннямі, задачамі ды вучэннямі. Або проста ганяюць салдатаў на пустапарожнія работы ці здзекуюцца з іх. Прычына ўсяго гэтага адна - не даць войску закіснуць у мірны час, захаваць яго тонус.
Гэтаксама і цывілізацыі ў працяглыя мірныя перыяды нарошчвалі свой псіхаэмацыянальны патэнцыял, рэалізуючы яго на культурных і культавых праектах, якія ніякім чынам не павышалі дабрабыт простых людзей, а дзяржаўную казну - добра спустошвалі.
Рымская імперыя арганізоўвала арэны для відовішчаў, дзе бавілі свой час рымляне, назіраючы за забойствамі жывёл і людзей. Чалавек старажытнасці прывык ваяваць. Таму і ў мірны час яму быў патрэбны выплеск крыважэрных эмоцый. Рымляне наталяліся выглядам чалавечай крыві. Злачынства адбываліся на арэнах, тым самым змяншаючы працэнт вулічных злачынстваў і агульны патэнцыял грамадскай незадаволенасці.
Чалавек - істота агрэсіўная. І прырода яго за стагоддзі не намнога палепшылася. Мужчынская сіла патрабуе выхаду ў войнах. Таму ў цяперашніх цывілізаваных краінах
большасць спартыўных заўзятараў - мужчыны. Заўзятарства - гэта сублімацыя прыроднай агрэсіі, перацяканне яе ў адносна мірнае рэчышча. А інакш цяжка зразумець, якога ражна здаравенныя мужыкі па чатыры гадзіны, стоячы, равуць і размахваюць рукамі на матчах амерыканскай бейсбольнай лігі. Гэты шматтысячны натоўп, можа здацца, займаецца зусім дарэмнай справаю, вар'яцеючы на стадыёне. Навошта натоўпу гэта патрэбна, паўстае законна пытанне. А дзеля наталення прыродных інстынктаў і выхаду агрэсіі. “Пабіўшы” разам з сабратамі чужую каманду, заўзятар часова супакойваецца і робяцца на тыдзень выдатным сем'янінам і руплівым працаўніком. Таму спорт - гэта не проста забаўка. А справа вельмі сур'ёзная, закліканая аздараўляць грамаду.
У тую ж катэгорыя ідуць розныя відовішчы, канцэрты поп-зорак. На гэта шчыруе цэлая тэлевізійная індустрыя: даць выпусціць людзям лішак псіхічнай энергіі, каб яны, груба кажучы, не квасілі адно аднаму морды і не парываліся ваяваць з суседнімі краінамі. Народы другога свету, дзе індустрыя відовішчаў знаходзіцца ў зачаткавым стане, з'яўляюцца нашмат агрэсіўнейшымі за цывілізаваны свет. Але ж трэба ўлічваць, што і псіхіка ў іх не так пераўзбуджана залішнімі калорыямі і стрэсам, як у грамадзян першага свету. Псіхіка не пераўзбуджана, а выйсця агрэсіі зусім мала. Таму пераважная большасць тэрарыстаў - усё-ткі адтуль. А аб'екты для тэрору - краіны першага свету.
Публічныя пакаранні смерцю ў не такой і далёкай гісторыі - таксама з той катэгорыі. Акрамя настаўленчага моманту (каб непанадна было), яны насілі і характар зліву народнага негатыву. Вось, маўляў, караем ліхадзея, які перашкаджаў вам ціхамірна жыць. Іосіф Сталін, напрыклад, наладжваў публічныя суды, якія падрабязна асвятляліся ў прэсе - каб народ ведаў, што ворагі пакараны і цяпер стане лягчэй.
Увогуле, маніпуляцыя свядомасцю грамадзян ёсць адметнай рысай любой цывілізацыі. Сучаснасць, са сваімі сродкамі масавай камунікацыі, абвастрыла гэтую рысу да крайнасці. А паколькі наша жыццё - гэта тое, што адлюстроўваецца ў нашай свядомасці, то маніпуляваць намі вельмі лёгка. Кожны ведае, як цяжка адліпнуць ад нейкага перыядычнага выдання, якое ты звык чытаць цягам некалькіх гадоў. Як цяжка перастаць глядзець бясконцы мыльны серыял. Як невыносна адмовіцца ад штодзённага прагляду знарочыста скандальных навін. Пералічваць у такім ракурсе можна бясконца. Адным словам, мы схільныя да прывыкання. Прывычка, як кажуць, другая натура. І добра, калі гэтыя прывычкі адносна бяскрыўдныя ці нават карысныя, як тое штодзённыя прабежкі трушком. А калі гэта курэнне, алкаголь, наркотыкі, азартныя гульні, распуста і г.д.? Больш за тое, заганныя звычкі маюць большы патэнцыял прывыкання да іх. Іх хімія, калі так можна сказаць, значна мацнейшая, чым у бяскрыўдных звычак. А мацнейшая яна таму, што дае напачатку большы спектр станоўчых эмоцый з большай іх амплітудаю.
Калі чалавек выходзіць на такую эмацыйную вышыню, то ўжо з вялікай цяжкасцю апускаецца да жыцця паўсядзённага, жыцця са сціплымі эмацыйнымі амплітудамі. Праз нейкі час залежнасць набывае амаль незваротныя наступствы. Тое, што раней здавалася нармальным, цяпер выклікае агіду і страх. Каб успрымаць акаляючыя прадметы і з'явы хаця б па-ранейшаму, цяпер патрэбныя новыя дозы разнастайных яўных ці скрытых наркотыкаў. Для яснасці яшчэ раз агаворымся, што яўны наркотык гэта тое, што ўводзіцца звонку ў арганізм, а скрыты - той, што вырабляецца самім арганізмам у экстрэмальных сітуацыях: азартныя гульні, распуста, усялякі экстрым (аўтагонкі, скачкі з парашутам і г.д.).
Аднак чалавеку хочацца ўспрымаць жыццё ўсё ярчэй і ярчэй, для чаго ён павялічвае дозы гэтых стымулятараў. Ранейшыя дозы ўжо так ярка не афарбоўваюць паўсядзённасць, як раней, бо мозг да іх прывыкае. Павелічэнне ж дозаў рэальна вядзе да сур'ёзных праблемаў са здароўем і, асабліва ў выпадку цяжкіх наркотыкаў, да хуткай дэградацыі арганізму і смерці. Смерць часта бывае не ад натуральных прычын, а ад таго, што чалавек трапляе ў дэпрэсію і канчае самагубствам. Каб не трапляць у дэпрэсію, залежнаму індывіду патрэбныя дозы стымулятараў. А яны каштуюць дорага і іх не заўсёды можна дастаць. Вось тым і небяспечны любы празмерны эмацыйны пад'ём, што пасля яго непазбежна наступае эмацыйны спад. Таму жыць трэба, пазбягаючы празмерных эмацыйных скачкоў, не вельмі радуючыся поспехам і па-філасофску ставячыся да няўдач, якія ў жыцці непазбежныя.
Таму, хто знаходзіцца ў эйфарыі кахання, зусім не пашкодзіць маральна падрыхтавацца да таго, што партнёр можа рэзка да вас ахаладзець, здрадзіць і ваш страшэнны эмацыйны пад'ём зменіцца эмацыйным спадам такой жа амплітуды, толькі са знакам мінус.
Перажываць гаму станоўчых эмоцый чалавек прагнуў заўсёды. На гэтым, уласна кажучы, і заснаваны цывілізацыйны прагрэс. Сучаснасць дасягнула ў гэтым плане небывалых, не знаёмых гісторыі вышынь. Сеўшы за кампутар, залезшы ў інтэрнэт, чалавек можа атрымаць калі не ўсё найжаданае, то прынамсі максімальную пра яго інфармацыю. Інтэрнэт прызначаны для аблягчэння чалавечых камунікацый. Якая б праблема ці жаданне ў цябе ні ўзніклі, ты, пры мінімальных навыках, можаш гэта хутка вырашыць па сусветным павуцінні, не сыходзячы з крэсла. Практычна ўсё даступна сярэдняму чалавеку, не трэба званіць у інфармацыйныя службы, не трэба наведваць бібліятэкі і рыцца ў грувасткіх кніжных архівах. У любую секунду ты можаш або бясплатна, або за невялікую плату атрымаць інфармацыю па інтэрнэце. Хто скажа, што гэта не хораша? Але, па ўсё тых жа хітрых законах жыцця, станоўчае нязменна суседнічае з адмоўным.
Як ты можаш лёгка і хутка атрымаць звесткі пра нешта з дапамогай інтэрнет-пашукавікоў, так і любы ахвотны гэтак сама можа атрымаць інфармацыю пра цябе, асабліва калі ты неяк засвяціўся ў гэтай сістэме. Калі ты камусьці патэлефанаваў, то праз секунду праз вызначальнік тэлефоннага нумара і з дапамогай адпаведных праграм твой абанент ведае, хто ты, што ты і дзе ты, нават калі ты вельмі таго не жадаеш. Зладзеі, што надумалі абчысціць тваю кватэру, лёгка могуць сабраць інфармацыю пра твой дабрабыт і часы адсутнасці і прысутнасці. Групоўкі, што займаюцца заганнымі справамі (гульнявы бізнес, секты, сатаністы, вычварэнцы, сутэнёры і г.д.), лёгка набываюць сваіх кліентаў (чалавечы матэрыял, за кошт чаго яны існуюць) праз інтэрнэт. Адмоўныя з'явы ў Сеціве паддаюцца кантролю дзяржавы, праваахоўных органаў на парадак цяжэй, чым у даінтэрнэтаўскую эпоху. Цяпер грэх у розных праявах (парнаграфія, дзіцячая парнаграфія, садамазахізм, гомасексуалізм і г.д.) літаральна прысутнічаюць у кожным доме, як бы жывучы ў маніторы. Да яго, можна сказаць, рукою падаць, тады як раней, каб знайсці сабе аднадумцаў у граху, трэба было няслаба парупіцца. Цяпер жа заходзь на адпаведны сайт і атрымлівай асалоду.
Заўважым, што заганы ніколі не бываюць асабістай справаю кожнага, пакуль ты з'яўляешся членам соцыуму. Упадаючы ў грэх, ты міжволі з'яўляешся патэнцыйным, заразлівым яго носьбітам. Заганы маюць уласцівасць перадавацца здаровым людзям, а тыя ў сваю чаргу пачнуць заражаць іншых. Фінансавыя піраміды, таталітарныя секты здольныя зацягваць вялізныя масы людзей, сеяць у здаровым грамадстве псіхозы, неўрозы, смерці, як пошасць. Інтэрнэт тут, зразумела, выдатны памочнік, бо ажыццяўляе эфектыўную камунікацыю і кіраўніцтва такімі сістэмамі, заваблівае ў іх новых ахвяраў.
Вар'яты былі заўсёды. Але ж цывілізацыя спараджае і як бы заахвочвае новыя, небывалыя і надзвычай злаякасныя формы вар'яцтва. Чалавек, якога цывілізацыя пазбавіла ад знясільваючай штодзённай працы, атрымаў зашмат вольнага часу, стаў многа думаць, і думаць часта не ў тых напрамках. Раней гэтыя напрамкі думання вызначалі рэлігіі. Цяпер жа яны маюць над масавай свядомасцю ўсё меншую ўладу. Асабліва ў свеце паўночна-заходняй цывілізацыі, цывілізацыі ад пачатку хрысціянскай. Чалавек пры наяўнасці залішняй энергіі і лішках вольнага часу мысліць, згубіўшы правільныя, традыцыйныя, рэлігійныя арыенціры. Дэзарыентаваны ў духоўным свеце, ён з'яўляецца марыянеткай у руках цёмных сілаў, тых сілаў, якія ў хрысціянстве па традыцыі называліся дэманічнымі.
Не рэдкія выпадкі (якія, дарэчы, актыўна тыражуе тэлебачанне), калі здаровы сыты цывілізаваны чалавек раптам упадае ў цяжкую дэпрэсію, выйсцем з якой ён бачыць толькі тое, каб адрэзаць сабе нагу ці абедзве нагі і жыць у калясцы. Відзежы сябе шчаслівага з адрэзанымі нагамі навязліва пераследуюць хворага. Ён патрабуе, каб дактары зрабілі яму ампутацыю, тыя адмаўляюцца. Ён падае на іх у суд за парушэнне яго грамадзянскай свабоды. І гэтая судовая справа, расходуючы вялізныя грошы, дзе нежартоўна ўзважваюцца ўсе за і супраць права чалавека на тое, каб у яго, здаровага, адцялі абедзве нагі. Гэта не сатанізм? Прычым, паўтаруся, такі псіхоз распаўсюджваецца па тэлебачанні на ўвесь свет, і тыя, хто гэта назіраюць, задумваюцца, а можа, і сапраўды суддзі не маюць рацыі, што не дазваляюць пакуль дактарам адрэзаць чалавеку ногі па яго ўласнай ахвоце? А можа, думае нехта, і мне паспрабаваць сябе пакалечыць і тым самым пазбавіцца ад шматгадовай дэпрэсіі?
Чалавеку становіцца дрэнна самому з сабой. Ён не ведае, куды скіраваць думкі, куды прыкласці сваю павышаную псіхічную энергію. А калі няма вартых спраў для прыкладання гэтай энергіі, то знойдуцца дэманічныя. Як тое, напрыклад, што адзін вычварэнец зажадаў з'есці другога, пазнаёміўшыся з ім праз інтэрнэт, і той згадзіўся. Абодва вар'яты сустрэліся, і адзін забіў, расчляніў і зжор другога. Усё, заўважце, па ўзаемнай згодзе. Усе задаволены.
Або нейкаму багацею робіцца сумна, яго ўжо не ўзбуджаюць, напрыклад, звычайныя порнафільмы, порнафільмы з садамазахізмам, гомасексуальныя порнафільмы, а таму ён шукае нешта вастрэйшае. Попыт нараджае прапанову (інтэрнэт дапамагае знайсці ахвотных), і неўзабаве гэтаму перасычанаму чалавеку даюць новыя паслугі. А іменна фільмы, якія вельмі дорага каштуюць, але ў якіх не іграюць акцёры, а чыніцца гвалт і забіваецца ахвяра гэтага гвалту на самай справе. Вычварэнца нават радуе высокая цана з той прычыны, што ён не ведае куды падзець лішак грошай. Цешыць і прэстыж: паглядзеў фільм, які мала хто, акрамя яго, можа сабе дазволіць. Задаволены і пастаўшчыкі такіх фільмаў: яны абагаціліся. Незадаволеная, мабыць, толькі ахвяра, якую забілі. Але ў яе ўжо не спытаешся.
Ёсць і больш бяскрыўдныя забаўкі для людзей, якія не ведаюць, куды сябе дзець. Цэлая індустрыя, тэлевізійныя каналы шчыруюць на прапагандзе татуіровак, пластычных аперацый. Суткамі круцяць перадачы, дзе дарослыя дзецюкі і дзеўкі, здзяцінеўшы, размалёўваюць свае целы татуіроўкамі, як дзікуны. Гэта прыклад інфантыльнай свядомасці сучаснага цывілізаванага чалавека, спаўзанне на ўзровень дзікунства. Людзям няма чым сябе праявіць, рэлігіі, што займаюцца ўнутраным ростам і духоўнай дысцыплінай людзей, амаль не дзейнічаюць у цывілізаваным грамадстве. А праяўляць сябе хочацца. Таму людзі колюць і рэжуць свае прыродныя целы. Праколваюць вушы, языкі, пупкі, робяць татуіроўкі на задніцах (гэта яшчэ нішто), на тварах (а гэта ўжо край), заганяюць пад скуры чужародныя прадметы, абы неяк вылучыцца ў тусоўках.
Як пакласці ўсяму гэтаму канец? Ці ёсць такія заняткі асабістай справай кожнага чалавека? І дзе мяжа паміж, скажам так, неабходнай пластычнай аперацыяй, што ліквідуе выродлівасць, і аперацыяй з прычыны капрызу, з прычыны душэўнай пустаты, якую няма чым запоўніць? У гэтым уся складанасць. Бо сама па сабе пластычная хірургія - выданая рэч, якая дазваляе чалавеку выправіць наступствы траўм ці яўных памылак прыроды. Выродлівыя дзяўчаты пасля пластычных аперацый выходзяць замуж, ствараюць сем'і, жывуць шчасліва... Але ж толькі пэўны і, рызыкну думаць, мізэрны працэнт. Асноўны ж рэсурс пластычнай хірургіі ідзе на абслугу багатых людзей (бо гэтая радасць не ўсім пра кішэні), якім трэба нечым сябе заняць. Гэта раз. Па-другое, зыначваць свае твары і целы становіцца модным, на такім жа ўзроўні, як набыць кватэру ў прэстыжным раёне ці новы аўтамабіль, як абзавесціся васемнаццацігадовай харошанькай жонкаю. Чалавеку ўласціва зайздросціць суседзям, таварышам, саслужыўцам. Таму паспяховая пластычная аперацыя некага выклікае жаданне ўсё гэта зрабіць самому і тады пахваліцца. Поспех павышае сацыяльны статус. Гэта вядома. А поспех таварыша раздражняе. Гэта таксама бясспрэчна.
Сучасны цывілізаваны чалавек характарызуецца павышанай, гіпертрафіраванай увагай да ўласнага цела, фізічнага здароўя, а таксама да ўсяго, што звязана з плоцевым, пачуццёвым бокам кахання, сексам. На Захадзе ў школах на поўным сур'езе пачынаюць загружаць дзяцей навукамі так званага бяспечнага сексу, папросту кажучы тым, як правільна спаравацца, каб не прывядзі Божа ад гэтага не атрымаліся дзеці і каб не заразіцца букетам небяспечных хваробаў. Тое, што плоцевы бок кахання пажадана зведваць не раней за паўналецце і займацца сексам у законным шлюбе, з мужам ці жонкаю - гэта ў цывілізаваных краінах ужо не разглядаецца. Пятнаццацігадовыя інфантыльныя дзецюкі гойсаюць на ўласных матацыклах і аўтамабілях, маюць багаты вопыт у палавой сферы, і гэта ў той час, калі яны яшчэ не ў стане не тое, што пракарміць патэнцыйную сям'ю, а нават самі трывала сядзяць на шыі ў бацькоў, смокчучы грошы на харч і забавы жыцця.
Такім чынам, у цывілізаваным свеце раннія дашлюбныя палавыя сувязі даўно не асуджаюцца ні ў грамадстве, ні ў школе. Асуджаць і сачыць за гэтым могуць адно некаторыя рэдкія бацькі, зыходзячы з нейкіх сваіх маральных прынцыпаў. Колькасць такіх бацькоў будзе меншаць. І не дзіва: дашлюбных сувязяў баяцца ўсё менш, бо венерычныя хваробы лечацца, магчыма, некалі будзе лячыцца і СНІД, а з непрадбачанай цяжарнасцю разбіраюцца вельмі проста - майстэрства абортаў даўно дасягнула сваіх вышынь: бяспечна, бязбольна і не згрызае сумленне за тое, што забіў патэнцыйнага чалавека, сваё дзіцё. Бо сумленне можа грызці толькі ў выпадках адпаведнага рэлігійнага выхавання ці грамадскага асуджэння. А ні таго, ні другога ў цывілізаваным свеце няма. Таму ўся ўвага накіроўваецца на тое, каб не заразіцца небяспечнай хваробай, не зацяжараць і, зразумела, атрымліваць у працэсе сексу максімальную асалоду. Пішуцца горы сексалагічных кніжак, дзе ўсё гэта падрабязна распісана. Кніжка не проста лёгкадаступныя для дзяцей 10-12 гадовага ўзросту, яны рэкамендуюцца ім выхавацелямі і настаўнікамі.
З развіццём дэмакратыі, лібералізму і адначасовай стратай аўтарытэту рэлігій (тут маецца на ўвазе найперш хрысціянства) на Захадзе, як непазбежны ўсяго гэтага вынік, адбываецца прафанацыя рэлігійнага культу: цэрквы пачынаюць рэгістраваць гомасексуальныя шлюбы, з'яляюцца свяшчэннікі-жанчыны, свяшчэннікі ды епіскапы, што не скрываюць, а нават бравіруюць сваёй нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй. Ясна, што такія пастыры нічому духоўнаму ў прынцыпе не здольныя навучыць, бо самі з'яўляюцца, так бы мовіць, класічнымі біблейскімі грэшнікамі. Усё гэта дэмакратыя, усё гэта адстойванне чалавечай свабоды. І сапраўды, хіба не чалавек садаміт? Каму ён робіць дрэнна сваімі сексуальнымі прыхільнасцямі? Ён жа ціхі, нікога не забівае, не крадзе, не ашуквае. І калі ён хоча стаць свяшчэннікам - мы не маем права яму забараняць. Болей за тое, дэмакратычнае грамадства будзе асуджаць і судзіць у прамым сэнсе (у судзе), кожнага, хто выкажа абурэнне гэтай духоўнай парнаграфіяй.
Адным з характэрных дэмакратычных перагібаў цывілізаванага Захаду з'яўляецца актыўнае ўмешванне дзяржавы, праваахоўных органаў у справы сям'і. Сям'я там, пры іхняй хвалёнай свабодзе, знаходзіцца пад пільным, нейкім таталітарным наглядам. Пяцігадовы жэўжык, атрымаўшы ад бацькі парачуханца, можа спакойна заявіць на яго ў суд, тут жа падскачуць адвакаты і пачнуць за бясплатна рабіць сабе рэкламу такімі, пакуль яшчэ не частымі і сенсацыйнымі працэсамі, калі дзеці засуджваюць, саджаюць бацькоў у турму. Дзіцё можа падаць у суд на бацькоў нават не за пляскач па задніцы, а за тое, што бацькі абмяжоўваюць яго правы і не даюць, або мала даюць кішэнных грошай. Трынаццацігадовы сынок хоча дарагі матацыкл, грошы на цыгарэты і палюбоўніцу, а бацька вырашае, што яму гэта зарана. Суд. Бацька аштрафаваны, папярэджаны, а то і пазбаўлены бацькоўскіх правоў, а то і пасаджаны за краты.
З забаронай фізічнага ўздзеяння на жонак, як слабую частку сям'і, даходзіць да анекдотаў. Жонка, пасварыўшыся з мужам, можа проста заявіць, што ён яе рэгулярна лупцуе, тэрарызуе, і тады муж для пачатку высяляецца з кватэры толькі на падставе гэтай заявы, пры тым абавязваецца ўносіць кватэрную плату і сваю частку грошай на дзяцей. Жыве пры гэтым як бомж і чакае суда, дзе можа атрымаць турэмны тэрмін за лёгкую аплявуху свавольнай жонцы, якую да таго ж ён, магчыма, ёй не даваў. Так пазбаўляюцца хітрыя жонкі ад нялюбых мужоў, каб жыць з палюбоўнікамі. Камедыя, фарс. Але ж, удумваючыся, не ўсё так проста. Бо, зноў жа, дзе мяжа, што аддзяляе рэальны сямейны тэрарызм мужоў над слабейшымі жонкай і дзецьмі ад лёгкіх сямейных канфліктаў і сварак, без якіх ніхто і ніколі не абыходзіцца?
Цяпер варта трохі пагаварыць пра сам працэс зараджэння цывілізацый, паглядзець на ўсё гэта ў гістарычным ракурсе. Балазе апошнім часам публікуюцца шматлікія даследаванні і прынцыпова новыя, не вядомыя раней тэорыі пра паходжанне цывілізаванага чалавека.
Асаблівасць гістарычнага погляду на рэчы, трэба заўсёды памятаць, палягае ў тым, што мы маем справу з часам, які незваротны. Пранікнуць у мінулае мы можам адно з дапамогаю дакументаў, міфаў, легендаў, лістоў, мастацкіх твораў, у якіх пісьменнік дэталёва апісваў свой час. Таму дакладнасць і доказнасць у гісторыі маюць вельмі адносны характар. Акрамя таго, трэба не забывацца пра наўмыснае скажэнне гістарычных падзей, фактаў некаторымі летапісцамі. Бо летапісцы часта абслугоўвалі эпоху, канкрэтныя ўладныя структуры, або баяліся пісаць праўду, не прыемную ўладным структурам.
Як даказаць, што летапісец скажаў гістарычныя факт? Як вызначыць сярод мноства супярэчнасцяў ісціну? Ёсць шматлікія спецыяльныя метады ў гэтай складанай навуцы гісторыі, якія дазваляюць з дастаткова вялікай доляй верагоднасці вызначыць той ці іншы факт сапраўдным, максімальна набліжаным да ісціны. І ўсё-ткі вызначыць нешта са стоадсоткавай гарантыяй рэдка калі ўдаецца. Прыйсці да згоды навукоўцам не дазваляе так званы чалавечы фактар - гэтыя праславутыя амбіцыі, славалюбства і самалюбства асобных вучоных, навуковых груповак, інстытутаў, часопісаў і г.д. Навукоўцы робяць сабе кар'еру, а гэта магчыма толькі тады, калі сама гісторыя не ўяўляе сабой нейкую закасцянелую догму, гэтакі малітоўнік, куды сабрана неаспрэчная ісціна.
Таму любы навуковец імкнецца да адкрыцця нечага новага, прынцыпова новага, чаго да яго не было. Толькі так ён можа праславіцца. Прага славы і адвечнае імкненне людзей наперад прыводзіць да таго, што несупынна аспрэчваюцца нават, здавалася б, неаспрэчныя, даўно “даказаныя” факты гісторыі. Каб апублікаваць кнігу на гістарычную тэматыку, навукоўцу зусім няма патрэбы браць на гэта дазвол у нейкай абсалютнай інстанцыі, якая вызначае праўдзівасць, дасканаласць яго тэорыі. Кнігі публікуюцца тады, калі іх нехта будзе чытаць. А найбольш ахвотна чытаюць тыя гістарычныя даследаванні, які ўтрымліваюць элемент сенсацыйнасці, якія пераварочваюць усё раней вядомае з ног на галаву. Таму некаторыя навукоўцы (ці не большасць) наўмысна ідуць на адступленне ад гістарычнай дакладнасці, на яўную падтасоўку фактаў, каб толькі займець сабе імя папулярнага пісьменніка. Можна тут запярэчыць, што папулярнасць гістарычнай літаратуры сярод абывацеляў не азначае прызнанне гэтага навукоўца ў вузкаспецыялізаваных сферах. Гэта так толькі з аднаго боку. А з другога боку, шматлікае тыражаванне тэорый у народныя масы мае зваротны эфект: грамадская думка воляй-няволяй цісне і ўплывае на думку навуковых супольнасцяў. Таму часта папулярная лухта і яўнае шарлатанства набываюць сваю вагу не толькі ў народзе, але і сярод прафесійных гісторыкаў.
Такім чынам, пра гісторыю сярэдні чалавек ведае толькі тое, што ён прачытаў, што яму перададзена ад гісторыкаў, а таксама тое, што занатавалі пра свой час пісьменнікі, летапісцы. Пра тое, што дабіцца абсалютнай праўды ад гісторыкаў і летапісцаў немагчыма, мы гаварылі вышэй. Яшчэ менш праўды, зразумела, можна чакаць ад пісьменнікаў, якія ў мастацкай форме выкладаюць гістарычныя падзеі, апісваючы як свой час, так і мінулае (робячы гэта, як правіла, непрафесійна). Тут дамешваецца элемент выдумкі, фантазіі, без якіх няма мастацкага твора. Гістарычныя асобы, выведзеныя белетрыстам Аляксандрам Дзюма, моцна, а часам кардынальна адрозніваюцца ад сваіх прататыпаў. Тое можна сказаць амаль пра ўсіх літаратараў, якія пішуць на гістарычную тэматыку.
Вядомы прафесар матэматыкі Фаменка пад старасць літаральна захварэў гісторыяй, уявіў сябе геніяльным першаадкрывальнікам ісціны і практычна без усялякіх факталагічных падстаў пачаў перайначваць сусветную гісторыю, штампуючы свае кнігі. Яны разыходзяцца “на ўра”. Бо носяць яскрава выяўлены сенсацыйны характар. Традыцыйную гісторыю ўсе збольшага ведаюць. А вось нешта кардынальна новае хочацца пачытаць. Хай сабе і напісанае рукою, скажам так, не зусім нармальнага чалавека.
Аналагічнае адбылося і з вядомым афтальмолагам прафесарам Мулдашавым. Усё жыццё чалавек займаўся навукай медыцынай і практыкаваў як вочны хірург. Аднак ссунуўся з рэек на глебе Тыбета, пабываўшы там раз. А потым увесь сэнс жыцця прафесара ператварыўся ў пісанне сенсацыйных кніжак сумнеўнай гістарычнай вартасці пра Шамбалу, Горад Багоў, пра таямнічых настаўнікаў чалавецтва, якія нібыта сядзяць у позах лотаса ў недасяжных пячорах Тыбета, сядзяць у стане анабіёзу, гатовыя прачнуцца тады, калі чалавецтва перажыве чарговую катастрофу. Усё гэтае неабгрунтаванае практычна нічым трызненне друкуецца вялізнымі тыражамі, а прафесар мала таго, што атрымлівае ад сваіх “адкрыццяў” нездаровае задавальненне, пэўна ж заадно зарабляе грошы, і немалыя.
Гэта тыповыя прыклады, як з аднаго боку марочаць галовы абывацелям, а з другога прад'яўляюць нежартоўныя прэтэнзіі на навуковасць сваіх гістарычных адкрыццяў. Такія кніжкі ўносяць вэрхал не толькі ў галовы абывацеляў, але і саміх навукоўцаў, якія з прычыны папулярнасці фаменкаў-мулдашавых мусяць з імі так ці інакш лічыцца.
Але ж паглядзім на гэтую праблему ў іншым ракурсе. Паспрабуем убачыць, адкуль з'яўляюцца нетрадыцыйныя погляды на сусветную гісторыю, на гісторыю цывілізацый, якія імкнуцца перавярнуць усё ранейшае і трывалае з ног на галаву. А праблема ва ўсё той жа не стоадсоткавай (назавём так) доказнасці гістарычных феноменаў. Археалогія пастаянна нешта там ці сям адкопвае, і гістарычныя артэфакты ўносяць адчувальны разнабой у агульную карціну гісторыі чалавецтва. То знаходзяць у балотах Паўднёвай Амерыкі парэшткі белага чалавека, прычым пласт, у якім гэтыя парэшткі ляжаць, мае нібыта ўзрост тысячы і дзесяткі тысяч гадоў, то бок часоў, калі не тое што Калумб не нарадзіўся на свет, а яшчэ і Рым не стаяў. Там жа, у абедзвюх Амерыках, раз-пораз натрапляюць на манеты карфагенскай, рымскай, егіпецкай цывілізацый. Як яны туды трапілі? Хто і на чым іх прывёз? А ці не падробка ўсё гэта? Такія ды іншыя пытанні паўстаюць перад прафесійнымі даследчыкамі, а таксама і перад цікаўнымі дылетантамі. У стройную тэорыю аб тым, што да эпохі вікінгаў у Амерыку еўрапейцы не дабіраліся, не тое што дае трэшчыны, а апошнім часам развальваецца на вачах. І трымаецца яна толькі ў сілу законаў інерцыі: уся сістэма адукацыі цывілізаванага свету, усе гістарычныя інстытуты стаяць на тым, што Амерыку засялілі мангалоіды праз перашыек, які цяпер стаў Берынгавым пралівам, а потым туды дабіраліся вікінгі і, канешне ж, Хрыстафор Калумб, з якога і пачалася, уласна кажучы, тая Амерыка, што мы ведаем.
Не. Аказваецца не ўсё так проста. Даследаванні цывілізацый майя, ацтэкаў, інкаў паказваюць з вялікай доляю пэўнасці, што стаялі гэтыя цывілізацыі на дасягненнях больш старажытнай, больш дасканалай цывілізацыі. Ёсць меркаванне, што гэта была нейкая агульная цывілізацыя, якая пабудавала заадно ўжо і егіпецкія піраміды. І сапраўды, тэхналогіі будаўніцтва пірамід, якія знаходзяцца ў розных кутках свету, у многім тоесныя, нібы будаваліся па адных прынцыпах, чарцяжах, выкарыстоўваючы адны і тыя ж дасягненні. Цяжэрныя, у дзесяткі тон, гранітныя пліты, што стаяць непасрэдна ў пахавальні піраміды Хеопса, уражваюць найперш сваёй дасканалаю апрацоўкай, падгонкай адна да адной. Як выразанне і шліфоўку цвёрдага граніту можна было ажыццявіць у эпоху, якая не ведала ні жалеза, ні цвёрдых сплаваў, - наводзіць на няпростыя роздумы. З іншага боку, калі існавала звышразвітая цывілізацыя, якая валодала тэхналогіямі апрацоўкі цвёрдага каменю, то дзе яе інструменты, усе гэтыя станкі, фрэзы, уся інфраструктура, без якой ажыццявіць апрацоўку немагчыма? Навука сутыкаецца з феноменам невырашальнай супярэчнасці. З аднаго боку, не знаходзяць і следу рэшткаў жалезнай апаратуры, што наводзіць на думку: яе папросту не было. А з другога боку, ажыццявіць апрацоўку гранітных блокаў з такой міліметровай дакладнасцю, не валодаючы электрычнымі станкамі і цвёрдымі сплавамі для фрэзаў, як быццам і немагчыма. Што ж рабіць? Як выкручвацца навукоўцам?
І тады пускаюцца ў ход звыклыя прыёмы: замоўчванне ў публікацыях непатрэбных фактаў, падтасоўкі фактаў, штучнае прыніжэнне значнасці “нязручных” фактаў, высоўванне наперад эфектных фактаў, якія закліканы затушоўваць непатрэбныя і г.д. Калі нейкі навуковец робіць гістарычнае адкрыццё, якое ў перспектыве здольнае закрэсліць усё напрацаванае да яго, то гэты выскачка зазвычай сутыкаецца з ігнараваннем, замоўчваннем, цкаваннем - усё для таго, каб ён не перашкаджаў карміцца плойме навукоўцаў, што сядзяць на застарэлых тэорыях. Такое, зразумела, тычыцца не толькі навукі гісторыі, а і ўсіх іншых навук і сфераў дзейнасці чалавека. Бо ў людской грамады маецца непазбыўная цяга да кансерватызму, а асобныя геніі, першаадкрывальнікі парушаюць грамадскі спакой.
Дакапацца да ісціны ў гісторыі цывілізацый амаль немагчыма. Таксама цяжка ахапіць розумам, як у дагістарычнага паўжывёльнага чалавека ўзнікла ідэя збудаваць першы горад. Быў гэта адзін унікальны горад, з якога потым пайшлі ўсе гарады і цывілізацыі, або ўзнікненне гарадоў па ўсім зямным шары незалежна адно ад аднаго - гэта нейкая аб'ектыўная ўласцівасць чалавечай прыроды, - пра тое можна толькі разважаць у рытарычным ключы. Таму што цяга да ўскладнення соцыуму не ўласцівая дзікай прыродзе, з якой, як сцвярджае навука, выйшаў чалавек. Любы від прыроды максімальна прыстасаваны да выжывання, якім бы прымітыўным ён ні быў. І калі нам кажуць, што цывілізацыя - гэта плён барацьбы за выжыванне чалавечага племені, то ў гэта верыцца з цяжкасцю. Калі жыў чалавек сотні тысяч гадоў у напаўдзікім выглядзе, то з якой бяды яму было арганізоўвацца ў гарады і цывілізацыі? Бо яго прыродная задача была - выжыць як від. І нават калі б не выжыў - для бяздушнай прыроды гэта зусім не бяда, у яе безліч іншых відаў, якія выжывуць у самых складаных умовах.
Падкрэслім, што калі дагістарычны чалавек выжываў сотні тысяч гадоў без цывілізацыі, то значыць, ён быў максімальна прыстасаваны да акаляючага асяроддзя. Выходзіць, асяроддзе змянілася? Так, хапае падобных тэорый пра прыродныя катаклізмы, якія нібыта пагоршылі умовы існавання чалавека і змусілі яго высокаарганізавацца для выжывання. Усе яны моцна кульгаюць, бо хітра абмінаюць той факт, што ачагі цывілізацыі, як высвятляецца, узніклі ў тых месцах зямнога шара, дзе клімат быў самы што ні ёсць лагодны, спрыяльны жыццю. Не на паўночным полюсе зарадзіліся гарады. А на Ніле, у Міжрэччы, у дабрадатным Міжземнамор'і... Дзе і раней людзі жылі не тужылі.
Варта разам з тым прызнаць, што клімат усё ж такі моцна ўплываў на гісторыю чалавецтва - на рух і перасяленне народаў, на войны, што непазбежна ўзнікалі пры такіх міграцыях, на развіццё тэхналогій. Але ўсё гэта ніякім чынам не тлумачыць прычыну, па якой дзікі чалавек станавіўся чалавекам цывілізаваным. Мы не бачым аб'ектыўных неабходных знешніх прычын не толькі для таго, каб зарадзіліся гарады, а і для таго, каб нашы продкі вылучыліся з дзікай прыроды, сталі разумнымі. Для гэтага быў патрэбны нейкі знешні пасыл.
Навука ж, калі сутыкаецца з гэтай невырашальнай праблемай, ідзе на прывычную факталагічныя нацяжкі, а то і пачынае фантазіраваць. Маўляў, мы не знаходзім зямных прычын зараджэння чалавека разумнага, значыць, ён прыляцеў з космасу! Хай так. Але ж як у космасе зарадзіўся гэты чалавек - навука не збіраецца нам тлумачыць, ёй і зямных спраў досыць.
Таму карціна бачыцца наступная: чалавецтва ніколі не будзе ведаць дакладна, адкуль і чаму яно з'явілася, ніколі не атрымае пэўных доказаў таго, былі да нас яшчэ вялікія цывілізацыі на зямлі або наша цывілізацыя першая. Мала таго, любому гістарычнаму факту, кнізе, навуковай працы і праз сто, і праз тысячу гадоў можна будзе верыць вельмі абмежавана і асцярожна, таму што Гісторыя для нас - вялікі туман, у якім адно ўгадваюцца некаторыя абрысы і ў які ніводзін чалавек не ў стане адэкватна ўвайсці. Бо час не павернеш назад, прынамсі ў той сістэме каардынатаў, у якой мы знаходзімся пры жыцці. Мы ніколі не пройдземся поруч з людзьмі, якія памерлі да нашага нараджэння, па вуліцах таго часу, а таму гісторыя - гэта факты, ухутаныя ў шматлікія тоўстыя вопраткі міфаў. За вопраткамі факты губляюць сваю дакладнасць.


