Как издать
книгу?
Желтая лента
Литсовет © 2003-2010
Еженедельник «Обзор»
"Покровский и братья"
Автор года 2009
Автор: Пароль: ?  
Леапард на балконе Южик М.
Произведения в системе Литсовет.
  • Леапард на балконе
  • Автор: Южик М.
  • Жанр: Мистика Триллер Психологический роман
  • Форма: Роман
  • Oпубликовано: 09.11.09 19:38
  • Рецензии на произведение:
  • Число просмотров: 86
  • Средняя оценка: 0 (всего голосов: 0)
  • Комментарии к произведению: 0 (0) »
  • Добавить в избранное: Леапард на балконе
  • Скачать архив с произведением
    Леапард на балконе:
    [в формате ZIP ]  
    [в формате PALM]
    Выставить оценку произведению:
    Считаете ли вы это произведение произведением дня? Да, считаю:
    Купили бы вы такую книгу? Да, купил бы:

    Введите код с картинки (для анонимных пользователей):

    Если Вам понравилась цитата из произведения, Вы можете предложить ее в номинацию "Лучшая цитата дня":


    Введите код с картинки (для анонимных пользователей):

    Леапард – гэта цьмяная сутнасць чалавечай душы. Адна з яе сутнасцяў... Леапард можа прыходзіць нечакана, а можа таіцца ў нас ад самага нараджэння, дрэмлючы. Ніхто не ведае, калі напаткае ягоны прыход. Леапард... Ён спіць, і сон яго нагадвае смерць. Але ён абуджаецца ад сну, і тады смерць становіцца нашым жыццём.. “Спі, леапард, не трэба прачынацца ніколі!” – хочацца крыкнуць, але я баюся яго абудзіць, хоць сама Вечнасць пераконвае мяне, што ўсякі сон калі-небудзь канчаецца...
    Леапард на балконе

      
       Міхась Южык
      
       Леапард на балконе
      
       раман
      
       1
      
       Пятро Мігуля вяртаўся з адпачынку ў неадназначным настроі. З аднаго боку, ён прыняў важнае і лёсапаваротнае рашэнне, а з другога, нейкі сумнеў у яго правільнасці таіўся ў душы. Што дваццацічатырохгадоваму аспіранту філалагічнага факультэта прыспела пара жаніцца, разумелі не толькі яго бацькі, а і ён сам. Выглядала відавочным і тое, што Ксеня Шпачык, з якой Пятро знаходзіўся ў сувязі апошнія два гады, на ролю жонкі не падыходзіла. Крызіс у іхніх узаемадачыненнях пачаўся так даўно, што набыў характар злаякаснай неадчэпнай хваробы. Апошнія месяцы гэта было не жыццё, а нейкі апраметны кашмар. Якой толькі брыдоты яны адно аднаму не нагаварылі, якіх дробных і буйных подласцяў не нарабілі. Нават рукапрыкладства сталася паміж імі звыклай справаю. Здавалася, так пасварацца, што не тое каб сужыцельстваваць нельга пасля такога, а нават выпадкова ў горадзе сустрэцца - сорамна. Аж не. І трох дзён не праходзіла, каб невядомая сіла не прыцягвала іх, быццам розныя полюсы магнітаў. То Пятро з павіннай вяртаецца, то Ксеня ўсімі магчымымі спосабамі - праз агульных сяброў часцей, праз родзічаў - шукае свайго каханка. І знаходзіла, нават калі ён з Мінска з'язджаў. Прычым, што прыгадваецца асабліва балюча, Пятро, калі мірыўся, то перад ёй прыніжаўся заўсёды. А яна, пані, хоць сама мірыцца хацела, абстаўляла гэта так, нібы не яе тут ахвота, праяўляючы пры тым нешараговы рэжысёрскі талент...
       Ну ды што там казаць, цяперака ўсё. Завязаў. Адно дзівіла Пятра Мігулю, чаму ён цэлы год так пакутаваў. Бо падшукаць Ксені замену аказалася лягчэй лёгкага. Толькі цяпер Пятро адкрыў вочы на іхнія заганныя ўзаемаадносіны, калі пакахаўся з сапраўднай, чыстай, добрай дзяўчынаю. Дачкой старога бацькавага прыяцеля, дзевятнаццацігадовай Нінай Сулеевай. Бацька яе, праўда, з казахаў, а маці як быццам беларуская полька, з заходнікаў. Ад бацькі ў Ніны вузкі разрэз вачэй, выразныя рысы твару, усходняя акрэсленасць сцёгнаў і таліі, ад маці - светлаватыя валасы і блакітныя вочы. Ладненькая такая фігурка, а галоўнае, было вялікае спадзяванне на дзявочую чысціню. На Усходзе, адкуль родам яе бацька Амар Рашыдавіч, з гэтым надзвычай строга. Пятро Мігуля, як усякі распуснік, вельмі цаніў дзявочую чысціню.
       У яго, цяпер ужо прамінулай, сувязі з Ксеняй Шпачык цноты не было ні на грам. Менавіта гэта з першых жа дзён развярэджвала. Старэйшая яна за яго на год, калі сышліся - Ксені ўжо дваццаць тры стукнула. Мужыкоў там да яго, мабыць, перабывала - аж страшна падумаць. Вопытнасць, яна для ночы прыдатная, а для сур'ёзнага сужыцельства пажадана браць матэрыял неапрацаваны ды цэласны. Каб не параўноўвала яна цябе ні з кім, каб лічыла, што на зямлі ад самага стварэння больш мужчын не было. Толькі - ты. Любімы, дарагі, разумны, уладарны, надзейны.
       Можа, для каго ўсё гэта пустое, але псіхіка Пятра Мігулі задужа датклівая. Не дароўвае ён нікому ніводнай крыўды, усе насмешлівыя позіркі ў свой бок заўважае і ў куточак памяці занатоўвае. І хацеў бы забыць, ды не можа. Бывала, пасярод ночы прачнецца і прыгадае, як мучыў яго ў дзяцінстве хуліган Мішка Падброўкін, як не даваў праходу і адбіраў грошы, як не мог рашыцца Пятро на адпор. Да таго ж крыўдна, што Мішка, хоць і старэйшы на год, але шчупленькі быў такі, нізкарослы. Нахабствам браў і сувязямі з навакольнай шпаной. Ведаў, што крануць яго мала хто з хлопцаў наважыцца. І шкадуе цяпер Пятро, што так і не расквітаўся з хуліганістым Мішкам: бацька ягоны мачыху па п'яне зарэзаў, у турму сеў, і сірату забрала родная цётка. Словам, назаўжды з'ехаў тады Мішка Падброўкін з двара.
      
       2
      
       Падняўшыся па сцёртых прыступках на чацвёрты паверх, Пятро Мігуля адпёр дзверы і прайшоў у кватэру.
       На двары панавала спёка, сухмень, жнівень рэдка расшчодрываецца на дажджы. Смаліла ўжо трэці тыдзень, таму ў кватэры, нягледзячы на завешаныя перад ад'ездам шторы, было горача, а з прычыны зачыненых вокнаў яшчэ і душна. Пятро перш-наперш знасцежыў усе тры акны, у кухні і двух пакоях. У зале да таго ж адчыніў створкі лоджыі. Гэта прынесла палёгку не адразу: вецер, што імпэтна ўрываўся ў кватэру, быў гарачы, сухі. Ну ды хоць кіслароду паболела.
       Трэба было б абдацца пад душам, бо ў аўтобусе, што вёз яго ад Браслава, Пятро ўпацеў данельга. Аднак ён нагэтулькі змарыўся, што, управіўшыся з вокнамі, паваліўся ў фатэль і праседзеў у задумлівасці хвілін дваццаць.
       Думаў Пятро ўсё аб тым жа: як ён самавіта зажыве без Ксені Шпачык, як у хуткім часе ажэніцца з прыгажуняй Нінай Сулеевай і як увойдзе ў сям'ю Амара Рашыдавіча, чалавека заможнага, уплывовага.
       Амар Сулееў патрапіў на Беларусь па размеркаванні пасля маскоўскага інстытута, праявіў немалы спрыт і ўчэпістасць, даволі хутка пайшоў па чыноўнай лініі ды яшчэ за савецкім часам заняў пасаду ў адным міністэрстве. Там і пазнаёміўся з Пятровым бацькам, Сямёнам Паўлавічам Мігулем, цяпер намеснікам міністра культуры. Сулееў жа гадоў дзесяць таму перакінуўся ў бізнес, дзе на дадзены момант з'яўляўся адным з дырэктараў сумеснага прадпрыемства. Займаюцца яны шмат чым, і адной важнай галіной дзейнасці ёсць пастаўкі на Беларусь нафты.
       Пятро трохі пабойваўся свайго будучага цесця, гэта калі па шчырасці. З'яўляючыся сам чалавекам даволі млявым і пазбаўленым не толькі камерцыйных, а і ўвогуле якіх-небудзь прабіўных здольнасцяў, ён падспудна ўнікаў людзей з моцнай жыццёвай энергіяй. Судакрананне з імі прыносіла яму ўсведамленне сваёй нікчэмнасці, душыла рэшткі свабоднай волі. Карацей, паніжала і без таго невысокую самаацэнку. Пятро выдатна ўсведамляў, што да дваццаці чатырох гадоў ён жыў на бацькавых плячах і ні разу адтуль не саскокваў. Дый, з інстынкту самазахавання, жадання такога не меў. І універсітэт ён скончыў дзякуючы бацьку, і ў аспірантуру там паступіў, і тэму атрымаў, якую мала каму на філфаку даюць: нічога канкрэтнага, адна цьмяная філасофія. І ўжо ясна, дзе і перад кім будзе ён наступным годам абараняцца, і што, калі бацька будзе жывы і здаровы, абароніцца неадменна. Дысертацыя, праўда, і дагэтуль знаходзіцца ў страшэнна разбэрсаным стане, і калі б не навуковы кіраўнік, таксама прыстаўлены старэйшым Мігулем, які пастаянна падганяў ды, па сутнасці, пісаў тую дысертацыю, то нават невядома, што б адбылося. Хаця не, і ў гэтым не падманваў сябе Пятро Сямёнавіч, будучы навуковец: вытурылі б яго з аспірантуры яшчэ мінулага года.
       Кватэра, у якой Пятро пражывае амаль пяць гадоў, дасталася яму ад памерлага дзеда, ветэрана, партызана, заслужанага ў краіне чалавека. Які сапраўды ваяваў, а не па тылах бавіўся, таму і не дажыў да сямідзесяці пяці. Сорамна сказаць, але разам са смуткам страты - а Пятро дзеда любіў - з'явілася тады і патаемная радасць: вось цяпер я сюды пераеду ды зажыву, без бацькоў, без іх камандзірскага ціску. Так другакурснік Мігуля стаў уладальнікам кватэры, якую дзед заслужыў адно ў сорак гадоў.
       Зрэшты, не без напругі тады абышлося, доўга бацькоў угаворваў. Яны ж задумалі кватэру здаваць, а грошы класці на сынаў рахунак. І грошы б то не малыя былі - дом у цэнтры горада, усе вокны на двор глядзяць, цішыня. Аднак, выпрошваючы пераезд, прыводзіў Пятро слушныя довады, быццам хочацца яму самастойнасці, быццам толькі тады ён зможа нармальна засвойваць навукі, калі адчуе адказнасць сам за сябе, ну і гэтак далей. Купіліся на гэта бацькі ці не, паверылі цалкам ці не - у душу ім не зазірнеш, аднак дазвол свой далі.
       Пятру ж самастойнасць была патрэбная з адзінай мэтаю: прывольна аддацца жыццёвым слодычам. Так сталася, што алкаголю яго арганізм не прымаў. У пятнаццаць гадоў гэтак напаілі яго ў турпаходзе прыяцелі, што не можа на спіртное глядзець. Гэта мы да таго вядзём, што не шумных хаўрусаў, не пагулянак-папоек прагнула Пятрова душа (дарэчы, блізкіх сяброў у яго амаль не было), а жадала яна вольных дачыненняў з жанчынамі. Тут варта сказаць, што першы любоўны вопыт Пятро займеў аж у чатырнаццаць гадоў, у лагеры адпачынку. Разбэсціла яго маладая паварыха Святлана. Ды так ашаламіла сваім поўным, дужым і адначасова мякка-падатлівым целам, сваімі неверагоднымі ў бессаромнасці ласкамі, што прыехаў з таго лагера падлетак зусім другім чалавекам. І ўжо, як без допінгу, без жанчын не мог абыходзіцца Пятро Мігуля. Тым больш што поспех у дзяўчатак і дзяўчат меў ён здаўна, будучы і вышэйшым і прыгажэйшым за сваіх аднакласнікаў.
       Калі ўжо зайшла гаворка пра цялесныя дадзеныя спадара Пятра Сямёнавіча, то не палянуемся апісаць яго знешнасць. Ростам пад сто дзевяноста сантыметраў, нешырокай косці, сціплай мускулатуры, з маленькімі кісцямі рук, не знаёмых з фізічнай працаю, памер ступні невялікі, пакатыя, але досыць шырокія плечы, вузкія таз. Адным словам, Пятро на атлета не выдаваў. Уся яго прывабнасць для жаночага полу палягала ў высокім росце, дакладных прапорцыях, тонкіх і вельмі выразных рысах твару. Цёмныя бровы навісалі над светла-шэрымі добрымі, як магло здацца, вачыма. Светла-русыя, злёгку кучаравыя валасы. На твары не праглядалася зморшчын, з яго не сыходзіў румянец - прыкмета здароўя і лёгкай душы.
       Але знешнасць нярэдка бывае дужа падманлівая, бо Пятро Мігуля ні лёгкім, ні добрым чалавекам не быў. Усё гэта засталося ў пары бестурботнага дзяцінства і юнацтва, авеянага дзявочай увагаю. Цяпер жа хлопец жыў напружаным душэўным жыццём, адчуваў пастаянную незадаволенасць сабой і ўсім акаляючым светам. Хацелася нарэшце гэты свет пакарыць, ці хаця б заявіць пра сябе так, каб усе ахнулі. Аднак падспуднае разуменне свайго бяссілля мацавала раздражненне, уганяла ў маркоту.
       Акрамя таго, Пятро мусіў сабе прызнацца, што баіцца памерці. Не, гэта не было тым дзіцячым пачуццём раптоўнага жаху, калі нешта цябе агаломшвае думкай пра смерць, а слабы розум не ў стане з ёй справіцца. Апошнія тры гады Мігуля грунтоўна і напружана думае пра канец існавання жывых істот і асабліва балюча - пра ўласны свой скон. Пачалося тут з розных фактараў, а найперш са спалучэння дзвюх акалічнасцяў - пакутлівай хваробы і смерці дзядзькі Валодзі, матулінага роднага брата, і канвы Мігулевай дысертацыі, дзе ў філасофскім сэнсе разглядаюцца пуцявіны людзей, што нязменна заканчваюцца адным - смерцю.
       О, як радаваўся напачатку Пятро, выбіўшы праз бацьку такую тэму для дысертацыі. Ён страшэнна не любіў канкрэтыкі, ведаў, як пакутуюць аспіранты ў бібліятэках і ўсялякіх архівах, вышукваючы і супастаўляючы разрозненыя звесткі пра тую ці іншую постаць, падзею. Уседлівасць не з'яўлялася прыроджанай якасцю Пятра. Ён не мог і гадзіны за сталом выцерпець. А вось да філасофіі, як меркаваў Пятрусь, ён заўсёды меў цягу. Тут, праўда, ён зблытаў навуку з жаданнем пакрасамоўнічаць, здольнасцю быць, калі трэба, гаваркім і дасціпным. Гэтую якасць вельмі цаніў у сабе Мігуля, падабалася яна і таварышам, асабліва дзяўчатам, якія гатовыя былі слухаць яго балбатню не толькі ўдзень, а і ноччу.
       Карацей, напісаць філасофскую дысертацыю, лежачы на канапе, не ўдалося, а давялося пабегаць па тых жа бібліятэках, пакарпець над кнігамі, праз сілу ў сябе нешта ўвабраць і жахнуцца таму, якая страшная і безвыходная штука жыццё, калі да яго ставішся вельмі сур'ёзна. Хаця не, жахнуўся Пятро не адразу. Спачатку нават узнікла цікавасць, што паступова перайшла ў азарт і жаданне станавіцца дзень пры дні разумнейшым. Падабалася адчуваць сябе мудрацом, чалавекам, што стаіць над убогімі кузуркамі - проста людзьмі, - якія ў абыдзённай валтузні нічога пра сябе не ведаюць.
       Зрэшты, даволі хутка прыйшло ўсведамленне, што гэтыя “проста людзі” не тое што ведаць не ведаюць пра сэнс свайго існавання, не тое што знаць не жадаюць ніякага філосафа Пятра Мігулю, а нават наладжваюць сваё жыццё такім чынам, каб не дай Бог не даведацца, што яна за рэч такая - жыццё. Пятро колькі разоў спрабаваў дзяліцца сваімі думкамі з прыяцелямі, субяседнікамі, палюбоўніцай Ксеняй і сустракаў не проста непаразуменне і нежаданне марнаваць час на такую лухту, а нават нейкую насцярожанасць. Чуццё падказвала, што трэба неадкладна заткнуцца і ніколі нічога такога не паўтараць, бо інакш адбудзецца рэакцыя адпрэчвання ад здаровага арганізма людской супольнасці хворай клеткі, Пятра Мігулі.
       Размовы ж з навуковым кіраўніком дысертацыі ішлі неяк дзіўна, не закранаючы сутнасці рэчаў - як пра гайкі, балты, батоны ці чаравікі. Маўляў, закруцілі вы энную колькасць гаек, Пятро Сямёнавіч? Не? А вось гэта вельмі вам не пасуе. Даю вам тэрміну максімум тыдзень. Праверу. Словам, не адчувалася, што чалавек, які кіруе Пятровай дысертацыяй, дужа захоплены сваёй справай. А досвед, якім ён валодае, найхутчэй мае для яго душы такое ж значэнне, як веданне ўсёй паднаготнай англійскай прэм'ер-лігі па футболе. Ва ўсякім разе, пра футбол Раман Анатольевіч Пейцуховіч гаманіў на рабоце з непадробным азартам.
      
       3
      
       Пятро схамянуўся ў фатэлі. Гэта залямантаваў тэлефон, што стаяў на часопісным століку.
       - Ало, - ён паднёс трубку да вуха, - ну я гэта, хто ж яшчэ можа быць, мама.
       Маці, Наталля Ціханаўна, прасіла прыехаць да іх дамоў:
       - Слухай, бацька хоча цябе сёння пабачыць.
       Пятро паморшчыўся.
       - Дык мы ж з ім тры дні таму рассталіся, а ўчора я яму на мабільны званіў. Не ведаеш, што ён ад мяне на гэты раз хоча? - спытаўся сын і адчуў, што размова скіроўвае ў непатрэбнае нікому напружанае рэчышча.
       - Ну як так можна пра бацьку казаць! - тут жа скарысталася сынавай рэзкасцю маці. - Ён на кафедры тваёй быў, там нейкія пытанні трэба вырашыць. Пеця, я цябе прашу, не сварыся там, не лезь у бутэльку...
       “Пачалося!” - скрывіўся Пятро і на колькі секунд заціснуў далонню слухаўку, каб не чуць матчыных ушчуванняў.
       - Дык ты прыедзеш? - пачуў ён, калі зноў прыклаў трубку да вуха.
       - Ну, зразумела, прыеду, мам. Вось толькі памыюся, драману трошкі... Колькі ў нас зараз часу?.. - Пятро стаў падымаць вочы на насценны гадзіннік.
       - Без пяці дванаццаць... - апярэдзіла яго Наталля Ціханаўна.
       - А дзень - серада... - Сын пашкроб патыліцу. - Ну дык раней за шэсць вечара бацька ўсё роўна не з'явіцца. Мам, ну пасля сямі буду. Лады?
       Развітаўшыся з маці да вечара, Пятро прайшоў у ванны пакой, набраў вады, уключыў магнітафон і ляжаў так хвілін сорак. Расслабіцца, праўда, не ўдалося. Даймалі думкі пра сваю недалёкую будучыню. А іменна, якім чынам паведаміць Ксені пра сваё рашэнне з ёй разысціся. Яшчэ дзень таму, у Браславе, гэта ўяўлялася вельмі простай і не вартай увагі справаю. І нават сёння, ужо ў Мінску, Пятра гэта не надта трывожыла, бо розум быў апанаваны Нінай Сулеевай. Дарэчы, учора вечарам, калі яны прагульваліся пад хвоямі, ён упершыню паклаў ёй руку на талію, а затым, калі Ніна спынілася і пытальна зірнула яму ў вочы, залучыў у абдоймы і прыпаў да яе салодкіх вуснаў... О, што гэта было за імгненне! Потым, праўда, пачуўся сабачы брэх і на алею вываліла шумная гурма адпачываючых. Аднак, як ні круці, першы пацалунак адбыўся, і было відавочна, што працяг не прымусіць сябе чакаць. Ніна вяртаецца ў Мінск у наступныя выхадныя.
       Дык вось, здавалася прасцей простага паставіць завяршальную кропку ва ўзаемаадносінах з Ксеняй, якія, можна сказаць, самі сябе зжылі. Але як гэта зрабіць, каб абысціся без ўсялякіх непрыемных сцэн, Пятро, як выявілася, толкам не ведаў. Не пасылаць жа, далібог, банальную эсэмэску. За тры тыдні, што Пятро знаходзіўся на азёрах, Ксені ён не званіў. Не тэлефанавала і яна яму на мабільны. Развітваючыся, яны пагадзіліся, што ім трэба пажыць паасобку, адпачыць адно ад аднаго, і ўсё ў такім духу. Паўтара месяца таму Ксеня зноў перабралася ад Пятра да сваёй цёткі, дзе атабарылася пасля інстытута (родам яна з правінцыі). Гэты пераезд сам па сабе мала што азначаў. За паўтара года іхняй сувязі такое адбывалася разоў пяць.
       І ўсё ж тое, што апошні месяц яны сумесна не пражывалі, цяпер, у сілу новых абставінаў, аказвалася для Пятра вельмі зручна. Не, пасылаць эсэмэскай паведамленне тыпу “паміж намі ўсё скончана” ён, канешне ж, не будзе. Не будзе ставіць апошнюю кропку і ў тэлефоннай размове. Трэба сустрэцца і ў спакойных танах даць зразумець, што адносіны іх у такім убогім выглядзе доўжыцца больш не могуць. Холадна, з годнасцю падзякаваць Ксені за, так бы мовіць, сужыцельства і разысціся. Можна нават сяброўства прапанаваць, хоць гэта будзе звычайнай пошласцю. Пятро ў сяброўства з мужыкамі не верыў, а з дзяўчатамі - пагатоў. Напрактыкаваўшыся ў філасофскім мысленні, ён добра ўсведамляў, што каханне і сяброўства па сутнасці рэчы палярныя. Што каханне - гэта барацьба і адзінства супрацьлегласцяў, дзе любая адзінка жадае падпарадкаваць другую сваёй волі. І чым больш супраціўляецца гэтаму другая адзінка - тым каханне мацнейшае. Калі ж авалодванне воляй другога адбылося, каханне памірае і яго месца займае або раўнадушнасць, або дружба паміж партнёрамі. Раўнадушнасць найчасцей вядзе да разрыву. У дружбе жыве мноства так званых шчаслівых сем'яў.
       Пятро ўжо выбраўся з ванны, ужо з'еў марожанае, якое дастаў з маразілкі, ужо лёг на канапу і шчоўкнуў пультам тэлевізара, - а разважаць пра фінал іхніх з Ксеняй узаемаадносін не перастаў. Ён мусіў сабе прызнацца, што адчувае нейкую боязь, нейкую няёмкасць, быццам у чымсьці перад ёй вінаваты. Непрыемна ўяўлялася магчымая сцэна расстання, калі ён з каменным тварам прамовіць жорсткія і бязлітасныя словы. Ведаючы характар палюбоўніцы, рэакцыя можа быць самая небяспечная. Колькі разоў, у парыве рэўнасці ці проста ў крыўдзе і шале, яна кідалася на яго з кулакамі, аднойчы падрапала твар. Колькі разоў шпурляла ў яго тым, што пад руку трапіць: талеркамі, тапкамі, кніжкамі, відэльцамі, а аднаго разу кухонным нажом. І ён выломліваў ёй рукі за спіну, даваў аплявухі... Пятро пакутліва зморшчыўся ад гэтых успамінаў. Не, каб уадначас не зглуміць добры настрой, што ўтварыўся пасля адпачынку, Мігуля вырашыў сёння з Ксеняй не сустракацца. Аднак тут жа стрэмкай засела ў душы тое, што за сёння неадменна настане і заўтра і паслязаўтра, што вытлумачэнні з Ксеняй Шпачык усё адно непазбежныя. “А калі зусім не даваць пра сябе знаць?” - раптам варухнулася баязлівенькая думка. Так, проста збочыць з той мінулай дарогі і рушыць не азіраючыся. Балазе Мінск - горад вялікі... Вялікі ды не зусім. Надта ўжо абраслі яны з Ксеняй агульнымі знаёмымі ды прыяцелямі. Усё адно сутыкнешся з ёй у кампаніях. Не рваць жа з-за гэтага ўзаемаадносіны з усімі людзьмі. Дый Ксеня сама, Пятро быў упэўнены, патэлефануе яму, калі ён у бліжэйшыя тры дні не аб'явіцца... Карацей, нервовай размовы тут не мінеш, як ні круці. Зрэшты, любіш катацца - любі і санкі вазіць. Пятро цяжка ўздыхнуў, пагасіў тэлевізар і адвярнуўся тварам да сцяны.
       Сон не ішоў. Замест яго навалілася нейкае ліпкае ачмурэнне, дзе змяшалася ў кашу ўсё, што так ці інакш турбавала апошнім часам Пятра Мігулю. Мільгалі твары бацькоў, трызніўся пляск хваляў, гайдаліся лодкі і катамараны, усміхалася прыгажуня Ніна Сулеева, пясчаная сцяжынка вілася між соснаў, сцяжынку змянялі асфальтаваная дарога і рык аўтобуса; з'явіўся хуліган Мішка Падброўкін, які чамусьці пастарэў так, што меў сівую доўгую бараду; раптам над Пятром нахіліўся Амар Рашыдавіч, стаў катурхаць, а затым груба затрос за плечы і шпарка загергетаў па-казахску, ці што; “Падлюга! Я ненавіджу цябе!” - закрычаў Амар Рашыдавіч тонкім жаночым голасам: то быў голас Ксені Шпачык; спалатнелая, вастраносая, яна выскаліла доўгія зубы, мерачыся ўпіцца ў Мігулеву шыю... Пятро ўскрыкнуў, падхапіўся і сеў. Парыў ветру з балкона ўздымаў цяжкую шторыну. На імгненне здалося, што за ёй стаіць жывы чалавек...
       “Не, гэта ўжо зусім невыносна!” - прастагнаў Пятро. Ён зачыніў балкон, прайшоў на кухню, спаласнуў твар халоднай вадой і, узяўшы новы пачак цыгарэт, выйшаў з кватэры. “Я разбяруся з ёй, толькі не сёння, не сёння!” - мармытаў ён, калі спускаўся па лесвіцы.
      
       4
      
       Наталля Ціханаўна Мігуля была жанчына пяцідзесяці сямі гадоў, пенсіянерка, а да гэтага працавала эканамістам на адным буйным прадпрыемстве. Рашэнне выйсці на пенсію па ўзросце прыйшло не само, а было падказана суровай сапраўднасцю. Яе пяцідзесяціпяцігоддзе супала з хваробай малодшага брата Валодзі. Брату, які на той момант даўно быў у разводзе і разладзе з жонкай і двума дзецьмі, паставілі страшны дыягназ, і ўсе турботы і клопаты па доглядзе за цяжкахворым леглі на плечы Наталлі Ціханаўны. Брат зачах за які год, паступова ператвараючыся са здаровага веселуна ў абцягнуты чымсьці нядужым шкілет. У такім выглядзе і адышоў Валодзя туды, адкуль не вяртаюцца, праклінаючы гэтае жыццё, што напрыканцы прынесла яму такія пакуты. Усё гэтае пераўтварэнне даўжынёю ў год, ператварэнне з румянага жыццялюба ў труп, прайшло на вачах гаротнай сястры.
       Аднак ашаламляў яе нават не выгляд пакутнага брата, а тое, як кардынальна мяняецца характар чалавека падчас цяжкай хваробы. Куды толькі дзяваюцца чуласць, спагада, далікатнасць і здольнасць разумна ацэньваць сітуацыю. Іх няўмольна замяняюць раздражняльнасць, нецярпімасць да акаляючых, крыўдлівасць - усё тое, што добра вядомае ў медыцыне як эгаізм хворага. Чым невыноснейшымі робяцца пакуты асуджанага на смерць чалавека, тым больш ён пачынае цікавіцца самім сабой, тым менш здольны стаць на месца ўрачоў і тых, хто яго даглядае. Увесь свет для яго - гэта нясцерпны боль і не менш нясцерпныя думкі. Пра гэта распавёў Наталлі Ціханаўне святар, да якога яна звярнулася ў часіну роспачы. Айцец Аляксей на многае ёй раскрыў вочы ў тыя жахлівыя месяцы, а вера, да якой прыхінулася колішняя атэістка, прынесла такое жаданае суцяшэнне.
       З таго часу яна і наведвае прыход айца Аляксея, і не жадае вяртацца на працу, як прапаноўвае муж. Наталля Ціханаўна загружана царкоўнымі дабрачыннымі клопатамі, адведвае цяжкахворых і адзінокіх людзей, памагае ім па гаспадарцы. Сямён Паўлавіч на гэта бурчыць, а таму згоды ў іхняй сям'і няма. Няма поўнага спакою і ў душы Наталлі Ціханаўны, таму што, прыняўшы ў сябе праваслаўе, яна не стала бясплотным духам і абкружана ўсё тымі ж матэрыяльнымі абставінамі, што і раней. Як і раней, падазрае яна, што муж, які не быў ёй верны ўсё жыццё, і цяпер падманвае пры любым зручным выпадку. Доказаў, праўда, няма ў Наталлі Ціханаўны, але яна добра ведае мужаў характар і тэмперамент, не забылася на яго маладыя подзвігі-здрады. Да таго ж выдатна ўсведамляе Ціханаўна і тое, што яна ўжо амаль не жанчына, асабліва ў святле перажытага гора з братам, якое адабрала нямала здароўя, дадало маршчын і сівых валасоў. Муж жа ўсё жыццё нічога блізка да сэрца не браў, любіў выпіць, пад'есці, цаніў жаночыя вабноты, не ведаў згрызотаў сумлення, а таму зараз як агурок. Румяны, гладкі твар, нічым не прыхворвае, праз дзень у басейн ездзіць.
       Другая турбота, вядома ж, сын, які такім доўгачаканым чалавечкам “зазбіраўся” на свет, калі Наталля Ціханаўна дасягнула трыццацігадовага ўзросту і яны з мужам амаль згубілі надзею. Канешне, рэдка калі бацькі задаволены сваімі нашчадкамі. Іх можна параўнаць з мастакамі, што даводзяць і даводзяць да ладу сваё палатно і ніяк не могуць спыніцца. Зрэшты, як бываюць бяздарныя мастакі, што радыя любой сваёй нікому не патрэбнай мазні, гэтак бываюць і кепскія бацькі, якія досыць раўнадушныя да лёсу сваіх дзяцей. Але такіх бацькоў, у адрозненне ад такіх мастакоў, вельмі мала і Наталля Ціханаўна не адносілася да іх ліку. Пятрусь яе турбаваў у свае дваццаць чатыры гады не менш, а можа, і больш, чым у чатыры. Бо цяпер не схопіш яго за руку, як у маленстве, не накіруеш вокрыкам туды, куды трэба, а даводзіцца адно ўгаворваць ды баяцца, каб не пакрыўдзіўся, не аддаліўся ад яе яшчэ больш.
       Цяжка перажывала маці, калі Пятрусь пяць гадоў таму пажадаў жыць асобна ад іх, у кватэры яе памерлага бацькі. Баялася - і небеспадстаўна - што з'едзе ён з рэек, зблытаецца абы з кім, ну і гэтак далей. І нават узрадавалася Наталля Ціханаўна, што бавіліся ў сынавай кватэры, як выявілася праз суседзяў, пераважна прадстаўніцы жаночага полу. Шумных пагулянак і алкаголю амаль зусім не было. Праўда, засмучала, што дужа часта мяняліся сынавы сяброўкі, што не знаёміў ён з імі і, відавочна, сур'ёзных намераў не меў. Пры сучаснай разбэшчанасці грамадства і заразе, што гуляе паўсюль, гэта выглядала як бы і небяспечна. Але тут заставалася адно спадзявацца, што “пранясе”, і небяспека, па вялікім рахунку, была не большая, чым захварэць на нешта жудаснае без дапамогі блудлівых дзевак, чым патрапіць у аўтааварыю ці атрымаць цагліну з даху на галаву. Дарэчы, пры слове “аўтааварыя” маці заўсёды скаланалася, бо Пятрова машына, падораны бацькам старэнькі “Фольксваген”, ужо трэці месяц стаяла на прыколе пасля таго, як сын уехаў на скрыжаванні ў бок тралейбуса. Траўмаў ніякіх любімы нашчадак не атрымаў, але аўтамабілю патрабаваўся сур'ёзны рамонт, на які Сямён Паўлавіч грошай сыну не выдзеліў. У дадзеным выпадку бацька паддаўся на ўмольныя просьбы Наталлі Ціханаўны, дый сам быў не супраць пакараць наравістага сына адлучэннем ад аўтамабіля на колькі месяцаў. Ён, звычайна паблажлівы да Пятра, аб'явіў свой прысуд сурова і безапеляцыйна. “Зрэшты, калі хочаш ездзіць, сам рамантуй”, - сказаў ён сыну. А на недаўменнае пытанне пра грошы хітравата прыжмурыўся і прапанаваў нашчадку зарабіць самому. Зарабляць грошы самастойна дваццацічатырохгадовы аболтус не ўмеў, а таму пайшоў ад бацькі ні з чым.
      
       5
      
       Наталля Ціханаўна чакала прыходу, а дакладней, прыезду мужа з работы. Дый сын праз якія паўгадзіны павінен быў падысці. Яна паставіла ў духоўку запраўленую яблыкамі ды блінамі курыцу і пачала рабіць салату з кальмараў па новым рэцэпце.
       Сямён Паўлавіч сапраўды знаходзіўся па дарозе дадому. Ён гартаў свежую газету, разваліўшыся на заднім сядзенні службовай “Волгі”. Зрэдку паглядваў наперад, паўз ладны карак негаваркога вадзіцеля Сашкі, нечаму ўсміхаўся, задумваўся, зноўку ўнурваўся ў газеціну.
       Сямён Паўлавіч быў мужчына, як ужо казалася, дужы, здаровы і выглядаў значна маладзей за свае пяцьдзесят восем гадоў. Намеснікам жа міністра культуры працаваў пяты год. А дагэтуль займаў самыя разнастайныя чыноўныя пасады - ад Капыльскага райвыканкама, дзе пачаў сваю кар'еру яшчэ па камсамольскай пуцёўцы як перадавік і ўдарнік сацыялістычнай працы. Родам Сямён Паўлавіч Мігуля быў з невялікай лясной вёскі пад Глускам. Там і дагэтуль жывуць у добрым здароўі яго бацькі. Дарэчы, ён вельмі ганарыцца сваім сялянскім паходжаннем і ўзгадвае яго пры любой зручнай і нязручнай нагодзе. У яго нават прымаўка ёсць: “ад сахі” - у тым сэнсе, што ў трывалай повязі з роднай зямлёй усе яго поспехі. Зрэшты, з вёскай і звязаным з ёй ладам жыцця Сямён Мігуля разлучыўся гадоў трыццаць таму, прытым з непрыхаванай радасцю і спадзевам на паспяховую самарэалізацыю ў сучасным горадзе. Што і спраўдзілася. У бацькоў ён бывае не тое каб рэдка, але, памяркуйце самі, навошта туды ездзіць цяпер, калі ён даволі-такі добра ўсім забяспечаны. Раней, асабліва ў галодныя часіны гарбачоўскай перабудовы, няблага падмагла яму бацькоўская сядзіба мясам і салам. Ну і ён у сваю чаргу арганізоўваў ім праз старшыню калгаса бясплатныя кармы для свіней і каровы, дый шмат чым іншым садзейнічаў праз высокія сувязі. Але пра гэта зараз шырока не будзем. Варта толькі сказаць, што да фізічнай працы Сямён Паўлавіч ахвоты даўно не меў і ўласнымі рукамі бацькам не дапамагаў ужо гадоў дваццаць пяць, не меней. Тым больш што на вёсцы дзве родныя сястры засталіся, з мужамі і шматлікімі дзецьмі. Словам, ёсць каму паспрыяць. На радзіму ж цяпер Сямён Паўлавіч наведваецца як дарагі і шаноўны госць. Дарэчы, Мігуля з нядаўняга часу - пачэсны грамадзянін горада Глуска.
       - Прыпыні тут, Сашок, - загадаў вадзіцелю Сямён Паўлавіч. - Я на хвілінку заскочу. - І паказаў, калі яны знерухомелі, у бок супермаркета.
       - Мне з вамі ісці? - абярнуўся Сашка да гаспадара.
       - Не-не, сядзі, - махнуў рукой Мігуля, спрытна вылузваючыся з “Волгі”. - Я мігам.
       Ён рушыў да ўвахода, пранік унутр, прайшоў пару касавых радоў і дастаў з кішэні мабільнік.
       - Алена, - шапнуў ён у трубку праз колькі секунд. - Я сёння не прыеду. А? Ну сын завітае, размова ёсць. А? Ну заўтра ўдзень найхутчэй. Ну, ладна, заўтра раскажаш мне пра ўсе свае клопаты. Няма калі, далібог...
       Сямён Паўлавіч насцярожана азірнуўся і сунуў мабільны ў кішэнь пінжака. Каб занадта не інтрыгаваць чытача, скажам адразу, што Алена, якой ён званіў, была яго, можна сказаць, другая сям'я. Неафіцыйная, зразумела. Там расла трохгадовая дачка, якая часам называла Мігулю татам. Што, дарэчы, вельмі расчульвала і адначасова бянтэжыла Сямёна Паўлавіча. Алене ж, сакратарцы ў адной прыватнай кампаніі, ішоў усяго дваццаць восьмы год. Далей пакуль што не развіваем.
       Праз колькі хвілін Сямён Паўлавіч паважна выходзіў з “Волгі” ў двары свайго дома, які мясціўся ў досыць рэспектабельным раёне цэнтра горада, непадалёк ад праспекта Незалежнасці (тады яшчэ Скарыны). Кватэра ў Мігулі знаходзілася на зручным чацвёртым паверсе дзевяціпавярховага дома, чатырохпакаёвая, жылой плошчай каля шасцідзесяці квадратных метраў, з кладоўкай і вялікай кухняю. Гэта пры тым, што ўжо пяць гадоў пражывалі там толькі яны з жонкай. Праўда, адзін пакой быў зарэзерваваны за Пятром, які час ад часу там начаваў, ці прыходзіў пасярод белага дня адаспацца, папярэдне злазіўшы ў запоўнены халадзільнік.
       А пакуль Сямён Паўлавіч Мігуля крочыць, адпусціўшы вадзіцеля, да свайго пад'езда, пакуль падымаецца па лесвіцы да ліфта, заходзіць у яго, націскае кнопку і едзе, трэба сказаць пра яго яшчэ пару слоў. А то можа ўзнікнуць выключна адмоўнае ўражанне ад гэтага, у прынцыпе, прыстойнага і дастойнага чалавека. Што ў яго ёсць маладая палюбоўніца - гэта грэх, але грэх, па сучасных мерках, не надта вялікі. Што ёсць пазашлюбная дачка - не добра, але многія заможныя і ўплывовыя людзі здольныя выгадаваць нашчадка і ў семдзесят год. Што Сямён Паўлавіч эгаіст - дык усе мы ў той ці іншай ступені такія, проста або добра гэта скрываем, або жыццё не дае нам свой эгаізм праявіць. Усё, што думае пра яго жонка, вечна ахопленая падазрэннямі і затоенай рэўнасцю, - насамрэч далёка не так. І зусім ён не абыякавы да яе з сынам, і за памерлага Валодзю, яе брата, перажываў, і дапамагаў, чым мог, з бальніцамі, дактарамі, лякарствамі.
       А зараз, напрыклад, Сямён Паўлавіч надзвычай заклапочаны сынавым лёсам. Не зманіла Наталля Ціханаўна Пятру - бацька сапраўды хацеў з ім сёння пагаварыць. Ды толькі не пра кафедру, не пра дысертацыю - Бог з ёй, напішацца, - а паставіць пытанне рубам пра сватаўство і жаніцьбу на Ніне Сулеевай. Гэта ж ён сам і звёў з ёй Пятра, прапанаваўшы паехаць на Браслаўскія азёры пагасцяваць да свайго прыяцеля Амара Рашыдавіча. У таго там дом свой, абслуга, ну і ўсё адпаведнае. З Амарам яны амаль што змовіліся, сышліся на тым, што калі маладыя спадабаюцца адно аднаму, то можна біць па руках. Сямёну Паўлавічу было ўсцешна, што яго шалапутны сын увойдзе ў сям'ю грашавітых людзей. Ведаў ён таксама, што і Амарава самалюбства будзе спатолена тым, што дачка звяжа свой лёс з сынам дзяржаўнага дзеяча. Словам, шлюб вырысоўваўся на ўсе сто. Аднак чым бліжэй насоўваліся лёсавызначальныя дні, тым больш трывожыўся Сямён Паўлавіч. Бо надта вялікую стаўку ён зрабіў на гэтую справу. А сын, магло так стацца, успрыме ўзаемадачыненні з Нінаю як чарговы флірт, ці - не прывядзі Божа - проста пакарыстацца ўздумае. Трэба адразу расставіць кропкі над “і”, бо ў адваротным выпадку можа здарыцца шмат чаго непрыемнага. Не па тых правілах жыве клан Сулеевых, каб дапускаць падобныя вольнасці. Тут не толькі сяброўства страціш, а яшчэ ворага сабе нажывеш.
       Падлівала масла ў агонь і веданне сынавага ладу жыцця, а таксама тэмпераменту, успадкаванага не ад каго іншага, як ад самога Сямёна Паўлавіча. Памятаў старэйшы Мігуля, што сам у свае дваццаць пяць гатовы быў душу д'яблу прадаць, а авалодаць жанчынай, да якой адчуў пожад. Нішто тады стрымаць не магло. Гэтыя сынавы путаны, што жывуць ці проста начуюць у таго ў кватэры, - справа адна. Тут нават Амар, калі даведаецца, зразумее. Але каб Пецька на ліха не падумаў, што і з Нінай так можна. “Ну не ідыёт жа ён круглы, у рэшце рэшт!” - злаваўся Сямён Паўлавіч, абмазгоўваючы размову, што мела сёння адбыцца. Хоць сын не ідыёт, а папярэдзіць яго неабходна па ўсёй строгасці. Гэта раз. Па-другое, у вясёлкавых фарбах абмаляваць яму перспектывы, што адкрыюцца пасля жаніцьбы на Ніне. Пераканаць. Заклікаць да розуму. Убіць у галаву, што жыццё чалавечае мае каштоўнасць толькі ў сям'і, толькі тады, калі ты ўсе сілы кладзеш на працяг свайго роду. Сам Сямён Паўлавіч, дарэчы, гэта апошнім часам асабліва адчуў. Яго пазашлюбная дачка Танечка прыемна ўзнавіла ў ім даўнія пачуцці, якія ён перажываў у часы нараджэння і першых гадоў Пятровага жыцця. Свет, які быў звузіўся для яго, які пагражаў ператварыцца ў тунель з выхадам у магілу, неспадзявана пашырыўся, пасвятлеў, заззяў святочнымі барвамі. Нібы гадоў пятнаццаць Сямён Паўлавіч з сябе скінуў. Нейкая энергія неўтаймоўная з'явілася, аптымізм, узрасла цікавасць да акаляючага. Усё раптам стала неабыякавым - ад сусветнай палітыкі да галубоў, што таўкліся перад пад'ездам. Гэтая неабыякавасць і прымусіла задумацца пра Пятроў лёс, азарыла геніяльнай задумай ажаніць яго, ды не абы з кім, а з дачкой самога Сулеева. Так загарэўся гэтай ідэяй бацька, што нават бяссонне прыдбаў.
      
       6
      
       Сямён Паўлавіч націснуў кнопку званка. Наталля Ціханаўна яму адчыніла.
       - Ну Пецькі, бачу, няма, - сказаў муж, зірнуўшы на абутковую паліцу. - Даўно ты з ім гаварыла?
       - Ды тады яшчэ, па абедзе. - Жонка прыняла ў мужа пінжак, акуратна пачапіла на плечукі вешалкі. - Прыйдзе ён, не турбуйся.
       - Прыйсці то прыйдзе, маці, - хмыкнуў Сямён Паўлавіч, прычэсваючыся перад люстэркам. - Не гэта мяне хвалюе.
       - А што? - Наталля Ціханаўна стаяла з узятым на вешалку пінжаком, збіраючыся павесіць яго на балконе.
       - Ну давай пройдзем у залу, ды, пакуль сына няма, я табе дам наконт яго інструктаж.
       Муж сунуў ногі ў тапкі, паклыпаў у залу і паваліўся там у фатэль. Жонка, з пінжаком у руках, кіравала за ім. Сямён Паўлавіч з паўхвіліны памаўчаў, аддыхваючыся ад гарачыні працоўнага дня. Затым скоса зірнуў на Наталлю Ціханаўну, якая ўжо павесіла пінжак праветрывацца і села на канапу. Скразнячок трапаў яе пасівелыя валасы. У простым хатнім халаце яна выглядала значна старэй за мужа, у якога і намёку на сівізну не было. Поўны румяны твар, на лбе няма рэзкіх зморшчын...
       - Вось што, маці, хачу я табе сказаць, - пачаў Сямён Паўлавіч адказным голасам, які выпрацаваўся ў яго за доўгія гады чыноўнай службы. - Я звёў у Браславе Пятра з дачкой Амара і, не буду скрываць, вельмі спадзяюся, што ўсё вырашыцца як мае быць.
       Муж зрабіў паўзу. Жонка пытальна на яго пазірала.
       - Ну ты разумееш, што яму нарэшце жаніцца пара?! - сказаў ён, нечакана раздражняючыся.
       - Дык я гэта ўжо два гады гавару. У яго ўзросце, ды з яго характарам...
       - Ды кінь ты гэты характар! - махнуў рукой Сямён Паўлавіч. - Во дзе ён мне, яго характар, вышэй даху! Ты мне скажы, падабаецца табе Амар у якасці родзіча ці не.
       - Пачакай, бацька. - Наталля Ціханаўна сціснула пальцамі скроні, быццам збіраючы свае думкі ў кропку. - Пачакай, не спяшайся. Ты ж не на Амары Рашыдавічы яго жэніш - на Ніне. А вось яна мне падабаецца цалкам. І калі Пеця...
       - Ат, Наташа, не ўдавай з сябе дурніцу! Ты цудоўна ведаеш, што сыну нашаму падабаюцца ўсе доўгія ногі і прыгожанькія тварыкі. Не пра тое гаворка. - З гэтымі словамі бацька ўстаў і пачаў мераць крокамі залу. - Ты мне лепш падкажы, як давесці нашаму ахламону, што жаніцьба яму неабходная як паветра. І менавіта на Ніне Сулеевай. А? - Ён спыніўся перад жонкай.
       Яна ўжо збіралася нешта адказаць на мужаву тыраду, але той схамянуўся, ледзь не падскочыў на месцы і тэатральна прыклаў палец на вуснаў:
       - Тсс! - зашыпеў ён з перакошаным дзіўнай напругаю тварам. - Позна ўжо. Пятро ключом у дзвярах калупае, чуеш?!
       Наталля Ціханаўна, што напачатку знячэвілася ад мужавага вокрыку, зараз адчула палёгку - бо ж нічога трагічнага не адбылося, проста прыйшоў сын.
       Аднак Сямён Паўлавіч так не лічыў, а таму памкнуўся ў вітальню і з парога ўчыніў сыну разборку.
       - Я колькі разоў цябе, як чалавека, прасіў, - гаварыў ён узвышаным тонам, - не залазіць у кватэру як злодзей! Хочаш адчыняць ключом - тваё права. Але спярша пазвані, каб мяне ў стрэс не ўганяць.
       Сын, скідаючы абутак, моўчкі пазіраў на сярдзітага бацьку і ўсміхаўся.
       - Ён маўчыць! - развёў рукамі Сямён Паўлавіч, апелюючы да Наталлі Ціханаўны, што падышла ўслед за ім. - І яму яшчэ смешна!
       - Ды не гарачыся ты так, бацька. - Пятро паблажліва паклаў яму руку па плячо. - Нервы трэба лячыць. Я ж не вінаваты, што ты такі нервовы ў нас. - І пасунуўся ў ванную; не зачыніўшы дзверы, стаў мыць рукі і апалоскваць твар.
       Бацька з маці стаялі і чакалі, пакуль ён закончыць. Але Пятро з паказной асалодай фыркаў і плёхаўся хвілін пяць. Нарэшце выцерся і няспешна прайшоў у залу.
       - Есці тут будзем? - спытаўся ён, прызямляючыся на канапу. - А то я без абеду сёння. Што ты нагатавала, мам?
       - Галодны не будзеш, - супакоіла яго Наталля Ціханаўна і пайшла на кухню.
       Бацька, адчуваючы трывогу ў душы, сеў насупраць Пятра. Ён доўга хмыкаў, адперхваўся, перш чым пачаць.
       - Ведаеш, сын, - узяў ён нечаканы для сябе панібрацкі тон, - давай як мужчына з мужчынам. Скажы мне, што ты думаеш наконт сваіх узаемаадносінаў з Нінай... І толькі прашу цябе: прыбяры з твару гэтую глумлівую ўсмешку і адказвай сур'ёзна.
       - Ну, калі сур'ёзна, то нічога сур'ёзнага не адбылося. - Пятро закінуў нагу на нагу, а пальцы рук сашчапіў за патыліцай. - А што ты чакаў?
       - Слухай, я не буду зараз корпацца ў тваіх пачуццях, але я не сляпы, і мне хапіла двух выхадных, каб зразумець, што ты нездарма каля яе завіхаешся.
       - А перад кім мне завіхацца, калі яна там адна з маладых ды прыгожых? Было, праўда, пару сябровак. Ды яны не на мой густ - таўстаногія.
       - Яшчэ раз прашу не крыўляцца... - Тут Сямён Паўлавіч міжволі панізіў голас, бо ўвайшла жонка з падносам. - А зрэшты, ад маці тайнаў няма. Так што і ты, Наташа, слухай, што адказвае наш сын. Слухай і на вус намотвай.
       - А ў жанчын няма вусоў! - хіхікнуў Пятро.
       - Сынок, не злуй бацьку, не скамарошнічай, - папрасіла яго Наталля Ціханаўна і выйшла з залы з пустым падносам.
       - Я разумею, Пеця, што пасля адпачынку ў цябе выдатны настрой. Ведаю таксама тваю дасціпнасць, - пачаў пакрыўджаны сынавай заўвагай Сямён Паўлавіч. - Але ж калі ты бярэшся папраўляць бацькавы памылкі, то дазволь і мне табе сказаць па ўсёй шчырасці ды з усёй праматою. І тады ўжо ты не крыўдуй...
       - Ды ладна табе, тата... - пайшоў нібыта на міравую сын.
       - Не ладна, а падрыхтуйся слухаць і адказваць! - Бацька пасунуўся ў крэсле наперад. Іх раздзяляў абедзенны стол.
       - Мама! Хутка там ці не? Я есці хачу - паміраю.
       - Не памрэш! - прыкрыкнуў Сямён Паўлавіч; ён, аднак, адчуваў, што размова яўна не клеіцца, што ініцыятыва сыходзіць з рук, што ён гаворыць зусім не так і не тое. - Дык вось, адказвай мне адразу і не марудзячы! Гатовы ты стаць мужам Ніны Сулеевай ці не. Ну! - зыкнуў бацька. - У вочы, у вочы мне глядзець!
       - Не крычы ты так, суседзяў спалохаеш! - Маці ўвайшла з блюдам, на якім высілася доўгачаканая курыца.
       - Мам, ён думаў мяне збянтэжыць такім пытаннем! - ускрыкнуў Пятро і пацягнуўся рукамі да тлустай курыцы. - Ножку, верх ножкі мне! - Ён схапіў сцягно курынай нагі і прагна ўпіўся зубамі.
       Наталіўшы першы голад, Пятро хмыкнуў, абцёр рукі сурвэткай і наліў ліманаду.
       Бацька яшчэ не дакранаўся да ежы і нецярпліва, сярдзіта глядзеў на сына. Маці, чарговы раз схадзіўшы на кухню, толькі што прысела за стол.
       - Дык вось, бацькі мае дарагія, - Пятро гучна сербануў з фужэра газіраваны напітак, - я не такі дурань, як, мабыць, вы пра мяне думаеце. А таму ніколі б не завёў шуры-муры з дачкой Сулеева, каб не бачыць пэўную перспектыву.
       Пры гэтых словах Сямён Паўлавіч крыху расслабіўся. Але многае яшчэ ў сынавым голасе яго насцярожвала.
       - Я цудоўна зразумеў, навошта мяне туды запрасілі. Зразумеў адразу па прыездзе, - працягваў сын.
       “Мая кроў!” - адзначыў пра сябе бацька. І тут жа засаромеўся гэтай думкі.
       - А зразумеўшы, што да чаго, - гаварыў Пятро, беручыся за новы кавалак курыцы, - я добра і старанна выканаў сваю ролю. Ні гаспадар, ні яго дачка, мяркую, у крыўдзе не засталіся.
       - Пеця, не крыўляйся, прашу... - нясмела пачала маці.
       - Стоп, Наташа, не перабівай! - строга абарваў яе Сямён Паўлавіч. - Я хачу не прапусціць ніводнай ягонай рэплікі.
       - Правільна, бацька! - ухваліў Пятро. - Слухай уважліва. Слухай і наталяйся! Я прыняў правілы гульні не з дзяжурнай ветлівасці, а проста таму, што Ніна мне спадабалася. Не скрыю, спадабалася яна чыста знешне, вузкая талія, шырокія бёдры, мілавідны тварык і ўсё такое...
       - Хм, аднак жа! - Тут Сямён Паўлавіч ужо не мог прамаўчаць. - Глядзі, маці, які, аказваецца, густ у нашага сына. Не ведаў, не ведаў, што дзяўчат цяперака ацэньваюць па шырыні сцёгнаў, вузкасці таліі ды... трэба ўжо было дадаць - акругласці ягадзіц.
       - Бацька... - паморшчылася Наталля Ціханаўна. - Ну давайце будзем сур'ёзнейшымі.
       - А гэта вельмі сур'ёзна, мам! - запярэчыў Пятро. - Пакладзі мне вунь той салаты. Ага. Дзякуй. Дык вось, былі б мы дурнямі ці крывадушнікамі, каб выбіралі сабе жонак ці палюбоўніц не па цялесных вартасцях. Гэта закон прыроды, які не аб'едзеш. Чаму мне падабаюцца жанчыны з акрэсленымі бёдрамі і таліяй? Таму, што шырокія бёдры дазваляюць лепей вынасіць і нарадзіць маё будучае дзіця. А вузкая талія, па-першае, падкрэслівае шырыню бёдраў, то бок ідэнтыфікуе жаноцкасць, а па-другое, мае патэнцыял пашырацца пры цяжарнасці.
       - О Божа, ён зноў з нас здзекуецца, - уздыхнуў Сямён Паўлавіч і без апетыту надкусіў курынае крылца. - А я ўжо думаў, што будзе грунтоўная гутарка.
       - Бацька, бацька! Чакай. Ты ніколі не хочаш выслухаць мяне даастатку. Павер, і ў думках здзекавацца з вас у мяне не было. Я гавару цалкам сур'ёзна і шчыра. Так шчыра, каб ніводнай недагаворанасці ў пытанні жаніцьбы не засталося. Я гавару вам, як думаю. А вы ацаніце, можа такі чалавек прэтэндаваць на дачку спадара Сулеева, ці не. Вам рашаць, адным словам.
       Пятро наліў яшчэ ліманаду і падкурчыў адну нагу пад сябе.
       - Такім чынам, я пачаў тлумачыць сэнс жаночай прывабнасці пры выбары нявест ці проста сужыцелек. Далей ідуць грудзі - гэта вельмі важны і незаменны ў сямейным жыцці атрыбут. Жаночыя грудзі кормяць нашчадкаў. Чым яны большыя, крамянейшыя - тым большая верагоднасць, што мае дзеці не застануцца без малака і будуць здаровыя. Так? Зрэшты, празмерна вялікія, віслыя грудзі - гэта ўжо перабор. Не эстэтычна і ў жыцці замінае. Словам, жаночыя грудзі павінны быць вялікімі, поўнымі, але не празмерна. У Ніны Сулеевай тут усё як мае быць. Ні дадаць, ні адняць, як кажуць.
       - І ўсё ж не трэба так вульгарна, сынок... - Маці са шкадобай глядзела на сына.
       - А хай выдурваецца далей. - Бацька махнуў рукой. - Я набяруся цярпення і выслухаю, як ён казаў, “даастатку”. А ўжо потым скажу колькі ласкавых слоў. Хай тады не крыўдуе.
       - Згода! - усклікнуў Пятро. - Працягваю: у нявесты павінны быць маленькія ступні і кісці рук, бо гэта таксама атрыбуты жаноцкасці. Вялікія ступні выяўляюць або нешляхетнае паходжанне, або наяўнасць мужчынскіх генаў, што недапушчальна. У Ніны Сулеевай і тут поўны парадак. - Пятро хітравата прыжмурыўся. - Далей ідзе самы важны аспект - твар. Ён не павінен быць прышчавым, пухлашчокім, насатым, таўстагубым. Твар павінен быць досыць худым, прапарцыянальным, багатым разнастайнай мімікай, а значыць, сімпатычным, прывабным. Важны момант: худым павінен быць твар, а не цела. Цела жанчыны мусіць быць паўнаватым, каб утвараць мяккасць і грацыю. Але паўнаватым - не тоўстым!
       - Вось што робіць з людзьмі сучасная філасофія, - уздыхнуў бацька, выціраючы сурвэткай вусны. - Але працягвай, працягвай...
       - Усе названыя прыкметы жаноцкасці ўзяты не “ад балды”, не па маёй прыхамаці, а выпрабаваны прыродай цягам тысячагоддзяў. І калі мы выбіраем прыгожую жонку, то ведаем, што і нашчадкі нашы будуць здаровымі, прыгожымі, а значыць, сексуальна прывабнымі. Адсюль вынікае, што і яны не сустрэнуць праблем пры выбары палавога партнёра і што наш бясцэнны род не спыніцца ў таўшчыні будучых вякоў, а, наадварот, узбуйнее і расквітнее...
       - А ты не дапускаеш, чалавеча, - з іроніяй перарваў бацька сына, - што, акрамя ўсіх гэтых тваіх попак, грудзей і тварыкаў, ёсць яшчэ нешта вельмі істотнае, нейкі, так бы мовіць, крытэрый, па якім ствараюцца шлюбы. А? Можа, ёсць яшчэ блізкасць інтарэсаў, псіхалагічная сумяшчальнасць ды іншае... А галоўнае, каханне, на якое цяпер усе чамусь дружна забыліся.
       - Не, тата, - пярэчыў Пятро, - усё я дапускаю і ні на што не забыўся. А толькі перакананы, што ў каханні цялесныя вартасці з'яўляюцца найважнейшымі. Ну ды не будзем пра гэта. Лепш пачнём расстаўляць кропкі над “і”. Ці кахаю я Ніну? У маім разуменні - кахаю. У вашым - яна для мяне жаданая як жанчына. Ці гатовы я стаць яе мужам? Ахвотна - каб яна не была дачкою такога крутога дзядзькі. Бо, згаджаючыся легчы з ёю ў сямейны ложак, я фактычна згаджаюся падкласці туды і яе татачку, які будзе атручваць наш інтым, пастаянна ўмешвацца, падглядваць і ціснуць на маю псіхіку. Гэта ўжо пэўна.
       - Аднак... - прабурчаў бацька.
       - Сыночак, пабаяўся б ты Бога. Такую брыдоту вярзеш...
       - Ды ладна табе, мама. Бог тут зусім не пры справах. Хай да яго звяртаюцца хворыя і ўбогія. Я ж, як здаровы матэрыяліст, што прывык адказваць за свае ўчынкі, а не цягнуць рукі да неба і бесперастанна хрысціцца, скажу: жаніцца на Ніне Сулеевай я хачу, але на прапанову рукі і сэрца пакуль не гатовы. І замінае мне ў гэтым багацце і ўладарнасць спадара Амара Сулеева. Спадзяюся, мая пазіцыя вам зразумелая.
       - Хм... - пачаў Сямён Паўлавіч, крыху падумаўшы, - і гэтыя баязліва-расплывістыя разважанні ты называеш пазіцыяй? Не, шаноўны, я хачу не тваёй мудрагелістай балбатні, а пэўнага, акрэсленага, дакладнага адказу на маё прамое пытанне: будзеш ты браць у жонкі Ніну ці не? Папярэджваю, што ў дадзеным выпадку марудзіць і дурыць галаву дзяўчыне не толькі непрыстойна, а і небяспечна. З Сулеевымі такія штукі не пройдуць. Я не збіраюся ахвяраваць сваёй рэпутацыяй, таму не стану чакаць, пакуль ты пазабаўляешся з Нінай і дасі лататы. Папярэджваю!
       - Ну, якія мы сёння грозныя ды сур'ёзныя! - Пятро ўзяў у рот скрылёк сухой каўбасы і, жуючы, доўжыў: - Спадзяюся, мы зараз не падпісваем кантракт на дваццаць мільёнаў долараў? У сардэчных справах спешка недапушчальная. Вось ты пытаеш: ці гатовы я ўзяць Ніну? А трэба было б казаць: ці гатовы я аддацца Сулеевым? Розніцу адчуваеш?
       - Пеця, ты мяне прабач, але ты наўмысна хочаш папсаваць бацьку нервы. Нядобра гэта, не па-сыноўску... - Наталля Ціханаўна дакорліва пахітала сівой галавой.
       - Яму на мае нервы пляваць, - сцепануў бацька плячыма. - Але ж справа не ў маіх нервах. Яму я дабра жадаю, майму крэўнаму нашчадку, які б ён дурны ні быў. А таму, Пятро, давай пастаўся да жаніцьбы сур'ёзна. Абдумай, абмазгуй, я цябе не ганю... Не ганю, але і марочыць дзяўчыне галаву не дазволю. Тут ужо наша з Амарам шматгадовая дружба на карце. Дый мая рэпутацыя сумленнага чалавека... Адным словам, напрамілы Бог, не напаскудзь з Нінай. Калі адчуваеш, што не зможаш увайсці ў іх сям'ю, лепш спусці ўсё на тармазах. Не абрывай узаемаадносін, але перавядзі іх у спакойнае, сяброўскае рэчышча. Ну ды не цябе ж тут вучыць, ты сам каго заўгодна навучыш.
       - Добра бацька. - Пятро яшчэ раз выцер вусны і ўстаў з-за стала. - Дзякуй вам з абед. І асабліва - за тое, што абышлося без скандалу. Бо я ж, ідучы сюды, ведаў, якая чакае гаворка...
       - Дык ты не застанешся на ноч? - Маці таксама ўстала. - А то заначуй...
       - Не, мам, я люблю позна класціся і спаць да паўдня. Ты ж ведаеш. Ды і сустрэцца яшчэ з сім-тым неабходна.
       - Гэта не з тваёй, часам, старой пасіяй стрэча? - занепакоіўся Сямён Паўлавіч і грузнавата падняўся на ногі. - Глядзі, Пеця, калі рашыў з Нінай сур'ёзна - то на два франты не шчыруй. Лепш падчышчай старыя хвасты. Як мага хутчэй падчышчай.
       - О'к, бацька. Правільна мысліш, слушна гаворыш. Прыкладна так і зробім. Толькі не сёння, а ў бліжэйшыя дні.
       - Пажадана - да выхадных, - удакладніў Сямён Паўлавіч. - У суботу Ніна, відаць па ўсім, сюды пераедзе. Спадзяюся, ты да іх з'явішся?
       - З'яўлюся, куды я дзенуся.
       Пятро перад развітаннем наведаў прыбіральню і ванны пакой. Памыўся, выцерся, прычасаўся. А яшчэ не забыўся папрасіць у бацькі грошай. Вымаючы з самавітага партманета некалькі “пяцідзесятак”, Сямён Паўлавіч зірнуў сыну ў вочы і з цёплымі ноткамі ў голасе прамовіў:
       - Я ўсё-ткі веру ў цябе, сынок. Веру, што не падвядзеш і што ўсё будзе цудоўна.
       Расчулены гэтымі словамі Пятро, прымаючы грошы, абняў бацьку і прытуліўся шчакою да ягонай шчакі. Яны былі амаль аднаго росту.
       Затым добры сын абняўся і пацалаваўся з Наталляй Ціханаўнай, паабяцаў заўтра завітаць і выйшаў за дзверы.
      
       7
      
       Пятро Мігуля збег з ганка дома, дзе пражывалі бацькі, з лагоднай усмешкай на твары. Але па меры таго, як ён прамінаў двор, усмешка паступова спаўзала з яго аблічча і нарэшце ператварылася ў даволі кіслую і заклапочаную міну. Гэта адбылося не таму, што Пятро не любіў летняй гарачыні (хаця ён яе сапраўды не любіў), не таму нават, што бацька жорстка паставіў яго перад выбарам. Прычына пагаршэння настрою палягала ў тым, што зноў згадалася Ксеня Шпачык. Зноў уявілася будучая непрыемная размова, ажыла знаёмая боязь.
       Хоць пераваліла восем вечара, калі жнівеньскае сонца хаваецца за дамы, на вуліцах і дварах было спякотна і душна. Паветра, што ўдзень варушылася павевамі, зараз нібы здранцвела. Прайшоўшы некалькі крокаў, Пятро адчуў, што спацеў. Майка пагана ляпілася да спіны, а чупрына - да мокрага лба.
       На выхадзе з двара, у драўлянай альтанцы і каля яе, гужаваліся маладзёны, чалавек дзесяць. Рагаталі, крычалі, брынькалі на гітары. Адна грудастая дзеўка ганялася вакол альтанцы за худым і высокім хлопцам. Пятро зірнуў на яе ладныя, абцягнутыя цёртымі джынсамі клубы, што спакусліва трэсліся на бягу. “Ідыёты!” - вылаяў ён пра сябе маладзёнаў, адвярнуўся ад іх і паскорыў хаду. Хутка ён апынуўся на вуліцы, што праз два кварталы ўлівалася ў праспект. Вырашыў не чакаць аўтобуса, а прайсці пехатою.
       Вось пра што Пятро разважаў па дарозе. Яшчэ некалькі месяцаў таму ён пакляўся быць надзвычай шчырым у размовах з кім бы там ні было, а галоўнае, у сваіх унутраных дыялогах. З людзьмі, канешне ж, гаварыць з поўнай шчырасцю амаль ніколі не атрымоўвалася. А вось перад сабой Пятро навучыўся душой не крывіць. Прынамсі пачаў выкрываць сябе ў крывадушнасці, вяртаць у думках назад і агаляць горкую праўду. Зараз ён мусіў прызнацца, што ўзлаваўся менавіта з-за той пышнай дзяўчыны, што ганялася вакол альтанцы за хлопцам. Яе крамянае цела выклікала ў Мігулі імгненны пожад. То было не звычайнае жаданне, што ўзгараецца пры позірках на ножкі заваблівых маладзіц. Зараз гэта быў страшны голад, прага жаночага цела, якое ён не трымаў у сваіх абдоймах каля месяца. Ён быў апошняга разу блізкі з Ксеняй Шпачык за тыдзень да ад'езду. Рассталіся яны холадна, там не да інтыму было. Тры ж апошнія тыдні Пятро разыгрываў з сябе цнатлівага кавалера перад Нінай Сулеевай і ўсё, што сабе дазволіў, гэта прытуліць і злёгку пацалаваць.
       Далей жа з інтымам нічога хуткага не вымалёўвалася. З Ксеняй ён мусіць расстацца. Класціся спачатку з ёю ў пасцель, а затым аб'яўляць, што паміж імі ўсё скончана, - несамавіта. Гэта ўжо на вераломства нейкае выдае. А наважыўшы засяродзіцца на Ніне Сулеевай, можна разлічваць адно на гарачыя пацалункі, дый тое - з асцярогай, аглядкай на яе суровага бацьку. Авалодаць жа прыгажуняй Сулеевай ён зможа толькі пасля вяселля. Да гэтага ж яшчэ месяцы пройдуць. Хм... Пятро нават спыніўся на тратуары, уражаны такой нярадаснай думкай. Паколькі стрымліваць свой юр Пятро не прывык (дый гэта вельмі няздорава), то адзіным выйсцем уяўлялася знайсці сабе, пакуль тое, часовую палюбоўніцу. Зрэшты, асабліва шукаць і не трэба - Мігулеў нататнік захоўваў імёны і тэлефоны некалькіх кандыдатак, старых прыяцелек. Некаторыя пэўна ж пагодзяцца ўзнавіць ранейшыя дачыненні. “Вось Наташка Багрова... Ці Анжэлка, калі замуж не выскачыла... Або Светка Самусевіч, даўно я ёй не званіў...” - мармытаў Пятро, набліжаючыся да праспекта.
       Нататнік з тэлефонамі прыгажунь ляжаў дома ў надзейнай схованцы. Гэта павялося з часоў, калі Ксеня пераехала да яго жыць. Па памяці Пятро зараз не мог згадаць ніводнага нумара і вырашыў гэтым заняцца па прыходзе дамоў.
       Але так атрымалася, што дамоў ён сёння трапіў запозна - настолькі, што званіць дзяўчатам не выпадала. Перад спускам у падземку ён націснуў кнопку мабільніка, якая выклікала адзін з унесеных у спіс нумароў. То быў нумар Сяргея Страмца, равесніка, таго рэдкага чалавека, з кім Пятру заўсёды было цікава. Ён званіў наўдачу, амаль не спадзеючыся застаць Страмца дома: апошнія месяцы хатні апарат не адказваў, а мабільны знаходзіўся па-за зонай прыёму. Пятро ведаў, што Страмец у ад'ездзе, на шабашцы ў расейскай глыбінцы.
       Цяпер жа тэлефон адгукнуўся, і хрыпаты Сяргееў голас вымавіў знаёмае “Ну?” замест “Ало”.
       - Прывітанне, старэча! - узрадаваўся Пятро.
       - А... ты, галава... - стрымана, але цёпла прамовіў прыяцель.
       Неўзабаве Мігуля выходзіў з метро на станцыі “Трактарны завод”. Затым сеў у аўтобус і праехаў чатыры прыпынкі. Стральцова кватэра знаходзілася ў цагляным чатырохпавярховым доме. Дом стаяў у глыбіні даволі змрочнага і крымінагеннага квартала, таму Пятро ішоў паспешліва, азіраючыся. Зрэшты, дапяў патрэбнай кватэры без усякіх прыгод.
       Сяргей Страмец нарадзіўся дваццаць чатыры гады таму ў сям'і мінскіх інтэлігентаў. Ён стаўся другім дзіцём у сям'і, познім дзіцём. Яго сястра Надзея была на дзевяць гадоў старэйшая.
       Сяргей ледзь не з немаўлячага ўзросту выявіў надзвычайныя разумовыя здольнасці. Чытаць навучыўся ў чатыры гады, у шэсць перайшоў на сур'ёзную літаратуру. У першым класе шчоўкаў задачкі за чацвёрты клас, агаломшыўшы гэтым настаўнікаў. Бацькі не маглі нарадавацца на сына, іх проста распірала ад гонару. Далей адбылося ўсё тое, што здараецца з няшчаснымі дзецьмі-вундэркіндамі: датэрміновыя пераходы з класа ў клас, экстэрны, гурткі, чароды прыватных настаўнікаў, конкурсы, алімпіяды, камандзіроўкі... Нават маскоўскі навуковы інстытут Сяргея даследаваў. І яшчэ вершы ён пісаў, у дванаццацігадовым узросце ставячы ў іх такія пытанні, што і саракагадовы мужчына не вырашыць. Страмцу прадракалі вялікае літаратурнае (як і матэматычнае, і фізічнае, і музычнае) будучае. Аднак стала здаваць здароўе. З'явіліся хранічная стома, апатыя, малакроўе, Сяргей, бывала, губляў прытомнасць; на гэтым фоне развівалася дэпрэсія. Прыйшлося легчы ў адпаведную клініку. Нічога смяротнага там у Страмца не знайшлі, але па выпісцы з клінікі бацька, дашчэнту напалоханы папярэджваннямі дактароў, наадрэз забараніў сыну перагружаць мозг, пазбавіў ад навуковай муштры і, па сутнасці, выгнаў гуляць на вуліцу да нармальных дзяцей. Перавёў у звычайную школу па месцы жыхарства. Маці цалкам яго падтрымала.
       Сяргей не прыжыўся ў сябрыне разбітных хлапчукоў; яго крыўдзілі, лупцавалі, ён прыбягаў дамоў у слязах, зашываўся ў сваім пакоі, сядзеў маркотны, задумлівы. Так працягвалася амаль два гады. Потым усё як быццам наладзілася. Сяргей супакоіўся і калі не ўліўся ў калектыў “звычайных” дзяцей, то навучыўся ў ім жыць досыць бязбольна. Паявілася ў яго пару таварышаў, сябраваў і з аднакласніцай. Аднак па-ранейшаму заставаўся нейкім патухлым, ні да чаго жывой цікавасці не праяўляў. Зрэшты, талент яму дазваляў вучыцца амаль на адны пяцёркі.
       Пятро Мігуля ведаў Сяргея Страмца па той яго першай школе - для вундэркіндаў, дзе сам вучыўся з трэцяга класа. Пятро адмысловых здольнасцяў ніколі не праяўляў, але бацька ўладкаваў яго ў гэтую школу, падключыўшы ўсе магчымыя сувязі. Тым не менш, Пятро давучыўся там да выпуску, прычым у яго атэстаце не аказалася ніводнай дрэннай адзнакі. Вучыўся з Сяргеем Страмцом Пятро ў гэтай школе ўсяго два гады, у паралельных класах. Але Страмцова гучная слава, роўна як і рэзкі яе канец моцна ўразілі тады Мігулю, занатаваліся на гады. Гэта і пабудзіла потым Пятра адшукаць апальнага аднакашніка, даволі коратка з ім сысціся.
       Але прадоўжым уласна пра Сяргея Страмца. У семнаццаць гадоў, будучы студэнтам першага курса політэхнічнага інстытута, Сяргей здзейсніў учынак, які спарадзіў яшчэ адзін зігзаг у ягоным лёсе. Адбылося гэта на сямейнай вечарыне з нагоды дня народзінаў яго пляменніка, дзе прысутнічаў сам трохгадовы Косцік, яго маці - Сяргеева сястра Надзя, яе муж Максім, а таксама Сяргеевы бацькі і Максімава маці.
       Тым вечарам было весела: багата віна, далікатэсаў, галасу, магнітафоннай музыкі і спеваў пад гітарны акампанемент. Аднак, як аказалася, нявесела там было аднаму чалавеку - Сяргею. Праўда, яго вечна кіслы выгляд даўно не выклікаў ні ў каго ні здзіўлення, ні падазрэння. Усе ведалі, што ў Надзінага брата кепскі апетыт, што ён не ўжывае алкагольных напояў і неахвотна ўступае ў размовы. Таму ніхто не насцярожыўся, што сярод агульнай весялосці юнак увесь вечар неяк па-асабліваму хмурна і засяроджана маўчаў, часта выходзіў з-за стала “ў ванную”. Напрыканцы вечарынкі, калі ў зале было надзвычай шумна і звонка, Сяргей чарговы раз вярнуўся з прыбіральні, няспешна падышоў да стала... А тады ўсе ахнулі і здранцвелі: пачуўся ўсхліпісты хрып, Сяргееў бацька, барвова-сіні, сіліўся ўстаць з-за стала, хапаючыся рукамі за горла. Бацька не мог падняцца таму, што, накінуўшы зашмаргу на шыю, яго душыў родны сын. Сяргей стаяў ззаду з каменным тварам і цягнуў шнурок на сябе. Бацька ж хіліўся з крэслам назад, адчайна намагаючыся ўскочыць на ногі і аслабіць рукой зашмаргу.
       Гэтая пачварная сцэна доўжылася якое імгненне. Прарэзліва завіскатаў голас сястры, яму адгукнуліся галасы маці і свекрыві. Праз секунду Максім, дужы рашучы хлопец, ужо авалодваў Сяргеевымі рукамі. Яшчэ праз секунду бацька быў вызвалены з абдымкаў гвалтоўнай смерці. Што там далей насамрэч адбылося - ніхто з прысутных толкам не распавёў, а староннія ведаюць толькі па чутках. Адны кажуць, што прыехала міліцыя і забрала Сяргея ў турму. Другія баюць, што прымчалася “хуткая” і павезла бацьку ў бальніцу з інфарктам. Трэція запэўніваюць, што “хуткая” забрала не бацьку, а сына, прычым у псіхіятрычную клініку. Трэцяя версія больш выдавала на праўду, да яе, дарэчы, схіляецца і Пятро Мігуля, хоць за гады прыяцельства з Сяргеем так і не насмеліўся спытацца наўпрост.
       Гэтае здарэнне не ўдалося ўтрымаць у межах сям'і, таму што і “хуткая” і міліцыя сапраўды прыязджалі. Па Мігулевай версіі, заснаванай на ўскосных фактах, падзеі разгортваліся наступным парадкам. Бацька з гарачкі хацеў аддаць сына правасуддзю, але праз некаторы час сваю заяву забраў. Або, наадварот, напісаў заяву, што не мае да Сяргея прэтэнзій. Юнака накіравалі ў Навінкі для дэталёвага абследавання і медыцынскага заключэння. На той момант яшчэ не было вырашана, будуць яго прыцягваць да крымінальнай адказнасці ці не. У выніку істотных парушэнняў у Сяргеевым здароўі не выявілася. Сур'ёзны дыягназ яму пастаўлены не быў, хаця пэўныя адхіленні ў псіхіцы эскулапы канстатавалі. На момант замаху на бацькава жыццё ён прызнаваўся адэкватным і мог панесці адказнасць па ўсёй строгасці. Але ж, паўторымся, бацька - сам або пад уплывам гаротнай маці - адумаўся і зняў свае прэтэнзіі да Сяргея.
       За два з паловай месяцы, што малодшы Страмец валэндаўся ў Навінках, яму стукнула васемнаццаць, прыйшла пара паўналецця і самастойнасці. Па выпісцы Сяргей у бацькоўскі дом не вярнуўся. З пашпартам на руках ён, найхутчэй, з'ехаў за межы рэспублікі. Ва ўсякім разе, Пятру вядома, што ўсе наступныя шэсць гадоў Сяргей раз-пораз з'язджаў за мяжу на заробкі. Летам гэта былі шабашкі па тры месяцы або служба вахтавым метадам (месяц бесперапынная праца, месяц дома); зімой жа Страмец уладкоўваўся ў Мінску вартаўніком, вахцёрам, качагарам, не грэбаваў працай грузчыка на чыгунцы, у крамах, на таварных складах. Ён моцна змяніўся за гэтыя шэсць гадоў, і той, хто некалі ведаў бледнага маўклівага юнака, здзівіўся б, пабачыўшы жылістага, барадатага, з залысінамі і абветраным тварам гаваркога мужчыну. Звонку Сяргей нагадваў Пятру калі не бывалага зэка, то нейкага галаварэза, адно мімаходам занесенага ў наш ціхі край. Кісці рук у яго былі парэпаныя, на левай не было фалангі мезенага пальца. Усе пальцы - тоўстыя, мускулістыя, звыклыя да самай цяжкой і натужлівай працы. Шэра-блакітныя вочы сядзелі глыбока ў вачніцах, хаваючыся пад цёмнымі, цямнейшымі за валасы, бровамі. За тры гады цеснага знаёмства, нягледзячы на дзесяткі праседжаных разам вечароў і гутаркі, якія можна назваць задушэўнымі, Пятру Мігулю не ўдалося вызначыць, што за душа скрываецца за гэтым дзіўным абліччам. Але менавіта гэта і прыцягвала яго да Страмца, асабліва апошнім часам, калі праца над філасофскай дысертацыі абудзіла ў Мігулю дапытлівасць. Хто ён, Сяргей Страмец, - гэтае пытанне не давала спакою Пятру, падштурхоўвала раз за разам тэлефанаваць прыяцелю, ехаць да яго і падоўгу, бывала, да самай раніцы весці тамлівыя, але такія заваблівыя размовы. Пятра азадачваў жыццёвы досвед чалавека, які свядома аддаліўся ад свету, прынцыпова не мае тэлевізара, не чытае прэсы, рэдка слухае радыё, па паўгода калыміць на абшарах Расеі, не мае блізкіх сяброў, не падтрымлівае зносінаў з родзічамі.
       Як яны сышліся, чаму нелюдзімы Страмец не адштурхнуў ад сябе Мігулю і стаў таварышаваць - пра тое нам не вядома. Ёсць, праўда, меркаванне, што гэтыя двое, нягледзячы на вонкавае і побытавае непадабенства, насамрэч з'яўляюцца блізкімі псіхалагічнымі тыпамі.
       Дзівацтваў, розных эксцэнтрызмаў, усялякіх адхіленняў ад так званай нормы выявіў Мігуля ў свайго прыяцеля досыць. Але ж часта пра людзей нашага часу меркаванне складваецца ці не па двух пунктах: дачыненні з процілеглым полам і алкаголем. Пра апошняе скажам з усёй адказнасцю - выпіць Страмец любіў, піў многа, але ніколі не тое што не дапіваўся “да ручкі”, а і п'яным, у звычайным разуменні, яго не выпадала пабачыць. Гарэлка дзейнічала на яго як моцная кава на звычайных людзей, узбуджала, развязвала язык, ды не заплятала яго, а прасвятляла розум і рабіла мову больш зладжанай, каларытнай. Мігуля, які сам гарэлку не пераносіў на дух, дзівіўся яе дабратворнаму ўплыву на Сяргея.
       Пра жанчын. Ні жонкі, ні сужыцелькі, ні сталай палюбоўніцы Сяргей Страмец не меў. Пра каханне размаўляць не любіў, а калі ўжо ўцягваўся па волі Пятра ў развагі пра жаночыя вабноты, то меў пра іх нейкае пагардлівае, калі не сказаць - грэблівае меркаванне. Яго нельга было ўявіць у віры любоўнай жарсці, тым больш - у стане рамантычнай закаханасці.
       Спяшаемся, аднак, супакоіць чытача тым, што ў Сяргея не было гомасексуальных ці якіхсьці вычварных сексуальных праяў. Усё-ткі з жанчынамі ён знаўся. Наколькі рэгулярна і што гэта былі за жанчыны - тут амаль што туман. Але нават тое, што бачыў Пятро за апошнія два гады, калі зачасціў наведваць Страмцову кватэру (здымную аднапакаёўку), магло і здзівіць і ўразіць каго заўгодна. Жанчын было ўсяго дзве - з тых, што паяўляліся ў кватэры ў прысутнасці Мігулі. Падкрэслім, не жылі, а адно паяўляліся. Першая, на працягу двух месяцаў, паўтара года таму - пышная брунетка бальзакаўскага ўзросту, жонка багатага чалавека, вышэйшая за Страмца ледзь не на паўгалавы. Нягледзячы на сваю магутную камплекцыю і высокі сацыяльны статус, паводзілася гэтая дама з Сяргеем неяк прыніжана, можна сказаць - па-рабску. Зрэшты, бачыў яе Пятро ўсяго тры разы. Другую ж Сяргееву пасію ён назіраў куды больш, разоў, можа, дзесяць на цягам паўгода. Быў перыяд мінулай зімой, калі ён амаль кожны дзень наведваўся да Страмца. І нярэдка заставаў там тую паненку. Было ёй усяго чатырнаццаць гадоў - як сказаў сам Сяргей, - і пры гэтым яна праяўляла не адпаведную ўзросту разбэшчанасць. Залазіла Страмцу на калені, не зважаючы на Пятра, цалавала яго і аблізвала. А гаспадар адно міласціва дазваляў ёй гэта рабіць - як сабачку ці кошачцы. Нават Пятра, абазнанага ў дачыненнях са слабым полам, гэта шакіравала. У дзяўчынкі жаноцкасць адно спелілася, грудзі і клубы выдавалі амаль на дзіцячыя. Гэта кантраставала з яе нястрымным юрам, прымітыўнай вульгарнасцю. Дарэчы, за ўвесь час яна не перакінулася з Мігулем ніводнай уцямнай фразаю. Дый з Сяргеем - адно муркала і шаптала нешта на вуха.
       Апошнія разоў пяць, пасля таго як Страмец вярнуўся ў траўні з Астрахані, Мігуля ўжо гэтую паненку не бачыў. Чаму быў невыказна рады, бо яна сваім сядзеннем на прыяцелевых каленях дужа раздражняла, замінала размовам.
      