11. Псіхалогія эгаізму

Даўно заўважана, што ў спрачальнікаў, якія вычарпалі ўсе слоўныя і разумовыя аргументы, у ход ідуць кулакі. Так павялося. Прычым паралелі прасочваюцца з жывёльным светам, з якога, як лічаць прыхільнікі Дарвіна, выйшла разумнае чалавецтва. Але ж жывёлы ў межах свайго віду ваююць вельмі рэдка і стараюцца не калечыць і не забіваць сапернікаў - напрыклад, самцы ў перыяд гону, або тады, калі важак адстойвае свае правы, ён часта абмяжоўваецца тым, што толькі праганяе наравістага самца, які жадаў заняць яго месца. Людзі ж ваююць, што называецца, не на жыццё, а на смерць. Гісторыя чалавецтва, задакументаваная ў летапісах, выразна гэта паказвае. Бязлітаснасць гэтай разумнай істоты, чалавека, дасягае неймаверных памераў. Мала таго, што людзі знішчаюць адно аднаго дзесяткамі мільёнаў, яны яшчэ напрыдумлялі такія пачварныя спосабы катаванняў, ад якіх студзіцца кроў.
Чалавеку мала проста пакараць смерцю, мала зняволіць, ён распінае сабрата на крыжы, убіваючы яму ў нервовыя спляценні вуглаватыя цвікі, і пакідае марудна паміраць пад спякотлівым сонцам; чалавек выцягвае ў чалавека жылы, марудна злуплівае ўсю скуру, адразае геніталіі, вушы, насы, асляпляе, выпальвае клеймы на твары, садзіць у бочку з ядавітым растворам запаволенага дзеяння, у войнах жа прымяняе яды і хімічныя рэчывы, якія робяць тых, хто выжыў, інвалідамі на ўсё жыццё, запускае ў вадаёмы мікробы жудасных хваробаў - быццам чалавецтву і без таго не хапала за сваю гісторыю розных пошасцяў у выглядзе чумы ці халеры...
Адным словам, гэтая істота, створаная, згодна рэлігіям, па вобразе і падабенстве Божым, часта і вельмі часта выглядае горшай за самае паскуднае і бязлітаснае насякомае. Важна памятаць, што ў прыродзе неразумнай як бы няма ні зла ні дабра, усё там падпарадкавана мэтазгоднасці выжывання. Чалавек жа, падключыўшы да гэтай мэтазгоднасці розум, выяўляе такія амплітуды добрага і благога, што проста дзіву даешся. Святы, які ідзе ў барак зачумленых і аказвае ім дапамогу, і кат, які выколвае вочы сапляменніку,- яны створаны прыродай па адной схеме, па адных і тых жа арганічных прынцыпах. Адкуль жа такая адрознасць? Ці не дамешваецца сюды метафізіка, паколькі, зыходзячы з рэчаіснасці, некаторыя рэчы проста не падуладныя тлумачэнню?
Што людзі непазбежна маюць розны характар, мы падрабязна разабралі ў адмысловым раздзеле. Розны характар маюць і жывёлы, і чым менш гэтыя жывёлы дзікія, чым больш яны прыручаныя (кошкі, сабакі), тым большую адрознасць у характарах яны маюць, то бок набіраюцца гэтага прынцыпу адрознасці ў людзей. Што непазбежна наводзіць на думку, што прынцып адрознасці ёсць уласцівасцю розуму як такога, і ўжо ў другую чаргу адрознасць індывідуумаў залежыць ад выхавання і спадчыннасці. Розум, свядомасць людзей ёсць першапачатковая прычына ўсіх амплітуд іхніх праяў.
Бо мы, па вялікім рахунку, гэта не клеткі, не структура нашага цела, а тое, што мы ў сабе і пра сябе мыслім, а таксама тое, як уяўляюць нас іншыя людзі. За целам, вонкавай абалонкай чалавека, заўсёды стаіць яго духоўны і душэўны вобраз. Яго найперш і ловяць у сваёй свядомасці староннія назіральнікі. Калі чалавек мізарнее ў плане душэўным і духоўным, пра яго ў народзе кажуць: кусок мяса. Бо мяса і косткі, скура і валасы патрэбныя нам найперш, каб спраўджваць з іх дапамогай сваю прыроду, якая моцна, падкрэслім, адрозніваецца ад прыроды ўсіх астатніх зямных істот.
Цела наша мала падпарадкоўваецца нашай волі, працэсы, што ідуць у ім, кіруюцца пераважна не нашай свядомасцю. Паглядзеўшы пад мікраскопам зрэз сваіх тканінаў, мы здзівімся таму, наколькі складаную і разам з тым высокаарганізаваную структуру яны маюць. Строга кажучы, цела на парадак разумнейшае любога з самых разумных людзей, бо настолькі складана арганізавана, што гэтыя прынцыпы не змесціць ніводзін самы вялікі розум. Што ўжо казаць пра звычайнага, сярэдняга чалавека, свядомасць якога надзвычай прымітыўна наладжана: каб есці, піць, рабіць аднастайную працу, спаравацца і спаць, згадзіцеся, многа розуму не патрэбна. А так і жыве большасць людзей. Таму дысананс складанасці арганізацыі іхняга цела і свядомасці - відавочны.
Мозг і прадукт яго - розум ёсць толькі патэнцыйнай магчымасцю ўдасканальвацца і расці ў плане духоўным. У жывёл гэтага патэнцыялу няма. Але рост, складаная арганізацыя сваёй свядомасці - занятак, як паказвае гісторыя чалавецтва, мізэрных адзінак. Менавіта праз іх паступаюць да чалавецтва ўсе адкрыцці, празорствы, добрыя і благія, боскія і пякельныя ідэі. Астатняе чалавецтва кіруецца гэтымі адзінкамі, карыстаецца іхнімі дасягненнямі, падпадае пад уплыў іхніх ідэй.
Любая вайна, хоць мае сваім пачаткам аб'ектыўныя прычыны, выспявае толькі ў некалькіх галовах людзей, якія яе і распачынаюць. Асноўная маса людзей уцягваецца ў войны міма сваёй волі. Пасіўныя, яны ідуць забіваць і быць забітымі, яны катуюць і гвалцяць, іх катуюць, гвалцяць і забіваюць, а таксама іхніх нямоглых родзічаў і дзяцей, якія, здавалася б, зусім да войнаў ніякім бокам.
Чалавецтва - што арганізм, які, захварэўшы, мучыць кожную сваю клетку. Вайна - гэта хвароба, ненармальны для чалавека разумнага, для чалавека як духоўнай адзінкі стан. Больш за тое - гэта ненармальны стан і для жывёльнага свету, з якога чалавек як быццам паходзіць. Там такога дзікага самазнішчэння відаў і родаў не назіраецца. У гэтым загадка. Бо працівяцца гвалту і розум, і стыхійная, жывёльная прырода, калі гэты гвалт не накіраваны на выжыванне, на задавальненне інстынктаў голаду і працягу роду.
На першы погляд, тым не менш, большасць войнаў правакуецца менавіта інстынктамі выжывання, голаду. Але ж, баючыся памерці ад голаду, людзі мруць і калечацца мільёнамі ў войнах... Гэта не ёсць абсурд? З другога боку, далёка не заўсёды голад і мор унутры краіны штурхаюць да войнаў. Людзі пакорліва галадаюць і мруць, ім у галовы не прыходзіць забіваць сваіх бліжніх, пакуль не раздасца кліч іхняга кіраўніка (цара, караля, хана і г.д) ці падбухторшчыка на паўстанне ісці ваяваць. Адным словам, людзям патрэбны спускавы кручок у выглядзе правадыра.
І ўсё ж, строга кажучы, войны, згодна з прыродай чалавека як ён ёсць, непазбежныя. Іншае можа адбыцца толькі ў выпадку духоўнага, прынцыповага змянення кожнага ці амаль кожнага чалавека. А гэта ў бліжэйшай будучыні ўявіць немагчыма. Таму будзем сыходзіць з існай прыроды людзей, якая пастаянна штурхае іх да агрэсіі.
У раздзеле пра соцыум мы падрабязна разгледзелі прыроду чалавечых канфліктаў, якая вынікае з няроўнасці чалавечых магчымасцяў. З-за гэтай няроўнасці ўзнікаюць непаразуменні, крыўды, зайздрасць ды іншыя адмоўныя сітуацыі, якія можна абагульнена назваць псіхалагічнай напругаю. Калі гэтая напруга пераходзіць нейкую мяжу, чалавечая супольнасць выбухае канфліктамі, сутычкамі, войнамі, рэвалюцыямі. Датычна адносінаў дзяржаў паміж сабою, самай распаўсюджанай і яркая формай псіхалагічнай разрадкі з'яўляюцца войны.
Чаму яны непазбежныя. Яшчэ раз звернем увагу на тое, што чалавек трапляе ў супольнасць, якая ўжо мае пэўныя праблемы са сваімі суседзямі, якая ўжо да яго нешта не падзяліла, да яго займела ці выклікала крыўды, да яго ўжо збіралася за нешта адпомсціць. Чалавек, нарадзіўшыся, ужо нясе адказнасць за канфлікты сваіх суродзічаў, сапляменнікаў з суседзямі. Яго, па-першае, адразу абавязваюць падзяліць гэтыя праблемы з усімі членамі супольнасці, па-другое, пакрыўджаныя і агрэсіўныя дзяржавы-суседзі ўжо апрыёры лічаць яго сваім ворагам. Хоць ён яшчэ нікому ліха не паспеў нарабіць. Нарадзіся ён воляй выпадку ў суседняй краіне, то быў бы з такім жа поспехам ворагам той дзяржавы, у якой рэальна цяпер жыве.
Айчыну чалавек, як правіла, не выбірае, у яго ніхто не пытаецца, хоча ён станавіцца пад яе харугвы ці не, хоча ён ваяваць і забіваць суседзяў ці не. Яго папросту па праве сілы бяруць за шкірку і валакуць ваяваць, адначасова ўнушаючы праз сродкі масавай камунікацыі, а таксама яшчэ з малалецтва, у школах і сем'ях, што нічога больш свяшчэннага, чым радзіма і яе інтарэсы, для чалавека не існуе і, наадварот, нічога больш подлага няма, чым здрада інтарэсам сваёй краіны. У большасці выпадкаў гэта падман і замбіраванне. Насамрэч для чалавека свяшчэннае толькі яго ўласнае жыццё і здароўе. Не будзе здароўя - будзеш няшчасны пры любой уладзе і дабрабыце. Адбяруць у цябе на вайне жыццё - наогул няма пра што гаварыць. Падкрэсліваю, што любыя няшчасці і страты, ажно да смерці блізкіх людзей, здрады каханых, чалавек з цягам часу перажывае і пра іх забывае (прынамсі псіхічна нармальны чалавек), пастаянныя ж пакуты яму прыносіць толькі адсутнасць здароўя. Войны пазбаўляюць людзей здароўя, калечаць іх целы і псіхіку. Чалавек не тыгр, які, сажраўшы ахвяру, акунаецца ў шчаслівы пасляабедзенны сон і больш пра яе не ўспамінае, не пакутуе ад пачуцця віны.
Перад чалавекам жа будуць вечна, да скону стаяць карціны знявечаных целаў, пазелянелых распухлых трупаў, асабліва балюча ўсплываць з памяці абліччы забітых ім ворагаў, а таксама твары таварышаў, якіх ён страціў у бітвах. Гэта нязмыўна і невыносна. А таму відавочна, што ніякія крыўды і лакальныя канфлікты на межах дзяржаў не вартыя таго, каб аб'яўляць шырокамаштабныя баявыя дзеянні, забіваць мільёны салдатаў (учора мірных працаўнікоў), руйнаваць гарады, знішчаць тысячагадовыя набыткі культур. Адсюль ясна, што войны збольшага носяць неразумны, стыхійны характар, хоць маюць пад сабою аб'ектыўныя падставы у выглядзе ўнутраных і знешніх канфліктаў. Войны не маюць сэнсу ў тым плане, што ў цэлым не робяць іх удзельнікаў шчаслівейшымі. Няшчасці і страты ў іх нашмат пераважваюць матэрыяльныя, псіхалагічныя выгоды пераможцаў. Нават для пераможцаў. Пра пацярпелых і гаворкі няма, тут усё ясна: зруйнаваныя гарады і сёлы, спаленыя палеткі, ненароджаныя дзеці забітых бацькоў, спусташэнне храмаў культур і рэлігій. У пераможцаў жа выгаду атрымлівае толькі жменька людзей, кіраўнікоў, правадыроў, дыктатараў і г.д. Дый тое не заўсёды і не надоўга. Пралітая кроў, па законах адплаты, так ці інакш, наўпрост ці ўскосна будзе атручваць і падточваць жыццё пераможцаў да скону.
Таму вайна - гэта чалавечая катастрофа. Вось ўрывак з рамана Э. Рэмарка “На заходнім фронце без перамен”, які, на мой погляд, красамоўна пра гэта сведчыць. “Колькі часу прайшло? Што гэта - тыдні, месяцы, гады? Гэта ўсяго толькі дні. Час прамінае, мы бачым гэта, пазіраючы ў бледныя, бяскроўныя твары тых, хто памірае; мы закладваем у сябе ежу, бегаем, шпурляем гранаты, страляем, забіваем, ляжым на зямлі; мы абяссілены і атупелі, і нас мацуе толькі думка пра тое, што вакол ёсць яшчэ больш слабыя, яшчэ больш атупелыя, яшчэ больш бездапаможныя, якія, шырока расплюшчыўшы вочы, глядзяць на нас, як на багоў, таму што нам зрэдку ўдаецца пазбегнуць смерці. (...) Шквальны агонь. Загараджальны агонь. Агнявыя заслоны. Міны. Газы. Танкі. Кулямёты. Ручныя гранаты. Усё гэта словы, але за імі стаяць жахі, якія перажывае чалавецтва”.
Звяртаю ўвагу на ключавую фразу: перажывае чалавецтва. Усё чалавецтва, якое ваюе. І тым не меншы, як быццам свядома людзі год за годам распачынаюць новыя войны. Не вучаць старыя ўрокі? Забываюцца? Ці ўсё ж войны не залежыць ад волі людзей і вынікаюць з абставінаў, якія вышэйшыя за чалавечую волю, розум, з саміх законаў быцця?
У аснове, падмурку вайны ляжыць канфлікт. Канфлікт гэты, як правіла, застарэлы і схільны да нарастання з цягам часу, да павышэння свайго адмоўнага патэнцыялу. Кожны з нас ведае, як адбываюцца сямейныя сваркі. Разгледзім іх падрабязней, бо механізм выношвання незадаволенасці сужыцелямі і разрадку гэтай нездаволенасці ў скандалах і сварках можна экстрапаляваць на войны паміж дзяржавамі і народамі.
Прыгледзімся, паназіраем за паводзінамі чалавечай адзінкі ў межах сям'і, пасочым за самімі сабой. Дык вось, кожны чалавек - гэта, паводле Шапенгаўэра, увасобленая воля да жыцця. Гэтая воля, па вялікім рахунку, імкнецца да экспансіі свайго эга ў сусвет, да задавальнення сваіх жаданняў, страсцей, да адстойвання сваіх інтарэсаў і ажыццяўлення сваіх ідэй. І паспрабуй нам нехта ў гэтым перашкодзіць! Самая цяжкая крыўда - гэта калі нехта не прызнае вартасць нашага “я”. Ацэнкі, якія мы хочам чуць ад акаляючых і сямейнікаў, павінны быць выключна высокімі. Крытыку мы не любім. Пагардай у наш бок страшэнна абражаемся. Тое самае і ў дачыненні нашых дзяцей - іх усе мусяць хваліць, бо яны нашы, а таму самыя лепшыя. Цяпер уявіце сабе зборышча гэтакіх эгаістаў пад адным дахам, у адной сям'і, дзе яны разам ядуць, выконваюць побытавыя справы, спяць, карацей, пастаянна труцца адно аб аднаго. І кожны пры гэтым адстойвае, яўна ці прыхавана, свае інтарэсы і сваю выгаду.
Неабходна запынюся і патлумачу, што такое яўная і скрытыя выгада. Ну, з яўнай, здаецца, усім відавочна: мы не любім, калі нехта нам замінае жыць, хай нават гэта будуць сямейнікі, самыя блізкія і родныя людзі. Нехта з іх заняў тэлефон і балакае па ім, калі нам уздумалася ажыццявіць тэрміновы і важны званок. Мы раздражняемся. А калі гэта адбываецца не раз і не два, а кожны дзень, па некалькі разоў на дзень? Бо мы ж непахісна ўпэўненыя, што менавіта наш званок будзе самы важны, “па справе”, а вось цешча мянташыць языком са сваёй сяброўкай юнацтва толькі таму, што ёй няма чым заняць сваю старасць. Гэта мы самыя важныя ў жыцці, таму што мы маладыя і энергічныя, мы будаўнікі, а старасць - гэта абуза грамадства. Вось гэтае раздражненне і злосць чалавек тоіць на цешчу доўга, гадамі. Калі гэтае нездавальненне дасягае пэўнай крытычнай мяжы - то дастаткова найменшай іскры, пусцяковай сутычкі, каб адбылася агідная лаянка: са слязьмі цешчы, лямантам жонкі, напалоханымі дзецьмі і нашым паспешлівым сыходам з дому на паўсутак. У выніку - кепска ўсім. Але псіхалагічная разрадка адбылася. Пасля яе людзі, па-першае, зазнаюць пачуццё віны за гэтую лаянку, па-другое, разумеюць, што жыццё працягваецца і трэба неяк мірыцца і рухацца далей. Не кожная я ж сварка заканчваецца разводам, у рэшце рэшт.
Каб кожная буйная сямейная лаянка заканчвалася разводам, то свет бы даўно разваліўся. А між тым сямейныя сваркі адбываюцца надзвычай часта. Значыць, у жыцця існуюць трывалыя механізмы прымірэння, і гэта неадменны закон. Больш за тое, я буду сцвярджаць, што сваркі і прымірэнні ўнутры сям'і - гэта дастаткова нармальная і жыццёва неабходная рэч. Прынамсі - для сярэдняга чалавека ў яго цяперашнім неідэальным і недасканалым духоўным стане. Азірніцеся на сваё жыццё, на жыццё знаёмых вам сем'яў і вы зразумееце, пра што я кажу. За рэдкім выключэннем бесканфліктных сем'яў, якіх набярэцца адсоткаў пяць з агульнай масы, усе так званыя ячэйкі грамадства ці закаханыя пары жывуць па прынцыпе: сварка і прымірэнне. Старонняму назіральніку нават можа здацца, што ўсё іхняе жыццё - суцэльнае пекла, настолькі магутныя перапады эмоцый і настрояў няспынна перажываюць сямейнікі. А ўжо калі маладыя муж і жонка моцна кахаюць адно аднаго, адчуваюць узаемную жарсць, то тут, бывае, яны проста-такі бязлітасныя мучыцелі і тыраны. Рэўнасць, беспадстаўныя падазрэнні, прыдзіркі, прэтэнзіі ва ўзаемнай няўвазе, слёзы, нервовыя зрывы, пагрозы “зрабіць нешта з сабой”; жонка збягае да лепшай сяброўкі, начуе ў маці, дзе палівае мужа апошнімі словамі, клянецца, што больш ніколі з ім не сустрэнецца, блізкія з ёй згодныя і падтрымліваюць рашэнне разысціся. Засынаюць супакоеныя. А назаўтра пачынаецца дэпрэсія. А паслязаўтра ўзнікае жаданне памірыцца, бо неадольны інстынкт роду і звычка жыць разам цягнуць жонку да мужа, які б ён ні быў. А мужа - да жонкі, хоць ён у сваю чаргу лае яе апошнімі словамі ў кампаніі сваіх блізкіх людзей і таксама клянецца з ёй разысціся.
Але ж прымірэнне адно справа часу. У пераважнай большасці выпадкаў, колькі б агідных слоў ні было прамоўлена, колькі б муж ні навешаў жонцы кухталёў і нават колькі б яна ні выявіла яго гулянняў “налева”, пары, што пасварыліся, рана ці позна мірацца. Гэта ахоўны механізм прыроды і соцыуму, што дазваляе яму не развальвацца і існаваць з эфектыўнасцю. Бо раз'ехацца з абжытага гнязда, асабліва калі ёсць дзеці, вельмі не проста. Даводзіцца цярпець адно аднаго і ўжывацца. Тым больш што прывык да партнёра. Тым больш што палавы інстынкт патрабуе рэгулярнага яго задавальнення. Тым больш што чалавеку ў адзіноце кепска.
Тут мы маем справу з прынцыпам супрацьборства і прыцягнення. У сям'і, як ні круці, чалавеку лягчэй жыць у многіх адносінах. У нармальнай сям'і асабістыя праблемы падзяляюцца на ўсіх і не здаюцца такімі цяжкімі. Псіхалагічная падтрымка для чалавека вельмі важны аспект. Сама прырода штурхае яго да сямейнага сужыцця. Але ж існуе другая сіла, якая няспынна штурхае яго ад сямейнікаў: пастаянна жаданне свабоды свайго эга. Таму што, па вялікім рахунку, і сям'я патрэбная яму для наталення жаданняў гэтага эга - у сексуальных і моўных зносінах, у жаданні выхоўваць нашчадкаў па сваім вобразе і падабенстве, у жаданні павялічыць за кошт сям'і свой статус у соцыуме, у жаданні не адчуваць адзіноту і быць патрэбным. І вось гэтыя твае сямейнікі, якія, як ты думаў, прызначаны выключна для выгодаў твайго эга, аказваецца, таксама маюць свае эга, якія імкнуцца задавальняць, у тым ліку за кошт цябе. Гэта не можа не раздражняць. Нездарма ж адной і вышэйшых і самых цяжкіх дабрадзейнасцяў чалавека ёсць цярпімасць да бліжніх. Мы мусім іх цярпець, бо без іх не зможам выжыць. Вось у чым штука.
Гэта што тычыцца яўных выгадаў, якія імкнецца займець чалавечая адзінка ў межах сям'і. Са скрытай выгадай будзе складаней. Бо здаецца, што маці, якая трапеча і завіхаецца над сваім дзіцем, адстойвае толькі яго інтарэсы: каб не хварэў, каб сытна харчаваўся, каб не плакаў, каб добра вучыўся і меў усе выгоды жыцця. Гэта на першы погляд. Калі ж капнуць глыбей, то робіцца відавочным, што дзяцей заводзяць не для іх (у іх ніхто не пытаўся, ці хочуць яны з'явіцца на свет), а для сябе, для свайго псіхалагічнага камфорту. Тое самае мужчына, які спакушае жанчыну пяшчотнымі заляцаннямі, падарункамі, імкнецца насамрэч не зрабіць ёй прыемнае, а ўрэшце атрымаць доступ, пажадана рэгулярны, да яе цела і займець ад гэтага фізічнае і маральнае задавальненне. Калі ж жанчына ім будзе задаволена як палюбоўнікам ці мужам - то яго самаацэнка павысіцца, зноў жа ў першую чаргу будзе прыемна сабе. Усё - для сябе. І радасць жонкі - таксама для сябе. І слёзы, і рэўнасць яе - для сябе. Раўнуе, значыць, кахае, значыць ты ёй неабыякавы, што ўсцешвае. Тое самае тычыцца ўзаемаадносінаў з астатнімі сямейнікамі - хай яны паводзяць сябе так, каб мне, эгаісту, было прыемна.
Хто сумняваецца ў маіх высновах, праверце такі феномен. Бацькі, асабліва маці, страшэнна баяцца за жыццё сваіх нашчадкаў, і самая жудасная для іх кара - перажыць смерць свайго сына ці дачкі. Але прабачце! Нараджаючы іх, жанчына не ведала, што іх чакае ў канцы дарогі? Так, у пераважнай большасці іх чакае цяжкая перадсмяротная хвароба і ўжо адназначна - смерць. Як для ўсіх смяротных. Што ж маці так перажывае за жыццё сваіх дзяцей, калі яны усё адно памруць? А вось чаму. Чалавеку, як эгаісту, амаль абыякава, што будзе па-за межамі яго жыцця, галоўнае, каб ён, эгаіст, не пабачыў смерці сваіх дзяцей, яму, эгаісту, гэта цяжка стрываць. Мы не любім адмоўных эмоцый. А вось што пасля нашай смерці, хай гадоў праз трыццаць, наш любімы сынок, крывінка, будзе, магчыма, паміраць гадамі ў адзіноце, згніваць ад пролежняў і не будзе каму яму кашы зварыць - пра гэта большасць людзей не думае, або думае ў другую чаргу. Бо мы ўсе сябелюбцы. Перажываючы, што сын можа памерці - не нараджай яго. Таму што нараджаеш смяротніка. А нарадзіўшы - не трапячы за яго жыццё, не будзь крывадушніцай, бо нараджала мучаніка. Аднак лёгка сказаць, ды цяжка зрабіць... Тут сэрца і розум выступаюць антаганістамі.
Усё сказанае мной не ўкладваецца ў свядомасць нармальных людзей. Ім важна, яшчэ раз падкрэсліваю, каб пры іх жыцці не бачыць смерці сваіх дзяцей, далей - не іх клопат. У гэтым памылка. У гэтым праява нявер'я. Чалавеку здаецца, што з фізічнай смерцю цела сувязь з зямлёй і зямнымі праблемамі назаўжды абрываецца. Што жыццё наша - гэта толькі зямное жыццё. Але ўся гісторыя чалавецтва паказвае: пра адсутнасць існавання душы па-за смерцю няма ніводнага доказу, ні яўнага, ні ўскоснага; сведчанняў жа, ускосных доказаў існавання іншасвету і повязі памерлых з жывымі, бачання імі жывых родзічаў і блізкіх - незлічоная прорва. Таму разлічваць на тое, што душа не будзе бачыць пакутаў і смерці сваіх жывых дзяцей здаецца ілюзіяй, самападманам.
Выбачаюся за працяглае адступленне ад тэмы вайны. Аднак далейшы ход разважанняў, спадзяюся, яго апраўдае. Бо сказанае вышэй будзе ўскосна тлумачыць прычыны чалавечых канфліктаў у шырэйшым плане: паміж дзяржавамі і народамі. Народная псіхалогія ў сваім эгаізме, захінутая ў вопраткі ханжаства і ілюзіі, падуладная як разумнаму, так і стыхійнаму пачатку, дужа падобная на псіхалогію асобнага чалавека.
12. Тэхналогія кровапускання

Глыбінная прычына любой вайны, будзь яны ўнутранай, знешняй ці проста ўнутрысямейнай, палягае ў эгаізме чалавечых адзінак або, інакш кажучы, у духоўным стане гэтых адзінак, у тым, наколькі кожная з іх можа адмовіцца ад інтарэсаў свайго эга дзеля сабрата.
Адзінкі эгаістаў, дзеля адстойвання сваіх інтарэсаў, схільныя збірацца ў групоўкі, якія ўзнікаюць па прынцыпе роднасных мэтаў. Мэты адзінак тут супадаюць на пэўны адрэзак часу. У групоўцы, суполцы, хаўрусе лягчэй дасягаць сваёй выгады, чым паасобку. Гэта ясна. Але ж не трэба падманвацца, што супадзенне інтарэсаў адзінак эгаістаў, сабраных у групоўку, будзе поўным і безагаворачным. Гэта далёка не так. Супадае толькі галоўны напрамак. Нюансы ж, бывае, розняцца кардынальна. У любой суполцы тут жа пачынаецца барацьба за лідэрства, бо лідэрам, вядома ж, дастаецца значна большы куш ад перамогі над праціўнікамі, чым шараговым членам групоўкі.
Мала таго, любая суполка ствараецца, па вялікім рахунку, дзеля выгады вузкага кола яе членаў - тых, хто будзе кіраваць ёй або круціцца блізу кіраўнічых органаў. Гэта, падкрэсліваю, тычыцца любой групоўкі, незалежна ад накірунку яе дзейнасці, будзь тое саюз пісьменнікаў, кінематаграфістаў, паляўнічых, інвалідаў, сексуальных меншасцяў, рэлігійныя секты і г.д. У гэтыя кааліцыі абывацелі заманьваюцца ўяўнымі выгодамі, і гэтыя выгоды напачатку нават даюцца ім. Але па меры таго як сплывае час, выгоды памяншаюцца і памяншаюцца, або ніяк не кампенсуюцца энергетычнымі выдаткамі, якія затрачваюць члены суполак на барацьбу з рэчаіснасцю. Наменклатура ж, вершаліна любой суполкі, паступова абвыкаецца са сваім становішчам, нарошчвае сваю магутнасць, пераплятаецца сваяцкімі і сямейнымі сувязямі, багацее і ўжо практычна нічога не робіць з таго, што абяцала напачатку шараговым членам.
Напрыклад, кіраўніцтва саюза пісьменнікаў атрымлівае раскошныя кватэры, выдае прыжыццёвыя зборы твораў, адхоплівае нерэальныя ганарары, амаль бясплатна ездзіць на курорты з сем'ямі ці палюбоўніцамі, купаецца ў лаўрах славы народнай. А шараговыя пісьменнікі маюць ад гэтага саюза або вельмі мала, або зусім дулю з маслам.
Наменклатура камуністычнай партыі СССР, якая ў свой час скінула самадзяржаўе і абяцала народу райскае жыццё, паступова адмежавалася, адгарадзілася ад гэтага народа, на які абапіралася ў сваіх карыслівых мэтах. Камуністычная партыя надалей мучыла свой народ, марыла яго голадам, саджала за краты, адпраўляла на катаргу, змушала ўдзельнічаць у спусташальных войнах, а наменклатура гэтай партыі ў любы час жыла даволі някепска: у часы голаду і мору мела закрыты размеркавальнік прадуктаў, адмысловае медыцынскае забеспячэнне, санаторыі, пашыраныя жылплошчы, бясплатны асабісты транспарт і г.д.
Стварэнне кааліцый, суполак па інтарэсах для барацьбы з праціўнікамі (ці ўвогуле з рэчаіснасцю), для паляпшэння якасці жыцця яе членаў, можа адбывацца стыхійна, а можа стварацца прадумана тымі людзьмі, якія мерацца стаць “ля руля” гэтых суполак. Але ж у любым выпадку, праз даволі непрацяглы час, адбываецца рэзкае адмяжоўванне кіраўніцтва суполак, іхняй наменклатуры, ад шараговых членаў, і якасць існавання першых і другіх становіцца непараўнальная. У выніку суполка, партыя, секта і г.д. фактычна працуе на матэрыяльны і псіхалагічны камфорт свайго кіраўніцтва. Адметна, што большая частка членаў суполкі будзе па-ранейшаму знаходзіцца з змане, што кіраўніцтва адстойвае іх інтарэсы і дбае пра іх дабрабыт.
Прыкладная схема стварэння і функцыянавання любой арганізацыі (секты, партыі, суполкі) такая. Купка дзялкоў зажадала добра жыць пры найменшых энергетычных затратах. Для гэтага яны вывучаюць рынак ідэй, попыт на іх, што існуе на дадзены момант у грамадстве. Спыняюцца на нейкай перспектыўнай і пакуль не засвоенай нішы. Напрыклад, гэта саюз інвалідаў. Арганізацыя рэгіструецца, пад яе харугвы збіраецца максімальная колькасць людзей, завабленых малочнымі рэкамі з кісейнымі берагамі. Члены саюза, зразумела, плацяць узносы, якія мусяць ісці на ўтрыманне апарату кіравання, г.зн. тых дзялкоў, што стварылі гэты саюз. Але на ўзносы дужа не параскашуеш. Таму асноўная крыніца даходаў у кіраўніцтва будзе - выбіваць сродкі ў дзяржавы і гуманітарных арганізацый для будаўніцтва і падтрымкі сваёй інфраструктуры: адмысловых прадпрыемстваў, дзе мусяць працаваць інваліды, друкаваных органаў, на будаўніцтва спецыяльнага жылля і г.д. На самай жа справе кіраўніцтву ўсё гэта патрэбна ў чаргу пятую і дзесятую. Найпершая яго задача, будуючы інфраструктуру, атрымліваць ад выдаткаваных на гэта сродкаў максімальную асабістую выгаду.
У выніку ў дамы, пабудаваныя на дзяржаўныя і гуманітарныя сродкі, селяцца найперш кіраўнікі саюза інвалідаў і іхнія родзічы (для прыкрыцця селяць некалькіх шараговых членаў саюза). На прадпрыемствах суполкі (таварыства), кіраўнічыя пасады, вядома ж, займаюць усё тыя самыя людзі. Ну і ўсё такое падобнае. Не будзем займаць час чытача, тлумачачы банальныя рэчы. Скажам толькі, што ў сухім астатку шараговы член саюза мае толькі тое, што рэгулярна плаціць узносы ў агульны кацёл, а таварыства ім практычна не займаецца, або займаецца для галачкі, каб зрабіць справаздачу, калі спатрэбіцца. А дзялкі, што стваралі арганізацыю, разрасліся ў наменклатуру, яны ездзяць на асабістых аўтамабілях з вадзіцелем і служкамі, каб высаджваць з машыны і вазіць у калясцы інваліда-кіраўніка.
Нанятыя на сродкі таварыства памочнікі не толькі возяць інваліднае кіраўніцтва па службовых справах і на дзелавыя сустрэчы. Далёка не так. Яны возяць іх значна далей, напрыклад, у лодачныя паходы, на марскія курорты, у круізы, дзе абслугоўваюць па поўнай праграме. І вось ужо кіраўнік інваліднай арганізацыі жэніць свайго сына і селіць яго ў новую, нядаўна пабудаваную таварыствам пяціпакаёвую кватэру. Праўда, і сын і яго абранніца цалкам здаровыя. Не бяды: з дапамогай махінацый кватэра афармляецца на нейкую падстаўную асобу так, што асабліва не прыдзярэшся. Сам кіраўнік мае ўжо дачу, дзе завіхаюцца работнікі, а таксама маладую палюбоўніцу. Карацей, ён дасягнуў той мэты, дзеля якой ствараў саюз інвалідаў: забяспечыць свой дабрабыт, пабудаваць для сябе рай на зямлі. Праўда, на гэтым шляху можна аступіцца і сесці, напрыклад, у турму. Але ж партыі і саюзы ствараюць, як правіла, рызыканты, людзі з прыроджанай авантурнай жылкай, яны ведаюць, на што ідуць і на чым могуць пагарэць. Яны плённа папрацавалі і ў далейшым пажынаюць плады.
Цяпер разбяромся, чаму людзі так часта і бязлітасна, не ў прыклад неразумнай прыродзе, ваююць паміж сабой, займаюцца самазнішчэннем свайго віду. А рэч у тым, што праз свой розум, праз свет ідэй тыя, хто ваюе, робяцца як бы прынцыпова іншым відам у дачыненні праціўніка. Таму што чалавек - гэта найперш унутраны свет, а ўнутраны свет ствараецца праз культуру народа, праз рэлігійную прыналежнасць, праз ідэалогію роду, сям'і, суполкі, у якую чалавек непазбежна ўлучаны. Згадаем крыжовыя паходы. Там ваявалі паміж сабой, з аднаго боку, прадстаўнікі аднаго віду - чалавека разумнага, а з другога, узаемным знішчэннем займаліся зусім розныя віды: па культуры, па мове, па ідэалогіі, па агульнай сістэме каштоўнасцяў. Такім чынам від людзей - гэта сістэма каштоўнасцяў. Таму ў войнах чалавецтва від не знішчае самога сябе, а пляжыць іншы, моцна адрозны ад яго від.
Самы тыповы і распаўсюджаны прыклад ідэйнай суполкі - народ, дзяржава, краіна. А побач з народам звычайна жыве іншы народ, нярэдка з кардынальна іншымі ідэйнымі каштоўнасцямі - з іншай мовай, культурай, рэлігіяй. Вось вам і патэнцыйныя ворагі - народы, надзеленыя палярнымі патэнцыяламі, якія мяжуюць паміж сабой і, хочуць не хочуць, мусяць мець зносіны, а значыць, канфліктаваць.
Здавалася б, чаму не жыць мірна і без канфліктаў? А таму, што нічога больш складанага на свеце няма, як мірна суіснаваць. Таму што, як ні круці, чалавек ёсць часткай біялагічнага ланцужка планеты, хоць і самай высокаразвітой яго часткай. Асноўны ж прынцып біялагічных відаў - паяданне адно аднаго з мэтай пераразмеркавання энергіі, у гэтым і заключаецца біялагічнае жыццё жывых арганізмаў. Прыслухайцеся да голасу здаровага сэнсу, скінуўшы шоры ілюзій, і вы зразумееце наступнае. Усё тое, што дае нам знешняя прырода ў нашым пасіўным, нерухомым стане - гэта дыскамфорт і пакуты. Паспрабуйце, прачнуўшыся, не варушыцца і працягваць ляжаць. Што атрымаецца? Ды адзін суцэльны кашмар. Забаляць бакі, косці, стане цяжка дыхаць, пачне мучыць голад і смага, пачне нарастаць трывога, якая пяройдзе ў паніку і страх смерці. Праз некаторы час (каля паўсутак) з'явяцца пролежні на месцах цела, што нясуць асаблівы цяжар судакранання з ложкам. Праз яшчэ некаторы час пролежні загніюць - гэта мікробы зоймуцца сваёю звыклаю справай. А затым невядома адкуль да іх далучацца чарвякі... Згадзіцеся, карціна не надта прывабная. Але ж на сто адсоткаў праўдзівая.
Вось што з намі зробіць акаляючая прырода, хараством якой мы так любім захапляцца і пра якую так любім складаць вершы і музыку. Таму жыць у агрэсіўным асяроддзі можна, толькі супрацьпастаўляючы яму моц свайго эга. Нам баляць бакі - мы пераварочваемся або падымаемся. Нам хочацца піць - шукаем ваду. Хочацца есці - здабываем харч, нават калі для гэтага трэба забіць жывую істоту. Кожны з нас на самай справе драпежнік, які зжор за жыццё безліч курэй, парсючкоў, цялятак, рыбак і г.д. Забіць мірнага чалавека - страшнае злачынства? Канешне - гаворыць нам соцыум. А вось забіць мірнага бяскрыўднага кабанчыка, вылавіць рыбку, для чаго спачатку працяўшы кручком чарвячка - гэта не толькі не злачынства, але святая справа, можна сказаць? Ці не ханжаства гэта?
Кажу ўсё для таго, каб падвесці да асноўнага: соцыум строга карае за забойства мірных людзей і соцыум жа вітае зверскія забойствы жывёл у мэтах харчавання. Але ў кожнай дзяржавы свой соцыум і свае псіхалогія з ідэалогіяй. Вось у чым закавыка. І калі кіраўнік мусульманаў-вахабітаў заклікае забіць нявернага - то гэта таксама правілы соцыуму, якія мусяць быць выкананы. То бок няверны, чалавек іншай рэлігіі прыраўноўваецца да хатняй жывёлы, а то і горш. Ды што там мусульманскія экстрэмісты! У нядаўнім часе прадстаўнікі самай што ні ёсць хрысціянскай цывілізацыі вызначалі вартай жыцця, напрыклад, толькі арыйскую расу - астатніх можна не толькі забіваць, але і папярэдне мучыць у канцлагерах. І народ, у дадзеным выпадку - немцы, пакорліва гэта прымаў і лічыў справядлівым. Што яшчэ раз падкрэслівае ўмоўнасць, а таксама ханжаства і ілюзію фундаментальных прынцыпаў любога соцыуму. Як дзеля сваёй выгады соцыум устанаўлівае забіваць жывёл і ахоўваць жыццё сваіх грамадзян, так дзеля сваёй выгады ён можа аб'явіць нармальным злупліваць скуру з яўрэяў, цыганоў, мусульманаў - то бок, чужых, не нашых, не выгадных нам у дадзены час. Навідавоку супрацьборства ідэй. А гэтае супрацьборства самае бязлітаснае на свеце.
Нічога дрэннага не зрабілі адно аднаму жыхары, напрыклад, суседніх вёсак, якія раздзяляе дзяржаўная мяжа. Але ж нехта аб'явіў вайну, заклікаў пад свае харугвы гэтых жыхароў і сказаў: з сённяшняга дня вы - лютыя ворагі; і паказаў, як трэба абыходзіцца з ворагамі: выпускаць кішкі доўгімі нажамі. І ўчарашнія мірныя жыхары пачынаюць гэта рабіць. А яшчэ ўчора жанілі адно на адным сваіх дзяцей і ездзілі вольна ў госці праз тую мяжу.
Вайна можа пачацца з-за мільёнаў прычын. Напрыклад, жыве сабе мірная краіна, усё ў ёй добра, спакойна і ўсяго хапае. Але ж праз яе працякае паўнаводная рака, што поіць ўрадлівыя землі, і на гэтых землях трымаецца эканоміка краіны. Ды вось бяда: сусед, у гарах якога гэтая рака бярэ свой пачатак, уздумаў на сваёй тэрыторыі зрабіць вадасховішча, для чаго перакрыў раку. У выніку ў мірнай каіны, што жывілася той ракой, ляснуўся гадавы ўраджай пшаніцы, пачаўся голад і бунты. Унутранае напружанне дасягае такой моцы, што кіраўніцтва краіны мусіць выпусціць гэты негатыў, як пару з катла, аб'явіўшы вайну вераломнаму суседу, што перакрыў раку.
У дадзеным выпадку прэтэнзіі цалкам справядлівыя. Адзін эгаіст перакрыў раку для сваёй выгады, але яго выгада, мякка кажучы, не супала з выгадай другога эгаіста, другой дзяржавы. У выніку - вайна. На ёй гінуць дзесяткі, сотні тысяч людзей, якія б маглі неяк выжыць і пры адсутнасці паўнаводнай ракі. Але ж яны міма сваёй волі былі кінуты ў пякельны вір і загінулі.
А яшчэ часцей прычыны войнаў бываюць высмактаны з пальца і не маюць пад сабой такога аб'ектыўнага падмурку, які мы разгледзелі ў выпадку перакрыцця ракі. Часта войны выклікаюцца спантаннымі амбіцыямі і неспатоленымі жарсцямі кіраўнікоў, або глупствам, вар'яцтвам кіраўнікоў. Напрыклад, кароль сватае свайго сына за прынцэсу суседняй дзяржавы, а яму груба адмаўляюць і аддаюць перавагу сыну іншага караля. Першы кароль абражаны, разгневаны і аб'яўляе вайну нахабнаму суседу - балазе ваяваць і гінуць пад стрэламі, кулямі не яму і не прынцу - а простым салдатам. Зноў жа ў падмурку вайны - ідэйнае, псіхалагічнае непрыманне паводзінаў суседа, праціўніка. Пра матэрыяльнае выжыванне, якое толькі і ёсць прычынай войнаў у неразумнай прыродзе, у дадзеным выпадку і гаворкі няма.
Такім чынам, войны, што вядзе чалавецтва, маюць сваёй прычынай найперш псіхалагічную напругу, а мэтай - атрымаць псіхалагічную разрадку. Часта, калі ў краіне вэрхал і ўрад не можа навесці парадак, то ён накіроўвае гэты негатыўны патэнцыял народа ў іншае, найбольш бяспечнае для сябе рэчышча - аб'яўляе вайну іншай дзяржаве, а прычыну можна знайсці заўсёды. Калі ўрад не здымае ўнутраную напругу знешнімі войнамі, то гэтая напруга можа разрадзіцца ў бунты, паўстанні і рэвалюцыі. Зрэшты, зацяжныя войны таксама могуць прывесці да ўнутраных войнаў (грамадзянскіх) і рэвалюцый. Або напружанне разраджаецца шэрагам бязлітасных унутраных рэпрэсій, у неверагоднае “закручванне гаек”. Прыклад - сталінскія рэпрэсіі, што пачаліся ў 20-х гадах і доўжыліся да сярэдзіны 50-х гадоў мінулага стагоддзя: каля трыццаці гадоў бесперапынных патокаў крыві, страху і слёз. А прычына адна - унутраная нездавальненне, немагчымасць забяспечыць у рамках сацыялізму ўсе матэрыяльныя патрэбы і ўсе жарсці мільёнаў эгаістаў, грамадзян савецкай імперыі.
Калі адасобіцца ад чалавечых пакутаў, паспрабаваць стаць на ўяўную пазіцыю бяздушнай прыроды, то ў войнах можна ўбачыць не толькі непазбежнасць, але і прыродную мэтазгоднасць. Мала таго, нават з пункту гледжання разумнага чалавецтва, нягледзячы на ўсе жахі войнаў, у іх ёсць пэўны сэнс і пэўныя плюсы. Разгледзім усё гэта ніжэй.
Войны, што вядзе чалавецтва, асабліва шырокамаштабныя, якія называюць сусветнымі, можна разглядаць як кровапусканне. Арганізм у дадзеным выпадку - вялікі рэгіён, дзе войны вядуцца. У гэтага рэгіёна ў сілу розных прычын утварылася “гнілая кроў”, якая прыводзіць да пастаянных хваробаў і недамаганняў. Гэта ўсё тая ж унутраная напруга грамадства, якую мы аналізавалі вышэй. Народ з розных прычын пастаянна нечым незадаволены. То там, то тут надараюцца забастоўкі, бунты, паўстанні, лакальныя рэвалюцыі. Сітуацыя выходзіць з-пад кантролю ўрадаў. Прычым гэта адбываецца па ўсім рэгіёне, куды ўлучаны мноства краін. Рэгіён кіпіць, як паравы кацёл і ў рэшце рэшт выбухае вырашальным канфліктам, які падпальвае яго ўсяго на вайну.
Каталізатарам шырокамаштабнай вайны можа быць адна краіна, адзін канфлікт, адна асоба. Але ўмовы для такой вайны павінны аб'ектыўна саспець.
Апошнія дзве сусветныя вайны пачаліся з-за многіх суб'ектыўных прычын. Але ж аб'ектыўнай была толькі сітуацыя: з-за рэзкага навукова-тэхнічнага прагрэсу, з-за засваення вугальнай і затым нафтавай энергіі ў Еўропе аказалася нязвыкла многа людзей - яны проста перасталі паміраць у змаганні з суровай прыродай і эпідэміямі, як рабілі гэта ў давугальную і данафтавую эпохі. Навукова-тэхнічны прагрэс парушыў баланс нараджэння і смерці, зменшыў патрэбу ў працоўных руках, аблягчыў працу, часткова перамог хваробы. З'явіліся лішнія людзі. А лішні чалавек, не заняты штодзённай працай чалавек - гэта патэнцыйна галодны, раздражнёны, агрэсіўны, схільны да злачынства грамадскі элемент. Гэты элемент узняў унутраную напругу ў Еўропе да крытычнай мяжы - што прывяло да спусташальных першай і другой сусветнай войнаў, якія выкасілі насельніцтва Еўропы, так бы мовіць, спусцілі гнілую кроў. Пасля гэтага Еўропа адносна супакоілася і не вядзе спусташальных войнаў на сваёй тэрыторыі ўжо каля 65 гадоў.
У гісторыі чалавецтва так заўсёды было: усчынаюць буйныя войны толькі тады, калі або няма чаго есці, або няма чым заняць насельніцтва. Незанятае, нават сытае насельніцтва схільнае абарочваць сваю псіхафізічную энергію на ўнутраную агрэсію. У цяперашнім цывілізаваным свеце, як мы вышэй адзначалі, гэтая праблема вырашаецца рэлігіяй спорту, шоу-бізнесу, а таксама рознымі лакальнымі войнамі на чужой тэрыторыі, пераважна з краінамі трэцяга свету. Гэтак урады цывілізаваных краін трымаюць сваё насельніцтва ў правільным тонусе.
Грамадства, якое доўга не ваюе, непазбежна падгнівае знутры. Расце колькасць сексуальных меншасцяў, распадаецца інстытут шлюбу, гетэрасексуалы паступова губляюць другасныя палавыя прыкметы. Мужчыны страчваюць мужчынскія якасці, робяцца вялымі, баязлівымі, падвержанымі дэпрэсіі ды іншым душэўным захворванням. А ўсё таму, што ў кроў даўно не паступае патрэбная порцыя адрэналіну, мужчынскі арганізм працуе нязвыкла, няправільна. Па прынцыпе сазлучаных сасудаў частка мужчынскіх якасцяў пераходзіць да жанчын: рашучасць, схільнасць да лідэрства, агрэсія, самастойнасць і незалежнасць. Мяняецца і знешнасць людзей: мужчыны страчваюць мускульную масу, звужваюцца ў плячах, а жанчыны страчваюць так званую дзетародную фігуру: шырокія бёдры, магутныя клубы, поўныя грудзі. Жанчынам становіцца з такой цывілізаванай фігурай усё цяжэй нараджаць нашчадкаў. Дый жадання такога ў іх усё меней і меней.
Войны ж, якія вяло чалавецтва пастаянна, не давалі яму закіснуць, мацавалі другасныя палавыя прыкметы людзей. Мужчыны былі мужнымі, моцнымі, а жанчыны - пладавітымі і здаровымі, не распуснымі. Калі грамадства знаходзілася ў высокім тонусе барацьбы за выжыванне, унутранай гнілі ў ім было мала (сексуальныя меншасці, самагубцы, вар'яты, зладзеі, члены таталітарных сектаў, сатаністы, дармаеды ды інш).
На войнах гінуў а) самы агрэсіўны элемент, які лез на ражон, б) самы слабы элемент, не прыстасаваны да выжывання і перадачы здаровых генаў нашчадкам. Насельніцтва меншала ў памерах, але паляпшалася ў якасці. Часта даводзіцца назіраць, што ветэраны, якія прайшлі агонь і ваду, выжыўшы пад пяцігадовымі абстрэламі, якія перанеслі пякельны кашмар, жывуць затым гадоў 50-60 да глыбокай старасці ў нядрэнным здароўі, яны аптымістычныя, актыўныя, працаздольныя. Часткова іх загартавала вайна, выбіла ўсю гніль з нетраў душы, яны пачалі вельмі цаніць мірнае жыццё, ставіцца да яго з любоўю, а таму зрабіліся доўгажыхарамі. А часткова гэта таму, што выжылі ў калатнечы вайны самыя жыццяздольныя, генетычна схільныя да доўгага і плённага існавання. Большасць ветэранаў успамінае вайну як самы яркі і лепшы адрэзак свайго жыцця, бо на мяжы смерці ўбачылі, наколькі вялікі, мужны, стойкі і г.д. можа быць чалавек. На вайне яны зведалі сапраўднае сяброўства і сапраўдныя ідэалы.
Вайна выкошвае, але ў пэўнай ступені і ачышчае грамадства ў цэлым. Бо абнаўленне, пачынанне з чыстага аркуша і ёсць ачышчэннем. Войны, як ні круці, рухалі прагрэс чалавецтва, хоць і цаною крыві. Гэта войны Македонскага, Напалеона, заваёўнікаў Амерыкі. Яны не рабілі шчаслівейшым сярэдняга чалавека, але рухалі наперад чалавецтва, перапляталі і ўзаемна абагачалі культуры, прыносілі на новыя тэрыторыі больш прагрэсіўную культуру, рэлігію.
Як да мікрасвету прыдатныя адны законы, а да макрасвету іншыя, так і ў дачыненні людзей. Ёсць жыццё чалавечай душы, для якой вайна ў цэлым ёсць злом, гэта закон яе мікрасвету. А ў макрасвеце ўсяго чалавецтва войны нясуць пазітыўны пачатак, бо развіваюць яго, не дазваляюць загніць.
Праўда, усё гэта тычыцца войнаў у даядзерную эпоху. Цяпер жа чалавецтва спынілася на мяжы, калі шырокамаштабныя знішчальныя войны недапушчальныя ў прынцыпе, бо здольныя падарваць увесь зямны шар. Вынаходка ядзернай зброі з'явілася лёсавызначальнай падзеяй для чалавецтва. З гэтага часу цывілізаваны свет жыве па іншых законах, законах вышэйшага парадку, калі непазбежныя праблемы і сутыкненні мусяць ужо вырашацца дыялогамі і кампрамісамі, або фінансава-эканамічным чынам замест звыклага ва ўсе стагоддзі ваеннага вырашэння. Да чаго гэта ўсё прывядзе? Пытанне складанае, бо ў перспектыве па ўсім свеце можа быць настолькі шмат ядзерных кнопак, што нехта не-не - ды з гарачкі націсне адну, што прывядзе да ланцуговай рэакцыі. Як гэтага пазбегнуць? Пакуль цывілізаванае чалавецтва бачыць, па строгім рахунку, адно выйсце: не дапускаць ядзерную зброю на тэрыторыю трэцяга свету, які ў сілу сваёй неразвітасці можа няправільна ёй распарадзіцца. Г.зн. адсочваць вытворчасць ядзернай зброі і душыць узмацненне ёй трэцяга свету на корані, лакальнымі войнамі знішчаючы іх урады і ставячы свае, падкантрольныя. Не ведаю, ці ўдасца гэта ажыццявіць эфектыўна, бо дабрабыт некаторых краін трэцяга свету, патэнцыйных трымальнікаў ядзернай зброі, імкліва расце, а значыць, расце і магчымасць супраціўлення цывілізаванаму свету.
І ўсё ж, падводзячы пэўныя вынікі, можна сцвярджаць, што самай глыбокай, глыбіннай прычынай войнаў ёсць канфліктная эгаістычная прырода чалавека разумнага. На прыкладзе розных сем'яў, канфліктных і бесканфліктных, гэта яскрава бачна. Адны людзі пастаянна грызуцца. Другія любяць сваіх сямейнікаў і саступаюць адно аднаму. Чалавецтва - гэта вялікая размаітая сям'я. І складанасць тут яшчэ ў тым, што ўзровень развіцця людзей, што жывуць на розных тэрыторыях, часта непараўнальны. Адны існуюць у цывілізаваным свеце з яго дэмакратычнымі, ліберальнымі інстытутамі, а другія, за трыста кіламетраў ад іх, знаходзяцца яшчэ ў каменным веку, з усім наборам дзікунскіх правілаў і забабонаў. Ці змогуць зразумець яны адно аднаго? І нават калі ўсе стануць вызнаваць адну веру (скажам, хрысціянскую), то наўрад ці хутка памірацца. Бо ў любым народзе жыве памяць і даўняя крыўда на суседні народ. Як вырвацца з гэтага зачараванага кола? Ці можна ўтаймаваць усё гэта жорсткім Законам, а значыць, з пазіцыі сілы? Успомнім, што ў краіне з суровымі законамі - ЗША - не-не, а прарываецца нехта з аўтаматам у школу і беспрычынна расстрэльвае мірных дзяцей. Дэман агрэсіі, закілзаны законам, тым не менш вылузваецца вонкі, бо ён і смерці ўжо не баіцца, мірнае законапаслухмянае жыццё для яго - горай за смерць.
Войны запускаюцца зменамі клімату (перасяленне народаў), утварэннем у рэгіёне “лішніх” людзей, палітычнымі сітуацыямі, усялякімі авантурыстамі і вар'ятамі, але ж грунтуюцца на недасканалай, эгацэнтрычнай прыродзе людзей. Палепшыць яе з дапамогай рэлігій і ўнутранай працы кожнага індывіда, у прынцыпе, можна (выправіць канчаткова - ніколі). Але працэс гэты будзе настолькі доўгі, што ці не зацягнецца ён ажно да самога Апакаліпсісу? Прынамсі хрысціянства, праз прароцтвы сваіх апосталаў, як бы загадзя прызнае сваю паразу на зямлі і заклікае таго, хто жадае, і таго, хто гатовы, садзіцца на свой каўчэг - каб не было позна. Каўчэг адплывае ў Вечнасць. Хрысціянам абяцаецца рай на Небе, але ніяк не на зямлі. Ну а філосафам нічога не застаецца, як разважаць і гадаць пра перспектывы матэрыяльнага свету.