       8
      
       Страмец адчыніў не адразу, прыйшлося націснуць на званок двойчы. У дзвярах ён паўстаў з паднесеным да вуха мабільнікам, кіўнуў Пятру, каб той уваходзіў, і адышоўся на кухню. Зрэшты, хутка вярнуўся з разведзенымі для сяброўскіх абдымкаў рукамі. Хлопцы павіталіся, парукаліся. Сяргей быў у цяльняшцы, прасторных баваўняных штанах і ў тапках. Густая кароткая барада, на левай руцэ грувасткі гадзіннік. Загарэлы да чарнаты. І хітрая, непранікальная ўсмешка.
       - Ты прабач, што я з пустымі рукамі, - сказаў Пятро, скідаючы абутак. - Калі табе званіў, ужо ў падземку спусціўся.
       - А ты думаеш, у мяне шаром пакаці? - невысокі Страмец пазіраў на яго знізу ўверх. - Не, і выпіць, і закусіць знойдзецца. Нават піва для цябе ёсць.
       - А во гэта выдатна. Слухай, я ў ванне шкарпэткі свае памыю. Каб паветра табе не псаваць.
       - Давай, давай, - падміргнуў гаспадар. - А потым адразу на кухню падрульвай.
       Неўзабаве Мігуля плёхаўся ў ванным пакоі.
       - А ты даўно ў горадзе?! - выкрыкнуў ён скрозь шум вады.
       - Дык другі тыдзень ужо.
       - І доўга збіраешся заставацца?
       - Ну пару-тройку тыдняў пабуду.
       - А куды падацца плануеш? - гарлаў Пятро, перакрываючы пляск вады; дамыўшы шкарпэткі, ён залез пад халодны душ.
       - Не рашыў яшчэ да канца. Найхутчэй - на расейскі поўдзень, на Стаўраполле. Ці ў Малдову, на благі канец, на вінаград.
       - Сяргей! - пракрычаў Пятро, ужо вылезшы з ванны. - Гэтым жоўтым ручніком можна выцерціся? Я душ прыняў.
       - Валяй.
       - Ну, расказвай. - Асвежаны воднымі працэдурамі, з мокрымі валасамі і голым торсам, Мігуля нарэшце з'явіўся на кухні, дзе перад плітой спрытна завіхаўся Страмец.
       - Ага, захацеў. Хто ж табе будзе на сухую расказваць, - зірнуў на яго Сяргей, сагнуты перад адкрытай духоўкай; ён выцягваў адтуль на блясе нешта вялікае, загорнутае ў фольгу.
       - Ну тады я табе пра сябе раскажу. - Мігуля ўсеўся за столік перад адчыненым акном. - На Браслаўскіх азёрах я быў, з дзесятага чысла. Толькі сёння прыехаў.
       - Ну-ну, - хмыкнуў Страмец. Ён разгортваў на тумбачцы фольгу, пад якой аказалася свіная выразка. Па кухні распаўсюдзіўся водар вострай і смачнай стравы. Пятро, нягледзячы на пажыўную вячэру ў бацькоўскім доме, адчуў апетыт.
       Затым прыяцелі ўладкаваліся ў адзіным пакоі гэтай кватэры і мерыліся паядаць тоўста нарэзанае мяса, смажаную бульбу і салату са свежых памідораў пад маянэзам. Яны сядзелі ў нізкіх старэнькіх крэслах перад столікам, на якім месціліся ўжо ўпомненыя стравы, а таксама ўпацелыя пляшкі гарэлкі і піва, пачак апельсінавага соку і гара чорнага хлеба.
       Колькі слоў пра гэты жылы пакой. Ён меў два акны, бо знаходзіўся ў куце дома. Адно акно, балконнае, - у тарцы, другое - злева ад увахода, Пятро сядзеў да яго спінай, а Сяргей - тварам. Траціну пакоя адгароджвала секцыя, за якой мясціўся спальны закутак гаспадара, там стаяла кушэтка, крэсла і тумбачка. Астатняя плошча была запоўнена самымі рознымі рэчамі, прычым досыць бязладна. Тут стаялі скрыні, высокія стосы патрапаных кніг і часопісаў, на сцяне віселі сталярна-слясарныя прычындалы, рэпрадукцыя карціны Шышкіна, дзе дарога віецца праз жытнёвы палетак, а на даляглядзе высіцца дуб. Адразу ля ўвахода, праваруч, стаяў дарожны веласіпед, які заўсёды пах свежай змазкаю, быў начышчаны і блішчэў як новенькі. Гэта далёка не поўны пералік рэчаў, што загрувашчвалі гэты вялікі пакой і рабілі яго цесным і не надта ўтульным. Але гаспадару, па ўсім відаць, тут было хораша, незважаючы на адсутнасць тэлевізара, магнітафона, кампутара - усіх гэтых абавязковых атрыбутаў сучаснасці. Ва ўсякім разе, Пятро не прыгадае, каб у Страмца калісьці быў кепскі ці дэпрэсіўны настрой.
       - Ну, па традыцыі, каб дарогі нашы яшчэ не аднойчы сышліся. - Сяргей узняў гранёную шклянку, дзе гарэлкі было напалову. - Люблю я пачынаць з беленькай... Хаця іншай не п'ю.
       Пятро працягнуў яму насустрач шклянку з халодным светлым півам.
       - Давай, дружа.
       Сяргей грунтоўна, не моршчачыся, як крынічную ваду, выпіў саракаградусную. Няспешна запіў яе апельсінавым сокам з другой шклянкі. Адкінуўся ў крэсле, усмешліва назіраючы за Мігулем - як той без асалоды, натужліва цадзіў шклянку лёгкага піва. Сяргей ведаў Пятрову нелюбоў да алкаголю і ўсё-ткі патрабаваў, каб той выпіваў з ім нязменную пляшку піва. На гарэлцы ён па дабраце не настойваў.
       - А цяпер можна і пабалакаць, - сказаў Страмец пацяплелым голасам. Твар яго не пачырванеў, не расслабіўся, як бывае ў прывычна пітушчых ад першай жа чаркі. Пятро ведаў, што і пасля бутэлькі Сяргей застанецца ў светлым розуме.
       - Якія ў цябе праблемы, каліся. - Гаспадар падкурыў і працягнуў запальніцу Пятру, які скарыстаўся сваімі цыгарэтамі - “Бондам”, тады як Страмец запаліў “Беламор”.
       - А з чаго ты ўзяў, што я мяне праблемы? - зірнуў Пятро на прыяцеля, твар якога завалакаў густы папяросны дым. - Хаця ты ўгадаў, яны ёсць - хаця б таму, што я яшчэ не памёр. Нашы праблемы мусяць знікнуць са смерцю. Праўда, я не цалкам упэўнены, што гэта так.
       - Верыш у бессмяротнасць душы, замагільны свет? - выдыхнуў едкім дымам Сяргей.
       - Веру не веру, а апасаюся, што ён ёсць. Дакладней, не выключаю такую магчымасць... А мяса супер! - Пятро пракаўтнуў першы кавалак. - Ды ты сам чаго не ясі?
       - Паспеецца. - Сяргей, не міргаючы, глядзеў на Пятра. - Я зразумеў, што ты мучышся няпэўнасцю сваёй будучыні, малады чалавек. У гэтым твая бяда. А яшчэ ты хочаш быць шчаслівым і адначасова свабодным, што ніколі не сумяшчальна.
       - Угадаў. Я хачу быць шчаслівым, толькі не ведаю, што такое шчасце. Хачу быць свабодным, ды не ўяўляю, што такое свабода. Я хачу...
       - Скажам прасцей, - перабіў Страмец, - ты адчуваеш неадчэплівы дыскамфорт і жадаеш яго пазбыцца. Аднак гэта немагчыма. Бо з самага нараджэння мы ўступаем у барацьбу, у заклятую барацьбу жывых арганізмаў за існаванне. З першага ўздыху мы...
       - Чакай, Серж, - узняў руку з лустай хлеба Пятро, - гэтак мы непазбежна ўваб'ёмся ў разважанні пра натуральны адбор, пра здольнасць матэрыі самаразвівацца ды іншую трывіяльную балбатню. Давай, калі ласка, пазбегнем гэтага шчасця.
       - Хм. Я зусім не прыхільнік тэорыі барадатага аматара малпаў, - хітравата пазіраў на яго Страмец, па звычцы цярэбячы правы вус. - Але ж не бачыць відавочнага - значыць заставацца дзіцём. Можна называць гэта дарвінізмам або ўласцівасцю арганізмаў самаарганізоўвацца - не тое важна па сутнасці. Паўтараю: кожны, хто з'явіўся на свет, адразу ж сутыкаецца з сіламі, якія намагаюцца яго знішчыць усялякімі спосабамі.
       - Развівай, - згодна кіўнуў Пятро і закінуў нагу на нагу.
       - Немаўля пастаянна крычыць, яму дыскамфортна. Яно супакойваецца толькі на кароткі час, калі насмокчацца малака і засне. Дадамо сюды пакуты бацькоў, іх вечныя недасыпанні, турботы, страх перад шматлікімі недамаганнямі свайго дзіцятка. Немаўля амаль безупынна хварэе. Гэта плоймы мікробаў атакуюць істоту, карыстаючыся яе слабасцю, тым, што яна маларухомая, неразумная і не выпрацавала яшчэ спосабаў барацьбы. Заўваж, уся гэтая жудасная барацьба за жыццё, усе гэтыя жахі адбываюцца на фоне нібыта бязмернай радасці маладых бацькоў ад таго, што Бог адарыў іх такім прыгожым дзіцёнкам. Яны ззяюць ад шчасця. Тады пытанне: што ёсць іхняе шчасце - усведамленне таго, што ў пакутлівых турботах перажыты яшчэ адзін дзень? Дык жа заўтра будзе такі самы турботлівы дзень, абавязкова з'явяцца прастуды, паносы, алергічныя сыпы ад нашых ненатуральных прадуктаў і іншае, што не дасць маладым бацькам ані хвіліны аддухі. Бацькі дарэшты натомлены, і падтрымлівае іх адно надзея, што калісьці ж дзіцё вырасце і не будзе гэтак часта хварэць. Але тое самападман. Падросшы, яно неадменна выйдзе на вуліцу, патрапіць у дзіцячы садок, пойдзе ў школу...
       - А там яго будуць чакаць бармалеі-выхавацелі і суровыя настаўнікі, розныя верхаводы і хуліганы - гэта ты, я падазраю, хочаш сказаць. - Мігуля, ледзь дапаліўшы цыгарэціну, падкурыў новую. Яго суразмоўца зараз не курыў і не еў.
       - Правільна мысліш, малады чалавек. За гэта табе яшчэ шкляначка піва. - Страмец пацягнуўся па бутэльку, але Пятро выкінуў руку наперад, крануўся прыяцелевай далоні.
       - Не-не, гэты раз я прапускаю. Не забывайся, што мне бутэлька на вечар. Ты ж п'еш па сто, а я па дзвесце.
       - Ладна, - згадзіўся Сяргей, пацягнуўся па другую пляшку і наліў сабе паўшклянкі гарэлкі. - Ну, будзем. - Выпіў нетаропка, са смакам; на гэты раз накалоў на відэлец кавалак мяса і закусіў.
       Прыяцелі крыху памаўчалі. Страмец жаваў і запіваў сокам, а Мігуля пырхаў “Бондам” і выпускаў кольцы ў столь.
       - Так, Пятро Сямёнавіч, - прыкурыўшы, прадоўжыў гаворку Сяргей. - Усё будзе акурат так, як вы адзначалі: немаўля падрасце, стане крыху менш хварэць, але пойдзе ў дзіцячы садок і школу. Словам, увальецца ў калектыў, дзе пануюць тыя ж законы, што ў любым статку тысячы і мільёны гадоў таму. У яго адразу ж адбяруць дадзеную выхавацелем цацку. Зробіць гэта грубы і шустры хлапчук, неабавязкова самы нахабны і дужы ў групе. Вось ён ужо гуляецца з цацкай нашага пестуна. Затым дзіцё паспытае нясмачнай маннай кашы, якую яго прымусяць даесці. Вып'е пад наглядам выхавацеля кіпячонага малака з агіднаю пенкай. Потым яго пакладуць на ціхую гадзіну на рыпучы і мулкі ложак. Праўда, спаць там ніхто не будзе, а, карыстаючыся адсутнасцю нянькі, пачнуць кідацца падушкамі, гарлаць і лаяцца. Адна падушка трапіць у нашага пестуна, які ляжаў як мышка. Магчыма, нехта прабяжыцца, дурэючы, па ягоным ложку, наступіць на жывот. На пасляабедзеннай прагулцы ў яго кінуць каменем, або спадцішка штурхнуць у сумёт, лужыну ці пясочніцу. Яму будзе балюча і крыўдна, а пару хуліганаў зарагочуць і пакажуць на яго пальцамі. Іх рогат падхопяць усе астатнія, нават дзяўчаткі, што будзе асабліва балюча.
       - Карацей, дадому твой хлопчык вернецца сумны, - усміхнуўся Пятро. - Наскардзіцца матулі ды, рыдаючы, будзе прасіць не вадзіць яго болей у гэты страшны садок.
       - Ён можа наскардзіцца, але не далей як наступнай раніцы яго павалакуць туды зноўку. У яго, бедака, зрэшты як і ў ягоных бацькоў, выйсця не будзе. Вольным ад пажыццёвага валэндання сярод людзей ён будзе толькі ў выпадку невылечнай хваробы, нерухомасці, якая прыкуе яго да ложка на ўсё жыццё. Але ж, пагадзіся, гэты варыянт далёка не лепшы. Відаць, штодзённая лупцоўка ад хулігана і завадатара Грышкі падасца куды прыемнейшай, чым пакуты ляжання. Дый ляжанне само па сабе не дае свабоды, не пазбаўляе ад гвалту. Нехта будзе цябе варочаць, устаўляць клізмы ў анус і зонды для кармлення ў рот. Нехта стане бесперапынна пароць цябе ўколамі, бо без лекаў тваё кволае нерухомае цела не выжыве.
       - Але ж... - хацеў нешта сказаць, ды запнуўся Пятро.
       Сяргей спачатку зрабіў паўзу, чакаючы, што скажа прыяцель. Затым, мусіць задаволены зробленым на таго ўражаннем, працягваў:
       - Што, па-твойму, гэта не так? - прыжмурыўся ён і выпусціў воблака дыму. - Яно можа адрознівацца толькі ў дэталях. Напрыклад, што не нашага пестуна будуць штодня мардаваць, а ён сам усталюе сваю ўладу над групай. Але тады ён будзе яшчэ больш несвабодны, змушаны штохвіліны адстойваць свой статус. Да таго ж ёсць дужэйшыя за яго выхавацелі, бацькі, якія дзяруць за вушы, лупцуюць дзягай, пакідаюць без марожанага і тэлевізара за любую правіну. І гэтак далей...
       - О'к, ты пакуль перадыхні, пажуй, - уставіўся ў размову Пятро. - А я разгарну тваю тэму. Выкажу і сваё меркаванне на гэты конт.
       - Ну-ну. - Страмец падкінуў сабе памідорнай салаты, паклаў на талерку мяса.
       - Справа ў тым, што ўласцівасць людзей утвараць калектыўныя структуры - рэч стыхійная і амаль не залежная ад іх волі. Гэта ўжо навукова даказана. Некаторыя тлумачаць гэта інстынктам выжывання, што дазволіў калісьці абараніцца ад лютых драпежнікаў. Нехта тлумачаць закладзеным у нас імкненнем да самарэалізацыі...
       - А вось пра самарэалізацыю ўдакладні.
       - Ну, гэта ў тым сэнсе, што... - Мігуля задумаўся і раптам спужаўся, што не зможа хутка і слушна сфармуляваць думку. - У сэнсе... што мы заўсёды хочам быць лепшымі, даказваць сваю значнасць. Але мы можам праяўляцца толькі ў нейкім асяроддзі, пры канкурэнцыі. Інакш наша значнасць не атрымае ацэнкі.
       - Прымаецца. - Страмец згодна кіўнуў.
       - Іншая справа: цяжка вызначыць, што з'яўляецца першасным - гуртаванне ў статак з мэтай выжывання або сама мэта псіхалагічнай самарэалізацыі ў статку.
       - Тое ж можна запытацца пра яйку і курыцу. Разумееш? - Сяргей пастукаў па стале косткамі пальцаў, узняў указальны палец дагары. - Адказу не знойдзем, а таму давай пакінем адкрытым і пытанне наконт статку і мэты. Пакуль жа яно, пытанне, вісіць у паветры, мы хуценька прымем трэцюю дозу. Прынамсі, мой арганізм яе зажадаў. - Ён спрытна ўхапіў піўную бутэльку за рыльца.
       На гэты раз Мігулю прыйшлося-такі выпіць піва, хоць у галаве пашумлівала, а думкі, ён адчуваў, буксавалі, нібы колы ў пяску.
       - А, во! Пакуль мы канчаткова не затлумілі сабе галовы, - успомніў нешта Страмец, - давай, дружа, пройдземся на балкон. Хачу паказаць табе адну штуку.
       - Ну добра, заадно і праветрымся.
       Яны вылезлі з нізкіх крэслаў і падаліся праз спальны закутак да балкона. Праходзячы, Пятро зірнуў направа, на ложак, які быў дбайна засланы заўсёднай клятчастай посцілкай. На прыложкавай тумбачцы стаяў старадаўні радыёпрыёмнік з даўжэзнай антэнай.
       Прыяцелі прайшлі праз адчыненыя дзверы на балкон. Мігуля ўжо палез у кішэнь па цыгарэты, але Страмец яго прыпыніў:
       - Стоп-стоп. Курыць будзем там. Не для таго я цябе сюды клікаў.
       - А калі я хачу пакурыць? - здзівіўся Пятро, зрэшты, пакідаючы цыгарэты ў спакоі.
       На двары даўно звечарэла. Балкон асвятляўся слаба, рассеяным святлом адзінокага ліхтара і акон бліжэйшых дамоў. Падлога, як заўсёды, была завалена грудамі начыння сумніўнай вартасці.
       - Вось паглядзі. - Сяргей нагнуўся, узяў вялікую сумку і падняў яе на ўзровень грудзей.
       Пятро зазірнуў: сумка была поўная грыбоў. Пах баравікоў і яшчэ якіхсьці высакародных сартоў патыхнуў у ноздры.
       - Ого! Сам назбіраў? Дык сухмень жа стаіць. Дзе?..
       - На першае пытанне, так і быць, адкажу: назбіраў сам. Далейшае - без каментарыяў. - Страмец паставіў сумку на месца, ухмыляючыся ў вусы.
       Затым ён прапанаваў Мігулю зірнуць наверх, дзе пад перакрыццем віселі на цвіках два вялізных ляшчы. Далей было такое ж здзіўленне госця, як і наконт грыбоў, і такая ж самазадаволеная ўсмешка гаспадара.
       - На Мінскім моры, між іншым, злавіў. З прычала, ад якога адыходзяць прагулачныя катэры.
       - Малайчына, што я магу сказаць... - не пераставаў дзівіцца Пятро. - На піва цяпер заві.
       - Будзе і піва, - паабяцаў Страмец і ўзяўся за дзвярны вушак правай рукой. - Ну, хадзем назад. Так бы мовіць, прадоўжым.
       Калі яны вярнуліся і ўселіся на ранейшыя месцы, Сяргей наліў сабе чацвёртыя паўшклянкі гарэлкі, выплюхнуў Пятру рэшткі піва з бутэлькі і сказаў:
       - Ну, каб здарова жылося. - Выпіў, крактануў, выцер запясцем вусны. - Ты думаеш, я цябе на балкон выклікаў, толькі каб пахваліцца? Не. Гэта я да нашай размовы даў ілюстрацыю.
       - У сэнсе? - Пятро замёр з паднесеным да рота кавалкам смажанай бульбы.
       - Паглядзіш. Цягам размовы дам тлумачэнні. А пакуль запомні: грыбы, назбіраныя ў засушлівае надвор'е; і ляшчы, злоўленыя амаль што ў гарадской рысе.
       - Хм. Не, ну...
       - Цяпер нагадаю, на чым мы спыніліся, - доўжыў Сяргей. - Чалавек на зямлі шчаслівым быць фактычна не можа, а знаходзіцца толькі ў чаканні ці ў ілюзіі шчасця. На гэтым мы пагадзіліся?
       - Увогуле так. Толькі я табе назаву нямала людзей, што крычаць пра сваё шчасце на кожным рагу...
       - А кінь ты! - Страмец пагардліва матнуў галавою. - Патрымай мяне тыдзень у яме без жратвы і святла, а потым выпусці на волю і дай чэрствага хлеба - я табе дыфірамбы шчасцю салаўём праспяваю. Але заснавана яно будзе на кантрасце чорнага з белым. Шчасця няма. Ёсць шэры фон жыцця, і, каб адчуць белізну, нас спачатку трэба ў цемры зняволіць.
       - Ладна, а калі чалавек цалкам здаровы, мае грашавітую творчую працу, прыгожых дзяцей, каханую жонку, жывых бацькоў, мноства сяброў - ты лічыш, ён будзе няшчасны? Ці ўсё ж...
       - Я не лічу, а проста-такі сцвярджаю гэта, - задзірыста зірнуў на субяседніка барадаты Страмец. Таршэр няроўна высвечваў яго твар, абвастраючы скулы і нос; вочы цалкам патаналі ў вачніцах. - Ужо адно тое, што ты выстраіў доўгі спіс атрыбутаў шчасця, пераконвае мяне, што яно немагчымае. Абавязкова падвядзе нейкі атрыбут: захварэе дзіцё, памрэ нехта з бацькоў, растаўсцее да агіднасці жонка. І гэтак далей. Акрамя таго, ты не ўлічыў, што наш здаровы і шчаслівы абывацель круціцца не ў беспаветранай прасторы, а жыве ў асяроддзі людзей, яму дадзены розум, памяць, ён здольны ацэньваць акаляючых і параўноўваць з сабой любімым. Такія непрывабныя якасці, як зайздрасць, злапомнасць, крыўдлівасць, ніхто не адмяняў. Яны былі адвеку і будуць. А таму наш чалавек N неадменна заўважыць, што ў супрацоўніка Іванова машына навейшая і даражэйшая, што жонка прыяцеля Сідарава мае круглейшыя грудзі і страйнейшыя ногі, чым у ягонай Машкі, што ў Сідарава сын ужо майстар спорту па плаванні, а ягоны, абывацеляў, Сашка - проста хуліганісты ёлупень. Толькі гэтыя маленечкія факты здольныя прывесці нашага здаровага жанатага мнагадзетнага чалавека ў раздражненне. А яшчэ ёсць такія паняцці, як беспадстаўная рэўнасць, як беспрычынны, здавалася б, страх смерці бацькоў, страх страты прэстыжнай працы і грошай. Я магу, Пятро, пералічваць амаль да бясконцасці...
       - Я цябе зразумеў, - паблажліва кіўнуў Мігуля. - Новага ты не сказаў анічога. Гэта старая як свет байка аб тым, што багаты не можа быць шчаслівым, што трэба ўсё раздаць, ад усяго адмовіцца і пайсці з торбай. Ды толькі ўсе з торбамі не пойдуць. На жаль гэта ці на шчасце - не ведаю. Але факт навідавоку. Камусьці ж трэба служыць, вырошчваць хлеб, гадаваць дзяцей, перадаваць веды з пакалення ў пакаленне, каб чалавецтва зноў не апусцілася на чатыры лапы...
       - А хто табе сказаў, што яно не адразу хадзіла на дзвюх нагах? Дарвін? Энгельс? - Сяргей падаўся наперад, панізіў голас. - А ты ведаеш, што многія навукоўцы схіляюцца да таго, што малпа паходзіць ад чалавека, а не наадварот. Што яна - прадукт яго дэградацыі.
       - Чуў, але разважаць пра гэта буду. Несур'ёзна. Зрэшты, не адстойваю і паходжанне чалавека ад малпы. Не ў гэтым сутнасць. Не пра тое мы гаварылі.
       - Добра. Давай не будзем спяшацца і гарачыцца. Думаю, рознагалоссяў у тым, што чалавек не можа быць цалкам шчаслівы, не будзе?
       Пятро нехаця кіўнуў.
       - Тады працягваем. Здароўе, сям'я і высокае грамадскае становішча не гарантуюць спакою - гэта ясна як дзень. - Страмец спадылба глядзеў на суразмоўніка, адсочваў яго рэакцыю. - Поўнасцю здаровы і насычаны зямнымі дабротамі чалавек заўсёды знойдзе, чым атруціць сабе жыццё. Дэкларацыі асабістага шчасця - лухта, хаця б таму, што любы адэкватны чалавек ведае, што ён смяротны. Рана ці позна памрэ. Ён можа гнаць ад сябе гэтую думку, захінацца ўсялякімі слодычамі, але ж ён не сляпы і бачыць, што людзі вакол паміраюць. Прычым не абавязкова ад старасці. Ды смерць смерці не роўня. Паміраюць пакутліва, гадамі, нерухомыя, пад кропельніцамі і апаратамі. І наш здаровы абывацель гэта ўсё заўважае, міжволі прымярае на сябе, і ў падкорцы яго сядзіць магчымая пакутлівая хвароба і непазбежны скон. Так? - Страмец уважліва зірнуў на Мігулю; той не пярэчыў. - Магчыма, верніку тут прасцей, чым атэісту. Аднак верніка ўсё жыццё мучыць будучая расплата за свае зямныя грахі, а матэрыяліст у такую расплату не верыць. Ён банальна баіцца памерці, бо жыццё для яго заканчваецца з апошнім уздыхам.
       - Упэўнены, што і любы атэіст таемна баіцца гэтай пасмяротнай расплаты, - удакладніў Пятро. - Мяркую, такі страх закладзены ў нашай прыродзе. Гэта я табе па сваім вопыце гавару... Але працягвай.
       - Магчыма, спрачацца не буду, - сказаў Сяргей; ён даліваў рэшткі гарэлкі ў шклянку. - Я ніколі не быў ні перакананым атэістам, ні вернікам. Я той, хто ва ўсім сумняваецца. У мяне няма страху смерці як заканчэння жыцця, гэтага нашага жыцця, да якога я раўнадушны. Я цаню толькі волю. Я табе паказаў грыбы і рыбу як яе сімвал. Я не пайшоў у спякотлівы дзень на работу, каб дагаджаць самадуру начальніку, а выправіўся ў лес па грыбы. Я не павёз жонку з вывадкам маіх няўдзячных нашчадкаў на курорт, а падняўся на досвітку і паехаў па рыбу. Мне не рыба важная, не грыбы, а сам факт маёй волі. Гэта цаню, Пятро. - Ён асушыў шклянку, якую з хвіліну трымаў перад ротам. - Але ж я не дэбіл і ўсведамляю напоўніцу, што гэта толькі адносная мая воля. Воля працаваць, дзе і калі захачу. Воля адпачываць, калі захачу. Воля не западаць на чалавечыя страсці, не паддавацца рабству кахання, бацькоўства, сыноўства і іншае. Аднак я далёка не свабодны, Пятро. Я не свабодны ад хваробаў і смерці, і калісьці - не прывядзі Божа - памру не адразу, а патраплю пад уладу людзей. Для мяне лепей сканаць, як сабака пад плотам, чым аддацца ў рукі эскулапаў, якія пачнуць мучыць маё цела ўколамі, кропельніцамі, клізмамі і зондамі. Будуць рэзаць яго насуперак маёй волі, калупацца ў кішках. Гэта жахліва, браце. Я аднаго разу паспытаў прымусовага кармлення, больш не хачу.
       Страмец паморшчыўся, пацягнуўся па цыгарэту, падкурыў, зрабіў пару глыбокіх зацяжак і толькі тады прадоўжыў:
       - Гэта ў Навінках было, калі я там ляжаў другі і, спадзяюся, апошні раз у жыцці. Нічога вульгарнейшага, гвалтоўнейшага і бессаромнейшага не прыдумала чалавецтва. Калі табе заціскаюць нос прышчэпкай, каб ты змушана растуліў рот, а затым пхаюць цвёрды шланг праз горла ў страўнік. Прабачце! Нават сексуальнае гвалтаванне выглядае ў параўнанні з гэтым зусім натуральна. Там проста палавы акт, у жывёльнай прыродзе ён часта гвалтоўны. Але ж няма ў прыродзе кармлення праз зонд, калі ты есці не хочаш. За гэта - ненавіджу людзей!
       ...Пятро Мігуля выходзіў ад Страмца а першай гадзіне ночы. Апынуўшыся ў глыбіні змрочнага квартала, сярод абрысаў камяніц і разлапістых дрэў, ён моцна пашкадаваў, што не выклікаў таксоўку да самага пад'езда. Не зрабіў ён гэтага, адно каб Сяргей не падумаў, што яму страшна. Але страшна было. У асветленым толькі асобнымі вокнамі наваколлі раз-пораз раздаваліся п'яныя выгукі тутэйшых п'янюг і шпаны. Увесь час здавалася, што вынырне з-за якога рага ці з хмызняку хеўра бамбізаў, адбяруць грошы, надаюць па фізіяноміі, а то і зарэжуць за проста так. Не любіў Мігуля гэты раён, і ніколі б сюды нават днём не завітваў, каб не цягнула яго неадольная сіла да размоў са Страмцом. Вось і сёння ён быў уражаны прыяцелевай філасофіяй, хоць і не атрымаў адказу ні на адно пытанне са сваіх набалелых. Акрамя таго, зноў не ўдалося дарэшты ўразумець, што за фрукт гэта такі - Страмец. Зноў іхняя размова, нягледзячы на застолле і выпіўку, аддавала кніжнасцю, акадэмічнасцю. З такім жа поспехам Мігуля мог чытаць чыйсьці трактат, рабіць перапынкі, каб услых прааналізаваць прачытанае. Не адчувалася цеплыні, Сяргей нагадваў яму бясплотнага духа. Дый чаго можна чакаць ад чалавека без сям'і, без біяграфіі, які выракся сваіх бацькоў. Усё, што ён ведае пра Страмца, думаў Пятро, вынікае толькі з яго расповедаў. Адзіная рэальнасць - дзве ненармальныя жанчыны, якіх ён бачыў у кватэры за апошнія паўтара года. Астатняга - шабашак, вандровак па абшарах Расеі і блізкім замежжы - па вялікім рахунку, магло і не быць. Ва ўсякім разе, праверыць гэта не выпадае, бо няма агульных знаёмцаў. З такім жа поспехам, знікаючы на два месяцы, Страмец мог праходзіць чарговы курс лячэння ў тых жа Навінках, а потым жыць паўтара месяца на бацькоўскія грошы... Такія вось лухтовыя ідэі прыходзілі ў Мігулеву галаву, пакуль ён баязліва прамінаў двор за дваром, спяшаючыся выйсці на адносна людную вуліцу.
       Падазроныя думкі пра Сяргея Страмца, найхутчэй, навеяліся гэтым змрочным кварталам. На асветленай ліхтарамі вуліцы Пятро іх адрынуў, а на Партызанскім праспекце і наогул з задавальненнем успамінаў праведзены ў прыяцеля вечар. Ён ужо планаваў праз пару дзён зноў туды завітаць. Дні ж гэтыя, асабліва заўтрашні, абяцалі стаць неспакойнымі. Чакае нялёгкая развітальная размова з Ксеняй Шпачык. Рассекшы гэты вузел, жыць стане значна лягчэй. Праўда, наперадзе маячыла сям'я Сулеевых, куды воляй-няволяй давядзецца ўвайсці. Пятро гэта ведаў. Прынада ў выглядзе раскошнай смуглянкі Ніны была прывязана да лёскі, а вудзільна трымаў у руках яе магутны і ўладарны бацька Амар... Ад гэтага станавілася вусцішна, але гэта адначасова і ўзбуджала. Тым больш што іншай жыццёвай дарогі пасля расстання са Шпачык не вымалёўвалася. Рана ці позна прыйдзецца ажаніцца. Дык ці не лепей гэта зрабіць своечасова і выгадна. Бацька, Сямён Паўлавіч, дрэннага не нараіць, як бы ні пацвельваў з яго наравісты Пятро. Бацьку сын паважаў.
      
       9
      
       У скверы перад рэстаранам “Каменная кветка” было нешматлюдна. Хаця вакол яго так і снавалі тралейбусы і аўтобусы. Праспект Скарыны грымеў коламі машын, надрываўся рыкам тармазоў і скрыпам рысор разнамаснага транспарту.
       Пятро Мігуля праходжваўся па сцяжыне ўздоўж невысокіх ялін. Большасць лавачак пуставала, на адной сядзелі два падлеткі, курылі, пілі піва і гаманілі. На другой бесцырымонна цалавалася даволі немаладая парачка. Пятро моршчыўся, раз-пораз прамінаючы ўзгаданых грамадзян. На падлеткаў ён пазіраў з насмешлівым выклікам, на гарачую парачку - амаль што з агідай. Курыў. І зіркаў па баках, спрабуючы ўгледзець, адкуль з'явіцца Ксеня. Яны змовіліся тут сустрэцца а сёмай гадзіне вечара. Цяпер было пяць хвілін восьмай, і Пятро нерваваўся. Гэта не была, зразумела, нервовасць палкага закаханага, што чакае не дачакаецца сваю даму сэрца. Гэта было раздражненне на чалавека, які прычыняе табе ўсялякія невыгоды адным фактам свайго існавання, а зараз - прымушае марнаваць час, чакаць, пакуль яе вялікасць паявіцца. Акрамя таго, нягледзячы на ўсю праробленую ўнутраную працу, Пятро хваляваўся і адчуваў прыкрую няўпэўненасць у сваіх сілах. Дзесяткі разоў ён прайграваў варыянты іх сустрэчы пасля адпачынку, рэпеціраваў сваю прамову, рыхтаваў рэакцыю на Ксеніны словы. Але ж цяпер усё нібы вылецела з галавы.
       Сёння перад абедам, калі Мігуля заявіўся на кватэру яе пенсіянеркі цёткі, ён не застаў былую каханку. Яна была не на змене, як можна было чакаць, а ў адпачынку. На пытанне ж, ці ў горадзе Ксеня і дзе яе можна знайсці, Эльвіра Мазэпаўна, цётка, адказала даволі груба, са слаба прыхаванай непрыязнасцю: у горадзе, маўляў, а дзе - не ведаю. Што ж, яна даўно і ўстойліва ненавідзела кавалера сваёй пляменніцы і лічыла, што ён сапсаваў той жыццё. Ні многа ні мала. Эльвіра Мазэпаўна страсна жадала выдаць Ксеню замуж за дастойнага чалавека. Пятро ж такім у яе вачах не з'яўляўся, а таму толькі “краў час” у яе пляменніцы і тлуміў галаву. Аднак Мігуля ніколі не прэтэндаваў на прыязнасць з боку цёткі сваёй палюбоўніцы і адно цярпеў яе як непазбежнае зло. Дарэчы, азначэнне “непазбежнае зло” ён прыдумаў для ўсіх абставін, што атручваюць яму жыццё, але якіх нізашто не пазбыцца і якія трэба трываць.
       Зрэшты, Эльвіра змякчылася і прапанавала Пятру патэлефанаваць гадзін у пяць вечара - Ксеня як быццам абяцала да гэтага часу вярнуцца. Мігуля так і зрабіў. У голасе палюбоўніцы, калі ён такі да яе дазваніўся, яму не спадабалася халоднасць, амаль абыякавасць. Так, рассталіся яны не па-добраму. Так, апошнім часам усё ў іх ішло пагана. Але гэта не давала ёй права так з ім размаўляць - нейкімі аднаслоўнымі, коснаязыкімі рэплікамі: “Ага”, “Угу”, “Прывітанне”, “Ну?”, “Буду”. Магла б хоць для прыліку пацікавіцца, як ён адпачываў, магла б і пра сябе сказаць пару слоў. Заела таксама тое, што Ксеня раней казала, быццам пойдзе ў водпуск пад Новы год. Падманвала? Ці змянілася нешта? Нягодніца.
       Карацей, цяпер Пятро ненавідзеў Ксеню Шпачык яшчэ большай нянавісцю і парашыў, што размова з ёй будзе як мага кароткай, халоднай і нават суровай.
       Але ж калі ён згледзеў яе на дарожцы, рухавую, у новым эфектным плацці, з новай прычоскай і новым колерам валасоў, то нешта ў ім тарганулася. Што ні кажы, а фігурка ў яго палюбоўніцы была прыцягальная. Невысокая, але, як той казаў, ладна скроеная паненка. Надзвычай правільныя прапорцыі, лёгкае і адначасова дужае, імклівае цела. Крутыя клубы адцяняюцца вузкай таліяй. Порсткія стройныя ногі. Тонкая пяшчотная шыя. Правільныя абрысы плячэй. Высокія круглыя грудзі. Шляхетная пастава пра хадзе. Заўсёды кароткія, хлапчуковыя валасы. Твар нервовы, прыгожы. Усё гэта калісьці паланіла Пятра настолькі, што два тыдні ні спаць, ні есці толкам не мог, пакуль не стаў яе палюбоўнікам. Мігуля, зрэшты, заўсёды любіў жанчын з падобнымі знешнімі дадзенымі. Амаль усе яго каханкі былі невысокімі, ладна збітымі, з пышнымі формамі. Дарэчы, і Ніна Сулеева, да жаніцьбы на якой ён усё болей схіляўся, была шмат чым на Ксеню падобная. Толькі вышэйшая сантыметраў на пяць і паўнейшая трохі.
       - Прывітанне. - Яна наблізілася да яго, працягнула руку.
       Гарачая, сухая далонь. Энергічнае пацісканне.
       - Як ты? - па завядзёнцы спытаўся Пятро. Ён рашыў, у знак непрыхільнасці, не рабіць Ксені кампліментаў паводле яе новай прычоскі, колеру валасоў і сукенкі. Да таго ж было непрыемна, што яна так абнавілася ў яго адсутнасць і відавочна ззяла ад шчасця.
       - Нармальна. - Чорныя вочы слізганулі па твары Пята і спыніліся на чымсьці староннім за яго спінай.
       - Я не ведаў, што ты ў адпачынку, - сказаў Мігуля, абы не маўчаць.
       - Так здарылася, - амаль раўнадушна прамовіла Ксеня. Яна не ўзяла яго пад руку, як звычайна бывала пры сутрэчах. Пайшла поруч.
       - Доўга яшчэ будзеш гуляць?
       - Два тыдні.
       Так, размова яўна не клеілася. Ксеня не хацела ісці на кантакт. Мігулю гэта няёмчыла. У наступныя пяць хвілін ён, шпацыруючы са Шпачык па сцяжынах сквера, знаходзіўся ў дзіўнай разгубленасці. Развітальная прамова, якую ён рыхтаваў цягам апошніх дзён, ніяк не хацела ўкліньвацца ў гутарку, што прыняла нацягнуты, змушаны, нейкі нездаровы характар. Замест таго каб расставіць кропкі на “і”, Пятро мармытаў, як ён адпачываў на Браслаўскіх азёрах, пры гэтым мусіў пастаянна маніць - не распавядаць жа пра свае заляцанні да Ніны. Ён нёс лухту і разумеў, што Ксеню зусім не цікавяць падрабязнасці яго водпуску. Яна не жадала падтрымліваць гэтае пустаслоўе. Адказвала аднаскладова, нехаця.
       Перад кожным выгінам сцяжынкі Мігуля кляўся сабе, што скіруе размову на іхнія ўзаемаадносіны, што прапануе ціхамірна расстацца. Але кожнага разу ганебна пасаваў і працягваў нязвязную балбатню. Ксеня цярпліва маўчала.
       І вось перад новым паваротам сцяжынкі, калі Пятро ўжо зарокся сказаць падрыхтаванае, выпакутаванае цягам апошніх тыдняў, - яна раптам спынілася і ачужэлым голасам вымавіла:
       - Пеця, давай нарэшце скажам тое, што неабходна.
       - А? - Пятро адчуў, як часта запульсавала ў скронях.
       - Нам трэба расстацца, - прамовіла Ксеня і зірнула яму ў вочы непранікальным, сцюдзёным паглядам. - Дзякую табе за праведзены разам час. Усё было не так і дрэнна ў нашых адносінах. Але жыццё рушыць наперад. Ты разумееш...
       - Што я разумею? Што ты хочаш сказаць? - у юначай разгубленасці, не пазнаючы сябе, пралепятаў Пятро.
       - Мы з табой зусім розныя людзі... Гэта стала ясна даўно, - няўмольна доўжыла Шпачык. - Толькі мы па інерцыі працягвалі сябе мучыць. Карацей, усяму ёсць мяжа. Дзякуй табе яшчэ раз. - Яна паклала руку Пятру на плячо. - Не думай пра мяне дрэнна.
       Мігуля быў ашаломлены. Ён адчуў мяккі дотык рукі на сваім плячы, міжволі зірнуў уніз на разрэз Ксенінай сукенкі, які адкрываў белізну яе тугога сцягна.
       - Ты знайшла другога мужчыну... - сказаў Пятро, не зводзячы вачэй са спакуслівага сцягна. - Гэтага трэба было чакаць... Так? Ты пакахала другога... - мармытаў ён.
       - Якое гэта цяпер мае значэнне? - спакойна глядзела на яго былая каханка. - Няўжо табе стане лягчэй ад таго. Давай лепш расстанемся па-добраму. Рэчаў маіх у тваёй кватэры няма. Аб адным прашу, Пеця. Вярні мне альбом з нашымі сумеснымі фота... Вышлі па пошце. Не палічы за клопат...
       - І ты можаш усё так абарваць? - ахрыплым голасам абурыўся Пятро. - Усе нашы спатканні, прызнанні, бурныя ночы, сняданкі, вячэры ў маёй кватэры - для цябе нічога не значаць?
       - Не крычы. - Ксеня сціснула яго локаць. - Тут ходзяць людзі... Ты выдатна разумеў, што роля тваёй выляжанкі магла задавальняць мяне адно да пэўнага часу. Мне дваццаць шосты год, Пеця. Я хачу быць жонкай і маці. Няўжо гэта табе няўцям?
       - А хто табе сказаў, што я не збіраўся з табой ажаніцца? - прамовіў Пятро словы, пра якія паўгадзіны таму і падумаць не мог.
       - Не ў гэтым справа, Пеця. - Ксеня, вабная як ніколі, пазірала на суразмоўніка знізу ўверх; яна была больш чым на галаву ніжэйшая. - Нават, калі б ты мне прапанаваў, я б не згадзілася. Мы абсалютна не падыходзім адно аднаму. Каб у гэтым упэўніцца, хапіла тых месяцаў, што мы былі разам. Прабач.
       - І гэта ўсё, што ты мне маеш сказаць пасля двух гадоў сумеснай пасцелі? - не сунімаўся Мігуля. - Ну ты даеш...
       - Не перажывай, такіх пасцеляў у цябе будзе досыць. У нашым жа выпадку прашу аб адным, Пеця: дашлі мне той фотаальбом. І павер, успамінаць цябе я буду з самай добрай душою. Бывай... - Яна павярнулася і стала аддаляцца па сцяжынцы ў бок праспекта. Там яна нырне ў падземку - і знікне з вачэй назаўжды.
       “Вось як усё проста і подла ў жыцці”, - думаў Пятро, пазіраючы ўслед былой палюбоўніцы. Так, цяпер ужо пэўна - былой. Як на злосць, вочы не маглі адарвацца ад яе правільных плеч, ад налітых, падкрэсленых тугім плаццем клубоў і зграбненькіх лытак. О, колькі разоў усім гэтым багаццем непадзельна валодаў Пятро! А зараз яно, такое ж спакуслівае, аддаляецца незваротна. Аддаляецца, каб стаць уласнасцю нейкага вульгарнага кабяля!
       “Ну і чорт з ёю! - раптам вылаяўся ледзь не ўголас Пятро. - Яна сама пазбавіла мяне ад сябе!” - Размахнуўся нагой і выцяў бардзюр кветніка.
       Што ж, цяпер ён свабодны і можа нарэшце заняцца ўладкаваннем асабістых спраў. А іменна жаніцца на Ніне. І халера з той Шпачык! Ніна ў сто разоў прыгажэйшая. Гэта ясна як дзень.
       Дадому Пятро прыйшоў у надзвычайнай узрушанасці. Ён пазваніў бацькам, доўга балакаў з маці, нагаварыў бацьку розных недарэчных, бязглуздых і нават дзёрзкіх слоў. Ён тэлефанаваў, таму што не мог заставацца адзін. І курыў несупынна, высмаліўшы за дзве гадзіны ці не цэлы пачак “Бонду”. Нездаровае ўзбуджэнне не праходзіла. І тады Пятро дастаў са схованкі запаветны нататнік, адшукаў у ім патрэбны тэлефон і пазваніў адной даўняй знаёмай. Нягледзячы на позні час, ён угаворваў яе прыехаць. Прасіў, маліў, утрапёна крычаў у трубку, запэўніваючы, што таксі ён аплаціць у абодва канцы. Нарэшце дзяўчына згадзілася, прыехала да Пятра. Яны моцна забавіліся і практычна не вылазілі з пасцелі да вечара наступнага дня. А тады выклікалі таксі, якое Пятро сапраўды аплаціў.
      
       10
      
       Пятніца загрузіла Сямёна Паўлавіча Мігулю, як той казаў, пад завязку. Мала таго, што на рабоце адбылася напружаная і тамлівая нарада, дзе вышэйшае начальства распякала ўсіх па поўнай праграме, дык яшчэ вечарам трэба было ехаць на ўрачыстае пасяджэнне і канцэрт майстроў мастацтваў. А гэта абяцала заняць гадзіны чатыры, калі не больш.
       Але гэтыя турботы мелі статус рабочых і звыклых. Не тое - асабістыя справы Мігулі-старэйшага. Асабліва непакоіла, як бы чаго не выкінуў, не адмачыў у выхадныя дні сын Пятро. Як бы, не дай Бог, яго паводзіны адносна Ніны Сулеевай не скампраметавалі Сямёна Паўлавіча. Бацька не бачыў сына з серады, з той самай размовы за вячэрай, калі Пятро філасофстваваў наконт вартасцяў Ніны. “Скамарох!” - сердаваў бацька і адначасова маліў вышэйшыя сілы аб тым, каб усё прайшло гладка. Ён, па вялікім рахунку, ужо быў не рады, што змовіўся з Амарам Сулеевым ажаніць Пятра з Нінаю. Па шчырасці, пад чаркай ён быў тады, калі па руках з Амарам ударылі. У рэстаране тое было. Хмель падзейнічаў, безумоўна. Прыемная музыка, асобны кабінет на трэцім паверсе “Галілея”... А яшчэ падштурхнула на тую дамову непазбыўнае самалюбства - вечны насмешнік і вораг Сямёна Паўлавіча. Хацелася сыну будучыню забяспечыць - гэта так. Але ж, прызнаваўся сабе бацька, больш за сынаў лёс вабілі яго статус і грошы клана Сулеевых. Парадненне з імі аўтаматычна падвышала грамадскі статус самога Сямёна Паўлавіча. Чыноўнае месца заўсёды хісткае. Да таго ж - узрост, як ні круці. А з Сулеевымі і без пасаднага крэсла не прападзеш.
       Эх, не падвёў бы Пятро, небеспадстаўна трывожыўся бацька. Хоць ты едзь да яго дадому і зноў давай інструктаж. Сёння па абедзе, нягледзячы на занятасць, Сямён Паўлавіч так і хацеў зрабіць, выкраіў паўгадзінкі. Аднак, калі папярэдне пазваніў сыну на кватэру, той адказаў нейкім няўцямным - сонным, ці што - голасам, што не можа зараз бацьку прыняць, бо неадкладна бяжыць з дому па справах. І абарваў сувязь. Як потым Сямён Паўлавіч ні званіў, абураны і ўсердаваны, і на хатні Сяргееў тэлефон, і на мабільнік - той трубкі не браў. (Бо якраз знаходзіўся ў пасцелі з сяброўкай.)
       А яшчэ напружвала Мігулю-старэйшага тое, што ў прамежку паміж высокай нарадай і канцэртам у Палацы Рэспублікі неабходна было наведаць Алену. Тую самую, ад якой у яго дачка пазашлюбная, Танечка. У блін разбіся, а заскоч да маладой палюбоўніцы, Сямён Паўлавіч. Так і пагнаў ён вадзіцеля ў далёкі кут горада, па пакручастых калдобістых вуліцах, на Ангарскую, дзе ў дзевяціпавярхоўцы, у двухпакаёвай кватэры, пражывалі Алена і яе маці. Дарэчы, маці, Валянціна Валер'еўна, трымалася з Сямёнам Паўлавічам нацягнута, падазрона. Пераважна маўчала, а часцей сыходзіла ў другі пакой, забіраючы з сабой Танечку. Калі ж “маладым” неабходна было адасобіцца, то Валянціна Валер'еўна папросту з'язджала на колькі гадзін, часцей да брата на Шабаны. Пры гэтым на яе твары выяўляліся маўклівы дакор і пакорлівая неабходнасць несці свой крыж - што паробіш. Варта прызнаць, што пажылая жанчына, кінутая сваім жанішком яшчэ ў стане цяжарнасці, мела ўсе падставы не давяраць дужаму полу; з таго часу яна з мужчынамі, найхутчэй, не зналася. Прынамсі Алена кажа, што “новага тату” маці ніколі ёй не навязвала.
       Алена вярнулася на сваё месца сакратаркі вельмі хутка пасля нараджэння дачкі. Бо ўвесь цяжар нянькі-даглядчыцы ўзяла на сябе маці. Танечцы нядаўна споўнілася тры гады. Дзяўчынка зачаста хварэла, і, нягледзячы на пенсійны ўзрост Валянціны Валер'еўны, Алена нярэдка сядзела на бальнічным, выходжваючы разам з маці хваравітую дочачку. У Танінай хваравітасці яна вінаваціла - праўда, толькі ў душы - не каго іншага, як Сямёна Паўлавіча. Лічыла, што нездароўе дачкі звязана з бацькавым пажылым узростам. Да сябе ж прэтэнзій Алена не прад'яўляла, хоць задуму займець ад Мігулі дзіця яна сама, што называецца, і вынасіла і ажыццявіла. Зацяжарала насуперак яго волі, падманам, а затым паставіла перад фактам і прывязала Сямёна Паўлавіча да сябе трывалай вяроўкаю. Алена, між іншым, прыгажуняю не была, і яшчэ невядома, як бы склаўся яе жаночы лёс, не заваб яна ў свае цянёты Сямёна Паўлавіча. Калі яны пакахаліся, ёй ішоў дваццаць пяты год - узрост, які прымушае спяшацца і часам прымаць неабачлівыя рашэнні. Магчыма, Сямён Паўлавіч - і не горшы варыянт для Алены, пэўна нават далёка не горшы. Аднак маладзіца лічыла сябе няшчаснай, пакінутай, абдзеленай ды ўшчэмленай. Пастаянна папракала, прыдзіралася і мучыла свайго высокапастаўленага палюбоўніка, знаходзячы ў гэтым, відаць, пэўную асалоду.
       Вось і сёння яна закаціла па тэлефоне істэрыку, запатрабавала да сябе звышзанятага намесніка міністра і мерылася спагнаць на ім свой кепскі настрой. Алена сядзела на бюлетэні з прычыны чарговай прастуды Танечкі. Перад прыездам Мігулі яна выправіла маці да дзядзькі.
       - Ну і чаго ты скандаліла, Лена? - Сямён Паўлавіч пераступіў парог яе кватэры са строгім абліччам. - Я ж сказаў, што заеду ў бліжэйшыя дні. А сёння - ну ніяк мне было. Пятнаццаць хвілін толькі выкраіў. І галодны.
       - А то цябе тут не пакормяць ніколі, - звыкла пакрыўдзілася Алена, прапускаючы госця ў абутку, праз прыхожую, у светлую і прасторную залу.
       Сямён Паўлавіч зняможана ўпаў у крэсла, расхінуў пінжак, расшпіліў верхні гузік кашулі, нервова апусціў гальштук.
       - Ды не буду я есці ўжо. Няма калі. Там у перапынках пакормяць. Што Таня? - паспяшаўся ён пацікавіцца сваёй пазашлюбнай дачкой.
       - Спіць, дзякуй Богу. Тэмпература ўпала. - Алена села на край канапы, напроці Мігулі.
       - А што ўрач гаварыў?
       - Што ён можа сказаць! Прапісвае адно і тое ж. Нават толкам не паглядзеў Танечку... І бачна, што надакучыла яму выпісваць мне бюлетэні.
       - А яму ўжо якая розніца? - Сямён Паўлавіч узяў газеціну з тэлевізійнай тумбачкі і абмахваўся ёю, як веерам. - Фу, ну і спякоцце пры канцы лета. Хто б мог падумаць. А такі быў ліпень дажджлівы...
       - Я ўжо баюся, як бы мяне з работы не папрасілі. Начальнік бурчыць з-за бальнічных. Больш за тры дні не дазваляе адсутнічаць.
       - Ды глупствы якія! Нічога ён не зробіць табе. А будзе выпендрывацца - з ім пагутараць яшчэ тыя таварышы. Хочаш, заўтра ж яму будзе званок?
       - Не, не трэба мне гэтага. - Маладзіца выняла босую нагу з тапка і штосьці разглядвала на ступні. - На мяне і так коса глядзяць. Падазраю, што ўся фірма пра нашы адносіны ведае... Не трэба.
       - Ну глядзі, Лянуля. Калі што, гавары... А ўвогуле, старайся не весці па мабільніку такія размовы, як сёння. Дый па тэлефоне. Я ж цябе папярэджваў.
       - Ох, я зусім знервавалася з Таняй. Ты ж зразумей... - Алена саслізнула з канапы і шмыгнула Сямёну Паўлавічу на калені, абняла за шыю. - Сёмік, чаму ты так рэдка ў нас стаў бываць?..
       - Харошая мая, ды не забывайся ж ты пра маю сітуацыю, - гаварыў Мігуля, цалуючы каханку ў пухлую шчочку; адной рукой ён ужо пагладжваў месца, ніжэйшае ад спіны. - У выхадныя, абяцаць не магу, але на паўдня вырвацца пастараюся. Хутчэй у суботу. Бо ў нядзелю адзін бізнесмен запрасіў, даўні таварыш. Нельга адмовіцца...
       - Не ведаю нават, што з Таняй рабіць, - шаптала яму на вуха каханка. - Ты б падшукаў якога ўрача для нашай дачкі, са свяцілаў. - Яна зрабіла націск на слове “нашай”. - Гэта ж нейкая ненармальнасць - кожныя тры тыдні хварэе.
       - Зробім, Лянулечка, зробім. - гаварыў разамлелы ў яе абдоймах Сямён Паўлавіч.
       Але часу на сур'ёзныя мілаванні не было, таму праз колькі хвілін Мігуля ўжо зашпільваў у вітальні пінжак і кашулю, прычэсваўся. Спырснуўся адэкалонам, які па-гаспадарску трымаў тут на паліцы перад люстэркам.
       - Дык што, нават на Таню не паглядзіш? - папікнула Алена, любоўна апраўляючы полы ягонага пінжака.
       - А можна, не разбуджу?.. - няўпэўнена прамовіў Сямён Паўлавіч.
       - Ат, ладна. А то і праўда разбудзіш. Ідзі, - згадзілася гаспадыня. - Хаця пачакай, Сём! Туфлі твае... - Яна схапіла з абутковай паліцы шчотку, укленчыла і мігам вычысціла запылены Мігулеў абутак. - Ты ж у нас дзяржаўны чалавек усё-ткі.
       - Дзякуй, мая харошая. - Сямён Паўлавіч узяў яе за галаву аберуч, нахіліўся і пацалаваў у лоб, амаль па-бацькоўску.
       - Дык у суботу чакаю, - нагадала яму каханка ўжо на лесвічнай клетцы.
       - Абавязкова! - Сямён Паўлавіч шуснуў у дзверы ліфта, што адчыніліся, націснуў кнопку. Не марудзячы дастаў мабільнік, прашчоўкаў набор, дачакаўся адказу і выгукнуў: - Сашка, заводзь.
       ...Прывычна адкінуўшыся на заднім сядзенні службовага аўто, ён імчаўся ў цэнтр горада. Штосьці - ужо, дарэчы, не ўпершыню - ціснула ў грудзях, злева. Гэта быў трывожны сімптом. “Духата праклятая. Трэба купіць валідолу”, - падумаў Сямён Паўлавіч, які ніколі ў жыцці не хварэў.
      
      
       Леапард
      
       Я адчуў гэта на лесвіцы, у пад'ездзе аднаго з дамоў горада, па вуліцах якога каторы месяц блукаў маркотліва і бяздзейна. Гэта не быў ні рык, ні тупат яго магутнага цела. Гэта не быў рэзкі драпежны пах і не вокрык Гаспадара. Мне проста стала ніякавата каля дзвярэй на трэцім паверсе. Звычайныя дзверы, абабітыя цёмным дэрмацінам з незвычайнымі, зрэшты, лічбамі “33”. Можа, думаецца цягам часу, менавіта лічбы мяне насцярожылі. Можа, у сілу сваёй забабоннасці і вечнай нервовай напругі, я выдумаў усё тое, што чакала мяне пазней там, за дзвярыма. Не ведаю. А каб ведаў, усё адно не падзяліўся б ні з кім.
       Я пастукаўся асцярожна: тут-тук. Хаця можна было званіць. Ніякіх варушэнняў і сцішаных крокаў не пранікала праз тоўшчу дзвярэй. Але ж я чакаў рэшту хмарнага асенняга дня, і таксама наступныя колькі дзён. Я прыходзіў зранку, безвынікова стукаўся, затым званіў адным кароткім сігналам, націскаючы кнопку над лічбамі “33”. Калі шорхалі нейчыя ногі па сцёртых прыступках, я адлятаў ад дзвярэй і рабіў выгляд, што прыкурваю, або завязваю шнуркі, або здымаў і засяроджана разглядаў свой капялюш. Я не падымаў вачэй і не бачыў, хто рушыў паўз мяне ўніз і наверх. То былі самыя розныя грамадзяне: дзеці, старыя, моладзь і закаханыя. Нехта вадзіў паўз мяне вялізную псіну, яна азірала і абнюхвала мяне з зацятай нянавісцю. Раз нехта звярнуўся да мяне з пытаннем. Я няўцямна прабурчаў і рынуўся ўніз. А затым, калі чалавек рушыў сваёй дарогай, вярнуся да дзвярэй “33”.
       Я працягваў чакаць. І неяк сцюдзёным вечарам, калі ў пад'езд прабівалася святло ад першага снегу, мне адчынілі. Дакладней, дзверы проста падаліся ад лёгкага націску маёй галавы, калі я чарговы раз прыпаў да іх вухам.
       - Можна да вас? - з трымценнем запытаўся я, пакуль яшчэ не ўваходзячы.
       Ціша была мне адказам.
       Уваходзіць ці не? Што чакае мяне ў гэтай таямнічай кватэры? А можа, пакуль не позна, пакінуць мой рызыкоўны намер? Але як жыць, як паважаць, як цярпець сябе пасля гэтага?
       Я пераступіў парог і аказаўся ў цьмянай вітальні. Зрэшты, з аднаго пакоя, праз прачыненыя дзверы, выцякала святло: зеленаватае, з аранжавым адценнем, няпэўнае.
       Сцярожка ступаючы, я пайшоў на святло. Страшэнна баяўся на нешта наступіць, спатыкнуцца і ўзлаваць строгага Гаспадара. Ён сам аклікнуў мяне, калі я ўжо ўзяўся за металічную круглую ручку.
       - Не рыпі, ты патрывожыш яго, - прагучаў старэчы нямоглы голас. - Пасоўвай паволі. І здымі свае дубовыя чаравікі.
       Я паслухаўся, далікатна пасунуў дзверы наперад, зняў важкія чаравікі і, трымаючы іх у руках, баязліва ступіў у пакой.
       Змрочна. Начным таршэрам асвятлялася толькі канапа, на якой з падкурчанымі і загорнутымі ў плед нагамі сядзеў сам Гаспадар. Шторы акна шчыльна завешаны.
       - Як ты нас адшукаў? - спытаўся стары і кіўком прапанаваў сесці на кілім, што быў разасланы перад канапай.
       Я паставіў чаравікі на халодныя дошкі падлогі і ўладкаваўся на кіліме, як загадаў Гаспадар.
       - Я абышоў усе дзверы горада, - адказваў я на яго пытанне, - і нідзе вас не было. Засталіся адны, толькі адны дзверы...
       - І ты падумаў, што нас не магло за імі не быць... Чаму? - крактануў голас.
       - Таму што вы ёсць, - адказваў я так, нібы нехта варочаў маім языком насуперак маёй волі.
       - Добра, мы ёсць. І што з таго? - дапытваўся Гаспадар, зябка расціраючы рукамі ногі пад пледам. - Каму мы перашкаджаем? І каму да нас справа?
       - У горадзе нельга трымаць леапардаў, - нагадаў я. - Усё гэта можа трагічна закончыцца.
       - Для каго?
       - Для людзей, якія ходзяць пад вашым балконам.
       - Ты так дбаеш за іх? - вяла ўсміхнуўся стары.
       Толькі зараз я змеціў, якая доўгая і густая ў яго барада; яна звешвалася на плед і дасягала каленяў.
       - Мне шкада людзей. Але яшчэ больш шкада леапарда. Навошта вы мучыце жывёлу, спадару? Кожнаму месца ў сваім свеце. Людзям - у свеце людзей. Леапарду - сярод жывёл. Акрамя таго, цяпер зіма, яму дрэнна ў нашым сцюдзёным клімаце.
       - Яму добра. Пакуль што добра, сынок... - прашамкаў стары. - Іначай бы ты чуў яго рык, яго неспакойнае тупатанне. Леапард спіць, зарыўшыся ў кучу кляновага лісця, якое я нацягаў яму з восені.
       - Але ж ён захоча есці, прачнецца... Чакайце, - спахапіўся я, - а балкон у вас не зашклёны?
       - Не. А што?
       - А ён у вас не прывязаны?
       - Не.
       - І вы так спакойна пакідаеце яго на трэцім паверсе! - спалохаўся я. - Божа мой! Вы ненармальны. Вы псіх.
       - Магчыма. Але леапард спіць, і нішто не ў сілах яго разбудзіць раней часу.
       - А я магу хаця б на яго паглядзець? - нечакана папрасіў я пасля некаторай паўзы. Так, я не чакаў ад сябе такой дзёрзкасці.
       - Ты думаеш, я маню? - сажмурыўся Гаспадар.
       - Наадварот, упэўнены, што гэта не так. Але ж мне цікава...
       - Набярыся цярпення, сынок. Зараз ты ўсё адно нічога не ўбачыш, акрамя кучы пашэрхлага лісця ў левым куце балкона. Да таго ж лісце зацерушыў снег.
       - Але я б пабачыў, як лісце варушыцца ад яго ўздыхаў...
       - Не, і гэтага табе не заўважыць. Ён дыхае ціха, і сон яго нагадвае смерць.
       - Хм... а вы ўпэўнены, што ён яшчэ жывы? - насцярожыўся я.
       - Упэўнены.
       - Чаму?
       - Я доўга жыву, чалавеча, і навучыўся чуць не толькі вушамі. Да таго ж леапарда нельга не адчуваць. Ты яго ўчуў нават праз тоўшчу дзвярэй, праз нерухомае паветра пакоя і прыхожай. Ці не так?
       Я збянтэжыўся. Бо гэта сапраўды было так.
       - Набярыся цярпення, сынок, - паўтарыў Гаспадар. - І прыходзь пасля таго, як снег тройчы растане, а той, што выпадзе, схопіцца моцнымі маразамі.
       - Калі гэта будзе? - прашаптаў я.
       - Перакананы, яшчэ да Новага года. Ідзі. Мне трэба паліць печку і спаць.
       - У вас у кватэры печка?
       - Ідзі. - Стары прагаварыў настойліва, з раздражненнем.
       Калі я выходзіў, то абярнуўся і ўбачыў, што ён не глядзіць мне ўслед. Ён наогул нікуды не глядзеў, павекі былі апушчаны. Грудзі не ўздымаліся. Так прынамсі мне падалося. Не развітваючыся, я ціхутка прычыніў дзверы, прайшоў праз доўгі цёмны калідор, намацаў баранок замка.
       Я быў невыказна рады, што апынуўся спярша на лесвіцы, а затым на двары.
       Наіўны, я зарокся больш сюды не вяртацца.
      
       11
      
       Надышла нядзеля, а гэта азначала, што Пятру Мігулю прыйдзецца ехаць да Сулеевых. Амар Рашыдавіч ладзіў званы прыём з нагоды вяртання яго сям'і з адпачынку. З панядзелка пачынаецца вучэбны год, а Ніна была студэнткай Эканамічнага універсітэта, трэцякурсніца.
       У суботу спадар Сулееў асабіста патэлефанаваў Пятру і запрасіў яго к пяці вечара ў свой асабняк, што знаходзіўся на Цнянскім вадасховішчы. Амар Рашыдавіч, надзвычай ветлівы і гасцінны, прапанаваў прыслаць за Пятром машыну, але той адмовіўся.
       У той жа дзень бацька, Сямён Паўлавіч, дазваніўся да Пятра і прапанаваў, каб той ехаў з ім разам. І зноў хлопец адмовіўся, адно падрабязна распытаў у бацькі месцазнаходжанне Сулеевага асабняка. Сямён Паўлавіч застаўся незадаволены сынавым настроем, хацеў быў даць яму настаўленні і рэкамендацыі, ды перадумаў, рашыўшы - чаму быць, таго не мінуць.
       Але не далей як у нядзелю, у дзевяць трыццаць раніцы, калі малодшы Мігуля дрыхнуў непрабудным сном, бацька пачаў атакаваць яго званкамі. Спярша на мабільны, а затым - на гаманкі, прарэзлівы апарат, што стаяў у зале. Пятро, злы і разбэрсаны са сну, дацёгся да незмаўкальнага тэлефона і, пачуўшы бацькаў трывожны голас, сарваўся і пасварыўся са старым за яго бязглузды ранні званок. Сямён жа Паўлавіч усяго толькі хацеў нагадаць, каб сын, адпраўляючыся да Сулеевых, не забыўся купіць вялізны букет дарагіх кветак - Ніне. Пачуўшы пра кветкі, сын зусім раз'ятрыўся і пракрычаў:
       - Ты што, з мяне ідыёта хочаш зрабіць?! Як я буду выглядаць з гэтым вульгарным букетам у чужым доме! Я табе не паўлін!
       - Ды чаго ты псіхуеш, сынок... - збянтэжыўся бацька. - Ніне, наадварот, будзе прыемна...
       - І наогул, - загарлаў Пятро, адчуўшы бацькаву разгубленасць, - яшчэ нічога не вырашана! Чуеш: ні-чо-га! Жаніха ён з мяне зладзіў... - І з асалодаю кінуў трубку, прадчуваючы, як усхвалююць бацьку яго апошнія словы.
       “Хай цяпер увесь дзень локці кусае!” - злосна ўхмыльнуўся Пятро; кудлаты, ён тырчаў пасярод залы ў сямейных трусах.
       Раздаўся званок. Гэта, канешне ж, Сямён Паўлавіч.
       Пятро, не зважаючы на тэлефон, які несупынна трэнькаў, пайшоў у ванную, залез пад душ і заспяваў благім голасам апошні шлягер гурту “Карані”.
       Да вечара бацька яшчэ колькі разоў спрабаваў звязацца з сынам. Але Пятро паставіў мабільнік на рэжым аўтаадказчыка і на бацькавы званкі не зважаў.
       Тым не менш а палове чацвёртай Пятро быў фарсіста апрануты, бездакорна паголены і наадэкалонены. Наўмысна не абедаў, каб захаваць воўчы апетыт на сулееўскае застолле.
       Мігуля наважыў узяць таксі, але не адразу. Спачатку ён выйшаў і хвілін сорак бязмэтна шпацыраваў па вуліцах і скверах цэнтра горада. Хаця якая-ніякая мэта была - у чарговы раз разабрацца з сабой, сцяць думкі ў кропку, а волю ў кулак і выпрацаваць план далейшых паводзінаў.
       Перад выхадам з дому Пятро залез у Інтэрнэт і паглядзеў прагноз надвор'я. Спякота крыху спадзе, але і дажджу не прадбачылася. Гэта цудоўна. Таму хлопец выйшаў улегцы: кашуля, штаны, летнія туфлі, без парасона, без валізы ды іншага. Адзінае, што ляжала ў грудной кішэні кашулі, - важкі партманет.
       Вось аб чым думаў на прагулцы Пятро, вось што яго турбавала. Яшчэ ўчора вечарам ён адчуў неўразумелую трывогу. Яна падпільнавала яго ў ванне, дзе ён па звычцы бяздзейна валяўся перад тым, каб перабрацца да тэлевізара. Здавалася б, пасля доўгачаканага развітання са Шпачык, пасля цэлых сутак, праведзеных у абдоймах новай старой прыяцелькі, ён павінен быў пачувацца бадзёра і здорава. Так, у прынцыпе, і было ўсю суботу, да вечара. Пятро доўга спаў, многа гуляў па горадзе, зазнаўшы пры тым бяздумную лёгкасць, свабоду. Яго абсалютна не турбавала тое, што можа адбыцца ў асабняку Сулеевых, куды ён быў асабіста запрошаны. Усё пройдзе як мае быць, гэта ён ведаў.
       У суботу Пятро паабедаў у недарагім рэстаране, вярнуўся дамоў, пасядзеў з гадзіну ў Інтэрнэце, а тады забраўся ў ванну з газецінай. Газету ён, праўда, не чытаў, а крыху драмануў у духмянай пене. І вось, па абуджэнні ў гэтай лагоднай цёплай ваце, ён адчуў нейкі неўсвядомлены верад. Стала настолькі няёмка і няўтульна, што Пятро напачатку падумаў, што справа ў астылай вадзе. Ён крутануў гарачы кран, целу пацяплела, але трывога не аціхала. Ён вылез, нахапкам выцерся і ў адных трусах, з доўгім ручніком на плячы стаў хадзіць па кватэры. Закурыў. Выбраўся на балкон. Цёплае вечаровае паветра. Нізкае сонца барвяніць верхні паверх вышыннага дома напроці. Унізе ціха. Ніхто не крычыць, не лаецца, не дурэе. Нават машыны на вуліцы, што справа за дрэвамі, не асабліва шумяць, не клаксоняць... І тым не менш Пятро пачуваўся так, быццам сусед уключыў электрадрэль і мерна, гадзіну за гадзінай, цвяліў яго нервы. Мігуля памераў пульс - каля сямідзесяці ўдараў за хвіліну, нармальна.
       Неадольна пацягнула з кімсьці пагаманіць. Але з кім? Бацька пачне настаўляць яго наконт заўтрашняга дня. Астабрыдла. Маці завядзе заўсёдную катрынку пра Бога, праваслаўе, грэх і мараль. Зусім яна апошнім часам здала, пасівела, счаўрэла, нябесным цікавіцца. Такія тэмы адно маркоту могуць нагнаць. Пазваніць сяброўцы, з якой куляўся ўчора і пазаўчора? Не, няма пра што з ёй размаўляць. За суткі ў пасцелі ўсё ўжо гаварона-перагаворана. Голасу чуць яе не хочацца. Хм... І вось тады Пятро рашуча набраў нумар Сяргея Страмца - з намерам ехаць да прыяцеля і сядзець, калі выйдзе, хоць бы да самай раніцы. Аднак не выйшла, бо і хатні і мабільны Страмцовы тэлефоны маўчалі. Прычым мабільнік быў па-за зонай прыёму або адключаны. Мігуля цягам наступнай гадзіны паўтараў свае нецярплівыя званкі. Безвынікова.
       Ён заснуў вельмі позна, адолеўшы бяссонне толькі дзвюма таблеткамі тазепаму. Таму бацька, які званіў а дзесятай гадзіне раніцы, доўга не мог яго дабудзіцца і ў выніку нарваўся на лаянку.
       Першая палова нядзелі прайшла ў Пятра больш-менш спакойна. Ці то снатворнае пагасіла нервовасць, ці то проста святло пагоднага дня падзейнічала - Пятро ўчарашняга вераду доўга не адчуваў. Але па меры набліжэння вечара знаёмая трывога пачала абуджацца, імкліва расла і пагражала набыць ранейшую, калі не большую моц.
       Пятро меркаваў прыглушыць яе жвавай хадой, для чаго выбраўся з дома загадзя і з паўгадзіны шпацыраваў, безупынку смалячы цыгарэты. Калі гэта і дапамагло, то вельмі нязначна. А таму, падкаціўшы на таксоўцы да чарады катэджаў на Цнянскім вадасховішчы, Мігуля быў досыць узрушаны і ўсур'ёз апасаўся за адэкватнасць сваіх далейшых паводзінаў.
       Асабняк Амара Сулеева доўга шукаць не давялося: ён, як і ўказваў бацька, мясціўся, бадай, на самым высокім пагорку берагавой паласы, выгадна вылучаўся сярод бліжэйшых дамоў архітэктурай, памерамі і яскраваю афарбоўкай. У архітэктуры выразна праглядаўся ўсходні каларыт. Але ж цалкам ацаніць асабняк Пятро змог, толькі пранікшы за браму.
       Пранікнуць за браму, праўда, удалося не з лёту. Стрымана-ветлівы вартаўнік у камуфляжнай форме прапанаваў Мігулю здаць усе металічныя прадметы і прайсці праз металадэтэктар, падобны на тыя, што стаяць у аэрапортах. Пятро пакорпаўся ў кішэнях, вывудзіў запальніцу, уручыў яе вартаўніку і паспяхова прайшоў кантроль. Затым давялося назваць сваё імя, прозвішча; вартаўнік пазваніў па селектары і перадаў трубку Пятру.
       - А, гэта ты, мой дарагі, праходзь, хутчэй праходзь, чакаем! - пачуўся ў слухаўцы развязны, настолькі ж ветлівы, наколькі фальшывы голас самога Амара Сулеева.
       - Добры дзень... - прамармытаў Пятро.
       Вартаўнік ужо націснуў патаемную кнопку, і ацынкаваныя дзверы з дзяжуркі на двор адчыніліся без найменшага шуму.
       Хлопец апынуўся ў агромністым двары, утвораным самім домам, што ахінаў яго літарай “п”. Трохпавярховы грувасткі фасад і два аднапавярховыя рукавы ад яго. Дах нізкі, усходняй формы. Вокны вузкія, высокія, бясстворкавыя. Панадворак спаласаваны бардзюрыстымі сцяжынамі, засаджаны газонам і кветнікамі. Пасярод высіўся фантан у выглядзе статуі голага атлета - вада струменіла з выцягнутых угору атлетавых рук. Адразу каля ўвахода, праваруч, знаходзілася адгароджаная пляцоўка, дзе за металічнай сеткай сноўдала некалькі застрашлівага выгляду сабак. Леваруч жа, уздоўж крыла дома, праходжваліся тры здаравенныя дзецюкі, апранутыя ў прыстойныя касцюмы. Яны раз-пораз падносілі да шчакі цёмныя прамакутнікі з антэнамі і перамаўляліся. Іх чэпкія вочы сачылі за кожным крокам Пятра.
       Зрэшты, пражываючы тры тыдні на браслаўскай дачы Сулеева, Мігуля прывык да нечага падобнага. Там пастаянна шнарылі гаспадаровы людзі, сачылі за парадкам. З Нінай наогул немагчыма было адасобіцца, каб нейкі “цень” не тырчаў у радыусе трыццаці метраў. Пятро нават не ўпэўнены, ці засталіся для Амара Рашыдавіча тайнай яго пацалункі з Нінай, што мелі месца ў мінулую пятніцу. Найхутчэй не. Ну ды чорт яго праглыні.
       Перад уваходам у дом, на шырачэзным нізкім ганку, абгароджаным біламі, таўклося багата народу. Рушачы ў гэтым кірунку, Пятро намагаўся згледзець хоць адну знаёмую фізіяномію. Ён не тое што апасаўся, а ўжо ведаў пэўна, што будзе тут пачувацца няёмка, што не будзе ведаць, чым сябе заняць і да каго прыткнуцца. Бо нічога агульнага з запрошанымі спадарамі ў яго не было і быць не магло. Не тырчаць жа ўвесь вечар каля бацькі як цуцык... Хаця не, на выручку яму, як і заўсёды, прыйдзе прыродная здольнасць знаходзіць паразуменне з жанчынамі. Гэта выручала яго на Браславе, калі ён цэлымі днямі аціраўся каля Ніны і яе трох сябровак і ўмудраўся ўхіляцца ад размоў з Амарам Рашыдавічам. Дарэчы, спадар Сулееў, як чалавек дзелавы, паяўляўся ў Браславе толькі наездамі. Як і сын яго, Валерый, які - адчувалася - знелюбіў Мігулю адразу. Вось ужо каго пабойваўся і стараўся ўсяляк унікаць Пятро.
       Між іншым, каржакаватую постаць Валерыя Пятро згледзеў ці не першай са знаёмых людзей. Ён гаманіў, пастрэльваючы калючымі позіркамі па баках, з трыма хлопцамі ў чорных пінжаках. Сам жа Валерый быў у светла-шэрым летнім касцюме. Чарнявы, невысокі, дужы, схільны з гадамі да паўнаты, ён быў вельмі падобны на свайго бацьку. Не ў прыклад Ніне, у ім было больш казахскага, чым славянскага. Шырокі скуласты твар і вузкія вочы асабліва падкрэслівалі яго азіятчыну. Пятро скурай адчуў у Валерыю непрыяцеля, калі той наведваўся ў Браслаў. Малодшы Сулееў і пагатоў не ішоў на дачыненні з Пятром, ставіўся з непрыхаванай пагардай, у лепшым выпадку - пры вітанні-развітанні - удастойваў кіўком галавы. Зараз жа ён, яўна заўважыўшы Пятра, абыякава адвярнуўся.
       - Дарагі ты мой! - раптам вынырнула з натоўпу бочкападобная круглатварая фігура Амара Рашыдавіча; гаспадар асабняка з дзіўным для сваёй камплекцыі спрытам падскочыў да хлопца, схапіў за руку, прыцягнуў да сябе і тройчы, па сваім усходнім звычаі, прыклаўся шчакой да шчакі.
       Румяны, нізкарослы, напалову пляшывы, з вузкімі хітрымі вочкамі, Амар Рашыдавіч заўсёды выклікаў у Пятра надзвычай супярэчлівыя пачуцці. З аднаго боку, ён быў сама гасціннасць і дабрадушнасць, а з другога - Пятро адчуваў, што не прывядзі Божа стаць яму ўпоперак дарогі. Раздушыць і не маргне. Пятро спадару Сулееву не давяраў і падазраваў, што гэтыя пачуцці ўзаемныя, нягледзячы на заўсёдныя паляпванні па плячы, усмешкі і звароты кшталту “Мой дарагі!”. Аднойчы падумалася, што Амар Сулееў гэтак жа - “Мой дарагі!” - звяртаўся б да свайго барана, якога б потым накрышыў у плоў без усякай шкадобы.
       Але гэта быў суб'ектыў і таемныя разважанні. Напаказ жа Пятро імгненна зляпіў найветлівейшую ўсмешку, якая так і застыла на яго твары на час, пакуль Амар Рашыдавіч, несупынна балбочучы, ці не за ручку вёў яго ў дом, у залу на першым паверсе, дзе ўжо быў накрыты шведскі стол.
       Сноўдалі афіцыянты і ўсялякія служкі. Было многа кветак: дарагіх, у вазах, кошыках, вазонах - паўсюль. У тон ім пярэсцілі дамы сваімі квяцістымі, строгімі, бліскучымі, самымі рознымі плаццямі. Каля жанчын увіхаліся мужыкі разнастайнага ўзросту. І амаль усе яны не былі колькі-небудзь знаёмыя Пятру Мігулю. Але ж, ледзь толькі ён апынуўся тут, як чуццём вопытнага лавеласа, нейкім уштукаваным у мозг лакатарам, вызначыў месца, ад якога ідзе адмысловы зарад. Ён кінуў туды косы позірк, не адварочваючы галавы ад Амара Рашыдавіча, і ўбачыў Ніну. Яна стаяла ў далёкім правым куце, каля століка з напіткамі, у атачэнні дзяўчат. І адразу, са звярынай упэўненасцю, несумненна і неабвержна адкрылася Мігулю адно: сярод дзесяткаў салідных і багатых мужчын, што знаходзіліся ў зале, цікавіць гэтую прыгажуню, гэтую дачку фінансавага магната толькі сціплая персона Пятра Сямёнавіча Мігулі. Вядома ж, пацалункі на сцяжыне пад хвоямі, што дазволіў сабе Пятро ў мінулую пятніцу, прынеслі свой плён. Ад усведамлення гэтага факта Мігулю, што набліжаўся з гаваркім Сулеевым да Ніны, стала ніякавата. З аднаго боку, ён зазнаў прывычны сверб старога залётніка, скаральніка жаночых сэрцаў. А з другога, з'явілася і мацнела нязводнае пачуццё, што Амар Сулееў, такі ўсмешліва-ветлівы, на самай справе валачэ яго цупкай рукою ў вязніцу, выйсця з якой не будзе да скону.
       Вось перарэзаў ім шлях, выскачыўшы з купкі гасцей, Пятроў бацька. Неяк прыніжана парукаўся з сынам, сказаў пару фраз, якія Пятро пусціў міма вушэй. А затым усё змяшалася ў карагодзе пачуццяў, уражанняў, сустрэч і знаёмстваў на гэтай дзівоснай вечарыне, праведзенай у такім пашанотным доме, куды хлопец яшчэ месяц таму і не спадзяваўся ўвайсці.
      
       12
      
       Пятро, хоць па завядзёнцы амаль нічога не піў, мала запомніў канкрэтнага з гэтага вечара. Яго знаёмілі і змушалі размаўляць з такой колькасцю людзей, што самы раз было ўносіць імёны ў свой электронны нататнік. Людзі ўсё былі важныя, дзелавыя, высокапастаўленыя, шмат сулееўскіх родзічаў, а Пятро тут жа забываўся, як іх завуць, збіваўся, блытаўся і пры любой зручнай магчымасці адыходзіўся.
       З непрыемнага запомнілася тое, як Амар Рашыдавіч прыцягнуў яго да купкі жанчын, дзе стаяла Нэля - нявестка, жонка яго бясцэннага сына Валерыя. Пятро быў знаёмы з ёй па Браслаўскіх азёрах, яна пражыла на дачы дзён дзесяць і, калі муж адсутнічаў, упарта заляцалася да Пятра. Ну, прынамсі, какетнічала з нуды па звычцы заўзятай месаліны. Нэля была прынята ў сямейства Сулеевых чатыры гады таму, калі Валерыю было дваццаць два. Узята як вядомая фотамадэль, як дарагі і прэстыжны экземпляр для выконвання пэўных функцый. Цяжка сказаць, на што, апроч грошай, разлічвала Нэля, калі ўлівалася ў сям'ю Сулеевых. Але ж у адным яна памылілася істотна: яе тут жа запрэглі выконваць свае непасрэдныя, прыродныя функцыі - насіць і нараджаць шмат дзяцей, прадаўжальнікаў гэтага слаўнага роду. Таму з зоркі салонаў і подыумаў прыйшлося перайсці ў разрад цажарніцы, парадзіхі і нянькі. Нэля нарадзіла аднаго за адным траіх дзяцей, і гэта моцна сапсавала яе фігуру, раней такую вытанчаную, бездакорную.
       Яна была высокая, ростам амаль з Пятра - недзе метр восемдзесят пяць. Колісь, што было бачна па фотаздымках, якія Нэля любіла паказваць, - вельмі стройная, худая, з далікатнымі формамі. Цяпер жа, пасля тамлівых родаў, таз яе непрыгожа расшырыўся, ягадзіцы папаўнелі і абвіслі, на клубах назапасіўся тлушч, яны сталі друзлымі. Грудзі выраслі і не жадалі быць тугімі і пругкімі, а імкнуліся долу. Твар, праўда, застаўся худым. Але ўсмешка, якая нязменна панавала на ім, выглядала ненатуральна, лялечна, што ўзмацнялася празмернай касметыкай - усялякімі фарбамі ды бяліламі.
       І пры ўсім тым яна нястомна маладзілася, старалася выглядаць прыгажэй і сексуальней, чым ёсць, пры любой магчымасці выпрабоўвала свае чары на мужчынах.
       Побач з мужам Валерыем Нэля глядзелася надзвычай негарманічна, была вышэйшая сантыметраў на пятнаццаць, а на абцасах - на цэлую галаву. Але адчувалася, што муж не толькі не саромеецца гэтых сантыметраў не на сваю карысць, а, наадварот, ганарыцца, што ў яго такая высокая, буйная жонка. Пятро падазраваў, што Валерый у сямейным жыцці тыран. Аднойчы на дачы, выйшаўшы ноччу на галерэю перакурыць, ён чуў яго павышаны, скандальны голас, што даносіўся з боку спальні. Выразна раздаўся пляскач, глухія ўдары, нешта важкае кудысьці ўпала... Наступнага дня, яшчэ да сняданку, Валерый пакаціў у Мінск, а Нэля цэлы дзень не выходзіла са сваёй спальні. Гаспадары гэта растлумачылі яе недамаганнем. Праўда, праз дзень яна паявілася і была, як заўсёды, ненатуральна вясёлая, без яўных слядоў пабояў. І нават напорысцей, чым раней, заляцалася да Пятра. Гэтыя прыставанні былі яму тым больш непрыемныя, што не ўкрываліся ад пільных вачэй Ніны, якая хмурылася, дзьмулася на Пятра, быццам ён у чым вінаваты.
       Карацей, ужо па першым знаёмстве з гэтай сямейкай станавілася ясна, што трэба быць гатовым да ўсялякіх правакацый і сцэн. Трымаць вушкі на макаўцы. Трымаць сябе ў жорсткай аброці. І ўжо напэўна - не натурыцца, не злаваць Валерыя, чалавека з крутым характарам, другога па значнасці ў сям'і, які да таго ж паставіўся з падазрэннем да прышлага чалавека - Пятра Мігулі.
       ...Пасля ўступнай прамовы Амара Сулеева, дзе ён даволі блытана дзякаваў шаноўным гасцям за тое, што наведалі яго дом, зайграў аркестр, які знаходзіўся на невысокай пляцоўцы ў куце залы. Ігралася лёгкая, ненавязлівая музыка, без спеваў. Гаспадар запрасіў частавацца стравамі, шчодра расстаўленымі на прамакутных сталах і круглых століках. Усе з вялікім здавальненнем і апетытам пачалі есці. Пятро Мігуля, які прывык харчавацца на адзіноце, пастараўся як мага хутчэй наталіць голад і не круціцца перад людзьмі з талеркамі і набітым ротам. Бо тут, як на любым свецкім рауце, было заведзена, жуючы, збівацца ў гурты і весці няспешныя, манерыстыя размову.
       Пятро, тым не менш, парадкам перакусіў, выпіў паўфужэра сухога віна і падаўся ў бок Ніны, з якой дагэтуль адно абмяняўся адпаведнымі сітуацыі позіркамі. Каля Ніны стаялі тры дзяўчыны. Гэта палегчыла падыход, і Пятро імгненна завёў з імі настолькі ж вясёлую, наколькі пустую гаворку.
       Далей, помніцца, да яго падышоў Сямён Паўлавіч - немаведама для чаго. Разамлелы ад гарачыні, выпітага віна, у расшпіленым касцюме, бацька панёс нейкую лухту, выглядаў недарэчна і змушана сярод маладых. Пятру прыйшлося праявіць немалую вытрымку, перш чым Сямёна Паўлавіча нехта аклікнуў і той адышоўся.
       Потым танцавалі. Закусвалі. Гаманілі. Зноў танцавалі. Зразумела, што Пятро браў сабе ў пару выключна Ніну Сулееву. Прычым заўважыў, што ніхто іншы не наважваецца яе запрасіць. Гэта выглядала на нейкую змову, нібы ўсе прысутныя ведалі, хто такі ёсць Пятро Мігуля для сямейства Сулеевых. А можа, гэта проста здалося Пятру ад узбуджэння віном, музыкай і акаляючым тлумам. Аднак тое, што Ніна ў той вечар больш ні з кім не танцавала, - факт. Гэта і цешыла і насцярожвала хлопца.
       Пачуцці яго падзяліліся на дзве супрацьлеглыя катэгорыі - так бы мовіць, цэнтрабежныя і цэнтраімклівыя. Першыя неадольна цягнулі яго да Ніны, змушалі шчыльней, як толькі дазвалялі межы прыстойнасці, прыціскацца за танцам да яе крамянага цела, сыпаць кампліментамі і пошласцямі, якія, зрэшты, выклікалі на твары яго абранніцы румянец задавальнення. Другія пачуцці выступалі ў ролі тормаза першых, яны не дазвалялі ні на хвіліну забыцца, чыю дачку трымае Пятро Мігуля ў абдымках; яны нашэптвалі, што бясплатнага сыру ў мышалоўку не пакладуць, што пакарыстацца дзявочымі вабнотамі проста так яму ніхто на гэты раз не дазволіць.
       І тым не менш Пятро ўвесь вечар шукаў магчымасці адасобіцца з Нінаю. Гэта не ўдавалася добрыя дзве гадзіны. Каля іх пастаянна круціўся нехта трэці, чацвёрты, пяты. Нехта кудысьці запрашаў, нехта аклікаў, нехта прапаноўваў з ім выпіць. У твар лезлі афіцыянты. Мільгала ўсюдыісная лысіна гаспадара. А галоўнае, Пятро часцяком лавіў на сабе чэпкія, нядобрыя позіркі Валерыя, Нінінага брата. Гэты спадар не даваў Мігулю спакою адным фактам сваёй прысутнасці. Ён раўнаваў сястру да Пятра, лічыў яго не вартым яе пазногця, лічыў чалавекам выпадковым - гэта было відавочна.
       Дапамог сам Сулееў-старэйшы, які, чарговы раз падскочыўшы да дачкі, прапанаваў ёй паказаць госцю дом, асабліва рэкамендаваў другі паверх, дзе ў пакоях, як ён казаў, віселі дарагія і рэдкія карціны.
       Узяўшы Пятра пад руку, Ніна накіравалася да выхаду з залы. Як на злосць, там стаяў каржакаваты Валерый і трымаў сваю высачэзную жонку за талію. Яны гаманілі з іншай параю. Мінаючы іх, Пятро апусціў вочы долу і ўсё-ткі скурай адчуў заўсёдны непрыязны позірк Валерыя.
       - Куды? - спытаўся той даволі абыякава ў сястры.
       - На прагулку, - аджартавалася ад яго Ніна; яна, трэба заўважыць, ставілася да старэйшага брата з дзіўнай іроніяй, з адчуваннем сваёй перавагі, ці што. Пятро яшчэ многага не разумеў у іхніх адносінах.
       На другім паверсе Ніна завяла Пятра ў пакой, які меў некалькі акон і адметную форму: адна сцяна выгіналася паўкругам, яе вокны выходзілі на ўчастак, процілеглы двару. Пятро глянуў і абамлеў: аб'ёмны басейн, паўнаварты тэнісны корт - і яшчэ нямерана плошчы занята пад кветнікі, дарожкі, разнастайныя дрэвы, маляўніча падстрыжаны хмызняк і мураваны флігель. Усё гэта атачалася высознай бетоннай агароджаю. Цэлы парк адпачынку, дый годзе.
       - Ну і ну, - толькі і мог вымавіць Мігуля.
       - Уражвае? - усмешліва зірнула на яго дзяўчына.
       - Не тое слова.
       - А ты ў тэніс гуляеш? - Ніна, як здалося, гарачэй сціснула Пятрову руку.
       - Хм... даводзілася ракетку трымаць. Але ж назваць гэта гульнёй...
       - Хочаш, я цябе навучу? У мяне быў харошы трэнер.
       - Ніна... - Пятро ўдастоіў яе паглядам, даўно адпрацаваным для такіх момантаў. - Ніначка, атрымаць такога напарніка - мара майго жыцця...
       - Тады прыходзь на тым тыдні... скажам, у аўторак пасля пяці. Зможаш?
       “О, што за вочы, што за валасы... што за цела скрываецца пад гэтым цудоўным плаццем!” - падумаў Пятро.
       - Я прыйшоў бы да цябе нават мёртвы! - вымавіў Мігуля фразу, якую адрасаваў розным жанчынам не менш, як дваццаць разоў.
       Але ж Ніне, якая, мусіць, чула гэтую пошласць упершыню, яна спадабалася.
       - Дамовіліся. А цяпер давай пяройдзем на другі бок дома, я табе бацькаву калекцыю пакажу.
       Яны выйшлі ў калідор, які, відаць па ўсім, падзяляў галоўны корпус асабняка на дзве часткі. Даўжэзны калідор, з шэрагам карычневых драўляных дзвярэй і дывановай дарожкай паўзверх паркету. Ён быў пусты. Толькі ў самым канцы, у дзвярным праёме, хіснуўся і схаваўся за рагом чалавек. Гэта, найхутчэй, быў адзін з людзей Амара Рашыдавіча, служка. У даўніну такіх называлі лёкаямі.
       Пятро з Нінай рушылі направа па калідоры.
       - Слухай, Нін, а што гэта я Ганну Вікенцьеўну сёння не бачыў?
       - А мама на Кіпры. Учора паляцела. У санаторый.
       - А...
       - Яна там па два разы на год павінна бываць. Слабыя лёгкія. Яна звычайна там адпачывае ранняй восенню і позняй вясной.
       - Ну так, канешне. Клімат там не тое, што нашанскі...
       - Сюды. - Ніна павярнула медную ручку важкіх дзвярэй, штурхнула іх наперад.
       Яны апынуліся ў вялікім пакоі. Яркае святло загарэлася само, адразу як яны ўвайшлі. Сонца ж сюды не пранікала, яму заміналі шчыльныя шторы, што завешвалі два высокіх акны. Блішчаў дбайна начышчаны паркет.
       Пакой быў цесна застаўлены і завешаны так званымі творамі мастацтва. Паколькі Мігуля ўласна ў мастацтве разбіраўся не надта, то і ацаніць вартасці змешчаных тут экспанатаў не змог. Але чыста па-дылетанцку быў уражаны колькасцю палотнаў, скульптур, усялякіх прадметаў даўніны, што стаялі, ляжалі, віселі і ўкрываліся за непрабіўнымі шыбамі адмысловых тумбачак. Асабліва спадабалася скульптурная кампазіцыя з коньмі, якія ўставалі на дыбкі, а вершнікі люта замахваліся адно на аднаго шаблямі. Увогуле, тут пераважалі матывы дужасці, гвалту. Адзін атлет утрапёна душыў змяю. На адной карціне жылісты маўр трымаў на каленях белацелую жанчыну з каласальнымі бёдрамі, прычым дамагаўся яе насуперак волі.
       - Гэта ўсё тата сабраў, - паясніла Ніна адразу па ўваходзе ў хатні музей.
       - Ну, зразумела... А брат твой, не таго... не цікавіцца? - Асоба Валерыя не давала Пятру спакою.
       - Не, ён у нас пазбаўлены пачуцця прыгожага.
       - Гэта заўважна.
       Потым яны хадзілі ад сцяны да сцяны і між экспанатаў. Дзяўчына нешта паказвала і тлумачыла. Але ж не зместам расповеду наталяўся Пятро, а салодкім, шчабятлівым галаском спадарожніцы, пахам тонкіх духоў і дзявочага цела, дасканалымі абрысамі кісцей рук, шыі... А яшчэ вочы так і наравілі зазірнуць зверху ўніз, у разрэз сукенкі, што прыадкрываў тугія, высокія, вялікія грудзі...
       І вось, калі яны стаялі між буйных скульптур, крыху дакранаючыся адно да аднаго сцёгнамі, Мігуля адчуў такі электрычны ток, што адно паспеў зладзеявата зірнуць на зачыненыя дзверы і... Прывычна, упэўнена, як мае быць, ён паклаў правую руку Ніне на сцягно, адчуў яго трапятлівую мяккасць і моўчкі, засяроджана стаў з сілай туліць да сябе. Ад гэтага намагання другое Нініна сцягно мацней і мацней прыціскалася да яго, спатольнае дзявочае цяпло як бы пацякло па ягоным целе.
       Ніна, калі і збянтэжылася, то выгляду не падала, а працягвала гаварыць тое, што пачала яшчэ да рашучых Пятровых дзеянняў. Ніякага супраціўлення і нездавальнення. Наадварот, галасок яе крыху падрыгваў, млеў, а затым і цалкам заціх.
       Яны стаялі доўга, хвілін пяць, наталяючыся гэтым маўклівым дотыкам.
       “Божа, што б я зрабіў з ёю ў пасцелі! - думаў Пятро, ледзь стрымліваючы юрлівы імпэт. - Якое цела, які страшны патэнцыял! І ніводная сволач раней за мяне яе не краналася!”
       Пачуліся крокі па калідоры, і гэты салодкі кантакт абарваўся.
       Стук у дзверы. Чалавек прыйшоў сказаць, што Амар Рашыдавіч просіць іх спусціцца ў залу на нейкую цырымонію.
      