13. Структура эмацыйных патокаў

Сістэма ўзаемаадносінаў у чалавечай супольнасці - вось, бадай, самае кароткае вызначэнне слова “культура” з тых, якія магчыма даць. Але даўшы такое вызначэнне, мы немінуча сутыкнёмся з шэрагам пытанняў, які патрабуюць удакладнення гэтага тэрміну. Напрыклад, што разумець пад паняццем супольнасць? Наколькі гэтая супольнасць шырокая? Сям'я, вёска, горад, дзяржава, рэгіён, чалавецтва? Дапусцім, культура народа - гэта ўзаеміны паміж адзінкамі ўнутры дзяржавы. Але тады: ці не ёсць культурай узаеміны гэтай дзяржавы з суседзямі? Гэта таксама культура дачыненняў, як ні круці. Таму не будзем сцінаць культуру рэгіянальнымі прынцыпамі. Бо ясна, што на гэтай зямлі кожны індывідуум наўпрост ці ўскосна залежыць ад кожнага, ці хаця б мае гэты патэнцыял залежнасці. А таму любы чалавек мусіць падпарадкоўвацца ўсталяванай сістэме ўзаемаадносін, калі казаць шырока, з усім чалавецтвам.
Калі нехта занядужае на адным канцы зямнога шара на хваробу, выкліканую небяспечным вірусам, то насцярожваецца ўсё чалавецтва, а праз яго - любы разумны індывідуум цывілізаванага свету. Таму што праз сродкі камунікацыі (найперш, аэрафлот) вірус можа быць хутка перанесены на другі канец свету. Гэта адно. А па-другое, яшчэ значна хутчэй - праз інтэрнэт, тэлевізар, радыё - трывожныя весткі пра магчымую небяспеку абляцяць увесь свет.
Цывілізацыя, якую мы аналізавалі ў папярэдніх раздзелах, мае сваёй асноўнай задачай паляпшэнне якасці суіснавання. Культура ж - паняцце намнога шырэйшае, бо ўлучае ў сябе таксама і бескультурнасць. Напрыклад, у нармальнага чалавека ў нармальнай шматдзетнай сям'і, у трохпакаёвай кватэры, пражывае дваццаціпяцігадовы сын - гераінавы наркаман. На іголцы ён сядзіць ужо гадоў пяць і зрабіўся цалкам неадэкватным, асацыяльным, непрацаздольным. Наркаманы існаваць паасобку не могуць, а таму да сына ў кватэру цягаюцца дружкі і сяброўкі, наладжваюць перыядычна оргіі, а калі няма на што купіць дозу - выносяць з падачы сына рэчы прама з кватэры і прадаюць. І галаве сям'і, бацьку, трэба неяк - хоча ён таго ці не - будаваць узаемаадносіны са сваім прапашчым сынком і гэтым бескультурным быдлам, што да яго цягаецца. Назваць гэтыя ўзаеміны цывілізаванымі, культурнымі - як бы і язык не варочаецца. І тым не менш - гэта складнік нашай культуры.
У нейкім архаічным грамадстве, напрыклад з племянною структурай, размова з такім сынком была б вельмі кароткая. Правадыр племені сам бы крута з ім разабраўся, выдаліўшы яго з супольнасці як ракавую пухліну, каб не паела яна ўвесь арганізм. Нават у бацькі тут бы ніхто не пытаўся. Асацыяльныя элементы караліся ў старадаўнія часы жорстка, бязлітасна: у лепшым выпадку выганяліся, у горшым - караліся публічнай лютаю смерцю (каб астатнім непанадна было).
У нашым жа цывілізаваным грамадстве бацька, галава сям'і, мусіць лічыцца з законам, які гарантуе сыну не тое што жыццё, а нават недатыкальнасць. Сын прапісаны ў той кватэры і яго адтуль па законе не вытурыш. Лячыцца не жадае - і яго прымусова ў лякарню не запраторыш, а калі запраторыш, то рана ці позна ён адтуль усё адно выйдзе і пачне нанова сямейнікаў мардаваць. Сын выносіць рэчы з кватэры - тэарэтычна яго можна прыцягнуць за гэта да крымінальнай адказнасці. Практычна ж такое ажыццявіць вельмі цяжка, мала хто судзіцца з сынам, які прадае рэчы з кватэры для дозы. Цяжка будзе даказаць, што ён ва ўкрадзеную рэч ні капейкі не ўклаў. Акрамя закона, бацька мусіць лічыцца з традыцыяй як свайго народа, так і з рэлігійнымі нормамі народа, са звычаямі сваёй сям'і. У цывілізацыі, пабудаванай на хрысціянскай маралі, неяк не заведзена пазбаўляць роднага сына куска хлеба, выганяць яго з дому, праклінаць, судзіцца з ім за тое, што ён есць твой хлеб і падобнае. Не зразумеюць суседзі, саслужыўцы, родзічы.
Тут мы маем справу з няроўным прынцыпам узаемінаў. Сын у дачыненні ўсёй астатняй сям'і паступае як поўнае бескультурнае быдла - робіць іх жыццё пеклам, дзеля дозы гатовы іх з торбай па свеце пусціць, падпаліць хату, а то і пагражае самагубствам, калі маці не дасць яму грошай на дозу. Сямейнікі ж, людзі адэкватныя і законапаслухмяныя, мусяць ставіцца да свайго дэградаванага сына па законах цывілізацыі. Выходзіць, што цывілізацыя, традыцыя, рэлігія ў дадзеным выпадку, хоць і ўскосна, патураюць загане сынка-наркамана. Крануць яго ўсур'ёз, змяніць у ім нешта магчымым не ўяўляецца. Кватэра, сямейнае жыццё робяцца для нармальных людзей катавальняю, пеклам з-за аднаго вырадка, які законна там пражывае і законна водзіць туды сяброў.
А вынікі могуць быць самыя скрушныя. Напрыклад, сынок і сябрукі, ачмураныя кайфам, сярод белага дня згвалцяць малодшую сястру, якая старанна рыхтавала ўрокі. Бацька, даведаўшыся, у стане афекту замалоціць сынка жалезнай арматурай да смерці. Маці, даведаўшыся, памрэ ад інфаркту. Бацьку пасадзяць у турму. Сястра застанецца сіратой са зламанай псіхікай... Жах. Але гэта яскравы прыклад, да чаго могуць давесці сямейныя ўзаеміны ў нашым цывілізаваным свеце. І ніхто як быццам не вінаваты, акрамя сынка-наркамана. Дый ён вінаваты часткова, бо наркаманія - цяжкая хвароба, чалавек сабой мала валодае. У выніку, уцягнутыя ў сістэму ўзаемаадносін, пакутуюць і паміраюць некалькі нармальных людзей. А маглі б жыць шчасліва, калі б выдалілі наркамана як шкодны элемент з сям'і, соцыуму. Зрэшты, шчасце было б адносным, паколькі і бацька і маці заўсёды памяталі б, што выгналі сына з дому ці пасадзілі яго ў турму. А гэта непазбежна атручвала б ім жыццё да самай магілы. Вось што такое сістэма ўзаемаадносінаў, пад якой разумеем культуру. І вось чаму культура для чалавецтва мае найважнейшае значэнне і чаму яно, чалавецтва, спакон веку намагалася абараніць свае адзінкі і грамадства ў цэлым ад сітуацый, падобных на тую, што мы апісалі.
Патавых, катастрафічных, непрадказальных, пакутлівых сітуацый, іх варыянтаў, можа быць безліч. І культура чалавечых узаемадачыненняў павінна ўсе іх скампенсаваць - так, каб яны прыносілі найменш праблем соцыуму.
На вышэйпрыведзеным прыкладзе бачна, што сын, хворы на наркаманію, і ўсе астатнія сямейнікі бытуюць у межах эмоцый, грамадскага закона, сямейнай традыцыі, рэлігіі. Бачна таксама, што грамадскі закон у дадзеным выпадку нікога з іх не ратуе ад шматлікіх пакутаў, а толькі заганяе ў тупіковую сітуацыю. Бо закон не дае магчымасці пазбавіць сям'ю ад яе цяжкага крыжа. Сын, паўторымся, жыве ў кватэры, прымае наркотыкі і водзіць да сябе сяброў законна. Выдаліць яго адтуль амаль немагчыма. (Сямейная традыцыя і рэлігія, у прынцыпе, гэтага таксама не вітаюць.) Закон не дае і магчымасці прымусова вылечыць наркамана, дый наркаманію, па вялікім рахунку, можна вылечыць толькі праз унутранае перакананне пацыента, чаго зазвычай няма.
Такім чынам ніводзін з механізмаў рэгуліроўкі існага соцыуму не дае сямейнікам паратунку, а сітуацыя непазбежна хіліць іх да катастрафічнай развязкі. Таму самая рэальная і, як бы гэта жорстка ні гучала, прымальная развязка для сямейнікаў - смерць сына ад гераінавай залежнасці, гераінавыя наркаманы ў сярэднім жывуць пяць гадоў. Бацькі нават адно аднаму прызнацца баяцца, што чакаюць менавіта такой развязкі, якая вызваліць іх і сына ад пакутаў. Але развязкі часцяком бываюць не самыя мяккія.
А што ж можа выратаваць соцыум, сям'ю ад такіх сітуацый? Закон, нават калі б у ім было прапісана прымусова лячыць наркаманаў, алкаголікаў і вар'ятаў, мала што памяняў бы, а толькі крыху зменшыў напругу. З псіхушак і спецыялізаваных клінік у рэшце рэшт вяртаюцца. Як і з турмаў.
Праблема мусіць вырашацца лячэннем яе кораня. Тут уступаюць у сілу два іншыя механізмы рэгуліроўкі - традыцыя і рэлігія. Традыцыя ідзе з глыбінь стагоддзяў, і паколькі соцыум дажыў да нашых дзён, то відавочна, што традыцыя сама па сабе - надзвычай здаровая і дзейсная сіла. І ўсё гэтае выхаванне ў духу традыцыі - не пустыя словы. Што такое выхоўваць у духу традыцыі? Гэта, як мінімум, з немаўлячага ўзросту вучыць паважаць старэйшых. А таксама паважаць спакой сваіх блізкіх, не перавальваць свае праблемы на іх, з хворай галавы на здаровую, лічыцца з іхнімі інтарэсамі. Гэта выхаванне не толькі фізічнай і псіхалагічнай неабходнасці працаваць, але і працаваць з любоўю да працы. Таму што заняты, улюбёны ў стваральную працу чалавек - гэта сам па сабе здаровы сацыяльны элемент, мала схільны да злачынстваў, наркаманіі ды алкагалізму. Менавіта ў часы заняпаду Традыцыі надараюцца абвальныя парушэнні раўнавагі соцыуму. У традыцыйнай, архаічнай сям'і крайне рэдка здараліся сітуацыі, калі малады дзяцюк сярод белага дня не працуе, а валяецца ў кватэры пад наркатычным дурманам, калі ён водзіць туды хаўруснікаў, якія нахабна парушаюць спакой і ўклад сям'і. У традыцыйнай сям'і цяжка не паслухацца бацьку, які адначасова з'яўляецца яе карміцелем і кіраўніком.
Цяпер жа, з прычыны таго, што выжываць на зямлі для цывілізаванага чалавецтва стала не надта складанай задачай, праз усялякія сацыяльныя службы і грашовыя дапамогі, заразу лібералізму, утварылася маса асацыяльнага элемента, якая даўно перасягнула крытычную меру. Грамадству стала прасцей плаціць лайдакам грашовыя дапамогі, каб яны не толькі не памерлі з голаду, а нават мелі на алкаголь, тытунь і забаўкі, - чым спрабаваць забяспечыць іх працоўнымі месцамі. Калі ж гэтых лішніх людзей яшчэ і не забяспечваць сродкамі для існавання, то будзе зусім кепска: яны пойдуць красці і рабаваць, каб пракарміцца. Цывілізацыя міжволі стварыла замкнёнае кола: з аднаго боку, цяжка загрузіць усіх членаў соцыуму працай; з другога, выкормліванне дармаедаў спараджае шэраг сацыяльных праблем - не занятыя карыснай дзейнасцю, сытыя, яна ўпадаюць у наркаманію і алкагалізм, становяцца патэнцыйнымі злачынцамі, разносчыкамі псіхалагічнай і фізічнай заразы, якая разлагае соцыум. Акрамя таго, адсутнасць у апошнія дзесяцігоддзі шырокамаштабных войнаў не дазваляе спусціць “гнілую кроў”, войны, як мы паказалі вышэй, адначасова і ачышчаюць і аздараўляюць грамадства.
Адыход ад Традыцыі, такім чынам, нічога добрага не нясе. Заўважым адначасова, што ў Традыцыі караняцца і два іншыя складнікі сацыяльнай рэгуліроўкі - закон і рэлігія, якія закліканы адно аднаго дапаўняць. Прасцей: ёсць сітуацыі, пры якіх закон неэфектыўны. І ёсць у той жа час індывідуумы, на якіх можна ўздзейнічаць толькі праз строгі і няўмольны закон, мараль ім да лямпачкі. Рэлігія, мараль прышчэпліваюцца з дзяцінства. Паважаць жа закон, як правіла, пачынаюць толькі ў свядомым узросце. Таму культуру неабходна разглядаць як адзінае цэлае, і дзяленне яе на складнікі будзе вельмі ўмоўным. Юрыспрудэнцыя, навука, эканоміка, медыцына, мастацтва, рэлігія - гэта ўзаемадапаўняльныя часткі аднаго цэлага, якія маюць, па вялікім рахунку, адзіную мэту - рэгуляваць соцыум у адпаведнасці з асаблівасцямі псіхафізічнай прыроды чалавека. Усе гэтыя складнікі спрабуюць прымірыць, знайсці паразуменне, гарманізаваць жывёльную і духоўную прыроду людзей. Калі ў жывёльным свеце рэгуліроўка супольнасцяў адбываецца стыхійна і выключна метафізічна, то ў свеце людзей у творчым працэсе нармалізацыі соцыуму ўдзельнічаюць самі людзі - іх індывідуальнае і калектыўнае Свядомае. Зрэшты, у калектыўным свядомым таксама выразна праглядаецца метафізічнае, і бадай, толькі яно. Калектывам кіруе стыхійны пачатак, хаця на чале вызначальных ідэй стаяць разумныя адзінкі, праз якія гэтыя ідэі прыходзяць і ажыццяўляюцца. Пытанне, адкуль гэтыя ідэі прыходзяць і ці з'яўляюцца яны ўласцівасцямі канкрэтных індывідуумаў, мы разглядалі даволі падрабязна і дэталёва ў раздзеле “Кропка рашэнняў поля душы”.
Культуру можна яшчэ ахарактарызаваць як кіраванне патокамі эмоцый соцыуму. Людзі жывуць эмоцыямі. Усё, што адбываецца ў свеце, вакол нас - найперш адбываецца ў нашай галаве. Мы бачым карцінку, заснаваную на нейкай Рэальнасці, але ўспрымаем яе па-рознаму. І маем паняцце аб тым, што ёсць рэальным, а што ёсць нашымі домысламі і хімерамі, толькі праз супастаўленне сваёй карцінкі ў свядомасці са звесткамі пра гэтую карцінку ад іншых, пажадана шматлікіх індывідуумаў. Як правіла, чалавек супадае ў сваіх уяўленнях пра Рэальнасць з астатнімі членамі соцыуму, мяркую, адсоткаў на 80. Але цалкам не супадае ні з кім. Нават калі б меў справу са сваім клонам.
У той жа час існуе невялікі адсотак індывідуумаў, якія супадаюць з сярэдняй масай у сваім успрыманні рэчаіснасці адсоткаў на 20, а то і менш. Гэта людзі, як той казаў, мяшком удараныя: усялякія ціха і буйна памяшаныя, а таксама геніяльныя паэты, мастакі, музыкі, навукоўцы, палкаводцы і г.д. Унутраны свет Напалеона, Македонскага, можна здагадацца, быў мала падобны на ўнутраны свет іхніх сучаснікаў. Гэта былі людзі, апантаныя звышідэямі, якія засланялі ад іх нармальнае ўспрыманне рэчаіснасці, сілкавалі іх і зыначвалі ўспрыманне свету, нібы наркотыкі. Тое самае можна сказаць пра апосталаў Хрыстовых і амаль пра ўсіх першахрысціян: нармальны чалавек не пойдзе на пакуты і смерць дзеля адцягненай ідэі; але рэч у тым, што для іх іншасвет, духоўны свет, вобраз уваскрэслага Збавіцеля былі самымі што ні ёсць рэальнымі.
Успрыманне рэчаіснасці экстрасэнсам, абывацелем і алкаголікам - прынцыпова розныя. Агульныя яны толькі ў непарыўных законах матэрыяльнага свету. І экстрасэнс, і абывацель, і алкаголік, рухаючыся ў бок сцяны, абавязкова ў яе ўпруцца, а ідучы на яму - у яе праваляцца. Менавіта фізіка, хімія, біялогія, сацыяльныя законы трымаюць чалавецтва ва ўпэўненасці, што ёсць нейкая адзіная для ўсіх і не залежная ад успрымання індывідуумаў Рэальнасць.
Але ж чалавек успрымае гэтую рэальнасць пачуццямі, эмоцыямі, якія ўспыхваюць у яго розуме. Ад таго, наколькі гэты розум развіты, тонкі, своеасаблівы ці, наадварот, шараговы і ардынарны, залежыць карцінка рэчаіснасці ў люстэрку нашай душы. Ёсць хваробы, калі чалавек амаль не адчувае болю. Дакрануўшыся да гарачай патэльні, ён не адшмаргне руку. Але ж у выніку будзе мець нашмат больш праблем у параўнанні з тымі, хто нармальна адчувае апёкі і раны. Не адшмаргнуўшы руку, ён можа спаліць яе да мяса, косці і атрымаць заражэнне. Нехта бачыць свет без колераў (дальтонікі), а нехта зусім яго не бачыць, або не чуе.
Адзін чалавек рыдае над кнігай, пралівае слязу ад музыкі, што кранула яго душу. Іншы ж толькі ад гэтага пазяхне і перавернецца на другі бок. Але назаўтра той, хто спагадаў кніжным героям і плакаў ад музыкі, акажацца нячулым да гора блізкага чалавека. А той, хто пазяхаў ад вытанчанай музыкі, успрыме боль блізкага як сваю, прыйдзе ў стан афекту. Хто з іх больш нармальны? Напэўна, другі.
Ёсць людзі, і іх нямала, для каго свет уяўленняў, хімер, тэкстаў, формул, гукаў - ёсць самая важная рэальнасць, у якой ён жыве. Сапраўднасць жа, побыт, сям'я іх мала кранае. А ўсё таму, што і сапраўднасць і хімеры - найперш карцінкі ў свядомасці. Карцінкі хімераў для такіх людзей важнейшыя за карцінкі скупой рэчаіснасці. Рэчаіснасць сама па сабе бедная на эмоцыі, прынамсі на эмоцыі станоўчыя і высокія. Усё вытанчанае, чым карыстаецца чалавецтва ў плане эмоцый, - гэта прыдумкі, якія мала ўплываюць на матэрыяльнае выжыванне яго індывідуумаў. Нават пошлы абывацель, якога найперш цікавіць задавальненне інстынктаў голаду і працягу свайго роду, пастаянна ўпрыгожвае сваё жыццё створанымі рознымі дзівакамі хімерамі: музыкай, літаратурай, кіно, тэатрам, тэлевізарам, мабільнай сувяззю, інтэрнэтам і г.д. Ён успрымае ўсё гэта як тое, што падае з небе. А між тым для выжывання чалавека як віду ўсё гэта не надта патрэбнае. Чалавек доўгія тысячагоддзі жыў у пячорах і мог бы гэтак працягваць па сённяшні дзень, бо знаходзіўся, як кожны жывёльны від, у раўнавазе з прыродаю. І нават знікні ён як від - якая справа прыродзе да гэтага, калі ў яе безліч запасных варыянтаў і калі ён ніколькі не больш каштоўны, чым астатнія?
Але чалавек разумны несумненна вылучаны прыродай з яе біялагічнай масы. І несумненна жыве прынцыпова не так. У яго як быццам непатрэбным баластам прысутнічае лішак псіхічнай энергіі, які пастаянна трэба кудысьці збываць. Гэты лішак не патрэбны для выжывання віду. Ён выкарыстоўваецца на паляпшэнне якасці жыцця. Але і паляпшэнне гэтае досыць умоўнае, таму што ацэньваецца акурат праз гэты самы лішак. Няма лішку псіхічнай энергіі, няма самасвядомасці, як у жывёльным свеце, - і ўсім усё роўна. Несвядомыя віды жывуць і не заўважаюць, якія яны няшчасныя, што не маюць навукі, медыцыны, сродкаў камунікацый і высокага мастацтва. Пытанне: навошта ляцець праз увесь свет на чэмпіянат па футболе, каб паглядзець, як там нехта бегае і ганяе гумавы шар, калі ў сваім бярлогу я сыты і рыхтуюся ўпасці ў звыклую спячку. На якое ліха мне самалёты?
Усё ж трэба прызнаць, што лішак энергіі скарыстоўваецца людзьмі не адно для аздобы жыцця. Ён чынна ўдзельнічае таксама ў размеркаванні зямных дабротаў. Людзі кемлівыя, таленавітыя, разумныя, неардынарныя часцяком (але не заўсёды) займаюць у цывілізаваным грамадстве вышэйшыя пазіцыі, чым не кемлівыя, не таленавітыя і шараговыя. Бо неардынарнасць - гэта яркасць індывідуума, якая наўпрост выкарыстоўваецца ў натуральным адборы. Паспяховы рэжысёр, акцёр, мастак, літаратар, музыкант - заўсёды ў цэнтры ўвагі, парадкам зарабляе грошай, а значыць, да яго будуць ліпнуць прыгажуні і ён атрымае магчымасць іх выбіраць, перабіраць, мяняць, заводзіць цягам жыцця некалькі сем'яў, ашчасліўліваць некалькіх нашчадкаў і г.д. Гэта важны рухавік і стымул для творчага чалавека, не адной высокай ідэі ён служыць. Але пра тое пагаворым пазней, у раздзеле пра мастацтва.
Цяпер жа варта вярнуцца да рэгуляцыі патокаў чалавечых эмоцый, якімі займаецца культура. Паўторымся, што любая з'ява жыцця выклікае ў жывога чалавека спектр эмоцый. Прычым рэакцыі на адну і тую ж падзею ў людзей вельмі розняцца. Пры ўсім тым, калі чалавек прачытаў верш і пусціў слязу, і калі чалавека лупцуюць бізуном і вешаюць на дыбу, - для мозгу, у плане механікі працэсаў, гэта адно і тое ж. Выпрацоўка натуральнага наркотыку праз каханне, экстрым, задавальненне славалюбства і ўвядзенне ненатуральнага наркотыку ў арганізм (тытуню, марыхуаны, какаіну, гераіну) мозг успрымае амаль аднолькава і да гэтага прывыкае. Мы разглядалі гэтую праблему вышэй, але не шкодна паўтарыцца ў дадзеным кантэксце, што натуральная наркаманія лягчэй пераносіцца арганізмам, дый нічога страшнага і злачыннага няма ў тым, што нейкі чалавек стане наркаманам кахання або экстрыму. Ну будзе ён мяняць пастаянна палавых партнёраў, ну стане па гарах лазіць ці пад ваду ныраць - то хай кахаецца і дурэе да скону. Прыродзе, уласна кажучы, гэта выгадна, і яна гэта заахвочвае, бо і манія перманентнай закаханасці і манія экстрыму маюць сваю прыродную мэтазгоднасць (каханне працягвае род, экстрым трымае соцыум у тонусе). А вось ненатуральным наркотыкам, калі чалавек пнецца падмануць прыроду, не папрацаваўшы на яе карысць - прырода ставіць суровую заслону, папросту знішчаючы такіх індывідуумаў.
Чалавецтва можна разглядаць як акіян патокаў разнастайных псіхічных энергій, а кожны індывід - як прыёмнік, трымальнік і перадатчык эмоцый. Каб структураваць, упарадкаваць гэтыя патокі эмоцый існуе культура.
Няшкодна заўсёды памятаць, што эмацыянальны свет людзей ніколі не адарваны ад матэрыяльнага свету, ён спараджаецца матэрыяй і адначасова кіруе ёй. Таму нават такі складнік культуры, як медыцына, - гэта таксама упарадкаванне чалавечых эмоцый. Эмоцыі ад уласнай хваробы, ад хваробы блізкага чалавека і проста бліжняга ў нармальных людзей будуць адмоўнымі. Для таго, каб зменшыць гэты цяжар, а то і перавесці адмоўныя эмоцыі ў станоўчыя, урачы спачатку доўга вучацца, а тады лечаць хворых.
У неразумнай прыродзе няма медыцыны, паколькі свет жывёл мала эмацыйны і мала разумны. Ролю медыцыны там бяруць на сябе інстынкты: што рабіць пры тым ці іншым недамаганні і якія зёлкі варта пажаваць - жывёла ведае інстынктыўна. Цяжкія ж траўмы арганізма ў жывёльным свеце вядуць да смерці, пакуты там нядоўгія, бо скалечаная асобіна не зможа сябе пракарміць. Старасць у свеце жывёл не расцягваецца лякарствамі і пенсіямі, лядачая асобіна слабее і, не ў сілах пракарміцца, зазвычай кладзецца і засынае навечна. Пакуты пры пераходзе з жыцця ў смерць у жывёльным свеце на парадак меншыя, чым у людзей. Таму што, па-першае, адсутнічае страх смерці. Па-другое, у свеце жывёл ніхто не будзе карміць аслабелую асобіну і расцягваць яе пакутлівае жыццё з дапамогай лякарстваў. Перадсмяротныя пакуты там значна карацейшыя, а таму - больш міласэрныя. Акрамя таго, варта заўважыць, што жывёлы ў сваёй большасці мала хварэюць, не маюць такіх страшных хранічных захворванняў, як людзі. Найперш таму, што жывуць у гармоніі з прыродай, з'яўляюцца яе часткай. Найбольш хварэюць якраз хатнія жывёлы, прыручаныя чалавекам і аддаленыя ім ад натуральнага асяроддзя. Дварняк непараўнальна больш жывучы за пародзістую сабаку, штучна выведзеную чалавекам. А воўк - на парадак здаравейшы дварняка, бо жыве хоць у суровых, але натуральных умовах.
Таму відавочна, што і навука, і медыцына, і тым больш мастацтва з рэлігіяй дадзены чалавецтву не для натуральнага, жывёльнага выжывання ў прыродзе. Яны абслугоўваюць яго эмацыйны свет. Упарадкоўваюць і структуруюць. Ёсць страх смерці, далейшых пакутаў, ёсць розум - узнікае патрэба лячыцца. Ёсць лішак псіхічнай энергіі - і яго, нібы палавы пожад, чалавек абавязаны задаволіць праз мастацтва, спартыўнае заўзятарства. Ёсць зноў жа страх смерці праз розум (гора ад розуму) - і псіхічная энергія сыходзіць у рэлігію. Гэта, падкрэслім, не азначае, што за рэлігійным культам знаходзіцца пустата, што гэта не падмацавана нейкай метафізічнай рэальнасцю. Хутчэй наадварот, пра што мы паразважаем пазней. Але ж з зямнога пункту гледжання, знаходзячыся ў каардынатах бачнага і адчувальнага, мы неабходна сведчым, што рэлігія спароджана найперш страхам смерці і страхам зямных пакутаў, жаданнем зменшыць і першае і другое.
Камунікацыйныя сродкі цывілізацыі, усё тое, што вырасла на дасягненнях навукі - таксама задавальняе свет чалавечых эмоцый. Бо чалавек імкнецца да максімальна складанага эмацыйнага свету. У гэтым ён мае адпрыродны вялізны патэнцыял. Жыве чалавек у рамках дзікага племені ў джунглях Афрыкі - і мае вельмі абмежаваны эмацыйны свет, які не развіваўся тысячагоддзямі. Але перавязі яго ў маладым узросце ў цывілізаваную краіну, выхавай, адукуй - і ён будзе імкнуцца максімальна пашыраць свой эмацыйны свет, напоўніцу скарыстоўваючы тое, што дае цывілізацыя: сродкі камунікацыі, медыцыну, літаратуру, музыку, мастацтва. У гэтым ён адрозніваецца ад жывёльнага свету. Мозг чалавека схільны да стварэння новых эмацыйных структур - праз Логас, што, дадзены ў слове, жыве ў кожным індывідууме, незалежна ад таго, дзе ён нарадзіўся - у цывілізацыі ці дзікунстве. Проста ў дзікунстве чалавек адлучаны ад інфармацыі, якой можа запаўняць, упарадкоўваць, складана структураваць свой унутраны свет, свет розуму і эмоцый.
Застанецца таямніцай, як і дзе адбылося апладненне чалавецтва семем культуры, як да яго прыйшло першае Слова, а галоўнае, як Слова гэтае легла на ўрадлівую глебу - падрыхтаваны для яго ўспрыняцця мозг. Гэта загадка невырашальная, накшталт першынства яйка ці курыцы. Навука ў гэтым бяссільная, тэорыя эвалюцыі не пераконвае цвёрдую логіку. Рэлігіі таксама не могуць пераканаць сваімі міфамі рацыянальны розум. Зямнымі катэгорыямі, у сістэме каардынатаў нашага мыслення мы, мусіць, не ў стане разгадаць гэтую таямніцу. Бо прычына ляжыць звонку, па-за нашай сістэмай, у сферы метафізічнага. Інакш бы мільёны жывёльных відаў так ці інакш рухаліся да прагрэсу, становячыся ў перспектыве разумнымі. Чаго не назіраецца. Жывёльны свет выглядае застылым у тысячагоддзях. Змяненні ўкладу жыцця жывёл рэгулююцца выключна знешнімі ўмовамі, найперш кліматам. Чалавек жа змагаецца са знешнімі ўмовамі пераважна розумам. Статак рыб будзе ісці ў бой адным парадкам, адным строем стагоддзямі, не мяняючыся. Чалавечае ж войска будзе ісці на праціўніка самымі разнастайнымі парадкамі нават у межах адной вайны, за стагоддзі ж гэтыя парадкі мяняюцца непазнавальна. Як і парадкі ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Чалавек не ведае спакою ды імкнецца да разнастайнасці. У той час як жывёльны свет імкнецца да ўраўнаважанасці, аднастайнасці ўкладу (у рамках віду) і да спакою.
Свет людзей губляе прыродную раўнавагу праз розум і павышаную эмацыйнасць. У той жа час эмацыйны свет чалавецтва сілкуецца акурат гэтай неўраўнаважанасцю. Аднак для захавання чалавецтва як віду мусяць прысутнічаць рычагі, што трымаюць яго ад вэрхалу і развалу. І яны ёсць: гэта навука, гаспадарка, культура, рэлігія. Калі ёсць патрэба ў навуцы, то навукоўцы прыцягваюцца адно да аднаго і ствараюць іерархічныя структуры, у межах якіх яны толькі і могуць існаваць эфектыўна. Тое самае з юрыспрудэнцыяй, медыцынай, эканомікай, музыкай, літаратурай, мастацтвам, рэлігіяй: усюды парадак, усюды мудрагелістая структура, іерархія. Каб чалавек з пэўнымі схільнасцямі ведаў, куды падацца, дзе шукаць спосаб свайго самавыяўлення, куды збываць лішак псіхічнай энергіі, які мучыць яго не менш як палавыя гармоны.
Звяртае на сябе ўвагу наступнае. Хоць культура і рэгулюе патокі псіхічнай энергіі чалавецтва, актуальным паўстае пытанне, ці можа яна зрабіць людзей шчаслівейшымі, ці ў сілах яна скіраваць гэтыя патокі так, каб не тое што кожная адзінка, а хаця б грамадства ў цэлым пачувалася шчаслівейшым?
Таму што, паколькі існуюць у прыродзе паняцці дабра і зла, паколькі на кожны станоўчы эпітэт процівагай існуе адмоўны, то ці не ёсць гэтае супрацьборства асноўным законам жыцця, ці не ёсць гэта неабходнай умовай ураўнаважвання антыподаў? У прыродзе нічога не бывае выпадковага. Дадзеныя паняцці дабра і зла існуюць, відаць, незалежна ад нашых жаданняў. Бо ясна, што мала хто пажадае сабе горкага і ліхога. І тым не менш кожны пры жыцці зазнае адмоўныя эмоцыі, кожны пакутуе ў той ці іншай ступені. Ці можна пазбавіцца пакутаў, папхаць рэальныя законы быцця, дзе нароўні са станоўчым прысутнічае адмоўнае, дзе абедзве катэгорыі атрыбутуюцца толькі праз сваю супрацьлегласць? Як можна ацаніць станоўчае, не акунуўшыся папярэдне ў адмоўнае, і наадварот? Як ацаніць і тое і другое? А людзі па сваёй ці то наіўнасці, ці то па прыроднай празе прыемнага намагаюцца пазбегнуць адмоўнага, перабываюць ва утопіі, што некалі можна будзе ашчаслівіць кожнага індывідуума.
Але мінаюць стагоддзі за стагоддзямі, а сярэднестатыстычны чалавек па-ранейшаму зазнае пакуты і страты, па-ранейшаму не можа наблізіць жыццё да пажаданага ідэалу.
І тут мы вяртаемся да таго, з чаго пачыналі гэтую даследчыцкую працу: добрага і благога на зямлі не меншае і не большае. Усе сацыяльныя інстытуты, усе хітрыкі, на якія ідзе чалавецтва цягам усёй гісторыі, накіраваны адно на тое, каб ускладніць структуру эмацыйных патокаў, каб у гэтай складанасці быў шанец некаторым, самым кемлівым і таленавітым індывідуумам, прыдбаць болей дабра, чым ліха, больш атрымліваць радасці і асалоды ад працэсу жыцця, чым пакутаваць. Падкрэслім - некаторым! Уся справа толькі ў працэнце гэтых шчасліўцаў. Паняцці дабра і зла пры гэтым нікуды не дзенуцца, а значыць, яны абапіраюцца на рэальнасць, у якой гэтыя паняцці збалансаваны у суадносінах 50X50.
Цягам гісторыі чалавецтва вырашалася пытанне толькі таго, каб заціснуць чэрнь, галоту, просты люд, усялякі бяспраўны элемент у 50 адсоткаў наканаванага ліха. Заціснуць у максімальнай колькасці і ўзяць над імі ўладу - каб жылі ў гэтай бядоце і адтуль не вылузваліся. Арыстакратыя ж чэрпала ад жыцця пераважна з паловы станоўчага. Часткова чэрпаў адтуль і так званы сярэдні клас. Пытанне толькі ў прапорцыях - наколькі вялікі працэнт сярэдняга класу, наколькі вялікі працэнт бядноты, гэтых вечных пакутнікаў, у грамадстве.
Нехта можа падмануцца тым, што цывілізацыя пазбавіла ўсе класы грамадства ад пакутаў, што высокаразвітыя краіны жывуць у лагодзе і згодзе. Але гэта далёка не так, калі разабрацца строга. У любой высокаразвітой краіне існуюць бедныя кварталы, дзе квітнее чалавечы грэх і звязанае з ім ліха ва ўсёй паўнаце, туды нават паліцыя не асаблівае соваецца са сваім цывілізаваным законам. Не будзем ужо казаць пра тое, што цывілізаваныя краіны адабралі сярэдні працэнт дабра, станоўчых эмоцый у краін трэцяга свету, дзе квітнеюць голад, галеча і страшэнныя хваробы, дзе цана жыцця сярэдняга чалавека абясцэньваецца данельга. Складваецца ўражанне, што наколькі лепей жыве сярэдні абывацель у краінах першага свету, настолькі ж горай пачуваецца сярэдні насельнік краін трэцяга свету. Раўнавага добрага і благога захоўваецца на зямлі, відаць, у суровай нязменнасці. Проста адны абхітравалі другіх, ці адны па волі лёсу нарадзіліся ў патрэбны час і ў патрэбным месцы.
Такая карціна. У той жа час, заўважым, што шчасце ёсць катэгорыяй вельмі адноснай і не залежыць наўпрост ад матэрыяльнага дабрабыту людзей. Дзікун, што жыве ў суровых умовах джунгляў, часцяком болей бадзёры і жыццярадасны, часцей смяецца (а гэта красамоўны паказчык), чым азызлы і маларухомы ад лішку ежы ці замардаваны стрэсам абывацель самай магутнай цывілізаванай краіны свету - ЗША.