       13
      
       У наступныя два тыдні Пятро Мігуля зрабіўся ў асабняку Сулеевых частым госцем. Пачалося з аўторка, на які Ніна запрасіла яго пагуляць у тэніс. А там, як кажуць, пайшло-паехала. Прычым на час яго наведванняў да Ніны не запрашалася ніякіх сябровак, і нават жыхары асабняка стараліся пакінуць маладых без нагляду. А што самае ўсцешнае, зусім не трапляўся на вочы Валерый. Як у ваду кануў. Зрэшты, у Нінінага брата была свая вялізная кватэра ў элітным доме. Дарэчы, і сам Амар Рашыдавіч меў пяціпакаёўку блізу праспекта Скарыны. Акрамя таго, як раней паведаміў Пятроў бацька, у Сулеевых ёсць яшчэ адна кватэра - уласна для Ніны, што пакуль пустуе і чакае яе замужжа. Зразумела, Сямён Паўлавіч намякаў, што галоўным прэтэндэнтам на ўзгаданую жылплошчу з'яўляецца сам Пятро.
       Чым жа займаліся Пятро Мігуля і Ніна Сулеева пры сустрэчах у яе доме? Яны многа гулялі ў тэніс і купаліся ў басейне. Басейн быў мелкі толькі ля аднаго борта, а на асноўным прасцягу - глыбокі, за два метры і болей. Там стаяла двухметровая вышка, з якой купальшчыкі давалі хвацкага нырца. Надвор'е трымалася цудоўнае, сонечнае, за дваццаць градусаў, і можна было загараць на шэзлонгах. Высокая агароджа не прапускала сюды парываў ветру, не прапускала і старонніх вачэй. Амар Рашыдавіч паказаўся колькі разоў: са сваімі гасцінна распасцёртымі рукамі ішоў да Пятра, абдымаў, тройчы дакранаўся шчакой да шчакі, ляпаў па плячы і гаварыў “Мой дарагі!”. Усё як звычайна. А яшчэ ён наказваў дачцэ, каб як найбольш забаўляла госця, каб не давала яму сумаваць... А тады таропка знікаў, нібы баючыся чамусьці тут перашкодзіць.
       На другім-трэцім наведванні асабняка Пятро адзначыў, што на заднім двары, дзе басейн і корт, не мільгалі нават хатнія слугі. Яны з'яўляліся адно па загадзе, калі Ніна клікала іх па мабільніку. А таму Пятро асмялеў да таго, што стаў, калі знаходзіліся ў вадзе, усяляк ціскаць сваю сяброўку. Рабіў гэта, вядома ж, асцярожліва і з аглядкай. Пераважна пад вадой. Яны ныралі на самае дно і спляталіся ў гарачых абдымках. Пятровы рукі працавалі тады паспешліва і ўмела, за якія паўхвіліны даследуючы ўсе забаронныя месцы Нінінага цела. Дзяўчына вынырвала крыху збянтэжаная, але дужа здаволеная. Так паўтаралася раз за разам. Затым яны напаўляжалі ў адкідных крэслах, падставіўшы сонцу твары, размаўлялі на малазначныя тэмы. Слугі прыносілі напіткі і ежу.
       Адзін раз, калі ішоў дождж, Ніна запрасіла Пятра ў дом паглядзець відзік. Дзверы ў пакой яны рашуча замкнулі і пад фільм, змест якога меў небагата значэння, удосталь намілаваліся. Але ж гэты занятак прынёс задавальненне Ніне, а не Пятру. Бо знаходзіцца ў неспатоленай напрузе аж дзве гадзіны для мужчыны няздорава. Потым цэлыя суткі пакутліва балеў ніз жывата, і Мігуля быў вымушаны зноў выклікаць нанач сяброўку - тую, з якой ужо бавіўся пасля вяртання з Браслава. Так, гэта горкая праўда жыцця: кахаем адных, спім з другімі, ненавідзім трэціх і не можам на іх забыцца.
       Пятро Мігуля не мог забыцца на Ксеню Шпачык. Дакладней, не мог змірыцца з тым, што яна, а не ён, яго кінула. У гэтым была жудасная несправядлівасць. Нарадзілася і спела прыкрасць, быццам уляпілі яму публічную поўху, а ён пабаяўся даць здачы. Пятро ўспамінаў свае колішнія дачыненні з жанчынамі і не мог прыгадаць, каб яго вось так груба і проста адпрэчвалі. Ён кідаў і крыўдзіў сваіх ранейшых каханак. Як сапраўдны мужык, герой, пераможца...
       Аказацца пераможаным, ахвяраю чужой прыхамаці - гэта было новае, нязнанае, брыдкае пачуццё. Чым больш акунаўся ў яго Пятро, тым шчыльней падыходзіў да высновы, што павінен яшчэ раз пабачыцца і пагаварыць з Ксеняй Шпачык. Расставіць кропкі над “і”. Ды каб не Ксеня паставіла тыя кропкі, як мінулага разу, а ён сам, уласнай, так бы мовіць, рукой указаў ёй на дзверы. Мігуля, зрэшты, разумеў усю бязглуздасць такой пазіцыі, бо “ўказваць рукой на дзверы” позна, калі Шпачык самохаць парвала з ім усякія сувязі. Перш чым яе выгнаць “за дзверы”, трэба спачатку вярнуць. Але ж не логікай кіраваўся Пятро, а выключна злой жарсцю.
       Калі хто думае, што спадар Мігуля адчуваў згрызоты сумлення з прычыны раздваення і нават растраення свайго жыцця, перажываў ад таго, што падманваў даверлівую Ніну, то мусім запэўніць: гэта далёка не так. Датычна жанчын, якія ўяўлялі для яго хоць якую-небудзь цікавасць, Пятро не ведаў ніякіх маральных нормаў. З самага першага любоўнага вопыту, калі патрапіў, чатырнаццацігадовы, у абдоймы пышнай паварыхі Святланы, у галаву яго трывала ўбілася тое, што каханне - штука выключна плоцкая, грубая, бессаромная. А праз некалькі гадоў, паступова, Пятро ўсвядоміў наступнае: каханне не церпіць ніякіх сантыментаў і ваганняў, тут нельга паказваць свае слабасці, тут недапушчальна даць зразумець партнёру, што ён для цябе надзвычай важны аб'ект. Дзейнічаць трэба хутка, рашуча, нахрапіста. У такой філасофіі палягаў поспех Мігулі ў дачыненнях з жанчынамі. Шматгадовы вопыт паказваў, што самая тонкая і далікатная з выгляду дзяўчына нязменна аддае перавагу не таму, хто ўразіць яе цярпліва-гжэчнымі заляцаннямі, не таму, хто будзе самы разумны і абыходлівы, а таму, хто не пабаіцца пераступіць межы прыстойнасці, хто пакажа вар'яцтва кахання ва ўсёй “красе”, у самых гарачых, пачварных яго праявах. Даму сэрца неабходна скарыць адвагай, рашучасцю, а часам і сілай. Гэта ведаў Пятро Мігуля даўно, а за апошнія тры гады, калі захапіўся філасофіяй, ён знайшоў свайму досведу амаль навуковае пацвярджэнне.
       Як бы далёка ні ішло чалавецтва па шляху інтэлектуальнага развіцця, асобная чалавечая адзінка ні на трохі не аддаліцца ад сваёй жывёльнай прыроды. У гэтым бяда і непазбыўная пакута людзей. Наша жыццё, як толькі мы пачынаем усведамляць сваю самасць, а значыць, робімся людзьмі, - раздвойваецца і цячэ ў двух паралельных рэчышчах. Воды аднаго рэчышча - гэта тысячагадовыя здабыткі цывілізацыі, што ўлучаюць у сябе мастацтва, навуку, мараль, грамадскі лад і законы, па якіх належыць існаваць чалавеку, каб не апынуцца на дне. У гэтым рэчышчы нас адмалку пераконваюць, што дрэнна быць невукам, кепска быць грубым, заганна праяўляць свой жывёльны пачатак. Ёсць, аднак, другое рэчышча паўнаводнай ракі жыцця, дзе пануюць законы, амаль процілеглыя. Там цэніцца дужасць, адвага і фізічная прыгажосць, там у пашане хітрасць і спрыт. Прычым тычыцца гэта што мужчын, што жанчын амаль у роўнай ступені.
       Ужо з малалецтва чалавек адчувае ўсе невыгоды свайго кволага целаскладу і сваёй баязлівасці: яго заціскаюць, б'юць, прыніжаюць. У падлеткавым узросце за гэта ім пагарджаюць дзяўчаткі, а ў маладосці ўзнікаюць праблемы з адшуканнем палавога партнёра. Будзь ты тысячакроць разумны, без палавога партнёра шчаслівым не станеш, бо ён дае, акрамя задавальнення плоцкай патрэбы, яшчэ і сям'ю, і любоў, і нашчадкаў, якія ў перспектыве будуць аб табе клапаціцца.
       Хітрасць і спрыт - якасці, успадкаваныя намі з тых даўніх часоў, калі чалавек паляваў на дзічыну, маючы ў руках прымітыўную зброю, а таксама, не будучы надзелены кіпцюрамі ды ікламі, выжываў у свеце, поўным драпежнікаў. Хітрасць і спрыт толькі памянялі свае абліччы ў наш час, сублімаваліся ў камунікабельнасць, кар'ерызм, а калі шырэй: у ліслівасць і выслужлівасць перад начальствам, снабізм, здольнасць трымаць нос па ветры, ману дзеля выгады, крывадушнасць і здатнасць уздымацца ў грамадскай іерархіі праз высокапастаўленых палюбоўнікаў.
       У першым рэчышчы людскога жыцця ніхто афіцыйна не стане ўхваляць дужасць і сексуальную прыгажосць, не стане вучыць хітрасці і агрэсіі. Там, наадварот, усяляк асуджаюць жывёльныя якасці і дэкларуюць роўнасць багатага з бедным, калекі з Апалонам, там пяюць дыфірамбы розуму, таленту і геніяльнасці. Але нармальны чалавек цвёрда ведае, што гэта, мякка кажучы, не ўся праўда. Бо штодзень сутыкаецца з панаваннем фізічнай сілы, сексуальнай прывабнасці, хітрасці і кар'ерызму.
       Карацей, усё вышэйпамянёнае Пятро толькі абагульніў, прывёў для сябе ў сістэму. Ведаў жа гэтыя законы ён з незапомных часоў, інстынктыўна - настолькі, наколькі любы чалавек перакананы, што лепш ісці па сухім, чым па гразі, што трэба абыходзіць прорву, а не ўвальвацца ў яе, рушачы напрасткі. Пятро цудоўна ўсведамляў тыя здольнасці, якія ў яго былі, і тыя, што прыродай не дадзены. Прывабнасць для жаночага полу ў сілу высокага росту, прыгажосці, нахабнай абаяльнасці - гэта быў адзін несумненны козыр, якім ён з удзячнасцю карыстаўся. Гэты козыр уздыме яго па грамадскай лесвіцы праз замужжа на Ніне Сулеевай, а магчыма, разаўе якасці, на якія яго абдзяліла прырода-матухна: грамадскую камунікабельнасць і кар'ерызм.
       Але ж чалавек не быў бы чалавекам, а Пятро Мігуля самім сабой, каб, апрача розуму, не кіраваўся пачуццямі і страсцямі. А таму, здавалася б, развітаўшыся з Ксеняй Шпачык, атрымаўшы свабоду і магчымасць уладкоўваць свае асабістыя справы, ён адчуў пакрыёмае нездавальненне і эмацыйную пустату. Праз некаторы час таемная сіла разбурэння пацягнула яго на нелагічныя, неапраўданыя, нейкія вычварныя ўчынкі.
      
       14
      
       - Ну, маці, баюся сурочыць, але пакуль усё складваецца цудоўна, - гаварыў Сямён Паўлавіч жонцы за абедам. - Цэлымі днямі ў Сулеевых бавіцца. Так што сплюнь тры разы. - Дасёрбаўшы боршч, ён адсунуў талерку і задаволена фыркнуў.
       - А што Амар табе гаварыў? - Наталля Ціханаўна прыняла пустую талерку і тут жа падала новую страву.
       - Амар становішча кантралюе, тут ты не перажывай. Да Пятра ён ставіцца добра, з даверам, можна сказаць. Адно трэба сачыць, каб з прапановай наш аболтус не прамарудзіў. Але і тэрмін нейкі вытрымаць трэба... Тут тонкая псіхалогія.
       Сямён Паўлавіч заскочыў дамоў на абед літаральна на паўгадзіны. Унізе яго чакала машына, і трэба было імчацца ў райцэнтр, на адкрыццё Дома культуры, дзе ад яго чакалі ўрачыстай прамовы. Таму еў ён нахапкам, у касцюме. Толькі скінуў пінжак і заклаў за каўнер палатняную сурвэтку. Сямён Паўлавіч наталяў зверскі голад, смаку страў амаль што не адчуваў, думкі яго былі заняты хуткай жаніцьбай сына.
       - О, Наташа, каб толькі ўсё сышлося як мае быць! Бога малю! - з поўным ротам працягваў гаманіць муж. - Ты нават не разумееш, што для яго, для ўсіх нас гэтая жаніцьба.
       - Чаму не разумею? Я вось... - паспрабавала пакрыўдзіцца жонка.
       Але Сямён Паўлавіч яе перабіў:
       - Ды дзе табе зразумець! Не крыўдуй, маці, але апошнім часам лунаеш ты ў нейкіх ружовых аблоках. Ад жыцця адыходзішся. Нельга так. Не давядзе цябе царква да дабра, успомніш ты мае словы.
       - Сямён, я, здаецца, прасіла цябе пры мне не блюзнерыць.
       - Ат, якое гэта блюзнерства! - узмахнуў рукой муж. - А вось тое, што ты абыякавая да лёсу роднага сына, гэта грэх. Прабач.
       Наталля Ціханаўна асуджальна ўздыхнула і падала дэсерт: каву з пірожным.
       - Не, Сямён, не абыякавая я да Пятра. А толькі вось шчасця яму жадаю. І сумняваюся, што ён будзе шчаслівы ў гэтым сямействе. Чакай, не крычы... Я проста ведаю нашага сына, ну няма ў яго камерцыйнай жылкі, а там усе такія дзелавыя, учэпістыя. Ці прыжывецца ён там?
       - Бог мой, ды што ты заладзіла! - ляпнуў па стале далонню Сямён Паўлавіч. - Тут галоўнае ў сям'ю іхнюю ўбіцца, а там навучаць яго, памогуць, прымусяць у рэшце рэшт. Мы ж з табой, на жаль, не маладыя, Наташа. Ну працягну я яшчэ на пасадзе колькі гадоў, ну перасунуць мяне потым на месца, рангам ніжэйшае. Дык пакуль я ў сіле, хачу зрабіць для Пятра ўсё магчымае, і нават болей за тое.
       - Ды я ў гэтым не сумняваюся. Не напартачыць бы, вось у чым штука...
       - Я табе каторы раз гавару, - Сямён Паўлавіч узвысіў свой камандзірскі голас, - што тут галоўнае стаць членам сям'і Сулеевых. Ты мне павер. У іх, азіятаў... - ён рэзка сцішыўся і загаварыў змоўніцкім шэптам, - у іх разводы і іншая кісляціна не дапускаюцца. Ажаніўся - будзеш мужам навечна. А там дзеці пойдуць, месца яму Амар у сваёй структуры дасць адпаведнае. Па нашым часе за такое трэба кіпцюрамі трымацца!
       - Ды ўсё так, усё так, Сёма... - з сумам глядзела на яго Наталля Ціханаўна. - Аднак аднаго ты не дагаворваеш, ці баішся сабе ў гэтым прызнацца...
       - А? - Сямён Паўлавіч нервова таргануў шыяй.
       - А ці зможа Пятро быць верным мужам?
       Павісла няёмкая паўза.
       - У! - пакутліва застагнаў Сямён Паўлавіч. - Ну проста пад дых ты мне ўдарыла! - Ён злосна вырачыўся на рахманую Наталлю Ціханаўну. - Праўда гэта, жудасная праўда, Наташа. Не тое што сумняваюся ў гэтым, а баюся, начэй не сплю. Мужава вернасць! Ды якая там вернасць, калі ён яшчэ ніводнай харашуні міма сябе не пусціў! - Паўлавіч панурыў голаў і запусціў правую руку ў валасы. - Так, гэта праблема. І трэба яму ўразумець, што звычкі свае, апетыты, прыйдзецца звесці ў нішто. І я гэтага даб'юся. Дзеля ягонага ж шчасця. Здрады Амар яму не даруе. У парашок ператрэ, скуру з жывога злупіць.
       - Вось бачыш...
       - Бачу! Але ад свайго не адступлю, так і знай! - Муж устаў з-за стала, сашмаргнуў з шыі сурвэтку і кінуў яе на крэсла. - Будзе ён у мяне мужам Ніны Сулеевай, і верным мужам - гэта я табе абяцаю. А інакш я не Сямён Мігуля!
       Ён нечакана палагаднеў і з нейкім затуманеным, летуценным паглядам прысеў на краёчак крэсла, з якога толькі што ўскокваў.
       - А што, маці, калі там каханне такое, што больш ніхто не спатрэбіцца? Што, калі дзеці пойдуць, многа дзяцей. Людзі ж мяняюцца, а? Прачнецца бацькоўскі інстынкт, зменяцца адносіны да жыцця... Закруцяць справы. Адчуе сябе галавой сям'і, здабытчыкам... - Сямёну Паўлавічу карцела завяршыць фразу словамі “як я”, але ж унутраны вартаўнік гэтага не дазволіў. Бо другая яго сям'я, Алена і Танечка, не давала пра сябе забыцца ні на хвіліну.
       “Так мне і трэба, кабяліне старому! - папракаў сябе Сямён Паўлавіч, прычэсваючыся ў калідоры перад люстэркам. - Які сам, такі і нашчадак, халера нас не вазьмі. Цяпер толькі маліцца, толькі маліцца і спадзявацца!”
       “Маліцца” для Мігулі-старэйшага, які ў Бога зроду не верыў, азначала прасіць нейкую спадарыню ўдачу, нейкую рулетку, каб спынілася на патрэбным, жаданым сектары.
       Ён цёпла, цяплей чым звычайна, развітаўся з жонкай і выйшаў.
      
      
       Леапард
      
       Удзень і ўначы я чакаў, пакуль тройчы выпадзе і сыдзе снег. Я бачыў дождж, слоту, пакрытую шэранню траву і хмызняк, злёгку зацярушаны за ноч. Я мусіў маніць сабе, што снег ужо выпадаў і сыходзіў за час майго сну. Карцела наведаць кватэру пад нумарам “33”, але я баяўся ўгнявіць Гаспадара сваім раннім прыходам. Яшчэ не час - гэта было відавочна. Але цярпенне маё заканчвалася. Я блукаў па горадзе спіралевіднымі кругамі, кожны з якіх набліжаў мяне да дома, дзе жыве леапард. Неймаверная, непадуладная розуму цэнтраімклівая сіла - яна прывяла-такі мяне ў голы восеньскі двор. Зрэшты, снежань ужо надышоў. На тое ўказваў каляндар над ложкам у маім сырым і няўтульным пакоі. Аркушыкі календара я адрываў кожную раніцу.
       Ад сіверу хісталася голле старога каштана, што высіўся перад пад'ездам. Блізу стаяла праржавелая легкавушка са спушчанымі коламі, стаяла, мусіць, не адзін год... Я прайшоў паўз яе, паўз каштан, ступіў на ганак пад'езда, абапіраючыся на ненадзейнае біла. Рыпнулі-ўскрыкнулі дзверы, шухнулі, зачыніўшыся за маёй спінай. Вобмацкам, звыкаючы да паўзмроку, я рушыў на трэці паверх. Памятаю, за аднымі дзвярыма на другім паверсе прагучаў смех - нейкі нездаровы, хутчэй пакутлівы, чым вясёлы, смяшок. Так хіхікаюць істэрычныя жанчыны перад чарговым прыпадкам. Затое на трэцім паверсе панавала ціша. Нічога не даносілася з-за дзвярэй пад нумарам “33”, як і з-за суседніх дзвярэй. Я небеспадстаўна падазраваў, што мне сёння будуць не радыя. Я парушыў закон, бо наведаўся да прызначанага часу. Але калі прыйдзе той час? Можа, снег наогул не выпадзе да вясны. Або выпадзе, схопіцца маразамі і не растане. Што будзе тады са мной? Што будзе з істотай, якая затаілася на балконе? Што будзе з Гаспадаром, якому, зважаючы на ўзрост, засталося зусім не так многа?
       Я не мог болей трываць невядомасць. І таму пастукаўся ў дзверы... Вось цуд, на гэты раз яны адчыніліся ад мізэрнага дакранання костачак пальцаў. Адчыніліся так, нібы нехта іх знутры пацягнуў. Але ж нікога не было ў пачакальні. Толькі святло, аранжавае, няпэўнае, прабівалася скрозь шчыліну з залы. Я рушыў туды. Абачліва зняў шумлівы абутак і ўвайшоў.
       - Я б здзівіўся, каб ты не завітаў. - Кволы, надтрэснуты голас данёсся немаведама скуль; Гаспадара не было на ранейшым месцы.
       - Дзе вы? - спытаўся я, трывожна азіраючы пакой.
       І тады заварушылася пакрывала на канапе. Стары ляжаў пад ім. Я проста адразу яго не заўважыў. Вытыркалася адна ссівелая галава, паўтвару.
       - Я прыхварнуў, і мушу тут зябнуць, - праскрыпеў Гаспадар. - З-за нямогласці не паліў печку некалькі дзён... Ты адчуваеш, як золка і холадна?
       Папраўдзе, узбуджаны чаканнем звестак пра леапарда, я не зважыў на холад у кватэры. Але падтакнуў:
       - Так, нешта халаднавата. А дзе ў вас дровы? Давайце я памагу...
       - Дровы ў падвале. А падвал на замку.
       - Дайце ключ, растлумачце дарогу, і я вам іх прынясу.
       - Не, хлопча, там такая глыбіня, такія выгіны, такі хлам пад нагамі, што разабрацца ва ўсім гэтым магу толькі я.
       - Дык што ж рабіць? - Я без запрашэння сеў, як і той раз, на кілім перад канапай.
       Гаспадар крактануў, перхануў, а тады закашляўся: сіпла, свістліва, жудасна і працягла. Нарэшце ён аддыхаўся, высунуў з-пад коўдры бяззубы, напаўскрыты барадой і вусамі рот і прамовіў:
       - Чакаць. Цярпець і чакаць.
       - А вы не баіцеся памерці? Да таго ж... Як без вас пражыве леапард? Яго ж трэба карміць.
       - Ён, у адрозненне ад людзей, есць рэдка, ды многа. Калі насыціцца - спіць. Тады ён бяспечны. А наконт маёй смерці... Няўжо ты думаеш, што мне не хапіла пражытых гадоў, што я буду чапляцца за гэтае золкае жыццё, або што нехта заплача, калі я пайду?
       - А хто тады будзе даглядаць леапарда? - не адставаў я.
       - А навошта ж ты зачасціў да мяне? - Хваравітыя вочы Гаспадара, як здалося, хітравата бліснулі.
       - Вы думаеце, я спраўлюся?
       - Прынамсі, шанцы на гэта ёсць. Але ж не ўсё залежыць ад цябе, хлопча. Ты ўсё адно будзеш круціцца сярод сабратаў, а леапард іх не выносіць. Каб аддаць яму належную ўвагу, трэба адрачыся ад свету людзей, стаць такім жа самотным, як я. Ты гэтага не зможаш ажыццявіць.
       - Слухайце, мы столькі пра яго гаворым, а вы нават не дазваляеце мне прайсці на балкон...
       - І правільна раблю. Не след яго да пары да часу трывожыць. Калі леапард прачынаецца, ён пра сябе нагадвае сам. Ты толькі чакай. І не бойся. Пражыўшы страшэнна многа гадоў, я не збіраюся паміраць ад банальнай прастуды. Я яшчэ пакажу табе свайго гадаванца ва ўсёй красе.
       - Калі?
       - Ты такі малады, а забываешся, як старэча. Я ж табе казаў, што снежнае покрыва павінна ўсталявацца. А да гэтага снег выпадзе яшчэ не адзін раз. Ты не дачакаўся, а завітаў да мяне.
       - Прабачце...
       - Не ў гэтым рэч. Ты можаш прыходзіць сюды колькі заўгодна. Але нітрохі не наблізіш яго абуджэнне. Толькі ўгоніш сябе ў нуду. Навошта табе такі лядашчы суразмоўца, як я.
       - Не, мне з вамі цікава.
       Стары сіпла ўздыхнуў. Устанавілася працяглая цішыня. Я прыслухоўваўся і не чуў ніякіх варушэнняў з балкона, што быў завешаны шчыльнымі шторамі.
       - А цяпер ідзі. Ды пастарайся заняцца надзённымі справамі. Леапарда, як смерць, не трэба чакаць і прыспешваць. Ён абуджаецца сам, незалежна ад нас. У гэтым не сумнявайся. - Стары дастаў кашчавую руку з-пад коўдры і ўказаў ёй на дзверы. - Ідзі. І слухай свой лёс.
       Я пайшоў. Не ў лепшым, зразумела, настроі. Пайшоў, прадчуваючы бяссонныя ночы і пустыя, пакутныя, авеяныя беспрасветным чаканнем дні.
       Але што я мог парабіць?
      
       15
      
       Недзе ў дваццатых чыслах верасня, вечарам, Пятро Мігуля не паехаў, як звычайна, да Ніны Сулеевай, а пакіраваў на аўтобусе на Серабранку, дзе пражывала Ксеня Шпачык у сваёй цёткі.
       Апошнія тыдні ён вёў выключна раслінны лад жыцця. Качаўся ў пасцелі да поўдня, затым доўга мыўся ў ваннай, нетаропка снедаў, выпраўляўся ў горад гуляць або да бацькоў, а ў шэсць гадзін, як правіла, званіў у асабняк Амара Рашыдавіча. На кафедры ён з'явіўся пару разоў, для прыліку, дысертацыю ж не раскрываў з часу вяртання з Браслава. Пра што неаднаразова дакладваў яго навуковы кіраўнік Сямёну Паўлавічу. Але бацька на гэта глядзеў скрозь пальцы, дакладна ведаючы, што дысертацыя нікуды не дзенецца, а вось Ніну Сулееву, калі сын прамарудзіць, можа ўмыкнуць якісьці бравы джыгіт. Сямён Паўлавіч адно папрасіў сына час ад часу ў інстытуце паказвацца.
       ...Пятро дапяў знаёмага двара, утворанага трыма пяціпавярхоўкамі, што стаялі літарай “п”. У двор не зайшоў, а, схаваўшыся за кустамі, стаў цікаваць за вокнамі другога паверха трэцяга пад'езда і за ўваходам у яго. Стаяў ён доўга, курыў, затым адлучыўся ў краму на суседняй вуліцы, выпіў там соку, папоўніў запас цыгарэт і вярнуўся на свой назіральны пост.
       Дзень быў вельмі пахмурны, а таму вечарэць пачало раней, чым звычайна. Калі змрок стаў апускацца на двор, а ліхтары яшчэ не ўключылі, Пятро занепакоіўся. Ён адышоўся да тэлефоннай будкі, што была за рагом аднаго з трох дамоў двара, і набраў нумар Ксенінай кватэры.
       Гудкоў пяць прайшло ўхаластую, а затым пачулася рэзкае:
       - Ало! - Гэта Эльвіра Мазэпаўна, як заўсёды непрыемна задыханая, схапіла трубку.
       Пятро заціснуў мікрафон далонню, каб не чулася яго дыхання, і моўчкі прыслухваўся.
       - Ало! Хто гэта? - крычала Мазэпаўна. - Ксюша, ты?! Ало!
       Мігуля асцярожна націснуў на гашэтку і павесіў трубку.
       Ён выясніў тое, што хацеў: ці дома Ксеня. Не, дома яе не было. Але паўставала пытанне, дзе швэндаецца ў вячэрні час яго былая каханка. І адказы, што прапаноўваў розум, не маглі задаволіць.
       Пятро прыхінуўся да ствала вялікага дрэва і стаў сачыць за адзіным уездам і трыма ўваходамі ў двор. Ліхтары, як на грэх, не запальваліся. Аўто пад'язджалі адно за адным, паркавалася, з іх выходзілі людзі. Адна цёмнага колеру машына падкаціла да пад'езда, дзе жыла Ксеня, з яе выскачыла некалькі чалавек, пачуўся смех, мужчынска-жаночы галас; людзей разгледзець не ўдалося. Потым ляпнулі дзверы пад'езда, нехта галёкнуў, нехта ляснуў дзвярыма машыны, яна кранулася з месца, спрытна развярнулася і памчалася з двара. Праз якую хвіліну ў Ксеніным пакоі, дагэтуль цёмным, загарэлася святло і засноўдалі цені.
       Усердаваны, Мігуля памчаўся да тэлефоннага аўтамата, набраў нумар кватэры.
       - Ало! - цяпер ужо не скрыпучы голас Эльвіры Мазэпаўны, а тонкі, мілагучны, вясёла-гуллівы галасок яе пляменніцы прагучаў у Пятровым вусе. - Ало, хто гэта? - Ніякага раздражнення, а проста цікавасць, дабрадушнасць, напэўна з прычыны добра праведзенага вечара.
       Мігуля ў злосці кінуў трубку на крук, адскочыў ад кабіны і пайшоў прэч.
       “Ёй весела. Сцерва! - лаяўся ён пра сябе, рушачы ў бок аўтобуснага прыпынку. - Новая кампанія, новае жыццё, у якім няма месца Пятру Мігулю! Нейкі багаты хахаль, нябось. Ну я вам пакажу!”
       Па прыбыцці дадому ён хадзіў па кватэры з пакоя ў пакой, з кухні ў ванную і на балкон, смаліў цыгарэты, але не мог супакоіцца. Лёг у тры гадзіны ночы, заснуць не здолеў і яшчэ некалькі разоў ускакваў, курыў, піў ліманад і мыўся пад душам. Адключыўся толькі перад світаннем. Але ўжо ў дзевяць гадзін абудзіўся ўсё з той жа трывогай. Дакладней, не з трывогай, а з выразнай, невыноснай у сваёй нязводнасці думкай: “Ёй весела!” Думка не адпускала, адстуквалася ў галаве гадзіну за гадзінай, увесь дзень.
       Вечарам, не было яшчэ і пяці, Пятро зноў стаяў ля Ксенінага дома і сачыў паўзверх хмызняку за яе вокнамі і пад'ездам. Ідучы сюды, ён пазваніў Ніне і сказаў, што едзе на юбілей да старога сябра.
       Гэтым разам чакаць доўга не давялося - усяго з паўгадзіны. Тым не менш Пятро азяб, сырасць прабівалася за каўнер і рукавы кароценькай курткі, бегала мурашкамі па руках і спіне. Дрыготку павялічвала і моцнае хваляванне. Пятро збіваў яго несупынным курэннем. Увогуле, наколькі гарачы быў жнівень, наколькі цёплая была першая палова верасня, настолькі ж рэзка і неадхільна пахаладала. Дрэвы, што трымаліся нязвыкла для гэтай пары зялёнымі, пачалі імкліва жаўцець і скідаць з сябе аджылае лісце. Беларуская прырода брала сваё.
       Каля паловы шостай - а Мігуля раз-пораз зіркаў на наручны гадзіннік - адчыніліся дзверы пад'езда і паявіліся жанчына з мужчынам, пад руку. Пятро не адразу пазнаў Ксеню, а затым стаяў ашаломлены, пакуль парачка спускалася з ганка, набліжалася да цёмна-сіняга аўтамабіля і няспешна ў яго садзілася.
       Пятро чакаў, што Ксеня будзе вяртацца з работы, а яна, аказваецца, была дома яшчэ да яго падыходу. Ён, канешне, падазраваў, што яна знайшла сабе новага мужыка - іначай бы не размаўляла з ім такім ганарлівым тонам, дый такія шустрыя маладзіцы без мужыкоў не бываюць. Але ж адна справа ўяўляць гэта, так сказаць, у тэорыях, а зусім іншая - бачыць на свае вочы нядаўнюю палюбоўніцу пад ручку з новым уладальнікам яе цела. Уразіла тое, як Шпачык за тры тыдні пахарашэла. Яна крыху папаўнела, твар стаў румянейшым, круглейшым і свяціўся ад шчасця. Мігулю, асабліва ў апошнія месяцы іхняй сувязі, раздражняла яе вастраносасць, што рабіла твар сярдзітым, нават драпежным. Цяпер жа ўсё гэта знікла.
       Пятро даволі доўга разглядаў Шпачык і яе залётніка, таму што яны парадкам памарудзілі каля машыны. Мужчына адкрыў багажнік, штосьці адтуль узяў і перанёс у салон, штосьці ўзяў з салона і паклаў у багажнік. Потым Ксеня званіла па мабільніку. Весела, шчаслівым галаском з кімсьці перамаўлялася. О, Пятру былі выдатна знаёмыя галасавыя інтанацыі Шпачык. Яна можа быць ласкавай як кошачка, а можа быць рэзкай і злоснай як ведзьма. З ім жа ў апошнія месяцы яна пільнавалася халоднага тону. Гэта яшчэ тая артыстка.
       “А ў яе ж зусім новае жыццё, новае, мусіць, кола прыяцеляў. Яна абсалютна шчаслівая. І гэта за якія паўтара месяца!” - круціў на розныя лады адну і тую ж думку Пятро.
       Яго заўсёды ўражвала здольнасць людзей напоўніцу забывацца на тых, з кім раней шчыльна перапляталіся лёсамі. Здавалася, жыць не могуць адно без аднаго. А потым выкрэсліваюць былых сяброў, мужоў, палюбоўнікаў са свайго сэрца - і капец. Усё адно як хаваюць. Не забіваючы фізічна, людзі становяцца рэальнымі забойцамі ў сваіх сэрцах. Бо тое, памёр іх былы прыяцель або жыве, цалкам перастае хваляваць. Мы страшэнныя эгаісты. Пятро гэта па сабе ведаў. Але досвед досведам, а дараваць Шпачык такую да яго абыякавасць Мігуля не мог.
       Ён разгледзеў і мужчыну. Яму было гадоў трыццаць пяць. У шэрым пінжаку, пры гальштуку, з вусамі. І што самае дзіўнае - зусім невысокага росту, Ксеня на абцасах з ім роўная, а ў ёй было сто шэсцьдзесят тры сантыметры. Да таго ж - шчуплаваты, у акулярах, з залысінамі. І яна магла аддаць перавагу такому заморку перад ім, высокім, прыгожым, гарачым у каханні Пятром Мігулем... Гэта быў не проста ўдар па самалюбстве, гэта выглядала крушэннем яго філасофіі кахання.
       Праўда, машына ў наваяўленага хахаля была гожая і, наколькі Пятро ў гэтым разбіраўся, выяўляла вышэйшы за сярэдні дастатак. Манера, з якой дзядзька трымаўся, яго рухі, жэсты і голас указвалі на тое, што ён займае трывалае, паважанае месца ў грамадстве, ведае, так бы мовіць, сабе цану. Скончыўшы пакавацца, ён адчыніў перад Ксеняй пярэднія дзверы, галантна яе ўсадзіў, абабег машыну і ўскочыў на месца вадзіцеля.
       Ляпнулі дзверы. Машына замармытала, плаўна кранулася, вывернулася і нырнула пад арку. Пятро, азадачаны, пацёгся за ёю следам. Ён выйшаў на правулак, дапяў вуліцы, зірнуў налева, направа. Аўтамабіля, на якім паляцела Ксеня Шпачык насустрач шчасцю, відаць не было. Хлопец яшчэ доўга брадзіў па вуліцах блізпрылеглых кварталаў, тупа выгледжваючы той цёмна-сіні легкавік у статку сабратаў. Ногі працавалі асобна, рукі - асобна, падпальваючы цыгарэту за цыгарэтай, а душа наогул кудысьці адлучылася з цела. Ён дабраўся дадому на аўтапілоце, калі зусім звечарэла.
       Падзеі наступных дзён разгортваліся імкліва. Назаўтра Мігуля выпрасіў у інстытуцкага прыяцеля аўтамабіль на некалькі дзён і гадзіны ў чатыры заехаў на двор Ксені Шпачык. Машыну паставіў блізу аркі, так, каб праглядаўся Ксенін пад'езд. Пятро быў у чорных акулярах і капелюшы, насунутым на самыя бровы. Але яму не пашанцавала: Шпачык прывезлі позна вечарам на іншай машыне. За рулём сядзела дзяўчына, яе сяброўка, якую Пятро добра ведаў. Ксенінага залётніка ў салоне не было, іначай бы ён вылез яе правесці. А так Ксеня выйшла, пастаяла хвіліны тры, балакаючы з сяброўкай, і пакіравала ў пад'езд.
       Наступным днём Мігуля мусіў адправіцца з Нінай Сулеевай, у кампаніі яе трох сябровак і двух хлопцаў, у начны клуб - па настойлівым запрашэнні Ніны. Адмовіць магчымым не ўяўлялася. Інакш нездавальненне будучай нявесты было б непазбежнай рэакцыяй. Яны зайшлі ў клуб гадзін у восем. Пятро напяў маску весялосці, падтрымліваў гутарку, смяяўся, танцаваў, еў і выпіў пару фужэраў сухога віна. Але думкі яго былі настолькі далёка ад субяседнікаў, што ён не запомніў ніякіх падрабязнасцяў гэтага вечара. Перад вачыма стаяў вечаровы двор дома, дзе жыла Ксеня Шпачык, яе пад'езд і цёмна-сіні легкавік перад ім. Уяўленне жвава дамалёўвала тое, як вылазяць з машыны Ксеня і яе бравы залётнік, як цалуюцца, абдымаюцца, падымаюцца па прыступках ганка, яго рука на яе таліі... Пятро не дабыў да канца вечара. Для гэтага прыйшлося разыграць сцэну: выйсці нібыта ў прыбіральню, а затым прыбегчы і сказаць, што па мабільніку пазваніў сусед, якога залівае вадой з Пятровай кватэры. Мігуля прасіў прабачэння ў субяседнікаў, асабліва ў Ніны, якую, на жаль, не зможа правесці. Як на бяду, хлопец, што быў з Нінінай сяброўкай, прывязаўся адвезці Мігулю на сваёй машыне. Ледзь удалося ад яго адкараскацца.
       Выскачыўшы з клуба, Пятро шуснуў у метро, даехаў да “Трактарнага” і перасеў у аўтобус, што ехаў на Серабранку. У дванаццаць гадзін ночы ён заняў звыклы пост на двары Ксені Шпачык. Але марна - яна, напэўна, была ўжо дома, калі ён прыбег. А палове першай у яе пакоі загарэлася святло, якое пагасла назусім у дванаццаць пяцьдзесят. Пятро прастаяў яшчэ хвілін сорак у пакутлівых роздумах. Толькі а палове другой пабрыў з двара шылам кашы паеўшы. Транспарт ужо не хадзіў, давялося доўга і тамліва лавіць таксоўку. Дамоў вярнуўся азяблы і злы, але з планам далейшых дзеянняў.
       Пятру пашанцавала ўжо наступнага дня, калі можна назваць шанцункам тое, што ён пабачыў. Знаёмы цёмна-сіні легкавік падруліў да пад'езда блізу шасці вечара. З яго, апрача гаспадара, выйшла і Ксеня. Яны паспешліва - бо ішоў дробны халодны дождж - прайшлі ў пад'езд, трымаючыся за рукі. Але не прайшло і паўгадзіны, як яны спрытна збеглі па ганку з валізамі ў руках, уладкаваліся ў машыне і крануліся. Пятро ледзь паспеў завесці свой легкавік, каб пусціцца ў пагоню.
       Ён выскачыў з-пад аркі і скіраваў за цёмна-сінім аўтамабілем, які, на шчасце, замарудзіўся на скрыжаванні, даўшы магчымасць да яго наблізіцца. Павярнулі направа. Пятро не разбіраў вуліц, адно неадчэпна сачыў за белым нумарам пад багажнікам легкавіка.
       Яны выбраліся на кальцавую. Там пераследнік крыху перавёў дух, бо на чатырох палосах стала значна вальней, чым у горадзе, і праблем з пільнаваннем не ўзнікала. Трымаўся метрах у трыццаці позаду. Праўда, вечарэла з кожнай хвілінай.
       Затым яны вывернулі на магілёўскую шашу, праехалі па ёй кіламетраў пятнаццаць і збочылі на прасёлак. На ім Пятру прыйшлося аддаліцца ад машыны Ксенінага залётніка метраў на сто пяцьдзесят, каб не выклікаць падазрэння. Ён ледзь не празяваў, як аўтамабіль шмыгнуў направа ў лясок. За ляском распасціраўся буйны дачны пасёлак. Мігуля, заехаўшы на яго тэрыторыю, адразу ўбачыў, што машына залётніка спынілася пасярод вуліцы і ўжо адчыняюцца дзверы. Прыйшлося імгненна з'ехаць на ўзбочыну, схавацца за навіслым голлем разлатай вярбы.
       Пятро, не вылазячы з машыны, вызначыў і запомніў дом, на двор якога зайшлі Ксеня з палюбоўнікам. Яны адчынілі браму і загналі машыну ўнутр. Мігуля ж мусіў адагнаць свой легкавік назад у лясок, паставіць на палянцы і пакінуць без нагляду на няпэўны тэрмін.
       Да дома, куды зайшла закаханая парачка, Пятро пракраўся з боку хваёвага лесу. То быў аднапавярховы цагляны будынак, мала чым адрозны ад тых, што пабач. У двух вокнах гарэла святло, праўдзівей, гарэла ў адным акне, у другім яно было рассеянае, мусіць, падала з калідора. З коміна ўжо валіў шызы дымок. Вокны суседніх дамоў не свяціліся. Толькі сям-там па пасёлку гарэлі лямпачкі, недзе таксама ішоў з комінаў дым, брахалі сабакі, чуліся галасы.
       Хутка зусім звечарэла, і Пятро, асмялеўшы, падышоў да плота. Дакладней, то быў ніякі не плот, а сімвалічная драцяная агароджа ў метр вышынёю. Ён пастаяў, папрыслухваўся, папрыглядваўся і спрытна яе пераскочыў. Прабраўся пад заценню дрэў да правага рага дома, зазірнуў за яго: на двары цьмяна блішчаў перад аўтамабіля. Цішыня. Пятро вярнуўся ўздоўж сцяны да акна, стаў так, каб яго было незаўважна, замёр. Знутры даносілася лёгкая музыка, чуліся крокі і галасы.
       Дождж, які то капаў, то аціхаў, узнавіўся з новай сілаю. З даху ліло на мысы Мігулевых чаравікаў, трапляла і на край капелюша. Цела разбірала дрыготка. Апаноўвала жаданне закурыць - настолькі моцнае, наколькі неажыццяўляльнае ў дадзены момант. Чортведама, колькі хвілін прастаяў так Пятро. Ён спрабаваў зверыцца з гадзіннікам, але цемра не дазваляла разгледзець вузкія стрэлкі. З лесу колькі разоў данёсся вокліч нейкай істоты. За домам, па вуліцы, два разы прашорхалі шыны машын. Ад таго, што нехта пакідае нанач гэтае малалюднае месца, рабілася зусім ніякавата і вусцішна.
       Вось пачуўся скрып дзвярэй і нехта выйшаў на ганак. Мігуля прагна і напружана прыслухоўваўся. Хутка ён улавіў пах цыгарэт. Нехта затупаў па двары, скрыпнулі яшчэ адны дзверы, ужо значна бліжэй да тарца дома - мабыць, у прыбіральні. Чалавек аправіўся, выйшаў і рушыў назад. Гукі крокаў, здаецца, мужчынскія. Пераступ ног на ганку. Галасы. Адзін яўна жаночы. “Хадзем, холадна” - сказала Ксеня. Уяўленне імгненна дамалявала гукі пацалункаў. А тады, ужо пэўна, гупнулі апошняга разу дзверы - і ціша: працяглая, пакутлівая, самотная.
       У складаных пачуццях, калі мяшаліся страх быць заўважаным, цікаўнасць, нянавісць і помслівасць, Пятро адарваўся ад сцяны і не азіраючыся заглыбіўся ў цемрадзь саду. Там, зліўшыся са ствалом старой яблыні, ён абярнуўся на дом. У светлым праёме акна, за празрыстай фіранкаю, два цені, мужчынскі і жаночы, стаялі насупраць адно аднаго, амаль дакранаючыся жыватамі. Затым іх рукі абхапілі, аплялі адно аднаго і прасвет паміж ценямі знік. Яны захісталіся, сталі хіліцца долу і зніклі за ніжняй мяжою акна. Затым пагасла святло.
       Мігуля, зніякавелы, прамоклы, доўга стаяў пад яблыняй. З забыцця яго вывеў пранізлівы боль у вялікім пальцы правай рукі. Палец, як аказалася, быў засунуты ў рот і пракушаны ці не да косткі...
       Потым ён доўга, зусім не тоячыся, брадзіў вакол дома і па двары, шукаў камень. Знайшоў аскепак белай цагліны, стаў перад акном, завёў руку для кідка...
       Прычына, па якой адстаўны каханак не рашыўся рассадзіць каменем шыбу, нам невядомая. Можна толькі адзначыць, што на Пятровым твары з'явілася хітраватая ўсмешка, якая, зрэшты, больш выдавала на выскал вар'ята.
       ...Назаўтра раніцай, калі шчаслівыя палюбоўнікі выйшлі з дома, то ўбачылі, што аўтамабіль “закульгаў” на адзін бок. Пярэдняе і задняе правыя колы былі спушчаны, а на капоце ляжалі дзве крывыя здаравенныя палкі - адна значна даўжэйшая, - складзеныя крыжам.
       Больш слядоў вандалізму не выявілася.
      