14. Хімеры, важнейшыя за жыццё
Шматгранную чалавечую дзейнасць можна разглядаць як абмен энергіямі рознага ўзроўню - пачынаючы ад духоўных зносінаў і заканчваючы сексуальнымі.
Чалавечыя адзінкі ёсць прыёмнікамі, трымальнікамі і транслятарамі гэтых энергетычных патокаў. Энергетычны абмен ёсць асноўнай умовай жыцця. І не толькі чалавечага, увогуле любога. Проста чалавек мае дачыненні з Сусветам на самым высокім і максімальна структураваным узроўні.
Ніводная чалавечая адзінка не ў сілах парушыць сусветны закон гэтага абмену. Адной з праяў абмену з'яўляецца творчасць. Жыццё соцыуму прасякнута ёю. Усё, што ні робіць чалавек, падключаючы да дзейнасці свой розум, мае творчы пачатак. У дадзеным раздзеле мы вылучым мастацкую творчасць і будзем яе разглядаць.
Калі тварыць здольная любая чалавечая адзінка, то тварыць па-мастацку можа вельмі невялікі адсотак людзей. І здаецца, што адсотак гэты амаль не мяняецца цягам гісторыі цывілізаванага чалавецтва. Зрэшты, прасачыць гэта надзвычай цяжка з прычыны таго, што з глыбіні стагоддзяў да нас дайшлі толькі самыя вялікія мастацкія тварэнні і творцы, сярэднія ж і нязначныя булькнулі ў Лету. Акрамя таго, у старажытнасці, калі ўмовы жыцця былі непараўнальна цяжэйшымі, толькі нямногія з тых, у каго быў закладзены мастацкі патэнцыял, маглі займацца мастацтвам. Мастацтва патрабуе для сябе, як мінімум, вольнага часу, а як максімум таго, каб чалавек займаўся ім увесь белы дзень.
Цывілізацыя, развіваючыся, павялічвае адсотак людзей, якія займаюцца мастацкай творчасцю. Мала таго, адсотак гэты ўсё больш перасягае той максімум, які адведзены прыродай. То бок мастацтвам пачынаюць займацца людзі, каму гэта прыродай не дадзена або дадзена ў малой меры. А займаюцца яны мастацтвам таму, што гэта, па-першае, прэстыжна і часам выгадна, а па-другое, ім, не абцяжараным барацьбою за існаванне, проста няма чым сваю асобу заняць. Па-трэцяе, значна большы адсотак чалавецтва зрабіўся пісьменным, адукаваным, а значыць, усё большая частка чалавецтва патрабуе задавальнення сваіх эстэтычных патрэбаў. Аднак у асноўным эстэтычныя патрэбы сярэдняга адукаванага чалавека досыць невысокія, таму цывілізацыя спарадзіла так званае псеўдамастацтва - мастацтва для масаў, якое часцяком з'яўляецца падробкаю пад мастацтва, творчасцю вельмі невысокага ўзроўню. Гэта эстрадная музыка, бульварнае меладраматычнае і прыгодніцкае чытво, забаўляльны кінематограф, тэатр балаганнага тыпу, разнастайныя відовішчы, лядовыя і цыркавыя шоу і г.д. З аднаго боку, у пералічаным навідавоку творчы пачатак, а з другога, уласна мастацкага, таго, што ўпрыгожвае і ўзвышае душэўны свет чалавека, далучае яго да сакральнага, там або няма, або крайне мала.
Традыцыйнае ж мастацтва, Мастацтва з вялікай літары, мела першапачатковую задачу не столькі забаўляць, колькі адказваць на адвечныя пытанні, якія ставіць перад чалавекам жыццё. Гэта пытанні як суадносінаў людзей паміж сабой і з прыродай, так і дачыненняў чалавека з вышэйшымі сіламі, з фатумам, з лёсам, з Богам. Мастацтва выступала своеасаблівым дапаўненнем да рэлігій, беручы за асновы рэлігійныя міфы, у якасці герояў там спачатку выступалі язычніцкія багі, а потым, з прыходам хрысціянства, і евангельскія вобразы, і ўвогуле - біблейскія. Трэба адразу агаварыцца, што з усіх монатэістычных рэлігій, якія прышлі на змену язычніцтву, толькі хрысціянства ў поўнай меры заахвочвала і стымулявала мастацкую творчасць. Іслам жа, іудаізм, будызм мала што далі мастацтву, калі не сказаць - наўмысна яго тармазілі.
Вярэдлівыя пытанні паўстаюць перад людзьмі пастаянна, уяўляючыся кожнаму далейшаму пакаленню новымі і вострымі, злабадзённымі, хоць на іх ужо спрабавалі адказваць папярэднікі. Такім чынам, у традыцыйным грамадстве мастацтва тысячагоддзі ішло поруч з рэлігіяй. І нават у дзевятнаццатым і дваццатым стагоддзях, калі мастацтва пачало ад рэлігій аддаляцца, яно насамрэч працягвае бытаваць сярод рэлігійных нормаў, міфаў і вобразаў, іх абвяргаючы і з імі спрачаючыся. Атэізм - гэта таксама своеасаблівая рэлігія, рэлігія наадварот, якая надае не меншую ўвагу сакральнаму, знарок супрацьпастаўляючы яму свет без Бога над ім. Здаецца, што атэізм выглядае наравістым падлеткам, які пракудзіць з мэтай раздражніць бацькоў, вывесці іх на эмоцыі.
Крыніцы мастацтва разнастайныя. Іх можна высноўваць у розных ракурсах. Галоўным пасылам да мастацкай творчасці, яго асноўнай прычынай бачыцца ўсё ж абмен сусветных энергій. Гэта адзін са спосабаў, якімі мастак дачыняецца з сусветам. У той час як людзі абменьваюцца звычайнымі спосабамі (фізічныя кантакты, вербальны, ліставанне), творца, мастак мае сувязь з сусветам, чалавецтвам праз мастацкія вобразы.
Мастацтва - гэта тая частка чалавечай творчасці, якая бескарысная (у яўным плане) для матэрыяльнага выжывання. Да прыкладу, навука, медыцына і нават філасофія - карысныя для выжывання соцыуму, удзельнічаюць у гэтым працэсе. Але мастацтва выступае ў якасці скрытай карысці для грамадства. Чым больш у сярэдняга чалавека з'яўляецца вольнага часу і грашовай магчымасці задавальняць эстэтычныя патрэбы, тым больш павялічваецца патрэба ў аб'ёме мастацкага прадукту. Вольную часіну людзям трэба неяк бавіць. Чалавек, які б маларазвіты ён ні быў, не можа ляжаць і глядзець у сцяну. Не будзе мастацтва і яго сурагатаў - чалавек стане бавіць вольную часіну іншымі спосабамі. Але рыбалка, паляванне, фізкультура, спорт - не зусім прыдатныя для задавальнення эстэтычных патрэбаў. А п'янства, наркаманія і блуд - пагатоў. Акрамя таго, у вольныя гадзіны сутак, што застаюцца пасля работы і хатніх спраў, немэтазгодна займацца рыбалкай, паляваннем, фізкультурай, п'янствам і г.д. Таму што пералічанае адбірае фізічныя сілы, займае многа часу, гэтым правільней бавіцца ў выхадныя дні. Буднямі ж, пасля працы, чалавек звычайна чытае, глядзіць тэлевізар, слухае музыку, наведвае тэатр, або малюе, піша вершы, грае на музычных інструментах. Такім чынам, мастацтва заклікана займаць вольныя ад працы гадзіны звычайных людзей - тых, хто па сваёй сутнасці і грамадскім статусе сам не з'яўляецца мастаком, творцам і чыя асноўная праца - не мастацкая творчасць.
Мастак зносіцца з вонкавым светам на больш высокім і эфектыўным узроўні, чым большасць людзей. Па шырыні патэнцыйнага ахопу мас, з якімі ён мае дачыненні, мастак саступае толькі папулярным тэле- і радыёвядучым, палітыкам, кіраўнікам дзяржаў. Звычайны чалавек выяўляе сваё “я” перад вельмі абмежаваным колам людзей, будзь ён нават самы кампанейскі і гаваркі. Гэта, як правіла, чалавек пяць сямейнікаў, яшчэ чалавек пяць блізкіх родзічаў, чалавек дзесяць сяброў і прыяцеляў і ну хай чалавек дваццаць таварышаў па рабоце. Усяго пра звычайнага грамадзяніна ведаюць ад дваццаці да ста чалавек на нашай грэшнай зямлі. Толькі ім ён можа быць чымсьці цікавы. Паміраючы, звычайны чалавек даволі хутка губляе сувязь з белым светам, памяць пра яго год ад года меншае, чэзне і канае зазвычай праз гадоў 30-50, калі сыдуць у нябыт ягоныя ўнукі. І гэта пры тым, калі чалавек пакінуў пасля сябе ўдзячных нашчадкаў. Нярэдка ж бывае, што нашчадкаў ён не пакінуў, а калі пакінуў, то не выпрацаваў з імі добрых адносінаў, і яны не хочуць пра яго ўспамінаць ды на магілу яго хадзіць.
Творца ж, які б сціплы ён ні быў, даволі доўга жыве ў сваіх тварэннях. Даўжэй, відаць, у кнігах, трохі менш у палотнах, яшчэ карацей у музыцы. Кнігі, якімі б мала папулярнымі яны ні былі, раз-пораз нехта дастае з бібліятэчнай паліцы ці вымае з гарышча і праглядае (хай нават тры чалавекі ў год). Тое ж з палотнамі, музычнымі запісамі. Пакуль захоўваюцца носьбіты інфармацыі, на якіх самавыяўляўся творца, ён патэнцыйна жыве ў чалавечай супольнасці. Доўжаць век мастакоў і легенды пра іх зямное жыццё.
Некаторыя ж творцы, мізэрны адсотак, пасля смерці працягваюць актыўнае жыццё і дыялог з людзьмі вельмі доўга, стагоддзямі і тысячагоддзямі, - у межах нацыянальнай або нават сусветнай культуры. Іх тварэнні ў рамках існай цывілізацыі робяцца нятленнымі і, бывае, мацуюць сабой пры знікненні цывілізацыі, у якой яны нарадзіліся, культуру іншай цывілізацыі.
Цяпер разбяромся з матывамі, па якіх чалавек бярэцца за пяро, пэндзаль, сядае за музычны інструмент. Наўрад ці памылімся, калі назавём першапрычынай прыроднае, не залежнае ад волі індывідуума жаданне сябе праявіць, то бок самавыяўленне. Кожнае “я”, эга міжволі імкнецца да максімальнай экспансіі ў вонкавы свет. А ўжо спосабы, якімі ён змушае свет пра сябе ведаць, могуць быць самымі рознымі. Нехта рэалізуецца на працы, нехта праслаўляецца войнамі, нехта ныраннем у глыбіні ці лажаннем па гарах, а нехта проста добрымі ўзаемінамі з сямейнікамі і сябрамі. Асноўная экспансія звычайнага чалавека ў свет - гэта яго дзеці, нашчадкі, у якіх ён укладае сваё “я”, якіх выхоўвае па сваім вобразе і падабенстве.
Мастак жа выяўляецца ў свет праз мастацкія творы - гэта яго асноўная задача, якая часцяком поўнасцю адцясняе клопат пра дзяцей і ўнукаў, пра сяброўскія сувязі. Мастакі нярэдка не пакідаюць пасля сябе ўдзячных нашчадкаў, бываюць бяздзетнымі або кепскімі ў якасці бацькоў. Некаторым не ўдаецца праявіць сябе і ў сяброўстве з прычыны цяжкага характару, празмернага эгаізму, бескампраміснасці. У такіх людзей дамінуе ідэя творчасці, толькі ў яе яны кладуць усе свае сілы і ўсю сваю існасць, з людзьмі ж, бывае, абыходзячыся сурова, непрыстойна, бязлітасна. Талстой, Лермантаў, Дастаеўскі, Гогаль, Байран, Свіфт, Эдгар По, Рэмбо, Мікеланджэла, Рэмбрант, Ван Гог, Гаген, Гойя, Чайкоўскі, Бетховен ды іншыя геніі сусветнай літаратуры, мастацтва і музыкі былі людзьмі, цяжкімі для акаляючых. Ім можна прыпісваць безліч чалавечых заганаў, куды будуць уваходзіць суровасць, гарачлівасць, нецярпімасць да бліжняга, эгаістычнасць, распуснасць, у некаторых няправільная палавая арыентацыя і г.д.
Не будзем казаць, што агульныя маральныя прынцыпы нельга прымяняць да геніяльных творцаў, звяртаем увагу толькі на тое, што сапраўдны мастак ніколі не падладжваецца пад густы натоўпу і крытыкаў, пад правілы сямейнага і грамадскага атачэння, для яго важна толькі ідэя фікс, што прысутнічае дамінантай у яго творчасці. Ідэю, нават калі яна і бывае згубнай, заганнай, сапраўдны творца ніколі нікому не ахвяруе. Адсюль і частыя сутыкненні з соцыумам, непрыманне, неразуменне, адсюль непамяркоўнасць да сямейнікаў і сяброў. Гэты дысананс, падкрэсліваем, выкліканы асаблівасцямі ўспрымання мастакамі сусвету, якое розніцца з успрыманнем свету людзьмі, не адоранымі мастацкімі здольнасцямі.
Калі не браць манахаў, геніяльных навукоўцаў, палкаводцаў і розных першапраходцаў зямлі, то ўсе астатнія людзі, апроч мастакоў, аддаюць у жыцці прыярытэт чалавечым дачыненням - у сям'і, на працы, сярод сяброў і таварышаў. Таму для іх надзвычай важна, што гавораць ці думаюць пра іх акаляючыя, яны ўсяляк падладжваюцца пад соцыум, пнуцца яму дагадзіць. Вялікі ж мастак часцяком плюе і на соцыум, і на сямейнікаў, і на сяброў, калі тыя пасмеюць у нечым перашкодзіць увасабленню і экспансіі ягоных ідэй. Заўважым адразу, што сапраўднага мастака ад несапраўднага (рамесніка, бяздарнасці) лёгка адрозніць па тым, наколькі важнае для яго меркаванне людзей, крытыкаў і нават слава людская. Геніям слава бывае да лямпачкі, гіпертрафіраваная самаўпэўненасць (манія велічы), што жыве ў іх пуцяводнай зоркаю, не дае ўнутрана ўсумніцца ў значнасці і важнасці таго, што яны робяць. Крытэрый ацэнкі ўнутры іх. У той жа час слабым, пасрэдным і проста нядрэнным мастакам патрэбная ацэнка людзей як псіхалагічная падтрымка і арыенцір, яны ваююць яшчэ і за месца ў мастацкай іерархіі. Бо ў такіх творцаў адсутнічае непарушны ўнутраны крытэрый, эталон, які ёсць у геніяў.
Такім чынам, пасыл да творчасці - выяўленне свайго “я”, распаўсюджванне яго ідэй у сусвет. Нельга таксама абысці жывёльны пачатак чалавека і не сказаць, што ў мастацкай творчасці праглядаюцца законы натуральнага адбору. Мастак праяўляе сваю яркасць, а яркасць, як і ў жывёльным свеце, заклікана прывабліваць якаснага палавога партнёра. Чым ярчэйшы чалавек, тым большая верагоднасць, што ён знойдзе патрэбнага для працягу свайго роду партнёра. Усім вядома, што вакол знакамітых і заможных творцаў пастаянна круцяцца сябры, сяброўкі, паклоннікі. Гэта ўсё тыя ж законы жывёльнага свету, дзе шараговыя асобіны імкнуцца да важака статка, пнуцца быць блізу яго, а не ў апале. Калі жывёліна прыслужвае і ўсяляк трэцца блізу важака, гэта абараняе яе ад нападкаў іншых асобін, і ад таго, каб сам важак некалі яе не пагрыз, а даў кавалак з “панскага стала”. Калі ж слава творцы змяняецца бясслаўем, багацце беднасцю, уплывовасць шараговасцю, - то натоўп “сяброў” і палюбоўніц каля яго меншае, радзее і часта знікае зусім. Непарыўныя законы жывёльнага свету дзейнічаюць і тут.
Але ж для творцаў, разам з патрэбай адчування сваёй значнасці, важнасці і запатрабаванасці грамадствам, існуе і не залежная ад славалюбства і амбітнасці патрэба тварыць. Таму што мозг у іх дзейнічае, і прадукт гэтай дзейнасці непазбежна - мастацкая творчасць. Творца не можа існаваць інакш, як перапрацоўваючы інфармацыю, якую ён атрымоўвае звонку, у мастацкія вобразы. Гэта яго спосаб абмену інфармацыяй з сусветам. І змяніць тут ён мала што можа.
Спробы перастаць тварыць і жыць так, як большасць людзей, для мастакоў нічога добрага не нясуць. Іх як бы распірае знутры, яны робяцца агрэсіўнымі, невыноснымі для акаляючых, нарываюцца на канфлікты, дуэлі, упадаюць у п'янства і наркаманію, у распусту. А ўсё для таго, каб заглушыць унутраны боль, звязаны з неспатоленым пасылам тварыць. Ад гэтых праблем загінулі Байран, Пушкін, Лермантаў, Высоцкі, Блок, раней часу памерлі Гогаль, Рэмбо. Праз гэта Леў Талстой у другой палове жыцця ўпаў у духоўнае абмарачэнне, развітаўся з праваслаўем, пачаў абвяргаць традыцыйнае хрысціянства, выпустошваць яго, спрабаваў (беспаспяхова) стварыць рэлігію новага тыпу. З прычыны творчага крызісу Сэлінджэр замкнуўся ў сабе, на дзесяцігоддзі перарваў кантакт з вонкавым светам. Рэдка калі якому творцу ўдавалася бязбольна саскочыць з “іголкі” творчасці. А калі каму і ўдавалася, то так і знай, што гэта былі творцы малога маштабу, не надта адораныя ў мастацкім плане. Буйны ж талент, асабліва геній мусіць служыць свайму лёсу да скону, а за спробу збочыць на пуцявіны жыцця звычайных людзей прырода яго сурова карае.
Няшкодна будзе агаварыцца наконт таго, што мастацкі талент, яго памеры не з'яўляюцца заслугай канкрэтнага творцы. Як і любы чалавек, мастак нараджаецца са здольнасцямі запаўняць свой розум шматлікай інфармацыяй і станавіцца разумнай істотаю. Гэты чалавечы патэнцыял абучацца і развівацца ў розных індывідуумаў розны і вызначаецца генетычным наборам, атрыманым ад продкаў. Зрэшты, генетычны набор асобы вызначаецца яшчэ і праз знешнюю сілу, не толькі сухія параметры бацькі і маці ў гэтым удзельнічаюць; у двух родных братоў, зачатых у розныя перыяды, розныя ж генетычныя спалучэнні - такім чынам, здольнасці не дэтэрмінуюцца жорстка. Акрамя таго, кожная асоба ад нараджэння зазнае ўнікальны ўплыў знешніх фактараў, непаўторны жыццёвы вопыт. Зноў жа, два родныя браты пад адным дахам фарміруюцца як рознахарактарныя тыпы.
Генетычны набор, плюс уплыў асяроддзя, плюс наяўнасць і моц свабоднай волі вызначаюць будучае творчага чалавека (любы чалавек - творчая асоба) і мастака як своеасаблівага творцу, творцу вышэйшага парадку. Яшчэ раз: ёсць два родныя браты - адзін зусім раўнадушны да мастацтва, другі вырастае ў мастацкага тытана; так што ні пра якую дэтэрмінацыю генамі і гаворкі не можа ісці. Генетычны набор, звяртаем асаблівую ўвагу, толькі адзін з трох складнікаў чалавечага лёсу. Вельмі важны складнік, але адзін з трох.
Патэнцыяльна магутны “мастацкі” генетычны набор, калі не пакладзецца на спрыяльныя жыццёвыя абставіны, не зможа развіцца. Усе ўспомнім Маўглі і далей не будзем тлумачыць відавочныя рэчы. Наяўнасць свабоднай волі, хоць і з'яўляецца рэччу недаказальнай (як мы паказвалі ў спецыяльны раздзеле), але ж, як гэта ні парадаксальна, надзвычай дзейснай у плане развіцця творчай асобы. Чалавек дзейнічае (ці прынамсі думае, што дзейнічае) па сваёй свабоднай волі, пастаянна лавіруючы ў жыццёвых абставінах, выбіраючы аптымальны варыянт, куды павярнуць пуцявіны свайго лёсу.
Мастацкі талент, каб праявіцца, патрабуе шырокай адукацыі (з якой ён сінтэзуе СВАЁ), а таксама выхавання сур'ёзнага стаўлення да жыцця, любові да працы. Бо без працы, так бы мовіць, і рыбку са стаўка не выцягнеш. Да слова, буйны талент і асабліва геній - гэта той творца, які здольны або працаваць доўга і плённа, або развіваць у адносна кароткі прамежак часу небывалую мазгавую дзейнасць, робячы тое, што нерэальна звычайнаму таленту за такі перыяд.
Калі і існуе заслуга творчага чалавека ў яго мастацкіх дасягненнях, то гэта тое, што свабоднай воляй ён накіроўвае і ўтрымлівае свой прыродны патэнцыял у патрэбным жыццёвым рэчышчы. То бок займаецца тым, для чаго прыродай прызначаны, і не адрываецца на дробязі, непатрэбшчыну, не расходуе жыццёвыя сілы на згубныя жарсці. Між тым мала хто з буйных мастакоў з'яўляецца бясстраснай асобай, страснасць - адна з неабходных умоў развіцця буйных талентаў. А другая ўмова іх развіцця якраз тая, каб накіроўваць гэтую энергію сваёй страснай натуры больш у творчасць (хімеры), чым у жыццё (рэчаіснасць). Гэтая энергія мусіць стрымлівацца плацінай волі і затым, шматкроць узмоцненая, абрынацца ў рукапісы, палотны, нотныя сшыткі нястрыманым вадаспадам. Той жа з творцаў, хто перастае гэта рабіць, нярэдка заканчвае жыццё сумна, трагічна, бясслаўна. Калі вялікі палкаводзец мусіць скіроўваць сваю энергію наўпрост на масы людзей, то вялікі мастак, наадварот, павінен аддаляцца ад соцыуму і выходзіць на сувязь з чалавецтвам апасродкавана, праз мастацкія вобразы, не надта клапоцячыся аб сваім уплыве на масы тут і цяпер. Буры павінны бушаваць найперш у мастацкіх майстэрнях, у малым свеце творцы і, вытрыманыя ды ўзгадаваныя, хай нават праз доўгі тэрмін, спалучацца з грамадскай думкаю.
Праўда, не варта забывацца на тое, што поўная страта зваротнай сувязі з грамадствам, якое б ацэньвала дзейнасць творцы, таксама моцна шкодзіць ягонай псіхіцы. Прыклады Франца Кафкі, Ван Гога, Міхаіла Булгакава ды іншых па розных прычынах адлучаных ад мастацкай сферы грамадства красамоўна сведчаць аб гэтым. Толькі вельмі не многія тытаны духу, такія як, прыкладам, Дантэ і Салжаніцын, маглі ствараць нятленныя тварэнні ў працяглай адасобленасці, непрызнанні, выгнанні, застаючыся псіхічна здаровымі. Звычайна ж творца не вытрымлівае адзіноты - з разнастайнымі трагічнымі наступствамі, што адсюль вынікаюць. Таму прага славы творчымі людзьмі не бачыцца нам заганнай, а толькі натуральным працэсам абмену энергіямі, уласцівым усяму Космасу. Той, да каго прыйшла і трансфармавалася ў мастацкія вобразы знешняя інфармацыя, абавязаны ёй падзяліцца з сусветам - выдаць кнігу, публічна праспяваць песню, выставіць для агляду палотны, паставіць спектакль.
Да мастацкай творчасці пабуджае здольнасць сузіраць і абстрактна мысліць, уменне вылучаць з прыватных жыццёвых з'яў агульнае, бачыць законы, па якіх існуе вонкавы свет. Назіраючы гэтак сама за жыццём, звычайны чалавек уяўляе сабе, што няшчасці і злыбеды, якія на яго абрынаюцца, можна прадухіліць, паступаючы надалей так і гэтак, што калі б нехта з яго знаёмцаў быў лепшы, больш спагадлівы і сумленны, то ўсё было б прынцыпова інакш. Калі чалавека не любяць, калі чалавеку здраджваюць, ён вінаваціць таго, хто гэта здзейсніў, і або спрабуе яго перайначыць, або намагаецца знайсці іншых сяброў, новых каханых, якія, як ён думае, ужо не будуць так подла з ім абыходзіцца. Звычайны чалавек вылучае і хоча займець сваё шчасце з вонкавага асяроддзя, тады як яно, па вялікім рахунку, з'яўляецца яго ўнутранай якасцю (малюнак у свядомасці) і залежыць ад біяхіміі мозгу. Абывацелю можа прынесці неймаверную асалоду тое, што ён купіў далёка-далёка па таннай цане прадукт, які ў краме каля яго дома каштаваў удвая даражэй; ён не палянуецца і заўтра туды паехаць. Ён можа быць ашчасліўлены тым, што адстаяў свае законныя правы і ўносіць цяпер кватэрную плату па паніжаным тарыфе.
Мастак жа, схільны да сузірання кораня праблемы і філасофскага абагульнення, не можа падмануцца жыццёвай барацьбой, адгарадзіцца ёю ад вечных праблем. Ён бачыць сусвет як бы падвоеным, падзеленым мяжой на рэчаіснае і трансцэндэнтнае. Ён бачыць, што змяншэннем кватэрнай платы ён глабальна нічога не памяняе ў сваім кароткім жыцці, не захінецца лякарствамі ад смерці, якая адно справа часу, не адменіць закон чалавечых пакутаў, не зменіць акаляючых яго людзей да лепшага. Каханкі, сябры (дый ён сам) будуць па-ранейшаму здраджваць, хітраваць, ашукваць, шукаць сваю і пераважна толькі сваю выгаду. Сапраўдны мастак гэта ўсведамляе, і гэтыя пытанні літаральна разрываюць яму галаву. Адзіным спосабам неяк прымірыць сябе тленнага і заганнага з Вечнасцю, прыняць свой крыж жыць на гэтай зямлі сярод недасканалых людзей, з'яўляецца мастацкая творчасць. У ёй прыміраецца трансцэндэнтнае і зямное, праўда і хлусня, маленькая, абмежаваная свая існасць з існасцю Бога. Нават не выходзячы за сферу душэўнага ў сваёй творчасці, мастак як бы трымае Вечнасць па-за дужкамі, заўсёды мае яе на ўвазе як непахісную ісціну, справядлівасць. Сярод агульнай мярзоты чалавечага жыцця, з яго хітрасцю, хцівасцю, вераломствам і подласцю, з яго войнамі і катавальнямі, а галоўнае, тленнасцю, мастак спрабуе адшукаць добрае, прыгожае і высокае. І пошукі гэтыя не заўжды даюць плён.