       16
      
       Ні разу яшчэ Наталля Ціханаўна не была настолькі няўважлівая падчас службы. Словы святара айца Аляксея не клаліся на душу, рухі яго здаваліся занадта павольнымі і нават найгранымі. Хваласпевы, што ліліся з боку царкоўнага хору і ўзмацняліся пад скляпеннямі, гучалі манатонна, нудліва і не краналі душы. Са страхам спрабавала Наталля Ціханаўна ўзяць сябе ў рукі і засяродзіцца на словах малітваў, намагалася паўтараць іх пра сябе і шаптаць. Але словы вымаўляліся механічна, пуста, і ад таго адчуванне сваёй грахоўнасці шматкроць узмацнялася. Прыхаджан у невялікім памяшканні царквы набілася як ніколі. Было душна і нават мітусліва. Твары некаторых людзей выглядалі несімпатычна: занадта ўважлівыя, гатовыя лавіць кожны гук і жэст айца Аляксея. На некаторых свіціліся рабская пакора, ліслівасць. Усё гэта, вядома ж, было выклікана адно ўнутраным станам Наталлі Ціханаўны, і яна, добра тое разумеючы, спрабавала адчапіць ад сябе гэтае неадчэпнае раздражненне. Аднак з цяжкасцю дачакалася заканчэння службы.
       Хваляванне Наталлі Ціханаўны выспела на цалкам рэальных рэчах. На паводзінах і душэўным стане роднага сына. Дужа непакоіў апошнім часам Пятрусь. Грубіў бацьку, не адказваў на тэлефонныя званкі, закінуў заняткі ў аспірантуры і нават у сваёй кватэры не прыбіраўся. А аднойчы, калі маці ў яго адсутнасць зайшла і прыбралася, учыніў істэрычны скандал, крычаў у трубку, што знарок высыпаў смецце з вядра на кілім у зале і што Наталля Ціханаўна можа прыехаць і праверыць. Пагражаў, што памяняе замкі, каб яго болей не турбавалі. Наступнага дня, зрэшты, з'явіўся, як нічога не было, на вячэру, жартаваў з Сямёнам Паўлавічам, паабяцаў скончыць дысертацыю да Новага года. І ўсё ж нешта ў сыну было не тое, нешта ненатуральнае, не такое, да чаго звыкла Наталля Ціханаўна цягам апошніх гадоў. Што ён шалапут, эгаіст і бабнік - у гэтым нават любячую маці пераконваць не трэба было. Але ж не быў Пятрусь злым чалавекам. Раней не быў... Цяпер жа часам уражваў ягоны калючы позірк, з'явілася косая маршчына на лбе, край правай губы раз-пораз непрыгожа падымаўся, ствараючы аднабаковую, нядобрую ўсмешку. Акрамя таго, не было раней, каб сын хоць раз на суткі не пазваніў, не пацікавіўся самаадчуваннем бацькоў, ці хаця б не сказаў, што ў яго ўсё нармальна. Цяпер жа мабільны ў яго, як правіла, стаяў на рэжыме аўтаадказчыка і прапаноўваў надыктаваць паведамленне ў памяць. Але, нават калі маці запісвала на аўтаадказчык просьбу перазваніць, Пятро нярэдка не рэагаваў і прыходзілася тэлефанаваць яму яшчэ і яшчэ. Сынаў твар схуднеў, пабляднеў, спіна ссутулілася. Адчувалася, што ён кепска харчуецца і перастаў сачыць за сабой. Кашуля часта выглядала нясвежай; пах поту забіваўся вялізнымі дозамі дэзадарантаў. Чаравікі нярэдка былі залеплены восеньскім брудам, і Пятро, па прыходзе да бацькоў, забываўся іх вычысціць, што раней нязменна рабіў. Цяпер чысціла маці, употайкі.
       А яшчэ адчувалася, што паміж сынам і мужам назапасіўся вялізны адмоўны патэнцыял, гатовы ў любую секунду грымнуць выбухам. Пятро нібы выпрабоўваў нервы Сямёна Паўлавіча, адцягваючы афіцыйную прапанову Ніне Сулеевай. Бацька ж трымаўся з апошняй змогі, не прыспешваў, але жудасна нерваваўся. Пры сыну маўчаў, а спаганяў сваё раздражненне на жонцы. Да таго ж стаў папіваць карвалол, мімаволі прыкладаць руку да левага боку грудзей. Начамі бяссоннічаў, выходзіў са спальні на балкон, тупаў па зале. Карацей, над сямействам Мігуляў збіралася навальніца, і Наталля Ціханаўна хацела, пакуль не позна, параіцца з айцом Аляксеем, як быць.
       Бацюхна, калі скончыў службу, адразу ж скіраваў на лесвіцу, што вяла ў прыбудову да храма, - там знаходзіліся яго апартаменты. Наталля Ціханаўна, счакаўшы пятнаццаць хвілін, як было дамоўлена, паднялася ўслед за айцом Аляксеем. Падымалася яна цяжка, апошнім часам ногі дрэнна слухаліся, а ў суставе правага бядра нешта паскрыпвала, і тады ўсю нагу, зверху ўніз, пранізваў востры боль. На паўдарозе яе абагнаў жвавы дзячок Міхаіл. А пры канцы лесвіцы - яшчэ адна прыхаджанка, што, відаць па ўсім, таксама спяшалася на гутарку з бацюхнам. Аднак Наталля Ціханаўна не засмуцілася: айцец Аляксей, калі сказаў, што прыме яе цягам паўгадзіны пасля службы, то абавязкова сваё слова стрымае. Яна неаднойчы звярталася да бацюхны па маральную дапамогу і ніколі не мела адмовы. Акрамя таго, ведала Наталля Ціханаўна, што з прычыны сваёй грамадскай актыўнасці і бескарыслівага ўдзелу ў справах прыходу, яна тут на адмысловым уліку.
       Цемнавата было ў калідоры. Гарэла пару слабенькіх лямпачак на левай сцяне. Уздоўж гэтай сцяны стаяла лаўка, на ёй ужо размясцілася кабета, што абагнала на лесвіцы. Яна зірнула на Наталлю Ціханаўну раўніва, як на канкурэнтку, і панурыла голаў. Тая села на процілеглым канцы лаўкі. Напроці знаходзіліся двое дзвярэй, драўляныя, масіўныя, знутры абабітыя дэрмацінам. Ніводзін гук не пранікаў праз іх у час душавыратавальных гутарак з айцом Аляксеем. Зараз ён, мабыць, прымае дзячка Міхаіла. Трэба дачакацца. Наталля Ціханаўна рахмана паклала рукі на сумачку, счапіла пальцы і стала маліцца, каб суняць хваляванне. У цёмнай хустцы, з-пад якой выбіваліся сівыя пасмы, у някідкай кофтачцы і доўгай шэрай спадніцы, яна выдавала на саму пакору і - ніяк не на жонку намесніка міністра культуры. Муж, дарэчы, парадкам саромеўся жончынага захаплення царквой і радаваўся хаця б таму, што прыход айца Аляксея знаходзіўся далёка ад цэнтра горада, што ён не навідавоку ў вышэйшага царкоўнага кіраўніцтва.
       Дзверы ў пакой айца Аляксея адчыніліся настолькі ціха, без найменшага рыпу, што жанчыны, седзячы насупраць, і не заўважылі.
       - Наталля Ціханаўна, прайдзіце, - паклікаў сваім басавітым мілагучным голасам святар, ледзь паказаўшы ў праёме кусок барады.
       Ціханаўна прахапілася, паправіла хустку, мітусліва пераклала з правай рукі ў левую сумачку, і патэпала да дзвярэй. Пры тым на прыхаджанку, якую яна воляй выпадку апярэдзіла, старалася не глядзець. Прайшла, асцярожненька прычыніла за сабой дзверы. Айцец Аляксей стаяў у шчодра асветленым квадратным пакоі ля акна, напаўпавароту да госці.
       - Праходзьце да стала, калі ласка. І сядайце.
       Наталля Ціханаўна прысела на краёчак драўлянага крэсла. Згорнуты плашч і валізку паклала на калені.
       Бацюхна, як заўсёды румяны і жыццярадасны, сеў напроці Ціханаўны ў сваё працоўнае крэсла - з высокай выгінастаю спінкай, якое выдавала на трон. Айцец Аляксей быў не стары мужчына, у раёне пяцідзесяці гадоў. Бухматую яго бараду сівізна ледзь кранула. У валасах слядоў яе зусім не было. Высокі, мажны, але не тоўсты, бацюхна ствараў уражанне вельмі ўпэўненага ў сабе чалавека. Пераапрані яго ў цывільнае, згалі бараду - стане падобны да дырэктара якога-небудзь канцэрна. Надзень на яго даспехі - будзе былінны волат. А між тым Айцец Аляксей паходзіў з патомнай сям'і святароў, нарадзіўся пад Брэстам, дзе ў яго бацькі, нават за камуністамі, быў свой сталы і паважаны прыход. Вучыўся ў духоўнай семінарыі. Гэтая патомнасць, радавітасць айца Аляксея прываблівала Наталлю Ціханаўну. Патрапіўшы ў яго прыход выпадкова, яна ніколі не думала яго памяняць, хоць дабірацца было ад дома вельмі далёка.
       Бацюхна паспеў зняць рызу і епітрахіль і быў у сваім звычайным рабочым адзенні. Усё чорнае, чорная шапачка... З усім гэтым кантраставаў яго паўнакроўны твар, а таксама - вялікія кісці рук з тоўстымі, дагледжанымі пальцамі. Рукі святар паклаў на стол, далонямі ўніз. На прыхаджанку ён пазіраў неяк задзірыста, весела. І следу не адчувалася ў ім стомленасці пасля працяглага набажэнства.
       - Бацюхна, - нарэшце прамовіла Наталля Ціханаўна, - вы ўжо выбачайце, што вас патрывожыла. Я многа часу не адыму. Тут вось...
       - Наталля Ціханаўна, давайце без гэтага... без рэверансаў. Згода? - Айцец Аляксей усміхнуўся. - Даваць парады ў жыццёвых абставінах - гэта тое, для чаго я пастаўлены. Разнявольцеся і гаварыце смела, што вас хвалюе.
       - Сын, бацюхна. Цяпер толькі гэта ў мяне ў галаве.
       - Спадзяюся, нічога злачыннага ваш Пятро не зрабіў?
       - Крый яго Божа! - Наталля Ціханаўна машынальна перажагналася. - Пакуль нічога такога няма. Але... Стан ягоны душэўны... Чарсцвее Пятрусь, не такі ён нейкі... Памажыце, парайце, бацюхна... - заблыталася яна ў навале думак і фраз.
       - Духоўны воблік вашага сына я прыкладна ведаю... Па ранейшых нашых размовах. І што ж новага ў ім, што змянілася?
       - Ой, адны падазрэнні пакуль, айцец Аляксей, адны падазрэнні... Чуццё.
       - Ну, матчына чуццё самае вернае. Расказвайце. І сядзьце вы як выгодней, абапрыцеся на спінку. Вось так.
       - Бацюхна, каб ведаць, што не нашкодзіш, я б даўно яму ўсё прама сказала. Ды баюся лезці ў душу. Бездань там нейкая... Ведаеце, жэніць яго цяпер муж мой, Сямён Паўлавіч, на дачцэ вельмі багатага чалавека. Усё як быццам дамоўлена, абгаворана, а я адчуваю, што Пятрусь яшчэ для сябе канчаткова не вырашыў, будзе ён жаніцца ці не, што рыхтуе ў апошні момант фартэль... - У Наталлі Ціханаўны заняло дух, яна зрабіла паўзу.
       - Ну-ну, вы не нервуйцеся так. Вады, Наталля Ціханаўна? - Бацюхна прыўстаў з крэсла.
       - Ага, вады, калі можна...
       Айцец Аляксей прайшоў да тумбачкі, што стаяла перад акном, наліў з графіна ў шклянку вады, папярэдне праверыўшы яе чысціню на святло. Паднёс Наталлі Ціханаўне. Тая хутка, прагна адпіла палову, паставіла шклянку перад сабой.
       - Дзякуй, бацюхна. Здароўя няма, у роце сохне... А тут адны хваляванні... Справа ў тым, што для бацькі, мужа майго, вельмі важная тая жаніцьба... А сын адчуў гэта і яму на нервах іграе. Ужо і прапанову даўно рабіць пара, а Пятрусь марудзіць. І, акрамя таго, я дакладна ведаю, што сапраўды ён баіцца гэтай жаніцьбы, не для Пеці тая сям'я, не яго маштаб. Ён ціхі ў мяне, адзінотнік. Ні сяброў, ні зухаватых кампаній... Жанчыны толькі, вось дзе бяда... Грэшная я, даруйце айцец Аляксей, не справілася з гэтым. Не раз ужо вам казала, што жанчынамі ён залішне захоплены. Вельмі шмат іх у яго... Грэх. І без кахання ўсё. А проста так, дзеля цялеснага... Ну і там... Ох, баюся... - Яна сціснула галаву далонямі.
       - Што я вам скажу, Наталля Ціханаўна, - пачаў айцец Аляксей нейкім напаўсур'ёзным тонам. - Грэх блуду - безумоўна вялікі грэх. Але ж у параўнанні з тым, што цяпер наўкол творыцца, сын ваш выглядае анёлкам. Так-так. Уявіце, каб ён гуляў не з дзяўчатамі, а з хлопцамі. Вы разумееце, што я называю словам “гуляў”? А каб ён піў, буяніў, знаўся з наркотыкамі? Гэтага ж у яго не было?
       - Барані Божа! - зноў перажагналася Наталля Ціханаўна.
       - Вось бачыце. - Святар правёў рукою па дагледжанай барадзе зверху ўніз. - А каб ваш Пятро, акрамя ўсяго, стаў на шлях ліхадзейства, каб ён біў сваіх бацькоў, вымагаючы грошы? А такое ж бывае. Усё, Наталля Ціханаўна, пазнаецца праз параўнанне. Гэта я Вам, канешне, адно прыватным чынам магу гаварыць. Афіцыйна звернецеся, пры народзе - асуджу. А з вока на вока - параю дзякаваць Усявышняму, што яшчэ не горшага сына ён вам падарыў. Дай Бог яму, Пятру вашаму, здароўя і даўгалецця. Перашалее, адумаецца. А жаніцца яму неабходна. Хай нават на дачцэ таго багатага чалавека. Чаго вы так баіцеся? Не бойцеся. Колькі распуснікаў і гулякаў сталі ўзорнымі бацькамі - не пералічыць. Бязбожнасць сынава, Наталля Ціханаўна, - вось што вас павінна найперш непакоіць. Гэта, як вам сказаць... гэта такі заганны патэнцыял, што можа чалавека адно ў прорву прывесці. Бегае ён па схілах варонкі, і кожны крок - па спіралі, ніжэй і ніжэй... Таму і жаніцца трэба вашаму сыну. Ды не марудзячы. Сямейнік можа ў Бога не верыць, але ж праз любоў да сям'і, бацькоўскія абавязкі, праз спачуванне, сужыцельства да Бога, глядзіш, і далучыцца. Адзінокаму ў бязбожнасці небяспечна, а сям'я - лякарства такім няшчасным...
       - Эх, бацюхна, там і сям'я такая... бацька мусульманін, маці з каталікоў...
       - А вось гэта нядобра вы кажаце, Наталля Ціханаўна. - Айцец Аляксей не пераставаў ледзь улоўна ўсміхацца. - Перад Госпадам усе роўныя, што кітаец, што эскімос, што амерыканец.
       - А як жа, бацюхна... у Пісанні сказана, судзіце не па справах іхніх, а па веры іхняй... - сказала жанчына і сама спужалася сваёй смеласці; яна нават прыкусіла верхнюю губу.
       - Там хіба сказана, па якой веры? - з найгранай строгасцю зірнуў на яе святар. - Там маецца на ўвазе сіла веры, а не прыналежнасць да пэўнай канфесіі.
       - Ды якая там... гэта... канфесія. Бязбожнікі яны. Долар уся іх рэлігія...
       - Гэта не нам судзіць, Наталля Ціханаўна.
       - Прабачце, Айцец Аляксей, хвалююся, грэшная. Ад таго немаведама што гавару. Даруйце... - Яна перабірала матузкі валізы ў нервовых пальцах; галаву, як і ўвесь час гутаркі, трымала пануранай. - Вось ледзь не забылася пра галоўнае, дзеля чаго да вас папрасілася... Выраз твару ў Петруся нейкі злавесны стаў. Баюся, айцец! А чаго баюся - выпадак з яго дзяцінства з памяці не выходзіць.
       - Так-так. - Можа, упершыню твар святара набыў больш-менш сур'ёзны, адпаведны сітуацыі выраз.
       - Як вам сказаць... Ну, карацей, у школе ён, у трэцім класе раз напракудзіў... Ды якое там напракудзіў - пасля гэтага бацька мусіў яго з той школы забраць... Паспрачаўся ён там з адным хлопчыкам на пераменцы, у класе, каля дошкі. Што яны не падзялілі - богведама. А хлопчык той з завадатараў быў, вечна ўсіх падбухторваў, чапляў, дрэнны такі хлопчык... І Пятрусь, пры аднакласніках, пры настаўніцы, якая сядзела за рабочым сталом, кінуўся на свайго крыўдзіцеля. Як ашалеў пры тым, мне расказвалі. Чырвоны, вочы вырачаныя збялелыя, вены на шыі надзьмуліся... Збіў з ног таго хлопчыка, калашмаціў рукамі-нагамі, указкай ссінячыў, парваў вопратку... Адцягнуць яго не маглі. Адцягваюць, а ён рукамі за пінжак таго хлопчыка - мёртвай хваткаю. І за валасы настаўніца цягнула, а ён як болю не адчуваў. Адарвалі толькі тады, калі на крык збегліся іншыя настаўніцы і, асабліва, выкладчык гісторыі - малады мужчына. А ў Петруся пальцы потым, далоні - да мяса здзёртыя, так чэпка трымаўся за пінжак... Адцягнулі, а ён супакоіцца не мог, як ліхаманка яго тузала. Мусілі выклікаць “хуткую”, і толькі пасля ўколу Пятрусь сцішыўся.
       - Угу... хм... - перхануў айцец Аляксей, паколькі суразмоўца ўзяла невялікую паўзу.
       - Але дзіўна тое, бацюхна, што нічога ён потым успомніць не мог, - працягвала яна. - Напачатку думалі, што прытвараецца. Але не. Псіхіятры, да якіх мы Петруся затым неаднойчы вадзілі, пацвердзілі, што такое адключэнне памяці цалкам магчымае. Нават тэрмін навуковы назвалі, зараз не ўспомню... Божа мой, як жа мы з Сямёнам Паўлавічам тады напалохаліся! Дзякаваць Богу, без лячэння абышлося, і прыступ болей не паўтарыўся. Са школы, праўда, давялося сысці - бацькі астатніх дзяцей за сваіх пестуноў забаяліся. Але, бацюхна... паверце, усё жыццё як пад сякерай, у страху жыву, не выходзіць з памяці тое здарэнне.
       - І вы думаеце...
       - Ой, нават вымавіць, айцец Аляксей, баюся гэтыя словы. - Наталля Ціханаўна падняла вочы на святара; па левай яе шчацэ пракацілася адзінокая слязінка. - Твар мне сынаў не падабаецца... Тут, канешне, чуццё больш падказвае.
       - Правільна, што чуццю свайму давяраеце. Правільна, што прыйшлі да мяне, дарагая Наталля Ціханаўна. - Бацюхна крыху памаўчаў, пастукваючы пальцамі па стале. - Выпадак цяжкі, падманваць не стану. Як вам сказаць... Ёсць такое паняцце - апантаны нячыстым духам...
       - О Божа, бацюхна, ды што ж гэта... - Няшчасная маці схапілася рукою за горла, сутаргава хапала паветра.
       - Не хвалюйцеся, напрамілы Бог, Наталля Ціханаўна. - Айцец Аляксей пацягнуўся праз стол і паклаў сваю вялізную далонь на яе руку. - Я магу гаварыць толькі праўду, якой бы цяжкай яна ні была. Дакладней, няпраўды не магу гаварыць. Але ж гэта не значыць, што сказанае мной у поўнай меры тычыцца вашага сына. Рэальнай сітуацыі, ісціны, я не ведаю. І ніхто не ведае, акрамя Бога... Тым не менш, дарагая, нам з вамі трэба быць пільнымі.
       - Ой, як я баюся вашых слоў... - Наталля Ціханаўна каторы раз перахрысцілася.
       - Не бойцеся. Уратуемся верай. - Паўза. Зноў пастукванне тоўстымі пальцамі па стальніцы. - Хм... Злыя духі, адвечныя нашы ворагі, умеюць падсяляцца да абранай ахвяры цішком. Умеюць таіцца, вонкава праяўляючыся толькі зрэдчас, або зусім да пары да часу не праяўляюцца. Чаму яны выбіраюць таго ці іншага чалавека - невядома. Ён, мабыць, у гэтым больш не вінаваты, чым вінаваты... Расце такі чалавечак, гадуецца ў нармальнай сям'і, усмешлівы і добразычлівы. І раптам азмрочваецца яго душа, кісне, аддаляецца ад людзей. Ён можа замкнуцца ў сабе, а можа не страціць якасцяў дружбы і вернасці. Апантаныя дэманамі бываюць самотныя, а бываюць, наадварот, празмерна сацыяльна актыўныя. Але ж актыўнасць іхняя не з любові, а з нянавісці да людзей. Будучы ў цэнтры ўвагі, яны адзінокія не менш, чым апантаныя дэманам першага тыпу. Наталля Ціханаўна, вады?..
       - Дзякуй, дзякуй, бацюхна. Нічога, нічога, я вып'ю. - Яна няпэўнай рукой узяла шклянку, прыпала да яе вуснамі, але больш за глыток зрабіць не змагла.
       - Мацуйцеся, помніце пра Збавіцеля. Калі цяжка, вобраз Яго ўявіце найсветлы. І страх як вадой змыецца. - Святар глядзеў на прыхаджанку цёпла, ласкава. - У нашым выпадку, наколькі я бачу, варта звярнуць увагу на апантаных першага тыпу... Падкрэсліваю, я не сцвярджаю, што Пятро адносіцца да іх ліку, але... - Ён уздыхнуў, звыкла агладзіў бараду, працягваў: - З нашых ранейшых сустрэч я зразумеў, што сын ваш дзічыцца людзей. Жыве адзін, жаніцца думкі не мае... Дакладней, не меў, бо цяпер сітуацыя можа выправіцца...
       - Не ведаю нават, што лепш...
       - Пры тым, не намерваючыся жаніцца, Пятро надзвычай цікавіўся жаночым полам. Аднак са шматлікімі жанчынамі душэўна не блізкі. Няма ў яго і сталых сяброў... Слушна я гавару?
       - Усё так, айцец, як перад Богам, - бездапаможна пазірала на святара Наталля Ціханаўна.
       - Што ж, будзем маліцца, - сказаў айцец Аляксей, крыху памаўчаўшы. - Маліцца, каб нашы найгоршыя падазрэнні не спраўдзіліся. Сачыце за сынам, і мне, калі што, дакладвайце. Хацелася б з ім пагутарыць, але ж ведаю, у царкву такія людзі не пойдуць. Гардыня, замяшаная на бязбожнасці, - страшэнны біч нашага часу.
       - А адчытка... Кажуць яна можа дапамагчы.
       - Ёсць... Вядома ж, ёсць свяшчэннікі, што яе робяць. І ў Мінску такіх можна знайсці. - Айцец Аляксей нахмурыўся. - Я не прыхільнік адчыткі, а можа, нават праціўнік. Складаная, неймаверна адказная гэтая працэдура. Можна такія сілы спарадзіць да жыцця, якіх у душы апантанага дагэтуль і не было. Акрамя таго, у царкву ваш Пятро, паўтараю, не пойдзе. Дый не ведаем мы, ці жыве ў душы яго дэман. Будзем спадзявацца, што не жыве... Сачыце, паўтараю, сачыце, дарагая, за сынавым тварам. Твар многае можа сказаць... І я штодня буду маліцца, у спісы яго ўнясу.
       - Эх, бацюхна, каб толькі не позна было...
       - З Божай помаччу, Наталля Ціханаўна... Уціскам, папрокамі тут не возьмеш. Толькі цярпеннем, любоўю. А Хрыстос на нашы малітвы ўвагу зверне і пашле збавенне Пятру... Я спадзяюся. У якой яно будзе форме - то таямніца. Часта падзенне ў чалавечых вачах насамрэч выратаваннем з'яўляецца. Нязведаны шляхі Гасподнія. Галоўнае, каб чалавек, якога мучыць нячысцік, канчаткова ад Бога не адвярнуўся. Ён можа ў нейкай меры людскія законы папхаць, а на Госпада апошняе спадзяванне не страціць... Толькі б захаваць якое каліўца веры - і Хрыстос працягне руку.
       ...З нялёгкім сэрцам выходзіла Наталля Ціханаўна з царквы. Непраглядны вечар пачатку лістапада азмрочыў яе і без таго засмучаную душу. Праваруч ад царквы цягнуўся вялізны прыватны сектар. Панылая дрэнна асветленая вуліца. Адзінокія ліхтары люструюцца ў лужынах. Перабрэхваюцца сабакі. Каля далёкай калонкі хістаецца постаць кабеты з вядром... Леваруч ад царквы - невялікая пустка, за ёй адразу універсам, на ганку якога звыкла тоўпяцца валацугі. Мала машын, мала добрапрыстойных людзей... А Наталлі Ціханаўне трэба рушыць у бок універсама, да прыпынку, які прытуліўся на пачатку квартала пяці- і дзевяціпавярховых будынкаў. Нерэспектабельны раён, што там казаць. Заўсёды страшнавата па ім са службы вяртацца. Ды звычайна Наталля Ціханаўна не адна ідзе, а ў гурме прыхаджан. Цяпер жа на цвінтары адно дзве бабулькі стаяць і ісці, падобна, зусім не збіраюцца. За царквой - чуйнае вуха ўлавіла - голас непрыемны раздаўся: лямант і выкрыкі. Скаланулася Наталля Ціханаўна: гэта Сцёпка, юродзівы. Вось жа прынесла яго нялёгкая. Скандальны, гарласты, прычэплівы абарванец. Часта ён тут з'яўляецца, але ўсё больш - на людзях, пасля заканчэння службы юродствуе. І кожны раз выхадкі ў яго новыя. Баіцца яго Наталля Ціханаўна. Таму шпарчэй затэпала па царкоўным дворыку, вышмыгнула з брамкі, налева збочыла, перайшла на процілеглы бок вуліцы - там няма ліхтароў, - і ў цяньку пашыбавала да пусткі. А Сцёпкаў крык, здаецца, мацнее, надрыўны такі, злавесны, на высокія ноты ўздымаецца і раптам пераходзіць на бас.
       Хрысціцца Наталля Ціханаўна на хаду і з торбачкай сваёй спяшаецца праз цемру да аўтобуснага прыпынку.
      
      
       17
      
       - Слухай, як жа я рады цябе пабачыць! - Неймаверна ўзрушаны, Пятро Мігуля праходзіў у кватэру Сяргея Страмца. - Два месяцы прападаў! - Ён кінуў складзены парасон на падлогу і парукаўся з прыяцелем.
       - О, ды ты мокры як цуцык! - зычліва глядзеў на Пятра гаспадар; быў Страмец, як заўсёды, у цяльняшцы і шараварах.
       Ужо на кухні заўважыў Пятро, як нязвыкла для гэтай пары загарэў Сяргей, заўважыў і дрэнна загоены шрам на лбе, блізу лініі валасоў. На ім віднеліся сляды швоў.
       - Ты няйначай з Каўказа прыехаў. - Мігуля паставіў на табурэтку сваю сумку і стаў вымаць адтуль харч. - А я на гэты раз не пусты. Дык адкуль, калі не сакрэт?
       - А, Малдова. Сто сорак кіламетраў ад Кішынёва, вінаграднікі. - Страмец прысеў на табурэтку ля акна. - А потым у порце тры тыдні, грузчыкам.
       - Ну, малайчына! А я вось што табе прыцягнуў. - Пятро дастаў з сумкі бутэльку “Абсалюту”. - З чорнымі парэчкамі. Я нават з табой адну чарку вазьму.
       - Добра, гэта прагрэс, - усміхнуўся Сяргей, прыкурваючы.
       Было, тым не менш, бачна, што сёння ён не такі ўжо вясёлы і не надта бадзёры.
       - Ты не супраць, калі мы проста на кухні пасядзім? - Страмец прыўстаў і адчыніў фортку, каб выпусціць дым ад свайго едкага “Беламору”. - А то я ў пакоі тое-сёё перастаўляць распачаў. Кавардак...
       - Ды што за пытанне! - кіўнуў Пятро. - Ты ўжо прабач, што я так раптоўна да цябе заявіўся. Але пагаманіць во як трэба. - Ён тыцнуў рукой сабе пад кадык. - Абрыдла гэтая подлая рэчаіснасць. Ніводнай жывой душы. Адны дэбілы і дэградаты. Такое ўражанне, што не з людзьмі дачыняешся, а з хадзячымі сківіцамі. Ім бы толькі брухі свае набіць, нарадзіць такіх жа трагладытаў і ціхамірна падохнуць.
       - А ты, відаць, хацеў ад жыцця высокіх матэрый? - Сяргей выкінуў недапалак у фортку, узяў і стаў круціць у руках пляшку “Абсалюту”.
       - Ды нічога я ўжо ад яго не хачу. Дастала ўсё да самае млосці, - скрывіўся Пятро. - Налівай вось, а там разбяромся. - Ён вывудзіў з грудной кішэні пачак “Бонду”.
       Сяргей пайшоў у пакой і доўга шукаў там чарку для сабутэльніка. Прынёс, затым старанна мыў яе пад кранам і прыдзірліва разглядаў. Сабе ж па завядзёнцы наліў у гранёную шклянку.
       - Грэх, канешне, такія напоі з дзвесцеграмовіка жлукціць, - падміргнуў ён Пятру. - Але ж па-іншаму не прывык, няма тады асалоды. - Пасля гэтых слоў ён выплюхнуў у глотку паўшклянкі вытанчанага “Абсалюту”. Пасядзеў, папрыслухваўся да сваіх адчуванняў, пахітаў галавой: - Не, занадта мяккая, не прадзірае, халера яе бяры...
       - А я табе наступнага разу клімавіцкай прынясу, - пажартаваў Мігуля і са смакам выцадзіў маленькую чарку.
       - Ну давай, што там у цябе? З чым прыйшоў? - Страмец яўна пажвавеў пасля дозы “гаручага”. - Хаця чакай! Ледзь не забыўся. - Ён падскочыў з табурэта і памкнуўся да халадзільніка.
       Корпаўся там гаспадар даволі доўга. Халадзільнік, наколькі заўважыў Пятро, быў забіты напоўніцу. Нарэшце Сяргей выцягнуў адтуль нешта вялікае і плоскае, загорнутае ў газеціну.
       - Памятаеш, я табе ляшча абяцаў? - сказаў ён, раздзіраючы пакунак. - На, частуйся, ацэньвай! - Ён хвацка ўдарыў плоскай сухой рыбінай па табурэтцы.
       - Ого, гэта з тых, з таго самага разу? - здзівіўся Мігуля; ад ляшча прыемна, апетытна патхнула.
       - Канешне. А яшчэ вось. - Страмец зноў адчыніў халадзільнік і выцягнуў бутэльку піва “Балтыка”, паставіў на стол. - Ты, памятаецца, на піва напрошваўся. Атрымлівай.
       - Дзякуй... - прамармытаў Пятро, хоць адчуваў, што піва будзе яму залішнім. - Дык гэта ж, напэўна, моцнае... - разглядаў ён цёмную бутэльку, што ўвачавідкі пакрывалася налётам дробных кропелек, запацявала.
       - Моцнае, дзевяты нумар. У Беларусь яго, дарэчы, цяпер не завозяць. На Украіне купляў. Ды ты не бойся, не ўп'ешся, - запэўніў Сяргей. - Калі што - падмагу. Адкаркоўвай. - Ён кінуў на стол зубастую адкрывалку.
       Прайшло хвілін пяць, перш чым субяседнікі канчаткова ўладкаваліся за сталом. Былі адкрыты прынесеныя Пятром кансервы, нарэзана вэнджаная каўбаса і хлеб, пачышчаны лешч, у Мігулевай шклянцы пузырылася густое піва. Страмец жа трымаў у руцэ, напагатове, напаўзапоўненую гарэлкай гранёную шклянку.
       - Ну, выпіваем - і пагналі! - Ён спрактыкавана выжлукціў сваю порцыю, узяў акраец чорнага хлеба, нюхнуў. - Дык пра што там ты пачынаў?
       - Як табе сказаць... - Пятро сербануў піва. - Не магу я датумкаць некаторыя рэчы. Хм... Вярэдзіць, напрыклад, недасканаласць нашая, чалавечая. У тым сэнсе, што падзелены мы на два розныя полы, органы нам адпаведныя дадзены такім чынам, што без палавога партнёра яны сэнсу не маюць. Разумееш? Органы гэтыя патрабуюць спатолі, як страўнік ежы, як цела вопраткі. Аднак жа з ядой у нас не ўзнікае падобных праблем і...
       - Гэта як сказаць. Ты, мусіць, ніколі не галадаў. - Страмец пстрыкнуў запальніцай і задымеў папяросінай.
       - Ну няхай. Агаворымся, што ў нашай краіне ад голаду ніхто зазвычай не памірае. Мне, безумоўна, трэба папрацаваць дзеля свайго куска мяса. Але, паклаўшы яго ў халадзільнік, я магу быць упэўнены, што вазьму яго адтуль у любую хвіліну і наталю голад. Так?
       - А калі халадзільнік адключыцца, а ў мясе чарвякі завядуцца? - хітра прыжмурыўся суразмоўнік.
       - Э, табе ўсюды мроіцца форс-мажор. Гэта не адбудзецца з абсалютнай доляй верагоднасці, і ты гэта ведаеш. - Пятро сярдзіта трасянуў чупрынай. - Зусім не тое - з жанчынамі, якія мне патрэбныя не менш, чым мяса. Разумееш? Не тое! Я, канешне ж, скарыстаю ўсе спосабы, каб атрымаць патрэбную мне жанчыну. Але гарантыі ў маім поспеху ніколі не будзе. Яна можа мной пагарджаць, можа мяне адпрэчыць. А гэтага не адбудзецца з куском мяса, які я заўсёды куплю, які б ён далікатэсны ні быў.
       - Што гэта цябе сёння панесла ў гэткую каламуць?
       - Ат, якая, да халеры, розніца! - нерваваўся Пятро. - Жыццё проста дастала. Хачу ўсё па паліцах раскласці, а яно не кладзецца... Дык вось, нават дамогшыся патрэбнай мне жанчыны, я не магу быць упэўнены, што яна будзе маёй заўсёды, у любую хвіліну - тады, калі я яе зажадаю. Яна стане капрызіць, адмаўляцца, і я гэта павінен цярпець, хоць цела маё, выбачайце, не церпіць. Калі я апанаваны звычайным голадам, то адчыняю халадзільнік і адразаю ад свайго кавалка мяса зусім на законных падставах. Тут жа, у справах кахання, мне могуць даць ад варот паварот. Во дзе недасканаласць, во дзе памылка ў арганізацыі чалавецтва! Калі нас падзялілі на два полы і калі нам, каб быць здаровымі, патрэбны партнёр - то дайце нам яго па першым жа патрабаванні. Дайце - і баста! - Мігуля нават прыстукнуў кулаком па сцяне.
       - Ого, як жа ты разагнаўся, - насмешліва глядзеў на яго Страмец, перажоўваючы кавалак сухой каўбасы. - А заўтра ты закрычыш, што табе патрэбны дом, каб хавацца ад холаду, і тады падай табе суседаў дарагі асабняк? Або заявіш, што хочаш жраць, зойдзеш да таго ж суседа і пачнеш шнарыць па яго халадзільніку? Бо табе ж трэба наталіць голад! Прабач, але сёння ты яўна не ў форме. Лухту вярзеш.
       - Чаму лухту? Растлумач! - пакрыўдзіўся Мігуля. І тут жа падумаў, што перабраў з гарэлкай і півам.
       - Ды я тлумачу, толькі ты не хочаш мяне разумець, - гарачыўся і Страмец. - Я ж даводжу, што ніякай розніцы паміж жанчынамі, ежай, вопраткай і дахам над галавой няма. Мяса можа пратухнуць. Дах - праваліцца. Вопратку ў цябе ўкрадуць. А нявеста ўцячэ з-пад вянца.
       - Ёсць розніца! - не сунімаўся Пятро. - Жанчына - адушаўлёны прадмет, мае сваю волю, свае правы, сваё меркаванне, чорт яе праглыні!
       - Тсс. Разбушаваўся. Бяры на тры ноты ніжэй, - сказаў павесялелы Страмец. - Розніца ёсць, але яна неістотная. А істотнае тое, што нічога не бывае трывалага і нязменнага. І яшчэ: нічога задарма не даецца. Хочаш есці - пралі дзесяць патоў. Хочаш жанчыну - пакажы, што варты яе менавіта ты, а не кучаравы Васька, які таксама яе жадае да юрлівага поту. Вось і ўся няхітрая філасофія... А што ўсё вакол дрэнь, ашуканства і зман - тут твая праўда. Але што цяпер - узарваць зямны шар, пагасіць сонца, засіліцца?
       Затрэнькаў мабільнік, што ляжаў на халадзільніку каля хлебніцы. Страмец нехаця падняўся, узяў яго, паглядзеў нумар, нахмурыўся і пакінуў званок без адказу. Сеў на месца. Мабільнік яшчэ некалькі разоў трэнькнуў, заціх.
       - У тым і штука, Сяргей, што не хочацца, каб усё было, як ты кажаш, ашуканствам і зманам. - Пятро першы раз за вечар падкурыў цыгарэту.
       - А хаценне нічога не зменіць. Хоць плач, хоць смейся, хоць на галаву стань... - Гаспадар плюхнуў у сваю шклянку новую порцыю. - Чым раней чалавек страціць ілюзіі, тым яму лягчэй будзе ісці па жыцці. Тады любую станоўчую з'яву ён успрыме як выключэнне, ці як радасць, дзеля якой варта было пацярпець дзярмо навакольнае. Кожны нармальны чалавек павінен усё ўспрымаць з іроніяй, з недаверам. Клянецца табе нехта, што ўсе сілы кладзе для шчасця народа, пішучы свае геніяльныя раманы, - ведай, што гэта хлусня. А піша той раманіст для наталення сваіх славалюбных амбіцый, для грошай і для таго, каб жанчыны ім захапляліся. Гэта перш-наперш.
       - Вось гэта так, гэта слушна! - ухваліў Пятро і нават падліў сабе піва. - Тут, як кажуць, у кропку. Гэта мой бацька вечна любіць сябе народным рупліўцам выставіць. А сам за крэсла чыноўнае да пасінення трымаецца, гатовы жыўцом праглынуць таго, хто на тое крэсла спакусіцца. - Пятро адчуў нечаканы прыліў гневу на Сямёна Паўлавіча, закарцела сказаць яшчэ многа рэзкіх і абразлівых слоў, але нешта яго стрымала.
       - Тут не віна людзей, дарагі чалавеча. Не віна твайго бацькі, - развіваў думку Страмец. - Гэта закон прыроды такі. Перамагае дужэйшы. Роўна як усё яркае прываблівае да сябе. Прыгожая дзеўка - дзесяць прэтэндэнтаў на яе выстраіцца. Выродлівая - яшчэ грошы заплаціць, каб яе пакахалі. Багаты, знакаміты, уплывовы ты чалавек - процьма лісліўцаў каля цябе круціцца. Бедны і хворы - забудуць твой адрас навекі. Ты не заўважыў, што на кожнага старога багатага хрэна абавязкова знаходзіцца маладая даўганогая палюбоўніца? Пры тым яна будзе ўсіх пераконваць, што страсна кахае таго здыхляка, што гатовая з яго парушынкі здзімаць, абмываць, карміць з лыжачкі, на калясачцы па скверы прагульваць. І гэты стары, цёрты і выкрутлівы па жыцці мужчына, разамлеўшы, сам пачынае верыць, што яго так аддана кахаюць, - Страмец з'едліва зморшчыўся. - Людзі займаюцца самападманам, хлусяць адно аднаму ў вочы, а затым яшчэ самі ж пачынаюць верыць гэтай хлусні.
       - У, бабы яшчэ тыя артысткі! - злосна фыркнуў Мігуля, уявіўшы зменлівы твар Ксені Шпачык.
       - Ды ўсе мы артысты. - Сяргей, не падымаючыся, спрытна шпурнуў недакурак у фортку. - І мы з табой тут разыгрываем ролі філосафаў, а самі заўтра ж першыя на вуду страсцей зловімся. Заглынём прынаду па самыя кішкі. Бо, па вялікім рахунку, гаманіць пра высокія матэрыі мы маем права ў адным выпадку. Ведаеш, у якім?
       - Ну?
       - Калі не будзем жэрці вось гэтае мяса, і гэтую рыбу, - Страмец указаў на стол, поўны ежы, - калі перастанем жлукціць гарэлку, а зачынімся ў келлі і аддадзімся малітвам. Толькі ў такім разе мы можам разяўляць рот і кагосьці судзіць.
       - Не ну... тут ты... - азадачыўся Пятро.
       - Не “не ну”, а дакладна так ёсць, - перабіў Сяргей. - Перастанем есці мяса забітых істот, значыць, перастанем удзельнічаць у штодзённых забойствах. Перастанем грашыць - тады і асуджаць атрымаем права. А паколькі ад мяса мы з табой, чалавеча, адмаўляцца зусім не збіраемся, паколькі грэх - гэта спосаб нашага выжывання ў навакольнай памыйніцы, то... То трэба нам з табой заткнуцца і ціхенька жаваць сваю пайку. Або, на благі канец, не надаваць значэння сваёй балбатні, разглядаць яе як спосаб размяць языкі, і не болей.
       Зноў зазваніў мабільнік. Страмец узяў яго, зірнуў на экран, спахмурнеў і выйшаў з кухні - у калідор, потым у залу. Там, за зачыненымі дзвярыма, ён доўга з кімсьці спрачаўся, гаварыў павышаным тонам. Але слоў разабраць не ўдалося, як Пятро ні прыслухваўся.
       Нарэшце размова скончылася і праз пару хвілін Страмец з'явіўся на кухні з заклапочаным выглядам. Быў ён ужо не ў цяльняшцы і шараварах, а ў джынсах і світэры.
       - Прабач, Пятрусь. Трэба мне ехаць, выклікалі. - Ён узяў са стала свой гадзіннік і зашпіліў на руцэ. - Давай тут усё пакінем, як ёсць. А то няма часу.
       - Давай... - Мігуля падняўся.
       Неўзабаве яны зачынялі кватэру. Святло ў кухні Страмец знарок пакінуў уключаным. Тлумачэнняў ніякіх не рабіў. Дый Пятро не пытаўся.
       Яны прайшлі метраў трыццаць па двары, як насустрач выехала машына, асляпіла фарамі.
       - Гэта па мяне. Ну, бывай, звяжамся. - Сяргей паціснуў прыяцелеву руку, сарваўся з месца і падбег да машыны...
       Пятро ж яшчэ доўга выбіраўся з непрыветнага глухога квартала. Пайшоў спорны дождж, давялося раскрыць парасон, што пастаянна чапляўся за навіслае над дарожкамі голле.
       Праўда, затым пашанцавала з аўтобусам, які не давялося доўга чакаць.
      