15. Мастацтва ў псіханеўрозах

Прыгледзімся ўважлівей да мастацкай творчасці хаця б апошняга тысячагоддзя, да творчасці, што ўзрасла ва ўлонні хрысціянскай цывілізацыі. Калі не браць карціны на евангельскія сюжэты, калі глядзець на творчасць, якая адлюстроўвае сацыяльнае жыццё людзей, то становіцца відавочным: яна паказвае чалавечы грэх ва ўсіх магчымых праявах і яшчэ добра, калі зрэдку знаходзіць сярод гэтага залацінкі дабра. Калізіі мастацкай літаратуры, літаратуры свецкай, якая апісвае сферы плоцевага і душэўнага, пабудаваны на тым, што чалавек сваім жывёльным нутром усяляк супраціўляецца грамадскай маралі і рэлігійным канонам, супраціўляецца сваёй духоўнай сутнасці. А духоўная яго сутнасць, у сваю чаргу, супраціўляецца жывёльнай прыродзе. Пераважная частка сюжэтаў - пра канфлікт асабістага і грамадскага. Героі пастаянна парушаюць ці парываюцца парушаць законы і ўстоі: крымінальныя, маральныя, рэлігійныя; а законы ім супраціўляюцца і іх за гэта караюць.
Другі асноўны канфлікт мастацкай творчасці (і літаратуры найперш) - гэта несупадзенне інтарэсаў блізкіх, моцна залежных адно ад аднаго людзей: сямейнікаў, палюбоўнікаў, сяброў, супрацоўнікаў. Адзінкі эгаістаў імкнуцца кожны да свайго фізічнага і псіхалагічнага камфорту. Іх інтарэсы сутыкаюцца ў скрытай ці яўнай барацьбе, у змаганні за сваю асабістую выгаду і асалоду.
Муж любіць дзяцей, не хоча бурыць сям'ю, але сексуальную патрэбу хоча спраўляць з вабнай маладой палюбоўніцай. Канфлікт.
Сын не хоча вучыцца, а хоча жаніцца. А потым не хоча ні вучыцца, ні жаніцца, а жадае разводзіцца. А затым не жадае працаваць, а жадае п'янстваваць на бацькоўскія грошы. Бацькі супраць усяго гэтага. Канфлікт.
Жонка кідае мужа з дзецьмі і закручвае раман з палюбоўнікам, амаральным тыпам. Дзеці і муж, а таксама бацькі абодвух бакоў у шоку. Канфлікт.
Нехта прайграе ў карты казённыя грошы. Нешта махлярыць, крадзе, рабуе, гвалціць і забівае. Адным словам, паўстае супроць грамадскага закона. Канфлікт.
Нехта хоча і любіць жыць, але пакутліва памірае ў цвеце гадоў. Нехта ненавідзіць жыццё, але жыве і пакутуе да лядачай старасці. Канфлікт.
Нехта ў працэсе жыцця губляе веру ў свае ідэалы і набліжаецца да бясслаўнай развязкі. А нехта, наадварот, прайшоўшы праз пакуты і страты, знаходзіць сэнс свайго існавання ў нейкай карыснай справе, набывае трывалую веру ў новыя ідэалы. Усё гэта канфлікты, на якіх будуюцца калізіі мастацкіх твораў. Іх, да слова, не так і шмат.
Дададзім сюды розныя прыгодніцкія, фантастычныя фабулы, апісанне войнаў і катастроф - вось, бадай, і ўсё, што ў плане разнастайнасці можа прапанаваць мастацтва спажыўцам свайго прадукту. Прынамсі літаратурныя творы ўсе пабудаваны на гэтым абмежаваным наборы чалавечых канфліктаў. І не дзіва, паколькі кожны мастак (а не грубы рамеснік) непазбежна прыходзіць да наступнай высновы. Усе зямныя чалавечыя справы вынікаюць з таго, што нас кінулі міма нашай волі ў акіян жыцця, які пастаянна штарміць. І трэба неяк трымацца на паверхні, пакуль не патонеш. Патонуць урэшце ўсе. Але кожны ў меру сваіх магчымасцяў хоча пратрымацца даўжэй, прычым найменш захлынаючыся шалёнымі хвалямі гэтага акіяна. Тое, што трымае нас у жыцці, гэта інстынкт голаду, прыцягнення полаў і лішак псіхічнай энергіі, які наўпрост не патрэбны для матэрыяльнага выжывання. Вось і ўсё. Голад і сексуальная жарсць не даюць чалавецтву памерці. Лішак псіхічнай энергіі змушае спазнаваць новае, імкнуцца да ўскладнення структуры эмацыйных патокаў, да павышэння якасці суіснавання.
Менавіта з гэтай прычыны сапраўдны мастак не можа адгарадзіцца ад метафізікі. Не будзь яе на гарызонце нашага мыслення, жыццё чалавечае не мела б ніякага сэнсу, у ім будзе трымаць адно страх смерці. Хто яго перамагае, той, па словах звар'яцелага героя Дастаеўскага, робіцца сам Богам і развітваецца з гэтым “бессэнсоўным” жыццём. Мастак гэта ўсё бачыць, і яму ад таго балюча. Розум шукае выйсце праз творчасць, дзе нават калі не шукаюцца метафізічныя шляхі вырашэння праблемы, то спрабуецца паказаць, што вось гэтае зямное жыццё не такая ўжо кепская штука: у ім ёсць і любоў, і радасць, і спагада да бліжняга, і асалода, а галоўнае, яно цікавае з прычыны сваёй разнастайнасці, непрадказальнасці, хай і трагічнай. Сапраўды, усе людзі ў той ці іншай ступені гульцы і жыць ім ЦІКАВА, хаця б да пэўнага часу. Жыццё прапаноўвае людзям мноства ўсялякіх гульняў у свае сэнсы, і людзі ахвотна ў іх гуляюць. Тым больш што гэта нашмат лепш, чым дзесяцігоддзямі нудзіцца, маркоціцца і ўпадаць у адчай, чакаючы смерці. У жыцця ёсць безліч спосабаў думаць пра яго, а не пра смерць. І нармальныя, здаровыя людзі менавіта так робяць.
Але ж мастак - чалавек не зусім нармальны і шараговы. Аналізуючы законы жыцця, уводзячы чытачоў, гледачоў і слухачоў у зман, цешачы іх ілюзіямі, ён не можа штохвіліны не памятаць аб глыбінных сэнсах, якія яму прыадчыняюцца менавіта праз гэты карпатлівы аналіз. І гэтыя глыбінныя сэнсы мала стасуюцца з тым, што ён бачыць перад сваімі вачыма - як і чым дыхаюць большасць людзей, якімі каштоўнасцямі жывуць. Каштоўнасці гэтыя ў пераважнай сваёй бальшыні падманныя, а часам і згубныя. Усё, чым жывуць людзі - бачыць мастак - ёсць тлом, руіны егіпецкай, грэчаскай і рымскай цывілізацый не даюць пра гэта забыцца. Каштоўнасці людзей даюцца ім як ілюзія, прычым кароткатэрміновая - на тэрмін іхняга жыцця, які ад іх саміх трывала схаваны. Нічога нельга ўсур'ёз будаваць і нічога нельга планаваць, усведамляе мастак, бо чалавек на зямлі смяротны і прычым, па словах Булгакава, раптоўна смяротны. Памірае ён - і памірае тое, чым ён жыў у сваёй свядомасці. Дзеці яго ў асноўным тут жа пачынаюць жыць сваімі клопатамі, а ён немінуча выцясняецца з іхняй сістэмы каштоўнасцяў, год за годам, набываючы нейкі іншы, далёкі ад прывычнага зямнога, статус.
Такія думкі ашаламляюць і ціснуць на свядомасць кожнага мастака. Але яны і з'яўляюцца рухавіком творчасці. Боль, няздольнасць ахапіць і зразумець трансцэндэнтнае, глушыцца творчасцю. Але і вырашыўшы адзін ці некалькі аспектаў праклятых пытанняў у сваім творы, мастак сутыкаецца з тым, што мала аблягчыў сваю душу: бо аспектаў гэтых пытанняў безліч. Як Сізіф, ён бярэцца і зноў коціць свой камень на гару - у сумным досведзе, што той ізноў упадзе.
Здавалася б, цяжка танчэй, глыбей і аб'ёмней прааналізаваць быццё, чым гэта зрабіў Леў Талстой у сваіх “Вайне і міры” і “Ганне Карэнінай”. Але ж праходзіць зусім мала часу, і вялікі пісьменнік усведамляе, што зноў стаіць тварам у твар перад вечным жахам і пустатою жыцця (выпадак з бяссоннем у арзамаскай гасцініцы). Гэтыя вялікія раманы, гэтыя глыбы раптоўна паляцелі з гары і змусілі Талстога адужваць Сізіфаву гару нанова, да самага скону, вынаходзячы філасофіі, намагаючыся нават абнавіць хрысціянства, падладзіць яго пад сучаснасць і сваё светабачанне.
І варыянт Талстога - не горшы ў гісторыі мастацтва. Многія, дасягнуўшы творчых вышынь, паляцелі са сваіх гор стрымгалоў, куляючыся і ломячы шыі. Таму што любая творчасць - гэта толькі часовае аблягчэнне для мастака. Мастак мусіць тварыць усё жыццё, або пастрыгчыся ў манахі. Апошняе мала каму ўдаецца - з прычыны асаблівай псіхаэмацыянальнай прыроды, з прычыны несувымернага са звычайнымі людзьмі лішка псіхічнай энергіі, што не дае мастакам спакою. Наглядна гэта бачна на прыкладзе душэўнахворага Ван Гога, які збываў свой боль несупыннай творчасцю, выконваючы тытанічныя аб'ёмы, з нерэальнай працаздольнасцю. Але і гэта не ўберагло няшчаснага генія ад самагубства. Ён не вытрымаў болю, выкліканага як хваробаю, так і цяжкімі думамі пра сэнс жыцця (што ўзаемазвязана).
Мастак не можа проста ляжаць і наталяцца пладамі сваёй ранейшай працы. Ён вечны працаўнік і пакутнік. Асаблівасці псіхікі творцаў схіляюць іх як да віду мастацтва, так і да жанру ўнутры гэтага віду. Паэты і музыканты, у прынцыпе, могуць быць лайдакамі. Працавіты паэт, які рыфмуе штодня цягам 50 гадоў - гэта бяздарнасць у чыстым выглядзе. Геніяльны паэт - лайдак, які можа пісаць запар тры месяцы, а потым некалькі месяцаў, а то і гадоў зусім не пісаць. Празаік жа, мастак, скульптар, кампазітар - гэта, як правіла, працаўнікі да сёмага поту. Драматургі ў пэўнай ступені таксама могуць быць лайдакамі, бо могуць напісаць за жыццё 2-3 удалыя п'есы, а астатні час праводзіць па кулуарах тэатра, выслухваючы дыфірамбы. Але гэта не заўсёды, канешне.
Яшчэ адной з прычын мастацтва ёсць стварэнне так званай паралельнай рэальнасці. Мастак можа жыць бедна, нецікава, быць не каханым, не зразуметым, некамунікабельным, уладальнікам шматлікіх псіхалагічных комплексаў, жыць у краіне з гнілым кліматам, але праз свае творы паляпшаць эмацыйны жыццёвы фон. Героі празаіка могуць перажываць такія эмоцыі, вандраваць па такіх месцах зямнога шара, пра якія сам ён толькі сніць мог. Няздзейснае ў жыцці можа паспяхова ажыццявіцца ў аповедах, асабліва калі яны маюць фантастычны кірунак. Прыклад паляпшэння якасці свайго эмацыйнага фону, пастаяннае знаходжанне ў іншай, на парадак цікавейшай рэальнасці, створанай сваёй фантазіяй - Жуль Верн, які, кажуць гісторыкі, у жыцці не быў схільны да вандраванняў. Што па яго творах ніяк не заўважаецца.
Мастак, каб ствараць пераканаўчыя вобразы і калізіі, зусім не абавязаны перажываць нешта падобнае ў рэальным жыцці. Вопыт бясцэнны. Яле яшчэ больш бясцэнная - здольнасць аналізаваць, распазнаваць у штодзённай мітусні законы, па якіх існуе свет. Па гэтых законах, з дапамогай фантазіі, і будуюцца мастацкія творы. Так ствараюцца тыпажы, характары, увогуле псіхалагічная прасторы мастацтва. Мастак, асабліва гэта тычыцца празаікаў і драматургаў, гэта той, хто здольны ўжывацца ў выдуманыя вобразы і пражываць іх жыццё, унутры іх, і праз гэта рабіць іх жывымі і пераканаўчымі. Гэта рэдкая якасць, уласцівая толькі вельмі нямногім апавядальнікам у поўнай меры. Талстой, Чэхаў, Бальзак, Маэм, Рамэн Ралан, Купрын, Дойл, Шэкспір - вось, на маю думку, тыя, хто валодаў талентам пераўвасаблення ў поўнай ступені. Згадзіцеся, не вельмі шмат для мільярдаў людзей, якія жылі на зямлі ў апошнія тысячагоддзі. Не згадаў Дастаеўскага ў гэтым шэрагу таму, што ён падаецца мне творцам іншага, яшчэ вышэйшага парадку, для каго агульныя меркі прымяняць немагчыма. Дастаеўскі вылучае не грамадскія псіхалагічныя тыпажы, а праз герояў паказвае шматграннасць і глыбіню жыцця чалавечай душы і чалавечага духу; гэта больш чым мастацкая творчасць, бо мяжуе з духоўным вопытам, які даюць толькі рэлігіі.
Свет гукаў, музыка, прызнацца, асабіста для мяне неспасціжная таямніца. Каб зразумець у поўнай меры гэты кірунак мастацкага самавыяўлення людзей, чалавецтва, трэба мінімум мець абсалютны слых, адчуваць гармоніі гукавых сфераў. Адной схільнасці да філасофскага аналізу тут мала. Музыка найбольш касмапалітычнае з усіх відаў мастацтва. Яна найменш прывязана да зямлі, хоць у кожнага народа мае свае асаблівасці. І тым не менш відавочна, што вялікія кампазітары чэрпаюць свае тварэнне аднекуль звонку, далучаючыся да недасяжных простаму смяротнаму касмічных гармоній. На зямлі, у гуках прыроды, такіх гармоній не назіраецца.
Увогуле, геніяльны творца - гэта акрамя ўсяго той, хто абсалютна, да болю ў сэрцы адчувае мастацкі фальш. Кожная фальшывая нота, скарыстанае не да месца слова, нядбайны мазок пэндзлем, літаральна скаланае яго нутро. Гэты неаспрэчны крытэрый унутраны, ён праяўляецца і развіваецца праз абучэнне, але яму нельга абучыць не тое што любога, хто пажадае, а практычна нікога. Бо геніяў так мала ў мастацтве, што адсотак іх імкнецца да нуля. Неаспрэчная чуллівасць да фальшу - вось іхняя асноўная рыса. У сваёй творчасці яны калі і не ведаюць да канца ЯК ТРЭБА, то неаспрэчна ведаюць ЯК НЕЛЬГА. Гэтае “нельга” і робіць тварэнні вялікіх мастакоў гарманічнымі ды нятленнымі - менавіта таму, што крытэрый мастацкасці дадзены ім праз Тварца. Абсалютная ж гармонія, калі форма ў поўным паразуменні са зместам і высокім сэнсам, не старэе з часам.
Кожны мастак рухаецца па сваёй лініі творчага лёсу хвалямі, па законах сінусоіды. Забраўшыся на вяршыню, ён непазбежна спускаецца ўніз. Некаторыя, як мы сведчылі раней, гэтага не перажываюць і сыходзяць з жыцця заўчасна. Некаторыя ж адужваюць спад (ці некалькі спадаў) і зноў забіраюцца на вяршыні. Роўна ж ідуць па творчым жыцці толькі бяздарнасці - менавіта таму, што ў іх вяршыняў няма, усё - плоская нізіна.
Дастаеўскі ў жыцці рухаўся па выразнай сінусоідзе, дзе вяршыні - яго раманы, удасканальваючыся год ад года, у прамежках жа пісання займаючыся то палітыкай, то катаргай, то галаваскрутным каханнем, то рулеткай, то публіцыстыкай. Па шчаслівым наканаванні ён дайшоў да свайго Эверэсту - “Братоў Карамазавых” і памёр натуральнай смерцю. У прынцыпе, рухаўся сінусоідай у творчасці і Талстой. Познія яго аповесці - “Смерць Івана Ільіча”, “Крэйцарава саната” ды інш. - па самых высокіх мастацкіх мерках не саступаюць яго двум геніяльным раманам. У духоўным жа плане Талстой зазнаў падзенне, маю на ўвазе апошнія гадоў трыццаць яго жыцця. Зрэшты, сам ён так не лічыў.
Некаторыя выводзяць творчасць з адзіноты, як спосаб яе пазбыцца. Некаторыя вызначаюць галоўнай прычынай зжыванне псіхалагічных комплексаў, маючы на ўвазе, што ўсе творцы так ці інакш ссунутыя па фазе. І сапраўды, сярод вялікіх мастакоў значны, куды большы, чым сярод звычайных людзей, працэнт пакутлівых фізічных і душэўных захворванняў. Хваробы хілілі іх да канфліктаў з соцыумам, да адзіноты і як вынік да засяроджанай творчасці, праз якую яны выконвалі непарушны закон абмену энергіямі з чалавецтвам. Хваробы і адзінота несумненна кладуць адбітак на ўнутраны свет творчых людзей, робяць яго унікальным. У мастацтве ж унікальнасць заўсёды вітаецца.
Але ўмова хваробаў, псіхалагічных комплексаў, канешне ж, не ёсць дастатковай умовай для з'яўлення мастака буйнога маштабу. І нават не ёсць неабходнай умовай. Таму што наўрад ці хто назаве Гюго, Гётэ, Бальзака, Талстога і Пушкіна нейкімі ў асаблівай ступені хворымі ці псіхічна цюкнутымі людзьмі. Былі ў іх свае псіхалагічныя замарочкі, галоўнай з якіх выступала манія велічы, - але ў сукупнасці замарочак гэтых было не больш, чым у сярэднестатыстычных людзей. І хварэлі яны фізічна не больш, чым звычайныя абывацелі. Пушкін і зусім быў фізічна здаровы.
У той жа час ёсць безліч усялякіх псіхапатаў і фізічна хворых, а таксама апанаваных маніяй велічы, уласцівай геніям, - і гэта зусім не выліваецца ў гарманічныя мелодыі, палотны, аповеды, вершы. Найчасцей там назіраецца адсутнасць творчасці. А калі яна прысутнічае, то выдае на сапраўднае трызненне вар'ятаў, якому ўласцівы сэнсавы вэрхал і бесталач формы. Так што не ўсе мастакі вар'яты і тым больш не ўсе вар'яты мастакі. На гэтым і парашым.
Пытанне тут значна складанейшае. Чалавецтва моцна прасунулася ў апошнія паўстагоддзя ў вывучэнні структуры мозгу. І, відаць, удаецца памераць, што ў таленавітых мастакоў найбольш актыўныя адны ўчасткі шэрага рэчыва, а ў матэматыкаў іншыя. Удаецца, напэўна, памераць, што ў буйных талентаў мазгавыя міжклеткавыя сувязі адбываюцца на большых хуткасцях, з большаю эфектыўнасцю. Але ж усё гэта - толькі факт наяўнасці “хуткасных” нейронаў, не больш. Гэта як засведчыць, што адзін аўтамабіль нашмат абганяе другі таму, што ў яго ўдвая магутнейшы рухавік. За фактам жа магутнага рухавіка стаяць тысячы канструктарскіх бюро, увогуле - гісторыя ўсяго чалавецтва. Гэтак сама і за фактам наяўнасці геніяльнага творцы стаіць, па вялікім рахунку, гісторыя ўсяго бачнага і не бачнага Космасу. Успомнім, што генетычны набор бацькоў сам па сабе не стварае мастацкага генія (прыклад з роднымі братамі). Толькі ў перапляценні ўсяго бачнага і трансцэндэнтнага, толькі ў сукупнасці скрытых ад чалавечага розуму прычын рэдка і вельмі рэдка з'яўляюцца на зямлі паэты ўзроўню Гамера, а філосафы - узроўню Сакрата. Яны анамалія, што апісваецца хвастамі парабалы тэорыі верагоднасці, якія сыходзяць у плюс і мінус бясконцасць.
Аднак не забывайма пра тое, што буйныя творцы нараджаюцца, як правіла, ва ўлонні буйных жа культур, на тэрыторыі магутных ва ўсіх планах дзяржаў. Яны - як бы сублімацыя нацыянальнага духу, яго канцэнтрацыя. Праз трох- чатырох сваіх геніяў гавораць з сусветам такія гістарычна магутныя дзяржавы як Германія, Вялікабрытанія, Францыя, Старажытная Грэцыя і Рым, Італія, Расея.
У краіне, якая не з'яўляецца вялікай па ўсіх параметрах, не можа быць народжана вялікіх літаратараў, сусветных геніяў. А вялікія кампазітары і мастакі - могуць. Прыклад музычнай “сталіцы” сусвету - Аўстрыя. А мастацкіх -Нідэрланды і Бельгія. Гэта феномен, мяркую, вынікае з таго, што дух нацыі найперш перадаецца праз слова - самы магутны транслятар ідэй на свеце. Чым большы, глыбейшы дух нацыі, яе мастацкія традыцыі - тым магутнейшы вырастае пісьменнік. Музыка, мастацтва залежаць ад магутнасці нацый куды менш, а больш - ад духоўных і мастацкіх традыцый цывілізаванага чалавецтва, ад таленту. Гэтыя віды мастацтва могуць быць, скажам так, касмапалітычна вялікімі. Геніяльныя літаратары сусветнага маштабу, што выгадаваліся ў культурах не вялікіх і не магутных краін, прадстаўляюць на сённяшні дзень толькі дзіцячую літаратуру. Гэта, на мой погляд, толькі датчанін Андэрсен і шведка Ліндгрэн. Што тычыцца ЗША, то хоць гэта самая магутная дзяржава свету, але далёка не ў плане мастацтва, менавіта таму, што з'яўляецца вытворнай ад традыцыі англасаксаў і ў цэлым залежнай ад еўрапейскай культуры. Культурная ж традыцыя ўласна Амерыкі, яе міфатворчасць, і карацейшая па часе і не такая насычаная, як у Еўропе. З амерыканскіх літаратараў, па вялікім рахунку, ёсць адзін бясспрэчны геній - Эдгар По, бо толькі ён аказаў магутны ўплыў на развіццё сусветнай літаратуры (пад яго ўплывам пісалі такія тытаны, як Дойл, Уэлс, Верн, у нечым Дастаеўскі, а таксама паэты-сімвалісты). Вялікі ж дзіцячы пісьменнік-амерыканец, безумоўна, Марк Твэн.
Хоць чалавек атрымлівае ільвіную долю інфармацыі праз зрок, важнейшым у плане сэнсавага напаўнення жыцця для яго з'яўляецца слова. Таму і важнейшым відам мастацтва традыцыйна лічыцца літаратура. Яна найбольш уплывала на масы і эстэтычна іх выхоўвала цягам тысячагоддзяў. Сучаснасць змяніла вектар уплыву з кнігі на кінематограф і тэлевізію, спалучыўшы самы даступны від уздзеяння на псіхіку - візуальны - з уздзеяннем сэнсавым (літаратурай). Тэлевізар, кіно - гэта сімбіёз усіх відаў мастацтва, дзе і гавораць, і музіцыруюць, і танцуюць, і ашаламляюць фарбамі і краявідамі.