      
       Леапард
      
       Нарэшце я падыходзіў да дома Гаспадара з чыстым сумленнем. Прыспеў мой час. Я дачакаўся сталага снегу. Тры дні валіў снегапад, такі, што я не мог носа высунуць з дома. Гурбы дасягалі акон першага паверха. Дворнікі доўга і няспынна шчыравалі, перш чым прабілі нешырокія сцежкі. Людзі рушылі па іх да аўтобуснага прыпынку па пояс у снезе. Легкавікі не маглі ні заехаць, ні выехаць з двара. Яны чакалі адмысловай расчышчальнай машыны.
       Я выйшаў уранку, калі яшчэ не былі пагашаны ліхтары, але світанне паціху займалася. Марозны ўтаптаны сняжок парыпваў у такт маіх крокаў. Сцяжына была нагэтулькі вузкая, што я насілу размінаўся з прахожымі, што ішлі мне насустрач.
       Пакалыхваючыся ў аўтобусе, я наталяўся выглядам горада. Гэта была нейкая казка ў снезе і льдах. Аўтобус ішоў, нібы ледакол у якім запалярным моры. Бела, чыста, некранута кругом. Цяпер Гаспадар не асмеліцца папракнуць, што я прыйшоў раней часу...
       Вось знаёмы пад'езд, да якога давялося прабівацца праз сумёты, што даставалі да жывата. Ад яго не вяло слядоў. Гэта мяне, між тым, не моцна здзівіла. Сверб ад прадчування найжаданай сустрэчы перабіваў усё: абачлівасць, разважлівасць, насцярогу.
       Ціха каля пад'езда. Ціха ўнутры. Але тое была не звычайная ціша. Яна абвастрыла ўсе пачуцці мае і адкрыла нейкае новае пачуццё. Немаведама чым я лавіў дыханне і рык леапарда. Я ведаў напэўна, што наўкола ўсё змянілася, што сустрэча з Гаспадаром пойдзе сёння ў іншым кірунку. Выпаў сталы снег. А гэта не жарты.
       Дзверы падаліся, ледзь я паспеў дакрануцца да ручкі. Гасцінна сустрэла мяне вітальня. Там упершыню гарэла святло. Зрэшты, не вельмі моцная лямпачка пад столлю, але яна здалася мне самім сонцам. З кухні прыемна тхнула вараным мясам. Лунаў лёгкі дымок - відаць, палілася печка, аб гэтым сведчыла незвычайная цеплыня, што кантрастна сустрэла мяне, прышэльца з марозу. Дзверы ў залу былі адчынены шырэй, чым у тыя разы. Адтуль даносіліся жвавыя гукі. Я паспяшаўся ў залу.
       - Рады вітаць вас, - прамовіў я на парозе. - Можна ўвайсці?
       - Ён яшчэ пытаецца! - адказаў мне памаладзелы, рухавы стары; ён стаяў пасярод пакоя са швабрай у руках. - Як не трэба, ад яго не адбіцца было. Як прыйшоў час, ён марудзіць. Я чакаў цябе з учарашняга полудня...
       - Была непраглядная завіруха. Я збаяўся, што заблукаю, - нязграбна апраўдваўся я, праходзячы ўнутр. Па звычцы зняў свае грувасткія чаравікі.
       Кіліма на падлозе не было, паколькі ішло прыбіранне. Ён стаяў скручаны і прыхілены да сцяны.
       - Залазь на маё месца. - Гаспадар указаў на канапу. - Сёння мы як бы памяняемся ролямі.
       - У якім сэнсе? - Я ўжо ўзлез з нагамі на мяккі плед.
       - У тым сэнсе, што табе не давядзецца выцягваць з мяне слова за словам і прасіць паказаць леапарда. Ён прачнуўся, калі гэта цябе цікавіць. І можаш неўзабаве на яго паглядзець.
       - Я ведаў гэта. Інакш і быць не магло. Я адчуваў яго рухі яшчэ на лесвіцы. А цяпер на свае вушы чую, як ён варочаецца і сапе на балконе. Чаму б вам не растуліць шторы, каб пільнаваць яго ўвесь час?
       - О, я на яго нагледзеўся за доўгі свой век. Гэта забаўка для маладых. Да таго ж тут не звярынец.
       - Вы, мусіць, наўмысна выпрабоўваеце маё цярпенне. - Я сам не заўважыў, як пачаў заводзіцца і нервавацца праз меру.
       - Што ты! Наадварот, - супакоіў стары. - Я бачу цябе адзіным вартым кандыдатам на гэтую ролю. Так што не бойся, і лічы, што твой час надышоў.
       - Я гэта ведаю. І таму я тут.
       - Ну тады хадзем. - Гаспадар прыхінуў швабру да сценкі; вышараваная падлога адбівала лямпачкі люстры. - Хадзем, раз ты такі няўрымслівы.
       Я з гатоўнасцю салдата саскочыў з канапы.
       - Надзень свае чаравікі, - параіў стары. - На балконе будзе халаднавата. - Ён адхінуў адну шторыну, аднак святло зімовага дня чамусьці не палілося ў пакой - на балконе панавала цёмная ноч.
       Заінтрыгаваны, я паспяшаўся за Гаспадаром, які ўжо адчыняў балконныя дзверы.
       Ён ступіў за парог і знік, як растварыўся. Секунду павагаўшыся, я рушыў за ім і апынуўся ў непрагляднай цямрэчы.
       - Ідзі на гук майго голасу і маіх крокаў, - пачулася прыглушанае настаўленне. - Той, хто хоча назіраць леапарда, павінен быць смелым і чуйным, як гэты звер.
       - Добра. Я чую вас і рушу за вамі. - Голас мой прагучаў, як не свой; дзіўная акустыка памяшкання яго моцна сказіла.
       Я асцярожна крочыў наперад і дзівіўся, чаму за дзвярыма аказаўся не балкон, а нейкі доўгі, неасветлены і затхлы калідор.
       - Зараз будзем пераходзіць ручай, - данеслася да мяне даволі здалёк.
       Я апасліва сцішыў хаду.
       - Прыслухвайся да цурчання вады. Ручай вузкі, але глыбокі, - папярэдзіў Гаспадар; сам ён, напэўна, быў ужо па-за ўзгаданай перашкодай.
       Я пачуў бег вады ля сваіх ног, зажмурыўся і штосілы адштурхнуўся ад долу. Прызямліўся посуху, вада цурчэла ўжо за спінай.
       - Цяпер прытуліся да правай сцяны, - камандаваў Гаспадар, - і руш, пакуль не адчуеш пралаз на ўзроўні грудзей. Сігай у яго і падымайся па лесвіцы.
       Я дакладна выканаў інструкцыі майго правадніка. Праўда, пралаз аказаўся настолькі вузкім, што ў нейкі момант я жахнуўся, што захрасну там назаўсёды: перахапіла дыханне, ногі аслабелі, да душы падступіў адчай. Аднак я, нібы той леапард, выкруціўся, выслізнуў з каменных абдымкаў і ёмка ўпаў на падлогу.
       З цеснага памяшкання выхад быў адзін - лесвіца, што вяла дагары. Крутая, з прыступкамі вышынёй сантыметраў трыццаць, не меней. Я вобмацкам, натужліва ўзбіраўся па ёй.
       На шчасце, хутка дыхнула свежым паветрам, і праз колькі секунд я апынуўся на балконе трэцяга паверха звычайнага чатырохпавярховага дома. Адтуліна, з якой мы вылазілі, аказалася проста пад акном, леваруч ад дзвярэй, і было незразумела, як такое магчыма.
       Але тады я быў настолькі ўзбуджаны доўгачаканай сустрэчай з драпежнікам, што не задумваўся над дзівосамі таемных тунеляў, па якіх вёў мяне Гаспадар.
       Пах вялікай і дужай жывёліны адразу ж дапяў майго нюху. Пах ішоў ад кучы зляжалага, ацярушанага снегам восеньскага лісця, што знаходзілася ў правым куце прасторнага, я б нават сказаў - празмерна прасторнага балкона.
       Гаспадар стаяў ля кучы, падкалупваючы чаравікам верхні слой лісця. Нарэшце ён беспардонна піхнуў кучу нагой.
       Тут жа раздалося незадаволенае бурчанне, менавіта бурчанне, а не грозны рык бязлітаснага драпежніка.
       - Ён яшчэ не канчаткова прачнуўся, а таму мы зможам яго толькі чуць і бачыць, як варушыцца лісце.
       Леапард, нібы ў пацвярджэнне тых слоў, тузануўся пад сваім покрывам і санліва ці то гыркнуў, ці то пазяхнуў.
       - Калі ж адбудзецца канчатковае абуджэнне? - крыху расчаравана спытаў я ў хітравата-ўсмешлівага Гаспадара.
       - А табе так карціць даваць ад яго лататы? - уеў ён мяне. - Ты, хлопча, яшчэ дрыжыш, а драпежнік чуе чалавечую слабіну. Утаймаваць яго ты пакуль не гатовы.
       - А вы нашто? - дзёрзка і пакрыўджана адказаў я.
       - Я гэта я. А ты гэта ты. Той, хто жадае атрымаць леапарда, павінен сам яго ўтаймоўваць.
       - Дык вы дасце мне яго ва ўласнае карыстанне? - Не скрыю, я быў усцешаны словамі бывалага чалавека.
       - Я вельмі хачу, і нават абавязаны гэта зрабіць. - Гаспадар ледзь прыкметна мне падміргнуў. - Абавязаны таму, што дні мае злічаны. Усё на гэтым свеце мае канец, якой бы доўгай і пакутнай ні была наша дарога. Толькі леапард вечны на гэтай зямлі, і яму няможна без гаспадара.
       - І таму я тут?
       - І таму ты тут. Каб узяць у мяне эстафету.
       - І абуджэнне несумненна адбудзецца?
       - Гэтак жа несумненна, як тое, што дзень зменіцца ноччу. Будзем чакаць.
       - Будзем чакаць... - паўтарыў я, аддана пазіраючы ў вочы свайму настаўніку.
       З балкона ён вывеў мяне проста праз дзверы, за якімі аказалася знаёмая зала, а не таямнічы тунель.
       Я быў уражаны і ўсе наступныя дні знаходзіўся ў неадчэпным хваравітым экстазе.
      
       18
      
       Падзея, якую так прыспешваў Сямён Паўлавіч Мігуля, нарэшце спраўдзілася: сын Пятро зрабіў прапанову Ніне Сулеевай. Адбылося гэта тады, калі бацька ўжо страціў цярпенне і гатовы быў паставіць Пятру ультыматум. Калі Амар Рашыдавіч Сулееў, таксама бязмерна шчаслівы, пазваніў свайму даўняму сябру з гэтай звесткай, то Сямён Паўлавіч нават ушчыкнуў сябе за сцягно. Не верылася, што пакуты, сумненні ды ваганні, якія брыдзілі яму жыццё цягам апошніх месяцаў, паспяхова закончыліся.
       Для самога Пятра Мігулі ўсё адбылося таксама з нейкай доляй стыхійнасці і ўжо напэўна - раней часу, які ён сам сабе прызначаў. Прызнанне ён зрабіў у асабняку, калі яны з Нінай адасобіліся ў адным з яе пакояў, каб займацца ўжо прывычным інтымам. Прывычным у тым сэнсе, што далей пацалункаў і шчыльных абдымкаў справа не рухалася. Пятра, прызвычаенага браць ад жанчын усё магчымае і немагчымае, такія палавіністыя любошчы надзвычай няёмчылі. Максімум, што ён мог сабе дазволіць, гэта ўсадзіць Ніну на калені і ціхенька, зладзеявата запусціць руку ў адно з запаветных месцаў на целе каханкі. Пры тым нязводна памятаючы адно: за ім могуць сачыць, яго могуць запісваць на плёнку. Заспакойвала, зрэшты, тое, што займаюцца яны непрыстойнасцямі досыць даўно і што, калі б спадару Сулееву гэта не падабалася, ён бы перастаў дапускаць гарачага маладога чалавека да сваёй не менш гарачай дачкі - каб не выйшла якога глупства. А паколькі Пятра па-ранейшаму ветліва тут прымаюць, то выходзіць, што Амар Рашыдавіч на многае заплюшчвае вочы.
       - Ніна, - загаварыў у той дзень як бы не сам і не сваім голасам Мігуля-малодшы. - Ніна... мне нават цяжка гэта казаць... але я настолькі цябе кахаю, настолькі не ўяўляю ўсё далейшае жыццё без цябе, што... Ніначка, стань маёй жонкай... Ну стань! - дадаў ён ужо зусім недарэчна.
       У гэты момант Пятро адчуў, як цела дзяўчыны напружылася, клубы сталі цвярдзейшымі і гарачэйшымі, як здалося. Ніна, якая сядзела ў яго на каленях напаўпавароту, абярнулася: спалатнелая, з несіметрычным рэзкім румянцам, з зіхоткімі звільгатнелымі вачыма. Затым абвіла Пятрову шыю рукою і паволі наблізіла свае вусны да ягоных. Пацалунак атрымаўся доўгі, нават празмерна доўгі і нейкі пакутлівы. Падчас яго Мігуля ліхаманкава думаў аб тым, што сказанае не вернеш, што слова не верабей і што зараз жа, не марудзячы, на яго надзенуць уяўныя кайданкі ды павалакуць на шлюбную рэгістрацыю.
       І сапраўды, Амар Рашыдавіч, як адчуваў, прыбыў у асабняк літаральна праз пятнаццаць хвілін пасля Мігулевага прызнання. Ніна тут жа выклікала яго наверх, і неўзабаве будучыя зяць з цесцем абдымаліся, цмокаліся, хапаліся за рукі, а Сулееў раз-пораз па-свойску ляпаў Пятра па спіне.
       - Неадкладна, зараз жа званю твайму бацьку! - крычаў нізкі, мажны, круглатвары Амар Рашыдавіч. Побач з хударлявым высокім Пятром ён выглядаў надзвычай пацешна. - О, як жа ўзрадуецца Сямён! Гэта такая падзея... Падзея! - Ён тэпаў па зале, сутаргава ціснучы кнопкі на сваім мініяцюрным мабільніку.
       Ніна стаяла, ганарліва ўзяўшы жаніха пад руку. Невысокая, ростам з бацьку, у дарагім шчыльным плацці, што эфектна падкрэслівала яе крутыя бёдры, вузкую талію і высокія наліўныя грудзі, - яна якраз-ткі гарманічна глядзелася са сваім кавалерам.
       Сулееў не дазваніўся да Мігулі-старэйшага і тут жа траслівымі пальцамі набраў іншы нумар і загарлаў:
       - Аня, якое шчасце! Ідзі найхутчэй да нас! - спяшаўся ён абрадаваць Нініну маці. - Ніначка наша выходзіць замуж! Гэта такое шчасце, такое... - Тут ён кінуўся да Пятра і каторы раз залучыў яго ў моцныя, абцуговыя абдоймы. Для сваіх пяцідзесяці сямі гадоў Амар Рашыдавіч быў вельмі дужы мужчына.
       Затым ён набуськаў у запунсавелыя шчокі дачку і, узрушаны, закрычаў на слугу, каб той мігам прымчаўся з шампанскім.
       Падзеі рэшты вечара разгортваліся для Пятра Мігулі нібы ў калейдаскопе. Хутка ў пакоі з'явілася Ганна Вікенцьеўна, жанчына невысокая, сухарлявая і рашучая. У свае пяцьдзесят пяць яна сядзела на дыетах і маладзілася, зрабіўшы не адну падцяжку твару. Адчувалася, дарэчы, што яна трымае мужа ў жорсткіх рукавіцах. Пры Ганне Вікенцьеўне Амар Рашыдавіч пакрысе супакоіўся, узяў сябе ў рукі і стаў аддаваць дакладныя загады, каб накрывалі святочную вячэру на трэцім паверсе. Слугі забегалі ўпраўна і зладжана.
       Праз якую гадзіну прыбыў Сямён Паўлавіч. І адразу за ім, што асабліва сталася для Пятра прыкрым, прыкаціла на аўто Нэля, Віктарава жонка. Была яна загарэлая да чарнаты, з фарбаванымі чырвона-рыжымі, коратка астрыжанымі валасамі, у адкрытай да непрыстойнасці сукенцы. Яна відавочна хацела пакрасавацца сваім загарам, які набыла за апошнія два тыдні на Мальёрцы, куды лятала адпачываць адна, без мужа. Дарэчы, дзе сам муж, гэты вечна ўсім незадаволены Сулееў-малодшы, Пятру заставалася толькі гадаць. Вось ужо хто не прымчыцца вітаць наваяўленага жаніха сваёй любай сястрычкі. А Нэля, карыстаючыся адсутнасцю мужа, паводзілася ўвесь вечар небывала какетліва і гулліва. Доўга цалавалася з Нінай, віншуючы, а затым гэтак жа віншавала Пятра - прыйшлося трываць блізкасць яе надушанага цела, цярпець гэтыя рукі на сваёй спіне, напамаджаную шчаку на сваёй шчацэ... Ледзь адляпілася. А потым, цягам гадзін трох, так і наравіла састроіць Пятру вочкі, навязацца з размовай або дакрануцца рукой да яго рукі ці тулава.
       Бацька ж, Сямён Паўлавіч, абыходзіўся ў той вечар з сынам, як з нейкай крохкай каштоўнасцю. Не адыходзіў ад яго далей як на тры метры, перыядычна набліжаўся ўшчыльную, ласкава глядзеў у вочы, трапаў па плячы і паўтараў як заведзены:
       - Мужчына, спадкаемца мой! Малайчына, - штосьці ў такім духу з нязначнымі варыяцыямі.
       За сталом Сямён Паўлавіч выпіў лішняга, прычым намяшаў шампанскае з каньяком, дадаў салодкага віна і джыну, што запляло ў яго язык і таму тосты-віншаванні маладым выходзілі крайне блытанымі. Пятру, які выпіў якіх сто грамаў шампанскага, бацькавы паводзіны здаваліся развязнымі і непрыстойнымі. Ён трывожна пазіраў на Ніну і яе бацькоў, на Нэлю, якая, румяная і ўсмешлівая ад віна, нязводна за ім сачыла. Усе застольшчыкі былі ў гуморы, нікога, здавалася, не бянтэжылі эпатажныя паводзіны Сямёна Паўлавіча, усе, так бы мовіць, спявалі ва унісон.
       Думкі ж Пятра Мігулі па завядзёнцы былі неадназначнымі і зусім не бясхмарнымі. Радасць ад таго, што ён нарэшце адолеў сваю нерашучасць і зрабіў лёсапаваротны крок, мяшалася з пачуццём асуджанасці і непапраўнасці. Рухавая лысіна Амара Рашыдавіча, што так і мільгала ўваччу, раздражняла і выклікала падспудны страх. Гэты дзялок урэшце атрымаў тое, што хацеў, і таму вяселіцца. П'яненькі бацька таксама задаволіў свае амбіцыі і таму расперазаўся не па статусе дзяржаўнага чалавека. Ганна Вікенцьеўна ўсцешана не меней за мужа, але ўмее трымаць сябе ў руках. Да таго ж, як падазраваў Пятро, яна не вельмі пакуль давярае даччынаму абранніку, прыглядаецца, прыслухоўваецца. Нэля, відаць, у душы зайздросціць Ніне - тая залучыць у сваю пасцель мужыка, на якога яна сама разяўлялася. Каб адпомсціць Ніне, старая месаліна цяпер адкрыта какетнічае з яе жаніхом. Ды, мусіць, і надзею канчаткова не страціла.
       - Сын мой! - узняў руку з фужэрам віна расчулены і слязлівы Сямён Паўлавіч. - Сын мой... І Ніна... Маладыя вы нашы, бясцэнныя... - Ён нехлямяжа прыгубіў віно, ледзь не разліўшы. - Гэта неверагодны па сваёй значнасці дзень для нашых сям'яў. Вы нават не ўяўляеце, што такое жаніцьба. Гэта такі важны, лёсавызначальны, можна сказаць, фундаментальны крок для кожнага чалавека. Сям'я - гэта ўсё... Пятро! - узвысіў голас бацька. - Заклінаю цябе бацькоўскім аўтарытэтам: кахай Ніну, кахай усё жыццё так, як кахаеш зараз; нарадзіце шмат-шмат дзяцей, а мы з Амарам, і з Ганнай, і з тваёй маці - парадуемся... - Сямён Паўлавіч, заблытаўшыся ў п'яным гаварэнні, залпам дапіў паўфужэра віна, пастаяў, паморшчыў лоб, але так і не сабраўся з думкамі. Сеў на месца.
       Пятро, чырвоны і злы на бацьку, перавёў дух. Але ненадоўга. Бо праз хвіліну ўскочыў з месца Сулееў, гэтаксама з фужэрам у руцэ, дзе быў на донцы каньяк.
       - Пятро Сямёнавіч! - з падробнай урачыстасцю звярнуўся ён да без пяці хвілін зяця. - З сённяшняга дня ты ў мяне самы дарагі чалавек. Праз цябе я чакаю шчасця для сваёй любай дачкі. Праз цябе чакаю сваіх унукаў. Хай сонца не заходзіць у тваёй душы. Стань жа для Ніны, будучай жонкі тваёй, беспярэчным валадаром, але і абаронцам, і апорай, і здабытчыкам. Увесь мой жыццёвы вопыт будзе тваім вопытам. Мае грошы - тваімі грашыма. Пануй, царуй у гэтым доме! Але ж памятай, што цяпер ты нясеш адказнасць за гонар нашага роду. Кожны твой учынак навідавоку, кожны твой крок...
       Далей Пятро Мігуля не слухаў. Застрашлівыя думкі, што ляжалі па спудам, прарваліся ў свядомасць, выкліканыя прамовай Амара Рашыдавіча. “Вось ты і заляцеў, брат Пеця, па поўнай праграме, - імкліва пракручвалася ў галаве. - Дагуляўся, дажартаваўся, даціскаўся сулееўскую дачку! Гэты азіят ужо наўпрост заяўляе пра свае правы на мяне. Ужо накінуў аркан... А там і сынок ягоны прыспее. Усё б яшчэ можа стрываць, каб не гэты малады адмарозак. Божа, ён жа мяне са свету зжыве. Ніна, канешне, дзяўчына салодкая, але ж не настолькі, каб плаціць за яе ўласным здароўем...”
       Мігуля скасіў вочы направа. Ніна, неверагодна шчаслівая, сядзела ўшчыльную да яго, ад хвалявання амаль не дакраналася да ежы. Узбуджаная падзеямі сённяшняга вечара, а таксама некалькімі келіхамі шампанскага, пунсовая, пяшчотная, разамлелая, яна выглядала як ніколі спакусліва. Поўныя грудзі часта ўздымаліся пад плаццем, глыбокі разрэз звыкла адкрываў пагляду Пятра іх крамяную белізну і ласую шчыліну. Калені каханкаў судакраналіся пад сталом, ціснуліся адно да аднаго, па іх бег спрадвечны, неўтаймоўны, усёпераможны ток.
       “Ат, халера яго бяры! - Пятро наліў сабе фужэр “Хванчкары” да краёў. - Гэтае цела будзе маім, а там хоць трава не расці”. - Ён рашуча, у чатыры глыткі апаражніў фужэр і неяк асуджана, з тупавата-абыякавым выразам твару, адкінуўся на спінку крэсла.
       Вакол усё гуло, смяялася, балявала.
      
       19
      
       Так не бывае, каб усё спрэс было добра. І Сямён Паўлавіч Мігуля, на ўзлёце свайго звязанага з хуткай жаніцьбай сына экстазу, атрымаў вераломны ўдар пад дых. Удар увасобіўся ў праблемах, што ўзніклі ў яго другой сям'і - дзе Алена і Танечка. Маці Алены, Валянціна Валер'еўна, вяртаючыся з крамы з важкімі валізамі, паслізнулася на лесвіцы, што вяла на пагорак да дома, шухнула ўніз і зламала нагу. Добра, што не шыю, бо круцізна там была жахлівая. Адбылося гэта каварна, па першым лістападаўскім зазімку, у галалёд. Як пільнаваў хто зверху, каб нагадзіць Сямёну Паўлавічу, каб загрузіць яго вышэй даху. Валянціну Валкр'еўну завезлі ў бальніцу, ляжыць яна цяпер на выцяжцы, з гірамі, якія чапляюцца за каленны сустаў, для чаго ў суставе прасвідравана дзірачка і ўстаўлены жалезны прут. Бр-р. Мігулю-старэйшага халодныя дрыжыкі прабіралі пры адным успаміне аб гэтым. Алена, натуральна, адразу кінулася ў істэрыку, пачала тузаць і азадачваць сужыцеля нястомна. Так што не работай ён займаўся ў першыя дні трагедыі, а разрываўся паміж бальніцай і Аленіным домам. Танечка ў садок не хадзіла, таму што яе заўсёды даглядала бабуля. Алена нічога па доме не ўмела толкам рабіць, паколькі ўсё рабіла Валянціна Валер'еўна... Ну і гэтак далей, з усімі вынікаючымі наступствамі. Прыйшлося Мігулю тэрмінова шукаць няньку для пазашлюбнай дачкі, а пакуль асабіста дагаворвацца з Аленіным начальствам, каб адпусцілі яе з работы на колькі дзён. Затым - неадкладна знаходзіць сядзелку для яе маці, бо на выцяжцы можна праляжаць больш за два месяцы. А ўсё гэта грошы, грошы і нервы.
       Запомнілася агідная сцэна ў Алены, калі Сямён Паўлавіч, сарваўшыся з нарады, прымчаўся разблытваць жмут нечаканых праблем. Палюбоўніца, уся ў слязах, з ускалмачанымі валасамі бегала перад ім па пакоі, галосячы, папракаючы, крыўдзячы.
       - Ды няўжо там у тваёй жонкі ў прыходзе нельга сядзелку знайсці? Яны ж павінны бясплатна гэта рабіць! - вытрэшчвалася на Мігулю, як на ворага, Алена.
       - Ну, Лянок, ты хоць разумееш, пра што гаворыш?..
       - А што, сорамна? - усклікнула ў роспачы гаспадыня. - А бегаць да мяне ад старой жонкі не сорамна?!
       - Ну што ты...
       - Што - “што ты”? Як цешыцца тут са мной, есці тое, што мама мая нагатуе, выганяць яе з дому па два разы на тыдзень - гэта табе нармальна?! Думаеш, ёй лёгка гэта было! А як здарылася бяда - тут ты пачынаеш круціць: то не магу, гэта не магу...
       - Божа, Лянок, ты не ў сабе!..
       Алена зарыдала, кінулася на канапу, заліваючы слязьмі яе спінку.
       Сямён Паўлавіч імкліва падсеў да яе, абняў. Яна тузанулася, але не вырвалася. Працягвала румзаць.
       - Давай спакойна, мая харошая. Крыкамі тут не возьмеш. Усё можна рашыць...
       - Гэта канец! Мяне з работы папруць! - Алена ўсё яшчэ не паварочвалася да Мігулі тварам, які туліла да спінкі канапы.
       - Божа, ды быў я ўжо на тваёй рабоце. Ты ж слова сказаць не даеш. Усё ўладжана. Андрэй Георгіевіч у курсе, не будзе ніякіх праблем... Ну... - Ён пяшчотна гладзіў яе спіну і плечы. - Танечка ў дзядзькі твайго, няньку мы знайшлі, заўтра ж яна тут будзе... Што ж ты нервуешся.
       - Занервуешся тут. За што, за што мне такое! - Пайшла новая порцыя рыданняў, праўда, ужо трохі падробных.
       - Так, Лянок, - дзелавіта пачаў Сямён Паўлавіч. - Праз сорак хвілін мне трэба быць у міністэрстве. Адразу ж, як прыеду, пашлю Сашку ў бальніцу.
       - Я таксама туды паеду.
       - Можа, падвезці? Сашка і адвязе.
       - Не, Сём, я ўжо пасля трох хачу туды трапіць. Пасля абеду. Каб з урачамі пагаварыць... Няўжо ж нельга зрабіць аперацыю, каб так доўга на выцяжцы не ляжаць? - Маладзіца з надзеяй зірнула на Сямёна Паўлавіча.
       - Я даведваўся, Лен. Не ва ўсіх выпадках яна робіцца. Ім так прасцей, дый аперацыя - заўсёды рызыка, умяшанне ў арганізм, могуць быць ускладненні. Валянціна Валер'еўна - чалавек пажылы... - Тут старэйшы Мігуля падумаў, што яны з Аленінай маці равеснікі, і змоўк.
       - О Божа, гэта ж пакута такая - ляжаць месяцамі. А што, калі мама зусім на ногі не ўстане. Як мы будзем тады, як выкруцімся!
       - Устане, не перажывай. Усё абыдзецца. Праз гадзіну Сашка будзе ў бальніцы, адшукае прафесійную сядзелку. Мне падказалі - рэанімацыйныя сёстры з ахвотай наймаюцца. За грошы цяпер усё можна.
       - Толькі б якіх пролежняў не прыдбаць. Ці яшчэ якое бяды... - уздыхнула Алена. - Не ведаю, як я цяпер вывернуся... А нянька хоць людская? - запыталася яна з новай трывогай.
       - Харошая нянька, вопытная, блізкі знаёмы рэкамендаваў, - запэўніваў Сямён Паўлавіч, нервова пазіраючы на гадзіннік. - Я табе яе заўтра ўласнаруч прывязу. А ты да таго часу Танечку ад дзядзькі забяры. Трэба ж, каб яны пазнаёміліся. Ты, Лен, на работу дні тры не выходзь, увядзі ў курс спраў няньку...
       - Ой, там яшчэ на рабоце завал. Гэта з табой начальнік быў такі добранькі. А як выйду - прыйдзецца разграбаць назапашанае. І ў бальніцу матацца...
       - Што паробіш, Лянок. Трэба трымацца. Жыццё - штука непрадказальная. Я вось яшчэ два месяцы таму не думаў, што да Новага года прыйдзецца сына жаніць... Таксама ўсё адно да аднаго навалілася...
       Палюбоўніца пасля гэтых слоў надзьмулася, устала і падышла да акна. Яна страшэнна не любіла, калі Мігуля заводзіў размовы пра сваю асноўную сям'ю, раўнавала.
       - Ладна, едзь, а то спознішся на работу...
       - Лянок, - з гатоўнасцю падскочыў з канапы Сямён Паўлавіч, - калі што, звані на мабільнік. Ён можа быць адключаны, калі я міністравым кабінеце... Тады надыктоўвай у памяць. І з Сашкам звязвайся. Я яму таксама загадаю на твой мабільны званіць. Агораем, родная.
       Ён падышоў да Алены, абняў за плечы, схіліўся і цмокнуў у пяшчотную шыю. Тая прытворна тарганулася, выказваючы прыкрасць ад гэтага дотыку. Яна не магла дараваць Мігулю ўзгадванне пра сынава вяселле ў такі пакутлівы дзень. І наогул, Сямён Паўлавіч у апошнія тыдні ўсе вушы ёй сцёр, распісваючы, у якую багатую і шаноўную сям'ю ўвойдзе яго Пятро. Асабліва цвяліла прыгажосць нявесты, пра якую ўсякі раз з асалодаю ўпамінаў Сямён Паўлавіч. Алена, не будучы прыгажуняй, цярпець не магла такія размовы.
       Раптам ёй стала балюча за сябе, такую адзінокую, без законнага мужа, са старым палюбоўнікам, абдзеленую радасцямі сямейнага жыцця, а цяпер да таго ж абцяжараную прыкаванай да ложка маці.
       “Божа мой, толькі б яна паднялася!” - маліла Госпада гаротная Алена, праводзячы госця да дзвярэй.
       Сямён Паўлавіч яшчэ раз даў буську Алене і ўздыхнуў з палёгкай, калі за ім зачыніліся дзверы ліфта. Апошнім часам ён не выносіў яе слязліва-дакорлівага позірку. Да таго ж стала дакучаць устойлівае пачуццё віны перад ёю і Танечкай; салодкія хвіліны, што праводзіліся з маладой палюбоўніцай, перасталі кампенсаваць гэтае вярэдлівае пачуццё вінаватасці. “Трэба нешта мяняць... - бурчаў пра сябе старэйшы Мігуля, збягаючы па прыступках высокага ганка. - Але як, як?!”
       Яшчэ за пятнаццаць метраў да машыны ён энергічна і злосна замахаў рукой вадзіцелю Сашку, каб той неадкладна заводзіў. У машыну ўлузаўся моўчкі, паваліўся на задняе сядзенне і заплюшчыў вочы. Перад унутраным паглядам стаяў усё той жа слязліва-дакорлівы твар Алены. Прыйшлося прыкласці волю, каб пераключыць уяўленне на добрага сябра Амара, на яго агромністы асабняк, на сына Пятра, які трымае за талію нявесту ў белай сукенцы...
       “Агораем!” - выдыхнуў Сямён Паўлавіч і адкрыў вочы.
      
       20
      
       Яшчэ ўчора Ксеня Шпачык і ўявіць не магла, што будзе з трывожнай душою спяшацца на спатканне з Пятром Мігулем. Так добра пачувалася яна без яго, так спакойна. Былы палюбоўнік, які атруціў ёй два гады жыцця, апошнім часам амаль не нагадваў пра сябе. Ксеня ўжо з месяц жыла ў кватэры новага жаніха, і жаніцьба была, як кажуць, не за гарамі. А дакладней, мерыліся яны пабрацца шлюбам пад Новы год і адразу ж пакаціць на мядовы месяц у аўстрыйскія Альпы.
       Аднак, калі быць ужо да канца шчырай, шчасце Ксені пакрыёма атручвалася. Выцеснены са свядомасці, Пятро Мігуля ўсё-такі прарываўся да Шпачык у снах, а ўдзень прысутнічаў нейкай чорнай энергіяй, увасабленнем усяго адмоўнага, што ёсць на зямлі.
       За бяссонную ноч, якая надарылася пасля раптоўнага ліста ад Мігулі і якую Ксеня правяла побач з салодка прыснулым жаніхом, яна мусіла сабе прызнацца, што бяда не звалілася з неба, што яна была ў пэўнай ступені чаканая. Бо не дарэшты ўладжаныя адносіны са старым палюбоўнікам з'яўляліся мінай запаволенага дзеяння. Гэтая міна, калі яе не абясшкодзіць, пагражала выбухнуць у любы момант. Што і здарылася.
       Небяспека была ў альбоме з сумеснымі фотакарткамі, які Шпачык папрасіла Пятра велікадушна ёй выслаць і які да яе, на жаль, не патрапіў.
       І вось учора вечарам яна атрымала заказны ліст ад Мігулі наступнага зместу:
      
       “Прывітанне, Ксюха! З цяжкасцю раздабыў твой новы адрас, цётка твая Эльвіра ніколі не ставілася да мяне з пашанай, а таму на маю просьбу паведаміць твае каардынаты абрынулася з лаянкай. Цікава, няўжо я такі бармалей, няўжо так кепска зарэкамендаваў сябе падчас нашага сумеснага з табой пражывання, што выклікаю адно гнеў і нянавісць? Здаецца, былі ж у нас з табой, Ксюха, шчаслівыя хвіліны, і нават гадзіны і дні. Ці не так? Прынамсі аб гэтым сведчыць шэраг цудоўна выкананых фотаздымкаў. Напрыклад, той, дзе мы з табой, голыя, стаім па пояс у лясным возеры. Я абдымаю цябе ззаду, прычым правая мая рука сціскае твае грудзі, а левая прывольна ляжыць на тваім кругленькім жывоціку. Ты заўсёды была пышкай, мая дарагая. Гэта, прызнаюся, прывабіла мяне адразу, але, як аказалася, з'явілася ці не адзінай тваёй сапраўднай вартасцю. Памятаеш, я любіў цябе фатаграфаваць, ты надзвычай фотагенічная. Калі мы выпраўляліся на прыроду, я не ленаваўся браць з сабою штатыў, каб здымаць нас з табой разам. Не думаю, што гэта нейкае палавое вычварства. Проста ёсць такія салодкія хвіліны жыцця, цалкам пазбыцца якіх было б суцэльным злачынствам. Маладосць і шчасце не вечныя. У першым мы з табой яшчэ, дзякуй Богу, не пераканаліся. А ў другім... Хм. Прынамсі я цяпер не вельмі шчаслівы. І нават не таму, што ты наважыла так беспардонна са мной расстацца. Не таму, што я не ў сілах адшукаць замену табе (дарэчы, перад Новым годам жанюся). А таму, што мая тонкая натура аказалася агаломшанай мімалётнасцю ўсяго існага. Вось стаім мы з табой у прахалоднай вадзе возера, шчыльна прыціснуўшыся маладымі целамі, якія лагодзіць ліпеньскае сонца, вось нам з табой памысна, цудоўна... А не праходзіць паўгода - і мы не проста чужыя, мы нават гідзімся ўспомніць усё сумеснае, быццам рабілі нешта нізкае, нешта непрыстойнае і нават злачыннае. А мы ж усяго толькі былі маладыя, хацелі жыць і быць шчаслівымі.
       Багата ёсць у мяне нашых сумесных здымкаў, якімі я ў вольную часіну люблю наталяцца. Цяпер у мяне многа вольнага часу, а пасля жаніцьбы яго практычна не стане... Вось, прыкладам, фотаздымак - у нашай кватэры, перад тэлевізарам, у фатэлі (я, здаецца, фоцік тады проста на тэлевізар паставіў): сядзім мы з табой у адных трусіках, ты па завядзёнцы ў мяне на каленях, прычым павернута тварам да мяне і пяшчотна цалуеш. На здымку выразна відаць, што ліфчыка на табе няма, грудзямі ты тулішся да маіх грудзей... твае вабноты месцяцца на маіх сцёгнах, трусы ж на табе, Ксюха, чыста сімвалічныя, адна папярочная палоска, а падоўжную амаль зусім не відаць... Дазволь пытанне: за якія такія заслугі ты ўганароўвала сядзеннем у мяне на каленях і што такога кепскага я з таго часу зрабіў, што ты знаць мяне не жадаеш, што ты, упэўнены, пры слове “Мігуля” скаланаешся ўсёй сваёй існасцю? Ці не таму, што табе сорамна сябе самой, сваёй распусты, якая вечна прыкрывалася фальшываю цнотай і фальшывым жа жаданнем стаць законнаю жонкаю. Не, Ксюха, ты заўсёды любіла толькі пасцель, а аформлена яна для цябе афіцыйна ці не - не важна па сутнасці. Ты хутка ў гэтым пераканаешся, стаўшы законнаю жонкай таго нізкарослага паршыўца, якога я з табой бачыў... Ну ды хрэн з ім, пра яго, заразу, не буду. Вернемся да нас з табой. Я мог бы пералічваць падобныя фотаздымкі доўга, спісаў бы некалькі старонак, тым больш што гэта прыносіць мне мазахісцкую асалоду. Вось той, напрыклад, калі я нясу цябе на плячы праз бярозавы гай... Эх, ладна, ты хутка зноў зможаш іх паглядзець. Для чаго прапаноўваю сустрэцца заўтра ў скверыку Н...ім, што ў квартале ад майго дома, памятаеш, мы з табой там любілі гуляць. А за сустрэчай вырашым, расстанемся мы назаўсёды, аддам я табе той дарагі сэрцу альбом, або ён у мяне пакуль паляжыць і дачыненні нашы ўсё-ткі працягнуцца. Жарты скончаны, Ксюха, адмова ніякім чынам мной не прымаецца. Чакаю цябе роўна ў шэсць вечара пад ліхтаром каля помніка.
      
       Твой нецярплівы сябра”.
      
       І Шпачык назаўтра пасля работы памчалася праз паўгорада (а працавала яна на Паўднёвым Захадзе) у цэнтр, каб паспець на сустрэчу з Мігулем. Яна выйшла з метро без дзесяці шэсць, да скверыка было якіх пяць хвілін ходу. Ксеня рашыла такі не губляць галаву і па сваёй завядзёнцы спазніцца хвілін на сем. А таму запаволіла крок і нават зайшла ва універсам, каб змарнаваць час.
       Калі яна прыбыла ў скверык, то пад помнікам, дзе прызначыў ёй спатканне Пятро, нікога не было. Гэта здзівіла, і нядобрае, боязнае пачуццё кальнула душу.
       Удзень выпаў свежы сняжок, ён пакрыў лаўкі, дарожкі, лысіну помніка нятоўстым бялюткім слоем. Вакол было амаль што бязлюдна. За стваламі і голлем дрэў, з трох бакоў, шчыльна рухаліся аўтамабілі. Пры канцы дарожкі зыбаліся тры постаці пажылых людзей. Пры дыханні з рота вырываўся пар - напэўна, градусы тры марозу... “Няўжо так рана ляжа зіма, - падумала Ксеня, трывожна азіраючыся, прыслухваючыся, ці не затаіўся хто дзесьці паблізу.
       Пятро паявіўся толькі ў дваццаць хвілін на сёмую. Як з-пад зямлі вынікнуў. У зімовай баранковай шапцы, у чорным паліто, з чырвоным даўжэзным, вульгарным шалікам, наматаным колькі разоў на шыю. Шалік закрываў палову Пятровага твару, шапка была насунута на самыя вочы.
       - Прывітанне, - даволі холадна кіўнуў ён былой сяброўцы, зусім, відаць, не збіраючыся выбачацца за спазненне. - Давай станем бліжэй да помніка, тут не так ветрана.
       Ён прыхінуўся да каменнага пастамента спінай, дастаў рукі з кішэняў, зябка пацёр далонь аб далонь, падзьмухаў на іх, а тады вывудзіў з паліто пачак цыгарэт, запальніцу і падкурыў.
       Ксеня моўчкі наблізілася да яго, зрэшты, спынілася на адлегласці, большай за выцягнутую руку.
       - Ну, ты прынёс? - Яна старалася ўлавіць выраз Мігулевага твару, схаванага за шалікам і насунутай шапкай.
       - Што - прынёс? - Пятро хамавата выпусціў дым паўзверх Ксенінай галавы.
       - Альбом... - прамовіла Шпачык і тут жа ўразумела, што зрабіла памылку, што не трэба было паказваць, наколькі гэтая рэч, гэтая сустрэча для яе важныя.
       Але было ўжо позна.
       - Ах, альбом! - Пятровы вочы радасна зіхатнулі. - А хіба ў маім лісце было сказана, што я яго прынясу? - Ён здзекліва і падаўся наперад. - Ты, Ксюха, тады, напэўна, дрэнна чытала маё пасланне.
       - Дык для чаго ты мяне сюды выклікаў?.. - пралепятала Шпачык і адхілілася, адступіла на крок назад.
       - Пагаманіць, Ксюха, пагаманіць... - падміргнуў ёй Пятро з цыгарэтай у зубах. - А заадно вызначыць, як нам далей быць... Ты, мусіць, ужо зніштожыла мой ліст, а?
       Ксеня гнеўна маўчала. Яна не магла наважыцца, што рабіць і як далей сябе трымаць з гэтым ненармальным. Пайсці прэч? Аблаяць? Або пачакаць, можа, што выгарыць з тым клятым альбомам?
       - Ну ды нішто! - працягваў здзекавацца з яе былы палюбоўнік. - У мяне ёсць яшчэ некалькі копій. - Ён вышмаргнуў з кішэні складзены ў столкі чатыры аркуш і стаў ім патрэсваць. - І хоць я ўсё дакладна памятаю з таго ліста, усё ж табе пакажу і працытую, што там напісана наконт альбома, які ты так прагнеш атрымаць у свае пяшчотныя рукі.
       “Чорт, навошта я з ім пайшла на кантакт!” - жахнулася Шпачык.
       А Пятро тым часам дэманстратыўна расправіў аркуш, павярнуўся да ліхтара і стаў выкрыкваць цытату:
       - А за сустрэчай вырашым, расстанемся мы з табой назаўсёды, аддам я табе той дарагі сэрцу альбом, або ён у мяне пакуль паляжыць і дачыненні нашы ўсё-ткі працягнуцца. - Ён павярнуў да Ксені твар. - Чуеш, што там было напісана? Га? - Голас яго нездарова ўзвысіўся.
       Ксеня стрэльнула позіркам па баках. Як на бяду, паблізу не было бачна прахожых.
       “Бяжаць!” - варухнулася ў галаве.
       І тут Пятро, нібы прачытаўшы гэтую думку, выкінуў доўгую руку наперад і, як абцугамі, схапіў яе правую кісць.
       - Пусці! - ад жаху Ксенін выкрык атрымаўся слабенькі, здушаны, падобны на шэпт.
       - Не хвалюйся ты так! - цягнуў яе да сябе ачмурэлы Мігуля. - Давай пагаворым па-людску, па-добраму... - Ён хіліў уніз галаву, непрыемна дыхаў у самы твар Шпачык. - Альбом табе я аддам, ён мне зусім не патрэбны... Мне патрэбная ты, адзін раз... у мяне... як раней... памятаеш...
       - Ды ты што - звар'яцеў! Пусці зараз жа! - залямантавала Ксеня. Аднак і на гэты раз крык выйшаў надзвычай слабы. Нешта нібы захрасла ў горле і замінала крычаць.
       - Не хвалюйся ты, Ксюха! Для цябе гэта нішто, драбяза... - страсна шаптаў Пятро, чэпка і балюча трымаючы яе за руку. - Ну ашчасліў ты былога каханка, пойдзем да мяне, тут пяць хвілін ходу... Мілая мая, харошая, пышачка... - Ён уладарна абвіў рукой яе талію, прытуліў да сябе, прыпаў губамі да шыі.
       - А-а! Пусці-і-і! - узвыла Ксеня, але захліпнулася, паколькі Пятро заціснуў ёй рот левай рукой, правай працягваючы гарнуць да сябе. Губы яго ліпка, узасос, цалавалі Ксеніну шыю; а затым дзяўчына адчула на скуры ягоныя зубы...
       Шпачык адчайна тарганулася, выкінула руку ўверх, схапіла Мігулю за шчаку і ўшчыкнула, дзеранула штосілы.
       Ад болю той адарваўся ад яе на імгненне. Зрэшты, паспеў зноў ухапіць за кісць рукі. Вольнай рукой ён паціраў падрапаную шчаку.
       - А мне толькі прыемныя, Ксюха, нанесеныя табой раны. Памятаеш, як ты любіла мяне пашчыпваць да пакусваць у самыя нашы інтымныя моманты. А?
       - Скаціна! Заўтра ж напішу заяву ў міліцыю! - завішчала Шпачык, цяпер ужо досыць гучна і таму небяспечна для гвалтаўніка.
       - Ах, ты прад'явіш засос на шыі! Ха-ха! - рассмяяўся Пятро нездаровым, танюткім смехам. - Толькі спачатку прад'яві яго свайму жанішку! Ты ж да яго зараз паедзеш, курва! - Ён таргануў яе за руку, якую не выпускаў. - Падавай заяву, падавай! Толькі нічога з гэтага не займееш! Я пакажу ім сваю парваную, пасінелую ад тваіх пальцаў шчаку і скажу, што гэта любоўныя гульні!
       - Скаціна, пусці! - зарыдала голасна Шпачык.
       - І яшчэ я прад'яўлю альбом! - Мігуля зноў бязлітасна тузануў яе за руку. - Той альбом, які ты так хочаш утаіць ад свайго жаніха, ад гэтага нізкарослага неданоска! А па тым альбоме ясна відаць, што мы з табой гарачыя палюбоўнікі. Зразумела? А палюбоўнікам падчас інтыму ўсё дазваляецца. Гэта ў кожнай сексалагічнай кніжцы прапісана! Так што міліцыяй ты мяне не палохай.
       - Пусці, гад, сволач! - Ксеня ўдарыла яго ў грудзі сваім маленькім кулачком, а затым - нагой у калена.
       - Вось, б'еш! - гарлаў ашалелы Пятро. - Значыць, кахаеш. Бачу, што не ўсё яшчэ паміж намі скончана. Рашайся, Ксюха! Пяць хвілін - і мы ў мяне! Пазабавімся, як раней. Памятаеш? - Ён нахабна набліжаў свой разгарачаны твар да яе твару.
       - Пусці-і-і!!! - сабраўшыся з сіламі, пракрычала няшчасная.
       Енк выйшаў настолькі прарэзлівым, што Пятро ад неспадзяванкі шарахнуўся ўбок і выпусціў яе са сваіх “абцугоў”. Увобмірг ацвярожаны, стаў баязліва азірацца і адступаць. Метрах у сарака стаяла і як быццам прыглядалася да іх купка дарослых мужчын у перамешку з жанчынамі. Чалавек дзесяць.
       Ксеня іх таксама ўбачыла і кінулася ў той бок.
       Пятро ж, перш чым пабегчы ў супрацьлеглы, галёкнуў ёй наўздагон:
       - Ксюха, альбом у мяне! Ты гэтым нічога не даб'ешся, дурніца! Заўтра ж вышлю твайму хахалю копіі фотакартак! Нашых з табой фотакартак! Ха-ха-ха!
       “О, за што мне такое!” - выціраючы слёзы на бягу, думала Ксеня. Дамская сумачка целяпалася на плячы...
      