Традыцыйныя віды мастацтва выцясняюцца тэле- і кінакарцінкай на другі план. І гэта зноў-такі факт, якому ў рамках гэтага раздзела не хочацца даваць ніякіх ацэнак і ладзіць ніякіх прагнозаў на будучыню. Тым больш што прама ці ўскосна мы разбіралі працэсы ў сучаснай культуры раней, і даволі дасканала і падрабязна. Задачай жа гэтага раздзела з'яўляўся разгляд творчай майстэрні мастацтва - як, чаму і па якіх законах усё адбываецца. За майстэрню не хацелася вельмі далёка выходзіць, бо і так ясна, што мастак непазбежна жыве ў соцыуме і непазбежна ж з ім дачыняецца па ўстаноўленых правілах. Пра зносіны асобы з соцыумам мы ўжо гаварылі ў раздзеле “Як рыба на беразе”. Таму паўтарацца не варта. Адзінае хочацца на заканчэнне сказаць пра тое, чаму відныя, назавём так, творцы часцяком успрымаюцца грамадствам як маральныя вырадкі, якія плююць на ўстаноўленыя нормы і правілы. Насамрэч жа мастакі наўрад ці горшыя ў маральным плане за астатніх людзей. Проста яны пагарджаюць правіламі соцыуму - менавіта таму, што носяць у сабе іншую рэчаіснасць, паралельны свет, які для іх часта нашмат важнейшы. Разрываючыся паміж дзвюма рэальнасцямі - мастацкай і сапраўднай, - яны часцяком блытаюцца, памыляюцца і выглядаюць эпатажнымі, амаральнымі, падазронымі, нейкімі ненармальнымі. Тое, што абывацель скрывае з інстынкту самазахавання, пра што ён трымае рот на замку, мастак можа здуру агучыць, бо соцыуму ён не надта баіцца і не надае яму такой значнасці, як звычайныя людзі. Ён заўсёды можа схавацца ў свой свет хімер, зашыцца ў творчай майстэрні, калі знадворку надта ўжо непагодліва.


16. У гавань

Усё больш схіляюся да таго, што “Чоўну” нашаму прыспела пара адпачыць і прыбіцца да якой-небудзь гавані. То бок неабходна пачаць закругляць гэтую кнігу, каб не расцягнулася яна да памераў неймаверных і, па сённяшнім імклівым часе, мала чытэльных. Зразумела, што ўсяго не ахопіш і на ўсе пытанні сабе не адкажаш. На такую паразу асуджана любая філасофская кніга. Яе зазналі нават “Метафізіка” Арыстоцеля і “Жыццё як воля і ўяўленне” Шапенгаўэра. Вялікія людзі, яны замахваліся растлумачыць нам усё на свеце сваімі фундаментальнымі працамі. Але... Зрэшты, абыдземся тут без крытыкі іх філасофіі, тым больш што наўпрост ці ўскосна яна ўжо прагучала ў асобных раздзелах “Чоўна”.
Я ж спынюся на тым, што па дарозе ў гавань хацелася б яшчэ асвятліць. Пасля раздзелаў пра мастацкую творчасць я планаваў пісаць пра рэлігію, але, прыгледзеўшыся, убачыў, што гэтая тэматыка была так ці інакш кранутая тады, калі размова ішла пра лёс, Тварца, лінію жыцця, свабоду выбару... Усё гэта неадлучна ад сакральнага. Разгортваць жа багаслоўскія канцэпцыі ў рамках гэтай працы я не наважуся. Па-першае, пытанне рэлігій надзвычай сур'ёзная і асобная справа, пра рэлігіі філасофстваваць не ўяўляецца мне вельмі ўдзячным заняткам. Па-другое, разглядаць кожную рэлігію дасканала можна толькі знутры, вызнаючы канкрэтную веру, належачы да пэўнай канфесіі. Але гэта ўжо будзе не зусім філасофія, якая сама па сабе прадугледжвае адцягнены, непрадузяты разгляд. У гэтым складанасць: разгляд рэлігій знутры - не філасофія, а багаслоўства; разгляд звонку - не дае карэннага спасціжэння сутнасці ніводнай рэлігіі.
І тым не менш пытанне рэлігійнага культу, якое ўваходзіць як частка ў само слова “культура”, я не магу зусім абысці.
З пункту гледжання звычайнага, сярэднестатыстычнага чалавека свет абмяжоўваецца сям'ёй, працай, каханнем, прыродай, зорным ці сонечным небам - то бок зямным. Ніякага цуду сярэднестатыстычны чалавек за жыццё не зазнае ў асабістым вопыце, нічога з ім неверагоднага не адбываецца. Гэта так званае маўчанне Бога.
Звычайныя людзі не бачаць іншай рэальнасці. І ім бы яна была зусім без патрэбы, каб іх розум не ўпіраўся штодзённа ў праблему нараджэння і смерці, у праблему чалавечай несправядлівасці і як бы недасканаласці светабудовы. Розум не можа ўявіць сябе неіснуючым. Ці з'яўляецца сам гэты феномен пацвярджэннем бессмяротнасці душы і наяўнасці тагасвецця?
Сапраўды, паспрабуйце ўявіць, што свядомасць ваша некалі знікне. Гэта значыць, што знікне ўвесь Космас, што не толькі абясцэніцца, а і поўнасцю сыдзе на нішто ўся шматгадовая паслядоўнасць вашага ранейшага жыцця. Яму проста не будзе куды запісацца, не будзе дзе захавацца, калі знікне ваша свядомасць. У папярэднім раздзеле я заўважаў, што бессмяротнасць душэўнай сутнасці, свядомасці ў чыстым выглядзе бачыцца логіцы неабходнай умовай жыцця чалавека. Інакш бы мы не маглі лавіць паслядоўнасць падзей, таму што мізэрна малы адрэзак нашага зямнога жыцця ў параўнанні з Вечнасцю гаворыць як бы пра тое, што мы ўжо памерлі. І тым не менш мы, мільярды людзей, жывём і мыслім. Усе монатэістычныя рэлігіі грунтуюцца на прымірэнні свядомасці са смерцю, на прымірэнні канчатковага з бясконцым.
Зрэшты, да праблемы жыцця і смерці можа існаваць іншы падыход. Напрыклад, кожны чалавек бессмяротны таму, што пакуль ёсць яго свядомасць, ёсць і жыццё. Г.зн. пакуль мы мыслім і ўсведамляем - смерці не існуе. А ўсведамляем і мыслім мы пастаянна. Гэта, так бы мовіць, ілюзія бессмяротнасці ў зямным жыцці. Уявім, што нехта цалкам згубіў магчымасць мысліць, а цела яго працягвае жыць. Маецца на ўвазе найперш стан глыбокай комы. У такім выпадку чалавек перастае кантраляваць і сваё цела, і ўсё тое, што адбываецца звонку. Пры гэтым ён можа рэфлекторна дыхаць, ператраўліваць ежу, рэфлекторна рэагаваць на боль. Але гэта рэакцыі цела, і толькі яго. Сам жа чалавек як бы выпадае ў нейкую іншую прастору. У выпадках вяртання з глыбокай комы людзі знаходзяць, што былі вырваны з часу. Гэта не тоеснае здароваму штодзённаму сну, дзе свядомасць актыўнічае снамі і паўснамі. У коме са свядомасцю чалавека зусім нічога не адбываецца, яна выпадае з законаў прасторы і часу, тады як цела падпарадкоўваецца хімічным, біялагічным, фізічным законам і існуе ў прасторы і часе. Але існуе - для іншых назіральнікаў, не для самога чалавека ў коме.
Калі чалавек, не выходзячы з глыбокай комы, памірае - што тады адбываецца з яго сутнасцю, якая б магла і ажывіць яго цела, вярнуўшыся? І наогул, што гэта за сутнасць такая, што не хоча апісвацца як проста прадукт дзейнасці мозгу? Мозг пачне нармальна працаваць - ёсць гатовы прадукт, душа, што выйшла з комы? Мозг не пачне нармальна працаваць - няма і душы?
Недарэчным бы было ўяўляць душу ў адрыве ад мозгу, асабліва ў святле дасягненняў сучаснай навукі, якая паказвае, што ў разбураны, мёртвы мозг душа не можа вярнуцца, хоць астатнія органы чалавека пакуль жывыя. Але яна ж і паказвае, што ў досыць моцна пашкоджаны мозг вяртаецца чалавечая сутнасць з захаваннем асноўных рысаў характару. Людзям выдаляюць вялізныя кускі мозгу - і яны жывуць, мысляць. Таму мэтазгодней будзе казаць, што душа праяўляецца праз мозг, а не ёсць яго прамым прадуктам, і толькі. Пашкоджаны некаторыя ўчасткі мозгу, адказныя за тое і тое, - і чалавек праяўляе функцыянальныя збоі на тых ці іншых фізіялагічных функцыях, а таксама мяняе рысы свайго характару. Рысы характару - так. Але - не сваю сутнасць. Бо і без пашкоджанняў мозгу чалавек можа моцна сапсаваць, змяніць свой характар. Аднак нават хворы і не зусім адэкватны ён будзе вызначацца акаляючымі як тая самая асоба, што і да траўмы мозгу.
Зазначым усё ж, што ў кантэксце зямнога жыцця душу немагчыма разглядаць як нешта адасобленае ад цела. Без цела няма чалавека. Але відавочна і адваротнае: чалавек не ёсць цела. У яго могуць адсекчы рукі, ногі, перасадзіць органы, выразаць кавалкі мозгу - і ён будзе жыць, захоўваючы нейкую сваю сутнасць. Цела - гэта падпарадкаваны звышскладанаму спалучэнню ідэй механізм. Пераважная большасць працэсаў у ім ідзе міма нашай волі. Дзеляцца клеткі, ганяецца кроў, выпрацоўваюцца рэчывы на розныя выпадкі жыцця. Менавіта гэтыя рэчывы і штурхаюць нас рухацца, наталяць голад, спаравацца, спаць, пазбягаць небяспекі і г.д. Мы ў пэўнай ступені падуладныя нашаму целу. Чакайце, а хто гэта - МЫ? Бо кожны з нас выразна і востра перажываў за жыццё разлад не толькі з соцыумам, але і з уласнай абалонкаю - целам. Шматлікія яго хваробы мучаць нейкую нашу сутнасць. Бо якая трывога малекулам, клеткам - хварэць або не хварэць? У малекул саміх па сабе няма болевых рэцэптараў, няма страху смерці. Са смерцю чалавека малекулы, што складаюць яго цела, не мяняюць якасць свайго існавання. Ім абыякава. І тым не менш сціжмы малекул, сабраныя ў мудрагелістыя структуры, сігналізуюць міма нашай волі, звяртаючыся да НАС: небяспека, ты захварэў, памагай свядомасцю свайму арганізму паправіцца, інакш свядомасці тваёй будзе надзвычай кепска! Вось так, дарагія сябры. Мы толькі выконваем сігналы, якія паступаюць, канешне ж, не ад мёртвых малекул, а ад свядомага Тварца, ці ад Госпада Бога, па чыіх законах існуе і ў свой час памірае наш арганізм.
Дарэчы, механізм смерці, закладзены ў нас, надзвычай важная рэч. Смерці баяцца ці апасаюцца ўсе. Але гэта - пераважна сляпы інстынкт выжывання. З матэрыялістычнага гледжання, не будзе жыцця - не будзе свядомасці, а не будзе свядомасці - не будзе страху, пакутаў. Баяцца няма чаго. Не баяліся ж мы ў час, калі нас не было на зямлі тысячагоддзі да нашага нараджэння... (Зрэшты, баяцца не было каму...) А з рэлігійнага гледжання - свядомасць са смерцю не знікне; таксама страх беспадстаўны. Праўда, грэшнікаў страшаць пасмяротнымі пакутамі ў пекле і на яго падобных канструкцыях. Але зямное жыццё людзей у пераважнай большасці выпадкаў - таксама не рай, а часцяком - сапраўднае пекла, асабліва ў старасці, авеянай хваробамі і адзінотай.
Многія ў старасці і хваробах бачаць у смерці рэальнае выбаўленне. І вось тут мы падступаемся да найважнейшага. Смерць - несумненна, асноўная ўмова жыцця на зямлі. Біялагічныя арганізмы не могуць існаваць не нараджаючыся, не старэючы і не саступаючы жыццёвую прастору маладым і здаровым. Інакш месца на зямлі, кармавой базы не застанецца - калі жывыя істоты перастануць паміраць. Дык чаго ж, пытаемся мы, людзі так баяцца натуральнага працэсу? Жывёлам страх смерці незнаёмы... Ці не таму, што чалавек сам па сабе жывёла толькі напалову, а то і менш? Ён сам па сабе выпадае з агульных законаў матэрыяльнага жыцця, устаноўленых для ўсіх астатніх істот. У кампенсацыю за шчасце мысліць ён атрымлівае гора баяцца смерці, знікнення сваёй свядомасці, або пераходу яе ў тагасветныя сферы. Заўважым коратка, што страх атэістаў несвядомы і, відаць, значна меншы па сіле, чым у большасці вернікаў. Але таксама прысутнічае. Чалавек, такім чынам, баіцца смерці не таму, што яго палохаюць тагасвеццем, а таму, што гэта прыродная якасць любога розуму, свядомасці. Жыццё поўніцца рознымі небяспекамі, але людзі баяцца найбольш - нябыту. Свядомасць актыўна яму працівіцца.
Уявіць зямное жыццё чалавека бясконцым цяжка. Лягчэй нават убачыць неўміручасць жывёл, якія штодня выконваюць прыкладна адны і тыя ж рытуалы, амаль не падключаючы да гэтага розум. Прытым яны, зразумела, зусім не перажываюць з прычыны аднастайнасці свайго існавання. Чалавеку ж пастаянна патрабуюцца змены. А чалавеку інтэлектуальнаму - пастаяннае ўзбагачэнне свайго інтэлекту. Але ж большасць людзей мала што здольныя змяніць у сваім жыцці - яны асуджаны штодзённа выконваць адну і тую ж побытавую цяганіну. Патэнцыял жа інтэлектуальнага насычэння таксама мае сваю мяжу. Праз некаторы час (хай праз некалькі тысяч гадоў) дапытлівы чалавек спазнае ўсе назапашаныя чалавецтвам веды, яму стане сумна, нудна, ён, верагодна, упадзе ў маркоту, адчай. У тым і сэнс абмежаванасці па часе любога чалавечага жыцця, што за гэты перыяд ён, нават пазнаючы з небывалай інтэнсіўнасцю, чытаючы дзень і ноч, нічога не спазнае дарэшты, не паспее знудзіцца.
Важна памятаць яшчэ і тое, што, жывучы бясконца, людзі па тэорыі верагоднасці будуць непазбежна падвяргацца разнастайным калецтвам, і не ўсе з іх медыцына, нават самая развітая, зможа выправіць. Напрыклад, нехта зламаў пазваночнік і стаў паралізаваным. Нехта атрымаў траўму галавы і ўпаў у стан расліны. Некаму трамвай адрэзаў ногі. Нехта па неасцярожнасці пазбавіўся зроку. Нехта на станку адцяў сабе кісці рук. Ва ўсіх пералічаных выпадках пакуты людзей дасягаюць нерэальных межаў, асабліва калі яны цягнуцца вечнасць, і толькі смерць здольная ад іх пазбавіць. Не было б смерці - і зямны шар мала таго, што перанасяліўся б, ён яшчэ запоўніўся б страшнымі калекамі, якія прагнулі б смерці як збавення. Такую карціну некалі апісаў Свіфт, яна непрывабная.
Акрамя таго, смерць рэгулюе працэс абнаўлення і руху. Многія дыктатары або закасцянелыя чыноўнікі так бы і сядзелі вечна на сваіх крэслах, мучачы народ, пераводзячы любую цывілізацыю ў стан гнілога балота.
Заўсёды не забывайма, што жыццё само па сабе нялёгкая штука. Хоць і часам вельмі цікавая і поўная шчасця ды прыгажосці. Некаторыя людзі настолькі надрыўна і бязрадасна жывуць, што іх утрымлівае ад самагубства толькі прыродны страх смерці. У гэтым таксама бачыцца мудрасць Тварца. Жывёлам гэты страх-рэгуліроўшчык не патрэбны, бо яны не дадумаюцца да таго, каб свядома сябе забіць. Акты самагубства ў жывой прыродзе, якія даволі рэдкія, носяць стыхійны, неразумны характар, як тое, напрыклад, што алені ўсім статкам разганяюцца і кідаюцца з абрыву.
Вяртаючыся да адносінаў да смерці людзей рэлігійных і людзей, скажам так, з рэлігіямі не знаёмых, зазначым наступнае. Нават моцныя вернікі наўрад ці калі такімі нараджаліся, а прыходзілі да веры ў свядомым узросце. Таму кожны чалавек, які трывала ці часова знаходзіцца ў атэізме, павінен ведаць ці памятаць раптоўнае тупое, якое спыняе ў мітусні і ашаламляе, усведамленне, што ты колісь памрэш. Вось бегаеш ты ў побытавых варунках і вырашаеш выключна зямныя праблемы, зазнаеш зямныя эмоцыі. І раптам нешта - часцей скон блізкага чалавека - абрынае цябе ў нейкую даўкую прорву: усе мы, а галоўнае - Я! - памром... У большасці здаровых людзей ёсць трывалыя механізмы выхаду з такога гнятлівага стану. Самі неадкладныя жыццёвыя справы, накіраваныя на выжыванне цябе і тваёй сям'і, пазбаўляюць ад цяжкага думання пра смерць. Такім чынам, жыццё сваімі надзённымі клопатамі ратуе сярэдняга чалавека ад, так бы мовіць, дэпрэсіі чакання смерці.
Але ёсць надзвычай уражлівыя людзі - геніяльныя мастакі, паэты, музыкі, а таксама надзвычай рэлігійна ці экстрасэнсорна адораныя, - якіх апісаны стан прыводзіць да кардынальнай змены жыцця. Гэтак часцяком мяняюцца і тыя, хто перажыў клінічную смерць. Яны ўжо не могуць захінуцца побытавай мітуснёй, зямнымі клопатамі ад галоўнага ў чалавечым жыцці - унармавання сваіх узаемінаў з Богам, са смерцю як пераходу свядомасці ў іншую якасць, якая непазбежная.
Так некалі Буда, сутыкнуўшыся па легендзе са старасцю, смерцю і хваробамі, ад назірання якіх яго пазбаўлялі ў раскошным палацы, быў настолькі ашаломлены, што стварыў сваю рэлігію.
Дарэчы, на прыкладзе будызму бачна, што рэлігія можа вынікаць не наўпрост са страху смерці, а са страху зямных пакутаў - старасці, беднасці, хваробаў. Насамрэч жа пералічаныя якасці - проста папярэднікі хуткай смерці, яе вестуны. Ашаломлены зямнымі пакутамі Буда быў насамрэч знячэўлены смяротнасцю чалавека.
Будызм, тым не менш, засцерагае не ад смерці, а ад новага увасаблення, новага вяртання людзей на зямлю пасля смерці. Па будызме жыць трэба так, каб, па-першае, пазбягаць зямных пакутаў, а па-другое, так, каб твае грахі, твая карма не вярнулі цябе зноў на зямлю. Бога ў будызме няма. Ёсць нейкі бяздушны акіян, у якім усе, пасля доўгага кола ўвасабленняў, мусяць растварыцца. Гэта нірвана. Чым правільней ты будзеш жыць, тым менш будзеш пакутаваць на зямлі і тым меншыя ўвасабленні ў целе перад нірванай цябе чакаюць. То бок сэнсу ў жыцці больш няма, як толькі пазбягаць пакутаў і ў ідэале - не жыць.
Тут жа зазначым, што канфуцыянства, якім жыў і жыве тысячагоддзямі Кітай, гэта ўжо абсалютна яўна не рэлігія, а звод правілаў для паляпшэння якасці зямнога існавання індывідуума і соцыуму.
Старазапаветная рэлігія іудзеяў - гэта выразная монатэістычная рэлігія, якая прызнае над усім Бога-Тварца, але якая, па вялікім рахунку, была таксама зводам зямных правілаў для богаабранага народа - каб ён не змяшаўся з язычнікамі і каб з яго выйшла хрысціянства. Індывідуум з Богам не размаўляў і нават імя яго агучваць права не меў. Галоўнае было - жыць па запаведзях, дадзеных прарокам Майсеем, і гэта як бы гарантавала Божую міласць пры жыцці і пасля смерці. Тым не менш смерць зеўрала для кожнага старазапаветнага іудзея страшнай прорваю, ад якой няма выбаўлення.
Хрысціянства як бы зняло аковы з чалавечага духу, узнавіўшы праз Хрыста, увасобленага на зямлі Бога, жывую сувязь чалавека з Тварцом. Цяпер да Бога стала магчымым звяртацца асабіста - праз малітву непасрэдна, ці праз заступнікаў, святых, што жылі на зямлі і сваім праведным жыццём атрымалі права хадайнічаць перад Богам за грэшнікаў. У адрозненне ад будызму, хрысціянства не лічыць жыццё непазбежным злом, не шукае ў смерці выбаўлення ад зямных пакутаў, а галоўнае, не прапаведуе пазбягаць гэтых пакутаў; хутчэй - шукаць іх у славу Хрыста і для збавення сваёй грэшнай душы. Хрысціянства выразна дае зразумець несмяротную прыроду чалавечай душы, яно не падтрымлівае ідэю шматлікіх увасабленняў у розных целах і далейшае растварэнне ў бяздушнай нірване. Бог для хрысціян мае асабовы пачатак. З ім можна размаўляць праз малітвы. А галоўнае, хрысціянства ўпершыню абвясціла свету, што Бог ёсць любоў, а не карны меч. Паводле хрысціянства не існуе ніякіх жорсткіх і неадхільных правілаў пакарання за грахі. Зграшыўшы, у Бога можна вымаліць дараванне праз пакаянне. Першы, хто ўвайшоў у адчынены Хрыстом рай, быў разбойнік, які ў апошнюю хвіліну жыцця паверыў у Збавіцеля. Такім чынам, у хрысціянстве галоўнае не выкананне запаведзяў (хоць гэта таксама важна), а жывая вера ў Тварца, бачанне сваёй грахоўнасці і як вынік - пакаянне.
Іслам у пэўнай ступені паўтарае старазапаветную рэлігію іудзеяў. Там таксама галоўнае - выконваць правілы соцыуму, распарадак малітваў, форма дамінуе і зліваецца з законам соцыуму. Хоць Бог усёмагутны, Тварэц, у адрозненні ад песімістычнага будызму і сацыяльнага канфуцыянства, прызнаецца бясспрэчна і да яго звяртаюцца малітвамі, калектыўна і асабіста. Строгасць формы ісламу дазваляе падтрымліваць і па сёння жорсткія маральныя прынцыпы ў грамадстве. У ісламскія краіны пакуль менш пранікае грэх чалавечы.
Сучасны цывілізаваны свет узрос, з аднаго боку, на дасягненнях старажытных цывілізацый - найперш Грэчаскай і Рымскай, язычніцкіх, - а з другога боку - ва ўлонні хрысціянства, якое стагоддзямі мацавала мастакоў, навукоўцаў, філосафаў, будзіла ў іх творчы дух, натхняла на творчыя подзвігі. Хрысціянства, у адрозненне ад усіх монатэістычных рэлігій, - рэлігія дзейсная і ахвярная. Калі будысту галоўнае, каб не трывожылі яго ўнутраны спакой, хрысціяніна подзвіг Збавіцеля штурхае на няспынныя пошукі і супрацьборству закасцянеласці, догмам. Хрысціянскі творца можа на шкоду свайму здароўю і дабрабыту, насуперак правілам соцыуму ісці да сваёй творчай мэты. Часта цана гэтаму была - жыццё. Менавіта таму мы мае тое што маем: усе дасягненні навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва, музыкі медыцыны, якімі карыстаецца цяпер свет, усе гэтыя авіялайнеры, караблі, кампутары ды іншыя сродкі масавай камунікацыі створаны ў межах хрысціянскай цывілізацыі. Апраменьваючы сябе радыяцыяй, навукоўцы даследавалі уласцівасці атама, захворвалі прамянёвай хваробай і паміралі. У выніку мы маем крыніцу магутнай энергіі, ядзерную зброю, якая пакуль стрымлівае свет ад чарговай глабальнай вайны. Рэмбрант і Ван Гон паміралі ў беднасці, але не апускалі сваю творчасць да патрэбаў натоўпу, калі можна было яе прадаваць і жыць прыпяваючы. Дантэ ў выгнанні і самотніцтве ствараў “Боскую камедыю”, якой было наканавана перажыць стагоддзі і, магчыма, тысячагоддзі. Мікеланджэла ўсё доўгае сваё жыццё скроб непадатлівы камень, жывучы як нямыты жабрак і раб свайго рамяства, хоць быў чалавекам вельмі багатым.