       21
      
       “Яна гэтым нічога не даб'ецца. Дурніца!” - як апантаны паўтараў Пятро, шыбуючы па тратуары сярод мнагалюдства. На яго абарочваліся, бо ён, сам таго не заўважаючы, гаварыў услых, паўшэптам. Да таго ж размахваў правай рукой, патрэсваў сціснутым кулаком. Левая ж, наадварот, чамусьці бязвольна вісела, як паралізаваная.
       Пятро пайшоў дамоў не адразу, а з паўгадзіны бязмэтна кружляў па мікрараёне. Зайшоў у некалькі крамаў, пасварыўся ў адным гандлёвым кіёску з маладой прадаўшчыцай. Потым не мог дакладна згадаць, што сталася прадметам той сваркі і чаму ён колькі разоў садануў кулаком у шыбу кіёска, прагарлаўшы: “Нахабства! Зусім вы тут адурэлі!” Зрэшты, своечасова рэціраваўся, бо на гэтай шматлюднай вуліцы можна было лёгка нарвацца на міліцэйскі нарад.
       Затым няўзнак патрапіў у пад'езд суседняга дома, думаючы, што ідзе да сябе. Гэта была дзевяціпавярхоўка, нічым не падобная на Мігулеў пяціпавярховы дом. Памылка выявілася тады, калі Пятро здранцвела спыніўся перад дзвярыма ліфта. Ліфта ў яго доме быць не магло. З прыкрасці і злосці Пятро націснуў кнопку, дачакаўся, пакуль адчыняцца дзверы, увайшоў і стаў па-хлапчукоўску катацца з паверха на паверх, уверх і ўніз, хвілін дзесяць. Калі ён, нацешыўшыся, аслабаніў-такі гэты транспарт, на пляцоўцы першага паверха ўжо сабралася ладная колькасць абуранага народу. Наспяваў скандал. Нехта нясмела выказаў нездавальненне, яго падхапілі нястройныя галасы, якія рэзка ўзвысіліся і набылі пагрозлівы тон. Пятро паспяшаўся прамінуць гэтую наэлектрызаваную гурму і выскачыў на двор. Пабег праз дзіцячы гарадок, праз купку аснежаных дрэў, праз аўтамабільную стаянку да пад'езда свайго дома. Адкрыў кадзіраваныя масіўныя дзверы. У абсалютным змроку, што стварыўся з прычыны перагарэлай лямпачкі, Пятро вобмацкам прабіраўся да лесвіцы. У гэтым старым доме мелася пляцоўка перад батарэямі, а за імі - ёмістая ніша, дзе нярэдка збіраліся кампаніі малалетак.
       Нехта паклаў руку яму на плячо, уладарна спыніў. Мігуля не паспеў і рота раскрыць, як чатыры жалезныя рукі падхапілі яго пад локці, два магутныя тулавы сціснулі з бакоў. Яго груба развярнулі і павалаклі налева, мусіць, у бок той нішы за батарэямі ацяплення.
       - Што, што такое? - баязліва піскнуў Пятро.
       Тулавы і рукі нападнікаў прыціснулі яго да сцяны. А нехта трэці, што стаяў метрах у двух, загадаў:
       - Святло, хлопцы. Дайце святло. - Надзвычай знаёмы, траскучы, высокі голас.
       Нехта чацвёрты ўключыў рассеяны ліхтарык, накіраваўшы Мігулю ў твар.
       - Пазнаеш? - перад Пятром з'явілася скажонае косым праменнем аблічча не каго іншага, як спадара Віктара Сулеева, бясцэннага браціка Пятровай нявесты.
       “Ах вось яно што! - скалануўся ад нечаканкі Мігуля. - Ну не заб'е ж ён, прынамсі, мяне...”
       - Віктар Амаравіч... - пралепятаў Мігуля, які быў на цэлую галаву вышэйшы за суразмоўніка.
       Праўда, размовай гэта было цяжка назваць, паколькі два бамбізы, ужо ніяк не ніжэйшыя за Пятра, ціснулі яго з бакоў так, што пераймала дыханне.
       - Я з табой доўга сюсюкаць не буду. - У гневе абвастрыліся азіяцкія рысы Віктарава твару, вочы зрабіліся вузейшымі, чым былі, а скулы выпнуліся і нібы пашырыліся. А можа, проста карцінку скрыўляў ліхтарык. - Ты ў мяне во дзе сядзіш! - Ён тыцнуў кулаком сабе пад ніжнюю сківіцу.
       - За што, Віктар Амаравіч? - Мігуля не наважваўся перайсці на “ты”, як паміж імі было заведзена.
       - Ён яшчэ пытаецца, падла! - Сулееў-малодшы схапіў яго за адварот паліто, скамячыў, шмаргануў на сябе і тут жа - рэзка назад, так, што Пятро выцяўся хрыбетнікам аб сцяну.
       - Ды адпусці... це. Растлумачце... Не разумею.
       - Ах ты хвост дранай кабылы! Гнілая мача асла! - лаяўся раз'ятраны кат. - Ды цябе за машонку трэба падвесіць і скуру з жывога лупіць! Шайтан! А цяпер хутка і без ваганняў адказвай: з кім ты толькі што цалаваўся ў парку, з якой бруднай лярвай? А потым ляжаш у пасцель да маёй сястры?! - Віктар накручваў Пятроў шалік на свой тоўсты кулак, адначасова ціснучы на кадык. Ад гэтага рабілася душна. І нават не так душна, як вусцішна.
       Пятро інстынктыўна таргануўся, аднак магутныя постаці Віктаравых целаахоўнікаў трымалі яго мёртва. Пры тым маўчалі, як статуі.
       - Ах ты, сука, супраціўляцца! - узвіўся Віктар.
       І тут Мігуля адчуў, як яму націснулі каленам туды, дзе канчаецца жывот і пачынаюцца ногі.
       - У-у-у! - узвыла ахвяра гэтага гвалту. - Ды не супраціўляюся я... адпусціце... не налягайце так... баліць...
       - У цябе яшчэ не так будзе балець, кабяліна паскудная! - распаляючыся, Сулееў націскаў на прычыннае месца ўсё мацней і бязлітасней.
       - А-а-а! Ды што ты, нарэшце, ад мяне хочаш! - закатаваны Пятро ўсё-ткі насмеліўся назваць свайго равесніка на “ты”.
       - Што я хачу! - Віктар адпусціў шалік і тут жа ўхапіў гэтай рукой за пасму Мігулевых валасоў, што вытыркалася з-пад шапкі, таргануў долу, шапка толькі што не зляцела, з'ехала набакір. - О, каб была мая воля, - прашыпеў нападнік, - я б зарэзаў цябе, як паршывага барана, каб і духу твайго смярдзючага каля маёй сястры не было! Але Ніна цябе, паганца, кахае. Яе мне шкада!
       Сулееў яшчэ раз ірвануў рахманага Мігулю за чупрыну і адпусціў, адступіўшы на крок.
       - Мне шкада сястру, таму я цябе пакуль не стану кастрыраваць. Але слухай, падла, уважліва. Я дакладна ведаю, што ў цябе за апошні месяц было тры жанчыны. Чацвёртага, восьмага, трынаццатага, дваццаць другога і дваццаць шостага чысла да цябе прыязджалі шлюхі. У, дзярмо! - Ён замахнуўся, каб узгрэць Пятра па галаве важкім кулаком, але ў апошняе імгненне стрымаўся. - Што, маўчыш? І правільна. Не прывядзі шайтан табе тут апраўдвацца. Жылы выцягну! Так што слухай мяне, натапыр вушы.
       Віктар, узмакрэлы ад злосці, зноў падступіўся да будучага швагра, узяў яго загрудкі, пазіраючы знізу ўверх, прамовіў з расстаноўкаю:
       - Вяселле ўжо не адменіш. Назад дарогі няма. Але я буду за табой сачыць усё тваё сабачае жыццё. І гора табе, калі хоць дасі мне намёк, што падманваеш Ніну. Гора табе! - Ён узяў калянымі пальцамі змярцвелага Пятра за кадык. - А пакуль зробіш, што я загадаў... Вось табе накіраванні на аналізы. Праверышся, блудлівая псіна, па поўнай праграме. - Ён вывудзіў з кішэні свой партманет і дастаў з яго кіпу квіткоў. - Заўтра ж, з раніцы, бягом, скачкамі ляціш у вендыспансер і здаеш усе аналізы, усе да апошняга. Плюс аналіз на СНІД. Уразумеў!
       Агаломшаны, сціснуты з бакоў Віктаравымі нямымі бамбізамі, Пятро ледзь выдушыў вартае жалю “угу”.
       - Не “угу”, а гавары выразна, зразумеў, што я сказаў, ці не!
       - Так, зразумеў! - яшчэ раз пацвердзіў Пятро.
       - Гатовыя аналізы прынясеш мне праз тыдзень. Хачу паглядзець, ці няма ў табе якое заразы. І зразумей, не будзеш чыстым - лячыся. Вяселле перанясём. Прычыну прыдумаем. І яшчэ, не дай алах хто даведаецца пра нашу размову. Скуру здзяру і жыць пакіну. Пытанні ёсць?
       - Не.
       - Выконвай. І памятай, тэрміну табе - тыдзень. - Віктар дзелавіта схаваў партманет, дбайна зашпіліў дарагі кажушок і загадаў: - Усё, хлопцы, сыходзім.
       Пагас ліхтарык, і нападнікі зніклі гэтак жа раптоўна, як паявіліся. Толькі паспешлівыя крокі, рып уваходных дзвярэй і зашчаўк кодавага замка. Недзе праз паўхвіліны, пакуль Мігуля збіраўся з думкамі, у пад'езд увалілася гурма жыльцоў.
       Пятро перачакаў у нішы, пакуль народ пройдзе на лесвіцу, а тады сам паціху пашкандыбаў на свой чацвёрты паверх. Смылела ў прамежнасці, Сулееў выдатна пастараўся сваім паганым каленам. “Адмарозак!” - паўтараў пра сябе Пятро, з болем адольваючы прыступкі.
       Залузаўшыся ў кватэру, ён тут жа пасунуўся ў ванную і пусціў набірацца ваду, каб паляжаць, расслабіцца, памазгаваць. А пакуль скінуў абутак і вопратку, прайшоў у залу, сеў пад таршэр і доўга, уважліва разглядаў накіраванні на аналізы, якія так бесцырымонна ўручыў яму малодшы Сулееў. Затым паклаў накіраванні на сярэдзіну нізкага століка і пайшоў у ванную - адмывацца ад рук гэтага паганца. Ляжаў там Пятро, у тупой бяздумнасці, гадзіны дзве. Калі выйшаў адтуль у доўгім халаце, было ў раёне дзесяці вечара. Прысеў на канапу і, сушачы валасы фенам, зноў стаў разглядаць накіраванні. Зноў паклаў іх назад на столік.
       Спаць ён лёг даволі рана, яшчэ не пераваліла за поўнач. І, як ні дзіўна, імгненна заснуў. Прабудзіў Пятра нізкі, страшны, нечалавечы гук. Ён палахліва прахапіўся, сеў. Уключыў бра. Грудзі, валасы, а таксама навалачка і просціны намоклі ад поту. Цішыня. Але вушы яшчэ “памяталі” той жудасны гук. Ён здаваўся надзвычай рэальным. Ці ўсё-ткі саснілася? Пятро, як ні стараўся, не мог узнавіць ніводнага вобразу таго сну. Ён прайшоў са спальні ў залу, запаліў люстру, баязліва агледзеўся, адсунуў шторы, зазірнуў пад канапу... Закурыў і стаў мераць залу нервовымі крокамі. Высмаліў адну за адной некалькі цыгарэт. Услухоўваўся ў цішу.
       І тут, азораны здагадкай, рынуўся назад у спальню, схапіў з тумбачкі мабільнік, званок якога ён адключыў яшчэ перад спатканнем са Шпачык. Прагартаў на экране апошнія паведамленні... Званіла маці разы чатыры, надыктоўвала на аўтаадказчык. Пятро са злосцю, не праслухаўшы, сцёр яе запісы... Пятнаццаць хвілін назад, у 2.13, паступіў званок ад Сяргея Страмца, з мабільнага. Што за лухта... Страмец яму тэлефануе гады ў рады, а каб яшчэ пасярод ночы... Пятро тым не менш вызваў Сяргееў нумар. Два доўгіх гудкі - і паведамленне, што нумар знаходзіцца па-за зонай прыёму. Такія паведамленні нязменна чуў Мігуля апошнія тыдні, калі безвынікова спрабаваў звязацца з Сяргеем... Працёр заспаныя вочы, пераправерыў: слова “Страмец” выразна высвечвалася на экране, час - 2.13. Нейкае насланнё. Пятро бязвольна паваліўся ў фатэль, тупа ўтаропіўся ў сцяну
       Па вуліцы прагрымела грузавая машына, ад яе фар заварушыліся плямы на сценах, па столі прабеглі бліскі... Нарэшце Мігулеў пагляд утыркнуўся ў накіраванні на аналізы, што ляжалі на часопісным століку. І тады нешта рашучае, незнаёмае адбілася на яго твары. Пятро ўзяў іх, рэзка скамячыў у жмут, пстрыкнуў запальніцай... Паперкі хутка ўзяліся вясёлым маленькім полымем. Ён ухмыльнуўся і кінуў іх дагараць у поўную недакуркаў пузатую попельніцу.
      
       22
      
       Не паспела Ксеня Шпачык ачомацца пасля спаткання ў скверы з назойлівым палюбоўнікам, як новая неспадзяванка абрынулася на яе галаву. У сераду, пасярод белага дня, калі яна вярнулася на службовае месца з абеду, супрацоўнікі паведамілі, што званіў сусед і што яе цётку Эльвіру Мазэпаўну забралі ў бальніцу з сардэчным прыступам. Што за сусед, у якую бальніцу - гэтага Шпачык дабіцца не здолела. Праўда, у тым раптоўным званку даводзілася, каб Ксеня неадкладна бегла дадому, у цётчыну кватэру, і чакала званка.
       Сарваўшыся нават без дазволу начальніка, які на бяду адлучыўся, Ксеня ў жаху і роспачы памчалася дадому. Ад Паўднёвага Захаду да Серабранкі шлях, як вядома, не блізкі. Таму яна злавіла таксоўку і даляцела на ёй за якіх дваццаць хвілін. Пакуль уздымалася бегма па лесвіцы пад'езда, Ксеня ліхаманкава даставала ключы з сумачкі. Адзін ключ зачапіўся за ўнутраную абіўку і не хацеў выблытвацца. Прыйшлося рвануць штосілы ўсю звязку і тым самым пашкодзіць дарагі матэрыял. У замочную шчыліну ўпарта не хацеў трапляць ужо другі ключ, ад верхняга замка. Ніжні адамкнуўся адразу. І вось, калі Ксеня такі адолела верхні замок, нехта наваліўся на яе ззаду, адной рукой заляпіўшы рот, груба прапхнуў у кватэру.
       Знячэўленая, Шпачык па першых секундах нават не супраціўлялася. А нападнік, адарваўшы руку ад яе рота, перахапіў аберуч за тулава, падняў перад сабой і панёс да дзвярэй, адчыненых у вялікі пакой.
       - А-а-і! - залямантавала нарэшце Ксеня і пачула толькі слабенькі стогн.
       Нешта балюча сцінала губы. Паветра не праходзіла і не выходзіла. Рот быў чымсьці заклеены.
       Пакуль Шпачык кумекала, што да чаго, пакуль да яе даходзіў жах становішча, нехта ўжо паваліў яе на тахту, тварам уніз, і прыціснуў сваёй вагою.
       - Я ж казаў, што ты гэтым нічога не даб'ешся, дурненькая! - прашыпеў ёй на вуха надзвычай знаёмы і разам з тым дзіка незнаёмы голас Пятра Мігулі.
       - У-у-у! - толькі і змагла выціснуць з сябе няшчасная, прыткнутая тварам да пакрывала тахты.
       - Мы павінны быць разам... як раней... ты мне патрэбная... - Ксеня адчула, як гвалтаўнік сунуў руку пад яе паліто і спадніцу і шнарыць паміж клубоў.
       Яна адчайна тузанулася, завяла правую руку за спіну і ўхапіла нейкі кавалак яго цела, запусціла туды пазногці.
       - Ціха, ціха... мы ж з табой заўсёды ўмелі паладзіць... харошая... - як не адчуваючы болю, прыгаворваў Пятро.
       Ён спрытна авалодаў яе правай рукой і заламаў за спіну. Пасля зацятай барацьбы тое ж адбылося і з левай рукой дзяўчыны. Яна не магла супрацьстаяць грубай мужчынскай сіле. Да таго ж нападнік сядзеў у яе на спіне, сцінаў вагой грудную клетку, збіваў дыханне. З-за агіднага кляпа дыхаць можна было толькі праз нос... Неўзабаве Ксеніны рукі аказаліся спутанымі ззаду. Яна выразна чула віск скотчу, які Мігуля моўчкі, дзелавіта накручваў на яе перадплеччы.
       Наогул, усё далейшае адбывалася без тлумачэнняў, практычна без слоў. Толькі гучнае, хрыплае дыханне нападніка, толькі яго разважныя рухі... Полы зімовага паліто, у якім была Ксеня, аказаліся на галаве, цяпер ужо зусім не было як дыхнуць. Далей - непрацяглая валтузня, цупкія пальцы на паясніцы, трэск парваных трусоў...
       Зрэшты, усё скончылася зусім не так, як меркаваў гвалтаўнік.
       У самы разгар гэтай дзеі ўварвалася Эльвіра Мазэпаўна, дагэтуль падманам выбаўленая Мігулем з кватэры. Выбаўленая, як ён спадзяваўся, надоўга... Уляцела яна віхурай. Пятро адчуў рэзкі боль у каранях валасоў, жвавыя, парывістыя штурхалі, якія хілілі яго назад.
       Сухенькая, маленькая Эльвіра Мазэпаўна ўчапілася ў яго бульдожай хваткаю - запусціла рукі ў кудлы і, амаль павісаючы на ім, з тонкім віскатам адрывала ад пляменніцы.
       Карціну гэтую цалкам не перадаць, бо літаратурная мова многае абмяжоўвае. Зразумела, што Пятро і яго ахвяра знаходзіліся ў выглядзе далёка не рэспектабельным. Таму сцэна, пры ўсім сваім драматызме, уражвала нейкай сюрэалістычнай пачварнасцю.
       Пятро, ужо адцягнуты Эльвірай Мазэпаўнай ад Ксені, не патрапіў адарваць яе чэпкіх рук ад сваіх валасоў. Ад дзікага болю муцілася ў галаве. Ён доўга не мог развярнуцца тварам да праціўніцы, якая працягвала тузаць і віснуць на ім сваёй невялікай вагою. Нервы цвяліў тонкі старэчы віскат і стогн Ксені, што даносіўся з-пад насунутага на яе галаву паліто.
       Ужо Ксеня пачала выблытвацца з вопратак і падымацца на ногі, як Пятро злаўчыўся-такі адштурхнуць ад сябе яе цётку. Лёгенькая, яна праляцела метры тры да сцяны, сівенькая галоўка няёмка матлянулася аб рог кніжнай секцыі, рукі спачатку ўскінуліся дагары, а затым бязвольна апусціліся ўздоўж цела. Эльвіра Мазэпаўна пачала асядаць на падлогу. Нядаўні згустак энергіі, яна ўвобмірг сцішылася, змізарнела.
       Усё цяпер праносілася перад Пятром нібы ў пякельнай смузе. Доўгая, тамлівая, напятая цішыня. Потым шоргат - і Ксеня, усё яшчэ з залепленым ротам, са спутанымі за спінай рукамі, на каленях перад Мазэпаўнай... Стогн, выццё, страшны, заліты слязьмі і крывавымі пісягамі, непрыгожы, нервовы твар. Пятро, сціснуўшы далонямі скроні, шарахаецца па кватэры... Уваходныя дзверы перад яго вачыма, напалову адчыненыя. Зачыніў, замкнуў. Стогн, енк. Гэта Ксеня. Ды калі ж яна перастане?! Пачуюць! Трэба маўчаць, трэба, каб ніхто не даведаўся... Зноў вялікі пакой. Што гэта? Ксеня роспачна трэцца аб рог кніжнай секцыі. Навошта? Што яна робіць? Яна, падобна, намагаецца садраць скотч з губ. Для чаго? Каб можна было крычаць галасней. Каб выклікаць людзей. А гэта зноў шум, тлум, тупат, насілле... Не, розум Пятра і так не вытрымлівае гэтага стогну, гэтага спалатнелага, лялечнага твару Эльвіры Мазэпаўны, якая сядзіць на падлозе, прыхінуўшыся бокам да секцыі. І навошта так ненатуральна скручана ў яе шыя?.. Шарахнуўся ў дзверы, забег у другі пакой, выбег, памкнуўся на кухню... Крык! Няўжо яна адляпіла скотч? Вярнуўся ў калідор, праверыў уваходныя дзверы. Плач. Рыданні. Усхліпісты енк... Пятра пачала трэсці нервовая ліхаманка. Ды калі ж яна, праклятая, змоўкне! Зноў кухня. Нож. Доўгі шырокі нож паблісквае на падстаўцы сярод сваіх меншых сабратаў.
       “Толькі адзін раз... каб яна замаўчала... і ўсё стане ціха... і ўсё будзе добра...” - шаптаў Мігуля. Амаль вобмацкам, бо перад вачыма паўстаў нейкі туман, ён прабіраўся на гукі адчаю. Цень перад ім хіснуўся долу... Бледны твар непрытомнай Мазэпаўны, не твар, а расплывістая страшная пляма... Вось цёмная спіна схілілася над ёй, скаланаецца ў плачы. О, гэты пракляты плач, гэтая бязлітасная пакута!
       ...У расшпіленай спартыўнай куртцы, у лыжных шараварах і зімовых ботах, проставалосы і з акрываўленым нажом у руцэ, Пятро няспешна, як мае быць, выходзіў з пад'езда на шчодра заснежаны двор. На яго жоўтым світэры, пад расхрыстанай курткай, віднеліся размазаныя барвовыя плямы.
       Паблізу людзей не было. Ён пабрыў праз снежны цалік, і крывавыя кроплі, што падалі з нажа, пакрывалі яго сляды. Нізкае сонца празірнула з-за хмар і ўтварыла даўжэзны, ссутулены цень яго цела. Зыбаючыся на сумётах, цень неадступна рушыў з левага боку.
       Хвілін праз дваццаць, ужо ў двух кварталах ад Ксенінага дома, на Пятра выпадкова зважыў міліцэйскі патруль і затрымаў без найменшага супраціўлення.
      
      
       Леапард
      
       Зранку яшчэ стаяла адліга, туман і слота панавалі на нашым двары. Разляпіўшы вочы са сну, я адчуў страшэнную змору. Ноч не аднавіла мае сілы. А таму, як толькі паснедаў, паваліўся на канапу, уткнуўся тварам у сцяну і слухаў дробат кропель па карнізе акна. Хутка мяне зноў агарнула цяжкая дрымота.
       Абудзіўся з трывогай. Целу было зябка. А ў пакоі, хоць я працягваў ляжаць спінай да акна, быццам бы пасвятлела. Я адчуў гэта і зрокам, і ўсёй сваёй існасцю. Падскочыў, падбег да шыбы і здранцвеў: яе пакрываў тоўсты слой намаразі, расквечаны дзівоснымі ўзорамі. Я адчыніў фортку, і сцюдзёны павеў трапануў мяне па шчоках. Двор быў асветлены нізкім барвовым сонцам. Верхнія вокны суседніх дамоў адбівалі яго прамое праменне. Я зірнуў на насценны гадзіннік і не даў веры вачам: без дваццаці чатыры. Вечар. Я бессаромна прадрых увесь дзень, празяваў надыход паўночнага холаду...
       Цяпер стаяць самыя кароткія дні, сонца рана заходзіць за далягляд. Ці паспею я да Гаспадара - вось што найперш мяне непакоіла. Зрэшты, часу на роздумы ўжо не было, а таму я сарваў з крука аблавушку і кажушок, ускочыў у зімовыя чаравікі і вымкнуў за дзверы.
       Як і чым дабіраўся я праз паўгорада - тое змылася з памяці. Запомніў толькі момант, калі набліжаўся да камяніцы Гаспадара. Чырвонацагляная, яна ўжо патанала ў цяні. І толькі вершаліна высачэзнага клёна на ўзгорку палымнела вечаровым агнём. Аўтамабіль перад пад'ездам, занесены заледзянелым снегам, уяўляў з сябе маналіт. Ганак таксама абледзянеў і стаў коўзкі данельга. Я ледзь адолеў дзевяць прыступак і насілу адарваў дзверы, якія, здавалася, прымерзлі да вушака.
       Бягом уздымаўся на патрэбны паверх, і задубелыя ад марозу боты грымелі як барабан. Нядобрае прадчуванне ахінула мяне, як толькі ўбачыў дзверы ў Гаспадарову кватэру. Яны былі зачынены не напоўніцу. Тонкая шчыліна ўказвала на занядбанасць. Няўжо...
       На жаль, я не памыліўся. Кватэра, куды я ўваліўся са страхам і кволай надзеяй, прыкмет жыцця не паказвала. Холад там стаяў амаль што знадворны. Не гарэла ніводнай лямпачкі. Дзверы ў залу, заўсёды крыху прачыненыя, цяпер не выпускалі ні пучочка святла. Праўда, святло прабівалася з кухні, што за правым выгінам калідора. Туды я і паспяшаўся. Кухня, дзе я дагэтуль ніколі не быў, уразіла ўбогасцю заняпаду. Квадратная, з акном без фіранак, з аблупленай іржавай плітой, з тумбачкай замест абедзеннага стала, з клышаногай табурэткай і вядром для смецця. У вядры валяўся куртаценькі венік і, здаецца, падгнілае бульбяное лушпінне. На пліце стаяла пакарабачаная каструля. Зазірнуўшы туды, я ўбачыў некалькі вялізных пасечаных костак. Чые, якой жывой істоты яны былі, - пра тое мне невядома. Косткі ляжалі ў наварыстай вадзе, якая ўжо бралася лёдам. Ад каструлі ішоў млосны душок.
       Я паспяшаўся пакінуць кухню і пасунуўся ў залу. Дзверы - о подласць! - былі запёрты знутры.
       Я нават не прасіў мне адамкнуць, бо ведаў, што за дзвярыма нікога няма. Налёг плячыма, дадаў некалькі шалёных удараў нагамі - і ўнутраная зашчапка вылецела як корак. Увайшоў і ўключыў слабасільную лямпачку.
       Гаспадар быццам здзекаваўся з мяне. Голая тахта, прадзёрты матрац. Коўдра дбайна згорнута ў сувой. На ёй ляжала падушка без навалачкі. Гэтакім жа сувоем ляжаў кілім, што засцілаў колісь падлогу. Швабра з яшчэ макраватай анучкай прыхілена да сцяны. Ніякіх запісак, указанняў і тлумачэнняў. Дзверы і акно на балкон прывычна заштораны.
       Крыўда і злосць пранізалі душу. Я не проста рассунуў шторы, я сарваў іх з кручкоў... Сонца, макаўка чырвонага сонца, перш чым схавацца за дрэвамі блізпрылеглага парку, усміхнулася мне. Я таропка адчыніў дзверы: люты мароз, што падаспеў з поўначы за якія паўдня, дзерануў твар...
       Дзе тунель, дзе ручай, дзе таямнічы пралаз? А галоўнае, дзе леапард?! Я ў паніцы выскачыў на балкон і пасунуўся ў правы кут. Раскіданае восеньскае лісце ў перамешку са снегам... Толькі гэтая знаёмая куча ўказвала на тое, што леапард - не прыдумка маёй фантазіі. Проста ён знік. Мароз перабіваў пахі, аднак мне ўдалося ўнюхаць рэшткі духу драпежніка. Я замітусіўся, закруціўся на месцы, а тады інтуітыўна перагнуўся праз біла і ўтаропіўся долу. На снежным шарпаку, акурат пада мной, цямнелі сляды лап леапарда. Побач з імі цягнуліся другія, чалавечыя, сляды. Я віхрам зляцеў па лесвіцы ўніз і абабег дом. Лёг плазам, утрапёна абмацваў, абнюхваў сляды жывёлы і чалавека. Леапардавы былі значна глыбейшымі... Гаспадар быў абуты, найхутчэй, у валёнкі. Яны выйшлі яшчэ па адлізе, перад тым як наваліўся мароз. Цяпер шарпак настолькі сцвярдзеў, што не пакідаў адбіткаў.
       А затым я, ужо практычна не верачы ў поспех, імчаўся па іхніх слядах. Вечаровы горад быў небывала пусты. Прахожыя не высоўваліся са сваіх схованак. Паўзлі толькі рэдкія, у тоўстым ледзяным покрыве, аўтобусы. Зрэдчас праносіліся адзінокія легкавушкі. Мне ніхто не замінаў, і ўсё ж шанцаў нагнаць леапарда ў мяне, на жаль, не было. Справа ў тым, што сляды рабіліся ўсё меней выразнымі па меры аддалення ад дома Гаспадара. Мароз, несумненна, заспеў іх у дарозе, узмацняўся, адбіткі валёнак і лап расплываліся... Яны зніклі перад самай ракой, што нерухомела, заледзянелая, пад абрывам. Праваруч пачынаўся вялізны гарадскі парк. Леваруч рака нырала пад мост. Я зірнуў са стромы і не заўважыў ніякіх слядоў. Асеў на халодную лаўку, панурыў голаў. Горла здушыла спазма. Хацелася плакаць. Аднак і на гэта сіл неставала. Ці спусціліся ўцекачы да ракі, каб рушыць зусім бясследна па лёдзе, ці падаліся ў парк, або пайшлі з горада па шашы - цяпер гэта не мела значэння...
       Холад забіраўся за каўнер, пад полы і рукавы, скалелі мочкі вушэй, шчокі і кончык носа знямелі, зрабіліся нечуллівымі. Ззаду прачмыхаў аўтобус. Я з цяжкасцю павярнуў закасцянелую шыю. Аўтобус стаў на бязлюдным прыпынку, што знаходзіўся ад мяне ў метрах пятнаццаці. Стаяў доўга. Час нібы памёр. Але з дзвярэй так ніхто і не выйшаў. Дый ці былі там пасажыры - можна толькі гадаць, шыбы акон пакрывала намаразь. Адно шызы дымок, які вырываўся з выхлапной трубы, указваў на тое, што нешта ў свеце яшчэ жыве і варушыцца. Зрэшты, неўзабаве заспяваў гармонік дзвярэй, аўтобус крануўся і пацёгся старэчай хадой па бязлюднай вуліцы, між берагоў накіданага снегу.
      
       23
      
       Аповед падыходзіць да заканчэння. У нас няма ні сіл, ні жадання апісваць далейшы лёс яго чыннікаў. Бо ніводзін раман не ў стане ахапіць цэлыя жыцці. Самая доўгая эпапея ўсё адно калі-небудзь спыняецца. Мы ж на эпапею не прэтэндуем. Як і не бачым прычыны не паставіць завяршальную кропку пасля гэтай главы. Адзінае, што хацелася б яшчэ паказаць чытачу, - гэта ўрывак з дысертацыі Пятра Сямёнавіча Мігулі, знойдзены ў яго кватэры на рабочым стале. На шчасце, малады навуковец паспеў яго перанесці з кампутара на паперу і пакінуць на відным месцы. Рукапіс быў ушпіляны яго касаваннямі, удакладненнямі, дапаўненнямі і прыпіскамі. Мы ўзялі на сябе смеласць вырашыць, як павінен выглядаць апошні яго варыянт. Варта падкрэсліць, што гэта толькі ўрывак з некалькіх новых раздзелаў Мігулевай дысертацыі. Тыя раздзелы Пятро даўно абяцаў прад'явіць свайму навуковаму кіраўніку, Раману Анатольевічу Пейцуховічу, ды ўсё не мог давесці да ладу.
       Не ведаем, наколькі ніжэйпрыведзенае ўяўляе з сябе навуковую каштоўнасць, але мяркуем, што нашай аповесці яно не пашкодзіць.
       Такім чынам:
      
       “Жыццё чалавечае, пры ўсёй сваёй размаітасці і складанасці, насамрэч шыта белымі ніткамі. Я зусім не адкрыю Амерыку, калі скажу, што яно прасякнута эрасам, а круціцца вакол фаласа. Гэта добра ведалі старажытныя егіпцяне, дый амаль усе прадстаўнікі даўнейшых цывілізацый.
       Хрысціянства нанесла ўсюдыіснаму эрасу цяжкі, але далёка не непапраўны ўрон. Непераможны, ён адрадзіўся пры канцы мінулага тысячагоддзя, а ў дваццаць першым стагоддзі павінен стаць беспярэчным валадаром чалавецтва - як яму і належыць па статусе.
       Цяпер паўночна-заходняя цывілізацыя перажывае дэмаграфічную катастрофу. Ніякія заклікі і дзяржаўныя захады не ў стане дапамагчы. І разам з тым за апошнія паўстагоддзя абрынуліся ўсе маральныя нормы, на якіх грунтавалася наша цывілізацыя. Людзі распрануліся, секс запоўніў тэлеэфір, а значыць, увайшоў у свядомасць кожнага чалавека. Шматвяковая плаціна прарвалася, сексуальная энергія, што раней сублімацыйна накіроўвалася на навуку, мастацтва, войны і подзвігі, пацякла ў прамым сваім накірунку. Таму за апошнія пяцьдзесят гадоў не нарадзіўся ніводзін геніяльны мастак, ніводзін навуковец кшталту Нільса Бора ці Марыі Кюры, не кажучы ўжо пра Ньютана або Эйнштэйна. Патэнцыял цывілізацыі імкліва сыходзіць на нуль. Сціраюцца межы паміж мужчынамі і жанчынамі. Мужчынападобныя, валявыя, мэтанакіраваныя, сацыяльна актыўныя жанчыны і млявыя, жанчынападобныя, танкарукія і вузкаплечыя, меланхалічныя мужыкі - вось жудасная прыкмета нашага часу.
       Хто такі быў мужчына раней? Перш за ўсё - воін, абаронца, здабытчык, герой. Паказаць сваю слабасць для мужчыны было проста недапушчальна. Такіх не кахалі жанчыны, для такіх з'яўляўся праблематычным працяг свайго роду. А таму і жыць кволаму мужыку не было ніякага сэнсу. Раней за пахабны намёк, за мімалётную крыўду выклікалі на дуэль і біліся насмерць. Цяпер вялізны працэнт мужыкоў з лёгкасцю стрывае самую ганебную аплявуху, абы не ўвязвацца ў канфлікт, абы не рызыкаваць сваім бясцэнным жыццём. Значная іх частка гадамі сядзіць на антыдэпрэсантах, нюніць, цягаецца да псіхолагаў. Раней і падумаць аб гэтым мужчына сабе дазволіць не мог. Так іх выхоўвалі. Цяпер у свядомасць абывацеляў актыўна, з дапамогай таго ж тэлевізара, пазіцыянуюцца так званыя моцныя жанчыны - бізнесвумен, багацейкі, эстрадныя зоркі, палітыкі, якія ўсяго дамагліся ўласнымі сіламі, якія мяняюць маладых палюбоўнікаў што пальчаткі.
       Адным словам, мужчына перастае выконваць свае функцыі, то бок перастае быць мужчынам. Жанчына ж не спраўляецца або ўхіляецца ад сваіх функцый - захавальніцы хатняга агменю, парадзіхі, нянькі, пяшчотнай каханкі законнага мужа. У ідэале мы павінны бачыць плячыстых, мускулістых, высокіх мужыкоў і побач з імі гладкіх, паўнагрудых і пышнабёдрых, невысокіх жанчын. А ў рэальнасці маем безбародых хлюпікаў і доўгіх як палкі, пласкагрудых жанчын. А гэта надзвычай сумна, і ўказвае роўна на тое, што паўночна-заходняя цывілізацыя выраджаецца.
       Але што стала таму прычынай? Вернемся на колькі абзацаў назад. Так, менавіта тое, што хрысціянства стагоддзямі выціскала секс з грамадскай свядомасці. Яно апранала чалавека так, каб ад яго прыроднага цела нічога не засталося. Яно карала за здраду, блуд. А калі не карала, то асуджала грамадскім праклёнам. Аднак здаровая язычніцкая прырода людзей доўга не паддавалася. Нягледзячы на ўсялякія забароны, яны не пераставалі кахаць адно аднаго, а значыць, пладзіцца і множыцца. І ўсё ж хрысціянства часова перамагло. У дваццатым стагоддзі нараджальнасць рэзка пайшла на спад. З кожным дзесяцігоддзем меншаў працэнт маладых, а працэнт нямоглых пенсіянераў, гэтай абузы грамадства, павялічваўся і павялічваўся... І тут прырода, якая разумнейшая за нас усіх, нарэшце нанесла хрысціянству нечаканы, неадхільны ўдар. Яна мусіла самазахавацца, не дапусціць выраджэння цывілізацыі, у якую так многа ўкладвала на працягу стагоддзяў. А таму прырода зноў распранула людзей, павярнула іх да язычніцтва, узвяла секс на спаконвечны пачэсны п'едэстал. Сучасныя дэмагогі называюць гэта распустай, мы ж назавём гэта непазбежнасцю, неабходнасцю.
       Так, дэмаграфічны крызіс працягваецца, незважаючы на тое, што секс ізноў, як у старажытныя часы, пануе на нашых землях. Але не адразу і забароны на публічную сексуальнасць прывялі да рэзкага зніжэння нараджальнасці. Магчыма, пройдзе не адно дзесяцігоддзе, перш чым сітуацыя, дзякуючы актыўнай прапагандзе голага цела і вольнага кахання, пачне выпраўляцца. Але выпраўленне гэтае абавязкова здзейсніцца. Прырода ніколі не памылялася, яна вучыць сваіх неразумных дзяцей то пугай, то пернікам.
       У святле прыведзеных выкладак я мушу перагледзець некаторыя пастулаты нашай цывілізацыі. Паколькі секс ёсць прыроднай неабходнасцю чалавецтва, каб размнажацца і жыць, то я вазьму смеласць назваць любы палавы акт свяшчэнным. Свяшчэнным таму, што ён вядзе да працягу жыцця. Для прыроды абсалютна ўсё роўна, якім чынам сальюцца ў экстазе два полы - па ўзаемнай згодзе ці па няволі, бо ў любым выпадку гэта будзе воля яе вялікасці Прыроды. Яна, а не мы з вамі, стварае прывабных маладзіц і сексуальна актыўных мужчын. І не віна такога мужчыны, што ён нясцерпна зажадае прывабную маладзіцу. У сілу грамадскіх табу ён, мажліва, не здолее дамагчыся яе па добрай волі. Нярэдка яму, каб ажыццявіць волю прыроды, даводзіцца дзейнічаць гвалтам. Але, падкрэсліваю, вінаваты ён будзе не перад прыродай, а перад людскімі законамі, якія спрэс высмактаны з пальца, тысячы разоў мяняюцца і зыначваюцца. Нязменная і ўсеўладарная толькі Прырода.
       Прывяду такі прыклад. Малекулы ўступаюць ва ўзаемадзеянне па хімічных і фізічных прычынах. Чым большая тэмпература, чым большы патэнцыял электрона ў якогасьці атама, тым большая верагоднасць, што ён уступіць у рэакцыю. Хоча ён таго ці не, а ўступіць. Гэта воля фізічных законаў, прыроды. Можам мы вінаваціць атам у гэтай рэакцыі? Зразумела, што не. Дык чаму мы бяромся судзіць мужчыну, які ў сілу свайго тэмпераменту, выпадкова сутыкнуўшыся з вабнай жанчынай, уступіў з ёю ў палавую сувязь. Гэта тая ж рэакцыя. У дадзеным выпадку мэта яе - прадаўжэнне роду. А ўвогуле - працяг жыцця, якое з'яўляецца вечным, няспынным рухам і абнаўленнем. Уступаюць у рэакцыю малекулы, уступаем і мы, чалавекі. Таму я мяркую, што ў хуткім часе паўночна-заходняе чалавецтва, апынуўшыся на мяжы вымірання, будзе вымушана перагледзець сваё стаўленне да палавога акта, сцёршы межы паміж гвалтам і добрай воляй. Бо, паклаўшы руку на сэрца, любы палавы акт - гэта насілле над сваёй духоўнай прыродай, ператварэнне чалавека ў жывёліну.
       Усё гэта я вяду да таго, што голас здаровага сэнсу павінен вяршэнстваваць над рэлігіяй і маральнымі забаронамі. Падкрэсліваю, наша цывілізацыя на мяжы вымірання. Маладых і здаровых, калі так далей пойдзе справа, хутка не застанецца. Зачынаць людзей стануць выключна ў прабірцы (што ўжо пачынаецца), старасць расцягнецца на доўгія пакутлівыя дзесяцігоддзі. Панічна баючыся смерці, чалавек будзе дэманстраваць сваю перамогу над прыродай-матухнай. Ён будзе жыць на штучных органах, суставах і костках, на лякарствах, на апаратах, якія стануць за яго дыхаць, ганяць кроў, ператраўліваць ежу. Але тое будзе фальшывая, ілюзорная перамога. Тое будзе ўбогая пародыя на жыццё. Нам не патрэбныя рэзервацыі інвалідаў і імпатэнтаў. Нам патрэбныя войскі зухаватых малайцоў, нам патрэбныя плоймы іхніх прывабных каханак, нам патрэбныя мільёны іхніх здаровых дзяцей. У адваротным выпадку наша месца запоўніцца новымі варварамі, у якіх цэніцца мужчынская дужасць і гонар, у якіх у пашане жаночая пяшчота і пладавітасць. Яны прыйдуць і перамогуць нас, млявых, нямоглых, бясполых...”
      
       На гэтым, бадай, і спынімся, шкадуючы нервы і цнатлівасць нашага чытача. Скажам толькі, што гэтыя раздзелы Пятровай дысертацыі, а таксама ягоны неадпраўлены ліст да бацькі, які мы тут з маральных меркаванняў не можам прывесці, будуць скарыстаны адвакатамі ў судзе. Скарыстаны выключна для таго, каб прызнаць Пятра неадэкватным, непадуладным правасуддзю і накіраваць на працяглае лячэнне ў адпаведную клініку. Гэта, як давялі Сямёну Паўлавічу, адзіны рэальны спосаб пазбегнуць суровага пакарання.
      
       2006-2007 гг.
      
      
      
      
      
      
      
      
      
      
      
      
      
       71
      
      
      
      

  • Комментарии к произведению: 0 (0) » Добавить свой комментарий
  • Рецензии на произведение:
  • Число просмотров: 86
  • Средняя оценка: 0 (всего голосов: 0)

    Выставить оценку произведению:
    Считаете ли вы это произведение произведением дня? Да, считаю:
    Купили бы вы такую книгу? Да, купил бы:

    Введите код с картинки (для анонимных пользователей):
    Если Вам понравилась цитата из этого произведения, Вы можете предложить ее в номинацию "Лучшая цитата дня":

    Введите код с картинки (для анонимных пользователей):


  • litsovet.ru © 2003-2010
    Место для Вашего баннера  info@litsovet.ru
    По общим вопросам пишите: info@litsovet.ru
    По техническим вопросам пишите: tech@litsovet.ru
    Администратор сайта:
    Программист сайта:
    Александр Кайданов
    Алексей Савичев
    Яндекс 		цитирования   Артсовет ©
    Реклама: СтатьиРазное *
    Сейчас посетителей
    на сайте:
    34
    Из них Авторов: 8
    Из них В чате: 0