Такім чынам хрысціянства выставіла ідэю, духоўнасць, стваральную дзейнасць на пярэдні план, паперадзе дабрабыту, здароўя і нават самога жыцця. Толькі ахвяруючы сабой, выбітныя людзі хрысціянскага свету змаглі ажыццявіць цывілізацыйны і культурны прарыў, якога не ведала чалавецтва на працягу доўгіх тысячагоддзяў.
Аднак цяпер мы назіраем відавочны заняпад духоўнасці менавіта ў краінах, што выйшлі з хрысціянскага свету. Дабрабыт і ідэя асабістага камфорту зацьмілі людзям вочы, затуманілі розум. Для асабістага камфорту ўжо нават перастаюць нараджаць дзяцей. Зрэшты, не буду паўтараць прэтэнзіі да сучаснасці, агучаныя мной у папярэдніх раздзелах. Канстатуем толькі відавочнае: большасць краін, якія цягам стагоддзяў вызнавалі хрысціянства, даўно па сутнасці такімі не з'яўляюцца, яны секулярызаваліся. Галоўная рэлігія сучаснасці - гэта асабісты камфорт, куды ўваходзіць галоўным чынам тое, каб зазнаваць найбольш станоўчых эмоцый і звесці адмоўныя на нішто. Аднак не атрымліваецца. Бо Тварэц заклаў у галоўнае сваё тварэнне - чалавека - безліч механізмаў, якія нязменна перашкаджаюць яму быць пастаянна шчаслівым. Камфорт, сытасць нязменна вядуць да духоўнай дэградацыі, а духоўная прырода чалавека гэтаму працівіцца. Паратунку няма ў жыццёвых слодычах (разнастайны і нетрадыцыйны секс, алкаголь, тытунь, наркотыкі), а ёсць ён толькі ў пастаяннай працы душы, хай гэта будзе нават звычайны аскетызм; і ва ўлонні здаровай шматдзетнай сям'і, зразумела.
Чалавек, які пагаладае некалькі дзён, зазнае такую эйфарыю, настолькі павысіць сваю самаацэнку, што на гэтым допінгу можа жыць некалькі тыдняў, да новых духоўных здзяйсненняў. Бабулька, якая адстаяла усеначную службу, набывае нерэальныя маральныя і фізічныя сілы. Той жа, хто п'е, спажывае наркотыкі і ўсе астатнія ненатуральныя слодычы, зазнае пакутлівы сіндром пахмелу, ломку, постсвяточную дэпрэсію і г.д. Гэта плата за тое, што чалавек хоча падмануць самога Тварца, які патрабуе ад чалавека не пастаяннай пасіўнай асалоды, а актыўнага самаахвярнага дзеяння. У гэтым дзеянні, у пераадоленні сваёй духоўнай інерцыі і цялеснай слабасці - і ёсць сэнс існавання людзей на зямлі. Той, хто здабывае кавалак хлеба ў поце, будзе шчаслівы. Той, хто валяецца сярод белага дня на канапе, абжыраецца і абпіваецца - нязменна плаціць душэўнымі і цялеснымі хваробамі. За нежаданне нараджаць дзяцей людзі расплачваюцца хваробамі, дэпрэсіяй, адзінотай у старасці. А цывілізацыя - сваёй дэградацыяй і знікненнем з гістарычнай арэны. Ёсць строга ўстаноўленыя правілы, умацаваныя ў стагоддзях, - калі чалавеку працаваць, а калі адпачываць і святкаваць, калі займацца выхаваннем дзяцей, а якія гадзіны дня прысвячаць шлюбнаму ложу. Парушэнне зноў жа ні да чаго добрага не вядзе. Трывіяльныя, але непарушныя ісціны, якія сучасны чалавек усяляк спрабуе абысці, так сказаць, ашукаць самога тварца. Такія спробы асуджаны на паразу.
Мімаходзь неабходна заўважыць, што духоўнасць сама па сабе можа мець як станоўчы, так і адмоўны характар. Прыклад станоўчага - спавяданне традыцыйных рэлігій. Адмоўнага - заняткі магіяй, акультызмам, чараўніцтвам, спірытызмам, стварэнне або ўдзел у таталітарных сектах, нарэшце як крайні выпадак - сатанізм.
Адзін з асноўных пастулатаў хрысціянства ў тым, што свет трымаецца на любові. І сапраўды, які сэнс нашага жыцця можна можна адшукаць ва ўсім астатнім? Паесці, папіць, уступіць у палавую сувязь, атрымаць уладу над некалькімі людзьмі? Зарабіць многа грошай, каб ізноў есці, піць, спаравацца і ўладарыць? Сумныя сэнсы. Да таго ж вельмі падманлівыя. Учарашнія сябры робяцца ворагамі. Учарашнія каханыя ўжо кахаюцца з іншымі. Адшукаць сэнс у працягу роду, гадаванні здаровых нашчадкаў? Але ўсе яны паступова памруць, род наш растворыцца ў мностве іншых радоў зямлі. Нарэшце, скончыцца і ўвесь род чалавечы. Але пачакайце... Любілі ж мы славу, грошы, жанчын, сваіх нашчадкаў - і гэтым былі шчаслівыя. Не, аказваецца, шчаслівымі мы не былі... Бо ўсё вышэйпералічанае - жарсці: славалюбства, юрлівасць, срэбралюбства. А жарсцямі, паводле хрысціянства, чалавек быць шчаслівы не можа. Гэта пастаяннага гонка за прывідам, які знікае якраз у той момант, калі ты яго, здавалася б, ухапіў, і ўжо маячыць ён на новым даляглядзе нашага жыцця.
Любоў у хрысціянскім разуменні - гэта не любоў-жарсць, а любоў-шкадаванне: успрыманне любой жывой істоты, нават раслінкі, з трапятаннем, пяшчотаю, жаданнем яе не пакрыўдзіць і ёй па магчымасці дагадзіць. Такая любоў да ўсяго навакольнага - роўны фон шчасця, яго залог. Вылучэнне ж нечага з гэтага фону, аддаванне яму яўнай перавагі, вядзе ў перспектыве да жарсцяў і звязаных з імі пакутаў.
Сапраўдныя вернікі, як правіла, людзі аптымістычныя і радасныя, бо пастаянна падсілкоўваюцца энергіямі звыш. Сярэдні фон іхняга настрою значна вышэйшы, чым у людзей, якія Бога не ведаюць. Апошнім трэба пастаянна жывіцца энергіямі ад людзей, і часта - за кошт гэтых людзей, адбіраючы ў іх станоўчыя эмоцыі на сваю карысць. Ва ўсякім разе асноўны закон соцыуму - абмен энергіямі паміж адзінкамі для няверуючых непарушны. Для вернікаў асноўны абмен з людзьмі ажыццяўляецца праз сумеснае спрычыненне да вышэйшых таінстваў. Трэба заўважыць, што і няверуючыя далучаюцца да высокага, будучы не ўцаркаўлёнымі, праз любоў і спагаду да родзічаў, блізкіх, бліжніх, да свету ў цэлым. Ад гэтага яны бяруць жыццёвыя сілы. Аднак заўважым, што асобныя індывіды бяруць жыццёвыя сілы і ад выключна адмоўнага, ад, так бы мовіць, сіл сатанінскіх: ліхадзейства, блуд, гвалт, п'янства, наркаманія, забойствы і г.д. Без гэтага існаваць не могуць. Такіх людзей меншасць, але гэтая катэгорыя, не ўтаймаваная законам, мае ўласцівасць імкліва пашырацца і распаўзацца.
Што яшчэ можна сказаць, прычальваючы? Хіба даць парады, як пазбягаць непрыемных жыццёвых сітуацый? Такія парады, зразумела, нікога ні да чаго не абавязваюць. Проста з асабістага вопыту, з усяго перачытанага і перадуманага высноўваюцца некаторыя моманты. Самыя звычайныя.
Старацца на ўсё глядзець пазітыўна. Старацца ні з кім не скандаліць. Ні на каго не таіць зла. А пакрыўдзіўшыся, дараваць. А пакрыўдзіўшы, хутка папрасіць прабачэння. Гэта аблягчае псіхаэмацыянальны фон. А жывём мы выключна эмоцыямі.
Тыя, хто жыве эмоцыямі ад пакутаў акаляючых, нязменна канчаюць кепска. Прыклад - трагічныя смерці амаль усіх дыктатараў (як самы красамоўны).
Спрабаваць адшукаць у сабе нейкую здольнасць, якая адчувальна перавышае вашы астатнія здольнасці - і ўсе сілы класці на ўдасканальванне свайго майстэрства менавіта ў гэтай галіне. Пажадана, калі здольнасць гэтая супадае з работай, якая прыносіць надзённы хлеб. Старацца мяняць месца работы, на якую вы гледзіце як на катаргу. Але працуючы на нялюбым месцы, выконваць усё сумленна, без агіды і скандалаў з супрацоўнікамі.
Мець некалькі прыемных і дарагіх сэрцу заняткаў, на якія можна пераключыцца ў выпадку, калі ў сям'і, на працы, у асноўнай творчасці адбылася цяжкая або трагічная неспадзяванка. Нельга зацыклівацца на нейкім адным чалавеку (напрыклад, каханым) і на адной ідэі. Інакш пры стратах або паразах людзі ўпадаюць у адчай. А страты гэтыя і паразы часта не залежаць ад нашай волі. Да смерці блізкіх трэба заўсёды быць гатовым і мець у галаве план, як ты будзеш ісці па жыцці без іх. У гэтым дапамагае агульная любоў да жыцця, жывы інтарэс да многіх яго сфераў, які варта развіваць у сабе гадамі. Тады хваробы, свае і чужыя, страты блізкіх людзей не будуць для нас настолькі фатальнымі. Трэба памятаць, што асноўнае для чалавека - гэта ягоны настрой, менавіта эмоцыі найперш мучаць нас ці радуюць. З эмоцыямі трэба і працаваць. Знаходзіць станоўчае ў малым, гнаць ад сябе негатыўныя думкі.
Старацца пазбягаць заняткаў і хобі, да якіх у вас няма здольнасцяў (напрыклад, музіцыраваць пры адсутнасці слыху). Гэта спараджае шэраг псіхалагічных комплексаў, таемных і яўных насмешак людзей.
Як зрэнка вока берагчы сваё здароўе, для чаго загартоўваць арганізм і пазбягаць непатрэбных экстрэмальных сітуацый, не лезці на ражон, адным словам.. У той жа час не рабіць здароўе культам, памятаючы, што здаровае цела патрэбнае нам найперш для паспяховага руху па жыцці, для выканання сваёй жыццёвай місіі.
Пазбавіўшыся здароўя (хранічная хвароба, інваліднасць), старацца не маркоціцца, а найхутчэй знайсці занятак сабе па сілах. Не замыкацца ў сваёй хваробе, не станавіцца плаксівым эгаістам. Памятаем, што людзі павінны абменьвацца энергіямі адно з адным, каб нармальна сябе пачуваць. Таму хворыя павінны пазбавіцца комплексаў сваёй непаўнавартасці і як мага хутчэй інтэгравацца ў соцыум.
Старацца як раней стварыць сям'ю, нарадзіць і выгадаваць некалькіх дзяцей. Клопаты пра іншых выслабаняюць чалавека ад уласнай маркоты і пустаты, трымаюць у тонусе, праз любоў сямейную ён далучаецца да любові Боскай, нават не будучы вернікам. Дзяцей трэба выхоўваць так, каб памятаць, што калісьці ты састарэеш і ператворышся ў дзіцё, пра якога твае сённяшнія дзеці будуць клапаціцца так, як ты пра іх клапоцішся цяпер. Усё, як правіла, вяртаецца - і дабро, і ліха.
Глядзець на смерць па магчымасці спакойна, памятаючы, што гэта непазбежны натуральны працэс. І тым не менш старацца дажыць да старасці, сябе ашчаджаючы, а не паліць здароўе ў маладосці; маладым паміраць непараўнальна цяжэй.
Кожны чалавек павінен вывучаць свой арганізм, вызначаць асаблівасці сваёй псіхікі і ў звязку з гэтым пазбягаць або, наадварот, імкнуцца да тых ці іншых сітуацый. У той жа час варта памятаць, што нельга узводзіць у абсалют страх да чаго б там ні было, інакш гэта можа ператварыцца ў псіхалагічны комплекс, хваробу. Той, хто баіцца цемры, павінен знарок адвучаць сябе ад гэтага страху, седзячы і ходзячы ў цемры, як бы па першым часе ні было непрыемна. Тое ж і наконт боязі мышэй, павукоў і ўсіх падобных фобій. Адзіны спосаб вылечыць фобію - паглядзець некалькі разоў ёй у твар; і акажацца, што страх - найперш прадукт нашай свядомасці, а не рэальная небяспека.
Трагічна памыліўшыся, старацца такіх памылак не паўтараць, але і не грызці сябе за тое, што здзейсніў і чаго магло б быць ці не быць. Таго, што адбылося, не зменіш, а вярэдлівыя фантомы ў свядомасці трэба з яе выцясняць як найхутчэй.
Цвяроза і спакойна ставіцца да паклёпаў і нагавораў на вас, калі яны мелі адбыцца. Важна тое, што вы чыстыя перад сваім сумленнем. Калі калектыў будзе працягваць вас за гэта цкаваць, то пацярпіце і сваім спакоем і пакорай развееце негатыў у ваш бок. У той жа час самі не паклёпнічайце на іншых, па магчымасці не судзіце нікога, нават за яўныя чалавечыя слабасці і заганы. Не хлусіце ў прынцыповых пытаннях, бо хлусня рана ці позна ўсплывае, да таго ж яна будзе вас непакоіць, спараджаць фобію выкрыцця. Непрынцыповая бяскрыўдная мана, як тое прыдумаць ліпавую прычыну, па якой не выпусціце сёння дзіцё на вуліцу, не купіце марожанае і г.д. - дапушчальная. Варта памятаць, што праўда-матка часцяком прыносіць людзям зло, а таму, хто яе прамаўляе, - вялікія праблемы. Не ўсё і не ўсім можна казаць. Слова - не верабей і абернецца супроць вас у любы момант, часцяком - у самы нязручны.
Зрэшты, нагадаю, што кожны выбірае, што яму рабіць з асаблівасцяў сваёй псіхікі і з магчымасцяў. Таму хай чытач крый Божа не ўспрыме парады аўтара за кіраўніцтва да дзеяння. А хрысціянскі вернік і наогул цалкам справядліва мусіць кіравацца толькі евангельскімі запаведзямі. Толькі вось выканаць іх настолькі складана простаму смяротнаму, што яны даўно ўспрымаюцца як ідэал, да якога трэба імкнуцца, але ідэал, даступны аднаму Збавіцелю чалавецтва. У побыце звычайным людзям часта даводзіцца ісці на кампраміс - дзеля выжывання ці дабрабыту свайго і сваіх дзяцей, прыходзіцца хлусіць і замоўчваць праўду. Чалавек слабы. Але ў пераадоленні сваёй слабасці ён мае магутны патэнцыял, калі ёсць вера ў ідэал чалавека, дадзены нам праз вобраз Хрыста.
Ніводная філасофія на свеце не заменіць нам евангельскай мудрасці. Часцей філасофстваванне толькі блытае розум і каменем абцяжарвае душу. Жыццё розумам не спасцігаецца, пра што ўпершыню выказаўся найвялікшы філосаф чалавецтва Эмануіл Кант. Рэч у сабе - закрытая для нас катэгорыя. Розум плюс моцная вера - вось спосаб спасціжэння законаў Космасу. Ні сляпая вера, ні бязбожны аналітычны розум паасобку нічога спасцігнуць не ў стане, а толькі - у звязку паміж сабой, і толькі - часткова. Бо Бог, калі гаварыць строга, катэгорыя неспасціжная. Да яго можна толькі набліжацца з розных бакоў.
Што тычыцца меркавання, нібыта ўсе рэлігіі вядуць чалавека да Бога, толькі кожная сваім шляхам, уяўляецца мне памылковай. Ісцін не можа быць некалькі. Яе або няма, або яна ёсць. Монатэістычныя ж рэлігіі свету спавядаюць настолькі рознага Бога, што міжволі ўпіраешся ў тое, што ў большасці выпадкаў на рэлігійную міфатворчасць уплываў чалавечы фактар. Хто знаёмы з фантастычнымі міфамі будызму, індуізму, цяперашняга іудзейства - той зразумее, пра што я кажу. Там папахвае язычніцтвам, шаманствам, фэнтэзі - усім тым, што далёка-далёка аддаляе нас ад велічы і гармоніі Тварца, ад таго Бога любові, якога спавядаюць хрысціяне. Чаго вартая толькі вера ў рэінкарнацыю. Калі паглядзець на гэта чыста матэматычна, то месца на зямлі для рэальнага ўвасаблення - мізэрная пляцоўка ў параўнаннямі з тымі мільярдамі душ людзей, якія жылі на зямлі да нас і чакаюць зноў увасобіцца. А людзі ўсё нараджаюцца і нараджаюцца, а значыць, верагоднасць для “рэінкарнацыі” зніжаецца і зніжаецца. А пра бясконцае кола ўвасабленняў на зямлі і зусім казаць не даводзіцца. Хіба што - пра пераўвасабленне ў жукоў, павукоў і змей. Індусы ў гэтым больш “сумленныя” за будыстаў, бо ў жывёльным свеце месца хопіць для ўсіх людзей. Пры выпадку, праўда, што самі жывёлы не пераўвасабляюцца ў новыя целы...
І тым не менш за кожнай рэлігіяй, нават за язычніцтвам, стаяць пэўныя рэаліі і перажыты духоўны вопыт стваральнікамі, адэптамі гэтых рэлігій. Аднак чалавек не можа дасканала перакласці мову нябесных сфераў на чалавечую мову і непазбежна трапляе ў зман, які надалей скажаецца наступнымі пакаленнямі. І толькі хрысціянства заснавана на тым, што не прарок (чалавек) зведаў нейкую вышэйшую ісціну і падзяліўся з людзьмі, а сам Гасподзь Бог прыйшоў да людзей у вобразе Хрыста і, ашаламіўшы іх небывалымі цудамі, галоўнае з якіх - цуд уваскрэсення, даў ісціну і небывалую сілу сваім паслядоўнікам. Менавіта на сіле Святога Духу, якім надзяліў Збавіцель сваіх апосталаў, а тыя ў сваю чаргу - сваіх паслядоўнікаў рухалася хрысціянства, выцясняючы язычніцтва ў першыя стагоддзі. Цудам і Словам. А не агнём і мячом, як гэта сталася праз тысячу гадоў, прыкладам, на Русі.
Любая высакародная ідэя цягам часу скажаецца. Дамешваецца ўсё той жа чалавечы фактар і людскія амбіцыі. Сіла веры ў цэлым слабне і сустракаецца толькі ў мізэрных людзей, мізэрная іх колькасць могуць тварыць такія цуды, што тварылі першахрысціяне. Праз тысячу гадоў хрысціянства распалася на два лагеры, была парушана адзіная апостальская царква, уведзена папства, каталіцызм паступова стаў усё болей зямным і фармальным (інквізіцыя, індульгенцыя за грахі), што спарадзіла як пратэст - лютэранства. А пратэстантызм - гэта рэч ужо зусім далёкая ад таго, што спавядалі апосталы. Там няма святасці і цудатворства - галоўнай рысы хрысціянства. Як непазбежнае (пры адрыве ад Традыцыі апостальскай Царквы) пратэстантызм спарадзіў мноства сектаў, кожная з якіх спавядае сваю “ісціну”, а правілы ў некаторых нагадваюць сістэму “дыктатар і падначаленыя”. Адсюль усё тое “прагрэсіўнае” ў маральным плане, што мы бачым на Захадзе, і што прыходзіць адтуль да нас на Ўсход. Прагрэс і духоўнасць рэчы не тоесныя. Але пра тое я шмат казаў у папярэдніх раздзелах.
Таму прычальваем Човен. Пакуль...

2009-2010 гг.
Cвидетельство о публикации 504019 © Южик М. 03.04.16 10:42

Комментарии к произведению 2 (0)

Спасибо, это всё занятия людей внехристианского мира. Они действительно ничего не знают - ибо всё там бесовство и лукавство. )) Что такое христианство и в чем его отличие от остальных религий? Прежде всего - Евангелие это рассказ Бога о самом Себе, откровение, которого нигде больше нет. Все остальные религии - домыслы людей о Боге. Фантазии, нашептанные падшими ангелами (бесами).

"Будызм, тым не менш, засцерагае не ад смерці, а ад новага увасаблення, новага вяртання людзей на зямлю пасля смерці. Па будызме жыць трэба так, каб, па-першае, пазбягаць зямных пакутаў, а па-другое, так, каб твае грахі, твая карма не вярнулі цябе зноў на зямлю. Бога ў будызме няма. -----

а я вот думаю: вдруг правы буддисты? Вдруг бога нет, рая нет вовсе, а есть только ад?! Тогда, черт возьми, так и получается, что добрым, справедливым быть не нужно, а нужно, как кровавые буддисты и веганы в Сирии, Ливии всех убивать, вешать, на кострах жечь, чтобы получить в присносущем аду местечко потеплее? Ох, опасная эта буддистская философия для военного человека! Растлевает разум на раз-два! Держусь только усилием воли, сжав сердце в кулак!

Ваша работа понравилось.